Джон Кітс
(John Keats)
Што сказаў дрозд
(What the Thrish Said)
О ты, хто зведаў зімнія вятры,
 Хто бачыў праз імглу абрысы хмар
 І чорны вяз сярод прамерзлых зорак, –
 Увесну прыйдзе час твайго жніва.
 
 О ты, што ноч за ноччу прагартаў
 Глухога змроку кнігу – у часы,
 Калі зямлю самотнай Фэб пакінуў, –
 Увесну прыйдзе ранак, тройчы твой.
 
 Забудзь пра веды! Я без іх спяваю,
 І дні вясны ўслаўляе гэты спеў.
 Забудзь пра веды! Я без іх спяваю,
 
 І вечар слухае мяне – бо той,
 Каго гняце бяздзейнасць, не бяздзейны,
 І той не спіць, хто думае, што спіць.
 
пераклад з ангельскай – Андрэй Стэфановіч
Смерць
(On Death)
Смерць – гэта сон пасля жыццёвых кроз?
 Хай растае імгненна шчасця след
 І радасць – толькі здань у свеце слёз,
 Мы лічым смерць найгоршаю між бед.
 
 Як дзіўна – мы вандруем па жыцці,
 Мы плацім непамерную цану,
 І з гэтай сцежкі страшна нам сысці,
 Хаця наш лёс – прачнуцца пасля сну.
 
пераклад з ангельскай – Андрэй Стэфановіч
Стывен Крэйн
(Stephen Crane)
***
(God fashioned the ship of the world carefully...)
Бог рупліва ствараў карабель сусвету.
 З уменнем найвялікшага Майстра
 Зладзіў Ён корпус і ветразі,
 Трымаў Ён стырно
 Напагатове
 І, выпрастаўшыся, горда аглядаў сваю працу.
 Раптам – у злую хвілю – клікнуў нячысты,
 Бог павярнуўся ўважна.
 А карабель выслізнуў лёгка й бязгучна паплыў
 Наперад сваім хітрамудрым шляхам.
 Вось так, заўжды без стырна, успорваў ён моры,
 Здзяйсняў дзівацкія падарожжы,
 Атрымліваў смешныя перамогі,
 Нібы з важнаю мэтай, круціўся
 Ад дурасці вятроў.
 І многія на небе
 З яго смяяліся.
 
пераклад з ангельскай – Zeugma
Арцюр Рэмбо
(Arthur Rimbaud)
Раніца
(Aube)
Я абняў летнюю раніцу.
Нерухомыя, спалі абліччы палацаў. Мёртваю была вада. Цені вартавалі лясную сцяжыну. Крочыў я – і ажывалі цёплыя подыхі, і міргалі дыяменты, і ціхутка ўздымаліся крылы.
Першай падзеяю сталася кветка, што нашаптала мне імя сваё на сцежцы, па якой рассыпалася халаднавата-цьмянае зіхценне.
Я засмяяўся светлакосаму вадаспаду, што кудлаціўся скрозь голле яліны, і на срэбнай вяршыні ўгледзеў багіню.
І стаў зрываць адно покрыва за другім. Ідучы дарогаю, рассоўваў іх рукамі. Мінаючы поле, расказаў пра раніцу пеўню. А яна ўцякала горадам між званіцамі ды цэрквамі, і я, туляючыся жабраком па мармуровай набярэжнай, даганяў яе.
Напаткаў на сыходзе са сцяжыны, ля лаўровага гаю, і, ахутаўшы покрывам, адчуў яе бязмежнае цела. Так мы заснулі на ўзлеску, раніца ды дзіця.
Я прачнуўся – і быў поўдзень.
пераклад з французскай – Яўгенія Якубовіч
Арцюр Рэмбо
(Arthur Rimbaud)
Адчуванне
(Sensation)
Увечары пайду блукаць уздоўж дарог,
 Я буду летуцець, навокал жыта й квецень,
 І свежасцю абдасць прымяты мной мурог,
 А валасы тады няхай цярэбіць вецер.
 
 Маўчаць і ні аб чым не думаць насамрэч...
 Але душу любоў агорне без прычыны,
 І нібы той цыган, я павандрую прэч,
 З Прыродаю ўабдым, шчаслівы, як з жанчынай.
 
пераклад з французскай – Уладзь Лянкевіч
Пачуванне
(Sensation)
Адным з такіх блакітных вечароў,
 Калі ані хмурынкі на нябёсах,
 Пайду праз жыта, быццам брат вятроў,
 Па дыванах травы, пяшчотна-росных.
 
 У далячынь, без усялякіх слоў,
 Нібыта той цыган, што век вандруе,
 І абдыму абшар, шчаслівы зноў,
 І як жанчыну, волю пацалую.
 
пераклад з французскай – Ала Левіна




