У чаканні варвараў
(Περιμένοντας τους Bαρβάρους)
 — Чаму на гэтай плошчы сабраліся мы?
 
 — Таму што сёння прыбываюць варвары.
 
 — Чаму тады сенат сядзіць без дзеянняў
 і новыя законы не прымаюцца?
 
 — Таму што сёння прыбываюць варвары,
 а значыць, не патрэбныя сенатары:
 свае законы прынясуць нам варвары.
 
 — Чаму так рана імператар наш падняўся?
 Чаму ён сеў ля брамы гарадское
 на троне і з каштоўнымі кляйнодамі?
 
 — Таму што сёння прыбываюць варвары,
 і хоча іх прыняць правадыра
 наш імператар і ўручыць пергамент,
 падрыхтаваны загадзя, — у ім
 пазначаныя званні ганаровыя.
 
 — Чаму тады і консулы, і прэтары
 надзелі сёння тогі пурпуровыя?
 Нашто ім бранзалеты з аметыстамі,
 пярсцёнкі смарагдовыя зіхоткія?
 Навошта жэзлы ў іх руках разьблёныя,
 аздобленыя золатам і срэбрам?
 
 — Таму што сёння прыбываюць варвары,
 а іх сляпіў заўсёды бляск каштоўнасцяў.
 
 — Чаму не выйшлі годныя аратары,
 каб запаліць натоўпы красамоўствам?
 
 — Таму што сёння прыбываюць варвары,
 і нудзіць варвараў майстэрства нашых рытараў.
 
 — Чаму ж запанавала тут разгубленасць
 і твары ад трывогі пасур’ёзнелі?
 Чаму імгненна апусцелі вуліцы
 і ўсе ідуць дадому, задуменныя?
 
 — Бо ноч прыйшла, а варвараў не бачна,
 ідуць з памежжа весткі неспакойныя,
 нібыта болей не існуе варвараў.
 
 І як цяпер мы будзем жыць без варвараў?
 Бо варвары былі хоць нейкім выйсцем.
 
пераклад з навагрэцкай — Ганна Янкута і К. Коракс
Успомні, цела…
(Θυμήσου, Σώμα...)
 Успомні, цела, не пра тое, колькі ты кахала,
 не толькі ложкі, што цябе прымалі,
 але і жарсць, якая ззяла ціха
 ў вачах, што колісь на цябе глядзелі,
 і ў голасе дрыготкім, — і заўсёды
 ёй замінала нейкая драбніца.
 Цяпер, калі мінула ўсё, здаецца,
 што ты таксама аддавалася той жарсці,
 якая ззяла — ўспомні — як жа ззяла
 ў вачах, што пазіралі на цябе,
 і ў голасе дрыжала — для цябе, успомні, цела.
 
пераклад з навагрэцкай — К. Коракс
Вяртайся
(Επέστρεφε)
 Часцей вяртайся і бяры мяне,
 ты, пачуццё каханае, часцей бяры мяне, 
 у час, калі жывая памяць цела,
 і кроў пульсуе ад жаданняў даўніх,
 калі ўсё памятаюць вусны, скура, 
 і рукі быццам зноў цябе кранаюць.
 Вяртайся ўночы і бяры мяне,
 калі ўсё памятаюць вусны, скура...
 
пераклад з навагрэцкай — К. Коракс
Аднастайнасць
(Μονοτονια)
 За днямі дні праходзяць аднастайна,
 Аднолькавасць мінае шматразова,
 І кожнае імгненне, як звычайна,
 Без змен увасабляецца нанова.
 
 І з году ў год — гісторыя старая.
 Прадказваць прышласць лёгка да блазенства,
 Бо “заўтра” зноў “учора” паўтарае
 І з будучыняй траціць падабенства.
 
пераклад з навагрэцкай — К. Коракс




