№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзімеж Вольскі

Марш зуаваў (Marsz żuawów)

Пераклад з польскай Васіль Сёмуха


У нашым сцягу — моцная вера.
Набакір фескі, вусы угору,
Смех на біваку, ляскат манерак,
Маршам ідзём, бы ў скочную хору.
Бой закіпае — воін упарты
Моцна трымае сцяг і вінтоўку.
Бітва зуаву на смерць, — не на жарты,
А на жыццё і — на загартоўку.
Марш, марш, зуавы, на бой крывавы,
Святы і правы, марш, зуавы, марш!

А як раскінемся мы радамі,
А як плазуем збройна кратамі,
Лепшы загад нам — марш са штыхамі!
Штых наш даўжэйшы разам з рукамі,
Пал нарастае ў напоры спорным,
Гэй жа — “ура!” вам, воінам славы!
Крыж белы зверху на сцягу чорным!
Марш, марш, зуавы на бой крывавы,
Святы і правы, марш, зуавы, марш!

Ночы на снезе, ў твані празяблай,
Нам калыханкай стаў соснаў пошум.
Рдзеюць ад вогнішч кагорты д’ябла,
Мы не адступім, мы пераможам!
Браццям, палеглым на полі бітвы,
Скажам: скора пабачымся, брацця,
Банды заплацяць ганьбай нябыту,
Кожнаму з вас утрыкроць заплацяць.
Марш, марш, зуавы на бой крывавы,
Святы і правы, марш, зуавы, марш!



Музыку для “Марша зуаваў” напісаў Фларыян Міладоўскі (1819—1889).

Пераклад зроблены паводле віленскага друкарскага нотнага тэксту з архіву капэлы “Адраджэнне” і Віктара Скарабагатава.


Каментар перакладчыка:

“Марш зуаваў” (па-польску — жуаваў) быў створаны ў 1831 годзе. Далейшая гісторыя яго трансфармацыі ў вядомую ўсяму свету “Варшавянку” лёгка прасочваецца. Мяне цікавіла іншае. Хто быў аўтарам музыкі да гэтага твора — Станіслаў Манюшка ці Фларыян Міладоўскі? Абодва яны — нашыя землякі, мінчане, беларуска-польскія кампазітары, пажыццёвыя сябры з дзяцінства. Аўтарства музыкі “Маршу зуаваў” часта прыпісваецца Станіславу Манюшку, але пераклад гэты рабіўся з тэксту, на якім пазначанае імя Фларыяна Міладоўскага. Я перакладаў шмат тэкстаў да твораў абодвух кампазітараў, і аўтарства Міладоўскага здаецца мне найбольш верагодным.


Каментар часопіса “ПрайдзіСвет”:

“Марш зуаваў” — адна з самых вядомых песняў Студзеньскага паўстання 1863 году. Яна была напісаная Уладзімежам Вольскім для атрада паўстанцаў, сфармаванага ў лютым 1863 году ў Айцове з дабравольцаў французскім афіцэрам Франсуа Рашанбрунам на ўзор частак французскай пяхоты ў Алжыры і названага “зуавамі смерці”. Воіны атраду насілі чорныя накідкі з белым крыжам, у баі не адступалі і не здаваліся. Песня хутка зрабілася папулярнай. На позні варыянт мелодыі ў 1879 годзе Вацлаў Свянціцкі напісаў песню “Варшавянка”.

Першапачатковы зуавы (ад фр. zouave, от Zwāwa) — назва племянной групоўкі кабілаў — берберскай народнасці, што пражывае на поўначы Алжыра. Пазней так пачалі называць салдатаў лёгкай пяхоты ў французскіх каланіяльных войсках, якія набіраліся ў асноўным з жыхароў Паўночнай Афрыкі, а таксама з дабравольцаў-французаў. Зуавы ўдзельнічалі ў розных войнах Францыі ў ХІХ—ХХ стагоддзяў: у Крымскай вайне 1853—1856 гадоў, у франка-прускай вайне 1870—1871 гадоў, у Першай і Другой сусветных войнах.


Пераклад з польскай – Васіль Сёмуха © 2011

Чытайце таксама

Уладзімеж Вольскі

Уладзімеж Вольскі

Польскі паэт, празаік, перакладчык, аўтар лібрэта да операў Манюшкі

Густаў Майрынк

Густаў Майрынк

Аўстрыйскі празаік, драматург перакладчык, прадстаўнік “Пражскай школы”

Яўген Ліпковіч

Яўген Ліпковіч

Ар'ен Дэйнкер

Ар'ен Дэйнкер

Нідэрландскі паэт і празаік, аўтар раману "Багна" і трынаццаці кніг паэзіі

1324