Сугучча
(Súzvuk)
Калі падыходзіш да мяне
як да песні даўняй
словы якой ты з часам забыў
я раблюся навязлівым напевам
і спяваю цябе фальшыва
Калі падыходзіш да мяне
як да загадкі
сэнс якой ты даўно разгадаў
я раблюся галаваломкай
рэбусам для самой сябе
Калі падыходзіш да мяне
як да чыстай старонкі
на якой пішаш верш пра мяне
я раблюся вершам пра цябе
і ведаю сябе на памяць
Ліст
(List)
Я паслала табе ўчора ліст
які сёння да мяне вярнуўся
Калі б я сказала што ён быў сумным
гэта магло б прагучаць як дакор
і не было б такім важкім
Аднак каб маё слова не было для цябе
легкаважным
я дадам што ліст быў паважлівым
Галоўнае што я цябе ў ім папярэдзіла
калі ты зусім выпадкова
знойдзеш дзе-небудзь збан
а каля яго камень
звярні ўвагу на тое
каб яны не сустрэліся
Ці то камень у збан
або збан у камень
у любым выпадку гэта будзе віно
якое пралілося марна
Гэта я напісала табе ў лісце
які сёння паліты віном да мяне вярнуўся
як адказ
Карціна
(Obraz)
Гэты букет
уласна толькі карціна
адзін з незлічоных букетаў
і ад расквітнелай вазы
якая няспынна поіць
намаляваныя кветкі
няіснай жывою вадой
даўно ўжо не засталося ні чарапка
Але кветкі ўсё ж не вянуць
вада не старэе
квецень і ваза жывяць адна адну
тым часам як я вяну ў няспынных змяненнях
Гадамі я прыглядаюся
як гэта ўдаецца карціне
і паступова пачынаю разумець
што такое цуд
Але яго можна пазбавіць жыцця
адным бяскрыўдным мазком пэндзля
Багі
(Bohovia)
Яны збудавалі сабе трон
у найцямнейшым куце нашай падсвядомасці
Толькі як усёведныя
яны ўсё ж мусілі хаця б прадбачыць
што аднойчы мы пасвецім у куты
Ці можа мы былі нявартымі
іхных вялікіх намаганняў?..
За пакуту багі будуюць цяпер троны
на самым сонцы
і для нас
Мяжа
(Rozhranie)
На гэтым месцы
і ў гэты момант
у век
які ўжо асвойвае права
хваліць дзень перад вечарам
яшчэ не перастаўшы спадзявацца
на мудрасць заўтрашняга ранку
на месцы
якое адбілася на тваіх далонях
на падэшвах і на каленях
і таму ты можаш узяць з яго столькі
колькі сабе забірае ўробленая ралля
з поту свайго аратага
у момант
які табою цікавіцца
засяроджаны ў адзіным семі
ён мабыць змог бы змясціцца
паміж двух роднасных удараў
пары чужых сэрцаў
каб прыносіць плады
у імгненне
вызначальнае для цябе
яно раскладзена на плады
і мабыць магло б напоўніць
нават бясконцасць замкнёную
ў тоесным руху
паміж калыскай і звонам
і ў век
які ўжо ўсвядоміў
на шматстайнай разлозе вады
што ён нават не прыгубіў
з усіх крыніц
і таму спадзяецца аддана
на глыбокі глыток
з адзінай пітной студні
на гэтым месцы
у гэты момант
і ў гэты век
спакойна пастой
у цішыні
і пашукай сябе ў творы
ўласных дзён
Пераклад са славацкай – Святлана Богуш
Вершы ўзятыя са зборніка “Трыванне” (Trvanie, 1979).
© Lýdia Vadkerti-Gavorníková, спадкаемцы, 2010