№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Айн Рэнд

Аб'ектывісцкая этыка (Objectivist Ethics)

Эсэ

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Эсэ “Аб’ектывісцкая этыка” было надрукаванае ў зборніку “Цноты эгаізму” (The Virtue of Selfishness, 1964); яно ўтрымлівае асноўныя палажэнні этычнай тэорыі Айн Рэнд, якая знайшла таксама шырокае адлюстраванне ў яе рамане “Атлант расправіў плечы” (так, у эсэ згадваецца адзін з галоўных персанажаў рамана, Джон Галт, і цытуецца адзін з ключавых момантаў твора, “Прамова Джона Галта”, дзе пісьменніца выказвае свае погляды).


З тае прычыны, што я збіраюся гаварыць пра аб’ектывісцкую этыку, працытую напачатку яе найлепшага прадстаўніка – Джона Галта, героя рамана “Атлант расправіў плечы”:

“Цягам стагоддзяў бедаў і няшчасцяў, выкліканых вашым маральным кодэксам, вы крычалі, што ваш кодэкс парушаны, што беды – гэта пакаранне за яго парушэнне, што людзі занадта слабыя і эгаістычныя, каб праліць неабходную колькасць крыві. Вы праклялі чалавека, вы праклялі жыццё, вы праклялі гэтую зямлю, але ніколі не наважыліся паставіць свой кодэкс пад сумнеў... Вы ўвесь час крычыце, што ваш кодэкс высакародны, але чалавечая натура занадта недасканалая, каб адпавядаць яму. І ніхто не запытаў: “Занадта недасканалая? А паводле якіх крытэраў?

Вы хочаце ведаць, хто такі Джон Галт. Я той, хто спытаў пра гэта.

Так, сапраўды наступіла эпоха маральнага крызісу... Ваш маральны кодэкс дасягнуў свайго найвышэйшага развіцця, тупіка напрыканцы шляху. І калі вы хочаце жыць далей, вам неабходна не вярнуцца да маралі,.. але вынайсці яе наноў”.

Што такое мараль, альбо этыка? Гэта кодэкс каштоўнасцяў, што вызначае выбар чалавека і яго дзеянні – той выбар і тыя дзеянні, якія перадвызначаюць мэту і асноўны ход чалавечага жыцця. Этыка як навука займаецца тым, што вынаходзіць і вызначае такі кодэкс.

Перад тым, як спрабаваць вызначыць, ацаніць альбо прыняць любую этычную сістэму, перш за ўсё трэба адказаць на пытанне: “Навошта чалавеку патрэбны кодэкс каштоўнасцяў?”

Дазвольце гэта падкрэсліць. Першае пытанне не будзе: “Які менавіта кодэкс каштоўнасцяў трэба прыняць чалавеку?” Першае пытанне будзе: “Ці патрэбны чалавеку кодэкс каштоўнасцяў – і навошта?”

Ці з’яўляюцца паняткі каштоўнасці, “дабра” ці “зла” выпадковымі чалавечымі выдумкамі, якія не звязаныя з фактамі рэальнасці, не выцякаюць з іх і не падтрымліваюцца імі, альбо гэтыя паняткі заснаваныя на метафізічным факце, на нязменнай умове чалавечага існавання? (Слова “метафізічны” я ўжываю ў значэнні “той, што мае адносіны да рэальнасці, да прыроды рэчаў, да існавання”). Ці можна сказаць, што толькі выпадковы чалавечы звычай, што толькі традыцыя патрабуе, каб чалавек кіраваўся ў сваіх дзеяннях шэрагам пэўных прынцыпаў, – альбо гэтага патрабуе нейкі факт рэальнасці? Ці з’яўляецца этыка сферай прыхамацяў – альбо гэта сфера розуму? Ці з’яўляецца этыка суб’ектыўнай раскошаю – альбо аб’ектыўнай неабходнасцю?

На нікчэмных шляхах гісторыі чалавечай этыкі, за рэдкімі і беспаспяховымі выключэннямі, маралісты разглядалі яе як сферу прыхамаці, то бок ставілі па-за розумам. Адны рабілі гэта непрыхавана, наўмысна, другія – прыхавана, несвядома. “Прыхамаць” – гэта жаданне, прычынаў якога чалавек не ведае і не клапоціцца пра тое, каб іх зразумець.

Ніводзін філосаф не даў рацыянальнага, аб’ектыўна даказальнага, навуковага адказу на пытанне, навошта чалавеку патрэбны кодэкс каштоўнасцяў. Пакуль пытанне застаецца без адказу, нельга вынайсці і акрэсліць аніякага рацыянальнага, навуковага, аб’ектыўнага кодэксу каштоўнасцяў. Найвялікшы сярод усіх філосафаў – Арыстоцель – не лічыў этыку дакладнай навукай; сваю этычную сістэму ён заснаваў на назіраннях за тым, што робяць яго высакародныя і мудрыя сучаснікі, пакідаючы без адказу пытанні: чаму яны рабілі так, а не інакш, і чаму ён ацэньваў іх як высакародных і мудрых.

Большасць філосафаў успрымала існаванне этыкі як дадзенасць, як гістарычны факт, а таму не спрабавала знайсці яе метафізічную прычыну ці аб’ектыўнае абгрунтаванне. Многія з іх спрабавалі парушыць традыцыйную манаполію містыцызму ў сферы этыкі і нібыта нават акрэсліць рацыянальную, навуковую, нерэлігійную мараль. Але насамрэч яны толькі прымалі этычныя вучэнні містыкаў і спрабавалі падвесці іх пад сацыяльную платформу, замяняючы бога грамадствам.

Для прызнаных містыкаў выпадковая, неспасцігальная “божая воля” была крытэрам дабра і абгрунтаваннем іх этыкі. Новыя містыкі замянілі яе “грамадскай карысцю” і трапілі ў заганнае кола такіх вызначэнняў, як наступнае: “за крытэр карысці можна браць тое, што мае карысць для грамадства”. Лагічна – а сёння ва ўсім свеце і практычна – гэта значыць, што “грамадства” стаіць вышэй за любыя этычныя прынцыпы, бо яно само з’яўляецца крыніцай, крытэрам і ўзорам этыкі, бо “карысць” – гэта тое, што яму патрэбна, тое, што яму выпадзе абвясціць сваёй воляй альбо неабходнасцю дзеля яго дабрабыту. Гэта значыць, “грамадства” можа рабіць што заўгодна, – бо “карысцю” з’яўляецца ўсё, што яно захоча зрабіць менавіта таму, што яно хоча гэта рабіць. Аднак такой істоты як “грамадства” не існуе, “грамадства” – гэта пэўная колькасць асобных людзей, а таму гэта значыць, што некаторыя людзі (большасць альбо якая-небудзь група, што прэтэндуе на ролю выразніка яе жаданняў) атрымалі маральнае права ажыццяўляць любыя прыхамаці (альбо любыя зверствы), якія пажадаюць, тым часам як астатнія людзі маюць маральны абавязак усё жыццё выконваць жаданні гэтай групы.

Наўрад ці можна назваць такі лад рацыянальным, аднак большасць філосафаў вырашылі цяпер абвясціць, што розум пацярпеў паразу, што этыка знаходзіцца па-за ўладай розуму, што немагчыма ўвогуле стварыць рацыянальную этыку і што ў этычнай сферы – пры выбары каштоўнасцяў, спосабу дзеянняў, мэтаў, сэнсу жыцця – чалавек павінен кіравацца зусім не розумам. Але чым? Верай, інстынктам, інтуіцыяй, боскім адкрыццём, пачуццём, густам, парываннем, жаданнем, прыхамаццю. Сёння, як і раней, большасць філосафаў згаджаецца, што найвышэйшы этычны крытэр – прыхамаць (яны называюць яе “адвольнай аксіёмай”, “суб’ектыўным выбарам” альбо “эмацыйнай прыхільнасцю”); яны змагаюцца толькі за тое, чыя менавіта прыхамаць – асобнага чалавека, грамадства, дыктатара, бога. З якой бы нагоды ні вяліся спрэчкі, сённяшнія маралісты сыходзяцца ў тым, што этыка – пытанне суб’ектыўнае, і тры паняткі – розум, свядомасць, рэальнасць – з ёй не звязаныя.

Калі вас цікавіць, чаму сучасны свет апускаецца ва ўсё глыбейшыя колы пекла, вось адказ на вашае пытанне.

Калі вы хочаце захаваць цывілізацыю, трэба менавіта гэтую перадумову сучаснай – ды і ўсёй былой – этыкі паставіць пад сумнеў.

Дзеля таго, каб паставіць пад сумнеў асноўную перадумову любой навукі, неабходна пачаць з самага пачатку. У выпадку з этыкай трэба пачаць з пытання: што такое каштоўнасці? Навошта яны чалавеку?

“Каштоўнасць” – гэта тое, што чалавек імкнецца атрымаць і/ці захаваць. Панятак “каштоўнасць” не першасны, ён перадугледжвае адказ на пытанне: для каго і дзеля чаго? Ён перадугледжвае існаванне таго, хто здольны дзейнічаць дзеля дасягнення мэты, калі ў яго ёсць выбар. Там, дзе няма выбару, не можа быць ні мэтаў, ні каштоўнасцяў.

Працытую прамову Джона Галта: “У свеце існуе толькі адзін галоўны выбар – быццё ці небыццё, – і закранае ён толькі жывыя арганізмы. Нежывая матэрыя існуе безумоўна, жыццё – не, яно залежыць ад пэўнага спосабу дзеянняў. Матэрыю нельга знішчыць – яна змяняе сваю форму, але знікнуць не можа. Толькі жывы арганізм ўвесь час стаіць перад выбарам “жыццё ці смерць”. Жыццё – гэта працэс самазахавання і самаўзнаўлення. Арганізм, не здольны яго падтрымліваць, гіне; яго хімічныя складнікі застаюцца, але жыццё заканчваецца. Менавіта панятак “жыццё” робіць магчымым існаванне панятку “каштоўнасць”. Толькі для жывога стварэння можа існаваць дабро ці зло”.

Каб гэта цалкам зразумець, паспрабуйце ўявіць бессмяротнага, незнішчальнага робата, істоту, якая рухаецца і дзейнічае, але на якую нішто не можа паўплываць, ніякім чынам змяніць, якую нельга пашкодзіць, сапсаваць альбо разбурыць. Такая істота не магла б мець якія-небудзь каштоўнасці, ёй не было б чаго набываць ці страчваць, яна не магла б лічыць нешта карысным ці шкодным для сябе, такім, што служыць ці пагражае яго дабрабыту, задавальняе яго інтарэсы ці пярэчыць ім. У такой істоты няма ні інтарэсаў, ні мэтаў.

Толькі жывая істота можа мець мэты ці ставіць іх. І толькі жывы арганізм мае здольнасць да самастойных, мэтаскіраваных дзеянняў. На фізічным узроўні функцыі ўсіх жывых арганізмаў, ад найпрасцейшых да самых складаных – ад харчавання аднаклеткавай амёбы да кровазвароту ў чалавечым целе, – спараджаюцца самім арганізмам і скіраваныя на адзіную мэту: захаванне яго жыцця [калі звярнуцца да фізічных з'яў, такіх як аўтаматычныя функцыі арганізму, тэрмін “мэтаскіраваны” не мае значэнне “наўмысны” (панятак гэты звязаны толькі з дзеяннямі свядомасці) і не мае пад сабой ніякага тэлеалагічнага прынцыпу, які дзейнічае ў нежывой прыродзе. У гэтым кантэксце я выкарыстоўваю тэрмін “мэтаскіраваны” дзеля пазначэння таго факту, што аўтаматычныя функцыі жывых арганізмаў – гэта дзеянні такой прыроды, што дзякуючы ім захоўваецца жыццё арганізма (заўв. аўт.)].

Жыццё арганізму залежыць ад двух фактараў: ад матэрыялу і паліва, якія ён атрымлівае звонку, са сваёй першакрыніцы, і ад яго ўласных дзеянняў, правільнага выкарыстання гэтага паліва. Які крытэр вызначае тут правільнасць? Гэты крытэр – жыццё арганізма, тое, што патрэбна яму дзеля выжывання.

Перад арганізмам не стаіць ніякага выбару – тое, што патрэбна дзеля яго выжывання, вызначаецца яго прыродай, тым, чым ён ёсць. Можна вылучыць шмат варыянтаў, шмат формаў прыстасавання да вонкавага асяроддзя, сярод іх – магчымасць пэўны час існаваць у траўмаваным, скалечаным ці хворым стане, аднак асноўны выбар жыцця арганізму застаецца тым самым: калі арганізм не здольны падтрымліваць асноўных функцыяў, якіх патрабуе яго прырода – калі пратаплазма амёбы перастае паглынаць ежу альбо калі перастае біцца чалавечае сэрца, – арганізм гіне. У самым агульным сэнсе, нерухомасць супрацьлеглая жыццю. Жыццё можа існаваць толькі ў заўсёдным працэсе самазахавання. Мэта гэтага працэсу, найвышэйшая каштоўнасць, якую можна захаваць, толькі ўвесь час імкнучыся дасягнуць яе, – жыццё арганізма.

Найвышэйшая каштоўнасць – гэтая тая канчатковая мэта ці вынік, дзеля дасягнення якіх ўсе больш дробныя мэты з’яўляюцца толькі сродкамі. Яна ўсталёўвае крытэры, паводле якіх гэтыя больш дробныя мэты ацэньваюцца. Жыццё арганізма – яго крытэр каштоўнасцяў: тое, што яго падтрымлівае, – дабро, тое, што яму пагражае, – зло.

Без канчатковай мэты ці выніку не можа быць больш дробных мэтаў ці сродкаў: шэраг сродкаў, якія бясконца выкарыстоўваюцца дзеля дасягнення неіснуючай мэты, – гэта метафізічная і эпістэмалагічная неверагоднасць. Менавіта канчатковая мэта і вынік самі па сабе робяць магчымым існаванне каштоўнасцяў. У метафізічным сэнсе жыццё – адзіная з’ява, якая сама па сабе з’яўляецца мэтай, каштоўнасць, якая дасягаецца і захоўваецца дзякуючы пастаяннаму працэсу. У эпістэмалагічным сэнсе панятак “каштоўнасць” генетычна залежыць ад панятку “жыццё”, які яму папярэднічае, і выводзіцца з яго. Гаварыць асобна пра “жыццё” і “каштоўнасці” – не супярэчнасць у тэрмінах, а яшчэ горшая памылка. Менавіта панятак “жыццё” робіць магчымым існаванне панятку “каштоўнасць”.

Каб адказаць тым філосафам, якія сцвярджаюць, што паміж найвышэйшымі мэтамі ці каштоўнасцямі і фактамі рэальнасці не можа быць ніякай сувязі, дазвольце падкрэсліць, што сам факт існавання і функцыянавання жывога стварэння патрабуе існавання каштоўнасцяў і той найвышэйшай каштоўнасці, якой для кожнай жывой істоты з’яўляецца яе жыццё. Адпаведна, абгрунтаваць каштоўнасныя меркаванні можна толькі спасылаючыся на факты рэальнасці. Той факт, што жывое стварэнне існуе, вызначае, што яно павінна рабіць. Але досыць пра сувязь паміж існуе і павінна.

Якім жа чынам чалавек адкрывае панятак “каштоўнасць”? Што дапамагае яму ўпершыню асэнсаваць праблему “дабра і зла” ў яе найпрасцейшай форме? Фізічныя адчуванні задавальнення ці болю. Гэтаксама як адчуванні з’яўляюцца першым крокам у развіцці чалавечае свядомасці і ў сферы пазнання, яны робяцца і першым крокам у сферы ацэнкі.

Здольнасць адчуваць задавальненне ці боль – натуральная здольнасць чалавечага цела, частка яго прыроды, частка таго, чым ёсць чалавек. Гэта не залежыць ад чалавека, як не залежыць і выбар крытэру, які вызначае, што прымусіць яго адчуць задавальненне ці боль. Што гэта за крытэр? Яго жыццё.

Механізм “задавальненне – боль” у целе чалавека – і ў целах усіх жывых арганізмаў, якія валодаюць свядомасцю, – аўтаматычна абараняе іх жыццё. Фізічнае адчуванне задавальнення – гэта сігнал, які паказвае, што арганізм дзейнічае правільна. Фізічнае адчуванне болю – гэта сігнал, які папярэджвае пра небяспеку і паказвае, што арганізм дзейнічае няправільна, што нешта перашкаджае належнаму функцыянаванню арганізма і што гэта трэба выправіць. Найлепшая ілюстрацыя – тыя рэдкія незвычайныя выпадкі, калі нараджаецца дзіця, няздольнае адчуваць боль. Такія дзеці не жывуць доўга, бо ў іх няма механізму, які дапаможа зразумець, што можа ім пашкодзіць, няма сігналаў, якія іх папярэджваюць, і таму нязначная рана можа прывесці да смяротнай інфекцыі, а нязначная хвароба застанецца незаўважнай да таго часу, пакуль не будзе позна з ёю змагацца.

Свядомасць, – для тых жывых арганізмаў, якія ёй валодаюць, – асноўны сродак выжывання.

Простыя арганізмы, такія як расліны, могуць выжыць з дапамогай аўтаматычнага фізічнага функцыянавання. Больш развітыя арганізмы, такія як жывёлы і людзі, не здольныя да гэтага – іх патрэбы больш складаныя, а дыяпазон іх дзеянняў больш шырокі. Аўтаматычныя фізічныя функцыі іх арганізмаў заключаюцца ў выкарыстанні паліва, а не ў яго здабыванні. Каб здабыць паліва, больш развітыя арганізмы павінны валодаць свядомасцю. Расліна можа атрымаць усё, што неабходна ёй для харчавання, з глебы, на якой яна расце. Жывёла дзеля пракорму павінна паляваць. Чалавек сваю ежу павінен вырабіць.

Расліна не мае выбару дзеянняў, яна пераследуе аўтаматычныя і натуральныя мэты, якія ёй перадвызначыла прырода. Пажыўныя рэчывы, вада, сонечнае святло – вось тыя каштоўнасці, імкненне да якіх закладзенае ў раслінах. Іх жыццё – крытэр каштоўнасцяў, што скіроўваюць іх дзеянні. Яны могуць сутыкацца з выбарам, звязаным з умовамі навакольнага асяроддзя, такімі як спёка ці мароз, засуха ці паводка, і яны могуць выконваць пэўныя дзеянні, каб справіцца з неспрыяльнымі ўмовамі. Так, напрыклад, некаторыя расліны могуць расці і прабівацца праз камень да сонечнага святла. Аднак якімі б ні былі ўмовы, расліна не мае выбару ў сваім функцыянаванні – яна аўтаматычна дзейнічае з мэтай прадоўжыць сваё жыццё і не здольная да самазнішчэння.

Дыяпазон дзеянняў, неабходных дзеля выжывання больш развітых арганізмаў, шырэйшы: ён прапарцыянальны дыяпазону іх свядомасці. Найпрасцейшыя віды, якія маюць свядомасць, валодаюць толькі здольнасцю адчуваць, якой хапае на тое, каб скіроўваць іх дзеянні і забяспечваць іх усім неабходным. Адчуванне ўзнікае ў выніку аўтаматычнай рэакцыі органа пачуццяў на стымул з навакольнага асяроддзя; яно доўжыцца столькі, колькі доўжыцца ўздзеянне стымулу, і ні хвіліны больш. Адчуванні – гэта аўтаматычныя рэакцыі, аўтаматычная форма ведаў, якую свядомасць не можа ні шукаць, ні абмінуць. Арганізм, які валодае толькі здольнасцю адчуваць, кіруецца механізмам “задавальненне – боль” у сваім целе, то бок аўтаматычнымі ведамі і аўтаматычным кодэксам каштоўнасцяў. Яго жыццё – крытэр каштоўнасцяў, што скіроўваюць яго дзеянні. Унутры магчымага для яго дыяпазону дзеянняў ён аўтаматычна дзейнічае з мэтай прадоўжыць сваё жыццё і не здольны да самазнішчэння.

Больш развітыя арганізмы валодаюць мацнейшай формай свядомасці – яны маюць здольнасць запамінаць адчуванні, то бок успрымаць іх. Успрыняцце – гэта аўтаматычнае запамінанне групы адчуванняў і звядзенне іх мозгам жывога арганізма ў адно цэлае, што дае магчымасць асэнсоўваць не асобныя стымулы, а іх сутнасць, саму сітуацыю. Жывёла кіруецца не проста непасрэднымі адчуваннямі, а вынікамі ўспрыняцця. Яе дзеянні – не адзінкавыя, адасобленыя рэакцыі не адзінкавыя, асобныя стымулы; яны скіроўваюцца агульным асэнсаваннем успрынятай жывёлай рэальнасці, з якой яна сутыкаецца. Жывёла здольная непасрэдна зразумець успрынятыя рэаліі і сфармаваць аўтаматычныя асацыяцыі, звязаныя з успрыняццем, аднак не болей. Яна здольная навучыцца пэўным чынам паводзіць сябе ў адмысловых сітуацыях, такіх, як паляванне ці хавáнне, – дарослыя высокаразвітыя жывёлы вучаць гэтаму маладняк. Але жывёла не можа выбраць, якія веды набыць і якімі навыкамі авалодаць, яна здольная толькі ўзнаўляць іх з пакалення ў пакаленне. І жывёла не можа выбраць крытэры каштоўнасцяў, якімі яна будзе кіравацца ў сваіх дзеяннях, – органы пачуццяў аўтаматычна забяспечваюць яе кодэксам каштоўнасцяў, аўтаматычнымі ведамі пра тое, што ёсць дабром, а што – злом, што дапамагае, а што шкодзіць ім у жыцці. Жывёла не мае магчымасці пашырыць свае веды альбо пазбавіцца іх. У сітуацыях, дзе нельга выкарыстаць гэтыя веды, жывёла гіне, як, напрыклад, звер, што дранцвее, стоячы на чыгунцы акурат у момант, калі на яго ляціць цягнік. Усё жыццё жывёла дзейнічае ў адпаведнасці са сваімі ведамі; яна мае аўтаматычны абарончы механізм і не здольная выбіраць; яна не можа спыніць работу сваёй свядомасці, не можа адмовіцца ад успрыняцця ці праігнараваць успрынятае. Жывёла імкнецца да ўласнай карысці, не здольная выбраць зло і дзейнічаць на шкоду сабе.

У чалавека няма аўтаматычнага кодэксу выжывання. У яго няма аўтаматычна зададзенай паслядоўнасці дзеянняў, аўтаматычнага набору каштоўнасцяў. Яго органы пачуццяў не могуць аўтаматычна паведамляць яму, што для яго добра, а што дрэнна, што будзе мець для яго жыцця карысць, а што пашкодзіць, якія мэты варта пераследаваць і якімі сродкамі іх дасягаць, ад якіх каштоўнасцяў залежыць яго жыццё і як яму трэба дзейнічаць. З дапамогай уласнай свядомасці ён павінен сам адшукаць адказы на ўсе гэтыя пытанні – аднак яго свядомасць не функцыянуе аўтаматычна. Чалавек, самы высокаразвіты від сярод усіх, што жывуць на зямлі, чыя свядомасць валодае бязмежнай здольнасцю набываць веды, – гэта адзіная жывая істота, якая нараджаецца без аніякай гарантыі, што яго свядомасць захаваецца. Чалавек адмыслова адрозніваецца ад усіх астатніх жывых істотаў тым, што яго свядомасць залежыць ад волі.

Дзеля выжывання расліне дастаткова аўтаматычных каштоўнасцяў, што кіруюць яе функцыямі, але іх недастаткова для выжывання жывёлы; гэтаксама і дзеля выжывання чалавека недастаткова тых аўтаматычных каштоўнасцяў, якія забяспечваюць жывёлам іх пачуццёва-ўспрымальны механізм. Дзеянні чалавека і яго выжыванне патрабуюць, каб імі кіравалі канцэптуальныя каштоўнасці, атрыманыя з канцэптуальных ведаў. Але атрымаць канцэптуальныя веды аўтаматычна немагчыма.

“Канцэпт”, альбо “панятак”, – гэта разумовае аб’яднанне дзвюх ці болей успрынятых рэаліяў, якія выдзяляюцца ў працэсе абстрагавання і аб’ядноўваюцца з дапамогай пэўнага азначэння. Кожнае слова чалавечай мовы, апроч уласных імёнаў, абазначае нейкі панятак, абстракцыю, якая стаіць за неабмежаванай колькасцю пэўнага кшталту рэаліяў. Менавіта дзякуючы сістэматызацыі ўспрынятага матэрыялу ў паняткі, а гэтых паняткаў – ва ўсё больш і больш шырокія паняткі чалавек можа засвоіць, захаваць і распазнаць неабмежаваны аб’ём ведаў, якія выходзяць за межы непасрэднага ўспрыняцця ў любы дадзены непасрэдны момант. Органы пачуццяў чалавека функцыянуюць аўтаматычна; яго мозг аўтаматычна аб’ядноўвае інфармацыю, атрыманую органамі пачуццяў, і ўспрымае яе; працэс жа аб’яднання ўспрынятага ў паняткі, працэс абстрагавання і фармавання паняткаў – не аўтаматычны.

Працэс фармавання паняткаў не абмяжоўваецца толькі засваеннем некалькіх простых абстракцыяў, такіх як “крэсла”, “стол”, “гарачы”, “халодны”, і развіццём маўленчых здольнасцяў. Ён уключае спосаб выкарыстання свядомасці, які лепш за ўсё можна ахарактарызаваць тэрмінам “канцэптуалізацыя”. Гэта не пасіўны стан рэгістрацыі выпадковых уражанняў. Гэта працэс вызначэння ўласных эмоцыяў праз паняткавыя тэрміны, які актыўна падтрымлівае сам чалавек, гэта працэс звязвання кожнай падзеі і кожнага назірання ў паняткавы кантэкст, працэс пераўтварэння сувязяў, адрозненняў і падабенстваў ва ўспрыняты матэрыял і абстрагавання іх у новыя паняткі, калі мяркуюць, робяць вывады і лагічныя высновы, задаюць новыя пытанні і атрымліваюць новыя адказы, калі ўвесь час пашыраюць свае веды. Здольнасць, якая скіроўвае гэты працэс, здольнасць, якая працуе з паняткамі, – гэта розум, працэс жа – мысленне.

Розум – гэта здольнасць, якая дапамагае вызначаць і інтэграваць матэрыял, які чалавек атрымлівае з дапамогай органаў пачуццяў. Гэта здольнасць, якую чалавек можа выкарыстоўваць паводле ўласнага выбару. Мысленне – не аўтаматычная функцыя. У любы момант, у любым выпадку ў сваім жыцці чалавек вольны думаць альбо не думаць. Мысленне патрабуе сканцэнтраванасці і поўнага ўсведамлення. Каб сканцэнтраваць сваю свядомасць, неабходная воля. Чалавек можа сканцэнтравацца так, каб цалкам актыўна і мэтаскіравана асэнсоўваць рэчаіснасць – альбо можа адмовіцца ад гэтага і плысці па хвалях здзіўленай напаўпрытомнасці, рэагуючы толькі на выпадковыя непасрэдныя стымулы, аддаючы сябе на ласку нескіраваных пачуццяў і ўспрыняццяў і любых адвольных асацыятыўных сувязяў, якія ім выпадзе стварыць.

Калі свядомасць чалавека не сканцэнтраваная, ён, можна сказаць, знаходзіцца на дачалавечым узроўні свядомасці, калі працуюць толькі адчуванні і ўспрыняцці. Але ў тым сэнсе, у якім гэта можна скарыстаць у дачыненні да чалавека, – улічваючы наяўнасць свядомасці, якая асэнсоўвае рэчаіснасць і здольная з ёю ўзаемадзейнічаць, свядомасці, якая можа скіроўваць дзеянні і забяспечваць выжыванне чалавека, – несканцэнтраваны розум нічога не асэнсоўвае.

З гледзішча псіхалогіі выбар “думаць ці не” абазначае “сканцэнтроўвацца ці не”. З экзістэнцыйнага гледзішча выбар “сканцэнтроўвацца ці не” абазначае “асэнсоўваць ці не”. З метафізічнага гледзішча выбар “асэнсоўваць ці не” – гэта выбар паміж жыццём і смерцю.

Свядомасць з’яўляецца асноўным сродкам выжывання для тых жывых істотаў, якія ёй валодаюць. Для чалавека галоўным сродкам выжывання з’яўляецца розум. Чалавек не выжыве, калі будзе, як жывёлы, кіравацца толькі ўспрыняццем. Пачуццё голаду паведаміць яму, што патрэбная ежа (калі ён навучыцца вызначаць гэтае пачуццё як “голад”), але не падкажа, як яе здабыць і якая ежа для яго прыдатная, а якая – атрутная. Не думаючы, чалавек не зможа забяспечыць свае самыя простыя фізічныя патрэбы. Яму неабходна думаць, каб зразумець, як саджаць і вырошчваць тое, што можна есці, альбо як рабіць зброю для палявання. Успрыняцце можа прывесці яго да пячоры, калі яна ёсць паблізу, але дзеля таго, каб пабудаваць нават самае простае сховішча, трэба думаць. Ніякае ўспрыняцце і ніякія “інстынкты” не падкажуць яму, як развесці агонь, саткаць палатно, выкаваць прылады працы, зрабіць кола, пабудаваць самалёт, выдаліць апендыкс, вырабіць электрычную лямпачку, альбо электравакуумны прыбор, альбо цыклатрон, альбо пачак запалак. Аднак ад такіх ведаў залежыць яго жыццё, і забяспечыць іх можа толькі валявы акт свядомасці, працэс мыслення.

Але адказнасць чалавека ідзе яшчэ далей – працэс мыслення не з’яўляецца ні аўтаматычным, ні “інстынктыўным”, ні вымушаным, ні беспамылковым. Чалавек павінен яго пачаць, працягваць і адказваць за яго вынікі. Ён павінен навучыцца вызначаць, што правільна, а што памылкова, і выпраўляць свае памылкі; ён павінен навучыцца абгрунтоўваць свае паняткі, высновы, веды; дзеля таго, каб скіроўваць сваё мысленне, ён павінен зразумець яго правілы, законы логікі. Прырода не дае яму аўтаматычнай гарантыі, што яго разумовыя высілкі будуць эфектыўнымі.

Чалавеку не дадзена нічога, апроч магчымасці і матэрылу для яе рэалізацыі. Магчымасць, найлепшая машына – гэта наша свядомасць, але ў гэтай машыне няма свечкі запальвання, стартэра і шафёра. Чалавек павінен сам зразумець, як яе выкарыстоўваць; ён павінен падтрымліваць яе пастаянны рух. Матэрыялам жа з’яўляецца ўвесь сусвет; няма межаў тым ведам, якія можа набыць чалавек, і таму задавальненню, якое ён можа атрымаць. Але ён павінен сам зразумець, вынайсці і вырабіць тое, што яму патрэбна і што ён хоча, – па сваім уласным жаданні, сваімі ўласнымі высілкамі і сваім уласным розумам.

Істота, якая не мае аўтаматычных ведаў пра тое, што правільна, а што памылкова, не можа таксама аўтаматычна ведаць, што справядліва, а што несправядліва, што для яго ёсць дабром, а што – злом. Аднак веды гэтыя неабходныя ёй дзеля таго, каб жыць. Яна не свабодная ад законаў рэальнасці, яна – адмысловы арганізм са сваёй адмысловай прыродай, якая патрабуе адмысловых дзеянняў, каб падтрымаць яе жыццё. Яна не можа выжыць з дапамогай неспадзяваных сродкаў, альбо адвольных рухаў, альбо сляпога жадання, з дапамогай выпадку альбо прыхамаці. Тое, што патрэбна дзеля яе выжывання, вызначаецца яе прыродай і ад яе не залежыць. Ад яе залежыць толькі тое, зразумее яна гэта ці не, здолее выбраць правільныя мэты і каштоўнасці ці не здолее. Яна можа зрабіць памылковы выбар, аднак не зможа тады дасягнуць поспеху. Яна можа ўцякаць ад рэальнасці, можа адключаць свядомасць і, спатыкаючыся, брысці па любой дарозе, але не можа абмінуць тую бездань, якую адмаўляецца бачыць. Для любога арганізма, які валодае свядомасцю, веды – гэта спосаб выжыць; для жывой свядомасці кожнае “ёсць” значыць “трэба”. Чалавек можа адмовіцца ад свядомасці, але не можа пазбегнуць пакарання за несвядомыя дзеянні – разбурэння. Чалавек – адзіная жывая істота, якая можа сама сябе разбураць, і менавіта гэтым яна займаецца цягам амаль усёй сваёй гісторыі.

Якія правільныя мэты чалавеку варта пераследаваць? Якія каштоўнасці неабходныя дзеля выжывання? Менавіта на гэтыя пытанні і павінна адказваць такая навука як этыка. І менавіта таму, шаноўнае спадарства, чалавеку неабходны этычны кодэкс.

Цяпер вы можаце ацаніць, што значаць тыя тэорыі, якія сцвярджаюць, нібыта этыка знаходзіцца ў сферы ірацыянальнага, розум не можа кіраваць жыццём чалавека, мэты і каштоўнасці трэба выбіраць галасаваннем ці паводле прыхамаці, – нібыта этыка не мае нічога агульнага з жыццём, з рэальнасцю, з практычнымі справамі і дзеяннямі, а мэта этыкі ляжыць у іншасвеце, то бок яна патрэбная мёртвым, а не жывым.

Этыка – гэта не містычная выдумка, не сацыяльная дамоўленасць, не суб’ектыўная раскоша, якая зусім не абавязковая, якую можна змяніць і якой можна пры першай неабходнасці пазбавіцца. Этыка – гэта аб’ектыўная, метафізічная неабходнасць дзеля выжывання чалавека, выжывання не з ласкі звышнатуральных сіл, нашых суседзяў ці нашых прыхамацяў, а ў адпаведнасці з законамі рэальнасці і прыродай самога жыцця.

Працытую прамову Джона Галта: “Чалавека заўсёды называлі разумнай істотай, аднак разумнасць – гэта справа выбару, і прырода прапануе чалавеку альтэрнатыву: быць разумнай істотай ці жывёлай-самагубцам. Чалавек павінен быць чалавекам – паводле выбару; ён павінен лічыць сваё жыццё каштоўнасцю – паводле выбару; ён павінен навучыцца падтрымліваць яго – паводле выбару; ён павінен вынайсці тыя каштоўнасці, якіх патрабуе жыццё, і трымацца іх – паводле выбару. Кодэкс каштоўнасцяў, які выбраў сам чалавек, і ёсць маральным кодэксам”.

Крытэр каштоўнасці аб’ектывісцкай этыкі, крытэр, паводле якога можна меркаваць, што ёсць дабром, а што злом, – гэта жыццё чалавека, то бок тое, што неабходнае дзеля таго, каб ён выжыў як чалавек.

З прычыны таго, што розум – гэта асноўны сродак выжывання, тое, што садзейнічае жыццю жывое істоты, ёсць дабром, тое, што супрацьстаіць яму, адмаўляе ці разбурае яго, ёсць злом.

З прычыны таго, што ўсё неабходнае чалавек павінен сам адкрыць з дапамогай свайго розуму і вырабіць уласнымі сіламі, існуюць два спосабы выжывання, якія падыходзяць разумнаму стварэнню: мысленне і прадуктыўная праца.

Калі хтосьці лічыць за лепшае не думаць, а выжываць, пераймаючы іншых і, нібы дрэсіраваная жывёла, паўтараць чужыя словы і дзеянні, ніколі не спрабуючы іх зразумець, ён зможа выжыць толькі дзякуючы тым, хто будзе разважаць і асэнсоўваць тыя дзеянні, якія ён паўтарае. Выжыванне такіх разумовых паразітаў залежыць ад сляпога выпадку; іх ні на чым не сканцэнтраваная свядомасць не здольная зразумець, каго трэба пераймаць, чыйго курсу трымацца бяспечна. Менавіта яны рухаюцца акурат у бездань, ідучы за любым разбуральнікам, які паабяцаў ім узяць на сябе ўсю тую адказнасць, ад якой яны ўхіляюцца, – адказнасць жыць асэнсавана.

Калі хтосьці спрабуе выжыць за кошт грубае сілы альбо махлярства, рабуючы, нешта адбіраючы, падманваючы альбо падпарадкоўваючы сабе вытворцаў, ён зможа выжыць толькі дзякуючы сваім ахвярам, тым, хто будзе думаць і ствараць прадукцыю, якую яны, рабаўнікі, будуць адбіраць. Такія рабаўнікі – паразіты, няздольныя да выжывання, яны існуюць, разбураючы тых, што здольныя выжыць, тых, што дзейнічаюць як належыць людзям.

Людзі, што спрабуюць выжыць з дапамогай не розуму, а грубай сілы, выбіраюць жывёльны спосаб выжывання. Але як жывёлы не здольныя выжыць, выкарыстоўваючы спосаб выжывання раслінаў (адмаўляючыся ад перамяшчэння і чакаючы, што глеба іх натоліць) – так і чалавек не зможа выжыць, калі будзе дзейнічаць, як жывёла, адмаўляючыся ад розуму і разлічваючы, што іх ахвяры, вытворцы, будуць служыць ім. Такія рабаўнікі могуць на пэўны час дасягнуць свае мэты за кошт разбурэння сваіх ахвяраў і сябе саміх. У якасці прыкладу ўспомніце любога злачынцу ці любую дыктатуру.

Чалавек не зможа выжыць, калі будзе дзейнічаць, як жывёла, – думаючы толькі пра цяперашні момант. Жыццё жывёлы складаецца з шэрагу асобных цыклаў, якія паўтараюцца гэтаксама, як і выхаванне маладняку альбо назапашванне ежы на зіму; свядомасць жывёлы не можа ахапіць усё яе жыццё, яна даходзіць толькі да таго моманту, калі трэба пачынаць цыкл наноў без аніякай сувязі з мінулым. Жыццё чалавека – неперарыўнае цэлае, бо добра гэта ці дрэнна, але кожны дзень, год і дзесяцігоддзе нясуць у сабе ўсё тое, што ён перажыў. Чалавек можа змяніць свой выбар, можа свабодна змяніць кірунак сваіх дзеянняў, у многіх выпадках ён можа нават выправіць свае мінулыя памылкі, але ён не здольны ні пазбавіцца ад іх, ні беспакарана пражыць сваё жыццё, думаючы толькі пра цяперашні момант, як жывёла, гуляка альбо бандыт. Калі ён хоча справіцца са сваёй задачай і выжыць, калі не хоча разбурыць сябе, чалавек павінен выбраць свой шлях, свае мэты, свае каштоўнасці ў кантэксце і ў межах усяго жыцця. Ніякія адчуванні, вынікі ўспрыняцця, пабуджэнні ці “інстынкты” тут не дапамогуць; гэта магчыма толькі з дапамогай розуму.

Вось у чым значэнне панятку “выжыць як чалавек”, вось што неабходна для такога выжывання. Размова ідзе не пра кароткачасовае выжыванне ці проста фізічнае выжыванне, не пра кароткачасовае фізічнае выжыванне бязмозглай жывёлы, якой другая жывёла калі-небудзь раструшчыць чэрап, не пра кароткачасовае фізічнае выжыванне нейкай маруднай кучы цягліцаў, якая згодная прыняць любыя ўмовы, падпарадкавацца любому бандыту і адмовіцца ад любых каштоўнасцяў дзеля так званага “выжывання якім заўгодна коштам”, якое можа доўжыцца, а можа і не, цягам тыдня альбо года. “Выжыванне як чалавека” мае пад сабой умовы, спосабы і мэты, неабходныя для выжывання разумнай істоты цягам усяго яе жыцця ва ўсіх аспектах існавання, што адкрытыя яе выбару.

Чалавек можа выжыць толькі як чалавек. Ён можа адмовіцца ад свайго сродку выжывання – розуму, ён можа ператварыцца ў напаўчалавечую істоту, а сваё жыццё зрабіць кароткай агоніяй – гэтаксама як яго цела можа пэўны час існаваць у стане распаду, выкліканага хваробай. Але ён не можа паспяхова вырашаць задачы, вышэйшыя за яго напаўчалавечы ўзровень. Пра гэта сведчыць жахлівыя і агідныя перыяды чалавечае гісторыі, калі розум адмаўляўся. Чалавек павінен зрабіцца чалавекам паводле ўласнага выбару, і задача этыкі палягае ў тым, каб навучыць яго жыць як чалавек.

Аб’ектывісцкая этыка лічыць чалавечае жыццё крытэрам каштоўнасцяў, а ўласнае жыццё – маральнай мэтай кожнага асобна ўзятага чалавека.

У дадзеным кантэксце розніца паміж “крытэрам” і “мэтай” палягае ў наступным: “крытэр” – гэта абстрактны прынцып, што слугуе мерай і эталонам, якія скіроўваюць выбар чалавека ў дасягненні пэўнай канкрэтнай мэты. “Неабходнае для выжывання чалавека як чалавека” – гэта абстрактны прынцып, які можна дастасаваць да любой асобы. Прымяненне яго да пэўнай канкрэтнай мэты, мэты пражыць жыццё вартым разумнага стварэння чынам, – задача кожнага асобнага чалавека, і жыццё, якое ён павінен пражыць, – гэта яго ўласнае жыццё.

Чалавек павінен выбіраць спосаб дзеянняў, каштоўнасці і мэты ў адпаведнасці з крытэрам, вартым чалавека, каб дасягнуць, захаваць, здзейсніць і атрымаць асалоду ад той найвышэйшай каштоўнасці, якая сама па сабе з’яўляецца мэтай і якая ёсць чалавечым жыццём.

Каштоўнасць – гэта тое, што чалавек імкнецца атрымаць і/ці захаваць, цнота – гэта тое дзеянне, праз якое ён атрымлівае і/ці захоўвае каштоўнасць. Тры асноўныя каштоўнасці аб’ектывісцкай этыкі, тыя каштоўнасці, што ўзятыя разам з’яўляюцца спосабам дасягнення і ажыццяўлення найвышэйшай каштоўнасці, чалавечага жыцця, – гэта розум, мэтаскіраванасць, самапавага, разам з адпаведнымі цнотамі: разумнасцю, прадуктыўнасцю, годнасць.

Прадуктыўная праца – галоўная мэта разумнага чалавечага жыцця, галоўная каштоўнасць, якая яднае і вызначае іерархію ўсіх каштоўнасцяў чалавека. Розум – гэта крыніца, перадумова прадуктыўнай працы, годнасць – яе вынік.

Разумнасць – асноўная цнота чалавека, крыніца ўсіх астатніх цнотаў. Асноўная загана чалавека, крыніца ўсяго зла ў ім – гэта расслабленне розуму, адключэнне свядомасці, не слепата, а адмаўленне бачыць, не няведанне, а адмаўленне ведаць. Неразумнасць – гэта адмаўленне ад спосабу выжывання, вартага чалавека, адпаведна – гэта рух на шляху да сляпога разбурэння; тое, што супярэчыць розуму, супярэчыць жыццю.

Цнота разумнасці мае пад сабой асэнсаванне і прыняцце розуму як сваёй адзінай крыніцы ведаў, што можа ацэньваць каштоўнасці і скіроўваць дзеянні. Яна мае пад сабой тое, што чалавек заўсёды знаходзіцца ў стане поўнага і свядомага самаўсведамлення, захоўвае поўную сканцэнтраванасць розуму ва ўсіх пытаннях, усіх выбарах, ва ўвесь час няспання. Яна мае пад сабой тое, што чалавек як мага паўней успрымае рэчаіснасць і пастаянна і актыўна пашырае сваё ўспрыняцце, то бок свае веды. Яна мае пад сабой прыняцце рэальнасці свайго ўласнага існавання, то бок прыняцце прынцыпу, паводле якога ўсе мэты, каштоўнасці і дзеянні маюць месца ў рэчаіснасці, а таму нельга ніколі ставіць любую каштоўнасць альбо меркаванне вышэй за ўспрынятую рэчаіснасць. Яна мае пад сабой прыняцце прынцыпу, паводле якога ўсе перакананні, каштоўнасці, мэты, жаданні і дзеянні павінны быць заснаваныя на мысленні, выцякаць з яго, выбірацца з яго дапамогай і зацвярджацца ім, прычым працэс мыслення павінен быць такім дакладным і дасканалым і кіраваць ім павінна такая жорсткая і строгая логіка, якую толькі можна сабе дазволіць, працуючы напоўніцу. Яна мае пад сабой прыняцце на сябе адказнасці за фармаванне сваіх ацэначных суджэнняў і за сваё жыццё (за кошт працы ўласнага розуму ў адпаведнасці з цнотай незалежнасці). Яна мае пад сабой тое, што чалавек ніколі не ахвяруе сваімі перакананнямі дзеля меркаванняў ці жаданняў іншых (у адпаведнасці з цнотай цэльнасці), ніколі не паспрабуе любым чынам падрабіць рэальнасць (у адпаведнасці з цнотай сумленнасці) і ніколі не будзе жадаць ці даваць незаробленае і незаслужанае – ні ў духоўным, ні ў матэрыяльным сэнсе (у адпаведнасці з цнотай справядлівасці). Яна мае пад сабой тое, што чалавек ніколі не пажадае вынікаў без прычынаў і не вызначыць прычыну, не ўзяўшы на сябе ўсю адказнасць за наступствы, што чалавек ніколі не будзе дзейнічаць як зомбі, не ведаючы сваіх мэтаў і матываў, што чалавек ніколі не прыме ніякіх рашэнняў, не сфармуе ніякіх перакананняў і не будзе імкнуцца да каштоўнасцяў па-за кантэкстам, то бок недзе за межамі ўсёй сумы ведаў, якімі ён валодае, і самае галоўнае – што чалавек ніколі не будзе спрабаваць прымірыцца з супярэчнасцямі. Яна падразумявае адмаўленне ад любых формаў містыцызму, то бок любых спасылак на пазапачуццёвыя, нерацыянальныя, невызначальныя, звышнатуральныя крыніцы ведаў. Яна мае пад сабой выкарыстанне розуму не ў рэдкіх сітуацыях, альбо ў асобна выбраныя моманты, альбо ў скрайніх выпадках, а цягам усяго жыцця.

Цнота прадуктыўнасці – гэта прызнанне прадуктыўнай працы тым працэсам, дзякуючы якому розум чалавека падтрымлівае яго жыццё, дзякуючы якому чалавек вызваляецца ад неабходнасці прыстасоўвацца да навакольнага асяроддзя, як гэта робяць усе жывёлы, і які дае чалавеку сілу прыстасаваць навакольнае асяроддзе дзеля сваіх патрэбаў. Прадуктыўная праца – гэта бясконцы шлях дасягненняў чалавека, які вызваляе найлепшыя яго якасці: здольнасць ствараць, амбітнасць, упэўненасць у сабе, адмаўленне пасаваць перад няшчасцем, адданасць мэце перастварэння свету ў адпаведнасці са сваімі каштоўнасцямі. “Прадуктыўная праца” мае пад сабой не бессэнсоўнае выкананне нейкіх механічных дзеянняў. Яна мае пад сабой прадуктыўную працу ў свядома выбранай галіне, рацыянальны выбар справы, значнай ці сціплай, на любым узроўні здольнасцяў. Этычнае значэнне тут мае не ўзровень здольнасцяў чалавека і не маштаб яго працы, а як мага больш поўнае і мэтаскіраванае выкарыстанне яго розуму.

Цнота годнасці – гэта прызнанне таго, што “чалавек павінен не толькі вырабляць матэрыяльныя каштоўнасці, якія неабходныя яму дзеля падтрымання ўласнага жыцця, але і набываць тыя рысы характару, дзякуючы якім яго жыццё робіцца вартым падтрымання; што чалавек павінен ствараць не толькі сваё багацце, але і сваю душу” (раман “Атлант расправіў плечы”). Цнота годнасці лепш за ўсё характарызуецца як “маральная амбітнасць”. Яна падразумявае, што кожны чалавек павінен зарабіць права лічыць сябе сваёй найвышэйшай каштоўнасцю, імкнучыся да сваёй уласнай маральнай дасканаласці, якая дасягаецца праз адмаўленне кодэксу ірацыяльных каштоўнасцяў і існаванне ў адпаведнасці з кодэксам рацыянальных каштоўнасцяў. Такі чалавек адмаўляе незаслужаную віну і ніколі яе не заслугоўвае, а калі і заслугоўвае, то не пакідае памылкі нявыпраўленымі; ніколі не падпарадкоўваецца сваім недахопам; ніколі не ставіць сваё зацікаўленне, жаданне, страх альбо хвілінны настрой вышэй за самапавагу. І што самае галоўнае, яна мае пад сабой адмаўленне ад ролі ахвярнай жывёлы, адмаўленне ад любога вучэння, якое спавядае ідэю самаахвярнасці як цноты ці маральнага абавязку.

Асноўны сацыяльны прынцып аб’ектывісцкай этыкі палягае ў тым, што і жыццё, і кожны жывы чалавек сам па сабе з’яўляецца мэтай, а не сродкам для дасягнення мэтаў ці дабрабыту іншых, – і такім чынам, кожны чалавек павінен жыць дзеля сябе, а не ахвяраваць сабой дзеля іншых і не патрабаваць ад іх таго ж. А жыць дзеля сябе самога – гэта значыць лічыць уласнае шчасце сваёй найвышэйшай маральнай мэтай.

Калі гаварыць у тэрмінах псіхалогіі, праблема выжывання чалавека ставіцца перад яго свядомасцю не як праблема “жыццё альбо смерць”, а як праблема “шчасце альбо пакута”. Шчасце – гэта паспяховае жыццё, пакута – сігнал, які папярэджвае пра правал, пра смерць. Механізм “задавальненне – боль” аўтаматычна паказвае фізічны стан, добры ці дрэнны, чалавечага цела і з’яўляецца барометрам яго асноўнай альтэрнатывы – “жыццё ці смерць”; эмацыйны механізм свядомасці чалавека выконвае такую ж функцыю – ён з’яўляецца барометрам той жа альтэрнатывы і працуе за кошт дзвюх асноўных эмоцый: радасць ці пакута. Эмоцыі – гэта аўтаматычныя вынікі каштоўнасных суджэнняў чалавека плюс падсвядомасць; эмоцыі – гэта ацэнка таго, што падтрымлівае яго каштоўнасці альбо пагражае ім, таго, што за яго і супраць яго, – лічыльнікі, што імгненна паказваюць суму яго набыткаў ці стратаў.

Аднак калі крытэр каштоўнасці, звязаны з фізічным механізмам “задавальненне – боль” з’яўляецца аўтаматычным і натуральным, перадвызначаным самой прыродай чалавечага цела, крытэр каштоўнасці, звязаны з эмацыйным механізмам, такім не з’яўляецца. Чалавек не мае аўтаматычных ведаў, а таму не можа мець і аўтаматычных каштоўнасцяў; ён не мае прыроджаных ідэяў, а таму не можа мець і прыроджаных каштоўнасных меркаванняў.

Чалавек ад нараджэння мае эмацыйны механізм, а разам з ім – і механізм кагнітыўны, аднак пры нараджэнні абодва яны – “tabula rasa”. І менавіта здольнасць чалавека пазнаваць, яго розум перадвызначае іх змест. Эмацыйны механізм чалавека падобны да кампутара, пісаць праграму для якога павінен розум, – і праграма складаецца з тых каштоўнасцяў, якія ён выбірае.

Аднак з прычыны таго, што мозг чалавека не працуе аўтаматычна, яго каштоўнасці, як і ўсе яго зыходныя дапушчэнні, з’яўляюцца вынікам альбо яго мыслення, альбо адмаўлення ад мыслення: чалавек выбірае свае каштоўнасці, свядома іх асэнсоўваючы альбо проста іх прымаючы на падставе падсвядомых асацыяцый, веры, чыйгосьці аўтарытэту, нейкіх сацыяльных стэрэатыпаў ці сляпога пераймання. Эмоцыі – гэта прадукт зыходных дапушчэнняў чалавека, свядомых ці падсвядомых, выразных ці прыхаваных.

Чалавек не можа адчуваць, што для яго добра, а што дрэнна, аднак тое, што ён палічыць для сябе добрым ці дрэнным, што прынясе яму радасць ці боль, што ён будзе любіць ці ненавідзець, жадаць ці баяцца, залежыць ад яго крытэру каштоўнасці. Калі чалавек выбірае ірацыянальныя каштоўнасці, ён пераключае свой эмацыйны механізм з аховы на разбурэнне. Ірацыяльнае немагчымае, яно супярэчыць фактам рэальнасці, а факты не могуць змяняцца паводле жадання – яны могуць разбурыць таго, хто жадае. Калі чалавек жадае супярэчнасцяў і імкнецца да іх, калі ён хоча, каб і козы былі цэлыя, і ваўкі сытыя, ён парушае цэласнасць сваёй свядомасці і пачынае ў сваёй душы грамадзянскую вайну сляпых сіл, уцягнутых у цёмны, незразумелы, бессэнсоўны і бязмэтавы канфлікт (дарэчы, менавіта такі стан пануе ў душах большасці сучасных людзей).

Шчасце – гэта такі стан свядомасці, які выцякае з дасягнення сваіх каштоўнасцяў. Калі чалавек цэніць прадуктыўную працу, яго шчасце – гэта мера яго поспеху на службе свайму жыццю. Аднак калі чалавек цэніць разбурэнне, як садыст, альбо самакатаванне, як мазахіст, альбо тагасветнае жыццё, як містык, альбо бессэнсоўныя кіданні, як кіроўца звышхуткага аўтамабіля, яго так званае шчасце – гэта мера яго поспеху на службе ўласнаму разбурэнню. Варта дадаць, што эмацыйны стан усіх гэтых прыхільнікаў ірацыянальнага нельга назваць шчасцем альбо нават задавальненнем – гэта проста кароткачасовая палёгка, пазбаўленне ад хранічнага жаху.

Нельга дасягнуць ні шчасця, ні жыцця, кіруючыся ірацыянальнымі прыхамацямі. Чалавек вольны выбіраць любы выпадковы спосаб выжывання і жыць як паразіт, як жабрак альбо як махляр, аднак ён не можа цягам доўгага часу мець поспех; гэтаксама ён вольны шукаць шчасце ў любым ірацыянальным падмане, прыхамаці, ілюзіі, бяздумна збягаючы ад рэальнасці, аднак ён не можа цягам доўгага часу мець поспех і пазбегнуць вынікаў.

Цытую прамову Джона Галта: “Шчасце – гэта стан несупярэчлівай радасці, радасці без пакарання і віны, радасці, якая не сутыкаецца з аніводнай з вашых каштоўнасцяў і не вядзе да вашага разбурэння… Шчасце магчымае толькі для разумнага чалавека, чалавека, які ставіць перад сабой толькі разумныя мэты, імкнецца толькі да разумных каштоўнасцяў і атрымлівае радасць толькі ад разумных дзеянняў”.

Захаванне жыцця і пошук шчасця – гэта не дзве адасобленыя мэты. Лічыць сваё жыццё найвышэйшай каштоўнасцю, а сваё шчасце – асноўнай мэтай – гэта два бакі аднаго і таго ж медаля. З экзістэнцыйнага гледзішча дзеянні дзеля дасягнення разумных мэтаў – гэта дзеянні, скіраваныя на захаванне ўласнага жыцця; з псіхалагічнага гледзішча іх вынікам, узнагародай і абавязковым спадарожнікам з’яўляецца эмацыйны стан шчасця. Чалавек жыве тады, калі ён шчаслівы, гадзіну, год альбо ўсё жыццё. А адчуваючы тое чыстае шчасце, якое само па сабе з’яўляецца мэтай, калі чалавек думае: “Вось дзеля чаго варта было жыць”, – тады на мове эмоцый чалавек услаўляе і сцвярджае той метафізічны факт, што жыццё само па сабе з’яўляецца мэтай.

Аднак мэту і вынікі памяняць месцамі нельга. Толькі прыняўшы за аснову “жыццё, вартае чалавека” і толькі імкнучыся да разумных каштоўнасцяў, якіх такое жыццё патрабуе, чалавек можа быць шчаслівым – а не кіруючыся ўяўленнямі пра нейкае няпэўнае, ні ад чаго не залежнае “шчасце”. Калі вы дасягніце таго, што ёсць дабром паводле рацыянальнага крытэру каштоўнасцяў, вы абавязкова будзеце шчаслівымі, але тое, што робіць вас шчаслівымі паводле нейкага няпэўнага крытэру эмоцыяў, неабавязкова з’яўляецца дабром. Кіравацца ў сваіх дзеяннях “чым заўгодна, абы яно рабіла мяне шчаслівым” – гэта значыць кіравацца капрызамі нашых эмоцый, і не болей. Эмоцыі не з’яўляюцца інструментамі пазнання, і кіравацца эмоцыямі альбо жаданнямі, прыроду, крыніцу і значэнне якіх мы не ведаем, – значыць ператварыцца ў сляпога робата, якога прыводзяць у рух нейкія дэманы (як кажа банальнае выслоўе), робата, які б’ецца сваёй дурной галавой аб сцяну рэальнасці, бо адмаўляецца яе бачыць.

У гэтым палягае памылка геданізму, любога варыянту маральнага геданізму, прыватнага альбо сацыяльнага, індывідуальнага альбо калектыўнага. Па сутнасці, “шчасце” можа быць мэтай этыкі, аднак не яе крытэрам. Задача этыкі – вызначыць варты чалавека кодэкс каштоўнасцяў і такім чынам даць яму сродак дасягнуць шчасця. Сцвярджаць жа, як маральныя геданісты, што “вартай каштоўнасцю можа быць усё, што прыносіць шчасце” – тое самае, што сцвярджаць, нібыта “вартай каштоўнасцю можа быць усё, што чалавек захоча лічыць каштоўнасцю”, то бок здымаць з сябе усе паўнамоцтвы філосафаў і разумных людзей. А гэта будзе сведчыць выключна пра марнасць этыкі і дасць мажлівасць усім людзям гуляць без правілаў.

Філосафы, якія спрабавалі распрацаваць нібыта разумны маральны кодэкс, не прапанавалі чалавецтву нічога, апроч выбару паміж рознымі прыхамацямі: “эгаістычным” пераследаваннем сваёй прыхамаці (як у этыцы Ніцшэ) альбо “неэгаістычным” служэннем прыхамацям іншых (як у этыцы Бентама, Міля, Конта і ўсіх сацыяльных геданістаў, незалежна ад таго, дазвалялі яны чалавеку далучаць свае прыхамаці да прыхамацяў мільёнаў астатніх ці раілі яму ператварыцца ў абсалютна самаахвярнага недаробка, што аддае сябе іншым на абед).

Калі за аснову маралі бярэцца “жадаю”, незалежна ад яго прыроды і прычыны, а за этычную мэту (такую, як “найвышэйшае шчасце для найвялікшай колькасці”) – задавальненне любога і кожнага жадання, у людзей не застаецца нічога, апроч нянавісці, страху і ўзаемавынішчэння, бо іх жаданні і іх інтарэсы абавязкова сутыкнуцца. Калі “жадаю” робіцца маральным крытэрам, тады жаданне аднаго чалавека ствараць і жаданне другога рабаваць яго, жаданне аднаго чалавека быць каханым і паважаным за свае цноты і жаданне другога чалавека быць каханым і паважаным незаслужана, без аніякіх на тое падставаў, атрымліваюць аднолькавую маральную абгрунтаванасць. І калі любое нявыкананае жаданне лічыцца ахвярай, тады той чалавек, у каго скралі аўтамабіль, і той, хто марыць пра аўтамабіль, які яму адмаўляюцца падараваць, будуць аднолькава называцца ахвярамі – то бок атрымаюць аднолькавы этычны статус. У такім выпадку перад чалавекам будзе стаяць толькі адзін выбар – рабаваць ці быць абрабаваным, разбураць ці быць разбураным, ахвяраваць іншымі дзеля любога свайго жадання альбо зрабіцца ахвярай чужога жадання – то бок выбар быць садыстам альбо мазахістам.

Маральны канібалізм усіх геданістычных і альтруістычных дактрынаў палягае ў дапушчэнні, нібыта шчасце аднаго чалавека абавязкова прадугледжвае шкоду іншаму.

Сёння большасць людзей уважае гэтае дапушчэнне за найвышэйшую ісціну. І калі нехта гаворыць пра права чалавека жыць дзеля сябе, дзеля сваіх разумных інтарэсаў, большасць людзей аўтаматычна пачынае сцвярджаць, што гаворка ідзе пра права ахвяраваць іншымі. Такое сцверджанне сведчыць пра тое, што для іх нанясенне шкоды, запрыгоньванне, рабаўніцтва альбо забойства ўваходзіць у сферу інтарэсаў чалавека, ад якіх ён павінен бескарысліва адмовіцца. Думка пра тое, што інтарэсам чалавека могуць служыць толькі адносіны, што адмаўляюць ахвярнасць, ніколі не прыходзіла ў галаву гэтым чалавекалюбным апосталам бескарыслівасці, што крычаць пра сваё імкненне да ўсясветнага братэрства. Думка гэтая і не прыйдзе ў іх галовы (ды і ў галовы ўсіх астатніх) да таго часу, пакуль панятак “разумнае” не суадносіцца з паняткамі “каштоўнасці”, “жаданні”, “уласны інтарэс” і з паняткам этыкі.

Аб’ектывісцкая этыка годна абараняе і падтрымлівае разумны эгаізм, які мае пад сабой каштоўнасці, неабходныя для выжывання, вартага чалавека, каштоўнасці, неабходныя для чалавечага выжывання, а не каштоўнасці, што абумоўленыя жаданнямі, эмоцыямі, парываннямі, пачуццямі, прыхамацямі альбо патрэбамі неразумных дзікуноў, якія ніколі не падымуцца вышэй за першабытны ўзровень чалавечых ахвяраванняў, якія ніколі не вынайдуць індустрыяльнае грамадства і чые інтарэсы абмяжоўваюцца здабычай, толькі што адабранай у іншага.

Аб’ектывісцкая этыка сцвярджае, што карысць чалавека не патрабуе чалавечых ахвярапрынашэнняў, і атрымаць яе, прыносячы кагосьці ў ахвяру, нельга. Яна сцвярджае, што разумныя інтарэсы людзей не сутыкаюцца, што не існуе канфлікту інтарэсаў паміж людзьмі, якія не жадаюць незаробленага, якія не прыносяць ахвяраў і не прымаюць іх, якія стасуюцца як гандляры, абменьваючыся каштоўнасцямі.

Прынцып гандлю, абмену – адзіны разумны этычны прынцып для любых чалавечых стасункаў, прыватных і грамадскіх, індывідуальных і сацыяльных, духоўных і матэрыяльных. Гэта – прынцып справядлівасці.

Гандляр – гэта чалавек, як зарабляе тое, што атрымлівае, і не дае і не бярэ незаробленага. Ён ставіцца да людзей не як да гаспадароў ці рабоў, а як да роўных яму незалежных асобаў. Ён стасуецца з людзьмі на аснове свабоднага, добраахвотнага, нязмушанага, свядомага абмену, абмену, які прыносіць карысць абодвум бакам згодна з іх незалежным суджэннем. Гандляр чакае, што яму заплацяць не за яго няўдачы, а толькі за яго дасягненні. Ён не перакладае на чужыя плечы цяжар сваіх памылак і не аддае сваё жыццё ў заклад чужым памылкам.

У пытаннях духоўных (пад “духоўным” я тут маю на ўвазе тое, што мае дачыненне да чалавечай свядомасці) сродкі абмену альбо плата – іншыя, але прынцып той самы. Любоў, сяброўства, павага, захапленне – гэта эмацыйны адказ аднаго чалавека на цноты другога, духоўная плата за ўласнае, эгаістычнае задавальненне, якое адзін чалавек атрымлівае ад цнотаў другога чалавека. Толькі дзікун альбо альтруіст можа сцвярджаць, нібыта захапленне чужымі цнотамі неэгаістычнае, нібыта калі справа ідзе пра чыйсьці прыватны інтарэс і асалоду, няма ніякага значэнне, стасуешся ты з геніем ці дурнем, сустракаеш ты героя ці бандыта, жэнішся ты з ідэальнай жанчынай ці шлюндрай. У пытаннях духоўных гандляр – гэта чалавек, які хоча, каб яго любілі не за яго слабасці альбо недахопы, а толькі за яго вартасці, і які не будзе любіць за слабасці альбо недахопы, а толькі за вартасці.

“Любіць” – значыць “цаніць”. Толькі па-разумнаму эгаістычны чалавек, чалавек, які паважае сябе, здольны любіць – бо гэта адзіны чалавек, што мае трывалыя, паслядоўныя, нязменныя каштоўнасці, якім ён не здрадзіць. Чалавек, які не цэніць сябе, не зможа цаніць нічога і нікога.

Толькі на аснове разумнага эгаізму, на аснове справядлівасці людзі могуць жыць разам у свабодным, мірным, шчаслівым, добразычлівым, разумным грамадстве.

Ці можа чалавек мець якую-небудзь уласную карысць, жывучы ў чалавечым грамадстве? Можа – калі справа ідзе пра чалавечае грамадства. Грамадскае жыццё мае дзве вялікія каштоўнасці – веды і гандаль. Чалавек – гэта адзіны біялагічны від, які мае магчымасць перадаваць і павялічваць свой запас ведаў з пакалення ў пакаленне. Тыя веды, якія чалавек патэнцыйна можа атрымаць, значна большыя за тыя, якімі чалавек здольны авалодаць на працягу свайго жыцця; кожны чалавек мае невымерна вялікую карысць з тых ведаў, якія былі знойдзеныя іншымі. Другая значная перавага – гэта раздзяленне працы, што дае магчымасць чалавеку скіраваць свае высілкі ў нейкую пэўную сферу дзейнасці і гандляваць з тымі, хто спецыялізуецца ў іншай сферы. Такая форма супрацоўніцтва дазваляе ўсім удзельнікам атрымаць больш ведаў, навыкаў і прыбытку са свае працы, чым яны маглі б атрымаць у тым выпадку, калі б кожнаму з іх даводзілася на бязлюднай выспе ці на ферме з самадастатковым тыпам гаспадарання вырабляць усё, што яму неабходна.

Аднак менавіта гэтыя перавагі вызначаюць і абмяжоўваюць той тып людзей, якія могуць мець каштоўнасць адно для аднаго, а таксама адпаведны тып грамадства: толькі рацыянальны, здольны, незалежны чалавек у рацыянальным, прадуктыўным, свабодным грамадстве. Паразіты, жабракі, махляры, дзікуны і бандыты не маюць ніякай карысці для чалавека, ды і ён не можа атрымаць ніякай карысці, жывучы ў грамадстве, прыстасаваным да іх патрэбаў, дзейнічае згодна з іх жаданнямі і для іх абароны, жывучы ў грамадстве, якое лічыць яго ахвярнай жывёлай і карае за яго вартасці дзеля таго, каб узнагародзіць іх заганы, то бок грамадства, заснаванае на этыцы альтруізму. Ніякае грамадства не можа быць каштоўным для чалавека, калі плаціць прыйдзецца сваім правам на жыццё.

Асноўны палітычны прынцып аб’ектывісцкай этыкі палягае ў тым, што ніводны чалавек не можа першым ужыць фізічную сілу супраць іншых людзей. Ніводны чалавек, ніводная група людзей, альбо грамадства, альбо ўрад не маюць права прыняць на сябе ролю злачынцы і першым ужыць сродкі фізічнага прымусу ў дачыненні да іншых людзей. Чалавек мае права ўжыць фізічную сілу толькі ў якасці адплаты і толькі ў дачыненні да таго, што першым ужыў яе. Дадзены маральны прынцып просты і выразны: існуе адрозненне паміж забойцам і тым, хто сябе абараняе. Рабаўнік спрабуе адабраць каштоўнасць, багацце, забіваючы сваю ахвяру; ахвяра не багацее, забіўшы рабаўніка. Прынцып палягае ў наступным: ніводны чалавек не мае права завалодаць чужымі каштоўнасцямі шляхам выкарыстання фізічнае сілы.

Адзінай сапраўднай, маральнай мэтай дзяржавы з’яўляецца абарона правоў чалавека, то бок абарона чалавека ад фізічнага гвалту, абарона яго права на жыццё, на свабоду, на ўласнасць, і забеспячэнне яго шчасця. Без правоў на ўласнасць немажлівыя ніякія іншыя правы.

Я не буду спрабаваць у рамках невялікай лекцыі разгледзець палітычную тэорыю аб’ектывізму. Тыя, каго зацікавіць гэтае пытанне, знойдуць яго дэтальны разгляд ў рамане “Атлант расправіў плечы”. Скажу толькі, што любая палітычная сістэма заснаваная на нейкай этычнай тэорыі і з яе выцякае, і што аб’ектывісцкая этыка – гэта маральная аснова для той палітычна-эканамічнай сістэмы, якая сёння ва ўсім свеце разбураецца менавіта праз недахоп маральнай, філасофскай абароны і абгрунтавання, – для сапраўднай амерыканскай сістэмы, для капіталізму. Калі яна знікне, яна знікне памылкова, нікім не адкрытая і незаўважаная – яшчэ ніводны прадмет так не скажаўся, не разумеўся і не інтэрпрэтаваўся так няправільна. Мала хто сёння ведае, чым насамрэч з’яўляецца капіталізм, як ён працуе і якая яго сапраўдная гісторыя.

Гаворачы пра капіталізм, я маю на ўвазе паўнавартасны, чысты, непадкантрольны, нерэгуляваны капіталізм, пры якім дзяржава не ўмешваецца ў эканоміку і аддзеленая ад яе такім самым чынам і з тых самых прычынаў, паводле якіх яна аддзеленая ад царквы. Капіталізм у чыстым выглядзе не існаваў яшчэ ніколі і нідзе, нават у Амерыцы; дзяржаўны кантроль у рознай ступені скажаў і абмяжоўваў яго ўжо на самай ранняй стадыі развіцця. Капіталізм – гэта не сістэмы мінулага, гэта сістэма будучыні – калі будучыня ў чалавецтва будзе.

Тым, хто цікавіцца гісторыяй і псіхалагічнымі прычынамі, паводле якіх філосафы здрадзілі капіталізму, нагадаю, што гэтыя пытанні разглядаюцца ў аднайменным эсэ з маёй кнігі “Для новага інтэлектуала”.

У сённяшняй жа дыскусіі абмяжуемся толькі праблемамі этыкі. Я расказала толькі пра самыя асновы маёй сістэмы, аднак гэтага дастаткова дзеля таго, каб паказаць, чаму аб’ектывісцкая этыка – гэта мараль жыцця ў адрозненне ад трох асноўных этычных школ, містычнай, сацыяльнай і суб’ектыўнай, якія давялі свет да яго цяперашняга стану і якія прэзентуюць мараль смерці.

Тры гэтыя школы адрозніваюцца не па сутнасці, а толькі сваім метадалагічным падыходам. Па сутнасці ўсе яны – проста варыянты альтруізму, этычнай тэорыі, якая патрабуе чалавечых ахвярапрынашэнняў, адмаўляе права чалавека жыць дзеля сябе і сцвярджае, што служыць іншым – адзінае апраўданне чалавечага існавання, а самаахвярнасць – найвышэйшы маральны абавязак, цнота і каштоўнасць. Адрозненне палягае толькі ў тым, кім трэба ахвяраваць і дзеля каго. Альтруізм прызнае смерць найпершай мэтай і крытэрам жыцця, з чаго лагічна вынікае, што ён абараняе такія “цноты”, як адмаўленне, пакору, самаахвяраванне і любую форму пакуты, у тым ліку самаразбурэнне. Лагічна таксама, што ўсё гэта апынаецца адзіным дасягненнем тых, хто практыкуе альтруізм.

Звярніце ўвагу на тое, што тры гэтыя этычныя школы скіраваныя супраць жыцця не толькі па сутнасці, але і паводле свайго метадалагічнага падыходу.

Містычная тэорыя этыкі выразна грунтуецца на дапушчэнні, што крытэр каштоўнасці чалавечай этыкі вызначаны ў іншым свеце паводле законаў ці патрабаванняў нейкага надзвычайнага вымярэння, што жыць у адпаведнасці з этычнымі правіламі немагчыма, бо яны не прыстасаваныя да чалавечага жыцця і супярэчаць яму, і што чалавек павінен узяць віну за гэта на сябе і пакутаваць цягам усяго свайго зямнога існавання, каб выкупіць віну за сваю няздольнасць жыць у адпаведнасці з тым, з чым жыць немажліва. Змрочныя часы Сярэднявечча – вось экзістэнцыйны помнік такой этычнай тэорыі.

Сацыяльная тэорыя этыкі замяняе Бога “грамадствам”, і хаця паводле яе сцверджанняў найпершым яе клопатам з’яўляецца зямное жыццё, гэта не жыццё чалавека, не жыццё індывідуума, а жыццё нейкага бясформеннага стварэння, калектыву, які ў адносінах да кожнага чалавека складаецца з усіх людзей, апроч яго. Калі ж справа ідзе пра індывідуума, ён маральна абавязаны быць бескарыслівым, безгалосым, бяспраўным рабом любой патрэбы, патрабавання альбо прэтэнзіі астатніх. Лозунг “чалавек чалавеку воўк”, які нельга прывязаць ні да капіталізму, ні да ваўкоў, цалкам можа быць прывязаны да сацыяльнай тэорыі этыкі. Экзістэнцыйны помнік гэтай тэорыі – нацысцкая Германія альбо Савецкая Расія.

Суб’ектыўная тэорыя этыкі, калі быць дакладнай, з’яўляецца нават не тэорыяй, а адмаўленнем тэорыі. Больш за тое, гэта адмаўленне рэчаіснасці, адмаўленне не проста чалавечага існавання, але любога існавання. Толькі ўяўленне пра сусвет як пра нешта зменлівае, няўстойлівае, невыразнае, гераклітаўскае магло дазволіць камусьці думаць і казаць пра тое, што чалавеку не патрэбныя аб’ектыўныя прынцыпы дзеянняў, што рэчаіснасць дае чалавеку свабоду выбару каштоўнасцяў, што будзе працаваць любое адвольнае вызначэнне дабра і зла, што чалавечая прыхамаць – надзейны маральны крытэр і што адзінае пытанне палягае ў тым, як выйсці сухім з вады. Экзістэнцыйны помнік гэтай тэорыі – сучасны стан нашай культуры.

Не чалавечая амаральнасць з’яўляецца прычынай краху, які пагражае разбурэннем усяму цывілізаванаму свету, а тая мараль, паводле якой чалавека прымушалі жыць. Адказнасць ляжыць на філосафах альтруізму. У іх няма прычынаў здзіўляцца і абурацца, сузіраючы поспех сваіх ідэяў, і яны не маюць права праклінаць чалавечую прыроду: людзі проста падпарадкаваліся ім і ажыццявілі іх ідэі.

Менавіта філасофія ставіць мэты і скіроўвае нас на пэўны шлях; менавіта філасофія можа нас цяпер уратаваць. Сёння перад светам стаіць выбар: людзі павінны адмовіцца ад маралі альтруізму, калі хочуць, каб цывілізацыя выжыла.

А напрыканцы зноў працытую Джона Галта, як і ён, адрасуючы гэтыя словы мінулым і сучасным маралістам ад альтруізму:

«Вашай зброяй быў страх, і вы неслі чалавеку смерць як пакаранне за адмаўленне вашае маралі. Мы прапануем яму жыццё як узнагароду за тое, што ён прыняў нашую».


Крыніца перакладу: Rand, A. The virtue of selfishness / A. Rand. – NY: Peniguin Group, 1964. – 151 p.

© Leonard Peikoff, 2010
© Ганна Янкута, пераклад, 2010

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2013

Чытайце таксама

Хмарка

Хмарка

Беларуская паэтка

Тэрэза Вэйга

Тэрэза Вэйга

Партугальская пісьменніца, не дае інтэрв’ю і не раскрывае сваёй сапраўднай асобы

Чарлз Кослі

Чарлз Кослі

Брытанскі корнскі паэт і празаік, вядомы найперш дзякуючы простым апавяданням і вершам, у якіх часта выкарыстоўваюцца сюжэты з фальклору і многія з якіх звязаныя з Корнуэлам.

Эрнэст Сава

Эрнэст Сава

Франкамоўны пісьменнік беларускага паходжання

1164