№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джозэф Конрад

Аванпост прагрэсу (An Outpost of Progress)

Пераклад з ангельскай Павел Донаў


I


Гандлёвай станцыяй загадвалі двое белых. Каер, начальнік, быў маленькі і круглы. Карлье, ягоны памочнік, — высокі, з вялікай галавой і вельмі шырокім торсам, пасаджаным на доўгіх тонкіх нагах. Трэцім на станцыі быў чарнамазы з Сьера-Леонэ, які сцвярджаў, што яго завуць Генры Прайс. Аднак з невядомай прычыны тубыльцы ніжэй па рацэ празвалі яго Макола, і гэтае імя прыстала да яго назаўсёды, колькі ён ні вандраваў па гэтым краі. Ён гаварыў па-ангельску і па-французску з птушыным акцэнтам, меў прыгожы почырк, знаўся на бухгалтарскім уліку і ў глыбіні душы працягваў шанаваць злых духаў. Яго жонкай была мурынка з Луанды, вялізная і вельмі шумная жанчына. Перад уваходам у яго прыземістую, падобную да хлява хату круціліся на сонцы трое дзяцей. Маўклівы і скрытны, Макола пагарджаў гэтымі белымі. Ён адказваў за невялікі гліняны склад пад саламянай страхой і рабіў выгляд, быццам з поспехам вядзе ўлік пацеркам, бавоўне, чырвоным хусткам, меднаму дроту і іншым таварам, якія ў ім захоўваліся. Акрамя склада і Маколавай хаты на расчышчанай пад станцыю тэрыторыі была ўсяго адна вялікая пабудова. Яна была ахайна складзеная з трыснёгу і з усіх чатырох бакоў абнесеная верандай. Усярэдзіне былі тры пакоі. Цэнтральны — гасцёўня з двума грубымі сталамі і некалькімі табурэткамі. Два іншыя — спачывальні для белых. З мэблі ў кожным было па раме ад ложка і маскітнай сетцы. На дашчанай падлозе валяліся рэчы белых: паўпустыя адчыненыя скрыні, рваная вопратка, старыя чаравікі — брудны і паламаны хлам, які неспасціжным чынам збіраецца паўсюль, дзе жывуць неахайныя мужчыны. На некаторай адлегласці ад будынкаў было яшчэ адно населенае месца. У ім, пад высокім і моцна пахіленым крыжам, спачываў чалавек, які быў сведкам таго, як усё пачыналася. Ён планаваў і назіраў за будоўляй гэтага аванпоста прагрэсу. Дома ён быў няўдалым мастаком, які стаміўся на пусты страўнік ганяцца за славай і з’ехаў прэч з дапамогай высокіх заступнікаў. Ён стаў першым начальнікам станцыі. Макола назіраў, як гэты бадзёры мастак памёр ад ліхаманкі ў ледзьве дабудаваным доме, з сваёй звычайнай абыякавасцю, быццам гаворачы: “А я ж казаў”. Тады нейкі час тут жыў толькі ён з сваёй сям’ёй, рахунковымі кнігамі і Злым Духам, які кіруе землямі ніжэй за экватар. З сваім богам ён ладзіў выдатна. Можа, задобрыў яго тым, што паабяцаў хутка даць пагуляцца з новымі белымі людзьмі. Але дырэктар Вялікай Гандлёвай Кампаніі, які прыбыў параходам, падобным да вялізнай бляшанкі з сардзінамі з кабінай пад плоскім дахам, убачыў, што станцыя ў добрым стане і на ёй па-ранейшаму ціха завіхаецца Макола. Дырэктар загадаў узвесці над магілай першага агента крыж і прызначыў на яго пасаду Каера, а ў падпарадкаванне яму — Карлье. Дырэктар быў жорсткім і працавітым чалавекам і часам дазваляў сабе хоць і няўзнак, але змрочна пажартаваць. Ён звярнуўся да Каера і Карлье з прамовай, якая малявала шматабяцальныя перспектывы станцыі. Да найбліжэйшага гандлёвага пасялення было міляў трыста. Для іх гэта азначала выключную магчымасць паказаць сябе і зарабіць на гандлі. Для пачаткоўцаў такое прызначэнне было проста падарункам. Дабрыня дырэктара расхвалявала Каера ледзь не да слёз. Ён паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб апраўдаць дабрыню і давер, і г.д., і да т.п. Каер меў досвед працы ў тэлеграфным упраўленні і быў навучаны фармуляваць свае думкі. Карлье ж быў унтэр-афіцэрам кавалерыі ў арміі, якая знаходзілася пад абаронай некалькіх еўрапейскіх дзяржаваў, і ён быў уражаны менш. Калі гэта магло прынесці нейкія дывідэнды, то тым лепш. І абводзячы змрочным позіркам рэчку, лясы, непранікальнае кустоўе, якое быццам адразала станцыю ад рэшты свету, ён мармытаў скрозь зубы: “Пабачым, вельмі хутка пабачым”.

Назаўтра, калі на бераг выкінулі некалькі цюкоў бавоўны і скрыні з харчамі, параход-бляшанка адчаліў і не вяртаўся наступныя паўгоду. Дырэктар, крануўшы фуражку, развітаўся з палубы з агентамі, што махалі капелюшамі на беразе, і звярнуўся да старога супрацоўніка Кампаніі, які ішоў у штаб:

— Вы паглядзіце на гэтых ідыётаў. Яны там дома, мусіць, з глузду з’ехалі, калі прыслалі мне такіх тыпусаў. Я сказаў ім разбіць агарод, пабудаваць новыя склады і загарадзі і зрабіць прыстань. Іду ў заклад, нічога не зробяць! Не сцямяць, як і падступіцца. Заўсёды думаў, што станцыя ў такім месцы абсалютна дарэмная, і яны быццам створаныя для яе!

— Станцыя іх пераробіць, — з далікатнай усмешкай адказаў той.

— Як бы там ні было, на паўгоду я ад іх пазбавіўся, — выпаліў дырэктар.

А тыя двое прасачылі, як параход павярнуў, трымаючыся за рукі, ускараскаліся на бераг і вярнуліся на станцыю. Яны правялі ў гэтым дзікім неабсяжным краі зусім мала часу і пакуль што заўсёды былі пад наглядам і кантролем старэйшых. Слабое ўздзеянне асяроддзя не адбілася на іх, і цяпер яны адчувалі сябе вельмі самотна — іх пакінулі сам-насам з пустэльняй, з той пустэльняй, якая была яшчэ менш зразумелай і яшчэ чужэйшай праз невытлумачальныя пробліскі бурнага жыцця ў ёй. Людзі яны былі абсалютна нязначныя і нікчэмныя, і іх існаванне заставалася магчымым толькі дзякуючы высокай арганізацыі цывілізаваных масаў. Нямногія ўсведамляюць, што іх жыццё, самая сутнасць іх характару, усё тое, што яны могуць і на што насмельваюцца, вынікае з асабістай веры чалавека ў бяспеку навакольнага свету. Смеласць, спакой, упэўненасць, эмоцыі і прынцыпы, усе сур’ёзныя і малаважныя думкі належаць не самой асобе, а масам, тым масам, якія слепа вераць у непераможную моц уласных законаў і нораваў, у моц паліцыі і грамадскай думкі. Але сутыкненне з чыстым, непрыхаваным дзікунствам, з першабытнай прыродай ці першабытным чалавекам, пасяляе ў душы неспадзяваную і глыбокую трывогу. Да адчування адарванасці ад свайго наваколля, да яснага ўсведамлення адзіноты ўласных думак і ўласных перажыванняў, да адсутнасці звыклых рэчаў, якія былі бяспечнымі, дадаецца сведчанне незвычайнага, а значыць, і небяспечнага, сведчанне чагось няпэўнага, бескантрольнага і агіднага. Такое ўварванне трывожыць, абуджае фантазію і робіцца выпрабаваннем для цывілізаванай псіхікі як дурняў, так і мудрацоў.

Каер і Карлье ішлі, узяўшыся за рукі, прыціскаючыся адзін да аднаго, як дзеці ў цемры. Яны перажывалі ўсё тое ж, у нейкай ступені прыемнае, адчуванне пагрозы, што часткова падаецца ўяўнай. Яны няспынна балбаталі ў сваёй звыклай манеры.

— А ў прыгожым месцы стаіць наша станцыя, — казаў адзін. Другі ахвотна з гэтым пагаджаўся і пачынаў шматслоўна разважаць, якое прыгожае тут наваколле. Потым яны прайшлі міма магілы.

— Вось жа небарака! — сказаў Каер.

— Ён жа ад ліхаманкі памёр, так? — прамармытаў Карлье і ненадоўга спыніўся.

— Ды не! — абурана запярэчыў Каер. — Я чуў, ён занадта доўга заставаўся на сонцы. Каго ні спытай — клімат тут нічым не горшы, чым дома, трэба проста сцерагчыся сонца. Чуеш, Карлье? Начальнік тут я, і я загадваю табе пазбягаць сонца!

Старшынства ён прыўлашчыў жартам, але астатняе было абсалютна сур’ёзна. Ад адной думкі, што яму, можа, давядзецца пахаваць Карлье і застацца тут аднаму, яго бралі дрыжыкі. Раптам ён адчуў, што гэты Карлье стаў для яго тут, у цэнтры Афрыкі, даражэйшым, чым мог бы быць брат у любым іншым месцы. Карлье вырашыў падыграць — ён па-вайсковаму адсалютаваў і выпаліў:

— Вашыя загады будуць выкананыя, шэф!

Потым рассмяяўся, паляпаў Каера па спіне і крыкнуў:

— Як на мазаных колах пойдзе! Сядзі сабе ды збірай слановую костку, якую прыносяць абарыгены. Урэшце, і тут ёсць свае перавагі!

Яны хорам зарагаталі, а Карлье падумалася:

“Бедны Каер, такі тлусты, дый выглядае хваравіта. Калі мне давядзецца яго пахаваць, кашмар будзе. Я яго паважаю…”

Не паспелі яны дайсці да веранды дома, як ужо звярталіся адзін да аднаго “мой любы друг”.

Першы дзень яны правялі вельмі дзейна — завіхаліся з малаткамі, цвікамі ды чырвоным паркалем, каб павесіць фіранкі і зрабіць дом утульным і прыгожым. Яны вырашылі выгодна ўладкавацца на новым месцы. Што выявілася невыканальнай для іх задачай. Паспяховае вырашэнне нават выключна матэрыяльных праблем патрабуе ад людзей больш разважлівасці і адвагі, чым яны могуць сабе ўявіць. І немагчыма было знайсці двух менш прыдатных для такой місіі людзей. Грамадства зусім не з ласкі, а з нейкіх уласных незразумелых патрэбаў клапацілася пра іх і забараняла ім любыя самастойныя думкі, любую ініцыятыву, любое адхіленне ад руціны. І забараняла гэта ўсё пад страхам смерці. Яны маглі існаваць, толькі застаючыся машынамі. Цяпер жа, без апекі і клопату людзей з асадкамі за вухам ці з залатымі карункамі на рукавах, яны былі як пажыццёвыя вязні, якіх праз шмат гадоў вызвалілі, а яны і не ведаюць, што рабіць з гэтай свабодай. Яны не ведалі, як выкарыстаць свае здольнасці, бо, нягледзячы на прагу дзеянняў, былі няздатныя думаць самастойна.

Па сканчэнні двух месяцаў Каер раз за разам пачаў паўтараць: “Каб не Мэлі, вы б мяне тут не ўтрымалі”. Мэлі была яго дачкой. Ён кінуў сваю пасаду ў тэлеграфным упраўленні, каб зарабіць на пасаг дачцэ, хоць абсалютна шчасліва адпрацаваў там усе сямнаццаць гадоў. Жонка памерла, і малую гадавалі сёстры. Ён сумаваў па вуліцах, па бруку, па кавярнях, па даўніх сябрах, па ўсім, што ён раней бачыў дзень за днём, па ўсіх думках дзяржаўнага клерка, якія выклікалі добра знаёмыя рэчы, — па думках нязмушаных, манатонных, якія прыносілі спакой. Ён сумаваў па плётках, па дробнай варажнечы, па мяккай з’едлівасці і жартачках, якімі поўніліся дзяржаўныя канторы. “Меў бы я прыстойнага швагра, — заўважаў Карлье, — у якога не камень замест сэрца, мяне б тут не было”. Ён звольніўся з войска і сваім лайдацтвам ды бесцырымоннасцю абрыд сваёй сям’і так, што раззлаваны швагер прыклаў нечалавечыя намаганні, абы выбіць яму ў Кампаніі месца агента другога разраду. Не маючы ні шэлега за душой, ён пагадзіўся на такія заробкі адразу, як толькі канчаткова зразумеў, што больш нічога з сваякоў не выцягне. Як і Каер, ён таксама сумаваў па ранейшым жыцці. Ён сумаваў па бразгаце шабляў і шпор у пагодны дзень, па казарменным гумары, па дзяўчатах з гарнізонных гарадоў. Але ў дадатак да ўсяго ён адчуваў і горыч. Было відавочна, што з ім часта абыходзіліся несправядліва. І гэта яго часам маркоціла. Але ўдвух яны добра ладзілі ў сваёй бязглуздай лайдацкай кампаніі. Ніхто з іх не займаўся нічым, абсалютна нічым, і яны цешыліся з той бяздзейнасці, за якую атрымлівалі заробак. І з часам у іх з’явілася нешта накшталт узаемнай прыхільнасці.

Яны жылі, як двое сляпых у вялікім пакоі, якія ведаюць толькі пра тое, што трапляецца ім у рукі (дый тое не ў поўнай меры), і не маюць магчымасці агледзець усю карціну. Рэчка, лес і агромністыя прасторы, што пульсуюць жыццём, былі як вялізная пустэльня. Нават пры яркім сонцы яны нічога не маглі разабраць. Перад іх вачыма ўсё з’яўлялася і знікала без сувязі і мэты. Рэчка, здавалася, не мае ні пачатку, ні канца. Яна цякла ў пустэчы. З гэтай пустэчы часам з’яўляліся каноэ, і раптам на падворку станцыі ўжо грувасціліся людзі з дзідамі. Яны былі голыя, бліскуча-чорнага колеру, упрыгожаныя беласнежнымі ракавінамі і прамяністым медным дротам, і іх рукі і ногі былі бездакорныя. Яны бесцырымонна балбаталі, велічна рухаліся і дзіка зыркалі сваімі спалоханымі, пазбаўленымі спакою вачыма. Воіны доўгімі шэрагамі па чатыры і больш чалавек сядзелі на кукішках перад верандай, а правадыры тым часам гадзінамі таргаваліся з Маколам за слановыя біўні. Каер сядзеў у крэсле ды назіраў за тым, што адбываецца, нічога не разумеючы. Ён узіраўся ў іх сваімі круглымі блакітнымі вачыма, а потым гукаў Карлье:

— Во, паглядзі! Паглядзі на таго і яшчэ вунь на таго, злева. Ці бачыў ты калі такое аблічча? Вось жа смешны, скаціна!

Карлье, які курыў кароткую драўляную піпку з мясцовым тытунём, падыходзіў з важным выглядам, падкручваў вусы, з напышлівай пагардай разглядаў воінаў і казаў:

— Добрая скацінка. Ці прынеслі косткі? Так? Яны не дужа спяшаліся. Глядзі, якія цягліцы вунь у таго, трэцяга з краю. Не хацеў бы я дастаць ад яго ў нос. Выдатная рукі, але ногі ніжэй за калена так сабе. Кавалерыі з іх бы не выйшла, — потым ён задаволена пазіраў на ўласныя галёнкі і завяршаў заўсёды наступным чынам. — Фу! Ну і смурод ад іх! Гэй, Макола! Завядзі гэты статак да ідала (на ўсіх станцыях склад называлі ідалам, магчыма, праз атмасферу цывілізацыі, якая там панавала) і аддай ім што-небудзь з хламу, які ты там трымаеш. Лепш бы яго запоўніць косткай, а не рыззём.

Каер яго падтрымліваў.

— Так-так! Ідзіце балбатаць туды, містэр Макола. Як скончыце, я падыду і ўзважу бівень. Трэба быць пільнымі, — а потым звяртаўся да калегі. — Гэта тое племя, што жыве ніжэй па рацэ. Які ж ад іх пах! Памятаю, як яны раней прыходзілі. Чуеш, як сварацца? Якім жа трэба быць чалавекам, каб мірыцца з такім паскудным краем! Галава трашчыць.

Такія прадуктыўныя візіты здараліся рэдка. Цэлымі днямі гэтыя два першапраходцы ад гандлю і прагрэсу глядзелі на пусты двор, заліты дрыготкім бляскам сонца ў зеніце. Пад высокім берагам маўкліва цякла спакойная бліскучая рэчка. На пясчанай выспе пасярод плыні гіпапатамы грэліся побач з алігатарамі. І ва ўсе бакі ад невялічкага пятачка, расчышчанага пад гандлёвае пасяленне, у красамоўна бязгучнай велічы цягнуліся неабсяжныя лясы, што хавалі жахлівыя складанасці неверагоднага жыцця. Гэтыя двое нічога не разумелі і не цікавіліся нічым, апрача таго, колькі дзён засталося да вяртання парахода. Іх папярэднік пакінуў некалькі падраных кніг. Яны ўзяліся за гэтыя парэшткі раманаў, і паколькі ніколі раней нічога падобнага не чыталі, то кнігі іх здзівілі і пацешылі. Доўгія наступныя дні яны без канца прысвячалі бязглуздым абмеркаванням сюжэтаў і персанажаў. У цэнтры Афрыкі яны пазнаёміліся з Рышэлье і д’Артаньянам, з Ястрабіным Вокам, бацькам Гарыё і многімі іншымі. Усе гэтыя выдуманыя персанажы сталі для іх аб’ектам плётак, быццам былі сапраўднымі знаёмымі. Яны ганілі іх цноты, падазрона ставіліся да матываў, крытыкавалі поспехі, абураліся іх двудушнасцю або сумняваліся ў іх адвазе. Апісанні злачынстваў перапаўнялі іх гневам, а пяшчотныя ці пафасныя ўрыўкі глыбока краналі. Карлье адкашліваўся і казаў з салдацкай інтанацыяй: “Вось дык бздуры!” Круглыя вочы Каера напаўняліся слязьмі, тоўстыя шчокі дрыжалі, ён паціраў лысіну і заяўляў: “Цудоўная кніга! Нават не падазраваў, што ў свеце ёсць такія разумныя людзі”. Яшчэ яны знайшлі некалькі старых газет з радзімы. Там узнёсла абмяркоўвалася тое, што аўтары задаволена называлі “нашай каланіяльнай экспансіяй”. Шмат казалася пра правы і абавязкі цывілізацыі, пра святасць цывілізацыйнай работы, узносіліся заслугі тых, хто прыносіць святло, веру і эканоміку ў цёмныя куткі зямлі. Карлье і Каер чыталі, дзівіліся і пасля ўжо былі пра сябе лепшай думкі. Адным вечарам Карлье сказаў, абводзячы рукой наваколле: “Праз сто гадоў тут, напэўна, будзе горад. Прычалы, таварныя склады, казармы і… і… більярдныя. Цывілізаванасць, даражэнькі, і добрапрыстойнасць… і ўсё такое. І потым моладзь будзе чытаць пра двух добрых дзецюкоў, Каера ды Карлье, першых цывілізаваных людзей, якія жылі ў гэтым самым месцы!” Каер кіўнуў: “Але ж, такія думкі даюць суцяшэнне”. Яны, здавалася, забыліся пра свайго нябожчыка папярэдніка, але адной раніцай Карлье пайшоў і ўкапаў крыж раўней. “Колькі міма ні хадзіў, усё касавурыўся на яго, — патлумачыў ён Каеру за ранішняй кавай. — І ўсё праз тое, што ён так нахіліўся. Дык я ўзяў і ўкапаў яго раўней. Цяпер гэта надзейна, даю гарантыю! Я абедзвюма рукамі наваліўся на папярочку. Ні з месца. Але ж і добра я пастараўся”.

Часам да іх заходзіў Гобіла. Гобіла быў старастам суседніх вёсак. Гэта быў сівы абарыген, чорны і худы, з белай анучай, завязанай на сцёгнах, і з бруднай шкурай пантэры на плячах. Ён завітваў на станцыю, робячы вялікія крокі сваімі кастлявымі нагамі і махаючы посахам з сябе ростам, заходзіў у агульны пакой і прыладжваўся на кукішках злева ад дзвярэй. Так і сядзеў, назіраў за Каерам і раз-пораз нешта прамаўляў, але той яго не разумеў. Каер часам па-сяброўску пытаў, не адрываючыся ад занятку: “Як твае справы, здань ты старая?” — і яны адзін аднаму ўсміхаліся. Белыя адчувалі сімпатыю да старога незразумелага стварэння і называлі яго айцом Гобілам. Гобіла ставіўся да іх па-бацькоўску. Здавалася, ён шчыра любіць усіх белых. Яму яны ўсе здаваліся вельмі маладымі, ён іх не адрозніваў (акрамя як па росце) і ведаў, што ўсе белыя між сабой браты, а яшчэ яны несмяротныя. Смерць мастака, першага белага, з якім ён блізка пазнаёміўся, гэтай веры не пахіснула, таму што ён быў абсалютна перакананы, што чужынец толькі зрабіў выгляд, быццам памёр, і згадзіўся на пахаванне дзеля нейкай уласнай невядомай мэты, пытаць пра якую няма сэнсу. Можа, ён так вярнуўся на дадому? Ва ўсякім разе, гэтыя людзі былі яго браты, і ён перанёс на іх сваю недарэчную прыхільнасць. Яны ў пэўным сэнсе адказвалі ўзаемнасцю. Карлье ляпаў яго па спіне і бесклапотна запальваў сярнічкі на радасць старому. Каер заўсёды з задавальненнем даваў яму панюхаць нашатырны спірт. Карацей кажучы, паводзінамі яны зусім не адрозніваліся ад той белай істоты, што схавалася пад зямлю. Гобіла ўважліва іх вывучаў. Магчыма, яны ўсе — ці нехта адзін з іх — былі тым самым першым белым. Ён не мог разабрацца, разгадаць гэтую таямніцу, але заўсёды заставаўся вельмі прыязным. Як вынік гэтай дружбы, жанчыны з Гобілавай вёскі штораніцы ішлі праз трыснёг ланцужком да станцыі і прыносілі дзічыну, салодкую бульбу і пальмавае віно, а часам прыводзілі казу. Кампанія ніколі не забяспечвае станцыі харчамі ў дастатковай меры, таму агентам тыя прадукты былі неабходныя, каб выжыць. Дзякуючы Гобілавай дабрыні, яны іх мелі і жылі някепска. Час ад часу ў аднаго з іх здараліся прыступы ліхаманкі, і тады другі з пяшчотнай адданасцю даглядаў хворага. Яны не надавалі гэтаму значэння. Але самі слабелі ад ліхаманкі, і іх выгляд рабіўся ўсё горшым. У Карлье запалі вочы і ён стаў зласлівым. Каер знясілеў, яго скура абвісла, і ў спалучэнні з акруглым жыватом гэта прыдавала яму дзіўны выгляд. Але паколькі яны ўвесь час праводзілі разам, то і не заўважалі тых паступовых зменаў у іх выглядзе і характары.

Так прайшло пяць месяцаў.

І вось адной раніцы, калі Каер і Карлье лайдачылі ў крэслах на верандзе і гутарылі пра тое, што хутка прыйдзе параход, купка ўзброеных людзей выйшла з лесу і рушыла да станцыі. Яны былі нетутэйшымі. Высокія, шчуплыя, ад шыі да пят убраныя ў традыцыйную блакітную тканіну з махрамі, на аголеным правым плячы кожны нёс па пістаноўцы. Было відаць, што Макола расхваляваўся, ён выбег з склада (дзе праводзіў кожны дзень) сустракаць гасцей. Яны выйшлі на падворак і пачалі спакойна і пагардліва аглядацца. Іх правадыр, дужы, рашучы з выгляду мурын з налітымі крывёй вачыма, стаў перад верандай і распачаў доўгую прамову. Гаворачы, ён шмат жэстыкуляваў, а потым вельмі нечакана змоўк.

Нешта ў яго інтанацыі, у тым, як гучалі яго доўгія сказы, напалохала белых. Яго гаворка хоць і не нагадала нічога пэўнага, але ў той жа час мела рысы цывілізаванай прамовы. Яна гучала як адна з тых непраўдападобных моваў, што часам чуюцца нам у снах.

— Што гэта за мова? — спытаў здзіўлены Карлье. — Спачатку мне здалося, што ён гаворыць па-французску. Так ці іначай, такой тарабаршчыны мы яшчэ не чулі.

— Сапраўды, — адказаў Каер. — Гэй, Макола, што ён кажа? Адкуль яны? Хто яны такія?

Але Макола, які стаяў як на вуглях, паспешліва адказаў:

— Не ведаю. Яны вельмі здалёк. Можа, місіс Прайс іх зразумее. Баюся, гэта нядобрыя людзі.

Правадыр трохі пачакаў і нешта рэзка сказаў Маколу. Той захітаў галавой. Тады чалавек агледзеўся, заўважыў Маколаву хату і накіраваўся туды. Праз хвіліну пачулася, як лапоча місіс Макола. Астатнія чужынцы — іх было шасцёра — разняволена прагульваліся сабе, зазіралі праз дзверы ў склад, спыняліся каля магілы, з разуменнем паказваючы на крыж, і ўвогуле пачуваліся як дома.

— Не падабаюцца мне яны… а слухай, Каер, напэўна, яны з узбярэжжа, у іх агнястрэльная зброя, — заўважыў разважлівы Карлье.

Каеру гэтыя людзі таксама не падабаліся. Яны абое ўпершыню зразумелі, што жывуць ва ўмовах, пры якіх незнаёмае можа быць небяспечным, і ніводная зямная сіла, акрамя іх саміх, не здолее іх ад незнаёмага адгарадзіць. Ім зрабілася няўтульна, яны зайшлі ў будынак і зарадзілі рэвальверы. Каер сказаў: “Трэба загадаць Маколу, хай скажа ім сысці дацямна”.

Незнаёмцы сышлі яшчэ ўдзень, паабедаўшы тым, што згатавала ім місіс Макола. Гэтая вялізная жанчына хвалявалася і шмат гаварыла з чужынцамі. Яна пранізліва верашчала і без канца паказвала на лес і на рэчку. Макола сядзеў непадалёк і назіраў. Часам ён уставаў і нешта шаптаў жонцы на вуха. Ён правёў незнаёмцаў праз яр з задняга боку станцыі і няспешна вярнуўся, заглыблены ў думкі. Калі белыя пачалі яго распытваць, ён паводзіў сябе вельмі дзіўна: здавалася, ён нічога не разумее, быццам забыўся на французскую — ці забыўся, як размаўляць наагул. Каер і Карлье пагадзіліся, што чарнамазы, відаць, перапіў пальмавага віна.

Яны трохі паразважалі былі, ці не пастаяць па чарзе на варце, але ўвечары ўсё здавалася такім ціхамірным, што спаць пайшлі як звычайна. Усю ноч ім не даваў заснуць барабанны бой у вёсках. За глыбокім шпаркім ракатаннем недзе побач чулася іншае — удалечыні, а потым усё сціхала. Неўзабаве то тут, то там пачуліся кароткія выгукі, потым усё змяшалася, узмацнілася, стала дужым, трывалым і разнеслася па ўсім лесе, няспынна і несціхана пакацілася па начы, паблізу і на адлегласці, быццам усё наваколле стала адным магутным барабанам, які безупынку гудзе, гукаючы да нябёсаў. І праз глыбокі і магутны шум бязладнымі гукавымі струмянямі раз-пораз прабіваліся высокія рэзкія выкрыкі, якія нагадвалі ўрыўкі песняў з вар’ятні, быццам імкнуліся вырвацца далей ад зямлі і знішчыць увесь спакой, які толькі ёсць пад зорным небам.

Спалі Карлье і Каер кепска. Ім абодвум уначы чуліся стрэлы — але нельга было вызначыць, адкуль яны. Раніцай Макола некуды знік. Ён вярнуўся каля поўдня з адным з учорашніх чужынцаў і ігнараваў усе спробы Каера пагаварыць — няйначай аглух. Каер не разумеў. Карлье, які лавіў рыбу з берага, вярнуўся і заўважыў, паказваючы ўлоў: “Здаецца, чарнамазыя чартоўскі ўсхваляваліся. Цікава, што здарылася. Пакуль рыбачыў, паспеў заўважыць, як праз раку пераправіліся каля пятнаццаці каноэ”. Устрывожаны Каер адказаў: “Гэты Макола, ён нейкі дзіўны сёння, праўда?” Карлье параіў: “Не адпускай нашых людзей нікуды, раптам што здарыцца”.


II


На станцыі былі дзесяць чалавек, якіх пакінуў дырэктар. Яны наняліся ў Кампанію на шэсць месяцаў (хоць і не разумелі дакладна, што такое месяц, дый увогуле мелі слабое паняцце пра час), але праслужылі на карысць прагрэсу ўжо два гады. Іх племя жыло ў вельмі далёкай частцы гэтага змрочнага і скрушнага краю, і яны не збягалі, бо па звычцы лічылі, што іх як вандроўных чужынцаў заб’юць мясцовыя. І тут яны мелі рацыю. Яны жылі ў саламяных хацінах на схіле яру, парослага трыснягом, адразу за станцыйнымі пабудовамі. Іх існаванне было бязрадасным. Яны сумавалі па ўзнёслай магіі, вядзьмарстве і чалавечых ахвярах на радзіме, дзе ў іх яшчэ засталіся бацькі, браты, сёстры, улюбёныя правадыры, паважаныя шаманы, дарагія сябры, а таксама іншыя, галоўным чынам чалавечыя сувязі. Акрамя таго, ад рысавага пайка, які выдавала Кампанія, ім было блага, бо ў іх краі такой ежы не зналі, і яны ніяк не маглі да яе прызвычаіцца. У выніку яны не мелі ні здароўя, ні шчасця. Каб яны паходзілі з любога іншага племені, то пайшлі б на смерць — бо для асобных абарыгенаў няма нічога лягчэйшага за самагубства — і пазбавіліся б гэтых невытлумачальных цяжкасцяў быцця. Але паколькі яны належалі да ваяўнічага племені, у якім існавала традыцыя падпілоўваць зубы, то былі і цярплівейшымі, таму працягвалі сваё бязглуздае існаванне ў хваробах і няшчасцях. Яны амаль не працавалі і страцілі свае выдатныя фізічныя дадзеныя. Карлье і Каер старанна лячылі іх, але не маглі вярнуць у ранейшы стан. Іх штораніцы збіралі і адпраўлялі на розныя заданні: стрыгчы траву, будаваць агароджу, секчы лес і г.д. і да т.п. — і нічым у свеце нельга было прымусіць іх працаваць добра. Насамрэч белыя мелі над імі вельмі малую ўладу.

Удзень Макола падышоў да вялікага дома і ўбачыў, што Каер назірае за трыма густымі слупамі дыму, якія ўздымаюцца над лесам.

— Што гэта такое? — спытаў Каер.

— Нейкія вёскі гараць, — адказаў Макола, да якога, здаецца, вярнуўся розум. Потым раптам дадаў. — У нас вельмі мала слановай косткі, менш чым на паўгоду. Можа, купім яшчэ?

— Так, — ахвотна сказаў Каер. Ён падумаў пра свой працэнт, які быў вельмі нізкі.

— Людзі, якія прыходзілі ўчора, — гэта гандляры з Луанды, і ім усёй сваёй косткі дадому не данесці. Ці купіць? Я ведаю іх лагер.

— Вядома, — сказаў Каер. — Што гэта за гандляры?

— Дрэнныя людзі, — абыякава сказаў Макола. — Нападаюць на людзей, крадуць жанчын і дзяцей. Дрэнныя і маюць зброю. У краі вельмі неспакойна. Дык купім слановую костку?

— Так, — сказаў Каер.

Макола нейкі час маўчаў. Тады:

— Ад гэтых нашых працоўных зусім ніякай карысці, — прамармытаў ён, азіраючыся. — Станцыя ў вельмі кепскім стане, сэр. Дырэктар будзе раўці. Лепш купіць добрую партыю слановай косткі, тады ён нічога не скажа.

— Не магу нічога з гэтым парабіць, людзі не хочуць працаваць, — сказаў Каер. — Калі ты купіш слановую костку?

— Вельмі хутка, — сказаў Макола. — Можа, увечары. Пакіньце гэта на мяне і не выходзьце на двор, сэр. Дайце, можа, людзям пальмавага віна, хай патанцуюць увечары. Адпачнуць. Заўтра лепш працаваць будуць. Віна шмат — падкісла ўжо.

Каер пагадзіўся, і Макола асабіста пацягнуў вялізныя гарбузовыя бутлі да сваёй хаты. Яны стаялі там да вечара, і місіс Макола зазірнула ў кожную. На заходзе сонца іх аддалі людзям. Калі Каер і Карлье пайшлі адпачываць, каля хат палала вялікае вогнішча. Былі чуваць крыкі людзей і барабанны грукат. Сёй-той з Гобілавай вёскі далучыўся да людзей з станцыі, і ўсе радаваліся святу.

Пасярод ночы Карлье раптам прачнуўся і пачуў гучны выкрык, а за ім стрэл. Усяго адзін. Карлье выбег і сутыкнуўся на верандзе з Каерам. Яны абое былі напалоханыя. Ідучы праз двор клікаць Маколу, яны ўбачылі, як у цемры рухаюцца цені. Адзін з іх закрычаў: “Не страляйце! Гэта я, Прайс!”. Тут побач з імі з’явіўся Макола. “Назад, назад, калі ласка, — пачаў ён прасіць. — Вы ўсё псуяце”. — “Там нейкія дзіўныя людзі”, — сказаў Карлье. — “Няважна, я ведаю”, — сказаў Макола. І зашаптаў: “Добра. Нясіце костку. Маўчыце! Я ведаю, што рабіць”. Белыя неахвотна вярнуўся ў дом, але спаць не пайшлі. Яны чулі крокі, шэпт, некалькі стогнаў. Здавалася, шмат чалавек заходзяць, кідаюць нешта цяжкае на зямлю, доўга спрачаюцца і ўрэшце сыходзяць. Яны ляжалі на сваіх жорсткіх ложках і думалі: “Цаны гэтаму Маколу няма”. Раніцай Карлье выйшаў вельмі сонны на двор і паторгаў за вяроўку вялікага звона. Працоўныя штораніцы склікаліся звонам. Сёння ж не прыйшоў ніхто. Каер выйшаў, таксама пазяхаючы. Праз двор яны ўбачылі, як Макола выйшаў з хаты з бляшанай місай мыльнай вады ў руцэ. Макола, выхаваны чарнамазы, сам па сабе быў вельмі ахайны. Ён трапна пырснуў пенай на свайго гаротнага жоўтага дварнячка, павярнуўся да дома агентаў і гукнуў здалёк:

— Учора ўсе людзі сышлі!

Яны выдатна яго пачулі, але ад здзіўлення закрычалі хорам:

— Што?! — і ўтаропіліся адзін у аднаго.

— Вось цяпер у нас сапраўдная праблема, — прабурчаў Карлье.

— Неверагодна, — прамармытаў Каер.

— Пайду пагляджу хаты, — сказаў Карлье, адыходзячы. Калі Макола падышоў, Каер стаяў адзін.

— Паверыць у гэта не магу, — голасам, поўным слёз, сказаў Каер. — Мы клапаціліся пра іх, як пра дзяцей…

— Яны пайшлі з людзьмі з узбярэжжа, — сказаў Макола, хвілінку павагаўшыся.

— Якая мне справа да таго, з кім яны пайшлі — быдла няўдзячнае! — усклікнуў першы. Потым з раптоўным падазрэннем прыгледзеўся да Маколы і дадаў. — А ты што пра гэта ведаеш?

Макола апусціў вочы долу і павёў плячыма.

— Што я ведаю? Я проста думаю. Хадзем, хочаце паглядзець на слановую костку, якую я дастаў? Выдатная партыя. Вы такой не бачылі.

Ён рушыў да склада. Каер механічна пайшоў за ім у роздумах пра неверагоднае дэзертырства працоўных. На зямлі перад дзвярыма ідала ляжалі шэсць выдатных біўняў.

— Што ты за іх аддаў? — спытаў Каер, калі з задавальненнем агледзеў партыю.

— Незвычайная ўгода, — сказаў Макола. — Яны прынеслі слановую костку і аддалі яе мне. Я сказаў, бярыце на станцыі, што вам падабаецца. Гэта цудоўная партыя. Нідзе не будзе такіх біўняў. Тым гандлярам былі страшна патрэбныя насільшчыкі, а ад нашых людзей тут усё адно не было карысці. Няма ўгоды — няма і запісу ў кнігах, усё ў парадку.

Каер ледзь не выбухнуў ад абурэння.

— Як! — закрычаў ён. — Ты хочаш сказаць, што прадаў нашых людзей за гэтыя біўні?! — Макола безуважна стаяў і маўчаў. — Я… я… табе… я… — заікаўся Каер. — Ды ты д’ябал! — закрычаў ён.

— Я зрабіў лепш для вас і для Кампаніі, — спакойна сказаў Макола. — Чаму вы так крычыце? Глядзіце, які бівень.

— Я цябе звальняю! Я пра цябе паведамлю, і не збіраюся я глядзець на гэты бівень. І табе забараняю кранаць іх. Загадваю, выкінь іх у раку. Ты… ты!..

— Вы такі чырвоны, містэр Каер. Калі будзеце так раздражняцца на сонцы, падхопіце ліхаманку і памраце — як першы начальнік! — настойліва прамовіў Макола.

Яны нерухома стаялі, напружана ўзіраючыся адзін у аднаго, быццам старанна выглядалі нешта на вялізнай адлегласці. Каера калаціла. Макола казаў без задняй думкі, але яго словы здаваліся Каеру поўнымі злавеснай пагрозлівасці! Ён рэзка павярнуўся і пайшоў у дом. Макола вярнуўся да сямейнага ачага, а біўні засталіся ляжаць перад складам, вялізныя і дарагія на выгляд у сонечным святле.

Карлье вярнуўся на веранду.

— Усе сышлі, так? — прыглушаным голасам спытаў Каер з іншага канца агульнага пакоя. — Нікога не знайшоў?

— О, знайшоў, — сказаў Карлье. — Цела аднаго з Гобілавых людзей ляжыць перад хатамі — прастрэленае наскрозь. Вось што за стрэл мы чулі ўначы.

Каер хутка выйшаў. Ён убачыў, што яго кампаньён змрочна пазірае праз двор на біўні, якія ляжаць каля склада. Нейкі час абое сядзелі моўчкі. Потым Каер пераказаў сваю размову з Маколам. Карлье нічога не сказаў. На абед яны з’елі вельмі мала. Яны амаль не гаварылі ў той дзень. Над станцыяй быццам навісла цяжкая цішыня, якая заціскала ім вусны. Макола не адчыняў склада. Ён увесь дзень гуляўся з дзецьмі. Ён выцягнуўся на цыноўцы на дварэ, а малыя сядзелі ў яго на грудзях і лазілі па ім уздоўж і ўпоперак. Кранальная была карціна. Місіс Макола, як звычайна, цэлы дзень гатавала. Белыя ў той дзень зрабілі сабе трошкі лепшую вячэру. Потым Карлье закурыў піпку і прайшоўся да склада. Ён доўга стаяў каля біўняў, дакрануўся да пары нагой, паспрабаваў нават прыўзняць найбольшы, узяўшыся за тонкі канец. Тады вярнуўся да свайго начальніка, які з месца не зрушыўся на верандзе, плюхнуўся ў крэсла і сказаў:

— Я ўсё зразумеў! На іх напалі ў сне, бо яны напіліся пальмавага віна, якое ты дазволіў Маколу ім даць. Як падстроена! Бачыш? Горш за ўсё, што там былі Гобілавы людзі, і іх, несумненна, таксама забралі. Той, хто напіўся менш за іншых, прачнуўся, і яго застрэлілі за цвярозасць. Дзіўны край. І што цяпер рабіць?

— Мы, зразумела, нічога кранаць не можам, — сказаў Каер.

— Канечне, не, — пагадзіўся Карлье.

— Рабства — гэта жахліва, — запінаючыся, прамармытаў Каер.

— Жахліва… такія пакуты, — з асуджэннем крэкнуў Карлье.

І яны шчыра верылі ў тое, што казалі. Да пэўных словаў, якія кажа сам чалавек ці людзі навокал, глыбокую пашану дэманструюць усе. Але ў пачуццях людзі не разумеюць нічога. Мы абураемся або заўзята нешта абмяркоўваем. Кажам пра прыгнёт, жорсткасць, злачынствы, самаадданасць, ахвярнасць, чысціню, але не бачым за гэтымі словамі нічога рэальнага. Ніхто не ведае, што такое пакуты ці ахвярапрынашэнні — акрамя хіба што тых, хто на сабе зазнаў таямнічае прызначэнне гэтых аблудаў.

Наступнае раніцы яны ўбачылі, што Макола заняўся ўсталяваннем на двары вялікіх вагаў для слановай косткі. Карлье адразу сказаў: “Што гэты брудны нягоднік надумаў?” — і паволі пайшоў на двор. Каер рушыў за ім. Яны стаялі і назіралі. Макола не звяртаў на іх увагі. Калі баланс усталяваўся, ён паспрабаваў падняць бівень на вагі. Той аказаўся зацяжкі. Ні слова не кажучы, ён бездапаможна ўзняў вочы, і нейкую хвіліну яны стаялі вакол вагаў, маўклівыя і нерухомыя, як тры статуі. Раптам Карлье сказаў: “Бярыся за другі канец, Макола, скаціна ты такая!” — і яны разам падхапілі бівень. Каер закалаціўся ўсім целам. Ён мармытаў: “Паслухайце! Ох! Паслухайце!” — ён засунуў руку ў кішэню і знайшоў там брудную паперку і агрызак алоўка. Ён адвярнуўся спінай, быццам збіраўся выкінуць нейкі фокус, і пачаў крадком запісваць паказанні вагаў, якія Карлье празмерна гучна яму выкрыкваў. Калі ўсё было скончана, Макола прашаптаў сам сабе: “Тут занадта яркае сонца для біўняў”. Карлье абыякавым тонам сказаў Каеру: “Паслухай, шэф, я мог бы дапамагчы яму занесці гэтую партыю на склад”.

Калі яны вярталіся дадому, Каер уздыхнуў і заўважыў

— Гэта трэба было зрабіць.

А Карлье сказаў:

— Прыкра, але раз людзі належалі Кампаніі, то і слановая костка належыць Кампаніі. Трэба пра яе паклапаціцца.

— Я, зразумела, паведамлю дырэктару, — сказаў Каер.

— Канечне. Хай ён вырашае, — згадзіўся Карлье.

Удзень яны зрабілі сабе багаты абед. Каер час ад часу ўздыхаў. Кожны раз, калі згадвалася імя Маколы, яны дадавалі да яго абразлівы эпітэт. Ад гэтага на сэрцы рабілася лягчэй. Макола зрабіў сабе на паўдня выходны і павёў дзяцей купацца ў рэчцы. Ніхто з Гобілавай вёскі ў той дзень да станцыі не прыходзіў. Ніхто не прыйшоў і назаўтра, і на наступны дзень, і так увесь тыдзень. Зніклі ўсе знакі іх існавання, быццам Гобілавы людзі памерлі, і іх ужо пахавалі. Але яны проста трымалі жалобу па тых, каго страцілі ў выніку чараў, якімі белыя прывабілі ў іх край ліхіх людзей. Ліхія людзі сышлі, але страх застаўся. Страх заўсёды застаецца. Чалавек можа знішчыць у сабе ўсё: любоў і нянавісць, веру і нават сумневы. Але пакуль ён трымаецца за жыццё, ён не можа знішчыць страх — страх патаемны, невынішчальны і жахлівы, які прасякае ўсё яго быццё, уплывае на думкі, тоіцца ў сэрцы, назірае за вуснамі, калі чалавек намагаецца зрабіць апошні ўздых. У страху стары добры Гобіла прынёс яшчэ больш чалавечых ахвяраў злым духам, якія авалодалі яго белымі сябрамі. На яго сэрцы было цяжка. Некаторыя воіны пачалі заклікаць да падпалаў і забойстваў, але стары абачлівы абарыген іх адгаварыў. Хто мог прадбачыць, колькі гора прынясуць гэтыя таямнічыя стварэнні, калі іх раззлаваць? Іх трэба пакінуць у спакоі. Можа, з часам яны сыдуць пад зямлю, як сышоў самы першы з іх. Яго народ мусіць трымацца ад іх далей і спадзявацца на лепшае.

Каер і Карлье не сышлі пад зямлю, яны засталіся на паверхні, і ім здалося, што там стала яшчэ прасторней і вельмі пуста. Але бязмежная і нямая адзінота пасялення ўразіла іх не так моцна, як невымоўнае пачуццё, быццам унутры іх нешта знікла, нешта такое, што гарантавала ім бяспеку і не пускала пустэльню ў сэрца. Родныя вобразы, успаміны пра сабе падобных, пра людзей, якія думалі і адчувалі гэтак жа, як раней думалі і адчувалі яны, аддаліліся, зрабіліся неразборлівымі ў ззянні сонца сярод бясхмарнага неба. І з бязмежнай цішыні навакольнай пустэльні сама яе безнадзейнасць і дзікасць быццам бы набліжалася да іх, асцярожна прыцягвала, каб разгледзець, каб агарнуць іх клопатам, неадольным, знаёмым і невыносным.

Дні складаліся ў тыдні, потым у месяцы. Гобілавы людзі сустракалі кожны маладзік барабанамі і крыкамі, як і раней, але не падыходзілі да станцыі. Аднойчы Макола і Карлье селі ў каноэ, каб паспрабаваць наладзіць сувязь, але іх сустрэлі такім градам стрэл, што давялося ратавацца ўцёкамі. Тая іх спроба прывяла ўвесь край вышэй і ніжэй па рацэ ў такі неспакой, які добра адчуваўся яшчэ не адзін дзень. Параход затрымліваўся. Спачатку яны гаварылі пра затрымку весела, тады трывожна, а потым змрочна. Справа рабілася сур’ёзнай. Запасаў было ўсё менш. Карлье закідваў вуды з берага, але рэчка была мелкай, і рыба трымалася ў плыні далёка ад берага. Яны не насмельваліся адыходзіцца далёка ад станцыі на паляванне. Акрамя таго, у непраходным лесе не было дзічыны. Аднойчы Карлье застрэліў у рэчцы гіпапатама. Але ў іх не было лодкі, каб выцягнуць яго, і ён патануў. Калі ён усплыў, то яго панесла цячэннем, і тушу выцягнулі людзі Гобілы. У іх гэта стала нагодай для народнага гуляння, а ў Карлье пачаўся прыступ шаленства, ён казаў, што ўсіх чарнамазых трэба вынішчаць да той пары, пакуль край не стане прыдатным для жыцця. Каер моўчкі бадзяўся і гадзінамі ўзіраўся ў партрэт сваёй Мэлі. На партрэце была дзяўчынка з доўгімі светлымі кудзерамі і даволі кіслай мінай. Яго ногі моцна апухлі, і ён ледзь хадзіў. Карлье, чыё здароўе падарвала ліхаманка, важна крочыць ужо не мог, але працягваў клыгаць з бесклапотным выглядам, як чалавек, які жыве ўспамінамі пра свой знакаміты полк. Размаўляць ён пачаў хрыпла, з’едліва і ўсё часцей ужываў абразы. Ён называў гэта “гаварыць па шчырасці”. Яны ўжо даўно падлічылі свой працэнт ад гандлю і далучылі да яго і тую апошнюю ўгоду “гэтага паскуднага Маколы”. Акрамя таго, яны вырашылі нічога пра яе не расказваць. Спачатку Каер вагаўся — баяўся дырэктара.

— Ён бачыў, як і горшае рабілі цішком, — пераконваў яго Карлье з хрыплым смехам. — Даверся яму! Прагаворышся — ён табе дзякуй не скажа. Ён не лепшы за цябе ці мяне. Хто яму скажа, калі мы закілзаем языкі? Больш тут нікога няма.

У гэтым і была самая вялікая праблема! Там больш нікога не было, і пакінутыя сам-насам з сваёй слабасцю, яны штодня ўсё больш нагадвалі двух суўдзельнікаў, а не адданых сяброў. Яны восем месяцаў не мелі звестак з дому. Штовечар казалі: “Заўтра ўбачым параход”. Але адзін з параходаў Кампаніі разбіўся, а на другім дырэктар дапамагаў далёкім і важным станцыям на галоўнай рацэ. Яму здавалася, што дарэмная станцыя з яе дарэмнымі людзьмі можа і пачакаць. Між тым Каер і Карлье жылі на прэсным рысе і клялі Кампанію, усю Афрыку і дзень, калі яны нарадзіліся на свет. Трэба пажыць нейкі час на такой дыеце, каб зразумець, якой жудаснай праблемай можа стаць неабходнасць праглынаць ежу. На станцыі не засталося літаральна нічога, акрамя рысу і кавы. Дый каву яны пілі без цукру. Апошнія пятнаццаць пакетаў Каер урачыста замкнуў ва ўласнай скрыні разам з паловай бутэлькі каньяку. “На выпадак хваробы”, — растлумачыў ён. Карлье пагадзіўся. “Калі хварэеш, — сказаў ён, — то любая дабаўка можа падбадзёрыць”.

Яны чакалі. Двор пачаў зарастаць нястрыжанай травой. У звон больш не білі. Дні праходзілі ціха, марудна і невыносна. Калі яны гаварылі, то агрызаліся. І іх маўчанне таксама было прыкрым, быццам прасякнутым горыччу думак.

Аднойчы пасля варанага рысу на абед Карлье апусціў кубак, не пакаштаваўшы, і сказаў:

— Каб на яго згуба! Давай хоць раз вып’ем прыстойнай кавы. Даставай цукар, Каер!

— Для хворых, — прамармытаў Каер, не падымаючы вачэй.

— Для хворых, — перадражніў Карлье. — Лухта!.. — Ну! Я хворы.

— Ты хворы не больш за мяне, а я неяк абыходжуся, — мірна сказаў Каер.

— Давай! Выцягвай цукар, ты, сквапны гандляр рабамі!

Каер хутка ўзняў вочы. Карлье ўсміхаўся з падкрэсленай дзёрзкасцю. І раптам Каеру здалося, што ён ніколі раней не бачыў гэтага чалавека. Хто ён такі? Ён пра яго нічога не ведае. На што ён здольны? Унутры яго ўспыхнула нечаканая раз’юшанасць, быццам у прысутнасці нечага неймавернага, небяспечнага і беспаваротнага. Але ён здолеў стрымана вымавіць:

— Вельмі безгустоўны жарт. Больш так не рабі.

— Жарт! — сказаў Карлье, падсоўваючыся наперад на сваім месцы. — Я галодны… я хворы… я не жартую! Ненавіджу крывадушнікаў. Ты — крывадушнік. Ты гандляваў рабамі. Я гандляваў рабамі. У гэтай клятай краіне ўсе гандлююць рабамі. Так ці іначай, сёння я збіраюся выпіць кавы з цукрам!

— Я забараняю табе так размаўляць са мной, — сказаў Карлье з падкрэсленай рашучасцю.

— Ты!.. Што? — закрычаў Карлье і падскочыў.

Каер таксама ўстаў.

— Я твой начальнік, — пачаў ён, намагаючыся супыніць дрыготку ў голасе.

— Што? — закрычаў другі. — Хто начальнік? Тут няма начальніка. Тут нічога няма, нічога, акрамя цябе і мяне. Нясі цукар, срака тоўстая.

— Сачы за сваім языком. Прэч з пакоя, — закрычаў Каер. — Я цябе звальняю, падла!

Карлье схапіўся за табурэтку. Раптам ён пачаў выглядаць не на жарт небяспечна.

— Ты пухлы, ні на што не варты цывільны, вось ты хто! — выў ён.

Каер шмыгнуў пад стол, і табурэтка ўдарылася аб дзярновую ўнутраную сценку пакоя. Пакуль Карлье намагаўся перавярнуць стол, Каер, прыгнуўшыся, зрабіў адчайны сляпы рывок, як загнаная ў кут свіння, збіў сябра з ног і кінуўся праз веранду ў пакой. Ён замкнуў дзверы, схапіў рэвальвер і спыніўся, цяжка дыхаючы. Менш чым праз хвіліну Карлье люта біўся ў дзверы і выў: “Калі не прынясеш цукар, я цябе застрэлю не раздумваючы, як сабаку. Таму раз… два… тры. Не прынясеш? Я табе пакажу, хто тут гаспадар”.

Каер баяўся, што дзверы вываляцца, і пачаў праціскацца ў квадратную дзірку, якая служыла ў пакоі акном. Цяпер іх раздзяляў увесь дом. Але другі відавочна быў не настолькі моцны, каб выламаць дзверы, і Каер пачуў, што той аббягае дом. Тады ён таксама цяжка пабег на сваіх распухлых нагах. Ён бег з рэвальверам у руцэ на ўсю нагу і не мог зразумець, што адбываецца. Ён па чарзе бачыў Маколаў дом, склад, рэчку, яр, невысокія кусты, а потым яшчэ раз тое ж самае, калі аббягаў дом другі раз. Потым яны прамільгнулі міма яго зноў. А яшчэ раніцай ён і прайсці па двары не мог без стогну.

А цяпер ён бегаў. Ён бег дастаткова хутка, каб другі яго не ўбачыў.

Потым, слабы і адчайны, ён падумаў: “Я памру, не дабегшы наступнага круга”, — і пачуў, як Карлье цяжка ступае і спыняецца. Ён таксама спыніўся. Ён быў спераду, а Карлье ззаду дома, як і раней. Ён пачуў, як той з праклёнамі плюхнуўся ў крэсла, і раптам яго ногі таксама падкасіліся, і ён саслізнуў у сядзячую позу, спінай да сцяны. У роце было суха, як ад попелу, а твар быў мокры ад поту — і ад слёз. Што здарылася? Усё здавалася жахлівай мрояй. Ён быццам спаў. Ён быццам траціў розум! Праз нейкі час ён сабраўся з думкамі. Праз што яны пасварыліся? Праз цукар! Якая бязглуздзіца! Ён бы аддаў яго, сам ён яго і не хацеў. І ён пачаў цяжка ўздымацца на ногі, раптам адчуўшы сябе ўпэўнена. Але перш чым ён змог роўна ўстаць, здаровы розум вярнуўся да яго — і вярнуў яго да роспачы. Ён падумаў: “Калі я зараз саступлю гэтаму салдафону, такі ж кашмар паўторыцца і заўтра… і паслязаўтра… кожны дзень… з новымі прэтэнзіямі, з брудам мяне змяшае, замучыць, зробіць мяне сваім слугой — і ад мяне нічога не застанецца! Нічога! Параход можа не прыйсці ў найбліжэйшыя дні — можа ўвогуле не прыйсці”. Ён закалаціўся так, што давялося зноў сесці. Ён у адчаі дрыжаў. Яму здавалася, што ён больш не зможа варухнуцца, ніколі не варухнецца. Яго цалкам захапіла раптоўнае адчуванне, што выйсця няма — смерць і жыццё ў адно імгненне сталі аднолькава цяжкімі і жахлівымі.

Раптам ён пачуў, як Карлье адштурхнуў крэсла, і з незвычайным спрытам ускочыў на ногі. Ён прыслухаўся і разгубіўся. Зноў трэба бегчы. Направа ці налева? Ён пачуў крокі. Ён кінуўся ўлева з рэвальверам у руцэ, і, здаецца, у той самы момант яны сутыкнуліся. Абодва ад нечаканасці закрычалі. Між імі прагучаў моцны выбух. Шуганула чырвонае полымя з густым дымам. Аглушаны і аслеплены, Каер адскочыў з думкай: “У мяне патрапілі — гэта канец”. Ён чакаў, што Карлье выбежыць, каб пацешыцца яго пакутамі. Ён ухапіўся за вертыкальную сцяну… “Канец!” Тады ён пачуў грукат падзення з другога боку дома, быццам нехта перакуліўся праз крэсла — потым запанавала цішыня. Больш нічога не адбывалася. Ён не памёр. Толькі плячо балела, быццам вывіхнутае, і згубіўся рэвальвер. Ён быў бездапаможны і застаўся без зброі! Заставалася чакаць сваёй долі. Карлье не выдаваў ні гуку. Гэта хітрасць. У гэты самы момант ён падкрадаецца! З якога боку? Магчыма, у гэтую самую хвіліну ён цэліцца!

Прах колькі хвілін страшных і недарэчных пакутаў ён вырашыў пайсці насустрач наканаванню. Ён быў гатовы на любыя саступкі. Ён павярнуў за рог, трымаючыся адной рукой за сцяну, зрабіў колькі крокаў і ледзь не страціў прытомнасць. Ён убачыў, як з-за другога рога вытыркаецца пара сагнутых ног. Пара голых белых ног у чырвоных пантофлях. Яму стала вельмі млосна і нейкі час ён стаяў у глыбокай цемры. Тады перад ім з’явіўся Макола і ціха сказаў:

— Хадземце, містэр Каер. Ён памёр.

У яго хлынулі слёзы ўдзячнасці, пачаўся прыступ гучнага плачу з усхліпваннем. Праз некаторы час ён ужо сядзеў у крэсле і глядзеў, як Карлье ляжыць, выпрастаўшыся на спіне. Макола апусціўся перад целам на калені.

— Гэта ваш рэвальвер? — спытаў Макола, устаючы.

— Так, — сказаў Каер і вельмі хутка дадаў, — ён гнаўся за мной, каб застрэліць, ты ж бачыў!

— Так, бачыў, — сказаў Макола. — Тут толькі адзін рэвальвер. А дзе ягоны?

— Не ведаю, — прашаптаў Каер голасам, які стаў раптам вельмі слабым.

— Пайду пашукаю, — асцярожна сказаў Макола. Ён абышоў вакол веранды, а Каер нерухома сядзеў і глядзеў на труп. Макола вярнуўся з пустымі рукамі, пастаяў, глыбока задумаўшыся, тады ціха зайшоў у пакой нябожчыка, адразу ж выйшаў з рэвальверам і працягнуў яго Каеру. Каер заплюшчыў вочы. У галаве ўсё паплыло. Жыццё выявілася жахлівейшым і цяжэйшым за смерць. Ён застрэліў бяззбройнага.

Пасля нядоўгіх роздумаў Макола ціха сказаў, паказваючы на нябожчыка, правае вока якога лопнула:

— Ён памёр ад ліхаманкі, — Каер паглядзеў на яго скамянелым позіркам. — Так, — паўтарыў Макола, задуменна пераступіўшы цераз труп. — Думаецца мне, ён памёр ад ліхаманкі. Заўтра пахаваем.

І ён паволі пайшоў да сваёй цяжарнай жонкі, пакінуўшы двух белых на верандзе самім сабе.

Наступіла ноч, а Каер нерухома сядзеў у крэсле. Ён сядзеў так ціха, быццам быў пад уздзеяннем опіюму. Шквал эмоцый, які ён прапусціў праз сябе, прывёў яго да адчування знясіленай супакоенасці. За адзін кароткі дзень ён пранік у самыя глыбіні жаху і роспачы, а цяпер знайшоў супакой у перакананні, што для яго ў жыцці больш не засталося таямніц — таксама як і ў смерці! Ён сядзеў ля трупа і думаў. Думаў вельмі напружана, думаў зусім новымі думкамі. Ён быццам канчаткова вызваліўся ад самога сябе. Яго старыя думкі, перакананні, сімпатыі і антыпатыі, тое, што ён паважаў, і тое, што ненавідзеў, урэшце раскрылася ў сапраўдным святле! Выявілася нявартым і дзіцячым, фальшывым і абсурдным. Ён захапляўся сваёй новай мудрасцю, седзячы каля забітага ім чалавека. Ён спрачаўся з самім сабой пра ўсё, што існуе пад небам, з той зацятай упартасцю, якая часам сустракаецца ў вар’ятаў. Між іншым, ён зразумеў, што нябожчык усё адно быў агіднай скацінай. А яшчэ людзі штодня паміраюць тысячамі, можа, нават сотнямі тысяч — хто ведае? — у такім мностве адна смерць нічога не мяняе, не мае ніякага значэння, прынамсі, для людзей, здольных мысліць. Ён, Каер, мысліць здольны. Ён усё сваё жыццё, да гэтай хвіліны, верыў у такую ж безліч бязглуздзіц, што і большасць людзей, а яны дурні. І вось цяпер ён мысліў! Ён ведаў! Яго ахапіў спакой. Ён пазнаёміўся з найвышэйшай мудрасцю! Потым ён паспрабаваў уявіць, што мёртвы ён, а Карлье сядзіць у крэсле і назірае за ім. І нечакана гэтая спроба выявілася настолькі ўдалай, што праз колькі хвілін ён ужо зусім не меў пэўнасці, хто мёртвы, а хто жывы. Аднак такое незвычайнае дасягненне фантазіі яго спалохала, і разумным і своечасовым намаганнем розуму ён паспеў уратаваць сябе ад ператварэння ў Карлье. Яго сэрца калацілася, і ад адной думкі пра такую небяспеку ўсё цела ахоплівала ліхаманка. Карлье! Якая мярзота! Каб сабраць свае ўстрывожаныя — і не дзіва! — нервы, ён паспрабаваў трохі пасвістаць. Потым ён раптам заснуў, або яму здалося, што ён спаў да гэтага. Але так ці іначай навокал стаяў туман, і ў тумане нехта свістаў.

Ён устаў. Настаў дзень, і на зямлю спусціўся густы туман — туман пранізлівы, паўсюдны і нямы, туман ранішніх тропікаў, туман, які прыстае і забівае, туман белы і смяротны, чысты і атрутны. Ён устаў, убачыў цела і ўскінуў рукі над галавой з крыкам чалавека, які выйшаў з трансу і зразумеў, што ён навечна замураваны ў магіле. “Памажыце!.. Божа мой!”

Крык — нечалавечы, дрыготкі і нечаканы, як вострае джала, працяў белы саван гэтай бязрадаснай зямлі. Потым былі тры кароткія, неспакойныя віскі, а тады нейкі час клубы туману спакойна каціліся ў пагрозлівай цішы. Потым паветра раздзерла яшчэ шмат крыкаў, хуткіх і пранізлівых, як крыкі якогась раззлаванага бязлітаснага стварэння. З боку рэчкі Каера клікаў прагрэс. Прагрэс, цывілізацыя і добрапрыстойнасць. Грамадства заклікала сваё дарослае дзіця прыйсці, каб пра яго паклапаціліся, каб яго навучылі, каб судзілі і прызналі вінаватым. Яно заклікала яго вярнуцца да той сціжмы бяссэнсіцаў, якую ён пакінуў, — і тады здзейсніцца правасуддзе.

Каер чуў і разумеў. Ён выцягнуўся з веранды і ў першы раз з таго моманту, як іх туды зацягнулі, пакінуў Карлье ў адзіноце. Ён ішоў праз туман усляпую, у сваёй цемнаце просячы нябачныя нябёсы вярнуць тое, што адбылося. У тумане міма пранёсся Макола, крычучы на бягу:

— Параход! Параход! Яны нічога не бачаць. Яны сігналяць станцыі. Я — біць у звон. Ідзіце да месца высадкі, сэр. Я — званіць.

І знік. Каер спыніўся. Ён паглядзеў угару. Проста над яго галавой клубіўся туман. Ён пачаў аглядацца, быццам згубіўшыся, і ўбачыў цёмную пляму, крыжападобны след на рухавай чысціні туману. Калі ён пакульгаў да яго, станцыйны звон гучна адказваў на нецярплівыя вымогі парахода.

Выканаўчы дырэктар Вялікай Цывілізацыйнай Кампаніі (бо мы ведаем, што за гандлем прыходзіць цывілізацыя) высадзіўся першы, і параход у той жа момант знік з яго зроку. Каля ракі туман быў надзвычай густы. Вышэй, каля станцыі, няспынна і голасна гучаў звон.

Дырэктар гучна закрычаў да парахода:

— Нас тут ніхто не сустракае. Напэўна, нешта здарылася, хоць звон я чую. Выходзьце лепш са мной!

І ён пачаў караскацца на стромкі бераг. Капітан і машыніст судна — за ім. Чым вышэй яны ўзбіраліся, тым радзейшы рабіўся туман, і яны ўбачылі, што дырэктар здорава адарваўся. Раптам яны заўважылі, што ён памкнуўся наперад, крыкнуўшы ім праз плячо: “Бяжым! Бяжым да дома! Я знайшоў аднаго з іх. Бяжым, шукайма іншых!”

Ён аднаго з іх знайшоў! І нават яго, чалавека з багатым і няпростым досведам, знойдзенае ў пэўнай меры ўсхвалявала. Ён спыніўся і пачаў абмацваць кішэні (ён шукаў нож), гледзячы на Каера, які павесіўся на крыжы на скураным рамяні. Ён відавочна ўзлез на магілу, даволі высокую і вузкую, прывязаў адзін канец рэменя да папярэчыны і саскочыў. Яго ногі не даставалі да зямлі нейкую пару цаляў. Рукі напружана спускаліся долу. Ён быццам выцягнуўся на зважай, але галава адной пасінелай шчакой гулліва апусцілася на плячо. І ён непачціва паказваў выканаўчаму дырэктару свой распухлы язык.


Пераклад з ангельскай – Павел Донаў © 2013

Чытайце таксама

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

Ёзэф Чапэк

Ёзэф Чапэк

Чэшскі мастак, графік, фатограф, кніжны ілюстратар, эсэіст, брат Карэла Чапэка

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

1008