№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Кейт Шапэн

Навальніца (The Storm)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


І

Усё замерла, ніводзін лісцік не зварухнуўся, і нават Бібі вырашыў, што пойдзе дождж. Бабіно, прызвычаены практычна на роўных размаўляць са сваім маленькім сынам, звярнуў увагу дзіцяці на цёмныя хмары, што неяк злавесна насоўваліся з захаду ў суправаджэнні      панурых і пагрозлівых раскатаў. Яны якраз былі ў краме Фрыдхаймера і вырашылі перачакаць навальніцу там. Селі ля выхаду на дзве пустыя бочкі. Бібі было чатыры, выглядаў ён вельмі разумным.

– А мама будзе баяцца, – міргаючы, зазначыў ён.

– Яна зачыніцца дома. Магчыма, сёння ўвечары ёй дапамагае Сільвія, – пераканаўча адказаў Бабіно.

– Не, там няма Сільвіі. Яна дапамагала ёй учора, – прашчабятаў Бібі.

Бабіно падняўся, прайшоў да прылаўка і купіў бляшанку крэветак, якія так любіць Каліста. Потым вярнуўся да свайго месца на бочцы і сеў, абыякава трымаючы бляшанку. Тут і ўсчалася навальніца. Яна скаланала драўляную краму і, падаецца, успорвала поле непадалёк вялізнымі разорамі. Бібі паклаў сваю маленькую ручку на бацькава калена і не баяўся.

ІІ

Дома Каліста практычна не хвалявалася за іх. Яна сядзела ля бакавога акна і з запалам шыла на машынцы. Яна так заглыбілася ў свой занятак, што не заўважыла, як наблізілася навальніца. Але было вельмі спякотна, і жанчына часцяком спынялася, каб выцерці з твару кропелькі поту. Яна расшпіліла верхнія гузікі сваёй белай жакеткі. Пачало цямнець, і, раптам зразумеўшы, у чым справа, яна хуценька ўстала і пайшла зачыняць вокны і дзверы.

На малой верандзе яна вывесіла сушыцца нядзельны касцюм Бабіно і цяпер кінулася яго здымаць, пакуль не паліў дождж. Як толькі яна выйшла, да варотаў пад’ехаў Алсі Лабальер. Яна не так часта бачылася з ім пасля замужжа і ніколі – сам-насам. Яна стаяла, трымаючы пінжак Бабіно, і тут з неба пачалі падаць вялізныя кроплі дажджу. Алсі скіраваў свайго каня пад навес, дзе разам збіліся кураняты, а ў куце ляжалі пілы і бароны.

– Можна мне падняцца і пачакаць на вашай верандзе, пакуль скончыцца дождж, Каліста? – запытаўся ён.

– Праходзьце, спадар Алсі.

Яго голас і яе ўласны неяк спалохалі яе, нібы абудзілі ад сну, і яна ўзялася за камізэльку Бабіно. Алсі, падняўшыся на ганак, схапіў порткі і падхапіў абшыты тасьмой жакет Бібі, які ледзь не знёс, нечакана наляцеўшы, парыў ветру. Ён хацеў застацца звонку, але ў хуткім часе стала зразумела, што з такім самым поспехам можна было і не хавацца – вада лілася з неба суцэльным патокам, і ён зайшоў усярэдзіну, прычыніўшы за сабой дзверы. Давялося нават пад іх нешта падкласці, бо вада прасочвалася і ў дом.

– Божачкі! Які дождж! Ужо, мабыць, два гады, як такога дажджу не было, – усклікнула Каліста, скручваючы кавалак анучы, а Алсі дапамог ёй падсунуць яго ў шчыліну пад дзвярыма.

Яна крыху папаўнела з таго часу, як пяць гадоў таму выйшла замуж. Але жвавасці ў ёй не паменела. Яе блакітныя вочы захавалі сваю мяккасць, а светлыя валасы, растрапаныя ветрам і дажджом, яшчэ больш зацята завіліся ля вушэй і на скронях.

Дождж з такой сілай і гулам біў па нізкім гантаваным даху, што, падавалася, вось-вось разламае веранду і залье іх тут. Яны ў сталовай – у гасцёўні – у каморы. Тут жа была яе спальня з канапай Бібі ля яе пасцелі. Дзверы былі расчыненыя, і пакой з вялізным белым ложкам і зачыненымі аканіцамі выглядаў змрочна і загадкава.

Алсі раскінуўся ў крэсле-качалцы, а Каліста пачала нервова збіраць раскіданыя на падлозе кавалкі баваўнянай прасціны, якую шыла перад гэтым.

– Будзе так ліць, дамбы могуць не вытрымаць, не дай Божа! – усклікнула яна.

– А што вам да дамбаў?

– Хапае чаго! І Бабіно з Бібі недзе ў такую навальніцу – толькі б яны засталіся ў Фрыдхаймера!

– Будзем спадзявацца, Каліста, што ў Бабіно даволі розуму не выходзіць у буру.

Яна падышла і стала ля акна з надзвычай заклапочаным выразам на твары, працерла запацелае ад вільгаці шкло. Было горача і душна. Алсі падняўся і таксама стаў ля акна, гледзячы ёй праз плячо. Дождж ліў суцэльнай сцяной, хаваючы ад пагляду недалёкія хаціны і агортваючы лес наводдаль шэрым туманам. Маланка бліскала бесперастанку. Раптам удар трапіў у мыльнае дрэва, што стаяла на ўскрайку поля. Усё наўколле залілося асляпляльным святлом і, падавалася, грукат зараз абрынецца на дах, пад якім яны хаваліся.

Каліста закрыла вочы рукамі і з крыкам адскочыла назад. Рука Алсі абхапіла яе, і ў той жа момант ён рэзка прыцягнуў яе да сябе.

– Bonte! [1] – усклікнула яна, вызваляючыся ад яго абдымкаў і адступаючы ад акна. – Наступным будзе наш дом! Каб толькі я ведала, дзе Бібі!

Яна не магла супакоіцца, не знаходзіла сабе месца. Алсі схапіў яе за плечы і паглядзеў проста ў твар. Дотык да яе цёплага трапяткога цела, калі ён бяздумна прыцягнуў яе ў свае абдоймы, абудзіў у ім забытае захапленне і жаданне яе плоці.

– Каліста, – прамовіў ён, – не бойся. Нічога не здарыцца. Дом занадта нізкі, каб у яго трапіла маланка, і да таго ж наўкола так шмат высокіх дрэваў. Цішэй! Супакойся, давай.

Ён адкінуў валасы з яе гарачага твару. Яе вусны чырванелі і блішчалі зернем гранату. Яе белая шыя і выгляд поўных цвёрдых грудзей моцна хвалявалі яго. А калі яна падняла на яго пагляд, страх у яе вільготных блакітных вачах змяніўся прыглушаным ззяннем, што несвядома выдаваў пажаду. Ён паглядзеў ёй у вочы, і яму нічога не заставалася, як злучыць яе вусны пацалункам. Гэта нагадала яму пра Успенне.

– А памятаеш Успенне, Каліста? – запытаўся ён ціхім, здушаным жарсцю голасам.

О! Яшчэ б яна не памятала. Бо на Успенне ён яе цалаваў, цалаваў, цалаваў, пакуль пачуцці не пачалі яму здраждваць, і тады, каб абараніць яе, ён кінуўся бегчы штосілы. Калі б яна не была такой чыстай галубкай у тыя дні, такой некранутай, тады безабароннасць яе палкай натуры не вымусіла б яе абараняцца, а яго гонару не давялося б гэтаму супраціўляцца. Цяпер жа – напраўду, цяпер яе вусны, падавалася, так лёгка смакаваць, як і яе поўную белую шыю і яшчэ бялейшыя грудзі.

Яны не зважалі на шум дажджавых патокаў, і выццё стыхіі выклікала ў яе толькі смех, калі яна легла ў яго абдымкі. Яна сама раскрылася ў тым змрочным і загадкавым пакоі, сама белая, як канапа, на якую клалася. Яе напятае пругкае цела, што ўпершыню спасцігала сваё ад нараджэння дадзенае права, было як белая лілея, якой сонца дорыць сваё дыханне і водар вечнага жыцця сусвету.

Шчодрае багацце яе пачуцця, без цені падману ці хітрасці, быццам бялюткае полымя, пранікала ў самыя глыбіні яго пачуццёвасці, дагэтуль нікім не дасягнутай.

Калі ён крануўся яе грудзей, яны паддаліся яму, ахопленыя дрыготкім экстазам у чаканні яго пацалункаў. Яе вусны сталі крыніцай насалоды. І калі ён авалодаў ёю, яны, падавалася, знепрытомнелі ад задавальнення на самым узмежжы таямніцаў жыцця.

У атачэнні падушак ён узвышаўся над ёю і цяжка дыхаў, збянтэжаны і стомлены, яго сэрца калацілася, быццам молат, над ёю. Адной рукой яна абдымала яго галаву і вуснамі злёгку краналася ягонага ілба. Другой рукою заспакаяльна пагладжвала яго мускулістыя плечы.

Гул навальніцы, аддаляючыся, сціхаў. Дождж лёгка струменіў па даху, нібы запрашаючы іх да дрымоты ці сну. Але паддацца яму яны не наважыліся.

ІІІ

Дождж скончыўся, і сонца ператварала іскрысты зялёны свет у палацы з каштоўнага камення. Каліста, стоячы на верандзе, глядзела, як скача прэч Алсі. Ён павярнуўся і ўсміхнуўся ёй радасна, а яна падняла свой пекны падбародак і голасна засмяялася.

Плетучыся дахаты, Бабіно і Бібі спыніліся ля сажалкі, каб крыху прывесці сябе ў парадак.

– Гэй, Бібі, а што скажа мама! Табе мусіць быць сорамна. Ты мусіш надзець гэтыя прыгожыя штонікі. Толькі глянь на іх! А бруд на тваім каўняры? Як жа ты і каўнер здолеў забрудзіць, Бібі?! Ніколі не сустракаў я такога хлопца!

Бібі быў проста прыкладам жаласлівай пакоры. А Бабіно – увасабленнем сур’ёзнай руплівасці, калі спрабаваў прыбраць з сябе і сына праявы гэтага нялёгкага шляху праз гразкія дарогі і мокрыя палі. Ён палачкай счышчаў кавалкі бруду з голых ног Бібі і асцярожна прыбіраў усе сляды з яго цяжкіх боцікаў.

Каліста гатавала вячэру. Яна накрыла стол і ставіла каву на чарэнь. І аж ускочыла, калі пабачыла іх.

– Ой, Бабіно! Ты вярнуўся! Божа, як я за вас перажывала. Дзе ж вы былі ў такі дождж? А Бібі? Ён не намок? Не захварэў?

Яна абхапіла Бібі і ўсё цалавала яго, цалавала. Тлумачэнні і прабачэнні Бабіно, якія ён перад гэтым выдумляў усю дарогу, замерлі на яго вуснах, калі Каліста праверыла, ці не намок ён, і, падаецца, адчувала толькі радасць ад іх шчаслівага вяртання.

– Я прынёс табе крэветак, Каліста, – сказаў Бабіно, выцягваючы з кішэні бляшанку і ставячы яе на стол.

– Крэветкі! Бабіно, ты такі харошы! – яна сакавіта пацалавала яго ў шчаку і дадала, – J'vous responds, [2] у нас сёння свята! Ура!

Бабіно і Бібі пачалі паціху супакойвацца і радавацца жыццю. І калі ўсе ўтрох селі за стол, яны смяяліся так шмат і так гучна, што было чуваць, мабыць, нават у Лабальераў.

ІV

У той вечар Алсі Лабальер напісаў ліст сваёй жонцы Кларысе. Гэта быў любоўны ліст, поўны пяшчотнай клапатлівасці. Ён прасіў яе не спяшацца назад, і калі ёй і дзеткам падабаецца ў Білоксі, яны могуць застацца там яшчэ на месяц. У яго ўсё добра, і хаця ён па іх сумуе, усё ж хоча крыху працягнуць іх расстанне, бо разумее, што перш за ўсё варта думаць пра іх здароўе і шчасце.

V

Што да Кларысы, то яна вельмі ўсцешылася, атрымаўшы ліст мужа. Яна і дзеці пачуваліся добра. Кампанія была прыемная: у бухце гасцявала шмат яе старых сяброў і знаёмых. І першы вольны ўздых пасля замужжа, падавалася, ажывіў у ёй тую прыемную свабоду дзявочых часоў. Пры ўсёй яе адданасці мужу, іх інтымнае жыццё ў шлюбе для яе было чымсьці, ад чаго яна больш чым ахвотна адмовілася б на пэўны час.

Навальніца прайшла, і ўсе былі шчаслівыя.


Каментар

[1] Сілы нябесныя! (фр.)
[2] Ну, скажу я вам (фр.)


Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2010

Чытайце таксама

Хмарка

Хмарка

Беларуская паэтка

Тэрэза Вэйга

Тэрэза Вэйга

Партугальская пісьменніца, не дае інтэрв’ю і не раскрывае сваёй сапраўднай асобы

Чарлз Кослі

Чарлз Кослі

Брытанскі корнскі паэт і празаік, вядомы найперш дзякуючы простым апавяданням і вершам, у якіх часта выкарыстоўваюцца сюжэты з фальклору і многія з якіх звязаныя з Корнуэлам.

Эрнэст Сава

Эрнэст Сава

Франкамоўны пісьменнік беларускага паходжання

1470