№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Антоні Эдвард Адынец

Невядома што, альбо Рамантычнасць

Вершы



Анакрэонтык

(Anakreontyk)


Скардзіўся Амур Венеры:
“Сумна, матачка, да зморы:
На Алімпе, на Цытэры —
Сёння тое, што і ўчора.

Ноч па дні ідзе звычайна —
Да чаго ж дзядуля нудны!
Ўсё ён робіць аднастайна,
Ўсё на нейкі лад паўсюдны.

У тваёй, матуля, волі,
Зоры, што лятуць бясконца, —
Мне б такую, дзе ніколі
Не згасае ўночы сонца”.

Сэрца матчына сцялося,
Так ён жаліўся без меры —
І ў нябёсных вочках Зосі
Сыну дом дала Венера.

Не згасае сонца ззянне
Ў іхнай цёмнай сіняй ночы,
І смяецца ў іх Каханне,
Й дому іншага не хоча.

1823



Рэха ў Альпах

(Echo w Alpach)


У альбом Генрыеты А., якая пераклала
асобныя вершы аўтара на італьянскую



Горны пастух у зацішнай даліне
          Часам на флейце зайграе —
Песня з вятрамі над Альпамі плыне,
Й рэха нягучнае ў той жа хвіліне
          Мкнецца з далёкага краю.

Ў рэху ж напеў, хоць нібыта знаёмы,
          Ласкай такой ажывае,
Быццам анёл да нябёснага дому
Ў высях ляціць паўз альпійскія стромы
          Й ціха й лагодна спявае.

— Рэха? — пастух усклікае. — Такую
          Сам я найграў сабе ўцеху?
О, што з таго, што ніхто не пачуе?
Хай толькі зноў, хоць аднойчы, збуджу я
          Гэтулькі мілае рэха!

1830, Жэнева



Невядома што, альбо Рамантычнасць

(Niewiadomo co, czyli Romantyczność)


(Водле аўтарскага каментара, балада напісаная ў суаўтарстве з Юльюшам Славацкім; назву ж параіў Адам Міцкевіч)

Двое йшлі ў начы бяззорнай,
Бачаць — хорт паводдаль чорны.
          Ці то хорт?
          А ці чорт?

І адзін пытаў другога:
“Ты харта прыкмеціў тога?
          Ці то хорт?
          А ці чорт?”

Тут абодва змоўклі разам,
Рады не дадуць з адказам —
          Ці то хорт?
          А ці чорт?

Ледзь не млеюць у трывозе,
Ў роў залезшы пры дарозе:
          Ці то хорт?
          А ці чорт?

Вось дыханне прытаілі,
Ды бліжэе з кожнай хвіляй
          Ці то хорт?
          А ці чорт?

Вось ужо ён іх мінае,
Хвост угору выгінае —
          Ці то хорт?
          А ці чорт?

Вось паўз іх прабег ён далей,
Тыя ўсталі й разважалі —
          Ці то хорт?
          А ці чорт?

Дзіва! Бег ён, бег, а потым
Знік у мгле за паваротам —
          Ці то хорт?
          А ці чорт?

Двое ўслед яму глядзелі,
Ажно так і не даўмелі —
          Ці то хорт?
          А ці чорт?

каля 1832



Залатая рыбка

(Złota rybka)


Яну Захар'ясевічу, у перайманне ягонай песенькі з тою ж назваю

Мкнецца рыбка, ззяе
Залатой луской,
А юнак збірае
Кветкі над ракой.

“Стой, — ён кажа, — рыбка,
Рыбка, пачакай!
Не знікай так шыбка,
Наглядзецца дай!”

А яна йму тут жа:
“Калі гэтак, моў,
Заглядзеўся дужа —
Дык нясі дамоў”.

Хлопец замарудзіў,
Галаву скубе:
“Гэта як жа будзе? —
Кажа ён сабе, —

З ёй сядзі сам-насам,
Не адводзь вачэй —
А ў рацэ тым часам
Колькі іх яшчэ!..”

Разважаў нямала,
Часу выйшла досць,
Ажно разабрала
Ўрэшце рыбку злосць.

Раз — ды й нечакана
Шаснула на дно.
“Тое бабнік, панны!
Хітрыкі адно!”

1870


пераклад з польскайАнтон Францішак Брыль



Пераклад – Антон Францішак Брыль © 2011

Чытайце таксама

Таццяна Нядбай

Таццяна Нядбай

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Міхаіл Кузмін

Міхаіл Кузмін

Рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Святаслаў Альшэнка-Вільха

Літаратурны псеўданім украінскага паэта і празаіка, лёс якога пасля 1944 году невядомы

2929