№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марэк Вадас

Казкі чорнай Афрыкі (Rozprávky z čiernej Afriky)

Пераклад са славацкай Таццяна Абдулхакава

Чаму кажаны лётаюць толькі ўначы


Некалі даўно жыў у камерунскіх лясах кажан, пра якога ўвесь лес казаў як пра найлепшага кухара з усіх жывёл. Ні адна страва не магла параўнацца з ягонай поліўкай.

Аднойчы да кажана прыйшоў пацук, які хацеў даведацца ўсе таямніцы яго кухарскага майстэрства.

— Мае поліўкі такія адметныя, бо падчас прыгатавання я ў іх пару разоў акунаюся. У нас, мышэй, мяса смачнае і мае прыемны пах, таму дастаткова толькі нырнуць, каб ежа атрымалася як мае быць.

Але пацук не верыў, пакуль не пабачыў усё на свае вочы: кажан расклаў вогнішча, наліў у гаршчок вады і насыпаў зеляніны. Потым сам туды скочыў і праз імгненне вылецеў. Але вада тады была яшчэ толькі пакаёвай тэмпературы. Калі поліўка была гатовая, яны разам яе пакаштавалі.

Пасля абеду пацук заспяшаўся дадому, каб пахваліцца перад жонкай.

— Я сёння такую поліўку прыгатую! Ты толькі ляжы, а калі ўсё будзе гатова, я цябе паклічу, — загадаў ёй пацук і зрабіў усё дакладна так, як яму расказваў кажан. Паставіў на вогнішча гаршчок, парэзаў цыбулю і зялёную квасолю, заліў усё вадой і скочыў туды сам. Але вылезці ўжо не здолеў. Тым часам жонка ягоная спала, як пацук ёй і загадаў, таму не чула, як ён клікаў на дапамогу. А калі прачнулася, убачыла на вогнішчы гаршчок з поліўкай, у якой плаваў ейны звараны муж.

Тады яна пабегла па параду да старэйшых, а тыя хуценька зразумелі, чыя тут віна. Кароль пацукоў загадаў схапіць кажана як мага хутчэй. Аднак кажан пра тое ўжо ведаў і хаваўся ў дуплах дрэў. Выходзіў адтуль толькі па начах, каб пацукі, што шнараць паўсюдна, не маглі яго заўважыць.

З таго часу кажан, баючыся помсты, лётае толькі ўначы.



Чарапаха і слон


Сустрэў аднойчы чарапаха-бацька слана і кажа:

— І ты лічыш сябе найвялікшым з усіх звяроў?

— Ты мяне дрэнна бачыш, ці што? — спытаў слон.

— А ці бачыў ты калі-небудзь сваю галаву? Не так ужо яна і высока.

— Чаму ж? Не разумею.

— Калі я толькі захачу, з лёгкасцю магу яе пераскочыць.

— Ты? Ды няўжо…

— Ага, я.

— Хацеў бы я на гэта паглядзець. Можаш зараз жа і паспрабаваць.

— Не сёння. Я цяпер вельмі стомлены, маю за сабой вялікі шлях.

Слон ведаў, што чарапаха — выхваляка, што ён толькі плявузгаць і можа, але пагадзіўся на сустрэчу заўтра на тым самым месцы. Абы толькі праўда перамагла.

А чарапаха-бацька хуценька пабег дадому, паклікаў жонку, усё ёй расказаў і схаваў яе ў кусты непадалёк ад прызначанага месца.

Раніцай слон ужо чакаў яго там. Ён стаў пасярод паляны так, каб чарапаха мог скакаць. Той падрыхтаваўся на іншым баку насупраць кустоў, дзе хавалася ягоная жонка. Слон запытаўся:

— Ты гатовы? Ну то можаш скочыць.

Чарапаха толькі закрычаў: “Іду!”, а потым “Гі-аа!” ды схаваўся ў траве, тым часам як ягоная жонка з крыкам “Гоп!” з’явілася на другім баку.

Слон глядзеў на чарапаху і не хацеў верыць уласным вачам:

— Гэта немагчыма. Паспрабуй яшчэ раз, бо я той скачок не вельмі добра бачыў.

Гэтым разам чарапахі зрабілі ўсё наадварот. Жонка разбеглася, закрычала “Гі-аа!” ды схавалася ў траве — на другім баку крыкнуў “Гоп!” муж і пераможна пазіраў на слана. Слон мусіў прызнаць сваю паразу:

— Ты насамрэч добра скачаш, але я ўпэўнены, што бегаю я лепей за цябе. Хадзем спаборнічаць.

Чарапаха пагадзіўся, але сказаў, што ён вельмі стомлены, таму бегаць яны будуць на наступны дзень з узыходам сонца.

Чарапаха-бацька з жонкай заспяшаліся дадому, там склікалі на таемную нараду ўсю сваю вялікую сям’ю. Чарапаха ім падрабязна раказаў, якім чынам тыя мусяць размясціцца ўздоўж дарогі, якой яны са сланом будуць бегчы.

Раніцай пачалося спаборніцтва.

Слон бег з усяе моцы, пыхкаў і тупаў, ажно какосы падалі з вяршыняў пальмаў. Праз нейкі час цераз плячо ён паклікаў чарапаху, бо быў упэўнены, што той застаўся недзе ззаду. Але на яго здзіўленне голас пачуўся за некалькі метраў перад ім:

— Я тут, я тут! Не адставай! — Гэта закрычала жонка ці хтосьці з чарапашых сыноў, што былі схаваныя ўздоўж дарогі на аднолькавай адлегласці адзін ад аднаго. Так паўтарылася некалькі разоў. Слон бег усё хутчэй і хутчэй, так, як ніколі ў жыцці, але калі дабег да месца, чарапаха там яго ўжо чакаў.

Так чарапаха перамог слана і ў бегу і здабыў вялікую павагу ўсіх звяроў.



Чаму рыбы жывуць у вадзе


Калісьці даўно жылі людзі і ўсе жывёлы разам, не было паміж імі ніякіх нязгодаў. У часы караля Эё і рыбы жылі побач з усімі на зямлі, апрацоўвалі глебу і мелі роўныя з людзьмі клопаты.

У краіне караля Эё жыў і ягоны добры сябар Леапард са сваёй вельмі прывабнай жонкай. У яе быў таемна закаханы і адзін Вугор. Калі Леапард сыходзіў, Вугор патаемнымі хадамі пракрадваўся да яго хаты і бавіў час з маладой леапардзіхай.

Леапард пра тое доўгі час нават не здагадваўся, пакуль не даведаўся пра ўсё ад старой, што жыла насупраць. Таму аднаго дня Леапард нечакана вярнуўся дадому раней, чым вельмі здзівіў каханкаў. Ён не мог паверыць сваім вачам — у ложку ляжаў ягоны стары знаёмец Вугор! Леапард быў страшэнна раззлаваны і хацеў Вугра забіць. Але потым усё ж схапіў яго за карак і адвёў да караля Эё. Адбыўся вялікі суд, на якім мудры Эё перад усімі прааналізаваў усё жыццё колішніх сяброў. Потым запытаўся ў Вугра:

— Чаму ты так зрабіў?

Вугор жа толькі моўчкі стаяў і ад ганьбы хацеў праваліцца. Нарэшце кароль мовіў:

— Паколькі Вугор здрадзіў сяброўству, ён і ягоныя родзічы з гэтай хвіліны будуць маўчаць, як ён перад судом. А акрамя таго ніводная рыба больш не зможа жыць разам з людзьмі і астатнімі жывёламі на зямлі. Іхныя хаты будуць у рэках, дзе кожны зможа іх лавіць.



Чэрап жэніцца


У адным невялічкім горадзе жыла дзяўчына, прыгожая, але надта пагардлівая. Кожны хлопец аддаў бы ўсё, каб ажаніцца з ёй. Але дзяўчо пры кожнай такой спробе нешта выдумляла. Адзін жаніх для яе занадта тоўсты, другі худы, у трэцяга смешны нос, чацверты залішне высокі, няголены, дурнаваты і гэтак далей. Ёй патрэбны быў найпрыгажэйшы ды найбагацейшы. Бацькі заўжды толькі расчаравана круцілі галовамі ды ўздыхалі, бо ўсе хлопцы былі прыстойнымі.

Пра тую надзвычайную паненку, што не можа абраць сабе жаніха, даведаўся Чэрап з краіны духаў. Ён вырашыў, што як бы там ні было, але гэтая дзяўчына будзе ягонаю жонкай. Ён прабегся па суседзях і ў аднаго пазычыў мускулістыя рукі, у другога — тулава, у трэцяга — даўгія ды моцныя ногі. Так з яго ўтварыўся нармальны чалавек — ну проста ідэал мужнасці.

Потым ён накіраваўся ў горад, дзе жыла тая пагардлівая дзяўчына. Якраз таго дня быў кірмаш. Там кожны змог пабачыць, наколькі Чэрап багаты. Як толькі дзяўчына пра гэта пачула, адразу яго ўпадабала. Чэрап меў дасканалае цела, а на шыі — тоўсты залаты ланцужок. Калі ён папрасіў яе рукі, дзяўчо не вагалася ні секунды. Ейнаму бацьку, праўда, дзіўны чужынец не спадабаўся. Але пад ціскам дачкі мусіў пагадзіцца і ён.

Маладыя пабылі ў доме бацькоў нявесты некалькі дзён. Потым Чэрап абвясціў, што мусіць прадставіць жонку і сваім бацькам, таму на некаторы час забярэ яе да сябе. Дзяўчына ўзрадавалася, бо не магла дачакацца таго часу, калі ўбачыць палацы, поўныя багацця ды золата. Бацькі былі супраць, баяліся за дачку, але нічога не маглі зрабіць, парачка адправілася ў дарогу.

Прайшоў нейкі час, а дачка ўсё не вярталася. Тады бацька пайшоў да шамана. Пасля гутаркі з ім ён вельмі замаркоціўся, бо даведаўся, хто насамрэч жаніх і што ў краіне духаў яго дачку няйнакш заб’юць.

Праз некалькі дзён Чэрап з нявестай мінулі мяжу паміж светам людзей і краінай духаў. Дарога зрабілася бязлюднай, а з высахлых лясоў даносіліся падазроныя гукі. Хутка яны сустрэлі калеку, які забраў у Чэрапа свае ногі. Нявеста, убачыўшы гэта, ажно збялела. Гэтая пачвара, што поўзае побач на руках — яе ідэальны муж? Праз хвіліну збялела яшчэ больш, калі яшчэ адзін дзіўны чалавек жадаў вярнуць сваё тулава, і нарэшце Чэрап аддаў і мускулістыя рукі. Да свайго дому нявесту прывёў ужо звычайны чэрап.

Ён прадставіў дзяўчыну сваёй маці — брыдкай і лянівай старой, якая цэлымі днямі не рабіла нічога іншага, як сядзела на ганку ды злосна лямантавала. Дзяўчына клапацілася пра яе, насіла ваду і дровы на вогнішча, гатавала ежу ды прыбірала ў хаце.

Старая прывыкла да новай нявесткі і аднойчы ёй расказала ўсю праўду. Дэманы ў гэтай краіне ядуць людзей. Толькі даведаюцца, што блізка ёсць чалавек, адразу яго забіваюць і з’ядаюць. Старая паабяцала дапамагчы дзяўчыне, але толькі з адной умовай: адгэтуль дзяўчо мусіць слухаць сваіх бацькоў. Дзяўчына з ахвотай пагадзілася.

Аднойчы Чэрапа не было дома. Старая зрабіла джуджу і выклікала вецер, які аднёс дзяўчыну дадому. І было гэта своечасова, бо розныя пачварыны і дэманы ўжо былі на дарозе ды тачылі зубы на маладое мяса.

Калі бацькі праз некалькі месяцаў убачылі сваю дачку жывой, наладзілі вялікае свята, на якое склікалі ўсіх яе сяброў і аднагодак. Усе заўважылі, што дзяўчына вельмі змянілася: да кожнага была ласкавая, бацькам не пярэчыла і неўзабаве сустрэла працавітага мужчыну, з якім жыла да самай смерці і нарадзіла яму шмат дзяцей.

З гэтых часоў у тых мясцінах бацькі не дазвалялі сваім дочкам браць шлюб з чужынцамі.


© Marek Vadas, 2011

Пераклад са славацкай – Таццяна Абдулхакава © 2011

Чытайце таксама

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Нямецкі паэт. Адзін з выразнікаў ідэй “Буры і націску”.

Павел Брыч

Павел Брыч

Чэшскі пісьменнік.

Джэймс Мэцью Бары

Джэймс Мэцью Бары

Шатландскі драматург і празаік, найбольш вядомы дзякуючы казцы “Пітэр Пэн”

Алок Вайд-Мэнан

Алок Вайд-Мэнан

1056