У шэрым змроку...
(אָוונט פאביקע)
 У шэрым змроку дзень растаў,
 у шэрым змроку гаснуць вочы.
 Маё юнацтва — звон актаў,
 маё юнацтва чэзне ў ночы,
 бы колас, што з зямлі паўстаў,
 каб у зямлі заснуць аднойчы.
 
 Мой курс пракладзены здаўна,
 я з карабля сачу прасторы:
 няма ні берагу, ні дна,
 і я вітанні шлю праз моры
 у далеч, дзе смугі сцяна,
 на сум па чалавеку хворы.
 
 
 
 
Ноч у Бірабіджане
(א נאכט אין ביראָבידזשאן)
 1
 
 У імгле жамчужнай мой Далёкі Ўсход
 працінае сэрца сумам навылёт.
 
 Бляск амаль балючы, ясна ў галаве,
 і ў вачах туманам белы снег плыве.
 
 Я заплюшчу вочы, каб не абамлець,
 мой Усход паўстане, белы, як мядзведзь.
 
 Будзе нюхаць неба і кранаць зямлю,
 я расплюшчу вочы і яго злаўлю.
 
 Ды няма мядзведзя ў воблаку густым,
 над маім Усходам — толькі снежны дым.
 
 Над маім Усходам толькі снег плыве. 
 Бляск амаль балючы, ясна ў галаве.
 
 
 
 
У нашым садзе...
(צו אונדז אין סאָד)
 У нашым садзе не сустрэць нікога,
 каго завабяць прывіды нуды,
 каго заманіць ціша і знямога —
 у нашым садзе зелені аблога,
 а ў зелені хаваюцца плады.
 
 Шуміць тут вецер, і жывыя сокі,
 і дрэвы, што на радасць прараслі.
 Што ні камель — то вымахаў высокі,
 і што ні крона — то ўрасла ў аблокі,
 і погляды губляюцца ў галлі. 
 
 І дзікі сад дзівосна прамяніцца,
 яго не падразалі ўжо гады.
 Тут водары смалы і навальніцы,
 і трэск кары, і кропелькі жывіцы,
 і важкія саспелыя плады.
 
 
 
 
Спявала ноч...
(עס איז די נאכט הייַנט צארט)
 Спявала ноч пяшчотнаю гітарай,
 мая самота — ночы пераліў,
 ні клопат не цвяліў,
 ні смутак не паліў —
 сінела ноч, зрабіўшыся гітарай,
 гучаў яе пяшчотны пераліў. 
 
 І ад зямных палёў да ціхіх зораў 
 дрыготка ўзносіўся за зыкам зык,
 і прамяністы ліўся красавік,
 і прагавіта вёў я гукам лік.
 Вясна квітнела ў трапятанні зораў,
 душа мая лілася ў красавік.
 
 Паветра саладзела, і вясной
 цяплом густым сагрэлася зямля.
 Зрабіўся я шчаслівым спакваля,
 прыняўшы цішыню майго жылля,
 імкнуў у даль, захоплены вясной,
 і любай мне была мая зямля.
пераклад з ідыша — Ганна Янкута
Каментар
 
 Да верша “Ноч у Бірабіджане”
 
 Бірабіджан — адміністрацыйны цэнтр Габрэйскай аўтаномнай вобласці, што ўваходзіць у склад Далёкаўсходняй федэральнай акругі Расійскай Федэрацыі. Вобласць ляжыць на мяжы з Кітаем.
 




