№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Герман Чарлз Босман

Чырвоны карак (The rooinek)

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


“Чырвоныя каркі” [1], сказаў дзядзька Схалк Лоўрэнс, — вялікія дзівакі. Аднойчы вось разбіраліся мы, я і мой пляменнік Ханэс, з парачкай ангельцаў пад Дэветсдорпам [2]. Гэта адбывалася неўзабаве пасля Санас-Поста [3], і мы з Ханэсам сачылі за дарогай, лежачы за скалой. Ханэс бавіў такія вось хвіліны, робячы, як ён казаў, карысную справу. На пляскатым камяні ён падпілоўваў кончыкі патронаў для маўзера, пакуль праз сталь не паказваўся свінец, і такім чынам ператвараў іх у кулі дум-дум [4].

З гэтай нагоды я часта звяртаўся да свайго пляменніка.

— Ханэс, — казаў яму я, — рабіць такое — грэх. Бог глядзіць на цябе.

— Нічога страшнага, — адказваў Ханэс. — Бог ведае, што ў нас тут ідзе бурская вайна, а ў ваенны час ён заўсёды прабачае такія дробязі, асабліва калі наўкола столькі ангельцаў.

Як бы там ні было, мы, лежачы за скалой, убачылі далёка ўнізе, на дарозе, двух вершнікаў, што падымаліся галопам угару. Мы стаіліся, замерлі і дазволілі ім наблізіцца да нас прыкладна на чатырыста крокаў. Гэта былі ангельскія афіцэры. Яны сядзелі на самых лепшых конях, а іх мундзіры глядзеліся вельмі прыгожа і акуратна. Самыя элегантныя спадары, якіх я толькі бачыў апошнім часам, — мне нават зрабілася крыху сорамна за мае ўласныя зношаныя нагавіцы і вельдскуны [5]. Я ўзрадаваўся, што ляжу за скалой і яны мяне не бачаць. Мяне і асабліва маю камізэльку, усю парваную ўнізе спіны: тры дні таму мне давялося досыць хутка прабірацца праз агароджу з калючага дроту. І зрабіў я гэта ў самы час. Наш вельдкарнэт [6], які быў тоўстым і не мог перасоўвацца так хутка, бег дзесьці ў дваццаці ярдах за маёй спінай. Ён так і застаўся на дроце з куляй у целе. Адзінае, за што я ўдзячны Першай англа-бурскай вайне [7], — гэта мая худзізна і абыякавае стаўленне да мазалёў.

Я і Ханэс стрэлілі адначасова. Адзін з афіцэраў зваліўся з каня. Ён плячыма грымнуўся на зямлю і двойчы перакуліўся, уздымаючы кожны раз клубы чырвонага пылу. І тады другі афіцэр зрабіў дзіўную рэч. Ён спыніў каня і спешыўся. Зірнуў у наш бок. А потым падвёў каня да таго месца, дзе курчыўся яго спадарожнік. Яму спатрэбілася колькі часу, каб пасадзіць параненага на каня — не так ужо і лёгка падняць чалавека, калі ён зусім бездапаможны. Рабіў ён гэта марудна і спакойна, нібыта зусім не хвалюючыся, што чалавек, які падстрэліў яго сябра, ляжыць усяго за чатырыста ярдаў. Неяк ён перакінуў параненага праз сядло і пакрочыў побач з канём. Цераз некалькі крокаў спыніўся — падалося, пра штосьці ўспомніў. Развярнуўся і памахаў рукой у той бок, дзе, на яго думку, маглі хавацца мы, нібы запрашаючы стрэліць яшчэ раз. Увесь гэты час я проста назіраў за ім, дзівячыся такой вытрымцы.

Але калі ён памахаў нам, я ўсадзіў чарговы патрон у маўзер і прыцэліўся. З такой адлегласці схібіць я не мог. Цэліўся вельмі старанна і быў ужо гатовы спусціць курок, як раптам Ханэс паклаў руку на рулю і штурхнуў вінтоўку.

— Не страляй, дзядзька Схалк, — сказаў ён. — Гэта мужны чалавек.

Я здзіўлена паглядзеў на Ханэса. У яго быў вельмі бледны твар. Я прамаўчаў і дазволіў вінтоўцы зваліцца ў траву. Але я не зразумеў, што гэта найшло на майго пляменніка. Здавалася, што не толькі ангелец, але і Ханэс добры такі дзівак. Глупства нейкае — не забіць чалавека толькі таму, што ён мужны. Калі ён мужны і змагаецца пры гэтым на баку ворага, гэтага больш чым дастаткова, каб забіць яго.

Потым яшчэ некалькі наступных месяцаў мы з пляменнікам Ханэсам ваявалі разам. Але аднаго дня ў сутычцы над Ваалем [8] Ханэса і яшчэ пару тузінаў бураў адрэзалі ад нашага каманда [9]. Давялося здацца. Тады я бачыў Ханэса апошні раз. Пазней я даведаўся, што калі пляменніка ўзялі ў палон, то абшукалі і знайшлі кулі дум-дум. І застрэлілі за гэта. Я быў у роспачы, калі дазнаўся пра яго смерць. Ён заўсёды быў жыццялюбам і аптымістам. Магчыма, Ханэс і меў рацыю, калі казаў, што Бог не звяртае ўвагі на такія дробязі, як кулі дум-дум. Яго памылка палягала ў тым, што ён забыў пра ангельцаў: яны звяртаюць на гэта ўвагу.

Я быў у вельдзе да канца вайны. Потым мы склалі свае вінтоўкі і разышліся па дамах. Сваю ферму я пазнаў дзякуючы разлому пад узгоркам, дзе я здабываў сланец, каб пакласці ў гумне падлогу. Гэта было ўсё, што ад яе засталося. Усё астатняе было знішчана. Дом згарэў. Землі ляжалі закінутыя. Быдла і авечкі былі зарэзаныя. Нават камяні, якія я сабраў у кучу для крааляў, былі параскіданыя. Мая жонка вярнулася з канцэнтрацыйнага лагера, і мы выправіліся разам паглядзець на сваю старую ферму. Жонка трапіла ў лагер з двума нашымі дзецьмі, але вярнулася адна. І калі я зноў убачыў яе і заўважыў, як яна змянілася, то зразумеў: я, чалавек, што прайшоў праз усе бітвы, сапраўднай бурскай вайны не бачыў.

Ні Сані, ні я не хацелі вяртацца на старую ферму. Без дзяцей, што гуляюць ля дома і гарэзяць, яна будзе ўжо чымсьці іншым. Новы ўрад выплаціў нам нейкія грошы за ўчыненую шкоду. За іх я набыў павозку і валоў, і мы пакінулі Свабодную дзяржаву [10], якая больш не была свабоднай. Цяпер яна нават называлася па-іншаму — Калонія Аранжавай Ракі [11].

Мы пацягнуліся праз Трансвааль у паўночны раён бушвельда [12] Марыка. Шмат гадоў таму я хлопчыкам ішоў праз гэты самы край з бацькамі. Цяпер, апынуўшыся тут зноў, я зразумеў, што гэта ўсё яшчэ добры край. На адваротным баку гораў Дварсберг непадалёк ад Дэрдэпорта мы атрымалі ад ураду новую ферму. Праз некаторы час туды прыбылі і іншыя фермеры. Адзін ці два з іх таксама прыехалі са Свабоднай дзяржавы — я іх ведаў. Было і некалькі паўстанцаў з Капскага паўвострава [13], якіх я бачыў у каманда. Усе мы страцілі ў вайне сваіх блізкіх. Хтосьці загінуў у канцэнтрацыйных лагерах ці на полі бітвы. Іншых расстралялі за ўдзел у паўстанні. Карацей кажучы, усе, хто прыйшоў у гэтую частку Марыка ля самага Бечуаналэнда [14], былі вельмі кепска настроеныя супраць ангельцаў.

А потым да нас далучыўся адзін з “чырвоных каркаў”.

Гэта адбылося ў першы год нашага пасялення ў ваколіцах Дэрдэпорта. Мы дазналіся, што нейкі ангелец купіў ферму побач з Герардусам Гробеларам. Мы акурат сядзелі ў вітальні Вілема Одэндала — у яго доме месцілася пошта. Раз на тыдзень прыязджала паштовая фурманка з Зэйруста, і мы збіраліся ў доме Вілема Одэндала, гутарылі, курылі, пілі каву. Рэдка хто з нас атрымліваў лісты, дый былі гэта ў асноўным рахункі за буравыя шчыліны, прасвідраваныя на нашых фермах, ці за цэмент і матэрыялы для агароджаў. Тым не менш, кожны тыдзень мы ішлі на пошту. Часам фурманка не прыходзіла, бо даліна Грун-Рывер была затопленая, і большасці з нас даводзілася ісці дадому, нават не дазнаўшыся пра гэта, калі толькі нехта не паведаміць пра паводку.

Калі Кос Стэйн даведаўся, што побач з намі пасяліўся ангелец, ён ускочыў з плеценай лавы.

— Не, kêrels [15], — сказаў ён, — калі дзесьці з’яўляюцца ангельцы, гэта значыць, што хутка бурам давядзецца адтуль з’язджаць. А таму я пакую рэчы на павозку, раблю сабе каву, а заўтра з ранку адсюль вымятаюся.

Большасць з нас тады проста засмяялася. Кос Стэйн часта дасціпнічаў у такім духу. Але некаторыя не смяяліся. Так ці інакш, у жарце Коса Стэйна доля жарту была невялікай.

Мы абмеркавалі пытанне з усіх бакоў і вырашылі, што сапраўдныя буры здолеюць арганізаваць усё так, каб “чырвоны карак” сярод нас не затрымаўся. Дзесьці праз гадзіну ўвайшоў хтосьці з дзяцей Вілема Одэндала і сказаў, што па вялікай дарозе рухаецца чужая павозка. Калі яна пад’ехала бліжэй, мы ўбачылі, што яна застаўленая самай рознай мэбляй, лістамі жалеза і сельскагаспадарчымі прыладамі. Павозка была так нагружаная, што давялося зняць тэнт, каб усё змясцілася.

Павозка была адна, і яна спынілася ля нашага дому. У павозцы сядзелі белы і двое кафраў [16]. Белы штосьці крыкнуў гэтым дваім, апусціў пугу і рушыў у наш бок. Ён быў апрануты так, як і мы, — кашуля, нагавіцы і вельдскуны, усё пакрытае слоем пылу. Аднак калі ён пераступаў праз калючае кустоўе, мы заўважылі на ім яшчэ і шкарпэткі. Таму адразу зразумелі: ангелец.

Кос Стэйн стаяў насупраць дзвярэй.

Ангелец падышоў да яго і працягнуў руку:

— Добры дзень, — сказаў ён на афрыкаанс. — Мяне завуць Вэбер.

Кос паціснуў яму руку.

— Мяне завуць лорд Алфрэд Мілнэр [17], — сказаў ён.

Мы ўсе засмяяліся, бо акурат тады лорд Алфрэд Мілнэр быў губернатарам Трансвааля. “Чырвоны карак” таксама засмяяўся.

— Ну, значыць, лорд. — сказаў ён, — Я крыху гавару на вашай мове і мяркую, што хутка буду гаварыць яшчэ лепей. Я збіраюся тут пасяліцца і спадзяюся, што мы будзем сябрамі.

Ён падышоў да кожнага з нас, але ўсе адвярнуліся і адмовіліся паціскаць яму руку. Да мяне ён падышоў апошнім, і мне было сорамна перад ім, бо, хаця яго народ абышоўся з маім несправядліва і я сам страціў абодвух сваіх дзяцей у канцэнтрацыйным лагеры, менавіта гэты ангелец не быў тут надта вінаваты. Гэта была віна ангельскага ўраду, які хацеў нашых залатых руднікоў. Яшчэ гэта была віна каралевы Вікторыі, якой не падабаўся дзядзька Пол Кругер [18]: казалі, што калі ён быў у Лондане, то пагаварыў з ёй толькі аднойчы, усяго некалькі хвілін. Дзядзька Пол Кругер апраўдваўся, што ён жанаты чалавек і баіцца ўдоваў.

Калі ангелец на імя Вэбер вярнуўся да павозкі, мы з Косам Стэйнам пайшлі разам з ім. Ангелец сказаў, што набыў ферму побач з Герардусам Гробеларам, што мала чаго ведае пра авечак, быдла і маіс, але здабыў колькі кніг пра фермерскую справу і збіраецца вывучыць іх уздоўж і ўпоперак. Потым ён спытаў мяне, з чаго б гэта я адвярнуўся ад яго ў бок перавалу. Але я проста не хацеў, каб ён бачыў, як я смяюся. Кос Стэйн адрэагаваў зусім іначай.

— А ну дай мне зірнуць на гэтыя кнігі, — сказаў ён.

Вэбер адкрыў скрыню на самым версе павозкі і дастаў адтуль шэсць кніг у зялёнай вокладцы.

— Так, гэта вельмі добрыя кнігі, — сказаў Кос Стэйн. — Ага, проста цудоўныя. Для тэрмітаў. Тэрміты злопаюць іх ночы за дзве.

Як я ўжо казаў, Кос Стэйн быў вясёлым хлопцам, і калі ён так казаў, утрымацца ад смеху было немагчыма.

Тады былі не найлепшыя часы. Пачалася засуха, і мы не маглі садзіць кукурузу. Высахлі ставы, і вельд быў пакрыты хіба што леташняй травой. Тыдзень за тыднем нам даводзілася пампаваць ваду са свідравінаў. Але потым пачаліся дажджы, і некаторы час справы ішлі нядрэнна.

Час ад часу я бачыў Вэбера. З таго, што я пра яго чуў, я разумеў, што працуе ён шмат. Але вядома, што “чырвоныя каркі” не здольныя жыць з фермерства, калі толькі ім кожны месяц не высылаюць з Англіі грошы. А Вэбер, як мы даведаліся, амаль усе грошы патраціў на тое, каб набыць ферму. Ён заўсёды чытаў гэтыя свае зялёныя кнігі, каб зразумець, што рабіць далей. Якое шчасце, што яны напісаныя па-ангельску, а таму буры не могуць іх чытаць! Іначай штогод разаралася б нашмат больш фермераў. Калі яго быдла захворвала на каўдрыёз [19], ці авечкі — на катаральную ліхаманку [20], ці ў кукурузе заводзіўся азімы чарвяк або вусень “бурыльнага малатка” [21], Вэбер тут жа лез у свае кнігі. Калі б яго авечак скралі кафры, думаю, ён таксама палез бы ў кнігі.

Тым не менш, Кос Стэйн дапамагаў Вэберу і вучыў яго многім рэчам, а таму справы ў ангельца ішлі ўсё ж не так кепска, як маглі б, калі б ён дзейнічаў у поўнай адпаведнасці з напісанай у зялёных кнігах дурасцю. Вэбер вельмі пасябраваў з Косам Стэйнам. За некалькі тыдняў да прыезду Вэбера жонка Коса Стэйна акурат нарадзіла дзіця. Гэта было іх першае дзіця пасля сямігадовага шлюбу, і яны вельмі ганарыліся немаўляткам. У іх была дзяўчынка. Кос казаў, што яму, канечне, хацелася б хлопчыка, але ў любым разе дзяўчынка лепш, чым увогуле ніхто. Вэбер ад пачатку вельмі палюбіў дзяўчынку, названую ў гонар маці Джэмімай. Калі я праходзіў міма дома Коса Стэйна, я часта бачыў ангельца, што сядзеў на верандзе з дзіцем на каленях.

У той жа час многіх суседзяў раздражняла сяброўства Коса Стэйна з “чырвоным каркам”. Яны называлі яго паражэнцам і здраднікам радзімы. Ён зблізіўся з чалавекам, які судзейнічаў падзенню афрыканерскай нацыі. Але называць Коса Стэйна паражэнцам было несправядліва. Калі пачалася вайна, Кос жыў у акрузе Граф-Рэйнет [22], а таму ён быў капскім бурам і не мусіў ісці на вайну [23]. Тым не менш ён далучыўся да фрыстэйцкага каманда і ваяваў ажно да самага заключэння міру. Калі б ангельцы ўзялі яго ў палон, то маглі б расстраляць як паўстанца — як расстралялі Схеперса [24] і многіх іншых.

Аднойчы, калі мы сабраліся на пошце ў Вілема Одэндала, пра гэта загаварыў Герардус Гробелар:

— Ты робіш няправільна, — сказаў ён. — Буры і ангельцы — ворагі яшчэ з часоў Слагтэрснэкскага паўстання [25]. Гэтую вайну мы прайгралі, але аднойчы мы ўсё адно іх пераможам. Гэты абавязак мы перадамо дзецям нашых дзяцей — змагацца супраць “чырвоных каркаў”. Успомні хаця б канцэнтрацыйныя лагеры.

Мне падалося, што ў словах Герардуса было шмат праўды.

— Але цяпер ангельцы побач з намі, і нам трэба неяк з імі жыць, — адказаў Кос. — Можа, калі мы зразумеем адно аднаго, нам больш не давядзецца ваяваць. Гэты Вэбер, ён ужо добра гаворыць на афрыкаанс і калі-небудзь ён можа зрабіцца адным з нас. Адзінае, чаго я не магу зразумець, — гэта навошта ён кожнага ранку прымае ванну. Але калі ён перастане гэта рабіць і не будзе больш чысціць зубы, то вы наўрад ці адрозніце яго ад бура.

Хаця ён і паспрабаваў аджартавацца, мне падумалася, што ў словах Коса таксама шмат праўды.

Тады, праз год пасля засухі, акурат успыхнула эпідэмія сібірскай язвы. Здавалася, што хвароба хаваецца ў траве вельда, у вадзе ставоў і нават у паветры, якім дыхала свойская жывёла. Паўсюль мы знаходзілі трупы кароў і авечак. Мы ўсе хадзілі прыгнечаныя. Амаль усе мы, жыхары гэтай часткі Марыка, пачалі ўсё з нуля дзякуючы дапамозе ўраду. Цяпер, пасля мору скаціны, у нас не засталося нічога. Спачатку засуха вярнула нас да таго стану, у якім мы былі, калі толькі прыйшлі сюды. Цяпер праз сібірскую язву мы страцілі нават надзею. Мы не маглі пасеяць кукурузу, бо пасля паморку ў нас не было валоў, каб узараць зямлю. Людзі пагаворвалі пра тое, што самы час прадаваць маёмасць і ісці шукаць працы на залатых рудніках. Мы даслалі ўраду петыцыю, але карысці з гэтага не было.

І вось тады хтосьці прапанаваў перасяліцца ў іншае месца. Некалькі дзён мы ні пра што іншае не гаварылі. Пытанне ў тым, куды перасяляцца. У Радэзію [26] нас не пусцяць, баючыся, што мы прынясем з сабой сібірскую язву. Ісці ў іншую частку Трансвааля таксама не мела сэнсу. Хтосьці згадаў пра нямецкія раёны Заходняй Афрыкі. Ніхто з нас не быў там раней, і менавіта таму, думаю, мы ўрэшце вырашылі адправіцца туды.

— Англія прынесла ў Паўднёвую Афрыку толькі спусташэнне, — сказаў Герардус Гробелар. — Застацца тут — значыць памерці. Трэба ісці туды, дзе няма ангельскага сцяга.

Мы падрыхтаваліся за некалькі тыдняў. Планавалася перасячы Калахары і дайсці да нямецкіх тэрыторыяў. Мы сабралі ўсё, што ў нас было. Наперадзе гналі скаціну, за ёй ехалі павозкі. Усяго ішло пяць сем’яў: Стэйны, Гробелары, Одэндалы, Ферэйры і я. Вэбер таксама пайшоў. Думаю, не таму, што баяўся застацца адзін, а хутчэй таму, што яны з Косам Стэйнам вельмі прывязаліся адзін да аднаго, і ангелец не захацеў пакідаць яго сям’ю.

Самай маленькай сярод нас была дачка Коса Джэміма — ёй споўнілася тады ўсяго васямнаццаць месяцаў. Дзіцятка было нашай агульнай улюбёнкай.

Вэбер прадаў сваю павозку і ішоў разам з сям’ёй Стэйнаў.

Калі да канца першага дня мы на многія мілі прасунуліся ў глыб пратэктарата Бечуаналэнд, мы былі вельмі радыя, што пакінулі Трансвааль, дзе нам так не шанцавала. Пратэктарат быў, безумоўна, таксама брытанскай тэрыторыяй, але тут мы ўсё адно адчувалі сябе лепш, чым на сваёй зямлі. Цяпер мы бачылі Вэбера кожны дзень, і нягледзячы на тое, што ён заставаўся чужаком, іншаземцам, і застанецца ім да самай смерці, нашая варожасць да яго, “чырвонага карка”, зменшылася.

У першую нядзелю мы дайшлі да Малапалоле [27]. Гэты рэгіён моцна нагадваў бушвельд — тут расло тое самае калючае кустоўе, што і ў Марыка. Але чым больш мы паглыбляліся ў Калахары, тым радзей яно сустракалася. Пяску было ўсё больш і больш, а калі мы дайшлі да Малапалоле, навокал ужо ляжала пустэльня. Хаця асобныя хмызы ўсё яшчэ сустракаліся. Нядзелю мы прысвяцілі багаслужбе. Герардус Гробелар прачытаў урывак з Бібліі і ўзнёс малітву. Мы праспявалі некалькі псалмоў, пасля чаго Герардус зноў памаліўся. Я назаўсёды запомніў гэтую нядзелю і тое, як мы сядзелі на зямлі ля адной з павозак, слухаючы Герардуса. Гэта была апошняя нядзеля, якую мы правялі разам.

Ангелец сядзеў побач з Косам Стэйнам, і ля яго ляжала маленькая Джэміма. Яна гуляла з пальцамі Вэбера і спрабавала іх укусіць. Было смешна назіраць за ёй. Час ад часу Вэбер глядзеў на яе і ўсміхаўся. Яшчэ тады я падумаў: хай сабе Вэбер і не адзін з нас — але Джэміма пра гэта пакуль не ведае. Можа, у такіх рэчах дзеці мудрэйшыя ад нас. Для яе не мае ніякага значэння тое, што чалавек, чые пальцы яна цяпер кусае, нарадзіўся ў іншай краіне і не ведае мовы, на якой тут гавораць.

Я шмат чаго помню пра тое падарожжа ў Калахары. Але здзіўляе мяне толькі адно: як так сталася, што з самага першага дня мы абралі сваім кіраўніком Герардуса Гробелара. Здавалася, мы рабілі ўсё, што ён скажа, нават асабліва не абмяркоўваючы гэта. Мы нібыта думалі: калі так хоча Герардус, значыць, так яно і трэба. Не проста таму, што мы ведалі: Бог з Герардусам (а гэта мы ведалі), — а таму, што мы верылі ў Герардуса гэтак жа, як верылі ў Бога. Але калі б нават Герардус быў бязбожнікам, мы ўсё адно пайшлі б за ім — так, як пайшлі тады. Бо калі ты ў пустэльні, калі няма вады, а дарога яшчэ вельмі далёкая, ты разумееш, што ісці побач з моцным чалавекам, які не чытае Бібліі, нашмат лепш, чым ісці з добрым вернікам, які не вельмі ўяўляе, колькі гадзінаў яшчэ крочыць і дзе спыніцца на начлег.

Але Герардус быў Божым чалавекам [28]. І ў той жа час у ім было нешта такое, што ўпэўнівала цябе: трэба дзейнічаць згодна з яго парадай, і тады ўсё будзе добра. Да гэтага я ведаў толькі аднаго чалавека, які лёгка ўмеў прымусіць людзей рабіць так, як ён хоча. Гэта быў Пол Кругер. Ён вельмі падобны на Герардуса Гробелара, толькі што Герардус не такі сварлівы. Хаця з іх дваіх Пол Кругер быў больш велічным чалавекам.

Помню толькі адзін даўні выпадак, калі Герардус выйшаў з сябе. Гэта адбылося падчас прычасця [29] у Эландсбергу. Была нядзеля, і мы стаялі лагерам ля Кракадзілавай ракі. Герардус зранку прайшоўся па сем’ях і сказаў усім сабрацца ля яго павозкі. У той час Бог быў літасцівы да нас — ішлі дажджы, і нашая скаціна тлусцела. А таму, сказаў, Герардус, ён хоча правесці богаслужэнне і падзякаваць Богу за ўсю Яго літасць і ў прыватнасці за літасць да фермераў з паўночнай часткі Грот-Марыка. Ідэя была добрая, і мы ўсе сабраліся і прынеслі свае Бібліі і зборнікі гімнаў. Але адзін з нас, Карэл Пітэрсэ, застаўся ля свае павозкі. Герардус двойчы заходзіў да яго, але Карэл Пітэрсэ ляжаў на траве і не збіраўся падымацца і ісці на службу. Ён сказаў: гэта, канечне, добра, што цяпер ідуць дажджы, дзякуй Богу і ўсё такое, але як наконт тых сезонаў, калі доўжылася засуха і быдла павымірала ад смагі? Герардус Гробелар сумна пахітаў галавой і сказаў, што сёння, у нядзелю, нічога з гэтым не паробіш. Але ён будзе маліцца за тое, каб Госпад змякчыў сэрца брата Пітэрсэ, — і пры канцы малітвы сказаў, што заўтра ранкам ён сваімі рукамі дапаможа Госпаду змякчыць сэрца аблуднага брата.

Наступнага ранку Герардус узяў шэмбак [30] і скураную вяроўку і скіраваўся да вогнішча Карэла Пітэрсэ, які назіраў за кафрам, што рабіў каву. І Карэл, і Герардус былі мажнымі мужчынамі, але біўся Герардус лепей. А таму перамога была за ім. Ён прывязаў скураной вяроўкай Карэла Пітэрсэ да кола яго ўласнай павозкі і адлупцаваў шэмбакам проста на вачах яго жонкі і дзяцей.

Адбылося гэта даўно, шмат гадоў таму. Але ўсе пра гэта помнілі. І таму цяпер, у Калахары, калі Герардус клікаў на службу, прыходзілі ўсе.

Адразу за Малапалоле цёк брудны ручай, які паўгоду быў перасохлы, а паўгоду — на фут ці каля таго поўны саланаватай вадой. Нам пашчасціла — акурат тады вада была. З самага ранку мы напоўнілі бочкі, якія ўзялі з сабой, пакідаючы Марыка. Цяпер наша дарога вяла проста ў пустэльню, і мы не ведалі, калі зноў надарыцца магчымасць запасціся вадой. Нават кафры з племені баквена не маглі нам гэтага сказаць.

— Вялікі дорстландскі трэк [31]! — усклікнуў Кос Стэйн, калі мы былі гатовыя рушыць. — У любым разе, мы ў лепшым становішчы, чым трэкеры Дорстланда. Мы страцілі менш скаціны, бо ў нас было менш чаго страчваць. Нас тут усяго пяць сем’яў, а таму ад смагі можа памерці не больш як тузін чалавек.

Мне здаецца, што гэтыя жарты Коса Стэйна пра дорстландскі трэк і прынеслі няўдачу; думаю, іншыя адчулі тое самае, што і я. Мы рушылі акурат у той дзень, і наўкол была толькі пустэльня. Да заходу сонца мы так нідзе і не знайшлі ані следу вады. Бліжэй да вечара Абрахам Ферэйра прапанаваў вярнуцца ў Малапалоле і паспрабаваць знайсці найлепшую дарогу праз Калахары. Але астатнія запярэчылі, маўляў, няма ніякай патрэбы мяняць курс, бо назаўтра мы абавязкова дойдзем да вады. Да таго ж, мы былі вяскоўцамі, і таму, дабраўшыся да гэтага месца, не збіраліся паварочваць назад. Аднак пасля таго як мы напаілі скаціну, у бочках засталося зусім няшмат вады.

Да сярэдзіны наступнага дня ўся нашая вада скончылася, за выключэннем той дробязі, што мы пакінулі для дзяцей. Але мы ўсё яшчэ спяшаліся наперад. Цяпер, калі мы зайшлі так далёка, было страшна вяртацца, бо каб трапіць у Малапалоле, давядзецца шмат прайсці без вады. Вечарам трывога ўзмацнілася. Мы ўкленчылі на пяску і пачалі маліцца. Калі Герардус Гробелар прасіў у Бога злітавацца над намі, асабліва над малечай, яго голас гучаў вельмі моцна і сур’ёзна. Маленькую Джэміму ён згадаў па імені. Ангелец укленчыў побач са мной, і я заўважыў, што калі Герардус згадаў дачку Коса Стэйна, яго скаланула.

Узышоў месяц. Наўкола была адна пустэльня. Нашыя павозкі здаваліся зусім маленькімі і самотнымі, і штосьці ў іх выглядала вельмі жалобна. Жанчыны і дзеці абнялі адно аднаго і доўга плакалі. Нашыя кафры крыху адсунуліся і глядзелі на нас. Мая жонка Сані ўзяла мяне за рукі, і я падумаў пра канцэнтрацыйны лагер. Бедная жанчына, яна столькі адпакутавала. Я ведаў, што яна думае пра тое ж, што і я: можа, яно і лепей, што нашыя дзеці памерлі тады, а не цяпер.

Мы прасунуліся так далёка ў пустэльню, што казалі адно аднаму: канец дарогі ўжо блізкі. І хаця мы ведалі, што да нямецкага захаду яшчэ ісці і ісці і што адлегласць, якую мы адолелі, — гэта ўсяго толькі пачатак Калахары, мы спрабавалі хлусіць, нібыта вада ўжо зусім побач. Але, безумоўна, падманвалі толькі саміх сябе. Кожны ў глыбіні душы адчуваў, што гэта не больш чым хлусня. А пазней мы нават перасталі маніць адно аднаму пра тое, як нам пашанцавала, што мы засталіся ў жывых. Каб патлумачыць, наколькі ўсё было кепска, варта згадаць, што мы больш не спрабавалі ўтоіць складанасць нашага становішча ад жанчын і дзяцей. Яны плакалі, прынамсі, некаторыя з іх. Але тады не было ніякай розніцы. Ніхто не спрабаваў суцешыць тых, хто плача. Мы ведалі, што слёзы не маюць сэнсу, але ў той жа час разумелі, што плач жанчын мае не менш сэнсу, чым мужнасць мужчын. Праз некаторы час плач у нашым лагеры сціх. Жанчыны, што перажылі гэтыя жахлівыя дні і жывымі вярнуліся ў Трансвааль, больш ніколі не маглі плакаць. Іх загартавала тое, што яны бачылі. У гэтым яны зрабіліся такімі ж, як мужчыны. Мне здаецца, горш ад гэтага ў свеце няма нічога, — калі жанчыны праходзяць праз такія страшныя пакуты, што робяцца амаль як мужчыны.

Той ноччу мы амаль не спалі. Наступнага дня мужчыны з самага ранку пайшлі шукаць ваду. Праз гадзіну пасля ўзыходу сонца вярнуўся Ферэйра і сказаў, што за некалькі міляў адсюль ён знайшоў бруднаватую лужыну. Мы ўсе пайшлі туды і адчулі сябе нашмат лепш. Толькі калі мы сабраліся весці да знойдзенай лужыны скаціну, мы заўважылі, што мінулай ноччу кафры збеглі. Яны вышмыгнулі, калі мы пайшлі спаць. Самыя слабыя валы не змаглі падняцца, каб ісці на вадапой. І мы іх пакінулі. Некаторыя валы былі затаптаныя да смерці ці захраслі ў гразі і задыхнуліся, і нам давялося іх выцягваць, каб астатнія маглі напіцца. Усё гэта было жахліва.

Перад самым нашым адпраўленнем памерла адна з дачок Ферэйры. Мы выкапалі ў пяску яміну і пахавалі яе. І вырашылі вяртацца.

Пасля смерці дачкі Абрахам Ферэйра падышоў да Герардуса і сказаў: калі б мы паслухаліся яго парады і павярнулі назад раней, яна засталася б жывой.

— Цяпер твая дачка памерла, Абрахам, — сказаў Герардус. — І гаварыць пра гэта не мае сэнсу. Усе мы калі-небудзь памрэм. Раней я адмаўляўся вяртацца. Але вырашыў вяртацца цяпер.

Абрахам Ферэйра паглядзеў Герардусу ў вочы і засмяяўся. Я ніколі не забуду, як гучаў у пустэльні яго смех. Голас Абрахама хрыпеў, як пясок і як смага. У яго голасе булькатаў увесь боль, які прынесла яму пустэльня; яго твар зморшчыўся, а вусны пачарнелі. Але нічога ў яго абліччы не сведчыла пра гора, якое прынесла яму смерць дачкі.

— Дзядзька Герардус, а твая дачка яшчэ жывая, — сказаў Абрахам Ферэйра, паказваючы на павозку, у якой ляжала аслабелая жонка Герардуса і дзіця, якое яна нарадзіла зусім нядаўна. — Так, жывая... усё яшчэ жывая”.

Усё яшчэ смеючыся, Ферэйра адвярнуўся і пайшоў прэч, і крыху пазней мы пачулі, як ён хрыпла расказваў жонцы пра свой жарт.

Герардус Гробелар глядзеў на людзей, што моўчкі выбіраліся ў зваротны шлях. Мы прайшлі з ім праз столькі ўсяго, і нашая вера ў яго толькі ўзмацнялася. Але цяпер, калі ён вырашыў вярнуцца, мы гэтую веру страцілі. Так, страцілі, зусім нечакана. Мы ведалі, што нам лепш за ўсё вярнуцца і што ісці далей — значыць памерці ў пясках Калахары. Але калі б Герардус сказаў нам ісці далей наперад, мы пайшлі б. Мы пайшлі б за ім да самага канца. Цяпер жа, калі ён сказаў нам вяртацца, мы больш не верылі ў Герардуса, бо яго перамагла пустэльня. Вось чаму я казаў, што Пол Кругер быў больш велічным чалавекам, чым Герардус. Бо такімі, як Пол Кругер, мы захапляемся нават тады, калі яны вырашаюць адступіцца ад свайго. Калі б гэта Пол Кругер сказаў нам паварочваць назад, мы пайшлі б з цвёрдымі сэрцамі. І нашая любоў да яго, нашага кіраўніка, засталася б нязменнай, нават калі б мы ведалі, што ён прайграў. Але калі Герардус Гробелар сказаў, што трэба вяртацца, мы зразумелі, што ён больш не кіраўнік. І Герардус таксама гэта зразумеў.

Мы ведалі, колькі аддзяляе нас ад Малапалоле, і таму калі мы разварочвалі свае павозкі, на сэрцах нашых ляжаў цень сумневаў. Скаціна моцна аслабла, і нам давялося ўпрэгчы ўсіх жывёлаў, што яшчэ маглі ісці. Нам не хапала хамутоў, а таму мы ссякалі рэдкія хмызнякі і прыладжвалі да дышля. Не было таксама скеяў, а таму мы прывязвалі хамуты рамянямі проста да шыяў, і многія быкі задыхнуліся [32].

Тады мы заўважылі, што Кос Стэйн звар’яцеў. Ён адмовіўся вяртацца. Запрог валоў і быў гатовы рушыць наперад. Яго жонка ціха сядзела ў павозцы з дзіцем — яна пойдзе туды, куды пойдзе яе муж. Безумоўна, так яно і мусіць быць. Некаторыя жанчыны пацалавалі яе на развітанне і заплакалі. Але жонка Коса Стэйна не плакала. Мы пачалі ўгаворваць Коса ехаць з намі, але ён сказаў, што ўжо прыняў рашэнне перасячы Калахары і што не збіраецца вяртацца праз нейкае глупства.

— Але паслухай, — сказаў яму Герардус Гробелар, — у цябе ж няма вады.

— Значыць, буду піць каву, — як заўсёды смеючыся, адказаў Кос Стэйн, узяў пугу і разам з павозкай пайшоў прэч. Разам з ім пайшоў толькі Вэбер — я так думаю, таму, што той добра да яго ставіўся. Вось чаму я сказаў у пачатку, што ангельцы — вялікія дзівакі. Вэбер мусіў ведаць, што нават калі Кос Стэйн не з’ехаў з глузду, яго ўчынак усё адно вар’яцкі, — і тым не менш пайшоў разам з ім.

Мы раздзяліліся. Нашыя павозкі марудна пакаціліся ў бок Малапалоле. Павозка Коса Стэйна — усё глыбей у пустэльню. Мая павозка была апошняй. Я азірнуўся на Стэйнаў. У гэты ж момант ангелец таксама павярнуўся. Ён убачыў мяне і памахаў рукой. Гэта нагадала мне той дзень англа-бурскай вайны, калі зусім іншы ангелец, чыйго спадарожніка мы падстрэлілі, таксама павярнуўся і памахаў рукой.

Мы вярнуліся ўрэшце ў Малапалоле — з дзвюма павозкамі і жменькай скаціны. Іншыя павозкі мы пакінулі ў пустэльні. Мы перажылі шмат страшных рэчаў. Многія дзеці памерлі. Калі аднойчы павозка Герардуса Гробелара стаяла побач з маёй, я ўбачыў непадалёк ад яе нейкі скрутак. Я зразумеў, што гэта такое. Сам Герардус не паклапаціўся пра тое, каб пахаваць сваё мёртвае дзіця, а яго жонка ляжала без сіл і не магла нават варухнуцца. Я адышоў ад павозкі і насыпаў над цельцам горку пяску. Усё, што я помню пра рэшту дарогі ў Малапалоле — гэта сонца і пясок. І смага. У адзін момант мы падумалі, што заблукалі, але гэта ўжо не мела ніякага значэння. Мы нічога не адчувалі. Мы не маглі ні маліцца, ані блюзнерыць, бо нашыя высахлыя языкі прыліплі да паднябенняў.

Я да гэтага часу не ўпэўнены, колькі дзён мы ішлі назад. Часам я сядаю і спрабую падлічыць дні, але пасля мне здаецца, што я дзесьці памыліўся. Мы дайшлі да Малапалоле і да вады. Мы казалі, што больш ніколі не выйдзем адтуль у пустэльню. Не думаю, што тыя з нас, хто страціў на той дарозе дзяцей, тужылі па іх тады. Яны былі агаломшаныя тым, што перажылі. Але я ведаў, што яны хутка вернуцца да рэчаіснасці. Яны ўспомняць неглыбокія магілы ў пяску, і Герардус Гробелар са сваёй жонкай успомняць маленькі скрутак, пакінуты ў Калахары. І ведаю, што яны тады адчуюць.

Потым мы ўзялі павозку са свежымі валамі, загрузілі туды вялікі запас вады і вярнуліся ў пустэльню, каб адшукаць сям’ю Стэйнаў. З дапамогай кафраў з племені сечуана, якія ўмелі адшукаць нябачныя для нас сляды, мы знайшлі павозку Коса. Валы былі выпражаныя, трупы некаторых з іх ляжалі ля павозкі. Кафры паказалі нам адбіткі падэшваў на пяску, і мы даведаліся, у якім кірунку пайшлі двое мужчынаў і жанчына.

Урэшце мы знайшлі іх саміх.

Кос Стэйн ляжаў на пяску побач з жонкай — галава жанчыны на мужавым плячы, яе валасы распусціліся і мякка развяваліся на ветры. Непадалёк тварам уніз ляжаў ангелец. Знайсці маленькую Джэміму мы так і не змаглі. Мабыць, яна памерла дзесьці па дарозе, і Кос Стэйн пахаваў яе. Але мы пагадзіліся ў тым, што ангелец Вэбер перажыў жахлівыя рэчы: ён не мог нават усвядоміць, што Стэйны зрабілі з дзіцем. Верагодна, да апошняга моманту жыцця яму здавалася, што ён нясе дзяўчынку на руках. Бо калі мы перавярнулі яго цела, то заўважылі, што яго занямелыя мёртвыя пальцы сціскаюць старыя анучы і дзіцячую вопратку.

Здавалася, вецер, якія заўсёды дзьме ў Калахары, быў тым ранкам надзвычай ціхім і лагодным.

Так, ён дзьмуў вельмі-вельмі пяшчотна.



 

[1] “Чырвоны карак” (ад афр. “rooinek”) — пагардлівая мянушка, якой буры называлі ангельскамоўных жыхароў Паўднёвай Афрыкі, часцей за ўсё ангельскага паходжання. Шыі салдатаў брытанскага войска моцна згаралі, бо каскі кепска абаранялі іх ад сонца.

[2] Дэвертсдорп — маленькі гарадок у правінцыі Фры-Стэйт (гл. каментар ніжэй). З 1890 году атрымаў самакіраванне і быў пераназваны ў Дэвет.

[3] Санас-Пост — адзін з баёў Другой англа-бурскай вайны (1899—1902). 31 сакавіка 1900 году ангельскі кавалерыйскі атрад з палкоўнікам Бродвудам на чале быў атакаваны бурамі пад кіраўніцтвам Крысціяна Рудальфа Дэ Вета. Бродвуд змог вырвацца з засады, але страты ангельцаў былі вельмі вялікія.

[4] Дум-дум — куля з няпоўным ці падпілаваным стрыжнем ці абалонкай, якія лёгка разрываюцца і моцна дэфармуюць цела. Кулі дум-дум былі забароненыя для выкарыстання падчас вайны ІІІ Дэкларацыяй Гаагскай канферэнцыі 1899 г., аднак падчас Другой англа-бурскай вайны абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў выкарыстанні такіх куляў.

[5] Вельдскуны (veldskoens) — моцны скураны ці замшавы абутак (афр.).

[6] Вельдкарнэт (veldkornet) — ваенны афіцэрскі чын у паўднёваафрыканскай арміі, адпавядае лейтэнанту (афр.).

[7] Першая англа-бурская вайна, ці Трансваальская вайна (1880—1881) — каланіяльная вайна Вялікабрытаніі супраць Трансвааля, выкліканая не ў апошнюю чаргу анексаваннем ангельцамі алмазных пакладаў, што знаходзіліся на тэрыторыі бурскай Аранжавай свабоднай дзяржавы, у 1871 г. і Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі ў 1877 г.

[8] Вааль — рака ў Паўднёвай Афрыцы, найбуйнейшы прыток Аранжавай.

[9] Каманда — апалчэнскі атрад бураў у часы Другой англа-бурскай вайны.

[10] Свабодная дзяржава (афр. Vrystaat, анг. Free State) — паўднёваафрыканская правінцыя са сталіцай у Блумфантэйне. Яе тэрыторыя цалкам супадала з тэрыторыяй ранейшай Аранжавай свабоднай дзяржавы.

[11] Калонія Аранжавай Ракі — новая назва Аранжавай свабоднай дзяржавы, акупаванай у 1900 і анексаванай у 1902 годзе. Перастала існаваць у 1910 годзе, калі была далучаная да Паўднёва-Афрыканскага саюзу як правінцыя Аранжавая свабодная дзяржава.

[12] Бушвельд — рэгіён на спякотным і сухім паўночным усходзе Паўднёвай Афрыкі і суседніх краін.

[13] Капскі паўвостраў — паўвостраў у паўднёва-заходняй частцы Афрыкі на тэрыторыі ПАР, на паўднёвым канцы якога знаходзіцца Мыс Добрай Надзеі, а на поўначы — сталіца ПАР Кейптаўн (Капстад). Паўвостраў быў каланізаваны галандскімі пасяленцамі ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, аднак у 1806 годзе калонію захапіла Вялікабрытанія. Адпаведна, на час Другой англа-бурскай вайны буры Капскага паўвострава былі сталымі жыхарамі брытанскіх тэрыторыяў, а таму не былі павінныя абараняць незалежнасць бурскіх земляў. Тыя з іх, хто далучаўся да бурскай арміі, лічыліся паўстанцамі.

[14] Бечуаналэнд — пратэктарат Вялікабрытаніі ў Паўднёвай Афрыцы, які існаваў з 30 сакавіка 1885 па 30 верасня 1966, са сталіцай у Мафекінгу. У 1895 годзе пратэктарат быў далучаны да Капскай калоніі. Першапачаткова на гэтых землях жылі народы бечуана, ці тсвана.

[15] Kêrels — хлопцы (афр.).

[16] Кафры — назва, якая давалася цемнаскурым жыхарам Паўднёвай Афрыкі, паганцам.

[17] Алфрэд Мілнэр, першы віконт Мілнэр (1854—1925) — брытанскі дзяржаўны дзеяч і каланіяльны адміністратар. З лютага 1901 кіраваў дзвюма бурскімі дзяржавамі, Трансваалем і Аранжавай свабоднай дзяржавай, анексаванымі Вялікабрытаніяй, на тэрыторыі які была пабудаваная вялікая колькасць канцэнтрацыйных лагераў.

[18] Стэфанус Ёханэс Паўлус Кругер, больш вядомы як Пол Кругер ці дзядзька Пол (1825—1904) — прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (Трансвааля). Здабыў сусветную вядомасць як твар бурскага супраціву падчас Другой англа-бурскай вайны.

[19] Каўдрыёз (ці рыкетсіёзны гідраперыкардыт) — інфекцыйная вадзянка сэрца, хвароба жвачных і ўсяедных жывёлаў, якая працякае вельмі востра. Суправаджаецца ліхаманкай і паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы.

[20] Катаральная ліхаманка авечак (ці “сіні язык”) — інфекцыйная хвароба, сімптомы якой — ліхаманка, запальна-некратычныя паражэнні стрававода, языка і дэгенератыўныя змяненні шкілетных цягліцаў.

[21] “Бурыльны малаток” (Papaipema nebris) — матылёк сямейства начніцаў. Вусень паразітуе на збожжавых і іншых сельскагаспадарчых культурах, асабліва з тоўстым сцяблом.

[22] Граф-Рэйнэт — горад на ўсходзе Капскай правінцыі.

[23] Гл. каментар 13.

[24] Гідэён Схеперс (1878—1902) — бур, герой Другой англа-бурскай вайны, які пайшоў у войска ва ўзросце 16 гадоў і служыў пад кіраўніцтвам генерала Крысціяна Дэ Вета. У 22 гады даслужыўся да звання камандзіра атрада (каманданта) і кіраваў каманда, дзе было 150 бураў Капскай калоніі. 10 кастрычніка 1901 году захварэў і трапіў у ангельскі палон. Суд прысудзіў яго да страты, і ў 1902 годзе Схеперс быў расстраляны ва ўзросце 23 гадоў. Брытанцы лічылі яго злачынцам, буры — героем і пакутнікам.

[25] Слагтэрснэкскае паўстанне — лакальнае паўстанне бураў Капскай калоніі ў 1815 годзе. Справакаванае смерцю фермера Карнэліса Фрэдэрыка Бэзэйдэнхоўта ў выніку бойкі з салдатамі-гатэнтотамі. Задушанае 9 сакавіка 1816 году. Было арганізаванае настолькі кепска, што лічыцца не больш як выпадковым эпізодам у барацьбе бураў за незалежнасць.

[26] Радэзія — брытанскія калоніі ў Паўднёвай Афрыцы (цяпер Замбія і Зімбабвэ).

[27] Малапалоле — самы вялікі горад у Батсване.

[28] Божы чалавек — біблейскае вызначэнне святых альбо вельмі шанаваных рэлігійных дзеячаў.

[29] Прычасце (тут: Nagmaal — даслоўна “начная ежа”) у бураў з аддаленых раёнаў адбывалася наступным чынам. Раз на некалькі месяцаў яны вялікімі групамі выпраўляліся ў горад, ля якога ставілі свае павозкі, дзе і начавалі, калі не маглі знайсці таннага начлегу ў горадзе. Там жа сем’і збіраліся разам і елі.

[30] Шэмбак — цяжкая пуга са скуры насарога ці гіпапатама, якая ў Паўднёвай Афрыцы выкарыстоўваецца для скаціны і часам як прылада пакарання.

[31] Вялікі Трэк — перасяленне нашчадкаў галандскіх пасяленцаў у цэнтральныя раёны Паўднёвай Афрыкі, якое прывяло да стварэння Аранжавай свабоднай Рэспублікі і Трансвааля. Прычына перасялення — захоп ангельцамі Капскага паўвострава і наступныя канфлікты. Пачалося перасяленне ў 1835 годзе, і да 1845 году ў ім узяло ўдзел больш за 15 тыс. чалавек. Па аналогіі з ім Вялікім у апавяданні называецца Дорстландскі трэк, калі ў 1880-х гадах пэўная колькасць бураў Трансвааля (названых пазней дорстландскімі — ад dorst, “смага” — трэкерамі) выправілася на поўнач Намібіі. Яны хацелі знайсці новую зямлю для жыцця і назваць яе Апінгтонія (ад “Апінгтан” — горад на поўначы Капскага паўвострава). Падарожнікі купілі землі для жыцця ў мясцовых плямёнаў, аднак потым тубыльцы з розных прычынаў вырашылі забраць землі назад і забілі амаль усіх бураў, а тыя, хто ўратаваўся, збег у Анголу.

[32] Збруя для валоў, запрэжаных у павозкі, выглядала наступным чынам. Да павозкі прымацоўваўся дышаль, да якога на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго прывязваліся хамуты (па колькасці валоў, што мусілі цягнуць павозку). З абодвух бакоў ад галавы жывёлы (хамуты былі тоўстыя і прамыя і прымацоўваліся да дышля пасярэдзіне) былі драўляныя палачкі з зарубкамі, якія называліся скеямі — яны прасоўваліся ў дзіркі ў хамуце на пэўнай адлегласці ад шыі вала. Такім чынам хамут клаўся ўпоперак шыі, а скеі мацаваліся перпендыкулярна хамуту. Вяроўка з сырамятнай скуры прывязвалася да аднаго са скеяў, абкручвалася пад шыяй і чаплялася за другі скей так, каб хамут не мог саслізнуць (паводле “Тысяча дзвесце міляў у павозцы” Эліс Бланш Бальфур).


Пераклад зроблены паводле выдання: Herman Charles Bosman. Mafeking Road. Brookling, Archipelago Books. 2008.


© Ганна Янкута, пераклад, каментар

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2013

Чытайце таксама

Хуга Баль

Хуга Баль

Нямецкі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў дадаізму, пачынальнік “гукавой паэзіі”

Іосіф Бродскі

Іосіф Бродскі

Расійскі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

Анджэй Тшэбіньскі

Анджэй Тшэбіньскі

Польскі паэт, драматург, літаратурны крытык і публіцыст з "пакалення калумбаў"

918