№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Фрэнсіс Стывенс

Выспа-сяброўка (Friend Island)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Павел Донаў


Упершыню я сустрэў яе на ўзбярэжжы, у адной з тых маленькіх абшарпаных гарбатняў, дзе бавяць час небагатыя марачкі. Бліскучыя рэстараны “Лэйдзі Эйвіэйтарз Юніяну” ў прадмесцях былі не для іх.

Яна была забранзавелая ад ветру і сонца, з суворымі рысамі; пра яе ўзрост можна было толькі здагадвацца, але я адразу прызнаў у ёй сведку эпохі турбін і нафтавых рухавікоў – гэта была сапраўдная марачка, якая заспела час, калі жаночая вышэйшасць перад мужчынам яшчэ не была неаспрэчнай. Калі, каб давесці сваю перавагу, жанчыны ў любой сферы былі цвярдзейшыя, чым таго вымагае наш час.

Зграбныя і ўсмешлівыя дзяўчаты – машыністкі ды качагаркі з гіганцкай алюмініевай турбіны, нягледзячы на сваю прафесію, вельмі ахайныя ў балеро і сініх брыджах з залатой тасьмой, – уваходзілі і выходзілі з гарбатні, скоса пазіраючы на гэты напамін пра цяжэйшую эпоху.

А я, усяго толькі мужчына, які ўварваўся ва ўлюбёнае месца паноўнага полу, бессаромна праігнараваў такія самыя позіркі ў свой бок і пасунуў крэсла да ветэранкі. Я заказаў поўны імбрычак гарбаты, два кубачкі і талерку міндальнага печыва і напусціў на сябе ліслівы выгляд. Можа, маё адкрытае захапленне і зацікаўленасць адыгралі сваю ролю. А можа, язык старой дапамаглі развязаць печыва з гарбатай – усё выдатнай якасці. Але пад асцярожнымі роспытамі яна хутка перайшла да ўспамінаў, значна ярчэйшых і багацейшых за тое, на што я спадзяваўся.

– Як я была дзеўкай, – урэшце загаварыла марачка, – дык у моры і блізка не было ўсёй гэтай узнёсласці, бляску ці раскошы. Мы хадзілі па моры дзякуючы энергіі нафты і бензіну. Калі ж яны падводзілі, нас ратавалі толькі гумовы круг ды хвалі.

Яна казала пра даўнюю практыку прадзяваць пад пахі надзіманы выратавальны круг на выпадак такой страшнай, нечуванай цяпер бяды, як караблекрушэнне.

– Тады ж яшчэ і мужчын смелых хапала, якія ішлі ў нашыя каманды. А бывала і такое, – паблажліва дадала яна, – што якраз дзякуючы гэтым мускулам і сіле такіх вось мужчын якая бедная марачка дабіралася жывая да берага, а то б карміць ёй акул. Ох, не так ужо і дрэнна я да мужчын стаўлюся, як ты, мабыць, падумаў. Псуюць іх, вось што дрэнна. Гэта цяпер усё кажуць, што мужчына толькі і можа што насіць рэчы ці патрымаць што або нянькай у дзіцячым прытулку працаваць. А як на мой розум, дык мужчыну і бацькам быць нельга, калі ён не мае жаночай вытрымкі, а дзяцей выхоўваць – няма чаго і казаць. Але гэта ўсё пустое. Мой час мінуў, і я гэта ведаю, а іначай, хлопча, не сядзела б я тут ды не малола б перад табой языком над пустым імбрыкам.

Я зразумеў намёк, і калі кубкі напоўніліся, яна задуменна ўкусіла чатырнаццатае ўжо печыва і працягвала:

– Ніколі не забудуся пра адно плаванне, дажыві я хоць да гадоў Мэры Барнэкл, капітана “Шаўтэра”. Мы тады якраз ішлі на старым “Шаўтэры”, і тое плаванне стала для яго апошнім, як, зрэшты, і для капітана Мэры. Яна тады была такой кволай, што смерць была ёй за ласку, тым больш што спачыла яна ў добрай салёнай вадзе.

Тое плаванне засталося ў маёй памяці дзякуючы капітану Мэры, але яшчэ больш – дзякуючы таму, што тады я, больш чым калі ў сваім жыцці, была гатовая выйсці замуж. Як для мужчыны, дык у яго быў характар. Ён быў самым прыязным з усіх знаёмых мне мужчын. І каб не адзін дробны выпадак, які прадэманстраваў ягоную… ягоную мужчынскасць, ды так, што мірыцца з гэтым было немагчыма, напэўна, цяпер ён бы даглядаў мой дом.

Мы выправіліся з Сан-Францыска ў Брысбен з грузам баваўняных ніжніх спадніц. Капітан Мэры заўсёды абараняла ніжнія спадніцы. За скураныя порткі ці нават звычайныя спадніцы плацілі б значна лепш, бо на іх быў попыт, але капітан Мэры была тут на тры чвэрці ўласніцай і казала, што на сушы жанчыны мусяць насіць ніжнія спадніцы, і калі яны іх не купяць, то ў тым не будзе правіны ні Госпада, ні ейнай, бо яна іх прывезла.

Мы адышлі ў пагодны дзень – добры знак, прынамсі на той час, калі надвор’е і стыхія яшчэ ўплывалі на поспех вандровак. Але не прайшло і двух дзён, як мы трапілі ў вялізную брудную віхуру, якая першым жа парывам адкінула стары “Шаўтэр” з курсу на цэлы румб. А трэба сказаць, гэта быў мажны карабель. Не як цяперашнія лёгкія, як пёрка, бляшанкі з тонкіх, быццам папера, сплаваў, а сапраўдны ўмацаваны алюміній ад носа і да кармы. Турбіны неслі яго па моцных хвалях на хуткасці ў 45 вузлоў, а на той час гэта рабіла яго шпаркім грузавым суднам.

Але ў тую ноч, калі мы імчалі праз пеністыя зялёныя валы, нешта пад палубай пайшло не так.

Я была на носе карабля, пад лопасным чахлом, і шукала шпільку, якую недзе згубіла ў той дзень. Шпілька была залатая, а калі я была маладой, дык золата яшчэ было рэдкасцю, таму я, вядома, берагла яе. І раптам я адчула, як стары “Шаўтэр” падляцеў пад маімі нагамі, як самалёт, у які трапілі снарадам. Цэлую секунду ён калаціўся, як ад страху. Затым, пад грукатанне, як у судны дзень, ад якога ўвушшу зазвінела, я адчула, што лячу, як мне падалося, у самую пашчу шторму. Мяне кінула ва ўпадзіну пачварнага валу, вушы заліло вадой, а побач пачуўся пляск. Несумненна, гэта была новая, зусім пустая герметычная лядоўня, якая падплывала цяпер да мяне. Унутры яе нічога не было і зачынялася яна вельмі шчыльна, таму стала найлепшым выратавальным кругам, пра які жанчына ў такой сітуацыі можа марыць. Памерам дзесяць на дванаццаць футаў, яна ўздымалася высока над ашалелым морам. Я залезла на яе, ухапілася за ручку і пачала шукаць вачыма, ці не праплыве побач хто з сябровак па няшчасці. Ніхто так і не з’явіўся, дый няма чаго дзівіцца – “Шаўтэр” узарваўся і пайшоў на дно разам з спадніцамі, капітанам Мэры, і ўсім-усім, што на ім было.

– Чаго ж ён узарваўся? – спытаў я.

– А Бог ды яшчэ капітан Мэры Барнэкл яго ведае, – пабожна адказала яна. – Акрамя нафты для турбін, ён нёс шмат бензіну для запасных рухавікоў, можа, у гэтым прычына. Як бы там ні было, усё, што ад яго засталося, – гэта пустая лядоўня, якая па волі лёсу ледзь не на галаву мне ўпала. Я сядзела на ёй і плыла, плыла і сядзела, пакуль шторм не сціх і не вызірнула сонейка – гэта была наступная раніца, – тады я змагла нарэшце высушыць валасы і зноў стаць падобнай да сябе. Я тады была маладой дзеўкай і някепска выглядала. Жадання паміраць у мяне было не больш, чым у цябе цяпер. Дык я і пачала маліцца пра зямлю. І можаш не сумнявацца, пад вечар невысока над гарызонтам з’явілася кропачка. Спачатку я прыняла яе за лайнер, але, як высветлілася, гэта быў проста маленькі востраў, закінуты пасярод вялізнага Ціхага акіяну.

Глядзі ты якая ўдача, думаю я, злажу з лядоўні, бо там усё адно нічога няма і лёду ў тых шыротах не знойдзеш, таму яна мне была без патрэбы. Я спусцілася ў ваду, праплыла з мілю і стала ўрэшце на сухую глебу першы раз амаль за тры дні.

Месца было прыгожае, хоць і не мела ніякіх знакаў чалавека, проста як айсберг у Арктыцы.

Я выйшла на бліскуча-белы пляж, які цягнуўся да гаю з чароўнымі пальмамі, што гайдаліся на ветры. Над імі відаць былі схілы такога высокага і багатага на расліннасць узгорка, што мне ўспомніўся мой стары дом каля возера Какмэгомак, што ў штаце Мэн. Усё навокал быццам усміхалася мне. Галіны пальмаў гайдаліся і хіліліся пад прыемным брызам, быццам кажучы: “Сядай, будзь як дома. Мы так доўга цябе чакалі”. Я заплакала ад таго, што мне радыя. Я была тады маладой дзеўкай і брала блізка да сэрца тое, як да мяне ставяцца навакольныя. Вось ты смяешся, а лепш паслухай, тады зразумееш, ці былі ў мяне падставы так сябе адчуваць.

Я ўстала, яшчэ раз прасушыла адзежыну і свае доўгія шаўкавістыя валасы, бо тады іх у мяне было значна больш, чым цяпер. Потым прагулялася, колькі тое дазваляла чароўная вузенькая сцежка, якая вілася, ведучы ў глухі лес.

Тут жывуць людзі, думаю я. Цікава, цывілізаваныя яны ці не? Але варта мне было трошкі прайсці сцежкай, і я ўбачыла, як яна бярэ і сканчаецца раптам на вялікім круглым поплаве з зялёнай травой ды чыстай крынічкай. Першым, што я заўважыла, была белая дошка, прыбітая да пальмы каля крыніцы. Але спачатку я прагна напілася, бо смага мяне мучыла – будзь здароў, і толькі потым пайшла глядзець на дошку. Яе выламалі з драўлянай скрыні, а літары накрэмзалі графітавым алоўкам.

“Памажы табе Божа, хто б ты ні быў, – прачытала я. – З гэтай выспай нешта не так. Я плыву прэч. І табе заставацца не раю. Да пабачэння. Нэлсан Сміт”. Так там і было напісана, але з мноствам памылак. Выглядала ўсё зусім новым і свежым, быццам Нэлсан Сміт зрабіў надпіс і прыбіў дошку ўсяго некалькі гадзін таму.

Калі я прачытала такое дзіўнае папярэджанне, мяне ўзялі дрыжыкі, як ад холаду. Так-так, трэсла мяне, як у ліхаманцы, хоць гарачае трапічнае сонца пякло і мяне, і страшную дошку. Што ж напужала Нэлсана Сміта так, што ён вырашыў кінуцца наўцёкі? Я вельмі асцярожна і ўважліва агледзела ўсё навокал, але не змагла заўважыць анічога небяспечнага. І пальмавыя галіны, і зялёная трава, і кветкі па-ранейшаму мірна і спагадліва ўсміхаліся. “Будзь як дома”, – чыталася тут на ўсім ясней, чым на той раскрэмзанай алоўкам дошцы.

Дзякуючы цішыні і наваколлю дрыжыкі вельмі хутка скончыліся. І тады я падумала: “Што ж тут такога, гэты Сміт быў самым звычайным чалавекам і, напэўна, разнерваваўся ад самоты. У яго, відаць, проста пачаліся галюцынацыі. Шкада, што ён патануў да таго, як я прыбыла, хоць і не думаю, што мне б спадабалася яго кампанія. Мяркуючы па надпісе, адукаваны ён быў вельмі пасрэдна.

Таму я вырашыла скарыстацца гасціннасцю і прысвяціла гэтаму наступныя тыдні. Зараз жа ля крыніцы была пячора, дзе было суха, як у скрынцы на печыва, а за падлогу ў ёй быў белы пясок. Нэлсан там таксама жыў, бо ўсё было засмечана: пустыя бляшанкі, газетныя абрыўкі і іншае. Я сама сабе стала называць яго спачатку Нэлсанам, потым Нэлі, і мне стала цікава, чарнявы ён быў ці бялявы, як ён апынуўся адзін на выспе і што за дзівосныя падзеі прывялі яго ў гэты куток акіяну. Але пячору я прыбрала. Усю правізію ў кансервах ён з’еў, незалежна ад таго, дзе яе ўзяў, але я пра тое не шкадавала. Выспа была шчодрай. Зялёныя какосавыя арэхі з малаком, салодкія ягады, чарапашыны яйкі і да таго падобнае сталі маёй штодзённай спажывай.

Тыдні тры штодня свяціла сонца, спявалі птушкі ды крычалі малпы. Мы ўсе сталі адной вялікай, шчаслівай сям’ёй, і чым больш я даследавала выспу, тым больш мне падабалася яе кампанія. Ад берага да берага было міляў дзесяць, і я не знайшла ні фута, дзе б не было ўтульна і чыста, як у прыватным парку.

З вяршыні ўзгорка быў відаць акіян, мілі і мілі блакітнай вады і ні знаку лайнера ці хоць дробнага ўрадавага катэра. Гэтыя катэры хадзілі практычна паўсюль і прыбіралі марскія шляхі ад рознага смецця. Але я ведала, што калі рэгулярныя судаходныя маршруты праходзілі хоць на сто міляў убаку ад вострава, магло прамінуць шмат доўгіх дзён, перш чым мяне выратуюць. Вяршыня ўзгорка, як я зразумела, калі ўпершыню на яго паднялася, даўней была кратэрам. Так я даведалася, што гэта была адна з вулканічных выспаў, якія так часта сустракаюцца ў морах паміж Казярогам і Ракам.

Сям-там па схілах і ўнізе, сярод зарасцяў, падобных да джунгляў, мне трапляліся вялікія каменныя глыбы, якія мусілі паходзіць з кратэра вулкана. Калі там і была лава, то такая старая, што ўжо цалкам пакрылася зялёнай расліннасцю. Без рыдлёўкі яе было не знайсці, а рыдлёўкі я не мела, ды і патрэбы ў ёй не было.

Дык вось, спачатку ўсё было цудоўна, і час ішоў няспешна. Я шпацыравала і ўзбіралася на ўзгорак, хадзіла ўброд і плавала, і любіла расчэсваць свае доўгія валасы на пляжы, бо, на шчасце, не згубіла ні грабянёў, ні рэшты залатых шпілек. Але неўзабаве я пачала сумаваць. І вось цікава, гэта такое адчуванне, што варта яму толькі з’явіцца, і тады так хутка робіцца ўсё горш і горш – дзіву даешся. І менавіта тады якраз пачало псавацца надвор’е. У нас пачаўся доўгі, невыносна душны перыяд, якога я ніколі не бачыла ў акіяне. Цёмныя хмары хавалі сонца ад рання да вечара. Нават малпачкі ды папугайчыкі, раней вечна вясёлыя, сталі маркотнымі і соннымі, быццам захварэлі. Аднойчы я праплакала ўвесь дзень, і тады ж дождж прамачыў мяне наскрозь – гэта быў наш першы дождж – я нават не паспела да канца высахнуць за ноч, хоць і спала ў сваёй пячоры. З раніцы я ўстала страшна раззлаваная на сябе і ўвесь свет.

А вызірнуўшы, убачыла, што чорныя хмары клубяцца па ўсім небе. З-за рыку буруноў на пляжы і дзікага, шалёнага ветру, ад якога гнуліся пальмы, нічога не было чуваць.

І калі я там стаяла, з пальмы ледзь не на галаву мне звалілася брудная мокрая мартышка. Я схапіла камень і са злосці шпульнула ў яе. “А ну прэч, паганка нямытая!” – завішчала я, і ў той жа момант мяне асляпіла жудасная ўспышка. Я пачула страшны доўгі трэск, як ад звязка кітайскіх феерверкаў, а затым такія грымоты, быццам адначасова выбухнула цэлая флатылія “Шаўтэраў”.

Калі я ачомалася, то ўбачыла, што залезла ў самую глыбіню пячоры і шкрабу пазногцямі скалу, каб закапацца яшчэ глыбей. Падумаўшы, я зразумела, што гэта быў проста сполах маланкі, і тады вярнулася да выхаду, каб агледзецца. Проста цераз усю паляну там ляжала вялікая пальма. Яе ўсю разламала і раструшчыла маланка, і ўпала яна якраз на тую малпачку, бо з-пад дрэва тырчалі яе хвост і заднія лапы.

Зірнуўшы цяпер на беднага мёртвага звярка, з якім я так жорстка абышлася, мне стала жудасна сорамна. Я прысела на паваленае дрэва і вельмі задумалася. Якой жа ўдзячнай я мусіла быць. Я была на прыгожым, шчодрым востраве з смачнай ежай і вадой, а мяне лёгка магло выкінуць на голую скалу. І так мной, паглыбленай у думкі, паступова авалодаў пэўны спакой. Я ўсё весялела і весялела, і хутка ўжо ледзь не спявала і танцавала ад радасці.

Даволі хутка я заўважыла, што ўпершыню за тыдзень заззяла яркае сонца. Вецер перастаў скуголіць, і хвалі ўжо толькі ціхутка шапацелі аб бераг. Так дзіўна было – гэты раптоўны супакой супаў з радасцю ў мяне на сэрцы пасля злосці і гневу. Я ўзнялася, адчуваючы сябе дзіўнавата, і пайшла паглядзець, ці не ажыла раптам малпачка, хоць гэта было і глупства – яна ляжала, раздушаная насмерць. Я пахавала яе пад дрэвам і ў той жа час усё зразумела.

У мяне нават не ўзнікла ніякіх сумневаў. Нейкім чынам, так доўга жывучы на самоце, я, відаць, развіла сваю жаночую інтуіцыю мацней, чым калі раней, таму я проста ведала. Я пайшла і сарвала дошчачку Нэлсана Сміта з дрэва і кінула прэч, каб яе знес чарговы прыліў. Дошка абражала маю выспу!

Марачка спынілася, і яе позірк быў скіраваны ўдалячынь. Яна быццам зусім забылася пра мяне і, можа, нават пра печыва.

– Чаму вы так падумалі? – спытаў я яе, каб прыцягнуць увагу. – Як можна абразіць выспу?

Яна здрыганулася, правяла рукой па вачах і таропка наліла сабе яшчэ кубачак гарбаты.

– Таму што, – нарэшце сказала яна, трымаючы печыва над сталом, – таму што выспа – менавіта гэтая выспа, на якую я трапіла, – мела сэрца!

Калі я была жыццярадаснай, то і яна была светлай і вясёлай. Яна ўзрадавалася, калі я прыплыла, і добра са мной абыходзілася, пакуль я не пачала капрызіць, а тады нават замаркоцілася з спагады. Яна любіла мяне, як сяброўку. Калі я шпульнула камень у тую гаротную прамоклую малпачку, яна падтрымала мяне з усёй сваёй боскай ярасцю і забіла ўласнае дзіця, каб дагадзіць мне! Але яна адразу развесялілася, варта было мне толькі зразумець сваю памылку. Нэлсан Сміт не меў ніякага права казаць: “З гэтай выспай нешта не так”, – бо гэтая выспа была самым цудоўным месцам з усіх, што я бачыла. Калі я сарвала дошчачку, усе птушкі заспявалі, як шалёныя. Зялёныя какосы пасыпаліся з усіх бакоў. Толькі малпы па-ранейшаму журыліся, і не дзіва. Бачыш, іх родная маці так жорстка абышлася з адной з іх дзеля майго задавальнення!

Пасля гэтага я стала абачлівай і ўважлівай. Я назвала выспу Анітай, не ведаючы яе сапраўднага імя і таго, ці ёсць яно ў яе ўвогуле. Аніта – прыгожае імя і цалкам у духу Паўднёвых мораў. З таго часу мы з Анітай зажылі вельмі добра. Цяжкавата было заўсёды заставацца вясёлай і спяваць, быццам канарэйка, але я старалася як магла. Ды нягледзячы на ўсю любоў і ўдзячнасць да Аніты, таварыства выспы, хоць і спагадлівай, чалавеку мала. Мне па-ранейшаму бывала самотна і часам не ўдавалася пазбегнуць аблокаў, хоць тарнада, прызнаюся, больш не было.

Я думаю, выспа разумела і намагалася дапамагчы мне з усёй шчодрасцю і бадзёрасцю, на якія была здатная. Тым не менш, маё сэрца радасна заскокала ў грудзях, калі аднойчы я ўбачыла нейкую кропачку на гарызонце. Яна падцягвалася ўсё бліжэй і бліжэй, пакуль я ўрэшце не зразумела, што гэта.

– Карабель, што ж яшчэ, – сказаў я, – ён вас і выратаваў?

– Ніякі не карабель, – трохі раздражнёна запярэчыла марачка. – І ці не мог бы ты далей слухаць без заўваг і дурных пытанняў? Тое, што так хутка набліжалася з прылівам, было не чым іншым, як іншай выспай!

Нядзіва, што цябе гэта ўразіла. Я і сама ўразілася. І, напэўна, больш за тваё. Я тады не ведала таго, што ты, мусіць, чытаў у сваіх кнігах, дык і ведаеш – выспы часам дрэйфуюць. Іх аснова складаецца з пераблытанага карэння і старых сцёблаў, паўзверх якіх вырастаюць новыя расліны. У шторм яны могуць адламацца ад мацерыка і выправіцца ў плаванне, няспешна, як стары васьмітрубны параход. Гэтая ж была незвычайна вялікай, мілі дзве, можа, ад берага да берага. На ёй былі пальмы і жыўнасць, як і на маёй Аніце, і я часам задумвалася, а ці не была яна даўней часткай маёй выспы – так бы мовіць, яе дачкой.

Так ці іначай, не паспеў гэты абломак падплыць на адлегласць чутнасці, як да мяне даляцелі чалавечыя воклічы, і я ўбачыла фігуру, якая па-вар’яцку скокала на беразе. Праз хвіліну чалавек нырнуў у вузкую палоску вады, якая нас раздзяляла, і хутка прыплыў да мяне.

І вядома ж, гэта быў не хто іншы, як Нэлсан Сміт!

Я зразумела гэта ў той жа момант, калі яго ўбачыла. Ён выглядаў менавіта так, як мусіў выглядаць чалавек, які не знайшоў нічога лепшага, чым прымацаваць тую дошчачку, і ледзь не зрабіў сабе смерць, спрабуючы збегчы з найлепшай ва ўсім свеце выспы. Але ж і рады ён быў вярнуцца, бо какосы на плывучай выспе, дзе ён уратаваўся, скончыліся вельмі хутка, а пра чарапашыны яйкі і казаць няма чаго. Не ведаю лепшага спосабу вылечыць страх перад невядомым, чым брак харчоў.

Карацей кажучы, Нэлсан Сміт расказаў мне, што ён аэранаўт. А ў той час быць аэранаўтам – гэта не тое ж самае, што быць лётчыцай цяпер. Небяспека існавала і ў небе, і ў моры, і ён сутыкнуўся з абедзвюма. Яго бак пачаў працякаць, і ён упаў у акіян паблізу Аніты. Пара скрыняў правізіі – вось і ўсё, што яму ўдалося ўратаваць з грузу.

Можаш уявіць сабе, як страшна мне хацелася дазнацца, што напужала гэтага Нэлсана Сміта так моцна, каб кінуцца ў акіян. Ён расказаў гісторыю, якая даволі добра адпавядала маёй, і толькі калі справа падышла да страшнага здарэння, змоўк як вады ў рот набраў – дурная манера, уласцівая многім мужчынам. Я махнула на гэта рукой, спісаўшы на звычайнае мужчынскае глупства, і мы пачалі планаваць, як адсюль выбрацца.

Аніта трохі засумавала, калі мы гэта абмяркоўвалі. Я разумела, што яна мусіла адчуваць, і растлумачыла ёй, што нам неабходна знайсці да сябе падобных. Калі мы застанемся з ёй, то пачнем сварыцца, як двое катоў, і можам нават пазабіваць адно аднаго праз адну толькі чалавечую наравістасць. Пасля гэтага яна значна павесялела, і, мне здалося, нават захацела, каб мы сышлі. Прынамсі калі мы пачалі збіраць правізію на наш маленькі плыт, які прывязалі да вялікай выспы вяроўкай, скручанай з лыка, зялёныя какосы засыпалі ўсё наўкола, а Нэлсан за дзень знайшоў чарапашыных гнёздаў больш, чым я за ўсе ранейшыя тыдні.

За тыя дні я стала па-сапраўднаму захапляцца Нэлсанам Смітам. Ён быў прыязны чалавек, і мусіў быць смелым, бо іначай не пайшоў бы ў аэранаўты – такая праца і ад жанчыны патрабуе цвёрдасці, што ўжо казаць пра мужчын. Хоць у адукацыі ёй мне саступаў, але быў прынамсі ціхі і не фанабэрыўся тым, што ведае, у адрозненне ад іншых мужчын, якія выхваляюцца як толькі могуць, калі з’яўляецца хоць найменшая нагода чым казырнуць.

Шчыра кажучы, я нават не сумняюся, што мы з Нэлсанам разам пакінулі б і мора, і неба і зажылі б пасля ў ціхім мястэчку, можа, у якой Новай Англіі, каб не наступныя падзеі. Ні да, ні пасля таго я ніколі так моцна не памылялася ў чалавеку. Той выпадак навучыў мяне, і я больш ніколі не давала сябе падмануць.

Мы ўжо былі гатовыя адплываць, і вось аднае раніцы, як развітальны падарунак ад Аніты, узняўся мяккі спадарожны ветрык. Мы з Нэлсанам пабеглі на бераг, бо баяліся, што плыт сплыве без нас. Мы беглі з рукамі, поўнымі какосаў, і Нэлсан Сміт ударыўся босай нагой аб востры камень і ўпаў. Я ж гэтага не заўважыла і пабегла далей.

Але раптам зямля захадзіла ў мяне пад нагамі, і паветра напоўнілася дзіўнымі стукамі і стогнамі, быццам самой зямлі было балюча.

Я рэзка абярнулася. Нэлсан сядзеў на зямлі, абедзвюма рукамі трымаючы акрываўлены палец нагі, і лаяўся такімі жахлівымі словамі, якіх ніхто з прыстойных марскіх лэдзі не стаў бы не тое што казаць, а нават слухаць!

“Хопіць, хопіць!” – закрычала я на яго, але было ўжо позна.

Нават будучы выспай, Аніта таксама была лэдзі! Яна мела далікатнае сэрца, але ведала, як трэба сябе паводзіць, калі цябе абражаюць.

З жахлівым, неапісальным громам струмень дыму і полымя шугануў з цэнтра гары з кратэрам на цэлую мілю ў неба!

Нэлсан, мусіць, перастаў лаяцца. У любым разе, ён ужо сам сябе не чуў. Цяпер гаварыла Аніта – языкамі полымя і такім рыкам, які быў варты раз’юшанага пратэсту цэлага кантынента.

Я схапіла гэтага дурня за руку і бегма пацягнула да вады. Нам давялося яшчэ добра праплыць, каб дагнаць нашу адзіную надзею – плыт. Ніякае лыка не ўтрымала б яго пад такім моцным ветрам, які цяпер дзьмуў, вось ён і сарваўся з прывязі. Калі мы забіраліся на яго, з усіх бакоў у ваду падалі цэлыя глыбы. Мы не бачылі адно аднаго праз шэры попел, што ўзняўся ў паветра.

Выглядала так, быццам Аніта настолькі на нас раззлавалася, што шпуляла ў нас камяні, і я думаю, што так магло і быць. Але я яе зусім не вінавачу!

На шчасце, вецер быў моцны, і вельмі хутка нас ужо было не дастаць.

– Дык вось... – сказала я Нэлсану, калі вычысціла рот ад попелу і стрэсла пыл з валасоў. – Дык вось чаму ты раптам збег адсюль мінулым разам! Ты абражаў выспу, пакуль бядачка не была проста вымушаная прагнаць цябе!

– Ну, – кажа ён, ужо без той рахманасці, якая захапляла мяне ў ім раней, – а скуль жа мне было ведаць, што гэтая чортава выспа – такая панна?

– Учынкі кажуць лепш за словы, – кажу я. – Гэта можна было зразумець з яе далікатных паводзінаў!

– Гэта вулканы і лятучыя глыбы далікатныя? – кажа ён. – Змеі далікатныя? Я парэзаў нагу аб бляшанку, дык трохі і вылаяўся. Слухай, зусім трохі! А што палезла з усіх пячор, усіх разломаў у скале і з усіх крыніц, з якіх я піў? Змеі! Змеі, калі хочаш ведаць: вялікія, маленькія, зялёныя, чырвоныя і нябесна-блакітныя з пунсовым! Што мне было рабіць? Скочыў у ваду, вядома. Чаму не? Лепш патануць, чым дазволіць заджаліць і закусаць сябе да смерці. Скуль мне было ведаць, што змеі павылазілі з камення, бо гэта я вылаяўся?

– Зусім не было адкуль, – саркастычна згадзілася я. – Некаторыя мужчыны не заўважаюць лэдзі, пакуль яна не загрэе ім цаглінай па галаве. Змеі былі ўсяго толькі асцярожным і лагодным папярэджаннем, якога ты не зразумеў! Прызнай сваю віну, Нэлі, – кажу я строга, – у тым, што такая выхаваная выспачка, як Аніта, не змагла мірна зжыцца з табой. Ты абразіў яе самыя святыя пачуцці словамі, з якімі не стане мірыцца ніводная лэдзі!

Больш я Аніты не бачыла. Магчыма, яе разарвала ад злосці за грубыя, агідныя словы Нэлсана Сміта. Не ведаю. Нас урэшце знялі з плыта, і я абарвала сувязь з Нэлсанам так хутка, як толькі змагла, варта было нам выйсці на бераг у Сан-Францыска.

Ён даў мне навуку. Мужчыны поўныя сваёй мужчынскасці, і нават найлепшы з іх не варты таго, каб лэдзі марнавала свае тонкія пачуцці на тое, каб мірыцца з гэтым.

Што да Нэлсана Сміта, яму, здаецца, было вельмі шкада, калі ён зразумеў, што я з ім не застануся, і ён папрасіў прабачэння. Але выбачэнні мне былі без патрэбы. Я не магла яго трываць пасля таго, як ён лаяўся ў маёй прысутнасці перад гаротнай, мілай сяброўкай Анітай!

Цяпер я добра знаюся на марской навуцы ўсіх эпох. Скрозь смугу часу я з зайздрасцю назіраў за дзікімі падарожжамі марскіх ваўкоў, якія выпраўляліся ў плаванні і працягвалі апавядаць пра іх, пакуль моцны пол не заняў урэшце сваё месца і не выгнаў мужчын з свайго гераічнага п’едэсталу. Я следаваў – старонка за старонкай – шляхамі Адысея. Я курыў фіміям гіпнатычнай увагі перад Гуліверам і з трапяткім захапленнем сачыў за гісторыяй барона Мюнхаўзэна. Але яны, на жаль, былі ўсяго толькі мужчынамі!

Ці ёсць галіна, у якой далікатная жанчына не пераўзыходзіць нас?

Я пакорліва апусціў галаву, і калі зноў адважыўся ўзняць вочы, старая марачка ўжо сышла, пакінуўшы мне горыч за маіх пераўзыдзеных і перасягнутых куміраў. Ды яшчэ рахунак за печыва і гарбату, спажытыя ў такой неверагоднай колькасці, што ў параўнанні з гэтым зусім не цяжка было паверыць у яе гісторыю!


Першапачаткова надрукавана ў “Ол-Сторы Ўіклі” за 7 верасня 1918.


Пераклад з ангельскай – Павел Донаў © 2010

Чытайце таксама

Хенрык Нордбрандт

Хенрык Нордбрандт

Дацкі пісьменнік, аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, эсэ, раманаў, падарожных нататак. Лаўрэат прэміі Дацкай акадэміі (1980), літаратурнай прэміі Шведскай акадэміі (1990).

Рыку Коранэн

Рыку Коранэн

Фінскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Турку. Дэбютаваў у 2003 годзе.

Рычард Бротыган

Рычард Бротыган

Амерыканскі паэт і празаік, знакавая постаць контркультуры 1960—70-х гадоў.

Уладзімір Бурыч

Уладзімір Бурыч

Рускі паэт, перакладчык, тэарэтык і прапагандыст верлібра.

985