№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Айн Рэнд

Культ маральнай шэрасці (The Cult of Moral Grayness)

Эсэ

Пераклад з ангельскай Кацярына Дубоўская


Адна з найбольш яскравых прыкмет маральнага заняпаду сённяшняй культуры — моднае стаўленне да маральных пытанняў, значэнне якога найлепш падсумоўвае фраза: “Няма ні белых, ні чорных, усе шэрыя”.

Гэтае сцверджанне датычыць людзей, дзеянняў, правілаў паводзінаў і маралі ў цэлым. “Чорнае і белае” ў дадзеным кантэксце абазначае “дабро і зло”. (З гледзішча псіхалогіі выглядае цікавым адваротны парадак словаў.)

Але з якога боку ні разглядалася б гэтае сцверджанне, яно будзе вельмі супярэчлівым (найперш памылковы “скрадзены панятак”). Калі няма ні чорнага, ні белага, не можа быць і шэрага, бо шэры атрымліваецца тады, калі два гэтыя колеры змешваюцца.

Перад тым, як назваць што-небудзь “шэрым”, трэба зразумець, што з’яўляецца чорным, а што — белым. У дачыненні да маралі гэта значыць, што спачатку трэба высветліць, што дабро, а што зло. І калі чалавек сцвярджае, што з дзвюх магчымасцяў адна добрая, а другая дрэнная, нельга апраўдаць яго тым, што ён выбірае спалучэнне абедзвюх — бо нельга апраўдаць выбар якой бы ні было часткі таго, што чалавек прызнае злом. У сферы маралі “чорнае” — гэта пераважна вынік спробаў чалавека прыкінуцца “шэрым”.

Калі маральны кодэкс (напрыклад, альтруізм) ажыццявіць немагчыма, яго трэба асудзіць як “чорны”, а не ацэньваць яго ахвяраў як “шэрых”. Калі маральны кодэкс мае невырашальныя супярэчнасці, — напрыклад, калі чалавек, выбіраючы дабро з аднаго боку, робіцца заганным з іншага, — ад кодэксу трэба адмовіцца як ад “чорнага”. Калі маральны кодэкс не стасуецца з рэальнасцю, калі ён перадугледжвае толькі шэраг адвольных, неабгрунтаваных, беспадстаўных забаронаў і загадаў, якія трэба, як догму, прымаць на веру і выконваць аўтаматычна, то яго паслядоўнікаў нельга назваць ні “белымі”, ні “чорнымі”, ні “шэрымі”, бо кодэкс, што забараняе і паралізуе маральнае суджэнне, сам ў сабе ўтрымлівае супярэчнасць.

Калі падчас вырашэння складанай маральнай задачы чалавек імкнецца вызначыць, што ёсць праўдай, і церпіць няўдачу альбо робіць сумленную памылку, яго нельга лічыць “шэрым”, ён маральна “белы”. Памылкі розуму не парушаюць мараль, бо ніводны сапраўдны маральны кодэкс не можа патрабаваць ад чалавека бязгрэшнасці і валодання ўніверсальнымі ведамі.

Але калі чалавек заплюшчвае вочы і адключае розум, каб пазбегнуць адказнасці за маральнае суджэнне, калі ён спрабуе абмінуць факты і не хоча ведаць нічога, яго нельга назваць “шэрым”, з гледзішча маралі ён апынаецца “чорным”, як толькі сутыкаецца з фактамі.

Многія формы памылковасці, няўпэўненасці і эпістэмалагічнай неахайнасці дапамагаюць схаваць супярэчнасці і сказіць сапраўднае значэнне тэорыі маральнай шэрасці.

Некаторыя лічаць, што гэтая тэорыя — толькі паўтарэнне такіх агульнавядомых ісцінаў, як “На свеце няма дасканалых людзей” (то бок у кожным ёсць і нешта добрае, і нешта злое, і такім чынам усе мы маральна “шэрыя”). Большасць людзей навокал нас сапраўды адпавядаюць гэтаму апісанню, і таму яго часта прымаюць без далейшых развагаў, як лагічны факт, забываючыся, што мараль мае дачыненне толькі да пытанняў, якія перадугледжваюць выбар (то бок свабодную волю); такім чынам, статыстычныя абагульненні тут недапушчальныя.

Калі чалавек “шэры” паводле сваёй прыроды, да яго нельга прымяніць маральныя паняткі, уключаючы і “шэрасць”, сама маральнасць для яго немагчымая. Але калі ён мае свабодную волю, сам факт, што дзесяць (ці дзесяць мільёнаў) чалавек зрабілі няправільны выбар, не абавязкова сведчыць пра тое, што памыліцца і адзінаццаты, бо чужы выбар ні да чаго не змушае асобнага чалавека і нічога не даказвае.

Існуе мноства прычынаў маральнай недасканаласці большасці людзей, то бок таго, што яны трымаюцца змешаных, супярэчлівых меркаванняў і каштоўнасцяў (сярод гэтых прычынаў — альтруістычная мараль), але гаворка не пра гэта. Нягледзячы на прычыны, якія абумовілі выбар, сам факт таго, што большасць людзей з маральнага гледзішча “шэрая”, не адмяняе іх патрэбы ў маральнасці і маральнай “чысціні”, а нават робіць іх яшчэ больш неабходнымі. Не гарантуе ён таксама і “комплекснага пагаднення”, з дапамогай якога можна было б вырашыць праблему, запісаўшы ўсіх людзей у маральна “шэрыя” і такім чынам адмовіўшыся пазнаваць “белае” і прыводзіць яго ў жыццё. Не пазбаўляе ён і ад адказнасці за маральнае суджэнне: пакуль чалавек не гатовы цалкам пазбавіцца маралі і прыраўнаць у маральным плане дробнага махляра да забойцы, яму давядзецца судзіць і ацэньваць усе тыя шматлікія адценні “шэрага”, якія толькі сустракаюцца ў характарах асобных людзей. (І судзіць іх можна адзіна з дапамогай дакладна вызначанага крытэру “чорнага” і “белага”).

Такога меркавання, звязанага з тымі ж памылкамі, трымаюцца людзі, якія лічаць, нібы тэорыя маральнай шэрасці — простае паўтарэнне сцверджання “Кожная праблема мае два бакі”, пад якім яны разумеюць, што нельга цалкам мець рацыю ці памыляцца. Аднак гэтае сцверджанне мае зусім іншае значэнне — яно мае пад сабой толькі тое, што, вырашаючы праблему, чалавек павінен браць да ўвагі і выслухоўваць абодва бакі. Гэта зусім не абазначае ні таго, што прэтэнзіі абодвух бакоў будуць у роўнай ступені абгрунтаванымі, ні нават таго, што кожны бок будзе хаця б крыху мець рацыю. Часцей за ўсё праўда на адным баку, з другога боку ж — толькі неабгрунтаваныя дапушчэнні (калі не горш).

Безумоўна, існуюць складаныя выпадкі, калі кожны бок у нечым мае рацыю, а ў нечым памыляецца, і менавіта тут “комплекснае пагадненне” — абвяшчэнне абодвух бакоў “шэрымі” — найбольш непрымальнае. Менавіта такія выпадкі патрабуюць найбольш строгай дакладнасці маральнай ацэнкі, каб вызначыць і ўзважыць усе аспекты справы, — а зрабіць гэта магчыма, толькі размежаваўшы “чорнае” і “белае”.

Асноўная памылка тут у тым, што прыхільнікі ўсіх гэтых меркаванняў забываюць, што мараль працуе толькі тады, калі чалавек мае свабоду выбару, гэта значыць, забываюць пра розніцу паміж “не магу” і “не хачу”. Гэта дазваляе ім перафразаваць агульнавядомы выраз “Няма ні чорных, ні белых” у выслоўе: “Людзі не могуць быць цалкам добрымі ці цалкам дрэннымі”, якое яны пакорліва прымаюць, не задумваючыся пра метафізічныя супярэчнасці, якія яно ўтрымлівае.

Але мала хто пагодзіцца з гэтым агульнавядомым выразам, калі патлумачыць яго сапраўднае значэнне, якое трапляе ў нашу свядомасць: “Людзі не жадаюць быць цалкам добрымі ці цалкам дрэннымі”.

Апалагет такога меркавання перш за ўсё пачуў бы: “Гавары толькі за сябе!” Менавіта так звычайна і апынаецца насамрэч. Свядома ці несвядома, наўмысна ці выпадкова сцвярджаючы: “Няма ні чорных, ні белых”, з псіхалагічнага гледзішча чалавек прызнае: “Я не хачу быць цалкам добрым, але, калі ласка, не лічыце мяне цалкам дрэнным”.

Як у эпістэмалогіі культ сумневу — гэта пратэст супраць розуму, так і ў этыцы культ маральнай шэрасці — пратэст супраць маральных каштоўнасцяў. Абодва яны — пратэст супраць абсалютнае ўлады рэальнасці.

Культ сумневу не мог бы дасягнуць поспеху шляхам адкрытага змагання супраць розуму, і таму адмаўленне ад розуму было прызнана найвышэйшай ступенню разумнасці. Такім жа чынам і культ маральнай шэрасці не мог бы перамагчы мараль сродкамі адкрытага бунту, таму адмаўленне ад маралі ператвараецца ў найвышэйшы тып дабрадзейнасці.

Звярніце ўвагу на форму гэтай тэорыі, у якой мы звычайна з ёй сустракаемся: яна рэдка паўстае ў выглядзе пазітыву, этычнае тэорыі альбо тэмы для абмеркавання — мы найчасцей сутыкаемся з ёй як з нечым негатыўным, як з нечаканым пярэчаннем ці папрокам, вымаўленым такім тонам, нібыта мы вінаватыя ў парушэнні нейкага відавочнага закона, які не патрабуе нават абмеркавання. Тон можа змяняцца ад здзіўлення да сарказму, гневу, абурэння, істэрычнай нянавісці, з якімі гэтай дактрынай кідаюць у нас, нібы абвінавачваючы: “Спадзяюся, вы не думаеце ў катэгорыях “чорнае-белае”?”

Большасць людзей, бездапаможная, збянтэжаная і перапалоханая любой тэмай, звязанай з мараллю, спяшаецца вінавата адказаць: “Не, безумоўна, не”, не маючы ніякага ўяўлення пра прыроду абвінавачання. Яны не спыняюцца нават на хвіліну, каб зразумець, што насамрэч абвінавачанне гучыць наступным чынам: “Вы канечне не такі несправядлівы, каб размяжоўваць дабро і зло!” альбо “Вы ж не такі дрэнны, каб шукаць дабро?”, альбо “Няўжо вы такі амаральны, што верыце ў мараль?”

Пачуцце маральнай віны, страх агучыць маральнае суджэнне, маленне пра ўсёдаравальнасць — усё гэта ўтрымлівае згаданы вышэй агульнавядомы выраз, і дастаткова толькі адзін раз зірнуць на рэальнасць, каб зразумець, якое агіднае прызнанне робяць яго прыхільнікі. Аднак уцёкі ад рэальнасці — гэта адначасова і неабходная ўмова, і мэта культу маральнай шэрасці.

З філасофскага гледзішча гэты культ адмаўляе мараль, але з псіхалагічнага яго прыхільнікі імкнуцца не зусім да гэтага. Насамрэч, яны імкнуцца не да амаральнасці, а да нечага нашмат больш ірацыянальнага — да небезумоўнай, зменлівай, эластычнай, прымальнай для ўсіх маральнасці. Яны не лічаць сябе “па-за межамі дабра і зла”, а проста хочуць атрымаць “перавагі” і таго, і другога. Яны не кідаюць выклік маралі і тым больш не граюць ролю такіх сабе сярэднявечных прыхільнікаў вычварнага зла. Іх адмысловы сучасны каларыт — у тым, што яны прапануюць не прадаць душу д’яблу, а разрэзаць яе на кавалкі і выставіць на аўкцыён.

Прыхільнікі гэтага культу не аб’ядноўваюцца ў філасофскую школу, яны самі — тыповы прадукт філасофіі, што не выканала сваіх абавязкаў, прадукт інтэлектуальнага банкруцтва, якое спарадзіла ірацыяналізм у эпістэмалогіі, маральны вакуум у этыцы, змешаную эканоміку ў палітыцы. Змешаная эканоміка — гэта барацьба ўплывовых груповак, пазбаўленая маральнасці, прынцыпаў, каштоўнасцяў, справядлівасці, барацьба, галоўнай зброяй у якой з’ яўляецца гвалт, а формай выяўлення — гульня ў кампраміс. Культ маральнай шэрасці — гэта замяняльнік маралі, які робіць магчымым існаванне такой палітыкі і якога цяпер трымаюцца людзі, панічна спрабуючы гэтую палітыку апраўдаць.

Звярніце ўвагу на тое, што галоўны падтэкст тут — не пошук “белага”, а навязлівы страх атрымаць (небеспадстаўна) пазнаку “чорныя”. Паглядзіце, як яны абараняюць мараль, дзе кампраміс — гэта крытэр каштоўнасцяў, такім чынам дазваляючы вымяраць дабрадзейнасць той колькасцю каштоўнасцяў, якім чалавек гатовы здрадзіць.

Наступствы гэтай тэорыі і зацікаўленыя ў ёй бачныя паўсюль.

Звярніце ўвагу, што ў палітыцы тэрмін “экстрэмізм” зрабіўся сінонімам “зла” незалежна ад сутнасці справы (дрэннае не тое, у дачыненні да чаго чалавек выяўляе “экстрэмізм”, а ўжо сам факт “экстрэмізму”, то бок паслядоўнасці). Паглядзіце на так званых прыхільнікаў нейтралітэту ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый: іх пазіцыя нават горшая за пазіцыю тых, хто нейтральна ставіцца да канфлікту паміж Злучанымі Штатамі і Савецкай Расіяй, — бо яны прынцыпова імкнуцца не бачыць розніцы паміж двума бакамі, ніколі не разглядаюць праблему па сутнасці, а заўсёды шукаюць кампраміс, любы кампраміс у любым канфлікце (напрыклад, паміж захопленай краінай і краінай-агрэсарам).

А паглядзіце, што адбываецца ў літаратуры: з’ явіўся антыгерой, выключнасць якога ў тым, што ў ім няма нічога выключнага: ні цнотаў, ні каштоўнасцяў, ні мэтаў, ні характару, ні значнасці, але ў п’есах і раманах ён займае месца, якое раней належала герою, і ўвесь аповед будуецца вакол яго, нават калі ён нічога не робіць і нічога не дасягае. Заўважце, што выраз “добрыя хлопцы і дрэнныя хлопцы” цяпер прамаўляецца кпліва. Паназірайце таксама за барацьбой супраць шчаслівых канцоў, у прыватнасці на тэлебачанні, калі гучаць патрабаванні, каб “дрэнным” даваліся роўныя шанцы і роўная колькасць перамог у параўнанні з “добрымі”.

Як змешаную эканоміку, так і людзей, што трымаюцца змешаных прынцыпаў, можна назваць “шэрымі”, аднак ў абодвух выпадках “змяшанасць” не застанецца “шэрай” надоўга. “Шэры” тут — прэлюдыя да “чорнага”. Людзі могуць быць “шэрымі”, маральныя прынцыпы — не. Маральны кодэкс — чорна-белы. Калі і як толькі людзі ідуць на кампраміс, робіцца зразумелым, які бок абавязкова выйграе, а які прайграе.

Менавіта таму, калі нас спытаюць: “Спадзяюся, вы не думаеце ў катэгорыях “чорнае-белае”?” — належным адказам (па сутнасці, калі не па форме) будзе: “Каб мне спрахнуць, калі не думаю”.


Крыніца перакладу: Rand, A. The virtue of selfishness / A. Rand. — NY: Peniguin Group, 1964. — 151 p.

© Leonard Peikoff, 2010
© Кацярына Дубоўская, пераклад, 2010

Пераклад з ангельскай – Кацярына Дубоўская © 2013

Чытайце таксама

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Джакама Леапардзі

Джакама Леапардзі

Італьянскі паэт.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

850