№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Саламея Пільштынова

Авантуры майго жыцця (Proceder podróży i życia mego awantur)

Раман

Пераклад з польскай Мікола Хаўстовіч

Раздзел першы


ПЕРШАЕ ПАДАРОЖЖА Ў СТАМБУЛ

У маладым веку маім выдалі мяне мае бацькі (Яўхім Русецкі) замуж з Літвы [1], ваяводства наваградскага, за лекара Якуба Галыгіра, з якім я гэтага ж года паехала ў Стамбул [2], і адразу прынятыя мы былі ў прыстойных людзей, бо ён быў надзвычай добры лекар медыцыны, і Пан Бог нас блаславіў, і да нас павярнулася Фартуна. Таго разу трапіўся нам адзін турак, вялікі багатыр, султанскі чаўш [3], які быў сляпы на абодва вокі і калека на абедзве рукі і абедзве нагі ўжо гадоў сем, і старгаваўся ён з маім мужам за пяцьсот леваў [4], каб той яго вылечыў. Адразу гэты турак-чаўш даў грошы майму мужу, а муж мой узяўся яго лячыць ды так добра і шчасліва вылечыў, што мог той сам чытаць і пісаць вачыма і рукамі сваімі і хадзіць нагамі, куды хацеў, нават без кійка. Пра гэта даведаўся імператар, султан Махмед [5], і шмат падарункаў атрымаў мой муж ад султана і стаў вельмі славутым лекарам у Стамбуле. Але той турак, аднак, яшчэ дэкокт [6] піў і лекі браў, бо яшчэ не скончылася – паводле звычаю – трохмесячнае лячэнне. Аднаго дня даў яму мой муж лекі вельмі добрыя і выпрабаваныя, але таго ж дня, як выпіў гэтыя лекі, памёр наш пацыент. Тады пачаліся нападкі і гвалт на майго мужа ад жонкі і дзяцей таго памерлага турка, што абавязкова хацелі загаду задушыць майго мужа. Яны паслалі супліку [7] візіру [8], а ў той час быў кепскі візір, Ісмаіл-паша, які туркаў і хрысціян душыў, як кот мышэй. I вось укінулі майго мужа ў вязніцу, каб пасля пакараць смерцю.

А я ў той час вельмі цяжка хварэла на пошасць і чары. Адну нагу мела ўсохлую і карацейшую за другую на паўлокця [9], і ўсё цела нясцерпна балела. Аднак у такім цяжкім становішчы загадала несці мяне ў сакеце [10] да вязніцы майго мужа і пыталася яго, што мне загадае чыніць. Ён даў мне параду, каб паслала супліку візіру, даводзячы бязвіннасць майго мужа, каб вызваліў яго з гэтае вязніцы. Так я і зрабіла. Казала напісаць турэцкую супліку і аддала яе візіру на Дыване [11] ў прысутнасці многіх людзей і атрымала адказ, каб прыйшла ў кінды [12], гэта значыць у час вячэрні, і забрала рэспонс [13]. Дык зноў казала занесці мяне ў час вячэрні і атрымала рэспонс праз лёкая візірскага, каб прыйшла ў палац візірскі ахшам-карсы, гэта значыць увечары. Я вельмі здзівілася, што гэта за патрэба, каб я ўвечары па рэспонс хадзіць мусіла, а ўсе людзі яго ўдзень атрымліваюць. I зноў казала занесці мяне да вязніцы майго мужа і апавядала яму, што чула. I так мне мой муж адказаў: лепей найжахлівейшаю смерцю памерці, чым каб я ў яго адсутнасць схілілася да неабдуманага жыцця і запляміла сваё чыстае сумленне. Прыйшла ноч, і я загадала несці сябе дахаты.

Пераначаваўшы, я назаўтра загадала насіць мяне сюды-туды да ўплывовых паноў турэцкіх і добрых маіх прыяцеляў, каб мяне памірылі з тымі дахвадзыямі [14], гэта значыць з жонкаю і дзецьмі таго памерлага чаўша. I ледзь-ледзь вялікімі стараннямі і дапамогаю Божаю ўладкавала я гэтую справу за пяць тысяч леваў, гэта значыць дзесяць кес [15], бо ў кожнай кесе пяцьсот леваў, а кожны леў – чатыры тынфы [16]. Узяла я паперу ў судзе, паводле звычаяў турэцкіх, і быў вызвалены мой муж з вязніцы, і меў вялікую павагу да мяне за мае старанні і выдаткі.

Пасля праз некалькі месяцаў маімі стараннямі і даследаваннямі, з якое гэта прычыны памёр той наш пацыент, і мы так шмат мусілі за яго плаціць, дазналася я, што тыя апошнія лекі, ад якіх чаўш памёр, зрабілі ў Стамбуле ў адной аптэцы, паводле рэцэпту майго мужа, і там быў пры гэтым адзін габрай, лекар Фансека [17], і ён з зайздрасці ўкінуў у ступку, дзе гатаваліся лекі, атруты, і такім чынам памёр той турак. I казала я мужу майму, каб даў позву аптэкару, навошта ён дазволіў габраю атруту дабаўляць да лекаў. А муж мой адказаў мне: «Дзякуй Пану Богу, што мяне не пазбавілі жыцця. Добра, што на грашах скончылася».

Дык я ўпотай ад мужа майго і ў адсутнасць ягоную загадала напісаць добрую супліку з тлумачэннем прычыны смерці чаўша і пра мае дзесяць кес, што нападнікам [18] дала, а гэта па прычыне атруты, дадзенае лекарам-габраем Фансекам і аптэкарам Ёганам. I вось, маючы гатовую супліку, я загадала несці мяне ў сакеце на Дыван, на візірскі суд. Ужо ранейшага візіра Ізмаіла пазбавілі пасады, ужо другі, ласкавейшы быў, Алі-паша, дык я дала яму маю супліку, і вусна мовіць мне была дадзена аўдыенцыя, чаго хачу. I распавядала, што я полька і прышлая ў іх краі, і шмат іншых слоў, якія неабходны ў гутарцы, і прасіла, каб аптэкар Еган і габрай Фансека былі зараз пастаўлены перад вачамі маімі на суд, але прасіла, каб ім не казалі прычыну, за што іх клічуць да візіра, а гэта таму, каб яны не прыгатавалі довадаў супраць мяне. I вось праз паўтары гадзіны яны стаялі на Дыване ў пашы-капысы [19], гэта значыць у судовай зале, і тут жа адзін турэцкі сенатар адразу пачаў лекара і аптэкара лаяць, а я таксама пачала на іх наракаць: “3а што вы такога прыстойнага чалавека, чаўша, са свету звялі вашаю атрутай і мяне пазбавілі 10 кес грошай і добрага імя мужа майго, бо па Стамбуле разышлося, што чаўш памёр ад Гальпіравых лекаў, і праз гэта людзі з агідаю ставяцца да яго”.

Тут страх вялікі таго лекара Фансеку ахапіў, і пры людзях ён абяцаў мне аддаць тыя дзесяць кес і міласцю Божаю прасіў мяне, каб ужо тую справу забыла, бо чым далей пра тое будзе напамін, дык не тое што набытак, а і жыццё пакладзеш за тую справу. I яны залагодзілі суд некалькімі тысячамі, і мне вярнулі мае грошы, гэта значыць дзесяць кес.

Але муж мой, яснавяльможны пан Гальпір, не ведаў пра гэтую прыгоду, бо не быў дома, а за шэсць гадзін дарогі ад Стамбула лячыў аднаго грэчаскага князя. Як даведаўся, што я гэтую справу распачала, дык уцёк той жа гадзінаю без вестак аж да Брусы [20], горада турэцкага, і мусіла я за ім пасылаць і запэўніць, каб нічога не баяўся. То ён прыехаў і быў вельмі пацешаны [21].

NB. Прыпамінаю сабе яшчэ некаторыя стамбульскія авантуры, бо ўся гэтая кніжка напісана толькі да ўвагі волі Божае і дзеля людское пацехі. Вышэй памянёны габрай, лекар Фансека, быў маім непрыяцелем і атруціў майго пацыента, чаўш-пашу, і я мусіла даць дзесяць кес нападнікам, а пасля з дапамогай візіра і ласкі Пана Бога адабрала я ад яго мае 10 кес грошай, таму той лекар Фансека не адмовіўся ад помсты і задумаў, якім чынам перашкодзіць майму шчасцю. I пайшоў ён да гэкім-пашы, гэта значыць да старэйшага імператарскага лекара, ад якога ўсе лекары залежаць і без ягонага дазволу аніводзін, нават найлепшы лекар, нікога лячыць не можа, пакуль ад гэкім-пашы тэстымоніума не возьме, гэта значыць дазволу. I вось на мяне лекар Фансека нагаварыў, што я нічога не ўмею ў лекарстве, а да таго ж і белагаловая, і каб мне пагрозамі забараніў, абы я не адважылася больш лячыць, хіба што толькі кабет, хворых на вочы, бо гэтыя хваробы я ўжо някепска ўмела лячыць, таму што мой муж яго мосць пан Гальпір быў надзвычай добры акуліст і навучыў мяне, і я ад іншага акуліста, турка з Бабілона, узяла асобныя патрэбныя веды.

Дык гэкім-паша запрасіў да сябе майго мужа і сурова загадаў яму, каб не дазваляў мне лячыць у Стамбуле нікога з мужчын, толькі белагаловых і то хворых на вочы. I я мусіла задавальняцца тым, што мне дазволілі. Але я мела адну пацыентку, жонку кавяра [22], якая некалькі гадоў не бачыла, і я яе з ласкі Пана Бога вылечыла. Пасля лячэння яна заплаціла, а тут, у Стамбуле, ёсць такі звычай, што адзін дзеля другога прыяцеля робіць зяфет, гэта значыць банкет, паводле патрэб і магчымасцей кожнага, і гэта, калі адбываецца летам, дык у італьянскім садзе. Дык пацыентка мая, жонка гандляра каваю, наняла дзве каляскі, села ў адну, узяла мяне і сваю дачку, выдадзеную замуж, і сына свайго, маладога прыгожага хлопца імем Фейзула. Ён меў дыяментавы гадзіннік, і аздоблены дыяментамі нож, і пярсцёнак, і футра сабалінае на сабе. У другой калясцы былі дзве яе нявольніцы і яе малыя дзеці, і ўзялі мы з сабою шмат добрых страў і цукровых сіропаў для піцця вады. А я загадала свайму лёкаю, каб дзеля мяне ўзяў дзве маленькія пляшачкі віна, і каб схаваў іх у калясцы, і каб мая кадыня не бачыла. Мы былі ў садзе, а каляскі стаялі ля саду. Я пасля частавання выйшла нібыта па нешта і сказала майму лёкаю: «Дай мне адну пляшачку віна». I я выпіла яе, а другая поўная засталася.

Але ў Стамбуле існуе забарона піць і прадаваць віно, і таму частая і строгая варта ходзіць. I наткнулася варта на наш поезд, і знайшлі яны пляшку віна, а другую выпітую (але з вінным пахам), і пыталіся, хто гэта піў. Фурман сказаў: «Не ведаю». Пыталася варта, што гэта за белагаловыя з мужчынамі. Фурман сказаў: «Гэта яны нанялі ў мяне каляскі». Варта таго не ведае, што то маці з сынам і дачкою і я, іх лекарка, толькі кепскае пра нас думалі, мяркуючы, што той сын Фейзула — кепскі чалавек і мы, белагаловыя, людзі распусныя і дурных паводзінаў. Дык без цырымоніі пачалі яны яго, небараку, тармасіць на вачах у маці і адабралі гадзіннік, нож, сабалінае футра, а яго сопамі [23] ўзяліся біць, і ён пад вартаю пад арышт за тую правіну пайшоў. Гэты Фейзула быў пакаёвым пахолкам у стамбульскага янычар-агі Сарыкчы-пашы, гэта значыць, што ён клапоціцца пра турбаны янычар-агі [24]. А мяне выратаваў Бог ласкаю сваёю і строй мой польскі, бо я растлумачыла, што я хрысціянка і не турэцкая падданая, па прафесіі я лекарка, дык мяне ўсё-такі не забралі, а без перашкод адпусцілі. А вось тая мая пацыентка, а Фейзулы маці, вельмі горка пачала па сыну плакаць, турбавацца, і страшна ёй было дадому ехаць, бо яе муж, а Фейзулы бацька, колькі разоў забараняў: «Не бяры з сабою Фейзулу, бо ён ужо вялікі хлопец, небяспечна і непрыгожа з белагаловымі ў сад ездзіць». Таксама мой муж дома сурова забараніў мне з турчанкамі ў сад ехаць і віно браць, а калі частавацца, дык у турэцкай хаце, але не ў садзе. Таксама маці Фейзулы самлела ад страты і знявагі сына, бо турчанцы пайсці за сынам-жлуктаю вялікі сорам для маці, хоць наш Фейзула не тое што не піў, але і не бачыў ніколі віна. Інакш быць не можа: наканаваў лёс мне ратаваць яго з гэтае прыгоды.

Бяру я Пана Бога на дапамогу і адсылаю маці з дачкою, з нявольніцамі ў адной калясцы да яе дому, а сама сядаю ў другую каляску і еду на дапамогу Фейзуле, каб яго і ягоныя рэчы вывіндыкаваць [25]. I вось пад'ехала да брамы той вязніцы, дзе Фейзула пад арыштам быў, і прыйшла да чаўша-пашы (гэта аd іnstar [26] у нас у Польшчы капітан), што на гадвахце [27] быў, і прасіла яго вызваліць Фейзулу, і распавядала пра яго невінаватасць [28], што ён у садзе не быў з чужымі белагаловымі, а з роднаю маці, і сястрою, і з нявольніцамі сваёй маці, я ж хрысціянка, полька. Можна мне і з белагаловымі, і з мужчынамі гаварыць, бо і тут цяпер з васпанам размаўляю. Адказаў мне чаўш: «Гэта вельмі добра, пані лекарка, але ж добра ведаеце, што султан забараніў нават дома піць хрысціянам віно, а што тут бачу? У садзе з туркамі і турчанкамі п'юць віно! Гэта значная правіннасць, і апраўдання таму няма, а варта мая справядлівая, бо гэта не напад, а праўда, што віно знойдзена ў карэце пані лекаркі».

I тут я страшна сумелася. Баялася, каб ён не абвінаваціў мяне разам з Фейзулой, і прасіла Пана Бога, каб мне параіў, што трэба чыніць і казаць. I так яму сказала: «Пане міласцівы, я полька, дасканала не ведаю загадаў найяснейшага яго мосці султана, бо каб ведала, што забаронена хрысціянам віно піць, ахвотна б ад гэтага ўтрымлівалася. Я ўсё-такі чалавек, маю розум, не адважылася б у сваю карэту браць віно. Але ж падданыя султана, тутэйшыя стамбульскія абывацелі ведаюць добра, парадак знаюць. Трэба тады знаць: хтосьці меў у кішэні віно ў пляшках і як убачыў варту, пабаяўся, каб яго віна не знайшлі, дык, ідучы ля мае карэты, укінуў пляшкі з віном, а сам уцёк. Варта знайшла віно ў маёй карэце, думаючы, што піла альбо маці, альбо сястра, альбо сам Фейзула, альбо я. Не вер гэтаму, мілы пане». I вось з ласкі Пана Бога паверыў мне чаўш і падарыў мне тыя дзве пляшкі захоўваць эсэнсію, а Фейзулу адразу вызвалілі з-пад арышту і ўсе рэчы аддалі яму, што ў яго былі забралі, і пайшоў ён у спакоі да свае маці.

Мяне ж чаўш-паша просіць, каб наведала аднаго пацыента, ягонага зяця. Дык па просьбе чаўш-пашы пайшла я наведаць хворага ягонага зяця, бо ўсё гэта было ў палацы самога янычар-агі. Бачу яго змарнелага, учарнелага, кідаўся ён з кута ў кут ад болю. Пытаюся, што здарылася. Кажуць: «Ужо дзён пяць мачыцца, salvo honore [29], не ходзіць». Не гледзячы на гэта, узялася я лекаваць яго, каб хутчэй дахаты паехаць, а таксама з тае прычыны, што ў лекарстве яшчэ добра не разумела. I думала, што гэта дробязь. I так сказала: «Пашлі, вяльможны пан, са мною, да рабыні твае, чалавека, я дам добрыя і дзейсныя лекі». I развіталася з чаўшам і зяцем ягоным хворым, і села ў каляску, і еду дадому, а чаўшаў лёкай за мною ідзе па лекі для хворага зяця. Тут жа ля палаца сустракаюся я з мужам маім яго мосцю панам Гальпірам, які, лічачы, што я арыштаваная альбо ў тарпасе [30], паспяшаўся мне на дапамогу. Ён з крыкам кідаецца да мяне. Я яго супакойваю: «Сэрцам каханы мужу, не хвалюйся, няма тут нічога кепскага, а нам шкоднага. Дома распавяду пра гэтую прыгоду». Тады мой муж пайшоў да сваіх пацыентаў, а я з лёкаем чаўша паехала дахаты.

Прыехаўшы дахаты, думаю, што за лекі таму пацыенту, чаўшаваму зяцю, даць. Мяркую сабе: «Параюся пасля з мужам маім», а тым часам адчыніла шафу і паглядзела на слоікі з сіропамі і знайшла адзін слоік не абвязаны, без подпісу. Лічачы, што гэта siropus violarum [31], наліла ў слоік і так сказала лёкаю: «Як хутчэй ідзі, і адразу няхай ён адну лыжачку лекаў вып'е з каваю, у час вячэрні – другую, кладучыся спаць, возьме няхай трэцюю лыжачку, а заўтра раніцаю няхай ягамосць па мяне прышле». Дык той лёкай узяў сіроп і пайшоў у палац свайго пана, і вось гэты сіроп на тры часткі падзялілі і далі выпіць хвораму паводле маёй парады. Тут вяртаецца мой муж. Я апавядаю прыгоды сённяшняга дня з Фейзулою і з яго вызваленнем па маёй просьбе, пры тым паведаміла пра таго новага пацыента, што так цяжка хварэе ў палацы янычар-агі, зяця чаўша Орта. Як мой муж пачуў, што я дала сіроп таму хвораму, дык моцна здзівіўся і вельмі наракаў на мяне, кажучы: «О, неразумная белагаловая! А не ведаеш пра тое, што табе назаўсёды забараніў гэкім-паша лекаваць мужчын, а пагатоў такога хворага, у якога і кроплі няма жыцця? Сам гэкім-паша, гэта значыць галоўны султанскі лекар, лячыў яго і шмат іншых слаўных стамбульскіх лекараў. Давалі яму размаітыя добрыя медыкаменты, а не дапамагло. I я сам там у яго быў, і не захацеў нічога даваць яму, баючыся скуткаў, бо гэты чалавек сваю хваробу не зможа адолець. А цяпер гэты чалавек памрэ ад свае ўласнае хваробы, а наш непрыяцель, лекар Фансека, пойдзе да гэкім-пашы і скажа, што яе мосць пані Гальпірова, лекарка, якой вашамосць забараніў лячыць мужчын, цяпер de novo [32] загубіла прыстойнага чалавека сваімі недасканалымі лекамі».

Я вельмі шкадавала, што такое ўчыніла, бо не ведала, што галоўны лекар сам яго лячыў. А, урэшце, што мела чыніць? 3 плачам звярнулася да апекі ў Святое Тройцы Адзінага Бога. Журботная, не вячэраўшы, пайшла спаць. Меркавала: «Дасць Бог, заўтра раніцаю ўцяку куды-небудзь і схаваюся ад гарачае рукі, пасля, Пан Бог добры, неяк перажыву і гэтае няшчасце». 3 тым і заснула. А тут ужо і дзень, а тут ужо і каляска ля брамы ад яго мосці пана чаўша Орта, каб прыехала лячыць ягонага зяця. Ах, мой Божа, як я спалохалася! Думала, што яны мяне толькі звесці хочуць, а пасля пакараюць. Воляй-няволяй мусіла паехаць, бо іх трое па мяне прыехала; пасля спыніліся мы ля палаца стамбульскага янычар-агі. Выйшла я з каляскі, іду ў пакой да хворага і азіраюся: дзе катафалк, дзе труна, але мяне цудоўна прынялі і прывялі ў пакой, дзе быў хворы. Ажно мяне ён вітае і запрашае сесці і так мовіць: «Я ўчора цябе ад болю і слабасці не пазнаў, думаў, што гэта мужчына-лекар (я была ў каўпаку), але цяпер бачу, што ты белагаловая». I так мне сказаў: «Пасля першага прыёму тых лекаў надзвычай вялікая рэзь была, пасля другога разу і трэцяга вялікі камень выпаў і крывавай мачы потым шмат выйшла, я ўжо крыху ачуняў, прашу і далей лячыць мяне».

Я тут у душы дзякую Пану Богу за ягоную ласку і міласэрнасць да мяне і так кажу: «Вашамосць, з дапамогаю Пана Бога магу пана вылечыць, толькі мне не дазволена, бо маю суровую забарону ад яго мосці пана гэкім-пашы, каб нікога не лячыла, і прашу мець усё гэта ў сакрэце, каб гэкім-паша не даведаўся». Дык той чаўш Орта адказаў: «А хто каму забароніць лячыць? Не бойся, пані лекарка, хоць бы зяць мой, барані Божа, і памёр». Пад прысягаю сваёй веры абяцаў мне ніколі не наракаць, нават не казаць нікому, што я лячыла яго.

Сэрца Бог мне даў мужнае, а не палахлівае. Я абяцала і далей лячыць яго, не зважаючы на мужа, толькі, аднак, пакрыёма ад мужа давала далей balsam kopaiba [33], ванны і пластыр. I вось я таго пацыента шчасліва і добра вылечыла. Я лічу так, што да мяне яго розныя добрыя лекары лячылі, але Пан Бог не аб'явіў гадзіну, калі ён ачуняе, а я на гатовае лекі свае, хоць і кепскія, дала, і тады прыйшоў час, і Бог дапамог праз мяне. Тут зазірнула ў слоік, з якога давала siropus violarum, а быў слоік неабвязаны, аж там шмат нападала жукоў ці хрушчоў з вельмі вялікімі рагамі, і ці магло б гэта дапамагчы? Усё гэта я волі Найвышэйшага Бога прыпісваю.

Пасля лекаў аднаго дня прысылаюць па мяне, і я паехала ў палац янычар-агі. I прасілі прабачэння, што яны – людзі не багатыя, толькі лёкаі, бо мой пацыент быў каптан-абазы, гэта значыць шатны [34], і даў мне за лекі 40 чырвоных злотых і прыгожую хустку, і так мне казаў, што мяне ў пана янычар-агі моцна хвалілі і добра рэкамендавалі. I тут жа мяне адвялі да самога янычар-агі, які мяне добра прыняў паводле звычаю: кава, тытунь да люлькі, ружовая гарэлка, каб крапліць і lignum aloes [35], каб кадзіць, і бясконца ён мне дзякаваў за свайго шатнага, і падараваў мне цыбук [36] срэбраны за 25 леваў і срэбраны паднос, а на ім дванаццаць срэбраных зарфаў, гэта значыць кілішкаў, і дванаццаць філіжанак выдатных з парцаляны, і даў мне свайго прыстойнага лёкая і ліст да галоўнага лекара, надзвычай хвалячы мяне і просячы за мяне, каб даў мне тэсцір, гэта значыць патэнт, каб мне можна было паўсюль у Стамбуле і мужчын лячыць, і засведчыў гэты светлы яго мосць пан янычар-ага, што я ягоная прыдворная лекарка. I так я паехала з прыдворным янычар-агі да гэкім-пашы, і той аддаў ліст султанскаму лекару і хваліў мяне перад ім. I вось яго мосць пан гэкім-паша (быў то стары, але прыгожы француз, які з нейкае прычыны стаў туркам, і цяпер ён галоўны султанскі лекар) мне так мовіў: «Бачу, што ты маладая белагаловая, а лекарскай навуцы і мужчыну трэба доўга вучыцца. А калі ж ты так дасканала лекаваць навучылася?» Сказала праўду: «3 дапамогаю Пана Бога і за тое толькі бяруся, што ўмею». Ён мне: «А што найлепш умееш?» Адказваю: «3 дапамогаю Пана Бога, хоць бы хто і дваццаць гадоў не бачыў, дык і яго вылечу». Сказаў стары лекар: «Вельмі добра. Ёсць тут у маім доме старая белагаловая, мамка майго сына, сляпая ўжо сем гадоў. Калі яе вылечыш, дык ужо паверу табе і сам буду цябе рэкамендаваць найвышэйшым стамбульскім панам». I вось ён завёў мяне ў той пакой, дзе была сляпая белагаловая, і ўзялася я яе лячыць, і мне Пан Бог дапамог, і я вылечыла яе дасканала і добра за сорак дзён.

Пасля я засталася лекаркаю ў доме гэкім-пашы. А там быў адзін турак, імам, гэта значыць султанскі капелан, і быў ён вельмі прыгожы чалавек, малады, разумны, вучоны, багаты, меў надзвычай прыемны голас і заўсёды мусіў быць ля султана, бо яго султан вельмі шанаваў. Але Пан Бог пакараў яго, пачалі гнайнікі псаваць твар таму імаму, дык ён ужо не мог быць ля султана, толькі ў сваім пакоі. I вось даў мне на лекі гэкім-паша таго султанскага імама. I я з дапамогаю Пана Бога і з парадамі майго мужа ўзяла яго пад свой нагляд [37] і шчасліва вылечыла, і пасля гэтага стаў яшчэ больш паважаць мяне гэкім-паша, апрача таго, туркі неахвотна да сваіх жонак і да сваіх дачок пускаюць лекараў-мужчын, дык мяне ён пасылаў заўсёды да вялікіх турчанак, паняў тутэйшых. Пасля сказаў мне: «Гэта і для мяне нязручна, і для васпані, што далёка ад нас жывеш». I загадаў гэкім-паша пашукаць мне жытло і аптэку непадалёк ад свайго палаца. А найбліжэйшаю і найпрыстойнейшаю была аптэка і кватэра лекара габрая Фансекі, што быў маім даўнім вялікім непрыяцелем. Гэты дом і аптэку нядаўна купіў Фансека за дзесяць кес. Дык вось гэкім-паша адаслаў яму дзесяць кес, а аптэку і дом загадаў за тры дні вызваліць, бо лёкаі загад мелі такі: калі самахоць не выберацца, дык павінны яны ўсе бутлі і слоікі паразбіваць. Такім чынам той лекар выбраўся, а я з дапамогаю Пана Бога ў дом і аптэку пераехала і амаль што цэлую аптэку мела з ласкі гэкім-пашы, бо ён меў султанскую аптэку і мог даць усё, што каму хацеў. А лекар Фансека мне яму капаў, а сам, небарака, у яе ўваліўся, бо гэта было незвычайна для людзей, што тут у Стамбуле белагаловым не дазваляецца за парог ступіць, а мне можна было ў аптэцы сядзець сярод такога вялікага людскога шуму, ды яшчэ ў доме ў лекара Фансекі. Ледзь габрай не ашалеў.

 

МАЯ ДРУГАЯ АВАНТУРА Ў СТАМБУЛЕ

 

Я таму карысталася поспехам у людзей, што па-чалавечы абыходзілася з імі, і вельмі імкнулася, каб дасканала сваё рамяство ведаць, і пачало шмат людзей лячыцца ў мяне. Я ў той час жыла ў Батачы [38] непадалёку ад Фенеру [39], і там жа побач жылі два лекары-габраі, адзін зваўся Самсон, а другі – Эбеулу; яны зайздросцілі майму шчасцю, бо я шмат пацыентаў мела.

Штодзённа пад'язджала да мяне шмат турэцкіх калясак, пунсовым ды іншых колераў сукном знадворку абцягнутых, а ў той час была я вельмі маладая, семнаццаці гадоў, ды мела залатыя манеле [40] на руках за сто чырвоных злотых, на шыі на шнурках трыста чырвоных злотых, на галаве каштоўнасці, дыяментавыя пярсцёнкі, дыяментавыя кульцы [41] ды іншае з ласкі Пана Бога – вопратку надзвычай багатую.

Але Стамбул горад надзвычай пышны і вялікі, і ёсць там розныя людзі, дык вось задумалі два туркі, янычары [42], апрануцца як белагаловыя, і ёсць тут у Стамбуле звычай, што белагаловыя завязваюць твар хусткамі, толькі вочы відаць; нанялі яны каляску турэцкую і прыехалі да мяне, просячы да сябе і кажучы, што маці іх цяжарная і хворая вельмі, каб я паехала ў дом іхні і дала ёй якія лекі. «Тут недалёка, – казалі, – у Эгіпе [43]» – і давалі мне тры чырвоныя злотыя за дарогу.

Але Пан Бог не хацеў маёй смерці. Я тлумачыла ім, што ўжо дзве гадзіны, як прыехала па мяне каляска ад беднае кадыні [44], якая мае хворыя вочы, і я мушу туды ехаць. I не змаглі яны ўпрасіць мяне да свае кампаніі. А суседка-лекарка, жонка Эбеулы, адазвалася, лямантуючы, што яна адмысловая лекарка, а на мяне крычала, што я не ўмею нічога. Я тыя словы апрахандавала [45], села ў каляску і паехала лячыць сваю бедную кадыню, а тая габрайка-лекарка паехала з двума янычарамі, узяўшы тры чырвоныя злотыя за дарогу, і выстраілася пышна, бо тут звычай, што і старыя, і маладыя вельмі багата ў золаце і ў каштоўнасцях заўсёды ходзяць.

Дык вось завезлі яны тую лекарку ў свой дом і там зарэзалі, а ўсе ейныя рэчы, што ў яе былі, на пяцьсот чырвоных злотых забралі, а труп у кучы конскага гною на сваім падворку закапалі. Але гэтая габрайка-лекарка мела сына-турка, які служыў у султанскім двары.

Ён паслаў супліку, каб яму можна было паўсюль у Стамбуле шукаць сваю маці. I атрымаў ферман [46], гэта значыць ардынанс, і як узяўся старанна і шчыра шукаць, дык знайшоў сваю маці ў кучы гною і яшчэ турэцкае дзіця двухгадовае, што мела шапачку, па-турэцку – фэз, а на ёй дзвесце чырвоных злотых.

За гэты фэз замардавалі дзіця. I знайшлі ў тым гноі хлопца-падлетка пятнаццацігадовага, які прадаваў тульбэнты, гэта значыць шалікі і хусткі, для белагаловых, і меў ён багата такіх хустак, а яны каштавалі пяцьсот леваў. За гэты тавар і замардавалі хлопца-грэка.

I напаткаў іх прысуд: разбойнікаў пакараць смерцю, а іхні двор раскідаць. А мяне Пан Езус выратаваў.


Тэкст цалкам чытайце па спасылках ніжэй.

Пераклад з польскай – Мікола Хаўстовіч © 2013

Чытайце таксама

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

11556