№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эдгар Алан По

Размова з муміяй (Some Words with a Mummy)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Учорашняй бяседы было крыху зашмат для маіх нерваў. Мне пачала жахліва балець галава і да таго ж неадольна хіліла ў сон. З гэтай прычыны я, замест таго каб згодна з планамі прабавіць вечар у гасцях, вырашыў, што самае мудрае ў маім выпадку — злёгку павячэраць і неадкладна легчы спаць.

Вячэра была ну вельмі лёгкая. Я вялікі аматар грэнак па-валійску — гарачых, з расплаўленым сырам. Але нават іх звычайна не варта з’ядаць адным захадам больш за фунт. Тым не менш, якія-небудзь сур’ёзныя пярэчанні нават супраць двух фунтаў адсутнічаюць. Двух ці трох — вялікай розніцы тут няма. Таму я спыніўся на чатырох. Мая жонка сцвярджае, што на пяці, але яна, несумненна, пераблытала дзве вельмі розныя рэчы. Саму па сабе лічбу пяць я не адмаўляю, але з ўсёй дакладнасцю магу давесці, што яна адносілася да бутэлек чорнага портара: без такой прыправы грэнак па-валійску трэба пазбягаць як толькі магчыма.

Сціпла такім чынам павячэраўшы і надзеўшы начны каўпак са шчырай надзеяй не здымаць яго да наступнага полудня, я ўсклаў галаву на падушку і, як чалавек з самым чыстым сумленнем, у тое ж імгненне заснуў.

Але ці спраўджваліся калі чалавечыя надзеі? Бо не паспеў я выдаць і трэцяга храпу, як хтосьці люта зазваніў у мой званок, а пасля нецярпліва закалаціў дзвярным малатком — і гэта канчаткова абудзіла мяне. Праз хвіліну, калі я ўсё яшчэ праціраў вочы, жонка сунула мне пад нос цыдулку ад майго старога сябра, доктара Зубдамуса. Там было напісана:


Мой дарагі сябра! Як толькі вы гэта атрымаеце, абавязкова і неадкладна прыходзьце да мяне. Прыходзьце і парадуйцеся разам з намі! Пасля доўгіх і настойлівых дыпламатычных перамоваў я ўрэшце атрымаў ад дырэкцыі гарадскога музея згоду на вывучэнне муміі — вы памятаеце, якой. Мне дазволена распавіць і, калі трэба, ускрыць яе. Прысутнічаць пры гэтым будзе толькі некалькі сяброў — вы, безумоўна, у іх ліку. Цяпер мумія ляжыць у мяне дома, раскручваць яе мы пачнем сёння аб адзінаццатай.


Шчыра ваш,

Зубдамус


Дайшоўшы да слова «Зубдамус», я зразумеў, што прачнуўся акурат у такой ступені, у якой гэта неабходна. Я ў захапленні выскачыў з ложка, руйнуючы ўсё па дарозе, проста з неверагоднай хуткасцю апрануўся і поўным ходам кінуўся да доктара.

Усе ўжо сабраліся і нецярпліва чакалі майго з’яўлення; мумію размясцілі на абедзенным стале. Я ўвайшоў акурат у самым пачатку даследавання.

Гэта была адна з дзвюх муміяў, прывезеных некалькі гадоў таму кузэнам Зубдамуса капітанам Артурам Ківерам з Лівійскіх гор, з пахавання каля Іліфіі [1], за шмат кіламетраў ад Фіваў на Ніле. Пячоры ў гэтай мясцовасці хай сабе і не так уражваюць, як фіванскія пахаванні, але ўяўляюць вялікую цікавасць, бо ў іх можна знайсці шмат выяваў, што расказваюць пра быт егіпцянаў. Камера, у якой знайшлі наш экспанат, лічылася вельмі багатай на такія выявы: яе сцены былі суцэльна пакрытыя фрэскамі і барэльефамі, а статуі, вазы і раскошныя мазаікі сведчылі пра заможнасць памерлых.

Гэты скарб перамясціўся ў музей у тым самым выглядзе, у якім знайшоў яго капітан Ківер — труна засталася непатрывожанай. Так яна прастаяла ў музеі восем гадоў, даючы публіцы магчымасць выключна вонкавага агляду. Такім чынам, перад намі ляжала нікім не кранутая мумія, і тыя, хто ўяўляе, як рэдка старажытнасці дасягаюць нашых берагоў неабрабаванымі, адразу зразумеюць, колькі мы мелі нагодаў дзякаваць нашаму шчасліваму лёсу.

Падышоўшы да стала, я ўбачыў на ім вялікую каробку, ці скрыню, каля сямі футаў даўжынёй, прыкладна тры футы шырынёй і два з паловай футы вышынёй. Яна была прадаўгаватай формы, але не ў форме труны. Спачатку нам падалося, што яна вырабленая з драўніны сікамора (сямейства платанавых), але зрабіўшы надрэз, мы зразумелі, што яна з кардону ці, дакладней кажучы, з папірусавага пап’е-машэ. Яна была пышна ўпрыгожаная сцэнамі пахавання і іншымі жалобнымі выявамі, якія ў самых розных месцах перамяжаліся аднолькавымі іерогліфамі, што без сумневу абазначалі імя памерлага. На шчасце, сярод нас знаходзіўся містэр Глідан [2], які з лёгкасцю расшыфраваў зроблены простым фанетычным пісьмом надпіс. Ён чытаўся як «Хібанахібіё».

Адчыніць скрыню, не пашкодзіўшы яе, выявілася справай нялёгкай, аднак даўшы ўрэшце гэтаму рады, мы знайшлі ўнутры другую скрыню, больш падобную да труны і нашмат меншую за папярэднюю ў памеры, але ва ўсім астатнім — яе дакладную копію. Прамежак паміж імі быў запоўнены смалой, і гэта ў некаторай ступені пашкодзіла фарбы ўнутранай скрыні.

Адчыніўшы і яе (а гэта атрымалася ў нас досыць лёгка), мы дайшлі да трэцяй скрыні, якая таксама мела форму труны і адрознівалася ад папярэдняй толькі матэрыялам: яна была зробленая з кедру і дагэтуль струменіла своеасаблівы і надзвычай духмяны пах гэтага дрэва. Паміж гэтымі дзвюма скрынямі вольнага месца не заставалася — яны былі дакладна падагнаныя адна да адной.

Адчыніўшы трэцюю скрыню, мы знайшлі там саму мумію і выцягнулі яе вонкі. Мы чакалі, што яна, як звычайна, будзе цесна спавітая палатнянымі палосамі ці стужкамі, аднак замест гэтага ўбачылі штосьці накшталт пакрытага слоем замазкі футарала з папірусу, багата пазалочанага і размаляванага. Малюнкі гэтыя выяўлялі самыя розныя нібыта падарожжы душы і яе сустрэчы з шэрагам бостваў, а таксама безліч аднолькавых чалавечых фігурак — верагодна, адлюстраванняў забальзамаваных асобаў. Ад галавы да ног муміі папярочным слупком ішоў надпіс, зроблены фанетычнымі іерогліфамі, які зноў называў імя памерлага і яго тытулы, а таксама імёны і тытулы яго родных.

Такім самым футаралам шыю муміі ахоплівалі каралі з цыліндрычных рознакаляровых пацерак, сплеценых у форме багоў, скарабеяў і іншага, а таксама шару з крыламі. Такія ж каралі, ці пояс, ахоплівалі і талію.

Зняўшы папірус, мы ўбачылі, што цела ў выдатным стане і зусім не пахне. Скура была чырванаватага колеру, цвёрдая, гладкая і бліскучая. Зубы і валасы таксама добра захаваліся. Вочы, відаць, дасталі і замянілі на шкляныя шарыкі, надзвычай прыгожыя і неверагодна праўдападобныя, хіба што пазіралі яны занадта рашуча. Пазногці і пальцы блішчэлі пазалотай.

Містэр Глідан выказаў думку, што, мяркуючы па чырвоным колеры эпідэрмісу, цела бальзамавалася выключна асфальтавай смалой, аднак калі са скуры саскрэблі крыху парашкападобнага рэчыва і кінулі яго ў агонь, усе выразна адчулі водар камфоры і духмяных смолаў.

Мы вельмі старанна агледзелі цела, шукаючы адтуліны, праз якія звычайна дастаюцца вантробы, але, на сваё здзіўленне, нічога такога не знайшлі. У той час ніхто з нас не ведаў, што цэлыя і няўскрытыя муміі сустракаюцца не так ужо і рэдка. Мозг часцей за ўсё вымаўся праз нос, кішкі — праз надрэзы ў баку, пасля чаго цела галілі, абмывалі і апускалі ў саляны раствор, і толькі праз некалькі тыдняў пачыналася ўласна бальзамаванне.

Ніякіх надрэзаў мы так і не знайшлі, і доктар Зубдамус пачаў рыхтаваць інструменты для ўскрыцця, але тут я заўважыў, што мінула ўжо другая гадзіна ночы. Мы вырашылі адкласці ўнутранае даследаванне да наступнага вечара і сабраліся ўжо разыходзіцца, калі хтосьці сказаў: «А ці не правесці нам дослед-другі з гальванічнай батарэяй?»

Ідэя ўздзейнічаць на мумію ўзростам як найменш тры ці чатыры тысячы гадоў была калі і не зусім геніяльнай, то абсалютна свежай, і мы ўсе адразу ж яе падхапілі — на дзевяць дзясятых жартам і на адну дзясятую ўсур’ёз. Мы ўсталявалі ў кабінеце доктара батарэю і перанеслі туды егіпцяніна.

Толькі пасля доўгіх намаганняў мы здолелі крыху агаліць скроневыя цягліцы, якія выявіліся не такімі скамянелымі, як астатнія часткі цела, аднак (як мы і чакалі) натуральным чынам не паказалі пасля судакранання з дротам ніякай гальванічнай адчувальнасці. Вынікі гэтай першай спробы падаліся пераканаўчымі, і мы, у душы смеючыся з уласнай дурасці, ужо вырашылі пажадаць адзін аднаму добрае ночы, калі мой погляд выпадкова ўпаў на мумію і адразу ж на ёй спыніўся. Але напраўду хапіла б і аднаго беглага позірку, кааб упэўніцца ў тым, што вочы муміі, зробленыя, як мы меркавалі, са шкла і адзначаныя намі за рашучы выраз, былі цяпер прыкрытыя павекамі так, што бачнымі заставаліся толькі тонкія палоскі бялкоў.

Сваім ускрыкам я звярнуў увагу на гэтую акалічнасць, і праз імгненне пра яе ўжо ведалі ўсе.

Не магу сказаць, што з’ява гэтая мяне ўстрывожыла, бо трывога ў маім выпадку — не самае дакладнае слова. Цалкам мажліва, што калі б не чорны портар, я быў бы крыху ўсхваляваны. Што да рэшты нашае кампаніі, ніхто нават не спрабаваў схаваць жах, які яго апанаваў. На доктара Зубдамуса нават зірнуць без шкадавання было нельга. Містэр Глідан так спалохаўся, што нейкім адмысловым чынам увогуле зрабіўся нябачным. А ў містэра Сілка Бэкінгема, думаю, наўрад ці хопіць мужнасці адмаўляць, што ён кінуўся пад стол з усіх чатырох канцавінаў.

Аднак калі прайшло першае ўзрушэнне, мы, натуральна, тут жа вырашылі працягнуць эксперымент. Цяпер усе нашыя высілкі былі скіраваныя на вялікі палец правай нагі. Мы зрабілі надрэз з боку os sesamoideum pollicis pedis [3], агаліўшы корань адводнае цягліцы. Прыладзіўшы батарэю, мы скіравалі ток на рассечаны нерв, і тут мумія, рухаючыся зусім як жывая, спачатку сагнула правую нагу, амаль прыціснуўшы калена да жывата, а пасля з неверагоднай сілай выпрастала канцавіну, узнагародзіўшы доктара Зубдамуса штурхалём, які меў досыць сур’ёзны вынік: гэты джэнтльмен вылецеў праз акно на вуліцу не раўнуючы камень з катапульты.

Мы ўсе разам кінуліся вонкі, каб прынесці разбітыя рэшткі ахвяры, аднак мелі шчасце спаткаць Зубдамуса на лесвіцы — ён на ўсёй магчымай хуткасці імчаў назад, прасякнуты філасафічнай жарсцю і больш чым калі-небудзь яшчэ ўпэўнены ў неабходнасці з усёй сілай і ўсім запалам працягнуць наш дослед.

Згодна з яго парадай мы тут жа зрабілі глыбокі надрэз на кончыку носа аб’екта нашага эксперыменту, і доктар, схапіўшы гэты самы нос нецярплівымі рукамі, рэзкім штуршком падцягнуў мумію да дроту.

Атмасфера наэлектрызавалася — як у фізічным, так і ў метафізічным, як у наўпростым, так і ў пераносным сэнсе. Па-першае, труп адкрыў вочы і некалькі хвілінаў вельмі хутка міргаў, акурат як містэр Барнс у пантаміме [4], па-другое, ён чхнуў, па-трэцяе, сеў, па-чацвертае, патрос кулаком перад тварам доктара Зубдамуса і па-пятае, павярнуўшыся да высакародных Глідана і Бэкінгема, на дасканалай егіпецкай звярнуўся да іх з наступнымі словамі:

— Мушу сказаць, джэнтльмены, што вашыя паводзіны здзівілі мяне настолькі ж, наколькі пакрыўдзілі. Ад доктара Зубдамуса нічога лепшага і чакаць не варта, ён проста нікчэмны тоўсты дурань, іншага абыходжання ён і не ведае. Мне шкада яго, і яму я дарую. Але вы, містэр Глідан, вы, містэр Сілк, — вы, што столькі падарожнічалі і столькі часу правялі ў Егіпце, што можна падумаць, там і нарадзіліся, вы, якія так доўга жылі сярод нас, што гаворыце цяпер па-егіпецку гэтаксама свабодна, як, мяркую, пішаце на сваёй роднай мове, вы, якіх я заўсёды ўважаў за блізкіх сяброў муміяў, — ад вас я напраўду чакаў паводзінаў больш джэнтльменскіх. І што мне цяпер думаць пра вас, калі вы спакойна стаіце сабе і назіраеце, як непачціва са мной абыходзяцца? Як мне разумець тое, што вы дазваляеце любому сустрэчнаму здымаць з мяне саркафагі і адзежы ў такім агідна халодным клімаце? І самае галоўнае — якога меркавання трымацца мне што да вашае дапамогі і вашага судзейнічання гэтаму жалю вартаму нягодніку, гэтаму доктару Зубдамусу, у цяганні мяне за нос?

Можна было чакаць, што, пачуўшы ў такой сітуацыі гэтую прамову, кожны з нас альбо кінецца да дзвярэй, альбо заб’ецца ў істэрыцы, альбо ўвогуле страціць прытомнасць. Любое з гэтых трох дзеянняў выглядала б цалкам натуральна. Усе гэтыя спосабы рэагавання, безумоўна, маглі мець месца. І, слова гонару, я дагэтуль не магу зразумець, чаму нічога такога не адбылося ні з адным з нас. Магчыма, сапраўдная прычына гэтага палягае ў духу эпохі, які дзейнічае зусім адваротным спосабам і якім цяпер тлумачаць любую парадаксальную ці неверагодную з’яву. Альбо, можа быць, уся справа ў тым, што мумія трымалася вельмі натуральна і нязмушана, і гэта пазбавіла яе словы жахлівага гучання. Як бы там ні было, факт ёсць фактам: ніводны з нашае кампаніі не адчуў ніякага адмысловага трымцення і нават не падаў выгляду, што нешта вакол нас адбываецца надта ўжо не так.

Я, напрыклад, быў цалкам упэўнены, што ўсё так і мае быць, і толькі пасунуўся трошачкі назад, падалей ад кулака егіпцяніна. Доктар Зубдамус вельмі пачырванеў і, узіраючыся ў твар муміі, засунуў рукі ў кішэні штаноў. Містэр Глідан пагладзіў бараду і паправіў каўнер кашулі. Містэр Бэкінгем апусціў галаву і засунуў вялікі палец правай рукі ў левы куточак рота.

Некалькі хвілінаў егіпцянін сувора разглядаў яго і ўрэшце насмешліва зазначыў:

— Містэр Бэкінгем, чаго вы маўчыце? Вы чулі мае пытанні ці не? І дастаньце палец з рота!

Містэр Бэкінгем адразу ж злёгку скалануўся, дастаў вялікі палец правай рукі з левага куточка рота і ў якасці кампенсацыі ўклаў вялікі палец левай рукі ў правы куточак вышэйзгаданай адтуліны.

Не атрымаўшы адказу ад містэра Бэкінгема, мумія раздражнёна павярнулася да містэра Глідана і безапеляцыйным тонам у агульных выразах запатрабавала ад яго прыкладна таго ж самага.

Містэр Глідан грунтоўна адказаў ёй на размоўнай егіпецкай, і калі б у нашых амерыканскіх друкарнях не было такога сур’ёзнага недахопу іерагліфічных шрыфтоў, я з вялікім задавальненнем змясціў бы гэтую выбітную прамову ў арыгінале.

Тут я скарыстаюся магчымасцю і ўдакладню, што ўся наступная размова з муміяй вялася на старажытнаегіпецкай мове пры пасярэдніцтве (калі справа датычыла мяне і іншых сябраў-дамаседаў нашае кампаніі), пры пасярэдніцтве, паўтаруся, перакладчыкаў містэра Глідана і містэра Бэкінгема. Гэтыя джэнтльмены гаварылі на матчынай мове ўсіх муміяў з непаўторнай хуткасцю і вытанчанасцю, але я не мог не звярнуць увагу на тое, што час ад часу (калі з’яўлялася неабходнасць закрануць нейкія цалкам сучасныя і, натуральна, цалкам невядомыя нашаму госцю паняцці) два падарожнікі былі змушаныя тлумачыць нейкія адмысловыя значэнні ледзь не на мігах. Так, напрыклад, у адзін момант містэр Глідан не мог патлумачыць егіпцяніну паняцце «палітыка» да таго часу, пакуль не намаляваў вугольчыкам на сцяне карбункуланосага джэнтльмена з падранымі локцямі, які выступаў з прамовай, адставіўшы назад левую нагу, правую руку са сціснутым кулаком выцягнуўшы наперад, з вачыма, вырачанымі ў нябёсы, і з ротам, адкрытым пад вуглом у дзевяноста градусаў. А містэр Бэкінгем ніяк не мог патлумачыць вельмі сучаснае паняцце «сухі закон», пакуль згодна з парадай доктара Зубдамуса не дастаў з-пад палы і, моцна пачырванеўшы, не паказаў чужаземцу пустую флягу.

Зразумела, прамова містэра Глідана круцілася ў асноўным вакол тае вялікае карысці, якую прыносіць навуцы раскручванне і ўскрыццё муміяў. З гэтай прычыны ён выбачыўся за ўсе нязручнасці, якія давялося сцярпець, у прыватнасці, муміі на імя Хібанахібіё, і скончыў лёгкім намёкам (бо іначай акрэсліць яго вагу наўрад ці магчыма), што калі з ўсімі гэтымі нязначнымі падрабязнасцямі скончана, надышоў самы час працягнуць запланаваныя даследаванні. На гэтых словах доктар Зубдамус падрыхтаваў свае інструменты.

Што да апошняй прапановы прамоўцы, то тут у Хібанахібіё былі пэўныя сумневы, прыроды якіх я так канчаткова і не зразумеў. Але прабачэнні яго задаволілі: падняўшыся са стала, ён паціснуў рукі ўсёй кампаніі.

Скончыўшы гэтую цырымонію, мы адразу ж заняліся выпраўленнем пашкоджанняў, нанесеных нашаму госцю скальпелем. Мы зашылі рану на скроні, забінтавалі нагу і наляпілі цэлы дзюйм чорнага пластыру на нос.

І тут мы заўважылі, што граф (здаецца, менавіта такі тытул меў Хібанахібіё) злёгку дрыжыць — без сумневу, ад хо-ладу. Доктар адразу ж скіраваўся да свайго гардэробу і хутка вярнуўся з чорным фракам наймаднейшага крою, парай клятчастых нябесна-блакітных панталонаў са штрыпкамі, ружовай кашулькай у палоску, шырокай гафтаванай камізэлькай, белым плашчом, тросцю з гнутай ручкай для шпацыраў, капелюшом без палёў, ботамі з лакаванай скуры, саламянага колеру лайкавымі пальчаткамі, маноклем, накладнымі бакенбардамі і гальштукам, завязаным двайным «гордыевым» вузлом. Праз неадпаведнасць памераў графа і доктара (у прапорцыі два да аднаго) падчас адзявання егіпцяніна мы сутыкнуліся з некаторымі праблемамі, але калі ўсе яны былі вырашаныя, сябра нашага можна было лічыць адзетым. Містэр Глідан падаў яму руку і правёў да зручнага фатэля каля каміна, а доктар тым часам пазваніў, каб прынеслі цыгары і віно.

Размова хутка ажывілася. Найбольшую цікавасць, натуральна, выклікала тое, што Хібанахібіё нейкім дзівосным чынам да гэтага часу застаўся жывы.

— Мне падаецца, — заўважыў містэр Бэкінгем, — што вы даўно ўжо мусілі памерці.

— З чаго б гэта? — вельмі здзіўлена пацікавіўся граф. — Мне ж не нашмат больш за семсот гадоў! Мой бацька пражыў тысячу і тым не менш памёр пры ясным розуме.

Тут пасыпаліся пытанні і падлікі, у выніку чаго зрабілася відавочным, што егіпцянін значна недаацаніў свой узрост: ён праляжаў ў іліфійскіх катакомбах пяць тысяч пяцьдзясят гадоў і яшчэ некалькі месяцаў.

— Але мая заўвага, — зазначыў містэр Бэкінгем, — ніякім чынам не датычыць вашага ўзросту на момант пахавання. Магу дапусціць, што вы, па сутнасці, яшчэ досыць малады; мая думка абумоўленая працягласцю таго часавага прамежку, цягам якога вы, паводле вашых жа сведчанняў, праляжалі ў асфальтавых смолах.

— У чым-у чым? — удакладніў граф.

— У асфальтавых смолах, — паўтарыў містэр Бэкінгем.

— А-а, гэта… Я, здаецца, разумею, пра што вы. Пэўна, іх таксама можна выкарыстоўваць. Але ў мае часы мы наўрад ці ўжывалі штосьці апроч хлорнай іртуці.

— Вось чаго мы зусім ніяк не можам зразумець, — сказаў доктар Зубдамус, — дык гэта таго, як вы, памерлы і пахаваны ў Егіпце пяць тысяч гадоў таму, сёння выявіліся вельмі нават жывым — і выглядаеце проста цудоўна.

— Калі б я быў, як вы кажаце, памерлым, — адказаў граф, — больш чым верагодна, што цяпер я б такім і заставаўся. Я бачу, вы ў гальванізме пакуль яшчэ зусім дзеці і не можаце з яго дапамогай дасягнуць таго, што лічылася ў старыя часы рэччу самай звычайнай. Уся справа ў тым, што ў мяне здарыўся каталептычны прыпадак, і добрыя мае сябры вырашылі, што я альбо памёр, альбо блізкі да гэтага, таму яны мяне тут жа забальзамавалі — спадзяюся, вы добра ўяўляеце сабе асноўныя прынцыпы бальзамавання?

— Не тое каб зусім…

— Ох, ну якое безнадзейнае невуцтва! Але не магу ж я цяпер занурацца ў дэталі. Хаця трэба патлумачыць, што ў Егіпце набальзамаваць па сутнасці значыла спыніць на няпэўны час усе жыццёвыя функцыі, залежныя ад працэсаў у арганізме. Я ўжыў тут слова «жыццёвыя» ў самым шырокім сэнсе, які ўлучае не толькі фізічнае, але і духоўнае, і вітальнае быццё. Паўтаруся, што ў нас асноўны прынцып бальзамавання — гэта імгненнае спыненне і захаванне навечна ўсіх жыццёвых функцыяў, залежных ад працэсаў у арганізме. Карацей кажучы, у якім стане знаходзіўся чалавек падчас бальзамавання, у такім ён і застаецца. Я меў шчасце нарадзіцца з крывёй Скарабея і таму быў забальзамаваны жывым, такім, якім вы цяпер мяне бачыце.

— З крывёй Скарабея? — усклікнуў доктар Зубдамус.

— Так. Скарабей быў эмблемай, ці сімвалам, аднаго выбітнага і вельмі арыстакратычнага роду. Нарадзіцца з крывёй Скарабея — значыць проста належаць да адной з тых сем’яў, якія мелі сваёй эмблемай Скарабея. Гэта я так метафарычна выказаўся.

— Але як гэта звязана з тым, што вы засталіся жывым?

— Ну, у Егіпце прынята перад бальзамаваннем даставаць у мерцвяка вантробы і мозг, і толькі род Скарабея не трымаецца гэтае традыцыі. А таму, калі б я не быў Скарабеем, то пазбавіўся б вантробаў і мозгу, без якіх, між іншым, жыць досыць нязручна.

— Ага, зразумела, — сказаў містэр Бэкінгем. — Значыць, усе няўскрытыя муміі, што трапляліся нам, належалі да роду Скарабея?

— Без сумневу.

— А я думаў, — сціпла заўважыў містэр Глідан, — што Скарабей быў адным з егіпецкіх багоў.

— Адным з егіпецкіх чаго? — усклікнула мумія, ускочыўшы.

— Багоў! — паўтарыў падарожнік.

— Містэр Глідан, мне напраўду дзіўна чуць ад вас такія словы, — сказаў граф, зноў сядаючы ў фатэль. — Ніводны народ на зямлі ніколі не прызнаваў існаванне больш чым аднаго бога. Скарабей, Ібіс і іншыя былі для нас (а для кагосьці іншага — іншыя стварэнні) усяго толькі сімваламі, ці пасярэднікамі, праз якіх мы ўслаўлялі Творцу, занадта велічнага, каб звяртацца да яго наўпрост.

Тут павісла паўза. Праз некаторы час доктар Зубдамус працягнуў размову:

— Згодна з вашымі тлумачэннямі, зусім не выключана, — сказаў ён, — што ў катакомбах ля Ніла могуць ляжаць і іншыя жывыя муміі сямейства Скарабея?

— Без усялякіх сумневаў, — адказаў граф. — Усе Скарабеі, выпадкова забальзамаваныя жывымі, застаюцца жывымі дагэтуль. І нават забальзамаваныя жывымі спецыяльна маглі быць забытыя сваімі павернікамі і дагэтуль ляжаць у трунах.

— А ці не маглі б вы патлумачыць, — папрасіў я, — што вы маеце на ўвазе пад словамі «забальзамаваныя жывымі спецыяльна»?

— З вялікім задавальненнем, — адказаў егіпцянін, няспешна агледзеўшы мяне праз манокль, бо гэта быў першы раз, калі я насмеліўся звярнуцца да яго з пытаннем.

— З вялікім задавальненнем, — паўтарыў ён. — У мае часы сярэдняя працягласць чалавечага жыцця складала прыкладна васемсот гадоў. Людзі рэдка паміралі, не дажыўшы да шасцісот, — хіба толькі ад няшчаснага выпадку, — і рэдка жылі даўжэй за дзесяць стагоддзяў. Васемсот гадоў лічыліся сярэднім тэрмінам. Пасля таго як быў вынайдзены той прынцып бальзамавання, пра які я ўжо расказаў, нашым філосафам прыйшло ў галаву задаволіць вартую павагі цікаўнасць, а да таго ж пасудзейнічаць развіццю навукі, пражываючы гэты тэрмін па частках. Для гісторыі, напрыклад, такі досвед проста неабходны. Уявім сабе гісторыка, які дасягнуў пяцісотгадовага ўзросту, напісаў кнігу, уклаўшы ў яе шмат намаганняў, і пасля быў старанна забальзамаваны, пакінуўшы сваім павернікам указанні праз некаторы час ажывіць яго — ну, скажам, гадоў праз пяцьсот ці шэсцьсот. Вярнуўшыся да жыцця па сканчэнні гэтага тэрміну, ён абавязкова ўбачыць, што яго вялікую працу ператварылі ў набор маргіналіяў, так бы мовіць, у літаратурную арэну для супярэчлівых гіпотэзаў, загадак і прыватных спрэчак усёй хеўры раздражнёных каментатараў. Ён убачыць, што гэтыя гіпотэзы, распаўсюджаныя ў выглядзе анатацыяў ці выпраўленняў, да такой ступені зацямнілі, сказілі і знішчылі першапачатковы тэкст, што аўтару даводзіцца шукаць Яго днём з агнём. Робіцца зразумелым, што не варта было даваць сабе клопату з гэтым даследаваннем. Пасля таго як кніга цалкам перапісаная, гісторыку ставіцца ў абавязак неадкладна выправіць з пазіцый уласнага досведу і ведаў паданні сённяшняга дня пра эпоху, у якую ён жыў. Дзякуючы такому перапісванню і самавыпраўленню, за якое час ад часу бяруцца асобныя мудрацы, нашая гісторыя яшчэ не ператварылася ў чыстую казку.

— Прашу мне прабачыць, — сказаў тут доктар Зубдамус, мякка паклаўшы сваю руку на руку егіпцяніна, — прашу мне прабачыць, але ці магу я на хвілінку вас перапыніць?

— Канечне, сэр, — адказаў граф і замаўчаў.

— Мне толькі хацелася задаць вам адно пытанне, — сказаў доктар. — Вы казалі пра тое, што гісторык сам выпраўляе памылкі ў паданнях пра яго эпоху. Тады скажыце, прашу вас, колькі праўды звычайна заставалася ва ўсёй гэтай кабалістыцы?

— Уся гэтая, як вы правільна заўважылі, кабалістыка звычайна выяўляецца настолькі ж праўдзівай, як і факты ў кнігах, якія самі гісторыкі потым не перапісвалі: не вядома ніводнае дэталі, якая так ці іначай не была б цалкам і дарэшты памылковай.

— Калі мы з вамі высветлілі, — працягнуў доктар, — што з часу вашага пахавання прайшло не менш за пяць тысяч гадоў, я ўпэўнены, што вашыя тагачасныя гістарычныя працы, а можа, нават паданні ўтрымлівалі шмат падрабязнай інфармацыі на тэму, цікавую для усіх, — тэму стварэння свету, якое адбылося, як вы, мабыць, ведаеце, усяго за тысячу гадоў да вашага нараджэння.

— Прашу прабачэння, сэр?.. — не зразумеў граф Хібанахібіё.

Доктар паўтарыў сваю думку, але яму давялося шмат дадаткова тлумачыць, перш чым чужаземец змог яго зразумець. Урэшце апошні няўпэўнена сказаў:

— Згаданыя вамі ідэі, шчыра прызнаюся, для мяне зусім новыя. У мае часы я не ведаў нікога, хто б трымаўся незвычайнай фантазіі, нібыта сусвет (ці гэты свет, калі вам будзе заўгодна) увогуле калісьці меў пачатак. Помніцца, як аднойчы і толькі аднойчы я чуў ад аднаго мысляра штосьці аддалена да гэтага падобнае, звязанае з паходжаннем чалавечае расы. Дарэчы, гэты чалавек ужываў імя Адам, ці Гліна, пра якое вы гаварылі. Аднак ужываў ён яго ў шырокім сэнсе, кажучы пра адвольнае зараджэнне з урадлівай глебы (як зарадзіліся тысячы ніжэйшых відаў), адвольнае зараджэнне, паўтаруся, пяці вялізных чалавечых плямёнаў, што адначасова з’явіліся ў пяці асобных, але амаль роўных частках свету.

Тут мы ўсе паціснулі плячыма, а нехта з нас нават са шматзначным выглядам пастукаў сябе па ілбе. Містэр Сілк Бэкінгем, слізгануўшы поглядам спачатку па патыліцы, а потым па макаўцы Хібанахібіё, зазначыў:

— Такая працягласць чалавечага жыцця ў вашыя часы, а таксама адзінкавыя выпадкі пражывання яго, як вы казалі, па частках, мусілі напраўду моцна паўплываць на агульнае развіццё і назапашванне ведаў. А таму я мяркую, што мы можам вытлумачыць відавочнае адставанне ўсіх дасягненняў старажытнаегіпецкай навукі ад сучасных, асабліва ад дасягненняў янкі, надзвычайнай цвёрдасцю егіпецкіх чарапоў.

— Мушу прызнацца, — пачціва сказаў граф, — што я згубіў вашую думку. Скажыце, калі ласка, якія дасягненні навукі вы маеце на ўвазе?

Тут уся нашая кампанія хорам пачала падрабязна расказваць пра палажэнні фрэналогіі [5] і пра цуды жывёльнага магнетызму.

Выслухаўшы нас да канца, граф пераказаў некалькі анекдотаў, з якіх мы зразумелі: слава прататыпаў Галя і Шпурцгайма [6] была ў зеніце і пасля закацілася ў Егіпце так даўно, што пра іх паспелі ўжо забыць, а цуды Месмера [7] былі напраўду вартымі жалю фокусамі ў параўнанні з дзівосамі фіванскіх мудрацоў, якія стварылі вошаў і мноства такога іншага.

Тут я спытаў у графа, ці ўмелі яго землякі вылічваць час зацьменняў. Ён досыць пагардліва ўсміхнуўся і адказаў, што ўмелі.

Гэта крыху мяне збянтэжыла, але я працягваў распытваць яго пра астранамічную навуку егіпцянаў, пакуль адзін з нашае кампаніі, які дагэтуль ні разу не адкрыў рота, не шапнуў мне на вуха, што па гэтым пытанні мяне нашмат лепей пракансультуе Пталямей (і хто гэта такі?), а яшчэ нейкі Плутарх у працы De facie lunae [8].

Тады я спытаў мумію пра запальвальныя шкельцы, лінзы і ўвогуле пра вытворчасць шкла, але не паспеў нават скончыць пытанне, як маўклівы ўдзельнік зноў ціха крануў мяне за локаць і дзеля ўсяго святога папрасіў лепш зірнуць у працы Дыядора Сіцылійскага [9]. Граф жа замест адказу пацікавіўся, ці маем мы мікраскопы, якія дазволілі б нам выразаць камеі, што рабілі егіпцяне. Пакуль я думаў, што адказаць на гэтае пытанне, маленькі доктар Зубдамус даў вельмі незвычайнага маху:

— А паглядзіце на нашую архітэктуру! — усклікнуў ён да вялікага абурэння абодвух падарожнікаў, якія пачалі шчыкаць яго амаль да сінякоў, але без ніякае карысці. — Паглядзіце на фантан, што на Боўлінг-Грын [10] у Нью-Ёрку! — захоплена працягваў ён. — Ці, калі ён занадта велічны для сузірання, успомніце на імгненне Капітолій у Вашынгтоне! [11]

І добры маленькі доктар пачаў вельмі падрабязна апісваць усе элементы будынку, які толькі што згадаў. Ён патлумачыў, што адзін партал упрыгожаны не менш як дваццаццю чатырма калонамі пяці футаў у дыяметры на адлегласці дзесяці футаў адна ад адной.

Граф адказаў, што ён, на жаль, не можа цяпер прыгадаць дакладныя памеры любога значнага будынка ў горадзе пад назвай Азнак [12], закладзеным калісьці ў цемры часу і руіны якога пры жыцці графа ўсё яшчэ можна было пабачыць у шырокай пустэльні на ўсходзе ад Фіваў. Аднак калі гаварыць пра парталы, то яму прыгадваецца, што адзін такі, прыбудаваны да пасрэднага палацу ў Карнаку [13] (гэта штосьці накшталт прыгараду), складаўся са ста сарака чатырох калонаў трыццаці сямі футаў па акружнасці на адлегласці дваццаці пяці футаў адна ад адной. З боку Ніла да палацу можна было пад’ехаць па алеі даўжынёй дзве мілі, утворанай сфінксамі, статуямі і абеліскамі вышынёй дваццаць, шэсцьдзесят і сто футаў. Сам палац, наколькі ён памятае, быў дзве мілі ў даўжыню і штосьці каля сямі па акружнасці. Муры яго былі ўсярэдзіне і звонку багата распісаныя іерогліфамі. Ён не можа дакладна сказаць, ці змясцілі б сцены гэтага палаца пяцьдзясят ці шэсцьдзесят Капітоліяў доктара, але ён упэўнены, што з некаторымі цяжкасцямі туды можна было б увапхнуць іх штук дзвесце-трыста. І ўсё ж палац у Карнаку быў досыць нязначным будынкам. Тым не менш ён, граф, з усёй шчырасцю не можа адмовіць фантану на Боўлінг-Грын у арыгінальнасці, раскошнасці і выбітнасці, як казаў пра яго доктар. Нічога такога, ён вымушаны адзначыць, ніколі не бачылі ні ў Егіпце, ні дзе-небудзь яшчэ.

Я спытаў у графа, што ён можа сказаць пра нашыя чыгункі.

— Нічога асаблівага, — адказаў ён. Яны досыць ненадзейныя, нядбайна зробленыя і нязграбна пакладзеныя. Іх нельга нават параўноўваць, скажам, з шырокімі, роўнымі, наўпростымі дарогамі з жалезнымі латакамі, па якіх егіпцяне транспартавалі вялікія храмы і цэльныя абеліскі вышынёй сто пяцьдзясят футаў.

Я згадаў пра нашыя вялізныя механічныя сілы.

Ён пагадзіўся, што нешта пра гэта чуў, але пацікавіўся, якім чынам я справіўся б з задачай падняць пяты арак хаця б аднаго з невялікіх палацаў Карнаку.

Я вырашыў не пачуць гэтае пытанне і пацікавіўся, ці ўяўляе ён, што такое артэзіянскі калодзеж, але ён проста падняў бровы, тым часам як містэр Глідан пачаў мне люта падміргваць і зашаптаў, што, маўляў, адзін такі быў зусім нядаўна знойдзены інжынерамі, якія рабілі свідравіну, шукаючы ваду ў Вялікім Аазісе [14].

Я ўспомніў пра нашую сталь, але чужаземец толькі задраў нос і пацікавіўся, ці можна з дапамогай нашай сталі выконваць каменярэзныя працы — такія, як на абелісках, што, дарэчы, былі зробленыя выключна меднымі разакамі.

Гэта настолькі нас збянтэжыла, што мы вырашылі разнастаіць свае нападкі і звярнуцца да метафізікі. Быў прынесены асобнік «Даела» [15], адкуль мы зачыталі частку-другую пра нешта досыць няўцямнае, але акрэсленае бостанцамі як «вялікі рух прагрэсу».

Але граф толькі і сказаў, што «вялікія рухі» ў яго час здараліся ледзь не кожны дзень. Што ж да прагрэсу, то некаторы час ён прыносіў-такі пэўныя нязручнасці, але надта далёка не пайшоў.

Тады мы загаварылі пра каштоўнасці і значнасць дэмакратыі і паспрабавалі, хоць і з сур’ёзнымі цяжкасцямі, уразіць графа тымі разумнымі перавагамі, якімі мы карысталіся, галасуючы як душа пажадае і не маючы над сабой караля.

Граф слухаў нас з відавочнай цікавасцю: выглядала, што нашыя словы яго добра павесялілі. Калі мы скончылі, ён зазначыў, што калісьці даўно ў іх адбывалася нешта падобнае да гэтага. Трынаццаць егіпецкіх правінцыяў вырашылі раптам зрабіцца свабоднымі і паказаць прыўкрасны прыклад усяму чалавецтву. Яны склікалі сваіх мудрых мужоў і зляпілі самую выштукаваную канстытуцыю, якая толькі магчымая. Некаторы час яны някепска спраўляліся, вось толькі сама-надзейнасць іх была надзвычайнай. Калі гэтыя трынаццаць штатаў аб’ядналіся з астатнімі пятнаццаццю ці дваццаццю, усё скончылася, выліўшыся ў такую гнюсную і невыносную дэспатыю, якая толькі магла існаваць на Зямлі.

Я спытаў, як звалі іх узурпатара.

Наколькі памятаў граф, яго звалі Натоўп.

Не ведаючы, што казаць далей, я ўзвысіў голас і пашкадаваў, што егіпцяне не ведалі пáры.

Граф паглядзеў на мяне са здзіўленнем, але прамаўчаў. А маўклівы джэнтльмен з усяе моцы пхнуў мяне локцем у рэбры і прашаптаў, што я ўжо дастаткова паказаў свае здольнасці, здзівіўшыся толькі, як нават такі дурань, як я, можа не ведаць, што сучасны паравы рухавік заснаваны на вынаходніцтве Герона, апісаным Саламонам дэ Ко [16].

Параза нашая падавалася непазбежнай, але, на шчасце, доктар Зубдамус, сабраўшыся з думкамі, прыйшоў нам на дапамогу і пацікавіўся, ці могуць егіпцяне скласці нашым сучаснікам сур’ёзную канкурэнцыю ў такім важным пытанні, як адзенне.

Граф зірнуў на штрыпкі сваіх панталонаў, потым узяў адну з фалдаў фрака, паднёс яе да самых вачэй і разглядаў так некалькі хвілінаў. Калі ён урэшце выпусціў яе, яго ўсмешка спакваля распаўзлася ад вуха да вуха, аднак не магу прыгадаць, каб ён штосьці адказаў.

Тут мы павесялелі, і доктар, з вялікай важнасцю падышоўшы да егіпцяніна, пажадаў дазнацца, ці можа даць ён зуб, што яго супляменнікі здолелі калі-небудзь наладзіць вытворчасць «Пігулак Зубдамуса» ці «Таблетак Брандрэта» [17].

З глыбокім трымценнем чакалі мы адказу — але марна. Адказу не было. Егіпцянін пачырванеў і апусціў галаву. Ніколі трыюмф не быў такім поўным, ніколі параза не прымалася з такім жалю вартым выглядам. Шчыра кажучы, я не мог нават глядзець на прыгнечаную мумію. А таму ўзяў свой капялюш, суха пакланіўся графу і выйшаў.

Вярнуўшыся дадому, я ўбачыў, што ўжо пятая гадзіна, і тут жа скіраваўся ў ложак. Цяпер дзесяць гадзінаў ранку. Я на нагах з сямі, заняты напісаннем гэтай памятнай нататкі на карысць мае сям’і і ўсяго чалавецтва, якіх я больш ніколі не ўбачу. Мая жонка — змяя. Папраўдзе кажучы, мне дарэшты абрыдла і гэтае жыццё, і гэтае дзевятнаццатае стагоддзе ўвогуле. Я ўпэўнены, што ўсё ідзе кепска. Да таго ж мне страшна цікава, хто будзе прэзідэнтам у 2045-м. А таму як толькі я пагалюся і праглыну кубачак кавы, то адразу ж скіруюся да доктара Зубдамуса і папрашу забальзамаваць мяне на пару стагоддзяў.



 

[1] Іліфія (грэцк. Είλείθυια) — магчыма, По мае на ўвазе горад, дзе знаходзіўся храм Іліфіі, багіні, што дапамагала падчас родаў. Пра яго размяшчэнне згадвае Страбон: «Пасля Фіваў ідзе горад Германфіда, дзе шануюць Апалона і Зеўса. Тут таксама ўтрымліваюць быка. Затым ідзе Горад Кракадзілаў, жыхары якога шануюць гэтую жывёліну. Далей ідуць Афрадытопаль і Латопаль, які шануе Афрадыту і лата [паводле Страбона, «нейкую нільскую рыбу»]; потым — горад і храм Іліфіі; на супрацьлеглым беразе — Горад Каршуноў, дзе шануюць каршуноў; потым ідзе Апаланопаль, які таксама вядзе барацьбу з кракадзіламі» (Геаграфія. XVII, І, 47).

[2] Глідан — сярод выдуманых персанажаў По называе рэальную асобу — вядомага ангельскага егіптолага Джорджа Робінса Глідана (1809—1857).

[3] Os sesamoideum pollicis pedis — сесамападобная костка вялікага пальца нагі (лац.).

[4] Джон Барнс (1761—1841) — ангельскі комік, з 1816 г. жыў у ЗША і граў у Парк-тэатры ў Нью-Ёрку.

[5] Фрэналогія — папулярная ў ХІХ ст. псеўданавука пра сувязь псіхікі чалавека і будовы яго чэрапа.

[6] Франц Ёзаф Галь (1758—1828) — аўстрыйскі доктар і анатам, заснавальнік фрэналогіі. Ёган Каспар Шпурцгайм (1776—1832) — нямецкі фрэнолаг, сябра Ф. Ё. Галя, якому ён дапамагаў пісаць працу «Анатомія і фізіялогія нервовай сістэмы».

[7] Фрыдрых-Антон Месмер (1734—1815) — аўстрыйскі лекар, які атрымаў шырокую вядомасць сваімі доследамі лекавання хваробаў з дапамогай «жывёльнага магнетызму», у аснове якога ляжала гіпнатычнае ўздзеянне.

[8] De facie lunae — «Пра твар, бачны ў дыску месяца» (лац.) — дыялог Плутарха (46—120 н. э.).

[9] Дыядор Сіцылійскі (каля 80—29 гг. да н. э.) — старажытнагрэцкі гісторык, аўтар «Гістарычнай бібліятэкі», дзе выкладаецца сусветная гісторыя ад старажытных часоў да 60 г. да н. э.

[10] Боўлінг-Грын — парк у цэнтры Нью-Ёрка.

[11] Капітолій у Вашынгтоне — на Капіталійскім узгорку ў Вашынгтоне размяшчаецца будынак Кангрэсу ЗША.

[12] Азнак — назва, прыдуманая По.

[13] Карнак — паселішча ў Егіпце блізу Фіваў, дзе знаходзяцца руіны храму Амона, які пачаў будавацца ў ХХ ст. да н. э.

[14] Вялікі Ааазіс — найбуйнейшы егіпецкі аазіс, які знаходзіцца ў Лівійскай пустыні. Старажытныя калодзежы гэтага аазіса дасягаюць глыбіні ў 120 метраў.

[15] «Даел» — часопіс амерыканскіх трансцэндэнталістаў, які выходзіў з ліпеня 1840 да красавіка 1844 г.

[16] Герон з Александрыі — грэцкі навуковец і інжынер. У сваёй працы «Пнеўматыка» (каля 130 г. да н. э.) апісаў уладкаванне паравой турбіны. У 1615 г. французскі інжынер Саламон дэ Ко (1576—1626) прапанаваў канструкцыю ўдасканаленага паравога рухавіка.

[17] Джозэф Брандрэт (1746—1815) — ангельскі доктар.


Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2011

Чытайце таксама

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

Ёзэф Чапэк

Ёзэф Чапэк

Чэшскі мастак, графік, фатограф, кніжны ілюстратар, эсэіст, брат Карэла Чапэка

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

877