№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Герман Чарлз Босман

Музыка (The Music Maker)

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


— Канечне ж, ведаю я пра гісторыю, — сказаў дзядзька Схалк Лоўрэнс, — дзеці яе ў школе вучаць. Вось надоечы на пошце Тэйса Лэмера яго малы сынок Стофел узяўся чытаць са свайго падручніка па гісторыі пра чалавека на імя Васка да Гама, які наведаўся на Капскі паўвостраў [1]. І тут жа Дзірк Снэйман пачаў расказваць малому Стофелу пра тыя часы, калі сам бываў на паўвостраве, але Стофел асаблівай увагі на тое не звяртаў. А таму Дзірк Снэйман сказаў: “Вось табе і навука”.

У любым разе, сказаў Дзірк Снэйман, ён хацеў расказаць малому Стофелу пра тое, што калі ён апошні раз ехаў на паўвостраў, у трамвай увайшоў кафр [2] і сеў зусім побач. Але што яшчэ горш, працягваў Дырк Снэйман, наўкола ніхто і вухам не павёў.

Якая дзіўная гэта рэч — прага трапіць у гісторыю.

Вось, напрыклад, як было з Мані Кругерам.

Мані Кругер быў адным з найлепшых фермераў у Марыка. Ён ведаў, колькі персікавага брэндзі трэба праставіць падаткавіку, каб быць пэўным, што той на ўсе словы Мані будзе адно паўсонна ківаць галавою. А ў часы засухі Мані Кругер умеў звярнуцца да ўраду па дапамогу раней, чым любы з маіх знаёмцаў.

І толькі аднойчы Мані Кругер вычытаў у газеце Kerkbode пра музыку, які сказаў, што ведае пра музыку больш, чым Напалеон. Пасля гэтага — толькі спачатку прачытаўшы, хто такі Напалеон, — Мані Кругер зрабіўся іншым чалавекам. Ён не мог гаварыць ні пра што, апрача свайго месца ў гісторыі і сваёй музычнай кар’еры.

Натуральна, усе ведалі, што ніхто ў Марыка і блізка не стаяў з Мані Кругерам, калі справа датычыла гульні на канцэрціне [3].

Ніводныя бушвельдскія [4] танцы не абыходзіліся без яго канцэртыны. Калі ён граў вастрап [5], нельга было ўседзець на месцы. Але пасля таго як ён узяў за мэту зрабіцца музыкам, што трапіць у падручнік гісторыі, дзіўна было назіраць, як ён перамяніўся. Па-першае, ён заявіў, што больш ніколі не будзе граць на танцах. Мы ўсе засмуціліся. Нялёгка было ўявіць будучыню танцаў у Бушвельдзе. На кухні будзе персікавы брэндзі, у вітальні ногі танцораў будуць адбіваць рытм у такт шатландкі [6], полькі, вальсу ці мазуркі, але на плеценых лавах у куце, дзе зазвычай сядзяць музыкі, больш не будзе Мані Кругера. І яны зайграюць “Die Vaal Hare en die Blou Oge” [7] ды “Vat Jou Goed en Trek, Ferreira” [8], але ўжо чужыя пальцы прабягуцца па клавішах канцэрціны. І калі ўзрушаная танцамі і брэндзі моладзь выгукне “Dagbreek toe” [9], зусім не Мані Кругер схіліць галаву перад апладысментамі.

Сумна было думаць пра ўсё гэта.

Бо ўжо так даўно на бушвельдскіх танцах Мані Кругер быў за галоўнага музыку.

Мы заўважылі, што з тых, хто аплакваў змены ў паводзінах Мані, больш за ўсіх гаравала Лета Стэйн.

А Мані часам гаварыў такія дзіўныя рэчы... Напрыклад, аднойчы сказаў, што каб трапіць у гісторыю, яму трэба было б памерці ад сухотаў на руках у прынцэсы, як некалі здарылася з іншым музыкам, пра якога ён чытаў. Але ў нашым Марыка цяжка было захварэць на сухоты — занадта ж здаровы тут клімат.

І хаця на танцах Мані больш не граў на сваёй канцэрціне, ён пачаў шмат граць па-іншаму. Ён пачаў даваць, як ён гэта называў, сольныя канцэрты. Я быў на некалькіх. Мяне яны моцна ўразілі.

На першым сольным канцэрце, куды я прыйшоў, я пабачыў, што пярэдняя частка Маневай вітальні была ўся застаўленая шэрагамі лаваў і крэслаў, якія ён пазычыў у тых сваіх суседзяў, што не мелі нічога супраць, каб паабедаць, седзячы на скрынках з-пад свечак і перавернутых вёдрах. У канцы вітальні на шнуры была нацягнутая шырокая зялёная заслона. Калі я прыйшоў, народу тут было поўна. Я змог неяк праціснуцца і сесці на лаву між Янам Тэрэбланшам і маладой жанчынай у блакітным kappie [10]. Ян Тэрэбланш усё спрабаваў узяць яе за руку.

Мані Кругер сядзеў за зялёнай заслонай. Ён ужо быў там, калі я прыйшоў. Я пазнаў, што гэта Мані, па яго вельдскунах [11], якія выглядвалі з-пад заслоны.

Лета Стэйн села перада мною. Час ад часу, калі яна паварочвалася, я бачыў чырвань на яе твары і цьмяную ўсхваляванасць у вачах.

Нарэшце ўсё было гатова, і Джоэл, кафр з фермы, якога Мані ўзяў на працу, павольна адцягнуў зялёную заслону. Некалькі юнакоў выгукнулі: “Middag, ou Manie” [12], а Ян Тэрэбланш запытаўся, ці не душна сядзець так блізка за гэтай зялёнай заслонай.

А пасля ён пачаў граць.

І мы ўсе ведалі, што гэта была найлепшая канцэрцінная музыка, якую нам калі-небудзь даводзілася чуць. Мані Кругер быў проста на вышыні. Ён шмат рэпетаваў для сольнага канцэрту, пальцы яго проста лёталі па клавішах, а гукі канцэрціны напаўнялі нашыя сэрцы. Музыка Мані Кругера перанесла нас з гэтай вітальні ў дзівосны, яркі і бліскучы свет.

Было добра.

Грымнулі аглушальныя воплескі. У канцы кожнага аддзялення кафр зашморгваў заслону перад Мані, а мы сядзелі і чакалі некалькі хвілінаў, пакуль заслону не адшморгвалі назад. Але пасля таго першага разу больш ніхто не смяяўся. Сольны канцэрт цягнуўся недзе з паўтары гадзіны, і воплескі ў канцы былі нават мацнейшымі, чым на пачатку. І цягам гэтых дзевяноста хвілінаў Мані ўставаў з месца ўсяго аднойчы — калі нешта здарылася з заслонай і ён ускочыў даць выспятка кафру.

Калі канцэрт скончыўся, Мані не выйшаў да нас, каб паціснуць нам рукі, як мы чакалі. Наадварот, паўз зялёную заслону ён праслізнуў на кухню і папрасіў перадаць, што мы можам прыйсці і сустрэцца з ім там. Спачатку гэта падалося нам крыху дзікаватым, але Лета Стэйн сказала, што ўсё ў парадку, патлумачыўшы, што ў іншых краінах вялікія музыкі і акторы прымаюць сваіх прыхільнікаў за сцэнай. Ян Тэрэбланш тады пацікавіўся: калі гэтыя акторы карысталіся кухнямі, каб забаўляць сваіх гасцей, дзе ж яны тады гатавалі?

Але тым не менш большасць з нас пайшла на кухню, дзе мы выдатна прабавілі час, віншуючы Мані Кругера і паціскаючы яму руку. А Мані шмат казаў пра сваю музычную будучыню, пра той трыюмф, што чакае яго ў вялікіх гарадах свету, а ён будзе стаяць перад заслонай і адказваць паклонамі на апладысменты.

Пасля гэтага Мані даў яшчэ некалькі сольных канцэртаў. Яны ўсе былі аднолькава добрымі. Толькі праз тое, што рэпетаваць трэба было штодня, ён не мог добра клапаціцца пра сваю гаспадарку. У выніку яна развалілася, а сам ён залез у пазыкі. Судовыя пасланцы прыйшлі і забралі палову яго скаціны, а ён усё рэпетаваў для свайго чацвертага канцэрту. А калі ён рэпетаваў для сёмага, яны прыйшлі і забралі яго павозку для валоў і воз для мулаў.

Нарэшце, калі музычная кар’ера Мані Кругера дасягнула таго піку, калі судовыя пасланцы забралі яго плуг і апошніх валоў, ён прадаў рэшткі сваіх пажыткаў і з’ехаў з Бушвельда, кіруючыся ў тыя вялікія гарады, пра якія ён нам столькі расказваў. Увесь Марыка зладзіў яму грандыёзныя праводзіны. Пастар і сябры Фолксрады [13] казалі, як ганарыцца Трансвааль сваім вялікім сынам. Пасля прамаўляў Мані. Замест таго каб падзячыць сваім слухачам, ён, наадварот, пачаў нас клясці як свет стаіць, называў нас зборышчам хуліганаў і бяздушных мяшчанаў, казаў, як моцна ён намі пагарджае.

Натуральна, такі выбух гневу нас моцна здзівіў, бо мы заўжды па-добраму ставіліся да Мані Кругера і падтрымлівалі яго як толькі маглі. Але Лета Стэйн патлумачыла нам, што насамрэч ён не меў на ўвазе тое, што сказаў. Па яе словах, любы вялікі артыст мусіў бы так казаць пра месца, адкуль ён родам.

Такім чынам мы пераканаліся, што ўсё ў парадку, і чым больш Мані нас абражаў, тым грамчэй мы крычалі “Hoor, hoor vir Manie” [14]. Асабліва гучна мы запляскалі, калі ён сказаў, што мы ведаем пра мастацтва яшчэ меней, чым змяя бумсланг. Такой адборнай лаянкі я яшчэ ніколі не чуў. Спыніўся ён толькі аднойчы — калі Дэ Вет [15] выказаўся наконт капітуляцыі Кранье [16] ангельцам пры Пардэбергу [17]. Мы адчулі, што Мані казаў тады нешта насамрэч праўдзівае. У той дзень мы падтрымлівалі яго да хрыпаты.

І Мані сышоў. Мы атрымалі толькі адзін ліст, у якім ён пісаў, што дабраўся да Прэторыі. Пасля гэтага мы больш ніколі пра яго не чулі.

Але кожнага разу, калі Лета Стэйн гаварыла пра Мані, здавалася, нібы дзіця расказвае пра мару — з лёгкай тугою, і голасам, поўным дзіцячай тугі, яна ўсё гаварыла мне, як аднойчы, аднойчы ён вернецца. І часта на змярканні я бачыў, як яна сядзіць на верандзе, і ўглядаецца праз вельд [18] у вечаровыя прыцемкі і ў пыльную дарогу, што пралегла між акацыямі па той бок Дварсбергу, і чакае свайго каханага, які больш да яе не вернецца.

Гэта было задоўга да таго, як я зноў сустрэў Мані Кругера. І здарылася гэта ў Прэторыі. Я паехаў туды ўзяць інтэрв’ю ў сябра Фолксрады наконт яго перадвыбарчай праграмы. І амаль выпадкова я пабачыў Мані. Ён іграў на канцэрціне — гэтаксама прыўкрасна, як заўжды, падумаў я. І хутка збег. Але надзіва мяне найбольш уразіў выгляд зялёнай барнай заслоны, перад якой ён граў.



 

[1] Капскі паўвостраў — паўвостраў у паўднёва-заходняй частцы Афрыкі на тэрыторыі ПАР, на паўднёвым канцы якога месціцца Мыс Добрай Надзеі, а на поўначы — сталіца ПАР Кейптаўн (Капстад). Паўвостраў быў каланізаваны галандскімі пасяленцамі ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, аднак у 1806 годзе калонію захапіла Вялікабрытанія. Васка да Гама абмінуў Мыс Добрай Надзеі ў 1497 годзе.

[2] Кафры — назва, якая давалася цемнаскурым жыхарам Паўднёвай Афрыкі, паганцам.

[3] Канцэрціна — язычковы пнеўматычны музычны інструмент, гармоніка з храматычным гукавым шэрагам без гатовых акордаў.

[4] Бушвельд — рэгіён на спякотным і сухім паўночным усходзе Паўднёвай Афрыкі і суседніх краін.

[5] Вастрап (vastrap) — музычны паўднёваафрыканскі жанр.

[6] Шатландка — парны кантраданс, які першапачаткова з’явіўся ў Чэхіі і потым распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе.

[7] “Вылінялыя валасы і блакітныя вочы” (афр.).

[8] “Добрай табе дарогі, Ферэйра” (афр.).

[9] “Світае!” (афр.).

[10] Чэпчык (афр.).

[11] Вельдскуны (veldskoens) — моцны скураны ці замшавы абутак (афр.).

[12] “Прывітанне, Мані, стары” (афр.).

[13] Фолксрада (афр.) — парламент былой Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі, які існаваў з 1857 да 1902 г.

[14] “Слухайце, слухайце Мані” (афр.).

[15] Крысціян Рудальф Дэ Вет (1854—1922) — бурскі палітык, генерал і кіраўнік паўстанцаў. Генерал Дэ Вет удзельнічаў у Першай і Другой англа-бурскіх войнах.

[16] Пітэр Арнолдус Кранье, больш вядомы як Піт Кранье (1836—1911) — генерал войска Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі падчас Першай і Другой англа-бурскіх войнаў.

[17] Бітва пры Пардэбергу адбылася 27 лютага 1900 году. Піт Кранье і 4150 яго людзей былі акружаныя і здаліся ангельскім войскам.

[18] Вельд (veld) — паўднёваафрыканскі стэп (афр.).


Пераклад зроблены паводле выдання: Herman Charles Bosman. Mafeking Road. Brookling, Archipelago Books. 2008.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2011

Чытайце таксама

Жузэ Сарамагу

Жузэ Сарамагу

Партугальскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1998)

Сільвія Плат

Сільвія Плат

Амерыканская паэтка і празаік, якую лічаць адной з галоўных прадстаўніц і заснавальніц жанру “спавядальнай паэзіі”.

Алешандры Радрыгеш

Алешандры Радрыгеш

Бразільскі пісьменнік і журналіст

Анастасія Афанасьева

Анастасія Афанасьева

Украінская рускамоўная паэтка. Таксама перакладае з украінскай

976