№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Роберт Вальзэр

Марыя (Marie)

Апавяданне

Пераклад з нямецкай Уладзімір Папковіч


Я пасяліўся ў маленькім пакойчыку, які, здаецца, калісьці служыў майстэрняй гадзіннікаваму майстру. Ці маю я права сцвярджаць, што пакойчык быў вельмі прывабны, выглядаў як сама гожасць і ўтульнасць, як ідэальнае жытло? Так, такое права ў мяне ёсць! Гэта было вузкае, але выцягнутае ў даўжыню памяшканне, так што я бесперашкодна мог хадзіць туды-сюды, што і рабіў з вялікім задавальненнем. Шэраг вокнаў адкрываў мне шыкоўны пейзаж.

Сам дом, які наўрад ці мог прэтэндаваць на тое, каб называцца домам, а павінен быў бы задаволіцца тытулам “дамок”, месціўся недалёка ад чыгуначнай лініі, каля абрывістай рудавата-чарнаватай скалы, і выглядаў як дамок ведзьмы.

Тут і сапраўды жыла ведзьма, якую звалі фраў Бандзі і якая, зрэшты, была ніякая не ведзьма, а вельмі разумная і зычлівая жанчына.

Яна жыла ўнізе на першым паверсе, а я кватараваў наверсе.

Кожны дзень я бачыў старога добрага чалавека, гэта быў мой бацька, які са сваімі белымі валасамі выглядаў кранальна. Кожны полудзень пасля ежы ў яго была звычка выпіваць кубачак чорнай кавы, чытаючы пры гэтым газету, – занятак, які рэгулярна спрыяў таму, што ён пачынаў драмаць ці засынаў, ад чаго потым заўсёды крышку злаваўся. Бацьку яшчэ зусім не хацелася старэць, і прыкметы даволі пажылога ўзросту былі яму зусім не даспадобы.

Часткай дома была маленькая элегантная тэраса ці веранда, а таксама зграбны, вельмі прыгожы, вабны садзік. З усходу да дамка прылягаў кавалак старых могілак з урнамі з добрых старых часоў. На захадзе вольна разлеглася возера. На поўдні ляжаў Стары горад са сваімі поўнымі годнасці дамамі, гонкімі вежамі крэпасцяў, разам з усялякімі дзіўнымі старымі садамі, якія былі абсаджаныя характэрнымі высокімі піхтамі. Каморкай, у якой, адпаведна майму, крыху схільнаму да фантазёрства разуменню, за свае сумнеўныя скрайнія палітычныя погляды мог бы бавіць час нейкі сасланы наследны прынц, я быў у высокай ці нават найвышэйшай ступені задаволены. Падчас цудоўных начэй пакойчык – ці каморка – быў напоўнены белым ззяннем, бо здараліся казачна прыгожыя, чароўныя светлыя ночы з бясконца любым месяцовым святлом, пяшчотнай маладзіковай рамантыкай.

Фраў Бандзі была ўласцівая нейкая стрыманасць і высакароднасць, праўда, як на мяне, яна гаварыла крышку заразумна. Яна шмат чытала. Яе ўлюбёныя пісьменнікі мне не вельмі падабаліся; але гэта, шчыра кажучы, разумелася само сабой. Іншы пол заўсёды будзе мець іншы густ і іншыя пачуцці. Прыгажуняй фраў Бандзі лічыцца ніяк не магла, але яна выяўляла яшчэ выразныя сляды былой прывабнасці і была дасціпнай. Як усе дасціпныя людзі, яна бывала часам зласлівай. Час ад часу яна папісвала, але не была сапраўднай пісьменніцай, што мне – шчыра прызнаюся – было крышку непрыемна. Яе вусны крыху жорстка крывіліся, у яе вачах таілася штосьці непрыязнае і халоднае, у астатнім жа яна была вельмі мілая. Увогуле, яна стварала ўражанне глыбока незадаволенай і няшчаснай жанчыны. Відавочна, што той, хто ўяўляе сябе няшчасным, такім і бывае. Яна жыла ў кампаніі сабакі і ката, мастацкай літаратуры і журботных думак, і гэта часам магло выглядаць, як быццам яна яшчэ жыве толькі таму, што добрая, уцешлівая смерць не забрала яе да гэтага часу. Часта яна ціха, але вельмі няўцешна плакала. Няўжо яна жадала збаўлення ад жыцця? Я не ведаю і не магу нічагусенькі пра гэта сказаць. На мой погляд, лепш не звяртаць вялікай увагі на занадта далікатныя рэчы.

Што да гожай каморачкі, якой я карыстаўся як хацеў (што магло быць звязана, як можа падацца, з даволі сціплымі фінансавымі магчымасцямі кватаранта), то мой добры бацька ў сваёй, магчыма, перабольшанай клапатлівасці палічыў патрэбным выказаць свае пэўныя сумненні: ён ведаў свайго дагэтуль безумоўна адважнага, дзёрзкага і зухаватага сына, хоць, магчыма, і не да канца, але ўсё ж такі даволі добра.

– А ці плацежаздольны ты, мой любы сын? Не крыўдуй на мяне за гэтае пытанне. Ты ж ведаеш, што я не багаты чалавек, – неяк сказаў ён, прыклаўшы сваю старую далонь да вуха, выказваючы сумнеў і робячы надзвычай заклапочаны твар.

Я са смехам паклаў на стол сто франкаў, і выключна далікатны гандаль быў скончаны.

З прычыны, што бацька па душэўнай дабрыні памарудзіў адразу забраць грошы, я дазволіў сабе горда і высакародна, як гішпанскі дваранін, зрабіць велікадушную заўвагу: “Не бяры да галавы”, – пасля чаго гаспадар кватэры, бацька, паспяшаўся прынесці віно і дзве шклянкі, каб наліць сабе і мне па бакале віна, што зрабіў з юнацкім спрытам і пачцівасцю, з якіх я шчыра падзівіўся.

Бацька ўвогуле заўсёды быў, калі яму дазвалялі абставіны, прыязным, жыццярадасным, ветлівым і прыстойным чалавекам, а ў разліванні віна і прапаноўванні яго да ўжытку ён заўсёды выяўляў сябе (гэта я магу сказаць з поўнай упэўненасцю) сапраўдным майстрам.

Я не маю права працягваць аповед, не згадаўшы перш пра тое, што абавязкова павінна быць згаданае, падкрэсленае і растлумачанае. Я толькі што адмовіўся ад сапраўды шыкоўнага жыцця, бо мне здавалася, нібы я магу быць упэўнены, што для канчатковай аселасці і прылепленасці да аднаго месца я яшчэ занадта малады – і яшчэ не занадта стары для таго, каб сарвацца з месца і легкадумна адмовіцца ад старых абставінаў, што мне яшчэ зарана стала прывязваць сябе да манатоннага, раўнамернага, штодзённага прафесійнага выканання абавязкаў, да аднаго і таго ж сухога, сумнага месца, што мяне наўрад ці задаволіць плата ў форме самага цвёрдага і самага высокага гадавога ці месячнага акладу за занадта раннюю страту свабоды перамяшчэння.

У мяне хапіла адвагі не прыняць кабальнай дамовы, якую мне прапанавалі, мяркуючы, што я падпішу яе з найвялікшым задавальненнем; тым самым я, незразумела як, знайшоў у сабе мужнасць адмовіцца ад путаў, якія маглі чымсьці мяне і прывабіць – бо забяспечвалі мне нябеднае існаванне.

Вось так я сядзеў цяпер у пакоі, які мне ласкава саступіў адзін добры стары чалавек, але, маючы цяпер столькі вольнага часу, што і ўявіць цяжка, я то бадзяўся, туляўся, сноўдаўся па лесе, то пісаў пра сваё бадзянне якое-небудзь, магчыма, зусім нядрэннае сачыненне. Час ад часу я скручваў і выпальваў французскую цыгарэту ці дыміў з адной са шматлікіх бацькоўскіх люлек, якія ён мне не забараняў. У мяне былі ажно два гожыя касцюмы і крыху ашчадна прыпасеных грошай.

Вельмі сур’ёзна я сказаў сам сабе: “Калі я пакуль што і вагаюся і часам выглядаю вытанчаным аматарам забаваў, я ўсё адно ні на імгненне не сумняюся, што неўзабаве прыйдзе час, калі я сам прыму наконт сябе цвёрдае рашэнне і буду гатовы ўспрымаць гэта з усёй грубасцю і ўсёй галізной праўды, як і любы іншы чалавек”.

Я вельмі ганарыўся гэтай размовай з самім сабой.

Было прадвесне; рынкавая плошча непадалёк, з прыемнай людской мітуснёй і процьмай тавараў на ясным сонечным святле і празрыстым вясновым паветры выглядала цудоўна. З садоў наўкол, вузкіх і шырокіх завулкаў гучалі шматабяцальныя, хвалюючыя, млявыя галасы птушак. Даўно знаёмыя, вартыя даверу фарбы з’яўляліся там і тут, і, здавалася, адусюль плыў водар прагі кахання і шчасця ад яе задавальнення. Чуліся ўперамешку розныя галасы, а дзеці выкарыстоўвалі вуліцы і плошчы для сваіх гарэзлівых гульняў. Усе чутныя і бачныя гукі і колеры цесна перапляталіся. Здавалася, што больш зычліва, больш па-суседску, чым звычайна, выглядалі ўсе людзі – старыя і маладыя. Здавалася, што ўсе добрыя рэчы былі блізкімі сваякамі; усё было ў прыемным узбуджэнні, адухоўленасці, ажыўленні. Усё адрознае, раздробленае было ўзаемазвязанае ў добразычлівае, шчаслівае адзінае цэлае. Радасць, дабрыня і памяркоўная зычлівасць, здавалася, ішлі сярод людзей побач, радуючы іх, як светлыя пяшчотныя вобразы.

Я пайшоў у лес, дзе пачаў збіраць кветкі і маленькія прыгожыя травінкі, якія я прыгожа і выразна расставіў у скрыначцы такім чынам, каб стварыць падабенства з маленькім куточкам вясны. На кветнік я паклаў чысценькую паперку, на якой напісаў некалькі шчырых пяшчотных словаў, і гэта ўсё я паслаў маладой акторцы, якая ў “Падступстве і каханні” грала ролю Луізы.

Між іншым, я наладзіў (і, як здаецца, даволі ўдала) яшчэ такія-сякія сувязі, а менавіта – упершыню ў сваім жыцці звязаўся з мастацкім часопісам.

Час ад часу я падумваў, што мне варта было б, больш-менш эканомна ведучы гаспадарку, арганізаваць, падрыхтавацца альбо выправіцца на гастролі. Але піва ніяк не хацела траціць для мяне прывабнасць, і я не разумеў, якую можна атрымаць карысць, прымусіўшы сябе весці манаскі лад жыцця.

Калі я, старанна пішучы, сядзеў дома, у мой пакой прыходзіла фраў Бандзі – паглядзець, што я раблю.

– Што гэта пан барон піша? – пыталася яна, нібы дражнячыся.

Я ў такім жа тоне адказваў:

– Дурноты ўсялякія.

Амаль заўсёды пасля полудня яна частавала мяне ў сваёй гасцінай кубачкам гарбаты, і гэта, зразумела, было нагодай для размовы. Бывала, у гэты час да яе прыходзілі госці. Калі ж яна сама хацела наведаць кагосьці, то я суправаджаў яе. Часта мы выпраўляліся разам на невялічкі шпацыр.

Аднак неўзабаве мне давялося бліжэй пазнаёміцца з жанчынай зусім іншага кшталту. У самым нязначным выказванні ці жэсце фраў Бандзі выяўлялася тыповая адукаваная жанчына, тую ж, другую, ніяк нельга было залічыць да адукаваных. Пра гэтую другую жанчыну я зараз і пачну свой аповед.

Спачатку я хацеў бы згадаць, што для мяне рана ісці спаць і рана ўставаць – самая вялікая асалода. Пры добрым надвор’і мой пакой напаўнялі промні сонечнага святла, у якім я купаўся, радуючыся ўсёй душой. Кожны дзень я больш-менш далёка праходзіў па сцежцы ў блізкія горы, і там, у фантастычным высокім лесе, я аднойчы пазнаёміўся з невядомай жаночай істотай, пра якую толькі што гаварыў.

Гэта было вечарам, я крочыў сваім шляхам, цалкам аддаўшыся палону розных думак, тым часам як сонца, заходзячы, пасылала залатыя языкі полымя цудоўнай і пышнай, поўнай маладым бляскам зеляніне, і раптоўна акурат перада мной з’явілася высокая жаночая фігура, схаваная дагэтуль густым кустоўем. Я спыніўся, моцна здзіўлены і ўражаны, бо такое дзіўнае і адначасова такое прыгожае стварэнне я не бачыў ніколі не тое што зблізку –нават здалёк. З прыязнай усмешкай яна падышла да мяне і падала мне руку, якую я прыняў без усялякай задняй думкі, пасля чаго жанчына павяла мяне ўглыб гушчару, гаворачы, што яна хоча паказаць мне адно месца, дзе мы зможам пабыць зусім у адзіноце. Мной авалодаў цудоўны душэўны спакой. Адчуванне шчасця, якога я не ведаў ніколі да таго і ніколі пасля, лёгкімі павевамі ахутвала мяне з усіх бакоў. Мне здавалася, што я трапіў у казачны свет, а ціхія, высокія, гонкія елкі, што стаялі ўздоўж прыхаванай лясной сцежкі, бачыліся мне пальмамі. Штосьці нявызначанае, нейкая дабрыня і прыгажосць, пра якія я думаў, прымусілі мяне сказаць незнаёмай жанчыне ціхім і спакойным голасам:

– Я кахаю цябе. Вядзі мяне, куды хочаш. Я веру табе ва ўсім, давяраю сябе табе усёй душой.

Яна зірнула на мяне з любасцю, але ўсё яшчэ сур’ёзна. На словы, што я прамовіў, яна нічога не адказала, а павяла мяне далей, пакуль мы не дайшлі да зацішнага месца, якое, праз аддаленасці, здалося нам прыдатным, каб сесці на зямлю (што мы і зрабілі) і без перашкод глядзець адно на аднаго – на гэта ў нас хапала і часу, і жадання. Мне здалося, што час спыніўся, а зялёны лес і ўся прастора вакол нас ператварыліся для нас абодвух у высокі, поўны радасці шацёр забаў, каб задаволіць нас, спакойных, шчаслівых, закаханых, сваёй раскошай. Высланая мохам зямля, на якой мы сядзелі, шчыльна прыціснуўшыся, была мяккая і прыгожая і здавалася мне каштоўнай, як княжацкі дыван. Персідскія дываны клічуць сесці і адпачыць не больш зычліва і настойліва, чым гэтая мілая зялёная, сціплая лясная зямля, на якой мы ўладкаваліся, адчуваючы найвышэйшую асалоду.

Усё, што перашкаджала, шкодзіла, непакоіла, было назаўсёды адпрэчанае з гэтага свету і знікла, нічога дрэннага не ўмешвалася і не лезла сілком у радасць чароўнай гадзіны, якую я бавіў з цудоўнай жанчынай у лясным кутку, любым, прыемным лясным зацемку, поўным таемнага шапацення. Толькі вечаровае сонца прабівалася ў райскую адасобленасць сваімі апошнімі, бязмежна пышнымі, напоўненымі зычлівасцю промнямі, падобнымі да ружаў, а ціхі вечаровы ветрык далучаўся да нашай кампаніі самым ненавязлівым чынам, гуляючы вакол нас пяшчотнымі, лёгкімі лісточкамі, што перакочваліся з шэптам і вясёлым шоргатам. Неадрыўна гледзячы на жанчыну, я пацалаваў яе, і яна не адрынула майго пацалунку. Добрая ўсмешка прамільгнула на яе вуснах, якія я крануў сваімі. Асалода напоўніла маю невымоўна заспакоеную душу.

На маё пытанне, хто яна такая і як яе завуць, яна адказала, што пра гэта апавядзе мне наступным разам. Яе ўхілісты адказ задаволіў мяне. Нягледзячы на свае натуральныя, нязмушаныя паводзіны яна падавалася асобай з высокім гонарам. Яе характар здаваўся мне вельмі сур’ёзным і, тым не менш, вясёлым. Мы абодва не прамовілі і некалькіх слоў, а задавальняліся той асалодай, якую атрымлівалі, проста ціха і задумліва седзячы побач. Яна была сур’ёзная, прыгожая і мужная. “Яна, відавочна, рэдкае стварэнне прыроды... А якія думкі ў яе галаве?” – казаў я сам сабе.

Ужо даўно настала ноч. Сцямнела.

– Табе, пэўна, час ісці дадому, – сказала яна.

– А табе? – спытаў я.

Мы развіталіся.

Фраў Бандзі была занятая перакладам маленькага польскага апавядання. Хатнія справы, якія ёй трэба было рабіць, забіралі ў яе, відаць, няшмат сілы і часу. Прынагодна яна прасіла мяне прачытаць яе працу і, па магчымасці, дзе-нідзе паправіць памылкі. Я не адмаўляўся, то бок рабіў, што патрабавалася, але ад гэтага мне рабілася вельмі нудна, і таму я быў не ў стане ўстрымацца ні ад даволі брыдотнага пазяхання, ні ад двух-трох надта непрыстойных (бо недарэчных), але вельмі прыемных глыбокіх уздыхаў. Польскі твор здаваўся мне задужа сентыментальным і змрочным. Чорныя, чорныя, яшчэ раз чорныя вароны, слёзы, слёзы і яшчэ раз слёзы ўвесь час мільгалі па ўсёй даўжэзнай навеле, ціснучы і прыгнятаючы. Хлопец, хлопец, трымай язык за зубамі, альбо ты будзеш безнадзейна згублены... Акрамя таго... жудасная нечуваная, трагічная, чорная, як ноч, гісторыя зусім не адпавядала майму густу. Але мой любы, паслухайце, што скажа тады фраў Бандзі, якая ўвесь час ліставалася з маладым польскім аўтарам, несумненна, надзвычай цікавым чалавекам.

– Вы нахабны, бессаромны блазан, вы гэта ведаеце? Вы шкадуеце, што так насмешліва ўздыхнулі і пазяхнулі, як дурненькі, і просіце ў мяне прабачэння? Просіце ці не? О, вы!..

Так яна сказала, і праз неаспрэчны, занадта відавочны, неасцярожны недахоп ў мяне павагі да Польшчы і разумення Польшчы, якія я адважыўся выявіць, яна паглядзела на мяне з вялікай пагардай, і, безумоўна, я гучна з гэтага зарагатаў. Урэшце я вельмі манерна і вельмі сардэчна папрасіў прабачэння ў жанчыны, якая зусім разгубілася.

– Пачакайце, я вам яшчэ пакажу! – паабяцала яна і таксама засмяялася.

Час ад часу яна грала на адмысловай мандаліне, і нават спявала, але яе голас быў не настолькі прыгожы, каб радаваць чыё-небудзь вуха. Затое яна мела прыгожую і вясёлую звычку размаўляць са сваёй ангорскай коткай, якая ветліва слухала і пазірала так, быццам разумее кожнае слова, звернутае да яе.

– Ці не ведзяце вы сапраўды, шчыра кажучы, вартае жалю бадзяжнае існаванне? І вам не сорамна? Няўжо Вы ніколі не сябе ні ў чым не папракаеце? – спытала мяне аднойчы фраў Бандзі.

Я дазволіў сабе запярэчыць:

– Гэта залежыць ад таго, як на гэта глядзець. Я ўвогуле не адчуваю ніякага незадавальнення маім быццам бы распусным ладам жыцця, прычым менавіта з той прычыны, што я абсалютна нікому не перашкаджаю і што пра сваю будучыню, спадзяюся, змагу паклапаціцца сам.

У любым выпадку, я часам сам сябе папракаў за працяглае гультайства, але не выяўляў пры гэтым надта вялікай трывогі. Я ўвесь час думаў пра нейкі занятак, браўся за нейкую працу, але працаваў не доўга, а таму, як і раней, бегаў без працы і без занятку. Глыбакадумнасць і туга адмысловым чынам забіралі мяне ў палон, цэлы дзень я не мог як след пазбавіцца ад нейкіх думак: здавалася, мяне звязвалі ўласныя ідэі. У пэўнай ступені я быў вязнем і адначасова турмой, адчуваў сябе абмежаваным, затрыманым, заключаным самім сабой. Вось я быў вольны, але раптам – зноў ніякай волі. Збялелыя валасы майго бацькі рабілі на мяне вялікае ўражанне. Вось я хацеў сысці далёка-далёка ў адкрыты, здаровы белы свет, але вось зноў у мяне не было ніякага жадання, ніякай цягі рабіць гэта; я, шчыра кажучы, быў, мабыць, для такой справы занадта лянотным.

У маёй мансардачцы, маёй красе, маёй аздобе, сапраўдным ідэале мансардачкі, я пісаў маёй фраў Бандзі маленькія паведамленні, лісты і нататкі, каб хоць крышку яе забавіць. Нататкі я потым апускаў у яе паштовую скрынку на лесвічнай клетцы. У адным з такіх лістоў было напісана:

“Дарагая фраў Бандзі! Тут наверсе ў маім пакоі я адчуваю сябе героем нейкай аповесці, у якой гаворыцца, ці пішацца, ці друкуецца, нібыта аднойчы нейкі мілы малады чалавек, магчыма, не вельмі разумны, сядзеў у прыстойнай мансардзе і марыў. Часам я ўяўляю сябе нейкім вобразам з мараў ці фантастычнай фігурай. Я не жыву, і ўсё адно – жыву. Як гэта атрымліваецца? А Вы, як Вы пачуваецеся на сваім першым паверсе? Чым Вы ў гэты момант занятая? У дадатак да сняданку я жадаю Вам атрымаць сотню, калі не тысячу прыемных і вясёлых рэчаў. Любае сонейка свеціць у мой пакой, на стол, на паперу, на кончык носа і кончык пяра, якім я пішу гэтыя неразумныя словы. Ці ж Вы не трымаецеся меркавання, што свет захапляльна прыгожы? Што да Вас, то я лічу, што Вы – вельмі мілая жанчына, і я цвёрда і ўпэўнена настойваю, што напраўду я маю да Вас, як гэта кажуць, вялікую прыхільнасць. Але чым мне Вам даказаць, што Вы мне вельмі падабаецеся? Самога сябе я лічу хутчэй добрым, дурным і шчырым, чым дрэнным, хітрым і двудушным тыпам, хутчэй верным, чым вераломным, хутчэй простым, чым крывым і, на жаль, хутчэй нязначным, чым важным і значным. Увогуле, я – нядрэнны чалавек, хаця пакуль яшчэ, праўда, не даказаў гэта. Я прашу Вас, падумайце, ці можаце Вы паверыць, што ў пэўных абставінах я магу быць сімпатычным, калі толькі захачу. Вы ж, у любым разе і без сумнення, – вельмі сімпатычная жанчына”.

З такіх прызнанняў фраў Бандзі часам гарэзліва смяялася. Яе смех з падхіхікваннем быў такім залівістым і серабрыстым, што слухаць яго было сапраўднай асалодай. Але ўрэшце, хіба вясёлыя моманты – не самыя цудоўныя з усіх, якія мы, бедныя людзі, перажываем, на жаль, занадта часта пакутуючы ад змрочных настрояў?

З адным добрым і сціплым чалавекам я пераходзіў у той час праз гару. Як мне выразна ўзгадваецца, на гэтым шляху паміж намі адбылася вельмі прыемная размова, і мой спадарожнік выказаў думку, што ўвогуле мы, людзі, цягам усяго нашага жыцця не можам вызваліцца ад пэўных зацятых пошукаў і жаданняў, ды і не імкнемся ад іх вызваліцца, што нашая прага шчасця сама па сабе відавочна куды больш прыгожая, заўсёды больш лагодная, больш значная і таму, у прынцыпе, цалкам верагодна, што і больш жарсная, чым само шчасце, якога, магчыма, увогуле не існуе, бо палкае імкненне, што прыносіць шчасце, і бясконца тужлівая прага гэтага шчасця не толькі цалкам дастатковыя, але і нашмат лепшыя, нашмат больш душэўна адпаведныя нашаму патрабаванню, што шчасце ні ў якім разе не адкрывае несумненны і бестурботны сэнс жыцця, яго мэту, канчатковы вынік і г.д.

– Чаму Вы так бадзёра не маршыруеце наўпрост ў Італію? Італьянскае неба і італьянская весялосць, напэўна, не пашкодзілі б Вам, а, вядома, былі б толькі на карысць.

– Напэўна ж, гэта зусім нядрэнная думка, – сказаў я.

Між тым у мяне ў думках ўвесь час заставалася прыгожая незнаёмка з лесу. Яна была блізкая мне, як мая ўласная існасць. Уласную душу я не ведаў так добра, як яе.

Я пайшоў пад высокія каштаны да лебедзяў, і з пільнай увагай любуючыся прывабнасцю, мяккім гонарам, пышным апярэннем, высакароднай паставай цудоўных істотаў, зноў заглыбіўся, надзвычай захапіўшыся, у назіранні за дзіўнай, цудоўнай жаночай істотай, якая лунала перад маім унутраным зрокам, перад маім душэўным поглядам, як затуманены і ў той жа самы час празрысты сон, хаця я сапраўды бачыў яе сваімі вачыма і горача датыкаўся да яе, без сумненняў, сваімі жывымі цялеснымі рукамі. Яе вобраз неадчэпна суправаджаў мяне, і я ўвесь час чуў цудоўнае гучанне яе нізкага, дарагога, прыемнага голасу. Думка пра прыгожую, дзіўную і загадкавую жанчыну – у ёй было маё жыццё. Дыхаць і думаць пра яе азначала для мяне жыць. Абапершыся на парэнчы, я з найвялікшай пільнасцю і засяроджанай увагай вывучаў прыгожую зіхоткую плынь вады, але бачыў толькі яе, што неадольна вабіла мяне, што валодала маім існаваннем, пачуццямі і думкамі.

І калі настаў вечар, а вечар быў цудоўны, то у дабратворную зеляніну алеяў выйшлі на шпацыр мужчыны і жанчыны. Усё навакол было ахутана сонечнай, залатой імглой, летуценнай, задумлівай смугой. Я ўбачыў фраў Бандзі і пайшоў ёй насустрач, каб павітацца, але сэрцам я быў з іншай, з тым стварэннем прыроды, чароўнай істотай з лесу.

Мы з Фраў Бандзі селі на вольную лавачку, і яна сказала:

– Гэта праўда, што вы часам бачылі, як я плакала, як я была ў адчаі і страчвала надзею, як скардзілася на страчаную дарагую мару, аплаквала штосьці вартае любові, вартае жыцця, што знікла для мяне назаўсёды? Вы гаварылі мне ці часам давалі зразумець, што я вам да душы. Калі б я, канчаткова расчараваная, працягвала жыць з адчуваннем, што так больш немагчыма, ці зрабілі б вы мне ласку, ці забілі б мяне, бо ў мяне самой не хапіла б адвагі, хаця я і была б рашуча настроеная памерці? І памерці са мной? Вы былі б гатовыя, змаглі б гэта зрабіць?

– Не гаварыце такія сумныя рэчы. Я цвёрда ўпэўнены, што заўсёды ёсць сэнс цярпліва і пакорліва трымацца за жыццё. Я думаю, што нягледзячы на страту чагосьці цудоўнага, вы яшчэ дачакаецеся квітнеючых цудоўных часінаў.

Я імкнуўся ўкласці ў свой голас як мага больш мяккасці і адначасова як мага больш павагі. Відаць, я мог бы сказаць яшчэ больш, але ў мяне з’явілася адчуванне, што ў такім выпадку найлепшае слова – самае простае. Акрамя таго, я лічыў, што маю права сказаць сабе: “Магчыма, яна гаворыць пра гэта проста так”.

Яна ўстала і пайшла.

Я таксама хутка падняўся і на крылах жарсці заспяшаўся, перапоўнены жаданнем новай сустрэчы, ужо загадзя ў радасным узбуджэнні, уверх па крутой гары, засаджанай вінаградам. У далечыні белым княжацкім бляскам зіхацела па-вечароваму бляклае, нібы прывід, возера. Вячэрнія воблакі, якія гарэлі ружовым агнём, луналі над прасторнай, люстраной, прыгожай вадой. Падняўшыся па знаёмай сцяжыне, я ўбачыў яе, падобную да карціны ці скульптуры, як быццам яна ўжо доўгі час чакае позняга прыхадня, спакойна седзячы на старажытным, патрэсканым муры. Радасць ад гэтай новай сустрэчы злілася са шчасцем і асалодай зазіраць у шырока адкрытыя вочы, якія быццам задаюць мне глыбокія пытанні, і з радасцю зноў падаць ёй руку. У сваёй мілай заспакоенасці, сваёй годнасці, сваёй сіле яна была падобная да вобразу з даўно зніклых залатых часоў, і, здавалася, належала да іншай, не нашай сферы. Сіла, якую яна ўвасабляла, была падобная да неўвядальнасці, да здольнасці не траціць квяцістасці, то бок да неўміручасці, і сапраўднасці, і нявыцвілай дабрыні, прыгажосці, падатлівасці яе мацярынскай і сястрынскай, такой жа моцнай, як і салодкай, па-нябеснаму добрай усмешкі, якая выклікала ў мяне прагу цалаваць, і, не стрымліваючыся, я пацалаваў самыя падатлівыя, самыя гарачыя на зямлі жаночыя вусны – што мне ніякім чынам і не было забаронена. Капелюша на ёй не было, яе валасы спадалі цудоўным, дзікім і фантастычным патокам на плечы, і вечаровае сонца асыпала іх залатым бляскам.

Мы зноў павольна пайшлі разам па старой дарозе ў зарослы кустоўем лес. Я быў шчаслівы і ўпэўнены ў сабе, як ніколі. Яна была радая бачыць мяне і задаволеная мной і сабой, я выразна адчуваў і бачыў гэта.

Неўзабаве мы зноў сядзелі на тым цудоўным месцы, пакрытым мохам, тым самым, што і мінулым разам, дзе я абдымаў яе з усёй асцярожнасцю і пяшчотай, уладкаваўшыся на яе лагодных грудзях, якія здаваліся мне самай цудоўнай, самай мяккай падушкай. Я без доўгіх роздумаў, не трацячы часу, прытуляўся да любага стану, набліжаў свой твар да яе, вольна, пяшчотна і палка абдымаў яе за шыю, рабіў гэта і штосьці іншае, такое ж прыемнае, і не знаходзіў словаў: мне здавалася, што я, гайдаючыся на караблях, уздымаюся да ідэалу і знаходжу прытулак там, дзе бестурботна жывуць святыя, што ўвесь час купаюцца ў надзвычайнай радасці і шчасці.

Яна лашчыла мой лоб і час расказвала пра сябе:

– Мяне завуць Марыя, паходжу я з Эменталя. Бацьку і маці я страціла рана, ужо дзіцем трапіла да чужых людзей. Я старанна працавала, бо я моцная. Неўзабаве мне ўсё, што я бачыла і чула, падалося халодным, чужым і дробным. Тое, што людзі называюць жыццём, я ніколі не разумела. Дробязны плач і дробязны смех людзей рабіліся для мяне ўсё больш чужымі, усё больш незразумелымі. Я не брала ўдзелу ў іх паспешлівых радасцях, я не магла зразумець іх болю. Я была заўсёды спакойнай і рашучай. Мяне не краналі ні трывога, ні страх. Я ніколі нічога не баялася. Людзі пачалі пазбягаць мяне, быццам я нейкі дух, але я ніколі не траціла спакою – і ніколі не страчу. Тут, у лесе, я адчуваю сябе добра. Людзей я не люблю. Праўда, я жыву не тут, не ў лесе, як казала мінулым разам, – я жыву ўнізе, у горадзе, у адным завулку, але мяне заўсёды вабіць сюды, наверх, дзе я і праводжу дзень. І ты любіш лес.

– Як цябе, – сказаў я.

– Я ніколі не плакала, – працягвала яна, – але ніколі асабліва і не весялілася. У гэтых дэталях, у гэтых рэчах я нічога не разумею. Я была заўсёды сур’ёзнай, і таму людзі называлі мяне абыякавай і пазіралі на мяне злоснымі вачыма, хаця я ніводнаму чалавеку не прынесла ні пакутаў, ні зла. Людзі мяне ніколі не разумелі, а таму злаваліся, цураліся мяне і адштурхоўвалі – яны ж хочуць усё ведаць і адразу ўсё разумець. Маё маўчанне, якое я люблю, як неба, настроіла іх супраць мяне. Я крыўдзіла іх сваім спакоем, сваім маўчаннем, але ж не праз упартасць была я спакойнай і маўклівай. Я ніколі не хацела крыўдзіць кагосьці сваёй сутнасцю. Я нарадзілася такой, але людзям заўсёды здаецца, што чалавек наўмысна робіцца такім, якім ён ёсць. Мяне гэта не асабліва турбуе, а сёння, калі ты са мной, не турбуе ўвогуле. Ты – добры, кахаеш мяне і давяраеш мне. Ты спакойны і зусім мяне не баішся.

Мы моўчкі сядзелі побач і прыслухоўваліся, пакуль не сцямнела, і яна сказала:

– Цяпер ідзі дадому.

Фраў Бандзі я нічога пра Марыю не расказваў і нават не згадваў пра яе. Фраў Бандзі, пэўна, не зразумела б тую радасць, якую я адчуваў, і маю патрэбу сустракацца з такой жанчынай. Я, мабыць, толькі сапсаваў бы ёй настрой, пачаўшы абмалёўваць прыгажосць Марыі, апавядаць пра ўсё тое, што мяне прываблівае, зачароўвае і здаецца каштоўным ў іншай жанчыне, а я гэтага не хацеў. Наадварот, чагосьці такога трэба было старанна пазбягаць. Не баяцца зачапіць чыё-небудзь цалкам натуральнае самалюбства, быць няўважлівым, грубым, няветлівым – гэта я лічу і, дзякуй Богу, заўсёды лічыў чымсьці нетактоўным і неразумным, такім жа жорсткім, як і бязглуздым, такім жа маладушным, як і бессардэчным. Карацей кажучы, я палічыў разумным асцярожна зберагаць тайну свайго шчасця. Я разумеў, што трэба строга асцерагацца, каб не выдаць свае інтымныя перажыванні і не выклікаць падазрэння сваім шматзначным маўчаннем, але парушыўшы яго, я нажыў бы толькі непрыемнасці і дрэнны настрой, не атрымаўшы з гэтага ніякае карысці. Калі разумееш, што слова можа зруйнаваць штосьці добрае, дарагое і прыемнае, а маўчанне не прынясе нічога шкоднага і кепскага, то лепш памаўчаць.

Марыя заўсёды была аднолькава прыгожай і натуральнай, а тыя доўгія гадзіны, што я правёў з ёй, даведваючыся пра нешта новае, заўсёды прыносілі мне шмат асалоды.

Аднойчы мы з фраў Бандзі шпацыравалі па лесе, дзе я звычайна сустракаў Марыю, і лёс вырашыў скласціся так, што яна нам сустрэлася. Гэтым разам яна неяк дзіўна і авантурна ці, можа, жадаючы пафарсіць, трымала ў руцэ веер. Яе запясце ўпрыгожвалі бліскучыя, хоць відавочна і танныя бранзалеткі. У яе ясных вачах ззяла блакітнае адлюстраванне мора. Гэта сапраўды было ўвасабленне сапраўднай жанчыны, якая, здавалася, была створаная для кахання і для чалавечага шчасця. Выраз яе твару, на якім была напісаная ўпэўненасць у перамозе, але і бясконцая сціпласць, нагадваў выраз твару багіні. Яна рухалася лёгка і велічна, прыгожа і адначасова быццам цяжкавата: крокі – сама музыка, рухі – мелодыя, зноў без капелюша і ў вельмі лёгкім адзенні, што давала цудоўнаму целу поўную свабоду.

Фраў Бандзі кінула на Марыю вельмі паспешлівы і несправядлівы позірк, поўны агіды і пагарды. Стаўшы сведкам такой сумнеўнай пагарды і непрыязнасці, я адчуў толькі жаль да адукаванай жанчыны, якая з жахам і жаданнем прынізіць глядзела на добрае наіўнае дзіця прыроды, выгляд якога, як ёй здавалася, нельга было ўхваліць.

Я хадзіў да Марыі, як толькі меў такую магчымасць, але я ні ў якім разе не пераставаў шанаваць у фраў Бандзі яе каштоўную, высакародную жаноцкасць: гэтыя дзве супрацьлегласці, кожная сваім асаблівым чынам, здаваліся вельмі для мяне важнымі – Марыя вабіла маё сэрца, у той час як дама, увасобленая ў фраў Бандзі, прыцягвала мяне імкненнем і жаданнем вучыцца.

Але аднойчы Марыя знікла, не даўшы і найменшага знаку, не пакінуўшы ніякага следу. Яе раптоўнае знікненне засталося для мяне невытлумачальным. Здавалася, быццам яе ніколі і не існавала. Пасля яе засталіся толькі салодкі водар, пошчак салаўя, мілая карцінка і ўспамін пра матылька, успамін, лёгкі, як пяшчотны вечаровы ветрык... Я цэлымі днямі дарэмна блукаў у бязладных роздумах, у сумных пошуках зніклай, у заблытаных, нясмелых памкненнях, якія не давалі ніякіх вынікаў, па лесе, які быў падобны да пакінутага жытла, з якога збегла яго жыхарка.

Я больш ніколі не бачыў Марыю. Мне надышоў час зноў зрушыцца з месца і пашукаць сабе нейкую працу, стала заняцца той ці іншай справай, зноў прывучыць сябе да нейкай мэтаскіраванасці, і таму я прыняў рашэнне сабраць свае рэчы, развітацца і выправіцца ў падарожжа.

– Куды вы збіраецеся? – спытала фраў Бандзі.

– Я і сам яшчэ не ведаю. Што ж! Да якой-небудзь з сённяшніх буйных цывілізацый, да культуры, працы, нястачы, вытанчанай асалоды, сучаснай шыкоўнасці і асветы, у адзін з самых вялікіх шумных гарадоў, дзе я ўбачу, з чаго пачаць, каб прыцягнуць да сябе нейкую ўвагу і набыць павагу у супляменнікаў.

– Не застанецеся яшчэ на некалькі дзён тут?

– Не.

– Вас доўга нельга будзе ўбачыць?

– Магчыма.

– Што з вамі будзе? У вас усё будзе добра?

– Пабачым.

– Падыдзіце ж да мяне блізка, як добры сябра, і мякка пацалуйце мяне на развітанне ў лоб.

Калі я зрабіў тое, што яна пажадала, мы развіталіся. Мой бацька пажадаў мне шчасця і добрага шляху, я яму – здароўя і добрай старасці. З гэтым я і пайшоў.


Пераклад зроблены з выдання: Robert Walser. Poetenleben. – Suhrkamp Verlag, 1988.


Пераклад з нямецкай – Уладзімір Папковіч © 2010

Чытайце таксама

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

Канстанцінас Кавафіс

Канстанцінас Кавафіс

Не прызнаны пры жыцці паэт, які пісаў на новагрэцкай мове

Іда Ліндэ

Іда Ліндэ

Шведская пісьменніца і перакладчыца.

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Жан-Жазэф Рабэарывелу

Многімі лічыцца першым афрыканскім паэтам-мадэрністам

1009