№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Айн Рэнд

Значэнне сэксу (The Meaning of Sex)

Урывак з рамана "атлант расправіў плечы"

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Прамова “Значэнне сэксу” першапачаткова ўвайшла ў раман “Атлант расправіў плечы”, аднак пасля была ўлучаная таксама ў зборнік “Для новага інтэлектуала” (For the New Intellectual, 1961), які ўяўляў сабой найбольш значныя ў філасофскім плане ўрыўкі з чатырох самых буйных твораў Айн Рэнд.


Гэта ўрывак з размовы паміж Францыска д’Анконія і Хэнкам Рэардэнам, якія кахаюць адну жанчыну, аднак пра каханне адзін аднаго не ведаюць. (Гаворыць Францыска)


Вы памятаеце, што я казаў пра грошы і пра людзей, што імкнуцца памяняць месцамі прычыну і вынік? Пра людзей, што спрабуюць падмяніць розум, адбіраючы тое, што было розумам створана? Што ж, чалавек, які ставіцца да сябе з пагардай, спрабуе дасягнуць самапавагі з дапамогай сэксуальных прыгодаў, аднак гэта немагчыма, бо сэкс — не прычына, а вынік, выяўленне пачуцця ўласнае значнасці...

Людзі, якім здаецца, нібыта багацце вынікае з матэрыяльных сродкаў і ніякім чынам не звязанае з розумам, нічым не адрозніваюцца ад тых, што з той жа самай прычыны мяркуюць, нібыта сэкс — гэта адзіна фізічная здольнасць, што не залежыць ад розуму, выбару альбо маральнага кодэксу. Яны лічаць, што цела спараджае жарсць і робіць выбар за іх — як быццам жалезная руда нейкім чынам здольная з ўласнага жадання ператварыцца ў чыгуначныя рэйкі. Каханне сляпое, кажуць яны, а сэкс не ведае, што такое розум, і кпіць з усіх філасофскіх ідэяў. Аднак насамрэч сэксуальны выбар — гэта вынік светапогляду чалавека. Скажыце мне, што мае для мужчыны сэксуальную прывабнасць, — і я апішу ўсю яго жыццёвую філасофію. Пакажыце мне жанчыну, з якой ён спіць, — і я скажу, як ён сябе ацэньвае. Што б там ні казалі пра заганнасць эгаізму, сэкс — найбольш эгаістычнае з усіх дзеянняў, дзеянне, немагчымае дзеля чагосьці, апроч уласнага задавальнення. Толькі ўявіце сабе сэкс у імя нейкае альтруістычнае міласці! Палавы акт немагчымы ў самазнявазе, а толькі ў самаўзвышэнні, у веданні, што цябе жадаюць і што ты варты гэтага жадання. Палавы акт агаляе твой дух гэтаксама, як тваё цела, і прымушае прызнаць сваё ўласнае “я” крытэрам уласнае каштоўнасці. Мужчыну заўсёды прываблівае тая жанчына, якая з’яўляецца люстэркам яго найглыбейшага бачання сябе, жанчына, валоданне якой дазволіць яму спазнаць — альбо зымітаваць — пачуццё ўласнае годнасці. Мужчына, які дакладна ведае ўласную вартасць, будзе жадаць жанчыну найвышэйшага тыпу — моцную жанчыну, якой ён захапляецца, жанчыну, заваяваць якую найбольш складана, — бо толькі валоданне гераіняй, а не дурнаватай шлюндрай, дасць яму пачуццё задавальнення... Ён не спрабуе сцвердзіць свае цноты — ён іх выяўляе. Не існуе канфлікту паміж прынцыпамі і жарсцю.

Таго, хто ўпэўнены ва ўласнай нікчэмнасці, будзе цягнуць да жанчыны, якой ён пагарджае: яна адлюструе яго таемнае “я”, вызваліць ад аб’ектыўнай рэальнасці, дзе ён усяго толькі махляр, створыць кароткачасовую ілюзію яго ўласнай вартасці і дапаможа ненадоўга забыць пра тыя маральныя прынцыпы, што асуджаюць яго. Прасачыце за агідным бязладдзем, што пануе ў сэксуальным жыцці большасці людзей, і за супярэчлівай блытанінай, якую яны прымаюць у якасці маральнай філасофіі: адно выцякае з другога. Каханне — гэта наш водгук на нашыя найвышэйшыя каштоўнасці; яно не можа быць чымсьці іншым. І калі чалавек збэсціць свае каштоўнасці і погляды на жыццё, калі ён пачне сцвярджаць, што каханне — гэта не асалода, а самаадмаўленне, што цноты — гэта не годнасць, а шкадаванне, альбо пакута, альбо слабасць, альбо ахвярнасць, што самая высакародная любоў нараджаецца не з захаплення, а з міласці, не ў адказ на цноты, а ў адказ на недахопы — яго асоба раздвоіцца. Цела перастане яму падпарадкоўвацца, яно не адгукнецца і зробіць мужчыну імпатэнтам у прысутнасці жанчыны, якую, паводле яго словаў, ён кахае, аднак кіне яго ў абдоймы апошняй прастытуткі, якую толькі можна знайсці. Жаданні цела заўсёды будуць адпавядаць глыбіннай логіцы перакананняў, і калі чалавек лічыць, што недахопы — гэта цноты, значыць, ён асудзіў як зло само існаванне, і зло будзе адзіным, што прывабіць яго. Ён асудзіў сябе самога і таму адчуе, што толькі распуста дае яму асалоду. Ён паставіў знак роўнасці паміж цнотамі і пакутай — і ён адчуе, што загана з’яўляецца адзіным спосабам атрымаць задавальненне. І тады ён пачне крычаць, што яго целам авалодалі ганебныя жаданні, а розум не можа іх задушыць, што сэкс — гэта грэх, а сапраўднае каханне — чыстае духоўнае адчуванне. І тады ён пачне здзіўляцца, чаму каханне не прыносіць нічога, апроч нудоты, а сэкс — нічога, апроч сораму...

Не, вы ніколі не прымеце іх ганебных перакананняў, вы не зможаце змусіць сябе да гэтага. Калі вы паспрабуеце асудзіць сэкс як загану, то заўважыце, што незалежна ад свайго жадання вы будзеце дзейнічаць у адпаведнасці з вашымі асноўнымі маральнымі ўстаноўкамі. Вас будзе цягнуць да найлепшай жанчыны, вы заўсёды будзеце жадаць гераіню. Вы не здольныя да самазнявагі, вы не здольныя паверыць, што само жыццё — гэта зло, а вы — толькі бездапаможная істота, завабленая ў пастку безвыходнага існавання. Вы чалавек, які на працягу ўсяго жыцця перастварае матэрыю ў адпаведнасці са сваімі намерамі, і вам варта было б ведаць, што ідэя, не ўвасобленая ў дзеянні, — ганебная двудушнасць, а платанічнае каханне — гэтаксама як і дзеянне, што не кіруецца ідэяй, гэтаксама як і сэкс, адарваны ад сістэмы каштоўнасцяў, — дурны самападман. Вы павінны ведаць, што ўсё гэта адно і тое ж — непарушнае пачуццё самапавагі павіннае вам гэта падказаць. Вы не можаце жадаць жанчыну, якой пагарджаеце, бо толькі тыя, хто ўсхваляе чысціню кахання, пазбаўленага жарсці, здольныя на заганную жарсць, пазбаўленую кахання. Але звярніце ўвагу: большасць людзей — гэта разарваныя напалову істоты, што адчайна кідаюцца з аднае скрайнасці ў другую. Адна такая скрайнасць — гэта чалавек, які пагарджае грашыма, заводамі, хмарачосамі і ўласным целам. Ён трымаецца нейкіх невыразных меркаванняў адносна неспасцігальных паняткаў, такіх, як сэнс жыцця альбо яго ўласнае ўяўленне пра цноты. І ён у адчайным становішчы — бо ён нічога не адчувае да жанчыны, якую паважае, але залежыць ад непераадольнае жарсці да шлюндры. Такога чалавека называюць ідэалістам. Другая скрайнасць — гэта людзі, якіх называюць практычнымі, тыя, што пагарджаюць прынцыпамі, абагульненнямі, мастацтвам, філасофіяй і ўласным розумам. Адзіная мэта іх жыцця — прыдбаць як мага больш матэрыяльных каштоўнасцяў, і чхаць яны хацелі на тое, адкуль гэтыя каштоўнасці і навошта яны патрэбныя. Такі чалавек жадае атрымаць задавальненне і дзівіцца: чаму апынаецца так, што, чым болей ён мае, тым менш адчувае. Менавіта такі чалавек бавіць час у заляцаннях да жанчын. Звярніце ўвагу на гэты патроены самападман. Ён адмаўляе, што яму неабходнае пачуццё самапавагі, бо кпіць з панятку маральных вартасцяў, аднак адчувае глыбокую пагарду да сябе самога, пагарду, якая спараджаецца вераю ў тое, што ён — не больш як кавалак мяса. Ён адмаўляе, хаця і ведае дакладна, што сэкс — гэта фізічнае выяўленне стаўлення да яго асобы. І ён спрабуе з дапамогай таго, што ёсць толькі вынікам, атрымаць тое, што павінна быць прычынаю. Ён спрабуе атрымаць пачуццё самапавагі з жанчынамі, што аддаюцца яму, і забывае, што жанчыны, якіх ён зацягнуў у ложак, не маюць ні характару, ні здольнасці ацэньваць, ні сістэмы каштоўнасцяў. Ён упэўнівае сябе, што яму патрэбная толькі фізічная асалода — аднак звярніце ўвагу, як ён стамляецца ад такіх жанчын на тыдзень ці на ноч, як ён пагарджае прафесійнымі прастытуткамі і як любіць ўяўляць, нібыта спакушае цнатлівых дзяўчатак, што робяць дзеля яго адзінае выключэнне. Ён спрабуе атрымаць задавальненне ад дасягнення мэты — і ніколі не атрымлівае. Бо якое задавальненне можа даць заваяванне бязмозглага цела?

© Leonard Peikoff, 2010

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2010

Чытайце таксама

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

Стыг Дагерман

Стыг Дагерман

Шведскі празаік, драматург і журналіст, адзін з галоўных прадстаўнікоў шведскага “пакалення 40-х”

Генрых Гайнэ

Генрых Гайнэ

Нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Апошні паэт рамантычнай эпохі і адначасова яе вяршыня

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

1045