Паўлін і сава
(Paw i sowa)
 Нярэдка штось, чаго не маем самі,
 Праз тое, што кіруе зайздрасць намі, 
 Мы ў іншых хочам палічыць за ганы — 
 Тут прыклад не адзін у свеце знаны.
 "Што за пачвара!" — на Паўліна так
          Важная Сава крычала,
 "Ну навошта ён, бядак,
          Гэтак хвост узняў няўдала
 Дый хадой такі нязграбны,
 Што ні ўзяць — усім нявабны".
 "Tак, — той адказваў, — і прычына ясная.
 Праз тое брыдкі я, што ты — прыўкрасная".
 
 
 
 
Матыль і пчала
(Motyl i pszczeła)
 Між кветак пышнае паляны
 Адзін Матыль, багата ўбраны
 Парчою й сінім аксамітам,
 Пералятаў туды й сюды са спрытам.
 І вось нарэшце шлях
 Ён скіраваў на вабны пах
 Фіялкі, а ў фіялцы ўжо Пчала
 З духмянай чары
 Піла салодкія нектары.
 Пчалу штурхнуўшы крайчыкам крыла,
 Матыль крычыць: "А ну, кузурка, прэч!
 Мне трэба сесці тут! І не пярэч! 
 Ты ж, пэўна, знаеш, хто я!" — А яна
 "О так, — гаворыць, — знаю, і здаўна.
 Мяне ты ўборам не падманеш кідкім:
 Нядаўна шчэ быў вусенем ты гідкім".
 
 
 
 
Рапуха і святляк
(Ropucha i robaczek świecący)
 У глухой начной цямрэчы
 Ззяў Святляк на сцежцы роснай,
 Ды на вочы недарэчы
 Трапіўся Рапусе злоснай,
 І Рапуха без адкладу
 На яго струменем яду
 Плюе. "Чым заслужыў такой я долі?" —
 Спытаў ён, як замгліліся ўжо вочы.
 Быў яму адказ: "Даволі, 
 Што святло ліеш ты ўночы".
 
пераклад з польскай — Антон Францішак Брыль
 




