№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

(Гектар Х'ю Манро) Сакі

Сват (The Match-Maker)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Рэстаранны гадзіннік прабіў адзінаццаць з усёй вартай павагі ненавязлівасцю і разуменнем сваёй місіі – заўсёды быць незаўважным. Калі з’яўлялася патрэба звярнуць увагу на імклівасць часу і намякнуць на ўмеранасць і неабходнасць змяніць месца знаходжання, то з гэтай мэтай звычайна прыглушалі святло.

Праз шэсць хвілінаў Кловіс падышоў да абедзеннага стала са шчаслівым трымценнем чалавека, які вячэраў невядома як і да таго ж досыць даўно.

– Я паміраю ад голаду, – узвясціў ён, спрабуючы адначасова грацыёзна сесці і азнаёміцца з меню.

– Я ўжо зразумеў, – адказаў гаспадар, – улічыўшы той факт, што вы амаль не спазніліся. Вымушаны сказаць вам, што я кулінар-рэфарматар і ўжо замовіў для вас дзве талеркі малака з хлебам і некалькі карысных для здароўя сухарыкаў. Спадзяюся, вы не супраць.

Пасля Кловіс сцвярджаў, нібыта цягам першых доляў секунды ўсё, што было ў яго вышэй за каўнер, нават не збляднела.

– Я б на вашым месцы, – сказаў ён, – не жартаваў такімі рэчамі. Людзі, якія харчуюцца падобным чынам, напраўду існуюць. Я нават сустракаў тых, хто іх бачыў. Ведаць пра тое смакоцце, якое існуе ў свеце, і ўсё адно да канца жыцця чвякаць апілкамі і ганарыцца гэтым!..

– Яны як тыя сярэднявечныя флагеланты [1], што ўтаймоўвалі сваю плоць...

– Флагелантаў яшчэ можна зразумець, – сказаў Кловіс. – Яны ж хацелі ўратаваць свае несмяротныя душы, праўда? І не трэба нагадваць мне, што ў чалавека, які не любіць вустрыц, спаржу і добрае віно, ёсць душа ці хаця б страўнік. У яго проста вельмі развітая цяга да нешчаслівага жыцця.

На некалькі блаславёных імгненняў Кловіс з усёй магчымай пяшчотай насалоджваўся хуткім знікненнем вустрыц.

– Я лічу вустрыц лепшымі за любую рэлігію, – вярнуўся ён да размовы. – Яны не толькі даруюць нам нядобрае да сябе стаўленне, але і апраўдваюць яго, падбухторваючы нас абыходзіцца з імі яшчэ больш жорстка. Трапіўшы аднойчы на абедзенны стол, яны, здаецца, з усёй сур’ёзнасцю робяцца яго душой. У хрысціянстве ці будызме няма нічога нават блізка падобнага да гэтай спачувальнай бескарыслівасці вустрыц. Вам падабаецца мая новая камізэлька? Сёння я надзеў яе першы раз.

– Яна выглядае нічым не лепш за ўсе іншыя камізэлькі, якія вы надзявалі апошнім часам. Вы ўзялі за звычай прыходзіць на абед кожны раз у новай камізэльцы.

– Кажуць, што за лішкі маладосці потым даводзіцца расплачвацца здароўем, але, на шчасце, адзення гэта не датычыць. Мая маці падумвае пра тое, каб выйсці замуж.

– Зноў?!

– Гэта будзе першы раз.

– Вы, безумоўна, ведаеце лепей. Але ў мяне такое ўражанне, што яна была замужам як найменш два разы.

– Тры, калі быць матэматычна дакладным. Я хацеў сказаць, што гэта першы раз, калі яна думае пра замужжа. Ва ўсіх астатніх выпадках яна выскоквала, нават не задумваючыся. Хаця напраўду гэтым разам за яе думаю я. Разумееце, пасля смерці яе мінулага мужа прайшло ўжо два гады.

– І вы, несумненна, мяркуеце, што кароткасць – сястра ўдаўства.

– Мяне здаецца, што яна пачынае хандрыць і рабіцца сур’ёзнай, а гэта зусім ёй не пасуе. Першы сімптом, на які я звярнуў увагу, – гэта яе жальбы на тое, што мы жывем не па сродках. Усе прыстойныя людзі жывуць сёння не па сродках, а людзі непрыстойныя жывуць на сродкі іншых. Рэдкім таленавітым асобам удаецца спалучаць і першае, і другое.

– Гэта не талент, а хутчэй кемлівасць.

– Крызіс пачаўся тады, – працягнуў Кловіс, – калі яна раптам учапілася за ідэю, што позні час – гэта кепска, і захацела, каб я вяртаўся дадому не пазней за гадзіну ночы. І гэта яна казала мне, якому мінулым днём нараджэння споўнілася васямнаццаць!

– Двума мінулымі днямі нараджэння, калі быць матэматычна дакладным.

– Ну, гэта ўжо не мая віна. Я не збіраюся рабіцца дзевятнаццацігадовым, пакуль маёй маці ўсё яшчэ трыццаць сем. Трэба ж сачыць за вонкавай адпаведнасцю!

– Магчыма, зрабіўшыся сур’ёзнай, ваша маці зробіцца таксама крыху старэйшай.

– Ні ў якім разе. Жанчыны пачынаюць перавыхоўвацца толькі тады, калі бачаць недахопы іншых. Вось чаму я і схапіўся за думку выдаць яе замуж.

– І як, вы ўжо прасунуліся ў справе пошуку патрэбнай кандыдатуры ці проста падкінулі ёй ідэю і з надзеяй чакаеце, што яна зразумела ваш намёк?

– Калі хочаш зрабіць нешта як мага хутчэй, зрабі гэта сам. Я знайшоў аднаго франта-вайскоўца, які без справы абіваўся ў клубе, і запрасіў яго разы з два дадому на абед. Большую частку жыцця ён правёў на індыйскай мяжы, дзе будаваў дарогі, дапамагаў справіцца з голадам і землятрусамі, карацей, займаўся ўсім тым, чым займаюцца на мяжы. Ён мог на пятнаццаці мовах дамовіцца з раздражнёнай кобрай і, верагодна, ведаў, як паводзіць сябе, калі дзікі слон забрыдзе на тваю пляцоўку для кракету, але з жанчынамі паводзіўся сціпла і няўпэўнена. Я цішком паведаміў маці, што ён ненавідзіць жанчын, і яна прадэманстравала ўсе свае таленты ў галіне флірту, а іх зусім нямала.

– І як, джэнтльмен паддаўся?

– Я чуў, як ён казаў у клубе, што шукае для свайго маладога сябра працу ў калоніях, чым цяжэйшую, тым лепш, а таму не сумняюся, што ён вырашыў увайсці ў нашу сям’ю.

– Баюся, вы рызыкуеце зрабіца ахвярай перавыхавання сваёй маці.

Кловіс сцёр з вуснаў рэшткі турэцкай кавы і стоеную ўсмешку і марудна прымружыў правае вока, што, верагодна, магло абазначаць: “Ох, наўрад ці!”




Каментар

[1] Флагеланты – рэлігіныя заходнееўрапейскія аскеты-фанатыкі ХІІІ–ХІV ст., што змярцвялі сваю плоць; у пераносным сэнсе – людзі, якія займаюцца самакатаваннем.

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2010

Чытайце таксама

Тадэвуш Ружэвіч

Тадэвуш Ружэвіч

Польскі паэт, празаік, драматург і перакладчык.

Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі

Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Беатрыкс Потэр

Беатрыкс Потэр

Ангельская дзіцячая пісьменніца і мастак

1094