№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Кшыштаф Каміль Бачыньскі

Здарэнне (Zdarzenie)

Апавяданне

Пераклад з польскай Наста Гвоздзева


Я жыў тады ў прадмесці вялікага горада, на малой бязлюднай вулцы, якая ўвесь час патанала ў слізкім, смярдзючым бруднай вадой тумане. Тут заўжды было цёмна. У кватэры на паддашшы – вечны змрок і холад, якім веяла ад шэрай, густа-свінцовай ракі. Я сядзеў цэлы дзень ля маленькага акенца, якое зацягвала белай смугой ад кожнага парыву ветру, і пісаў. Праз акно было бачна толькі зрэдку (калі імглістая дымка на шыбах змянялася ў шэра-чорную мазаіку): згорбленая старая прачка ўсё прала нейкія даўно падраныя лахманы. У гэтыя моманты чорныя шыбы асвятляліся дробнымі мігатлівымі кропачкамі – вясёлкавымі мыльнымі пухірамі, якія дрыжэлі, паблісквалі, падляталі да краю двара і згасалі, разбіваючыся аб халодную грань шклянога неба.

Пакой калыхаўся вільготным змрокам, набраклым, душным, які з кожнай хвілінай надзімаўся, як шарык, і ціснуў мне на мозг сваёй вільготнай гушчынёй. Старонкі нібы пакрываліся густым слоем пылу, па якім бегалі белыя змейкі знікаючага святла. І рэшткі белі спаўзалі ў тоўстую цяжкую чарніліцу, звінелі там яшчэ крыху і змаўкалі.

А ён сядзеў за маёй спінай, абапершыся аб дзверы, вялікія, цяжкія дзверы з дубовых дошак, якія выглядалі заўжды, як старая пацямнелая труна.

Я адчуваў блішчасты позірк на схіленай спіне. Ён глядзеў на мяне цэлымі гадзінамі, калі я працаваў, а калі змяркалася і гаслі апошнія водбліскі светлавых пылінак у маім пакоі, думка, засяроджаная на працы, пачынала паволі рассыпацца на дробныя пылінкі цямрэчы, пачынала рассейвацца па столі, пранікаць у брудную счарнелую сцяну.

Тады надыходзіла паволі поўная чарната, якая, спачатку халодная, пад ягоным позіркам пачынала пульсаваць з кожным разам усё мацней і мацней, пачынала пульсаваць у маіх пальцах і мозгу. Тады я раптам хутка паварочваўся.
Мне заўжды здавалася, што я ўбачу, як ён сядзіць у маім старым, святочным адзенні, якое крыху пахне нафталінам, з белым старасвецкім каўнерыкам, з папіросай у доўгіх белых пальцах, пакрытых рудым пухам.

Але ён сядзеў, абапершыся аб дзверы, і ўзіраўся ў мяне заўсёды неспакойнымі вачыма, што паблісквалі белізной.
І тады я адыходзіў паволі ад стала і клаўся ў рыпучы цвёрды ложак, не адрываючы ад яго вачэй.

............................................................

Ён быў сабакам.

Ён прыйшоў да мяне адным вечарам, калі я якраз пачаў пісаць працу.

Прыйшоў, калі мыльныя пухіры, як звычайна, пачалі лопацца і разлятацца па закутках двара. Проста мяне раптам ахінуў пранізлівы холад, прабег па маёй спіне і ўкалоў вострай іголкай у мозг. Оооо!..

Я павярнуўся. Ён спыніўся ў дзвярах... Вялікі худы сабака з натапыранай рудаватай поўсцю. Ён глядзеў на мяне.
Мяне агарнуў лёгкі неспакой. Я адолеў яго ўрэшце: запрашальны знак рукой.

Ён увайшоў і ўсеўся перад дзвярыма, якія павольна зачыніліся за ім. Калі я ўбачыў яго прадаўгаваты засмучаны твар (кажу “твар”, бо ў яго быў даўгі нос, касцісты, загнуты, выпнутыя скулы і вочы)... вочы чалавечыя, злыя вочы чалавека, з якога нехта здзекаваўся, вочы, у якіх мігцеў смутак, злосць і застылая цішыня (цішыня, у якой хаваўся неспакой). Праз момант здавалася, што гэта нейкі знаёмы, якога я ўжо даўно не бачыў, з якім мяне нешта звязвала, з якім быў сплецены мой рух у часе. Я хацеў сказаць у першы момант: “Ааа! адкуль ты тут, давай, заходзь...” – і не знайшоўся, як звярнуцца да гэтай істоты.

І дзіўнае хваляванне.

Я стараўся супакоіцца: гэта ж усяго толькі сабака, так, звычайны сабака... Потым я і не ведаю, як гэта адбылося... Скразняк грукнуў дзвярыма ў пустыя сенцы, як у бездань, і яшчэ доўга пырскаў кіпнем водгукаў ад стромых драўляных сходаў.

З той пары ён сядзеў пры дзвярах пакоя, увесь час утаропіўшы ў мяне свой неспакойны позірк, што пырскаў кропелькамі фосфару.

Часам адбываліся дзіўныя рэчы.

Не ведаю, калі прыходзіў вар’яцкі шараваты ранак, здаецца, ночы не існавала ўвогуле, існавала ўвесь час толькі тое доўгае ўзіранне ў ягоныя вочы або доўгае няспыннае сузіранне аркушаў паперы, ашалелых сярод белых змеек святла. Я нешта нястомна пісаў, не ведаючы, што менавіта. Гэта шалёна стамляла, але я не мог ні на хвілю пазбыцца думкі пра тое, што прабівала маю патыліцу, разрывала мяне на шматкі, рассейвала па змроку пакоя. Я думаў, адчуваў, пільнаваў вочы, якія ўгрызаліся ў мяне, бясслоўныя, нечалавечыя вочы. Я чакаў моманту, калі ён кінецца на мяне і ўсадзіць мне ў спіну бліскучыя жоўтыя зубы. Напружанне расло ўсё больш.

............................................................

І тады я рэзка павярнуўся...

Не, сядзіць спакойна і глядзіць.

Я ўстаў і прайшоў некалькі крокаў наперад. Ён паглядзеў на мяне трохі здзіўленым позіркам, але пасунуўся ўбок. Я пабег хутка да дзвярэй і, не аглядаючыся, панёсся праз пусты паверх, асветлены цьмянай лямпачкай. Потым праз сходы, якія рыпелі хворымі лёгкімі. Нарэшце – у браму.

Мяне ахінула густая вільготная імгла, агідны пах пранай бялізны, урэшце проста вільгаць. Сабака стаяў побач, углядаючыся ў мяне ўсё яшчэ здзіўленым, цяпер нібы засмучаным позіркам.
Я пайшоў наперад выпуклым чорным бульварам, па напрамку ветру, які цёплай вільгаццю прамываў мне растрапаныя валасы.

Ён ішоў побач, потым выбег наперад, ішоў перада мной ціха, са схіленай галавой, лісіным крокам. Поўсць уздымалася на ягоным хрыбце, тапырылася вострымі віхрамі ад ветру... І тады ён азірнуўся чалавечым, нечаканым паваротам галавы, паглядзеў мне ў вочы... Ён усміхаўся ціхай, чалавечай, злоснай усмешкай.

Мяне працяла пачуццё жахлівай агіды, узмоцненае моташным пахам падліны.

Я хутка сунуў вільготную руку ў кішэнь.. Ёсць... слізкі авальны прадмет, ёсць... руля стрэліла бязгучна, перапоўненай, напятай да краёў цішай...

Густая ліпкая кроў, якую я адчуваў на твары і руках, разлівалася, гусцела, залівала гладкія камяні бульвару.
Ноч струменіла паволі з чорнай плямы, распасцертай пасярод ходніка.

Пасля я хутка вяртаўся, несучы на руках моташны, агідны пах чалавечай крыві. Я ішоў усё хутчэй і хутчэй, урэшце пабег пустой, глыбокай і вільготнай, як студня, вуліцай. Затрымаўся перад домам.

............................................................

Узняў павольна вочы.....

Ззяла ў тым месцы шалёная ліпкая пустка. Вуліца была незнаёмая, цёмная. Вакол стаяла некалькі цяжкіх чорных дамоў са згаслымі, стомленымі павекамі вокнаў.

Усё паціху набірала вільгаць, ліпнула да цёмна-сіняга неба...

Я павольна сыходзіў уніз да ракі праз шорскія, прычэплівыя ўбранні лозаў. Усё ніжэй і ніжэй. Паветра шалела, грувасцілася слізкімі змеямі цішы і нерухомасці. Вада бясшумна, густым растопленым цяжарам абмывала падгнілыя слупы маста, што гусцеў чарнатой.


Пераклад з польскай – Наста Гвоздзева © 2010

Чытайце таксама

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

1461