№3: Ад Хэлаўіна да Калядаў

№3: Ад Хэлаўіна да Калядаў

Вось і надышоў канец году – самы загадкавы і таямнічы час. Давайце зірнем на каляндар: усё самае цікавае пачалося яшчэ ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада – Хэлаўін, Дзень Усіх Святых. Менавіта ў гэтую ноч у свет выходзяць самыя розныя духі і пачвары – і румынскія вурдалакі (пра што сведчыць класік румынскага рамантызму Міхай Эмінэску), і здані багатага ўяўлення сёлетняга юбіляра Эдгара Алана По...

Чытаць далей

КАЛЯНДАР



ДЗЕНЬ УСІХ СВЯТЫХ

Эдгар ПоКалодзеж і ківач. Апавяданне Авальны партрэт. Апавяданне Марэла. Апавяданне Міхай ЭмінэскуВупыры. Паэма Мэры ШэліФранкенштэйн (урывак). Раман Вальтэр СкотШэры манах. Балада Роберт СаўціСталец Святога Міхаіла. Балады Леў СтахоўскіТагасветнае Апавяданне

ДЗЯДЫ

Тэадор НарбутПра суд божы, неба альбо пекла.  Адам МіцкевічДаследаванні славянскіх старажытнасцяў. Лекцыя

ДЗЕНЬ ЧОРНЫХ КАТОЎ

Святаслаў Альшэнка-ВільхаРуды кот. Апавяданне Говард Філіпс ЛаўкрафтКліч Ктулху. Апавяданне Жэрар дэ НэрвальЗялёная пачвара. Апавяданне Руноскэ АкутагаваКапы. Аповесць Герберт ЎэлсЧалавек, які ўмеў рабіць цуды. Апавяданне

НОЧ СТУДЭНТА

Ханс Хайнц ЭверсПавучыха. Апавяданне Макс БірбамЭнох Сомс. Апавяданне Мантэгю Родс ДжэймсСтудня стогнаў. Апавяданне Нататкі каноніка Альберыка. Апавяданне Вячаслаў КупрыянаўПрыцемкі пыхлівасці. Вершы Богдан ЗадураТруны з Ікеа. Вершы


СТРАХАДЗЁР

Артур Конан ДойлГісторыя лэдзі Сэнакс. Апавяданне Вусцішны пакой. Апавяданне СакіАдчыненае акно. Апавяданне Леапольда ЛугонэсНябожчык. Апавяданне Неадпрэчны. Апавяданне Густаў МайрынкЧалавек на бутлі. Апавяданне

ПАЧАТАК ЗІМЫ

Іван БунінБалада. Апавяданне Зімні сон. Апавяданне Снежны бык. Апавяданне

ЮР’ЕЎ ДЗЕНЬ

Юрый ВінічукКроў-любоў. Апавяданне Дзень анёла. Апавяданне Жоўтая хустка. Апавяданне Аксана ДрагаманаваЧырвоныя ружы. Апавяданне

ЁЛЬ

Казка пра Ёнса, які хацеў навучыцца трымцець. Казка Сёстры са шклянымі сэрцамі. Казка Стары чараўнік. Казка

КАЛЯДЫ

Чарлз ДыкенсКалядны харал. Аповесць О.ГенрыДары мудрацоў. Навэла Апошні лісток. Навэла Павел ГюлеФранц Карл Вэбэр. Апавяданне Іосіф БродскіСнег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет... Вершы Жоржы ды СэнаЧаму ў Дзеда Мароза белая барада. Апавяданне Эрнэст БрыльМалітва на час Адвенту. Верш Багдан-Ігар АнтонычІ неба падае на хаты... Вершы Сяргій ЖаданГоспэлс і спірычуэлс.  Мэры Крыстмас, Джызус Крайст! Батлейка


ЗБОР-КАЛЯДА

Пераклады пераможцаў конкурсу

ГОСЦЬ У ХАТУ

Юрый Вінічук:Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму. Інтэрв'ю Ян Максімюк, Сяргей Шупа:Мы кіруемся асабістымі сімпатыямі. Інтэрв'ю

КАЛЯДНЫ ПАЗЛ

Рэйтынг перакладных кніг-2009  Ганна ЯнкутаУзгадкі пра 2009 год. Агляд

ВЫКЛІКАЮЧЫ ДУХАЎ

Наталля ЛамекаКанцэпцыя “двайнога бачання” сусвету ў навэлістыцы Г. Майрынка Мікалай ГумілёўБалады Роберта Саўці Наталля КалядкаАд мiстычных пачвараў да пачварнай мiстыкi: вытокi i трансфармацыi гатычнай лiтаратуры Паліна МаслянковаПераклады навэлы Эрнэста Хэмінгуэя “The Old Man and the Sea”: вынік перакладчыцкага спаборніцтва Карлас Шэрман Мастацкі пераклад і нацыянальная свядомасць

КАЛЯДНЫЯ ЗОРКІ

Ян Максімюк:Праца беларускага літаратурнага перакладчыка – гэта кантраляваная шызафрэнія Сяргей Шупа:Сапраўдны пераклад – гэта пераклад прозы

Ігнацы Карповіч

Ісус (Jezus)

Пераклад з польскай Марыя Мартысевіч


Мяне завуць Ісус. Ісус Хрыстос-Рыбу-Прынёс. Я вельмі папулярны, ужо дзве тысячы год у топе. Выступаю збольшага ў Бібліі — найкруцейшым мюзікле ўсіх часоў пасля “Валасоў”.

Я ёсць бог, бог адзіны. Я ёсць брама й дарога. Я ёсць святло й збавенне. Я ёсць пастыр. Стопудова.

Я бог у Тройцы адзіны. Гэта значыць, што адзіным са мной богам ёсць таксама мой Айцец і Дух Святы. Мы як бы цэлае, але як бы і паасобку. Ідэя неблагая, хоць і замарочаная. Я з самага пачатку казаў Тату і Голубу, што людзі не прасякуць фішкі. Не, ну галовы светлыя і добра заточаныя, ясна, прасякуць, але ў цёмных і заточаных кепска перамяшаецца, ху із ху. Казаў жа я ім, не трэ спяшацца з гэтай вашай Тройцай адзінай-трыадзінай-адзірыдзідзінай, пакуль людзі не адкрыюць, што свет мае больш за тры вымярэнні і што квантавая фізіка — гэта ўсяго пачатак дарогі да спасціжэння свету. А яны сваё. Маўляў, утойваць траістасць адзінства і адзінства Тройцы — падман, а ствараць доўгатэрміновы рэлігійны праект на падмане рызыкоўна, папярэднія часы прынеслі нам шмат яскравых гэтаму прыкладаў. Маўляў, адзіная дарога збавення вядзе цераз ісціну. Ісціна, так між іншага, — гэта я.

Ясна, што я меў рацыю. Я ж па ходу ўсёведны. Не тое каб мяне вельмі цешыў той факт, што я меў рацыю. Проста кожнаму богу трэба прыстасоўвацца да ўзроўню сваіх (патэнцыйных) вернікаў і ўлічваць гістарычныя моманты. Не буду ж я прапаведаваць у каменным веку, што кожны чалавек мае права на спам і анлім. Цёркі пачаліся яшчэ пры ўкладанні дзесяці запаветаў. Як на мяне, дэкалог ад самага пачатку быў непрагрэсіўным і зацягнутым, урэшце, не ва ўсіх жа добрая памяць. А яны сваё. Што пунктаў мусіць быць дзесяць. Калі пунктаў дзесяць, то нельга патрабаваць, каб тэкст быў лагічным і пры гэтым працаваў. Па-першае, можна датрымлівацца ўсіх дзесяці запаветаў і быць кепскім чалавекам. Па-другое, запаветы надта прывязваюць мараль і права да сям’і, а сем’і — яны, як вядома, добра глядзяцца адно на фотаздымках; сям’я — гэта наагул паняцце гістарычнае, падуладнае часу, схільнае да зменаў.

Чарговы трабл — мова. Казаў жа я дзвюм трацінам сябе: слухайце, які, трасца, іўрыт, якая арамейшчына, яны ж вымруць толькі так, зірніце на прагнозы і мадэлі, пачакайма, — казаў я, — гадоў так з дзвесце. Любоў я ці хто? Вось жа і слова маё хай прамоўленае будзе на мове любові, пажадана — французскай. А яны (то бок, я) сваё.

Не, слухайце, — кажу, — ну мо хоць на інглішы? Адпадуць праблемы з памылкамі перакладу. Але я (ну у сэнсе, яны) — усё адно сваё.

Чарговы трабл — і сур’ёзны — гэта мая будова. Я ж па ходу бог і чалавек. Дзве асобныя прыроды ў адным целе — так пастанавіў Халцэдонскі сабор, я падпарадкаваўся яго рашэнню; яно дайшло да мяне прыблізна праз чатырыста гадоў па маёй смерці, на юбілей творчай дзейнасці. Ідэя падваення прыроды неблагая, увасабленне неблагое, але зноў нешта пайшло не па-мойму. Як на мяне, уваскрэсенне з мёртвых выявілася кардынальнай памылкай. Трэ было адмазацца ад гэтай кары егіпецкай. Каб людзі зрабіліся добрымі, яны мусяць зразумець, што пасля смерці іх нічога не чакае, што няма неба, няма суду. І нават калі нехта ўзнясецца на неба, гэта будзе проста бонус, узнагарода для тых, хто не чакаў нічога.

Толькі я сваё, а дзве траціны мяне — сваё. Што без неба і пекла людзі не стануць добрымі, не будзе збавення, усім будзе гамон і мядзяны тазік. І зноў усё выйшла як я казаў. Я бог, і нават калі дзве траціны мяне са мной нязгодныя, я, прынамсі, ведаю, якім будзе канец свету.

Таму я збіраюся прыйсці на зямлю і памерці. Ніякіх спекуляцыяў. Ніякіх там крыжоў, ніякіх пакутаў. Гэта ўжо не спрацавала. Укрыжаванне было фальстартам. Я абіраю катаракту, рэўматызм і старэчую нямогласць. Я збіраюся прыйсці з Нікай, валадаркай майго сэрца, збіраюся адмовіцца ад усёмагутнасці, хадзіць на шопінг і хварэць на ангіну. Я збіраюся рабіць дробныя добрыя ўчынкі. Цуды выключаюцца. Я збіраюся плаціць падаткі і мець васьмігадзінны працоўны дзень.

Я — антрапафіл. Я люблю людзей. Можа таму, што маю пачуццё гумару. Без гумару няма любові. Я прапанаваў замяніць які-небудзь з запаветаў такім: “Смейся ў дзень кожны, а ў дзень святы — паболей. Смех — брама дабра, пластыр на сэрца і вока збавення”. Не праканала.

Збавенне — гэта пункт усіх вымярэнняў, у які я маю намер прывесці чалавецтва. Пункт у матэрыі, бо апроч матэрыі ва ўсім багацці яе плоскасцяў няма нічога — гэта гранічнае вымярэнне. Я веру ў апакатастазу — збавенне для ўсіх. Без пекла, адхлання і геены вогненнай. У гэтай сваёй веры я — меншасць. Дзве траціны мяне прагнуць Страшнага Суду. Я ім кажу, маўляў, Стварэнне ёсць дабро, і таму на кожнай, нават самай нікчэмнай істоце праступае пячатка дабра. Цяжка размаўляць з большасцю, асабліва калі вы адно цэлае.

Я прызнаю, што за апошнія стагоддзі я зняверыўся ў апакатастазе і ўвогуле ў сабе самім, а менавіта — у адной траціне сябе. Пасля шоў у Чырвоным моры я апусціўся на самае змрочнае дно. Ніка расказала мне пра план Зеўса. Ён не надта мне спадабаўся. Пазней, калі Ніка пайшла сабе і я сядзеў, галаву павесіўшы ў роспачы ды скрусе, мяне і асяніла. План алімпійцаў не супярэчыць маім планам, ён мне адно на руку. Зразумейце, я ніколі не быў прыхільнікам ідэі, што бог — адзін: проста мяне перамаглі большасцю галасоў, што ўжо само па сабе парадокс. Я заўсёды лічыў, што лепей супрацоўнічаць з іншымі багамі, чым змагацца з імі. Здаецца мне, што грэцкі план дае нам усім яшчэ адзін шанец. Гэтым разам я не паўтару старых памылак: ніякага, як я ўжо казаў, уваскрэсення; пекла, неба і чысцец — нафіг. Дзесяць запаветаў — нафіг. Трэба штосьці простае. Адзін запавет. Можа быць, з варыяцыямі. Напрыклад: кожны мае права на шчасце. На смех. На памылку. На каханне. Можна зрабіць латарэю.

Гэтым разам мне пашанцуе. Я ёсць Пантакратар, альфа і амега, свет і магутнасць на векі вякоў. Я ёсць брама і царква. Ведаю, што гэта гучыць як танныя панты, але часам варта нагадваць сабе, хто ты.

У мяне ўвайшла надзея. Надзея — такая засада — гэта адзіная бядота чалавецтва, якая не пакіне і скрыні Пандоры. А насамрэч — бочкі. Гэта так, між іншага.

Я памыўся і абуўся і да Нічкі пацягнуўся. Усё ёй расказаў, заадно пазнаёміўся з Афрадытай. Яна яшчэ прыгажэйшая, чым пра яе гавораць. Ніка прызналася мне ў каханні. Мы прыйдзем разам. Адразу пасля свята Афіны і Асірыса.

Асірыс — мой кораш з даўніх часоў, мы тусілі яшчэ да ўкрыжавання. Ён быў першым богам, які ўстаў з мёртвых. Дарэчы, вельмі блізка ад Галгофы, гадзіна самалётам, на крылах анёлаў — і таго меней.

Мы прыходзім. Заслона неба расступілася апошні раз. Зараз шахнуць сафіты. Алілуя.

Я — да ювеліра, хачу зрабіць Нікусі прапанову. Патрэбны пярсцёнак; можа, узяць з брулікамі?

© Ignacy Karpowicz, 2011

Пераклад з польскай – Марыя Мартысевіч © 2011

Чытайце таксама

Рышард Капусціньскі

Рышард Капусціньскі

Польскі рэпарцёр, журналіст, празаік, паэт, фатограф, “імператар рэпартажу”

Карэл Чапэк

Карэл Чапэк

Чэшскі празаік, драматург, крытык і перакладчык

О. Генры

О. Генры

Амерыканскі пісьменнік, празаік, аўтар папулярных навэлаў, гумарэсак

Адам Міцкевіч

Адам Міцкевіч

Класік польскай літаратуры беларускага паходжання

1366