№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Габрыэля Запольская

Мараль Пані Дульскай (Moralność pani Dulskiej)

Трагікамедыя з жыцця абывацеляў у трох актах

Пераклад з польскай Мікола Татур
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

Пані Дульская
Пан Дульскі
Збышка Дульскі
Гэся і Мэля Дульскія
Юлясевіч – пляменніца Дульскіх
Кватарантка.
Ганка – служанка
Тадрах – прачка

Дзеянне адбываецца ў горадзе


АКТ ПЕРШЫ

Салон у буржуазным доме. Дываны, багатая мэбля, на сценах у пазалочаных рамках розныя карціны, штучныя пальмы, вышыты ландшафт. Прыгожая штора і шырма ў стылі ампір. Лямпа з папяровым абажурам, столікі, на іх – фатаграфіі. Шторы апушчаны, на сцэне цёмна. У той момант як падымаецца заслона, гадзіннік у сталовай б'е шэсць. На працягу першых сцэн павольна світае, нарэшце, калі падымуць шторы, робіцца зусім відна.

СЦЭНА І

Дульская (адна).

Нейкі момант сцэна пустая, чуваць за кулісамі шлёпанне пантофляў, з левага боку – сямейная спальня. Уваходзіць Дульская з левага боку, першы план, неахайна апранутая, на галаве папільёткі, ззаду тонкі касмыль валасоў, белы кафтанік падазронай чысціні, сподняя трыкатажная спадніца, кароткая, падзёртая на жываце; ідзе мармычучы, у руках свечка. Дульская ставіць яе на стале, ідзе на кухню.

Дульская. Кухарка! Ганка! Уставайце. (Крычыць на кухні). Што, яшчэ рана? Княгіні. Ціха, кухарка, не спрачацца! Распальвай пліту. Ганка! Ідзі паліць грубку ў зале, не марудзь. (Ідзе да дзвярэй направа). Мэля, Гэська! Уставайце, паўтарыце ўрокі, музыкальныя гамы… Хутчэй… Досыць гнісці ў ложках! (Ідзе да першых дзвярэй направа, заглядае, ломіць рукі, уваходзіць са свечкай у пакой).

СЦЭНА ІІ

Дульская, Ганка

Ганка ўваходзіць з кухні, босая, спадніца ледзь трымаецца на кашулі, у накінутым кафтаніку, нясе трохі вуголляў, прысядае каля грубкі, распаспальвае, шморгае носам, уздыхае.


Дульская (уваходзіць злосная). Як распальваеш? Як распальваеш? Кара боская з гэтай недарэкай. Да кароў цябе, а не да панскіх печаў. Нашто кладзеш столькі смалякоў? Пачакай, адыдзі, ты ні да чога не здатна, я пакажу табе! (Распальвае грубку). Ідзі будзіць паненак, а калі не захочуць уставаць, пасцягвай коўдры.

Ганка ідзе ў пакой дзяўчат, Дульская раздзьмухвае полымя, якое асвятляе яе тлусты, наліты твар. Ганка вяртаецца.

Ну што, паненкі ўстаюць?

Ганка. Коўдры пасцягвала. Панна Гэся ўбрыкнула мяне нагой у жывот.

Дульская. Нічога, да вяселля загоіцца.

Хвіліна маўчання.

Ганка. Прашу вяльможную пані…

Дульская. Бачыш, як гарыць у грубцы?

Ганка. Прашу вяльможную пані…

Дульская. Пра ўсіх вас я думаць павінна, праз вас і на той свет нядоўга.

Ганка (цалуе ў руку). Прашу вяльможную пані… я хацела прасіць… што я з першага пайду ад вас.

Дульская. Што? Як?

Ганка (цішэй). Пайду ад вас…

Дульская. Нават і не думай. Я за цябе заплаціла ў канторы, таму ты павінна служыць. Вось гэта мне падабаецца!

Ганка. Я дам на сваё месца.

Дульская. Ці бачылі вы, як агрызаецца! Ужо нават заганарылася. Няйначай, горад падзейнічаў на яе. Ці не пакаёўкай спяшаешся стаць?

Ганка. Прашу вяльможную пані, бо гэта… праз паніча.

Дульская. А!

Ганка. Дык я не хачу… бо гэта…

Дульская. Зноў?

Ганка. Кожны раз… то тое, то гэта, я ж…

Дульская (не пазіраючы на яе). Ну добра, я яму скажу.

Ганка. Прашу вяльможную пані, гэта не паможа. Ды вяльможная ж пані не адзін раз… не два гаварыла… Бо ксёндз казаў, каб я пайшла.

Дульская. Ты ў ксяндза служыш ці ў мяне?

Ганка. Але я ксяндза павінна слухаць.

Дульская. Ідзі па малако і па булкі.

Ганка. Іду, вяльможная лані, іду… (Выходзіць).

Дульская (ідучы ў напрамку спальні). Феліц'ян, Феліц'ян! Уставай, спознішся на службу. (Ідзе ў спальню да дочак). Гэся, Мэля, у школу спозніцеся.

Гэся (за сцэнай). Мамулька, дужа холадна, трошачкі цёплай вады.

Дульская. Яшчэ чаго! Загартоўвайцеся. Феліц'ян… Устаеш? Ведаеш, гэты блазнюк, твой сын, не вярнуўся яшчэ дадому. Чаго маўчыш? Вядома, бацька спагадае. Недалёка адкаціўся яблык ад яблыні, але калі будуць даўгі, цэнта не заплачу.

Ганка. Прашу вяльможную пані, дворнік прыйшоў, пытае аб прапісцы новых кватарантаў.

 Дульская. Іду. Гэся! Мэля! Феліц'ян! Вось соннае царства! Так, так! Пайшлі б вы ўсе жабраваць, каб не я. (Выходзячы на кухню, да дворніка). Чаму ты пакідаеш на дварэ новую мятлу? Дождж ідзе… (Зачыняе дзверы, чуваць, як моцна лае дворніка).

 

СЦЭНА ІІІ

Гэся, Мэля, пазней Ганка.

Гэся і Мэля выбягаюць са свайго пакоя, у іх кароткія спаднічкі, аднолькавыя мультановыя кафтанікі, растрапаныя валасы, бягуць да грубкі.

Гэся. Хадзі! Хадзі!

Мэля. Няма яе?

Гэся. Няма, ты ж чуеш, як яна мыліць дворніку карак. Ах, як прыемна трошкі пагрэцца.

Мэля. Ну, не штурхайся, а то я таксама.

Голас Дульскай сціхае.

Гэся. Чакай, папраўлю. А цяпер дай грэбень, прычашу цябе.

Мэля. Не трэба, а то ўбачыць, будзе крыку!

Гэся. Няхай крычыць, я не баюся.

Мэля. Я затое баюся. Гэта так непрыемна, калі хто моцна крычыць.

Гэся. Бо ты занадта сентыментальная, уся па бацьку пайшла, далікатнае стварэнне.

Мэля. Адкуль ты ведаеш, які бацька, ён жа заўсёды маўчыць.

Гэся. О, я ведаю, да таго ж у цябе яго нос.

Мэля. Гэта дзіўна.

Гэся. (прычэсваючыся). Што?

Мэля. Тое, што дзіця падобна да бацькі альбо да маці. Як гэта атрымліваецца?

Гэся. А я ведаю, а я ведаю…

Мэля. Скажы! Скажы!

Гэся. Якая ты хітрая, не скажу, але ведаю.

Мэля. Хто табе сказаў?

Гэся. Кухарка.

Мэля. А калі?

Гэся. Учора, калі маці пайшла ў тэатр, а нас не ўзяла, бо гэта немаральная п'еса. Я пайшла на кухню, і там мне Ганка сказала. Ох, Мэля… Ох, Мэля… (Качаецца ад смеху па дыване).

Мэля. Гэся, я думаю, што гэта грэх.

Гэся. Што?

Мэля. Гаварыць з кухаркай пра такія рэчы.

Гэся. Дык гэта ж праўда, сапраўды яно так.

Мэля. Каб ведала пра гэта мама!

Гэся. Ну і што, крычала б, яна заўсёды крычыць.

Мэля (устаючы, праз пэўную хвіліну). А мне скажаш?

Гэся. Не, не хачу браць гэта на сваё сумленне – псаваць малалетніх. (Ідзе на пальчыках да спальні Збышкі, падглядвае і вяртаецца да грубкі). Зрабі цяпер з мяне вясковую дзяўчыну з чорнай касой.

Мэля. Дык Ты ж не круціся.

Гэся. Ведаю. Збышка зноў пайшоў на гулі.

Мэля. Хіба яго няма?

Гэся. Няма. Я табе нешта сказала б, каб ты паклялася, што нікому не раскажаш. (Нахіліся). Збышка бегае за Ганкай.

Мэля. Чаго?

Гэся. Эх… ты. Што з табой гаварыць… Ну скажы сама, хіба можна з табой гаварыць?

Мэля. Ну, бо кажаш, што бегае…

Гэся. Ну бегае, значыць, чапае або кахае, ці як?

Мэля. Ой, Гэся! Збышка?

Гэся. Ну што? Хіба ты не слухала оперы «Галька»? Не ведаеш, як гэта робіцца? Паніч, ну і «Галька няшчасная сілком ідзе».

Мэля (смяецца). Але ж гэта на сцэне. Да таго ж гэта было тады, калі такія кантушы насілі, але Збышка, ой, Гэся!..

Уваходзіць Ганка, становіцца на калена каля грубкі.

Гэся. О! Ганка! Я ў яе запытаюся, пабачыш, ці я хлушу.

Мэля (спалохана). Гэся, не пытайся, прашу цябе.

Гэся. А чаму, гэта мая справа, ды і мама не чуе.

Мэля. Гэся, мне чамусьці перад Ганкай сорамна.

Маўчанне.

Гэся (ціха). Ну, тады не буду пытацца, але я ўчора бачыла, як ён яе вось тут, вось тут шчыпаў.

Мэля. А кажаш, што ён кахае яе.

Гэся. А як жа!

Мэля. Калі б кахаў, дык не шчыпаў бы так.

Гэся. Ведаеш што, цябе трэба трымаць пад каўпаком…

Мэля. За што ж, Гэся, пад каўпаком?

Гэся. За тваю дурноту. (Паўза. Пасля раптам.) Ах, хацела б я ведаць, куды гэта Збышка ходзіць па начах?

Мэля (наіўна). Можа, у парк на прагулянку, цяпер так прыгожа.

Гэся. Дурненькая ты. (Раптам да Ганкі.) Ганка, ты не ведаеш, куды гэта паны па начах ходзяць?

Ганка. Адкуль жа я…

Гэся. Ну, вось так, як пан Збышка, да раніцы, амаль кожную ноч.

Ганка. Мабыць, недзе…

Гэся. Я пыталася ў яго, гаварыў – на гулянку, ды і кухарка смяялася і казала, што ў начныя кафэ. Ах, божа, калі ж гэта я спазнаю ўсё? Калі гэта я стану дарослай? Калі гэта не будзе для мяне таямніц?!

Мэля. А мне лепш падабаецца так.

Гэся. Чаму?

Мэля. Ні пра што не ведаць, гэта нават прыемна; мне хочацца лепш нічога не ведаць. (Садзіцца каля стала.)

Гэся. Дурніца!

СЦЭНА ІV

Тыя ж і Дульская.

Дульская (праносячыся па сцэне, як віхор). Чаго вы тут, што тут, жвавей адзявацца! Мэля, гамы! Ганка, прыбірай кватэру. Феліц'ян! (Урываецца ў сямейную спальню.)

Мэля хоча пайсці.

Гэся. Яшчэ не ідзі, ужо віхор праляцеў. Феліц'ян! (Стараецца гаварыць, як маці.)

Мэля. Гэся!

Гэся. Што, мама? Гэта ўсё забабоны!

Мэля. (абураная). Гэся, глядзі, Ганка смяецца.

Гэся. Ну і што, няхай сабе смяецца, хіба я не маю права мець сваёй думкі. (Да Ганкі) Чаго смяешся, вар'ятка, прыбірай, не, пачакай, ты была калі-небудзь у начным кафэ?

Ганка. Гі-гі… Паненка скажа… Я нават не ведаю, дзе яно.

Гэся. Бо дурная… Кухарка там была ў маладосці. Расказвае, што там паны сядзяць, лікёры п'юць і надта там весела. Кухарка казала, што там ёсць маладыя прыгожыя дзяўчаты і што…

Мэля. Цішэй, Гэся, яшчэ мама пачуе.

Ганка ідзе на кухню.

Гэся. Ідзі, ідзі! Гэта не таму, што пачуе мама, а таму, што ты не хочаш, каб пасвятлела ў тваёй галаве.

Мэля. Я казала, што не жадаю ведаць.

Гэся. А толькі што сама пыталася.

Мэля. Пра што?

Гэся. Пра тых дзяцей.

Мэля. Гэта іншая справа.

Гэся. Чаму?

Мэля. Бо тое пра дзяцей, дык цікавае, а гэта брыдкае.

Гэся. Зусім не, гэта яшчэ цікавейшае.

Мэля. Можа, гэта і так, але мне пасля такіх размоў робіцца сумна.

Чуваць, як у пярэднім пакоі грукнулі дзверы, уваходзіць Збышка.

Гэся. О, ужо валацуга ідзе!

СЦЭНА V

Мэля, Гэся, Дульская і Збышка.

У Збышкі настаўлены каўнер, твар змяты, увесь ён стуліўся ад холаду.

Гэся. Дзе быў, дзе быў?

Збышка (адпіхвае яе кійком). Ідзі ты!.

Гэся. Дзе быў на гулях, мой залаты, скажы… скажы… я маме нічога не скажу.

Збышка. Ідзі ты!..

Гэся. Прыгожа гаворыш! Не скажаш, а я ведаю. У начным кафэ быў, лікёры піў, прывабныя дзяўчаты былі… Так ад цябе пахне цыгарамі! У-у, як гэта мне падабаецца…

Збышка. Казаў табе, ідзі!

Мэля. Гэся, адчапіся ты ўжо!

Гэся. Ага, ты вось гэтак са мной? Пачакай, і я вырасту, і я пайду на гулянку. І я буду піць лікёры. Па начных кафэ, як ты, як ты… (Скача перад ім на адной назе).

Збышка. Добрая адукацыя, падаеш надзеі…

Гэся. А цяпер, каб цябе навучыць ветлівасці ў сямейным асяроддзі…  (Кліча). Мама, мама, Збышка прыйшоў!

Збышка. Маўчы!

Дульская (урываецца, як бомба). Прыйшоў?

Збышка. Прыйшоў і іду. Хачу праспацца перад службай.

Дульская. Не, астанешся тут, буду мець з табой размову.

Збышка. Але ж я не трымаюся на нагах!

Дульская. Веру. (Да дзяўчат) Ідзіце прыбірацца. Мэля, за гамы!

Мэля. Ужо не маю часу.

Дульская. На практыкаванне для пяці пальцаў хопіць. А Гэся зноў стаптала галёшы.

Збышка. Ці няма дзе чорнай кавы?

Дульская. Няма, мой пане. Ты, Гэся, нічога не шануеш, ніколі з цябе не будзе сапраўднай жанчыны.

Дзяўчаты бягуць у свой пакой.

Збышка. Чорнай кавы ў гэтай установе няма?

Дульская. Дзе ты быў?

Збышка. Га?

Дульская. Дзе ты быў да такога часу?

Збышка. Калі б я табе сказаў, ох, як заскакала б ты!

Дульская. О-о!

Збышка. Наогул, лепш не пытацца.

Дульская. Я твая маці.

Збышка. Дык тым больш.

Дульская. Я павінна ведаць, дзе ты марнуеш час і здароўе.

Збышка. Ты ж бачыш, што ў мяне пад носам вусы, а не малако, значыць…

Дульская. У цябе такі выгляд!

Збышка. Э-э!

Дульская. Ты ўвесь зялёны.

Збышка. Гэта модны колер. Мамка ж загадвала пафарбаваць на зялёны колер балконы і вокны.

Дульская. Якая дзяўчына цябе за мужа возьме, калі будзеш так выглядаць?

Збышка. Яшчэ горшых бяруць!

Дульская паціснула плячамі.

Чорнай кавы ў гэтай установе няма?

Дульская. Ты іначай гаварыць не можаш? Усё думаеш, што знаходзішся ў асяроддзі какотак.

Збышка. Гэта такое ж добрае асяроддзе, як і ўсякае іншае. Ды і наогул, чаму ты смяешся з какотак? Як быццам няма іх у нашым доме. Сама ж мамка здала вунь той пакой з першага паверха.

Дульская (з годнасцю). Але ж я не кланяюся ёй.

Збышка. А грошыкі ж за кватэру мамка бярэ з яе добрыя!

Дульская. Прабачай, я такіх грошай для сябе не бяру.

Збышка. А што ж мамка з імі робіць?

Дульская (велічна). Падаткі імі плачу.

Збышка. Ха-ха, я іду спаць.

Дульская. Ці ты кінеш валачыцца?

Збышка. Ніколі!

Дульская. Я даўгоў плаціць не буду.

Збышка. Э! Пра гэта пасля.

Дульская. Збышка! Збышка! Хіба для гэтага карміла я цябе сваім малаком, каб ты наша славутае і паважанае прозвішча ганьбаваў па кафэ і піўных?

Збышка. Трэба было мяне карміць мукой фірмы Нестле. Кажуць, яна выключнай якасці.

Дульская садзіцца панурая каля стала. Збышка падыходзіць да яе, садзіцца на стале і гаворыць фамільярна.

Ну, давайце, пані Дульская, не будзем гневацца адно на аднаго. Але чаго ж мамка хоча? Што б гэта я рабіў дома? Ніхто ў нас не бывае, жывём, як тыя нелюдзі.

Дульская. Цяжкі час, не хапае сродкаў, каб прымаць гасцей.а

Збышка. Э! Чалавек – стварэнне таварыскае, ён павінен час ад часу абменьвацца думкамі. О, мамка ведае, «думка» – тэта вялікае слова!

Дульская. У мяне няма часу на думкі.

Збышка. Сапраўды. Вось я і сыходжу з дому, бо тут фактычна могілкі. А чаго? Вольнай думкі… думкі шырокай…

Дульская. Значыць, у кафэ… да…

Збышка. Так! Так! Ці ведае мамка, якімі дарогамі ходзіць чалавечая думка нават такога абывацеля, як я?

Дульская. Дурны ты. Ты і твой бацька – гэта адна душа, ён кожны дзень у кандзіцерскай, а ты бог ведае дзе!

СЦЭНА VI

Дульская, Збышка і Дульскі.

Уваходзіць са спальні Дульскі, засушаны чыноўнік, апрануты на выхад, чысціць капялюш.

Дульская. Во, нарэшце.

Дульскі перад люстэркам.

Збышка. Добры дзень, тата!

Дульскі жэстам вітае сына.

Дульская (да мужа). Сёння атрымліваеш?

Дульскі ківае галавой.

Глядзі ж, каб не згубіў. Чаго чакаеш? А, цыгару… Збышка, падай з пячуркі.

Дульскі бярэ цыгарэту, спрабуе яе.

А ці ведаеш, а якой гадзіне твой сын вярнуўся дадому?

Дульскі паціскае плячамі, што гэта для яго ўсё роўна, і выходзіць праз пярэдні пакой.

Можна звар'яцець з гэтым чалавекам.

Збышка. Так яго мамка выхавала.

Дульская. Не, гэта ўжо занадта!

Збышка. Добрай ночы! Іду крыху падрамаць!

Дульская. А служба?

Збышка (пазяхаючы). Не ўцячэ.

Дульская (затрымліваючы яго). Збышка! Пакляніся мне, што ты выправішся.

Збышка. Ніколі! Ужо лепш здаць дзяржаўны экзамен. (Выходзіць).

 

СЦЭНА VII

Дульская, Ганка, пасля Збышка, Мэля.

Дульская. Вытры фартэпіяна. Ці кухарка прыбралася на выхад у горад?

Ганка. Так, прашу пані.

Дульская выходзіць у кухню. Ганка нейкую хвіліну прыбірае,
Збышка выглядае са свайго пакоя.

Збышка. Ганка? Ты адна?

Ганка. Пакіньце мяне, пан, у спакоі.

Збышка. Што за муха цябе ўкусіла?

Ганка маўчыць.

Хадзі сюды, пакажы мордачку. Чаго злуешся?..

Ганка маўчыць, толькі ўсё энергічней прыбірае.

Ты такая брыдкая, калі надзьмутая.

Ганка (раптам). Мабыць, тыя паненкі, ад якіх пан прыходзіць, прыгажэйшыя.

Збышка. А… вось што цябе хвалюе!

Ганка. Мяне нічога не хвалюе, толькі не хачу, каб пан здзекаваўся з мяне.

Збышка. Як будзеш да мяне лепшая, тады буду сядзець дома.

Ганка. Я гэтага не патрабую. Можа сабе пан ісці да гэных паненак.

Збышка. Мусіць, гэта не так, бо ты ж з мяне воч не зводзіш.

Ганка. Няхай пан ідзе, бо яшчэ старшая пані ўвойдзе.

Збышка. Не! Пацалуй пана ў руку за тое, што разгневала яго.

Ганка (смяецца). Дулю. (Б'е яго па руцэ).

Збышка. Ах ты, шэльма! (Хоча яе абняць.)

Уваходзіць Мэля, яна ціха ўсклікнула, пасля з пачырванелым тварам і апушчанымі вачамі ідзе да фартэпіяна. Ганка ўцякае на кухню. Мэля грае практыкаванне для пяці пальцаў. Збышка ідзе ў свой пакой. Мэля нейкую хвіліну грае, потым устае, ідзе да пакоя Збышкі і стукае.

Мэля. Збышка!

Збышка (неадзеты, высоўвае галаву). Што?

Мэля (таямніча). Не бойцеся, я маме нічога не скажу.

Збышка. Зусім звар'яцела!

Мэля. Бо гэта ж не ваша віна…

Збышка. Што?

Мэля (нясмела). Ну… Ганка і ты… калі вы…

Збышка. Я табе дам – гаварыць пра такія рэчы! Хоць бы пасаромелася. Яшчэ малако не высахла на губах, а ты ўжо такая сапсутая.

Мэля. Я? Але ж, Збышка, я якраз думаю наадварот… я…

Збышка. Адчапіся ты! (Хаваецца ў свой пакой.)

Мэля стаіць сумная і задуманая, падыходзіць да фартэпіяна і пачынае граць гамы. У гэтую хвіліну ўбягае ў плашчыку і капелюшы Гэся. Такі самы плашчык і капялюш яна трымае ў руках для Мэлі. На дол кідае звязаныя кніжкі.

СЦЭНА VІІІ

Мэля, Гэся, Дульская Ганка.

Гэся. Апранайся, Афелія! Жвава! Ужо хлопцы ідуць у школу.

Мэля (кладучы плашчык). Гэся, ты не будзеш так страляць вачамі на гэтага высокага студэнта?

Гэся. Буду рабіць тое, што мне падабаецца.

Мэля. Мне сорамна за цябе!

Гэся. Можаш саромецца! А паспрабуй толькі што сказаць мне, дык я адразу скажу, што ты па начах не спіш, а ўздыхаеш. Мама за гэта будзе гневацца мацней, чым за студэнта.

Мэля. Сумняваюся.

Гэся. А я не. Мама ўпэўнена за мяне і ведае, што я мяжы не пераступлю.

Мэля. Як ты гэта разумееш?

Гэся. Дык я ўжо ведаю, што кажу! О! Лілея з родных палёў.

Дульская (уваходзіць). Ганка! Ідзі праводзь паненак.

Ганка (з кухні). Іду!

Дульская. Парасон узялі? Ісці трэба роўна, не азірацца. Памятайце, сціпласць – скарб дзяўчыны. (Да Гэсі.) Не горбіся.

Ганка ўваходзіць у хустцы.

Гэся (кідаючы Ганцы кніжкі). Бяры! Да пабачэння, мамачка.

Гэся з Ганкай выходзяць. Дульская сцірае пыл, крэкча. Званок у пярэднім пакоі. Дульская ідзе адчыняць, але, убачыўшы кватарантку ў пярэднім пакоі, падаецца назад.

СЦЭНА ІХ

Дульская, кватарантка.

Дульская. Прабачце… Я не адзетая. Прашу пані, зараз вярнуся.

Кватарантка. Я на адну хвілінку. Няхай пані гаспадыня не турбуецца.

Дульская. Так, так, накіну толькі што-небудзь на сябе. (Бяжыць у свой пакой.)

Кватарантка ўваходзіць паволі. Вельмі бледная і засмучаная. Відаць, яна хварэла і маральна перажывала. Садзіцца на бліжэйшае крэсла, глядзіць уніз і сядзіць нерухома. Праз хвіліну ўваходзіць Дульская, на ёй мультановы добры халат.

Дульская. Прашу пані на канапу.

Кватарантка. Дзякую, толькі пару слоў, я атрымала ваша пісьмо.

Маўчанне.

Дульская. Вы зусім выпісаліся з бальніцы?

Кватарантка. Так. Пазаўчора мяне прывезла маці.

Бачу, што вы ўжо здаровая.

Кватарантка (з сумнай усмешкай). О, яшчэ далёка да гэтага!

Дульская. Ох! У сваім доме хутка да вас вернуцца сілы. Для жанчыны нічога больш не трэба, як быць дома. Я заўсёды гэта паўтараю.

Кватарантка.  Так, калі ў каго ёсць гэты дом.

Дульская. Але ж вы маеце мужа, становішча.

Кватарантка. Так… але… (Памаўчала, праз сілу.) Скажыце, калі ласка, ці сапраўды абавязкова, каб я да наступнага першага выбралася?

Дульская. Прашу пані… Я вашу кватэру патрабую для сваякоў.

Кватарантка. Мне хацелася б астацца.  Цяжка будзе зімой знайсці другую.

Дульская. Ах, гэта немагчыма. Паўтараю, пані, немагчыма.

Кватарантка. Калі б вы хацелі… Я ж ведаю, што пані загадала аб'яву на кватэру вывесіць, значыць, вашы сваякі да ва не пераязджаюць.

Дульская (сціскаючы вусны). Не прымушайце мяне, каб я зрабіла вам прыкрасць.

Кватарантка. А хіба ёсць за што мяне папракаць?

Дульская (з абурэннем). Гэта пераходзіць усякія межы. А скандал, які вы выклікалі ў маёй найлепшай кватэры?

Кватарантка. Ах, і гэта прычына?

Дульская. А якая яшчэ? Плацілі вы за кватэру, дзяцей і сабак не мелі, толькі што пыл з дываноў выбівалі; маглі б сабе і надалей кватараваць, але як успомню, дык кроў прылівае да твару. Гэта ж трэба, каб перад маім домам машына хуткай дапамогі, усё роўна як перад карчмой, дзе б'юцца.

Кватарантка. Але ж, прашу пані, здарэнне можа быць усюды.

Дульская. У прыстойным доме здарэнняў не бывае. Ці вы бачылі калі перад графскім домам машыну хуткай дапамогі? Не! А потым гэты натоўп, ды ў газеце тры разы ўпаміналі прозвішча Дульскіх, прозвішча маіх дачок пры такім скандале.

Кватарантка. Але, прашу пані, вы ж не ведаеце прычын… і…

Дульская. Падумаеш, вялікая справа, калі муж з той дзяўчынай… Хіба праз гэта рабіць скандал?

Кватарантка. Але ж то была мая служанка. Гэта ж агідна! Я гэтага не магла перажыць. Як толькі пераканалася…

Дульская. Запалкамі пані труцілася. Што ж гэта за атрута? Людзі смяяліся… і, можа б, на гэтым і скончылася ўся камедыя, калі б вы памерлі, але…

Кватарантка. Сама шкадую.

Дульская. Яно, вядома, смерць тут была б збавеннем, але… Вось і кажу вам, людзі смяяліся. Еду аднойчы трамваем, праязджаем каля нашай камяніцы, бо прыпынак крыху далей, а нейкія два паны паказваюць на мой дом і кажуць: «Глядзі, гэта той дом, дзе раўнівая жонка труцілася», – і пачалі смяяцца. Я думала, што мяне там адразу параліч разаб'е.

Кватарантка. Я прашу ў пані прабачэння за ўсе гэтыя непрыемнасці.

Дульская. Э! Мая пані, людзі асталіся людзьмі.

Кватарантка. Я шмат перажыла праз гэта, урэшце, я не ведала, што раблю, я была тады як шалёная.

Дульская. Вядома, мая пані, кожны самагубца павінен быць шалёны і страціць пачуццё маральнасці і веру ў бога, бо гэта ж баязлівасць. Так, баязлівасць, а ў дадатак – загуба сваёй душы; добра, што самагубцаў хаваюць асобна, няхай не мяшаюцца сярод прыстойных людзей. Забіваюць сябе, і дзеля каго – дзеля мужчыны, а ніводзін мужчына не варты таго, каб праз яго  ісці на вечнае асуджэнне.

Кватарантка. Прашу пані, тут не праз мужчыну, а праз мужа.

Дульская. Э!

Кватарантка. Я не магла гэтага сцярпець пад маім дахам.

Дульская. Лепш пад сваім, чым пад чужым: менш людзей, ніхто не будзе ведаць.

Кватарантка. Але ж я ведаю.

Дульская. Мая пані, чатыры сцяны і столь у хаце для таго, каб смецце з дому не выносіць і каб ніхто пра яго не ведаў. Расцягваць яго па свеце – гэта немаральна і непачціва. Я заўсёды так жыла, каб ніхто не мог сказаць, што была прычынай скандалу. Жанчына павінна прайсці праз жыццё ціха і спакойна. Гэта так,  і інакш быць не можа.

Кватарантка. А вось каб пан Дульскі звязаўся са служанкай?

Дульская. Феліц'ян – гэта немажліва… Вы не ведаеце яго, а што да вас, дык гэта ваша справа… Я павінна аберагаць сябе і сваіх ад людзей. Вы ж зноў можаце зрабіць такую бязбожнасць, бо часам прыступ шаленства паўтараецца… значыць…

Кватарантка (устае). Разумею! Выеду. Хацела б толькі сказаць вам, што вымушаць мяне цяпер шукаць кватэру і нядобра і недалікатна, бо я вельмі слабая.

Дульская (абражаная, устае). Далікатнасці вы мяне не навучыце, я ведаю, што такое далікатнасць. Я паходжу са славутай прыстойнай сям'і і натоўпу каля дому не збіраю!

Кватарантка. Я не сумняваюся, але можаце быць спакойны: другі раз труціцца не буду. Для гэтага патрэбна шмат адвагі, хоць вы і называеце гэта баязлівасцю, акрамя таго, трэба пасля шмат цярпець, а ў мяне ўжо няма сіл… Урэшце, я разыходжуся з мужам, а гэта найлепшая гарантыя, што больш раўнівая не буду.

Дульская. Вельмі дрэнна робіце, што разыходзіцеся з мужам. Гэта дасць людзям падставу для новых размоў, і ніхто не прызнае, што ваша праўда. Нават з гэтай прычыны не магла б вам надалей здаваць кватэру ў сваім доме. Адзінокія жанчыны – гэта, ведаеце… ну… вы разумееце…

Кватарантка. Так, разумею. А вось тая з першага паверха, што вяртаецца па начах?

Дульская (з годнасцю). Гэта асоба, якая жыве на ўласныя сродкі. Яна яшчэ хуткай дапамогі да майго дому не выклікала.

Кватарантка (іранічна). Толькі карэты ды аўтамабілі.

Дульская. А яны спыняюцца крыху далей, каля суседніх дамоў, ды, наогул, я не збіраюся гаварыць з вамі пра свае справы.

Кватарантка. Вядома, бо далейшая размова завядзе нас завельмі далёка. Бывайце.

Дульская. Папрашу тых, што будуць аглядаць кватэру, не адгаворваць.

Кватарантка (выходзячы). Скажу, што кватэра вільготная, бо гэта сапраўды так.

Дульская. Для гэтага ёсць суд, ласкавая пані.

Кватарантка. Так мне падказвае маё сумленне. Бывайце, пані.

У дзвярах з'яўляецца Юлясевіч.

Дульская (абураная). Маня, чуеш, будзеш за сведку. Яна кажа, што…

Кватарантка. Бывайце! (Выходзіць.)

СЦЭНА Х

Дульская, Юлясевіч.

Дульская (у шаленстве). А гэта!.. а гэта… таксама… нешта… такое…

Юлясевіч. Супакойцеся, цёця.

Дульская. Калі гэтак далей пойдзе, дык я вымушана буду паехаць летам у Карлсбад.

Юлясевіч. І я з цёцяй паеду.

Дульская. Абыдзецца.

Юлясевіч. Што здарылася? Здаецца мне – гэта кватарантка з  першага паверха, якая атруцілася?

Дульская. Так… так… тая самая. Выйшла з бальніцы. Скандал. Пасля такіх спраў трымаць яе не магу. Ты ж сама бачыла: калі яе выносілі, дык яна была амаль голая! Жахліва! Я адмовіла ёй у кватэры.

Юлясевіч. Так зусім добра складваецца, нам якраз павысілі заробак, мы ахвотна здымем гэтую кватэру.

Дульская. Не магу.

Юлясевіч. Але ж магла б цёця зрабіць гэта для нас, як для сваякоў.

Дульская. Не такі час, каб дапускаць лішнія выдаткі.

Юлясевіч. Разумею, цёця думае, што мы не будзем плаціць.

Дульская. Я нічога не думаю, толькі ведаю, што жывяце вы не па сродках.

Юлясевіч. Ну! Ну!

Дульская. Ходзіце ў тэатр, і то на самыя горшыя спектаклі.

Юлясевіч. Бо цяжка ж…

Дульская. Выпісваеце газеты…

Юлясевіч. Няхай ужо цёця даруе, але…

Дульская. Я дык газеты пазычаю, а не пазычу, дык свет не загіне ад таго, што нейкіх там друкаваных баек не прачытаю. А вы дык і гасцей часта прымаеце.

Юлясевіч. Гэта неабходна.

Дульская. Ну, калі неабходна, дык няма чаго скардзіцца, што не хапае грошай.

Юлясевіч. Не можам жыць, як…

Дульская. Як мы! Пабачым, што вы заспяваеце пад старасць. Я і Феліц'ян маем іншы погляд на гэта.

Юлясевіч. Мой муж не ўмее эканоміць, я таксама…

Дульская. Калі ты мела такую схільнасць, трэба было выйсці за таго аптэкара з Допчыц, які хацеў з табой ажаніцца, я ж табе раіла.

Юлясевіч. Дык ён жа летась памёр ад сухотаў.

Дульская. Вось і добра. Мела б мураваны дом і была б удавой.

Юлясевіч. О!

Дульская. Няма чаго і казаць, матэрыяльная забяспечанасць – гэта аснова жыцця. А што датычыць мужа, дык можна яго перайначыць, заробак адкладваць. Штодзённа даць на каву, а цыгары самой купляць і сушыць на печы, бо інакш ён можа цябе да жабрацтва давесці.

СЦЭНА ХІ

Тыя ж і Збышка

Збышка. Такі гармідар, што спаць немагчыма.

Дульская. Тым лепш, можа, пойдзеш на службу.

Збышка. Э! (Да Юлясевіч.) Як маешся, старая?

Юлясевіч. Як маешся, няўклюда?

Збышка (глядзіць у люстра). Дужа зялёны.

Юлясевіч. А што, хіба ты сёння збіраешся ў сваты?

Збышка. Выдумаеш! Будзе глядзець на мяне сваім гнілым вокам толькі той стары, ну, ведаеш, саветнік, а ў мяне там цэлыя вазы скаргаў неразабраных.

Дульская. Што ж, запускай работу і надалей.

Збышка. Гэта не я запускаю, а староны. (Грэецца каля грубкі.)

Дульская (здымае халат). Даруй мне, мая дарагая, але я буду выціраць пыл, дык павінна шанаваць шлафрок.

Юлясевіч. Калі ласка, няхай цёця не звяртае ўвагі.

Дульская сцірае пыл, зрэдку кідае нядобры позірк на Збышку.

Збышка. Ці мама сапраўды выкідае тую, што труцілася, з кватэры?

Дульская. А табе якая справа да гэтага?

Збышка. Так сабе, чуў пятае праз дзесятае, Мне спадабаўся ваш учынак. Тая кабета не вельмі сімпатычная.

Дульская. Ахвотна веру. Скандалістка.

Збышка. Зрабіла гэта праз каханне да мужа. Якраз у гусце мамы: каханне мужа і жонкі.

Дульская. Я ў тое каханне не веру!.. Яна шамаціць шоўкам пад сукенкай.

Юлясевіч. Аб чым гэта сведчыць?

Дульская. Прыстойная кабета не будзе дзеля мужа апранаць шаўковыя гарнітуры.

Збышка (да Юлясевіч). Сядзі спакойна, бо і ты шамаціш шоўкам, а між тым, калі гаварыць пра гэту, што атруцілася, дык я ручаюся за яе прыстойнасць.

Дульская. А ты адкуль ведаеш?

Збышка (абыякава). Бо заляцаўся да яе і атрымаў па носе.

Дульская. Тыб ужо хоць кватарантак не чапаў. Пасунься. Як доўга ты будзеш тырчаць каля грубкі? (Гнеўна.) Калі гляджу на цябе, дык часам не хочацца верыць, што ты мой сын.

Збышка. Ну, калі мама сумняваецца…

Дульская. Сціхні! (Да Юлясевіч.) Кажу табе, не май ніколі дзяцей.

Юлясевіч. О, мы і не стараемся.

Дульская (да Збышкі). Не, ты вырадак, ты не мой сын.

Збышка. Твой, мамка, на жаль, твой, і ў гэтым, уласна кажучы, уся мая трагедыя. (Грае на фартэпіяна.)

Дульская. Ты чуеш? Ён кажа «на жаль».

Збышка. Так, быць Дульскім – гэта катастрофа.

Юлясевіч. Дапраўды, Збышка, занадта сабе дазваляеш.

Збышка. Адчапіся ты.

Дульская (да Юлясевіч). Ніякай прыстойнасці, ніякіх правіл…

Збышка. Ніякай ласкі, як у мамкі.

Дульская. Усё гэта тым скончыцца, што яшчэ да сацыялістаў далучышся.

Збышка. Занадта дурны я для гэтага.

Юлясевіч (смяецца). На сацыялістаў экзаменаў трымаць не трэба.

Збышка. Якраз трэба, і гэта найцяжэйшы экзамен.

Юлясевіч. Перад кім?

Збышка. Перад сваім сумленнем і ўласнай душой, мой, салодкі анёл!

Дульская. Каб стаць сацыялістам, перш за ўсе не трэба ў сэрцы мець бога.

Збышка. На табе! Даўно не было ў гэтым доме гаворкі пра бога.

СЦЭНА ХІІ

Тыя ж і Ганка.

Ганка (з кухні). Калі ласка, вяльможная пані, вазьміце ваш парасон.

Дульская. Пастаў у пярэднім пакоі, а потым ідзі прыбіраць у паніча. Ці кухарка вярнулася?

Ганка. Ужо!

Дульская. Я толькі на хвілінку. (Выбягае ў кухню).

Юлясевіч. Сапраўды цётчына праўда. Ці не час табе за розум узяцца? Выглядаеш як смерць.

Збышка. Ты таксама прыгожа выглядаеш.

Юлясевіч. Я? Я ўчора з дому не выходзіла.

Збышка. Гэта значыць, што я на гулянку хадзіў, а ты гэта рабіла дома.

Юлясевіч (смяецца). 3 табой не згаворышся.

Ганка праходзіць па сцэне. Збышка глядзіць ёй услед.

Юлясевіч. Чаго так глядзіш услед Ганцы?

Збышка. Бо яна мне падабаецца.

Юлясевіч. Служанка?

Збышка. А хіба ж гэта не жанчына? Калі хочаш ведаць…

Юлясевіч. Сёе-тое пра гэта ведаю.

Збышка. А табе што?

Юлясевіч. Я думала, што ў цябе больш тонкі густ.

Збышка. Дзівачка ты са сваёй мяшчанскай эстэтыкай. А ўрэшце, я як піяніст: калі ўбачу адкрытае фартэпіяна, павінен адразу ўзяць акорд…

Юлясевіч. Так, але ж фартэпіяна не…

Збышка. Мая дарагая… кожная жанчына – гэта фартэпіяна, толькі трэба ўмець граць! Ах, як мне спаць хочацца…

Юлясевіч. Чаго ты па гэтых піўных цягаешся?

Збышка. А дзе ж мне цягацца? Недзе ж трэба.

Юлясевіч. Я на тваім месцы дбала б пра якое-небудзь знаёмства… сталае… Ну… столькі замужніх… што божа!

Збышка. Дзякую, абывацельшчыны хапае для мяне і дома, і ў самім сабе.

Юлясевіч. А чаму гэта ты абывацель?

Збышка (ходзіць па сцэне). Бо я нарадзіўся такім, анёлак мой… у лоне маці быў ужо гэтакім, і каб я нават скуру здзёр з сябе, дык і падыспадам, у душы, будзе відаць цэлае напластаванне абывацельшчыны, якой нішто выкараніць не зможа. Часам у маёй душы нехта новы, зусім іншы змагаецца з гэтым пастаянным, трапечацца, б'ецца, але я ведаю, што гэта толькі да часу, што прыроджаная абывацельшчына возьме верх, што прыйдзе час, калі я буду Феліц'янам, буду браць кватэрныя… буду… Дульскім… Прадульскім… Обер-Дульскім, буду нараджаць Дульскіх, цэлыя легіёны Дульскіх, буду спраўляць сярэбранае вяселле і мець багаты помнік пасля смерці, у аддаленасці ад самагубцаў, і тады ўжо не буду зялёны, а наліты тлушчам і наліты тэорыямі і буду шмат гаварыць пра бога… (Усхопліваецца, ідзе да фартэпіяна і нервова грае).

Юлясевіч (падыходзіць да яго). Ад абывацельшчыны можа пазбавіцца.

Збышка. Няпраўда! Табе здаецца, што ты пазбавілася, бо пакрыта крыху палітурай зверху, але ты зроблена пад чырвонае дрэва, як твая струхлелая мэбля і твае фарбаваныя валасы. Гэта не больш як пляма, паважаная жонка саветніка… пляма!

Юлясевіч. Ты вучыўся граць?

Збышка. Я не ведаю ніводнай ноты, гэта так ва мне нешта грае. Ва мне б'ецца нешта такое… але гэта ўсё з часам загіне, э… што там. (Абдымае яе). Ведаеш што… а ты нішто сабе… нішто…

Юлясевіч (смеючыся). Ну хопіць табе!

Збышка (смеючыся). Акорды, мая дарагая, акорды…

Праходзіць Ганка, кідае на іх пануры позірк, выходзіць на кухню.

Юлясевіч (глядзіць на яе). А ведаеш, гэта цікава.

Збышка. Што?

Юлясевіч. Гэтая дзяўчына… каб ты бачыў, як яна на нас паглядзела! Я б на тваім месцы…

Збышка. Я таксама, як буду мець час…

Юлясевіч. Ты не разумееш мяне… Я якраз бы трымалася ад яе як мага далей.

Збышка. Э!

Юлясевіч. Яна раўнівая, будзе табе!..

Збышка. Гэта будзе вельмі цікава.

СЦЭНА ХІІІ

Тыя ж і Дульская.

Дульская (да сына). Ты яшчэ тут, і не сорамна табе, бацька твой працуе, я працую, сёстры…

Збышка (ідзе ў пярэдні пакой, бярэ паліто, апранаецца). Мамачка, мамачка, ці працуеш, ці не – усё адно!..

Дульская. Няпраўда, мы ж людзі працы, а не абібокі… гэта…

Збышка. А наогул, і мы і вы…

Дульская. Што? Што?

Збышка. Аднолькава выпрастаем капыты… Па! (Да Юлясевіч.) Па, лялька! (Выходзіць)

СЦЭНА ХІV

Дульская, Юлясевіч.

Дульская. Страшныя рэчы, страшныя. Ты чула, што ён гаворыць? А гэта вельмі крыўдна, што такі здольны, такі таленавіты… Каб ён хацеў, дык перад ім кар'ера, ну… кар'ера, але не хоча, не хоча… Званок… Зараз пададуць другое снеданне… Не хоча, кажу табе, нічога… нічога… толькі валочыцца і валочыцца… Як возьме грошы, дык зусім гіне, толькі і знае кафэ ды спадніцы.

Ганка прыносіць паднос з гарэлкай і закускай.

Калі ласка, мая дарагая.

Юлясевіч. Дзякую цёці.

Садзяцца снедаць.

Ён нейкі раздражнены, нездаволены.

Дульская (узрушана). Ці ведае ён сам, чаго хоча? Кажу, дзякаваць богу, стройны, здаровы… За тваё… (П'е.) Ганка, ідзі прыбяры ў пярэднім пакоі.

Ганка выходзіць, Юлясевіч глядзіць ёй у след.

Юлясевіч. Цёця задаволена Ганкай?

Дульская. Так сабе.

Юлясевіч. Няхай яе цёця лепш зволіць.

Дульская. А гэта… чаму?

Юлясевіч. Я нешта заўважыла…

Дульская. Крадзе?

Юлясевіч. Не… горш…

Дульская. Ну! Ну!

Юлясевіч. Здаецца мне, што яна падабаецца Збышку.

Дульская. Э! Гэта!

Юлясевіч. Ведаю, што кажу! Няхай яе цёця зволіць, пакуль не позна.

Дульская. Мая каханая… мабыць, табе здалося, а наогул… (Глядзіць убок.) Аб тым, што робіцца, што нібы… ну… разумееш… віно павінна перабрадзіць.

Юлясевіч. А!..

Дульская. Словам, разумееш…

Юлясевіч. Лепш дома.

Дульская. Я нічога не кажу… але…

Юлясевіч. А ведаеце, цёця, можа, і ваша праўда.

Маўчанне. Праходзіць Ганка.

Трэба, аднак, прызнаць, што мужчыны маюць асаблівы густ.

Дульская. А няхай сабе, абы толькі не цягаўся і не траціў здароўя. Трэба быць маткай, каб зразумець, як цяжка глядзець, калі марнее сын. Можа, яшчэ сыру?

Юлясевіч. Дзякую! Але каб яна пасля…

Дульская. Яна таксама будзе здаволена, яны ўсе без гонару і веры. Пакажу табе капялюшык, які сказала перарабіць для мяне. (Прыносіць капялюш, упрыгожаны фіялкамі, кладзе на галаву. Гэта ў спалучэнні з мультановым кафтанам робіць дзівосны эфект.) Як, добра?

Юлясевіч. Зусім! Зусім!

Дульская. Я павінна эканоміць, перарабляю старыя лахманы.

Юлясевіч. Ну, на цёці ўсё добра выглядае. Ці цёця ў гэтым годзе павялічвае кватэрную плату?

Дульская. Спадзяюся! Вымушана! Усе павялічваюць. Пакажу табе спіс.

Юлясевіч. Ну! Ну!

Дульская (дастае з шуфлядкі століка паперу, апіраецца на стол, абедзве ўважліва нахіляюцца над паперай). Першы паверх і падвал павышу кругом на 5. У сенцах пастаўлю вялікую качалку для бялізны.

Юлясевіч. Там цесна… Могуць зубы павыбіваць сабе.

Дульская. А мне што. Я тудой не хаджу. Першы паверх, какотцы – на 10.

Юлясевіч. Какотцы гэта замала. Я павысіла б не менш, як на 20.

Дульская. Ты так думаеш?

Юлясевіч. Так! Яна мае грошы, лёгка ёй даюцца, няхай плаціць…

Дульская (радасная). Няхай плаціць!

Юлясевіч. Няхай плаціць!

Дульская. Значыць, какотцы на 20, саветніку на 10… Другі паверх…

Абедзве засяроджаныя, нахіліліся над сталом, чытаюць.

Заслона паволі апускаецца.

 

 

 

АКТ ДРУГІ

 

Той самы пакой. Паволі змяркаецца. Мерным крокам, з гадзіннікам у руцэ, у халаце, з заплюшчанымі вачамі, ходзіць па сцэне, як драўляная лялька, Дульскі. Стаміўшыся, спыняецца. Раптам адчыняюцца дзверы сямейнай спальні, выходзіць у гарсэце і спадніцы Дульская.

СЦЭНА І

Дульскі, Дульская, Гэся.

Дульская. Феліц'ян! Феліц'ян!

Дульскі ачынаецца і глядзіць на яе.

Чаму не ходзіш, хадзі. Яшчэ няма двух кіламетраў. Я лічу!

Дульскі паказвае ёй гадзіннік.

Дульская. Што ты мне гадзіннікам марочыш галаву, у мяне найлепшы гадзіннік у галаве. Не хадзі! Не хадзі! Добра! Скажу доктару. Наўмысна кажу табе хадзіць тут у пакоі на капец Касцюшкі, а не па вуліцы, каб сачыць, як ты сябе паводзіш… а ты… урэшце, гэта твая справа.

Дульскі пачынае зноў хадзіць. Убягае Гэся, прыгожа апранутая: сукенка светла-блакітнага колеру, блакітныя туфлі, блакітныя панчохі. Цалуе бацьку ў манжэт.

Гэся. Тата ідзе на капец?

Дульскі ківае галавой.

Гэся. А далёка яшчэ?

Дульскі паказвае пяць пальцаў.

Гэся. Пяцьсот?

Дульскі ківае галавой.

Гэся. Дык тата ўжо каля парка Ярдана?

Дульскі бурчыць.

Гэся (смеючыся). Вось так! Вось так! Дык няхай тата хутка ідзе, бо там нападаюць хуліганы.

Дульскі нервова глядзіць на яе і пацепвае плячамі. Гэся ўскоквае на канапу і разглядае сябе ў люстэрку. Дульскі падыходзіць і сцягвае яе з канапы.

Мама не бачыць. (Бяжыць да дзвярэй пакоя дзяўчат.)

Голас Дульскай. Гэся! Ці Мэля прыбраная?

Гэся. Яшчэ чапурыцца!

Дульскі абурана нешта бурчыць.

Гэся. Бацька гэтага не разумее? Ну, прыхарошваецца! У ваш час так не гаварылі? Што з таго? Цяпер гавораць.

Дульская (высоўваецца, святочна прыбраная). Феліц'ян, хопіць хадзіць, ты ўжо на капцы. Заўтра пойдзеш да грота Твардоўскага. (Выходзіць.)

Гэся (ідзе да акна і хукае на шыбу, спявае). Пазамярзала, як у той лужыне.

Дульскі азіраецца і ціха ідзе да грубкі. Становіцца на крэсла і крадзе цыгару. У гэтую ж самую хвіліну Гэся паварочваецца і ўсё бачыць. Дульскі адкашліваецца і ідзе ў пярэдні пакой, апранаецца, потым вяртаецца, падыходзіць да дзвярэй Дульскай, стукае. Яна высоўваецца.

Дульская. Ужо нясе цябе ў кафэ. Вазьмі свае 20 цэнтаў. Цяпер буду штодзённа даваць па 20 цэнтаў. Штотыдзень не … не варта. Адразу ўсё патраціш з сябрамі. Каб да вячэры вярнуўся.

Дульскі з хвіліну прыхарошваецца перад люстрам, потым выходзіць.

Гэся бяжыць да грубкі, становіцца на крэсла і крадзе цыгару.

СЦЭНА ІІ

Гэся, Мэля.

Мэля ўваходзіць, прыбраная, як Гэся, бледная, хворая, затрымліваецца, абураная, у дзвярах, пасля бяжыць да Гэсі, якая паказвае язык і ўцякае да канапы.

Мэля. Гэся! Пакажы, што ты ўзяла?

Гэся. Ну цыгару! Вялікая справа!

Мэля. Украла?

Гэся. Ах! Толькі што бацька таксама краў. А калі такі дамаўласнік можа гэта рабіць, дык чаму я не магу?

Мэля. Нашто табе цыгара?

Гэся. Нашто? Вы-ку-ру!

Мэля. Ох! Калі?

Гэся. У нядзелю. А потым паеду!

Мэля. Куды?

Гэся. На Балтыйскае ўзбярэжжа, або не, дам цыгару палюбоўніку кухаркі, кажу табе, бачыла яго – ён ардынарцам, ну, разумееш, у лейтэнанта… вельмі… вельмі…

Мэля. Як гэта ты прыглядаешся да такіх?

Гэся. А чаму? А чаму? Чаго ты такая бледная?

Мэля. Галава мне страшна баліць.

Гэся. Можа, і ты сцягнула цыгару?

Мэля. Ох, не, у мяне заўсёды такая слабасць, толькі б і спала.

Гэся. Лепш паспрабуй са мной chasses, маё золатца. Я заўсёды забываю, з якой нагі, мая дарагая… Зноў той настаўнік будзе мяне папракаць… Вось бяда, туфель развязаўся. Ганка! Ганка!

Уваходзіць Ганка, бледная, змянілася ў твары.

СЦЭНА ІІІ

Тыя ж і Ганка.

Гэся. Завяжы туфель. Што такое, і ты хворая? Глядзі, Мэля, як яна выглядае.

Ганка. Паненцы здаецца.

Гэся. Але ж ты ледзь ногі валачэш… А цяпер можаш ісці!

Ганка выходзіць, Гэся круціць галавой.

Мэля. Тут нічога дзіўнага, я ведаю чаму яна так змянілася.

Гэся. Ведаеш? Скажы!

Мэля. Не, Гэся, гэта яе таямніца, мне няможна казаць, прынамсі да часу.

Гэся. Як сабе хочаш, гэткая там таямніца. Ну… ну… дай лапу, як гэта… (Свішча). Ну, а цяпер вальс, мая дарагая, брыльянтавая. (Вальсуе.)

Мэля. Чаму ты мяне так сціскаеш?

Гэся (танцуючы). Бо я танцую за мужчыну.

Мэля. Але ж я не магу дыхаць.

Гэся. Вось, вось… А як за даму, тады вось так! (Схіляецца на руку Мэлі). Млява, млява, а потым гляджу кавалеру ў вочы. Я заўсёды так раблю.

Мэля. Ты?

Гэся. Я! Кажу табе, студэнты чырванеюць, як буракі!

Мэля. Пусці мяне!

Гэся. Што з табой?

Мэля. Не ведаю, але…

Гэся. Ну дык заграй ціхенька, каб мама не прыйшла. Я не магу патрапіць у такт. (Падштурхоўвае Мэлю да фартэпіяна.) Вальс!

Мэля ціха грае, Гэся робіць па, смяецца, пераходзіць на стыль.

Мэля, cake walk!

Мэля ціхенька грае. Гэся скача. Уваходзіць Збышка.

 

СЦЭНА ІV

Тыя ж і Збышка.

 

Збышка. Гэта што?

Гэся (танцуючы). Cake walk, cake walk, cake walk! Ну як, праўда, я добры матэрыял на шансанетку?

Збышка. На дзве, а не на адну.

Гэся (трыумфуючы). Бачыш?

Збышка (садзіцца). Адкуль ты гэта ўмееш?

Гэся. Ігнаня мяне навучыла. Ну, ведаеш, Ігнаня Альбжыцкая. Яе брат заўсёды ў начных кафэ сядзіць, дык ён яе навучыў, а яна мяне.

Збышка. Я думаў, што цябе твая кухарка навучыла.

Гэся. Яна?

Збышка. Так. Яна ж дапаўняе тваю адукацыю!

Гэся. Ты зноў за сваё? Далі-бог, не!

Збышка (устае, з запалам). Як ты хлусіш! Эх, тут усе хлусяць. Але ж хоць ты пакінь бога ў спакоі.

Гэся. Зноў злуешся? А быў ты ўжо крыху лепшы. Ну, Мэля, яшчэ трохі. Скажы, Збышка, ці добра, мой кароль, вось так? (Танцуе.)

Збышка. Не зусім, перагніся трохі яшчэ!

Гэся. Як? Як? (Танцуюць удваіх.) Як добра, як прыемна, нібы лётаеш у паветры.

СЦЭНА V

Тыя ж і Дульская.

Дульская (урываецца). Што тут робіцца? Што гэта за балет?

Збышка. Папаўняю адукацыю маёй сястры. (Перастае танцаваць).

Дульская. Гэся, як ты так можаш, што гэта значыць? (Да Збышкі). Мне з табой адно гора. То ты ходзіш, як дзік, то весялішся да шаленства. Дзяўчат у гэта ўцягваеш.

Збышка. Ну добра, добра. Нашто столькі слоў? Куды ж гэта вас нясе ў такім парадным убранні?

Дульская. Перш за ўсё, не нясе.

Збышка. Ногі вас не носяць?

Дульская. Гэта непрыстойна, і пра гэта не гавораць.

Збышка. А гэта прыстойна – прыбраць дзяўчат, як нейкіх балярын? О! Якія ажуры!

Дульская. Гэта дзеці, ім можна.

Збышка. Добрыя дзеці! Паненкі хоць куды!

Дульская . Усе паненкі з прыстойных дамоў ходзяць так на лекцыі танцаў.

Збышка. Няхай прывыкаюць, няхай прывыкаюць.

Гэся. Да чаго? Да чаго?

Збышка. Як вырасцеш, будзеш для выхаду на бал дэкальтавацца зверху, а цяпер, як наіўнае дзіця, – знізу.

Дульская. Збышка! Маўчы! Як ты смееш! (Да Мэлі.) Чаго ты такая бледная?

Збышка. Што ж дзіўнага, змерзла.

Змяркаецца.

Мэля. Галава мне дужа баліць. Мамунька, можа, мне лепш не пайсці?

Дульская. Пакажы язык! Белы. Зноў нешта з'ела? (Прыкладае ёй да галавы руку.) Гарыш уся. Заўсёды з табой нешта. Можа, табе дзе-небудзь коле?

Мэля. Вось тут баліць мне.

Дульская. Пад левай лапаткай? Пакладзі сабе гарчычнік, там ёсць яшчэ адзін, той, што бацька прыкладаў, і раздзенься.

Збышка. Што ж раздзяваць? Няма ўжо чаго. Няхай лепш адзенецца.

Дульская. Гэся! Плашчык, рукавічкі!

Збышка. Пехатой пойдзеце? У такім выглядзе могуць вас арыштаваць.

Дульская. Раны боскія! Не вытрываю! Лямп яшчэ не запальвайце. (Да Збышкі.) Ты куды-небудзь пойдзеш?

Збышка. Не!

Дульская. Тады дагледзь грубку, мы праз гадзіну вернемся. Мэля, ідзі пераадзенься.

СЦЭНА VІ

Збышка, пасля Ганка.

Збышка пэўны момант стаіць нерухома, пасля лянівым, стомленым рухам выцягвае рукі, адчыняе дзверцы грубкі, садзіцца каля яе. Уваходзіць Ганка, бачыць яго, падыходзіць блізка, становіцца на калені і далікатна, з нейкай сабачай пакорлівасцю цалуе яго ў руку. Ён гладзіць яе па галаве, не пазіраючы на яе.

Збышка. Ну ўжо добра… добра…

Ганка. Прашу пана… я…

Збышка. Чаго? Што?

Ганка. Я іду туды, куды пан загадваў.

Збышка. Добра! Ідзі! Ідзі! І не бойся. Толькі гавары смела і выразна, як і што.

Ганка нерухома стаіць на каленях.

Збышка. Ну, чаму ж не ідзеш?

Ганка. Або я ведаю, нешта мне неяк…

Збышка. Ах, не марудзь… Ідзі, бо вернуцца

Ганка. Іду… (Выходзіць.)

СЦЭНА VІІ

Збышка, Мэля.

Мэля (у кафтаніку, падыходзіць ціха да Збышкі і садзіцца на маленькім зэдліку, насупраць яго, нясмела). Збышка!

Збышка. Ты не лягла?

Мэля. Не магу, мне пагоршала. Я не перашкаджаю табе?

Збышка. Не ты яшчэ з усёй фаміліі найлепшая. Можа, таму, што хворая. Дык у табе ёсць нешта больш мілае, нешта іншае, чым у астатніх.

Мэля. Нешта іншае? І ці не таму гэта, што я хворая?

Збышка. Так, у табе мала жыццёвых сіл, дык ты не ідзеш праз жыццё, расштурхваючы ўсіх локцямі, а… крадзешся, разумееш?

Мэля. І мне таксама здаецца, што я ўсім саступаю, што мяне ў кожную хвіліну нешта штурхне… што…

Збышка (з іроніяй). Гэта дрэнна. Панна Дульская павінна ісці напралом, так… разумееш? І калі хто-небудзь штурхне, дык ты яго яшчэ мацней, гэта павінна быць нашым правілам, як найбольш месца für die obere zehn tausend milionen kołtunen!

Мэля (нейкую хвіліну глядзіць на яго). Збышка, чаму ты ўсіх нас так не любіш?

Збышка. Завельмі мала – не любіш, я вас усіх ненавіджу, і сябе разам з вамі.

Мэля. Сябе ненавідзіш таксама? А я па-іншаму… Дазволь мне трохі з табой пагутарыць, добра? Як шарая гадзіна надыдзе, дык я ўсё аддала б, каб мець магчымасць з кім-небудзь добра, ціха, спакойна пагутарыць, толькі што ў нас гэта немагчыма, як на лесапілцы. Мама кажа, што ўсе працуюць, але ж можна працаваць і думкай, праўда, Збышка?

Збышка. Кажы… кажы…

Мэля. Ты сябе ненавідзіш, а я дык сябе вельмі шкадую, ніхто мне нічога дрэннага не робіць, ёсць у мяне тата, мамунька, вы, хаджу ў школу, трымаюся проста, клапоцяцца пра мяне, даюць мне жалезныя кроплі, робяць націранні, я цешуся з усяго, а ўсё ж, усё ж, Збышка, мне здаецца, што мяне неяк крыўдзяць, што мяне нехта няволіць… Пра гэта я табе нават і расказаць не магу, але…

Збышка. Гэта нядобра, Мэля, што ты так адчуваеш сябе, нядобра, найлепш адрачыся ад такіх думак. Хутка вырасцеш, выйдзеш выгадна замуж і будзеш расштурхваць локцямі свет.

Мэля. Не, я пайду ў манастыр.

Збышка. Глупства мелеш, больш глыбокі пласт возьме верх, будзеш такая, як мама.

Мэля. Тата ж локцямі людзей не расштурхвае.

Збышка. Бо тата выбраў больш выгадны шлях: мама замест яго локцямі праз свет прабіваецца, а ён – за ёй.

Мэля (праз нейкую хвіліну). Гэта ўсё нешта вельмі сумнае.

Збышка. Куры смяяцца будуць.

Мэля. Ты з усяго смяешся.

Збышка. Так смяюцца вісельнікі.

Хвіліна маўчання

Мэля (нясмела). Збышка!

Збышка. Чаго яшчэ?

Мэля. Хацела табе нешта сказаць, але… не сварыся, бо сам бачыш, ад шчырага сэрца… бо… тады, як бачыла я…

Збышка. Што?

Мэля. Цябе і Ганку. Дык ты моцна крычаў на мяне, а я ж…

Збышка. Чаму ты пра гэта гаворыш?

Мэля. Бо мне шкада цябе і Ганку. Я заўсёды пра вас думаю, я нават за вас малюся, бо вы, мабыць, дужа няшчасныя.

Збышка. Мы? Чаму?

Мэля. Як жа, яна простая служанка, а ты чыноўнік з пракуратуры… Як жа, і кахаецеся… Гэта надта сумна, ах, як мамунька будзе супраць.

Збышка. Супраць?

Мэля. Ну, як будзеце браць шлюб.

Збышка (усхопліваецца). Ці ты звар'яцела – я з Ганкай?

Мэля (садзіцца на крэсла). Што ж з таго, што яна ніжэй, а як кароль Зыгмунд Аўгуст і Барбара…

Збышка. Ты дурнейшая, чым я думаў.

Мэля. Прашу цябе… Толькі не сварыся. Я буду на вашым баку, я навучу Ганку па-людску гаварыць, есці відэльцам і буду вучыць яе ўсяму, што ўмею, пакуль яна не стане такой, як мы. Я вам памагу.

Збышка. Ну, ты сапраўды дзівачка!

Мэля. Толькі мяне адно вельмі непакоіць, не ведаю, ці сказаць табе.

Збышка. Ну, адважся!

Мэля (устае). Толькі ты Ганцы гэтага не кажы, дай слова… У Ганкі на вёсцы ёсць нарачоны. Так, так, але не засмучайся, яна не кахае яго. Ён вартаўніком служыць. Я знайшла яго паштоўку да

Ганкі. Там было хораша напісана: «Панна Ганя! Шаноўная пані! Голубам шлю гэтую картку пад ножкі панны і пытаю, чаму яна так рэдка мне піша». Так было… О! Голубам – гэта прыгожа, хоць на той паштоўцы і не было голуба, толькі была ружовая свінка з чатырма парасяткамі, але ён заўсёды так ад сэрца пісаў… Ён яе моцна кахае, толькі што яна яму не адпісвае, і гэта нядобра з яе боку, бо ён там піша…

Збышка. Прашу цябе пра адно: не ўмешвайся ў гэтыя справы, табе галава баліць, ідзі ляж.

Мэля. Я толькі так, ад шчырага сэрца.

Збышка. Я ведаю.

Мэля. І не гневаешся?

Збышка. Не! Хадзі пацалуй мяне!

Мэля (цалуе). Дык ты на мяне не злуешся?

Збышка (глядзіць на яе). Не, цяпер не!

Мэля. Дзякуй табе… Так прыемна, калі хто лагодна гаворыць… дзякуй табе… Збышка. (Ціхенька выходзіць у свой пакой.)

Збышка ўстае і ідзе да акна, адкуль падае святло запаленага на вуліцы ліхтара, упіраецца лбом у шыбу і так стаіць. Уваходзіць заплаканая Ганка, захінутая хусткай, падыходзіць да Збышкі і гаворыць праз слёзы.

СЦЭНА VІІІ

Збышка, Ганка.

Ганка. Прашу пана.

Збышка. Ну што? Ну што?

Ганка. Усё так, як я казала. (Заходзіцца ад плачу)

Збышка. Прыгожая гісторыя! Вось няшчасце! (Ходзіць па сцэне).

Ганка. Што я цяпер зраблю?

Збышка. Едзь дадому.

Ганка. Але. Каб мне татка скуру здзёрлі. Не паеду.

Збышка. Урэшце, не плач, яшчэ далёка, можа, што зменіцца.

Ганка. Ага! Гэткім, як я, дык заўсёды вецер у вочы. Мне заўсёды найгоршае трапляе. Надта трэба было мне гэта. Божа! Божа! Хіба толькі ўтапіцца.

Збышка. Вельмі паможа!

Ганка. Смерць – ад усяго збавенне.

Збышка. Дурненькая ты!

Ганка. Але!

Збышка. Ціха, не плач, а то ў мяне і так чэрці душу скрабуць.

Ганка (стараецца прыдушыць плач хусткай). Прашу пана, што я цяпер зраблю?

Збышка (хвіліну глядзіць на яе, потым ідзе ў свой пакой). Вось няшчасце! Вось няшчасце!

Ганка моцна плача; уваходзіць Мэля

СЦЭНА ІХ

Ганка, Мэля.

Мэля (падыходзіць да Ганкі, стаіць перад ёй устрывожаная.) Ганка! Я чула, што Збышка за нешта гневаўся на цябе. Праўда?

Ганка. Не!

Мэля. Я чула і баюся, што гэта ўсё я нарабіла. Мабыць, праз таго нарачонага, які ў цябе ёсць на вёсцы; але чаму ты ўтойвала гэта? Толькі цяпер ужо трэба перастаць пісаць яму. Што ты на мяне так глядзіш? Я ўсё ведаю.

Ганка глядзіць на яе са страхам.

Мэля. Ну ўсё, што датычыць цябе і Збышкі, разумееш?

Ганка закрывае твар хусткай.

І не трэба баяцца, я з вамі буду. Бацьку таксама на ваш бок перацягну. Усё зменіцца, а як шлюб возьмеце…

Ганка. Ды што паненка гавора, хто ж бы гэта цяпер са мной ажаніўся?

Мэля. Як гэта хто?

Ганка. Яно хто ж бы гэта чужое дзіця ўзяў?

Мэля (здзіўленая). Чужое дзіця? Пра што ты гаворыш, Ганка, а можа, ты ўжо ўдава, што ў цябе ёсць дзіця, і ты гэта ўтойваеш ад Збышкі?

Ганка (праз хвіліну). Што ж паненка гавора, што ўсё ведае?

Мэля. Ну, нібы ты і і Збышка, гэта будзе мезальянс, але што ж зробіш.

Ганка глядзіць у зямлю.

Чаму ж ты нічога не гаворыш, Ганка? Чаму ты ўсё плачаш? Я ж да цябе з найлепшымі пачуццямі, не плач, усё як-небудзь уладзіцца.

Ганка (рыдаючы). Нічога не ўладзіцца помста на мяне, няшчасце, ох, нашто я толькі на свет нарадзілася!

Мэля. Божа! Не плач, Ганка.

Ганка. Лепей бы я ногі паламала, перш чым прыйсці сюды на службу.

Мэля. Ганка, не плач, бо мае сэрца лопне. (Нахіляецца над ёй)

Ганка. Няхай мяне паненка пусціць!

СЦЭНА Х

Тыя ж і Юлясевіч

Юлясевіч. Тут ёсць хто-небудзь? На кухні цёмна, дзверы не замкнуты. (Заўважае іх.) Што вы тут робіце ўпоцемку?

Ганка ўцякае.

Якія гэта ў Мэлі сакрэты са служанкай?

Мэля (узрушаная). Гэта ніякія не сакрэты, а зусім іншае. Ганка вельмі нешчаслівая, а я суцяшаю яе.

Юлясевіч. Лепш запалі лямпу.

Мэля запальвае лямпу.

І чаму ж гэта Ганка такая нешчаслівая?

Мэля. Ох! Гэта страшная гісторыя!

Юлясевіч. Раскажы мне яе.

Мэля. Не магу, цёця, не магу, бо гэта жахліва, гэта можа страшна скончыцца!

Юлясевіч. Лепш за ўсё мне сказаць, можа, я знайду якое выйсце.

Мэля. Гэта праўда! Цёця гэткая разумная і як ніхто іншы здолее ўлагодзіць мамуньку. (Садзіцца.)

Юлясевіч. А што ж тут мама зробіць?

Мэля. Як гэта? Яна – самае галоўнае! (Праз пэўную хвіліну.) Я цёці ўсё раскажу, як на споведзі, але, цёця, калі цёця мне здрадзіць, што гэта я… дык… ужо не ведаю, што. Цёця, цёця, здарылася няшчасце. Збышка закахаўся ў Ганку.

Юлясевіч (пырскае са смеху). Толькі ўсяго!

Мэля. Цёця, няхай цёця не смяецца! Бог ведае, што з гэтага можа быць, бо маці не згодзіцца на шлюб. Вось пабачыце!

Юлясевіч. Адкуль ты гэта ўсё ведаеш?

Мэля. Я незнарок падглядзела! Бог сведка. Я адразу пасля гэтага заплюснула вочы.

Юлясевіч. Лепш было б, каб перад гэтым. Ну і што бачыла?

Мэля. Цёця, яны павінны пажаніцца. Яны ўжо цалуюцца.

Юлясевіч (смяецца). Ну, калі ўжо цалуюцца…

Мэля. Так, так. З таго моманту, як я гэта ўбачыла, дык зусім ужо не магу спаць, як толькі прыпомню, дык нешта мяне ажно закалоціць. І плакаць мне хочацца, і сумна, і прыемна… Але ж гэта я, а мама дык напэўна пракляне Збышку.

Юлясевіч. Не бойся, цялятка, мама Збышку за гэта не пракляне.

Мэля. Ды каб толькі гэта, а то ж ёсць яшчэ больш складаныя справы. Ёсць яшчэ вартаўнік там, на вёсцы, і пасля ўжо дык не ведаю, ёсць яшчэ чужое дзіця.

Юлясевіч. Чужое дзіця?

Мэля. Ага! Ганка казала…

Юлясевіч (з зацікаўленасцю). Ну… ну… як казала?

Мэля. Я ёй кажу; пойдзеш замуж, нібы за Збышку, я ўсё пра гэта думала, а яна тады як зараве і гаворыць: «А хто мяне цяпер з чужым дзіцем возьме!»

Юлясевіч. Так сказала?

Мэля. Цёця, я ніколі не хлушу… Толькі я гэтага ўсяго ніяк зразумець не магу. А цёця што-небудзь разумее?

Юлясевіч. Разумею! Разумею!

Мэля. Няхай мне цёця растлумачыць, родная мая!

Юлясевіч. Не, паненка. Я табе гэтага не растлумачу. Толькі адно запамятай: трымай язык за зубамі. Ані слова нікому пра гэта. Ані слова. І далей не падглядваць! А калі што і ўбачыш – заплюсні вочы.

Мэля. А цёця гэтым зоймецца?

Юлясевіч. Магчыма.

Мэля. Мая святая цёця! Яны яшчэ ўцякуць або пазабіваюцца. Так было ў Кіеве… Ціха! Збышка!

СЦЭНА ХІ

Тыя ж і Збышка.

Збышка апрануты на выхад.

Юлясевіч. Як пажываеш? Ідзеш куды-небудзь?

Збышка. Так!

Юлясевіч. Зноў на гулянку?

Збышка. Зноў

Юлясевіч. Ты ж у апошні час больш дома сядзеў.

Збышка. Відаць, ужо хопіць.

Юлясевіч. Шкада, лепш выглядаеш, адышоў крыху.

Мэля. Збышка, зараз усе вернуцца, будзем чай піць.

Збышка. Мяне не чакайце.

Мэля. Мама зноў будзе злавацца.

Збышка. Ды адчапіцеся вы!

Юлясевіч.Ты б мог быць ветлівым!

Збышка. Нашто?

Юлясевіч. Хоць бы са мной… Так сябе паводзіш…

Збышка. Дарагая мая, ты то хочаш, каб цябе абразілі, і нават просіш гэтага, то хочаш, каб цябе шанавалі. Дык выберы што-небудзь адно: або ты матрона, або какотка.

Юлясевіч (раззлавана). Лепш за ўсё з такім нахабнікам наогул не гаварыць.

Збышка. Лепш. І перастань малявацца, бо выглядаеш, як падноўленая камяніца к прыезду імператара. Бывай!

Юлясевіч. Эй! Пашкадуеш яшчэ за сваю нахабнасць.

Збышка. Я ніколі нічога не шкадую. (Выходзіць.)

Мэля. Ён зноў такі сярдзіты, як раней. І з Ганкай ён сварыўся. О, мама ідзе праз кухню.

 

СЦЭНА ХІІ

Тыя ж і Дульская, Гэся, пасля Дульскі.

Дульская (да Юлясевіч). Як маешся, я так абурана…

Юлясевіч. А што здарылася?

Дульская. У трамваі зноў авантура. Калі Гэся сядзіць, дык выглядае дзіцем, ніжэй метра. Кажу ёй, скурчыся…

Гэся. Э, прашу маму!

Дульская. Яна наўмысна выцягваецца, і пасля з кандуктарам спрэчка, усе глядзяць.

Юлясевіч. Ах, праз гэты цэнт ці два…

Дульская. Хто не беражэ гроша, той не варты… Ганка, рыхтуй стол. Мы тут будзем піць чай, бо грубка ў сталовай зусім не грэе.

Юлясевіч. Чаму цёця яе не паправіць?

Дульская. Ці я дурная? На наступны год я тут жыць не буду, а здам кватэру. Тады мне кватарант паправіць грубку. Пайду адзену шлафрок. Гэся, пераадзенься! Мэля, займіся чаем.

Дульская выходзіць, Ганка рыхтуе стол, Юлясевіч аглядае яе.

Гэся. Сёння быў дрэнны ўрок, ты добра зрабіла, што не пайшла. Былі толькі вучні-падлеткі. (Выбягае.)

Юлясевіч. Ганка! Чаму ты так схуднела?

Ганка. Зубы баляць.

Юлясевіч. Зубы?

Дульская (уваходзіць у халаце). Жвава! Самавар, булкі… (Да Юлясевіч.) Вып'еш з намі чаю.

Юлясевіч. Добра.

Уваходзяць Мэля і Гэся са сшыткамі.

Дульская. Як прыемна, што я ўжо дома. Для жанчыны няма нічога лепшага, як дом. Я заўсёды буду гэта паўтараць. Паклічце Збышку!

Мэля. Збышка пайшоў!

Дульская. Пайшоў?

Мэля. Але, відаць, хутка вернецца.

Юлясевіч. А цёця казала, што ён выправіўся.

Дульская. Бо так ёсць. Пераканаўся, што нічога лепшага, як дом і сям'я, няма. Мабыць, мае нейкія тэрміновыя справы.

Юлясевіч. Якраз не, казаў, што яму абрыдлі дом і гэтая сям'я.

Дульская. Казаў?

Юлясевіч. Так, толькі што. Праўда, не казаў зусім адкрыта, што тут яму абрыдла… Хопіць таго, што пайшоў.

Гэся. Будзе зноў цягацца.

Дульская. Глядзі свайго носа! З гэтым хлопцам ратунку няма. Ужо яму так дагаджаю, каб толькі як утрымаць дома.

Юлясевіч (шматзначна). Э! Прашу цёцю, гэтае «дагаджаю» дасягнула ўжо сваёй мэты.

Дульская. Не разумею. Дзе ж яму можа быць лепш, як не ў сямейным асяроддзі…

Юлясевіч. Гм!

Дульская (да Мэлі). Што гэта за міны ты да цёткі робіш?

Юлясевіч. Да мяне? Цёці здаецца. А што датычыцца гэтага сямейнага асяроддзя…

Дульская. Што ты можаш пра гэта ведаць? Заўсёды толькі недзе лётаеш. І прызнаюся табе нават, што пачынаюць ужо гаварыць пра цябе.

Юлясевіч. Пра кожнага гавораць.

Дульская. Пра цябе гавораць тое, што ты сама хочаш, каб гаварылі.

Юлясевіч. Напрыклад?

Дульская. Што ты какотка.

Юлясевіч. Э!

Дульская. Даеш падставу на гэта. Чаму пра мяне ніхто гэтага не гаворыць?

Юлясевіч (пакрыўджана). Можна б было пры дзяўчатах не павучаць мяне.

Дульская. Гэта дзеці, яны не разумеюць, а потым – няхай нават чуюць, гэта будзе для іх навукай на далейшае, гэта іх навучыць, куды могуць завесці легкадумнасць і жаданне падабацца.

Уваходзіць Дульскі, вітаецца, вымае газету, садзіцца і чытае.

Юлясевіч (усё больш злосна). Дапраўды, дзіўна цёця разумее гасціннасць.

Дульская. Дарагая мая, я перш за ўсё разумею мараль і яе маю на ўвазе. Ці дома… ці…

Юлясевіч. Гэта значыць, што мае паводзіны немаральныя?

Дульская. На першы погляд. Заўсёды бачу цябе на вуліцы.

Юлясевіч. Не магу ж я хадзіць па дахах.

Дульская. Ты пафарбавала валасы на руды колер. Дзе ты бачыла прыстойную кабету з рудымі валасамі?

Юлясевіч. Ну, гэта ўжо занадта.

Дульская. Учора, напрыклад, Крэмбова казала…

Юлясевіч. Э! (Устае). Ужо хопіць гэтага, дапраўды, цёця заўпарцілася, каб мяне нерваваць. Я ў цёціны справы не ўмешваюся, а, можа, таксама шмат чаго можна было б сказаць.

Дульская. Калі ласка! Калі ласка! Маё сумленне чыстае і не баіцца белага дня.

Юлясевіч. Лепш ужо не заглядаць у гэты белы дзень, бо шмат чаго можна ўбачыць, а ўрэшце, няхай мяне цёця не вымушае… бо дапраўды.

Дульская (абурана). Скажы, не саромейся.

Юлясевіч. Пры дзецях нельга.

Дульская. Гэся! Мэля! Выйдзіце. Феліц'ян, збірайся і ты таксама!

Гэся, Мэля і Дульскі выходзяць.

Дульская. Прашу цябе, мы тут адны, кажы ўсё, што думаеш.

Юлясевіч. Дапраўды цёця заслугоўвае таго, каб даведацца. Дык я скажу цёці, што калі цёця заглядае ў мой дом, дык перш за ўсё цёця павінна свой ачысціць ад бруду.

Дульская. У маім доме бруду няма, а тым больш людзі пра мой дом не гавораць.

Юлясевіч. Будуць гаварыць, будуць неўзабаве.

Дульская. На што гэта ты намякаеш?

Юлясевіч. Растлумачу, як мяне цёця запросіць на хрэсьбіны.

Дульская. Мая пані, нясмачны жарт! Я і Феліц'янт выкінулі глупства з галавы.

Юлясевіч. Я і не кажу, што цёця будзе маткай, а бабкай!

Дульская. Што? Як?

Юлясевіч. Збышка на гэта пастараўся.

Дульская. Збышка? Збышка?

Юлясевіч. І… Ганка!

Дульская. Езус-Марыя! Ты хлусіш! Хочаш мяне забіць? Жах. Мала таго, што майго дворніка пераманілі, дык яшчэ нешта такое выдумляюць.

Юлясевіч. Я хлушу? Найлепш няхай цёця сама спытаецца ў Ганкі.

Дульская. Скандал! Ганка! Ганка! Ідзі сюды зараз жа.

Юлясевіч. Я лічу за лепшае не чуць гэтага, пайду да дзяўчат, а як цёця пераканаецца, дык перапросіць мяне!

Дульская. Заўтра ўранні! Ганка! Ганка!

Юлясевіч шпарка выходзіць, убягае Ганка з бялізнай.

СЦЭНА ХІІІ

Дульская, Ганка.

Ганка. Вяльможная пані клікала мяне? Я іду качаць бялізну.

Дульская. Ганка! Адказвай, але так, як перад ксяндзом, ці праўда гэта, што ты…

Ганка адступае к сцяне і стаіць нерухома.

Адказвай.

Ганка (намагаючыся). Так, прашу вяльможную пані.

Дульская. Можа, хлусіш? Можа, хітруеш?

Ганка. Не хлушу.

Дульская. Як бога хочаш мець пры скананні?

Ганка. Як бога хачу мець пры скананні.

Вялікая паўза, Ганка плача.

Дульская. Аддам табе кніжачку, заплачу да першага, выбірайся.

Ганка. Я хачу пайсці цяпер!

Дульская. Так будзе лепш. Я такіх дзяўчат, што свайго дзявочага гонару не шануюць, не магу трымаць! Выбірайся зараз… Іду па кніжачку. (Выходзіць у спальню.)

Ганка стаіць нерухома, выцірае слёзы і накіроўваецца да кухні.

СЦЭНА ХІV

Ганка, Юлясевіч, пасля Мэля, Збышка.

Юлясевіч. Ганка!

Ганка. Што?

Юлясевіч. Што здарылася?

Ганка (з плачам). Вяльможная пані выкідае мяне.

Юлясевіч. Пабачся з панам Збышкам.

Ганка. Але… што мне там! Няхай іх за маю крыўду! (Выбягае на кухню.)

Мэля. Цёця, цёця, ну што? Я так баюся!

Юлясевіч. Ідзі да сябе, не паказвайся.

Мэля. Божа мой! Цёця! Няхай іх цёця не пакідае.

Юлясевіч выпіхвае яе ў пакой дзяўчат. Уваходзіць Збышка.

Збышка (да Юлясевіч). Ты тут? Гэта дзіўна… Там твой афіцэр шпацыруе каля брамы і чакае.

Юлясевіч. А табе што да гэтага? Глядзі лепш, каб самому не дасталося па заслугах.

Збышка. Што гэта за тон!

Юлясевіч. Лепш ты змяні свой тон, бо зараз па-іншаму запяеш. Раскрыліся твае справы з Ганкай…

Збышка. А… псякрэў!

Юлясевіч. Кляні, кляні. Вельмі табе паможа. Маці Ганку цяпер выганяе, цікава, што твой гонар спакусніка падкажа табе зрабіць для тваёй… ахвяры! (Іранічна смяецца.)

Збышка (хапаецца за капялюш). Змяя!

Юлясевіч. Я так і ведала! Капялюш у руку і форт! Найлепшае выйсце.

Збышка. Маўчы, не даводзь мяне да злосці.

 

СЦЭНА ХV

Тыя ж і Дульская.

Дульская (з кніжачкай у руках). Ганка! А ты не ўцякай, маю да цябе размову.

Збышка. Так, так, ведаю ўжо, аб чым гаворка, і… Паказала б мама больш такту, калі б пра гэта не гаварыла.

Дульская. Такту! Такту! Ты асмельваешся гаварыць пра такт. Ты, які выклікаў такі скандал пад бацькоўскім дахам. Калі гэта разнясецца па, вуліцы, дык астанецца толькі прадаць дом і падацца ў Дубнікі або ў Краворду.

Збышка. Гэта мая справа!

Дульская. Бессаромнік! Да таго давесці, каб мне пасля абы хто гэтым у вочы тыцкаў.

Юлясевіч. О, прабачце, той абы хто, мабыць я. Гэта ўжо занадта… так гаварыць, а ці ведае цёця, што досыць мне толькі два словы сказаць… каб гэта прыгожая гісторыя выглядала інакш.

Дульская. Што скажаш, тое будзе хлусня. Такой, як ты, ніхто не паверыць.

Юлясевіч. Якая ёсць, такая ёсць, але ніколі б не дапусціла таго, што тут дапушчана. (Да Збышкі) Адно знай, што твая маці пра Ганку ведала з самага пачатку.

Дульская. Няпраўда!

Юлясевіч. Ага! Няпраўда! Праз пальцы глядзелі вы, праз пальцы! Толькі цяпер, калі пагражае вялікі скандал, дык на Збышку, на Ганку.

Збышка. Прыгожая гісторыя! І гэта з якой мэтай?

Юлясевіч. Каб дома сядзеў…

Збышка. А, разумею!

Дульская. Яна хлусіць!

Збышка. Яна праўду гаворыць. Гэта вельмі на маміну мараль падобна.

Дульская (стукае кулаком па стале). Хлусіць!

Юлясевіч. Не хлушу!

Збышка. Праўду гаворыць, я гэта адчуваю і добра ведаю, што вы не хочаце выносіць смецце з хаты. Але хто вецер сее, той буру жне. (Бяжыць у кухню.) Ганка!

Мэля і Гэся паказваюцца на парозе.

Дульская. Збышка!

Збышка. А хоча мама ведаць, што я зраблю? Хоча мама ведаць? Мы з Ганкай пажэнімся!

Дульская. Езус-Марыя! Параліч мяне разаб'е.

Мэля. Мама, прабач яму, блаславі!

Дульская. Адчапіся!

Збышка (уцягвае Ганку). Ганка, кінь гэтыя лахманы, астанешся тут назаўсёды!

Ганка. Дык мне ж пані адмовіла.

Збышка. Астанешся! Я з табой ажанюся.

Ганка. Раны боскія!

Дульская. Я не дазволю.

Збышка. Гэта дарэмна.

Дульская (да Дульскага, які ўвайшоў). Феліц'ян, бачыш… якую твой сын дае нам нявестку? (Заклапочана падыходзіць да мужа.) Ну паварушыся ты, бацька… Пракляні яго, дык, можа, яшчэ апамятаецца.

Збышка. Дарэмна. Так будзе. Няхай такая брыдота топіцца ва ўласным балоце.

Дульская. Раны боскія! А як мяне спытаюць, хто мая нявестка, з якога дому?

Збышка. Дык скажа мама, што не з дому, а з хаткі. Гэта будзе найгоршая кара! Ганка, упадзі да ног, прасі блаславення.

Ганка. Прашу вяльможную пані, я ж…

Дульская. Ідзі вон! Феліц'ян, адзавіся!

Дульскі. А няхай вас чэрці! (Выходзіць.)

Дульская (падае на канапу). Не вытрываю, далібог, не вытрываю.

Збышка. Садзіся, Ганка, садзіся побач з мамай. Цяпер тваё месца тут. (Садзіць сілком Ганку на канапу.)

Юлясевіч. Збышка!

Званок, Ганка ўсхопліваецца і хоча бегчы адчыніць.

Збышка. Сядзі! Не варушыся!

Ганка. Я хачу адчыніць!

Гэся. Нехта ідзе…

Збышка (садзіць сілком Ганку, ідзе на кухню і, стоячы на парозе пярэдняга пакоя, гаворыць). Няхай кухарка ідзе адчыніць і скажа, што абедзве пані Дульскія прымаюць.

Заслона

 

АКТ ТРЭЦІ

Той самы пакой. Шторы паднятыя. Каля грубкі дрэмле Ганка, захінутая ў чорную хустку. Уваходзіць Мэля ў мультановай спадніцы, трымае булку і кубак з кавай. Бяжыць да дзвярэй спальні, пэўную хвіліну слухае, вяртаецца, нахіляецца над Ганкай і далікатна будзіць яе.

СЦЭНА І

Мэля, Ганка. Пасля Гэся.

Мэля. Андзя! Андзя! Прачніся!

Ганка. Га, чаго?

Мэля. Прачніся, мая бедная Андзя!

Ганка. А… гэта вяльможная паненка, я мігам па малако…

Мэля. Не, не. Ты ўжо цяпер не пойдзеш па малако… Ужо кухарка прынесла, я занялася снеданнем.

Ганка. А вяльможная пані?

Мэля. Мама слабая, ляжыць… На трохі кавы. Выпі. І булку з'еш.

Ганка (прыпамінае). А, так… так, забылася, цяпер ужо ведаю. (Пачынае плакаць.) О Езус! Родненькі!

Мэля. Чаго плачаш? Цяпер усё так, як трэба. Найгоршае мінула. Ужо мамунька ведае пра ўсё. Не хоча дазволіць, але мусіць. Толькі Цяпер ты і Збышка павінны цвёрда трымацца і ўсё перамагчы сваім каханнем. Мама сама будзе расчулена.

Ганка. Я пайду паліць у печах.

Мэля. Не, не, ты гэта кінь. Лепш не турбуйся. Як ты зноў пачнеш выконваць абавязкі служанкі, дык яшчэ горш будзе. Сядзі тут спакойна і чакай.

Ганка. А бялізна не качаная…

Мэля. Не турбуйся. Цяпер пакаёўку возьмуць, і яна за цябе ўсё зробіць. Цяпер ты – нарачоная Збышкі, значыць, не твая справа паліць у печах. Пі каву… маё золатца.

Ганка. Дзякую паненцы, не магу, мне ад таго, што ўчора было, ажно… ну… (Абцірае нос.) О Езус!

Мэля (садзіцца каля яе). Мая Андзя, я ведаю, што гэта непрыемна, але нічога не зробіш. Пабачыш, што яшчэ будзеш са Збышкам вельмі шчаслівая. Адзенешся як след, рукі натру табе гліцэрынай, пісаць навучу, нічога рабіць не будзеш.

Ганка. Э! Гнісці без работы…

Мэля. Дык у цябе іншы занятак будзе. І я заўсёды буду з табой. Я замуж не пайду – здароўе не дазваляе. А мама кажа: каб замуж ісці, трэба мець конскае здароўе. І наогул, я хацела б табе сказаць, што… датычыцца гэтага нейкага дзіцяці, пра якое ты гаварыла і чаго я  не разумею, дык калі ты ўжо была замужам і баішся, што нібы мужчыны неахвотна жэняцца на ўдовах, у якіх ёсць дзеці… дык не бойся. Я гэтым дзіцем займуся, выхаваю. А тое, што мне мамунька дасць на адзенне ці на пасаг, я дзіцяці аддам… Я так вырашыла сёння ўначы. Я хацела ісці ў манастыр, бо там ціха і, мабыць, так прыемна за мурам, калі ў маі звоніць уранку звон. Але ж і на людзях можна мець цішыню. Ды і наогул, я лічу за лепшае прысвяціць сваё жыццё табе. Ну… еш булку… еш… А ты за гэта павінна быць да мяне вельмі добрая і гаварыць да мяне: “Мая залатая, добрая, любая, Мэля…” Ну… паўтары…

Ганка. Ды што, паненка… ды што, паненка…

Мэля. Заві мяне Мэля, а я цябе – Андзя.

Ганка. Дык я ж Ганка.

Мэля. Не, калі жонка Збышкі, дык Андзя.

Гэся. (убягае ў адной панчосе, скачучы). Цудоўна… Неўзабаве дзевяць, а дома ціха, пра гімназію сёння забыліся… Цудоўна!

Мэля. Ціха! Мамунька хворая.

Гэся. Сёння ўсе ў нас хворыя. Ніхто не ідзе на працу. Толькі татка, вядома. (Да Ганкі) Што ж ты? Belle soeur, a! Гі… гі…!  Здарова, чучала.

Мэля. Гэся, ці ж можна так?

Гэся. Ты што, усё гэта за праўду лічыш? Гэта ж камедыя., не больш. Гу, халодна тут. У печах не паляць. Што значыць дамашнія непаладкі. (Раптам садзіцца каля Ганкі.) Скажы, ці ты першая зачапіла Збышку, ці ён цябе?

Ганка. Як гэта паненка бога не баіцца…

Гэся. О, ужо навучылася дзе трэба, дзе не трэба памінаць бога. Яшчэ да нашай фаміліі не належыш. Гі, гі! Ці сабе думаеш, пудзіла ты, што Збышка напраўду з табой ажэніцца?

Ганка плача.

Мэля. Гэся, не рабі ёй прыкрасці.

Гэся. Ды не, не. Абяцаю нават быць шаферкай і павесці да алтара чароўную маладую. Глядзі, Мэля, як мае ногі падраслі ад учарашняга.

Мэля. Прастудзішся!

СЦЭНА ІІ

Тыя ж і Дульская.

Дульская (бледная, у халаце, галава завязана). Што гэта тут робіцца? Дома? Не ў гімназіі?

Гэся. Няма каму нас завесці.

Ганка. Я пайду.

Дульская. Ты! Завядзеш паненак? Ну! ну!. (Да Гэсі.) Ідзі адзенься.

Гэся. Але з гімназіяй сёння ўжо нічога не будзе.

Дульская. Вядома. Усё так, і ўсё праз…

Мэля (цалуе яе ў руку). Мамунька, золатка, даруй ім, не гневайся! Ужо яна табе ўсё жыццё…

Дульская. Прашу не ўмешвацца ў гэта.

Мэля адыходзіць.

(Да Ганкі.) Ты ідзі ў каморку, “дзе кладуць брудную бялізну, і сядзі там, не выходзь, пакуль не паклічу цябе. Разумееш? Твая хросная маці, гэтая Тадрах, што два разы ў нас мыла бялізну, яшчэ пражывае на вуліцы святога Юзэфа?

Ганка. Так, прашу вяльможную пані.

Дульская. Добра, а цяпер ідзі.

Ганка ідзе на кухню.

(Да Гэсі) Ты пісьмо цётцы паслала?

Гэся. Паслала і прасіла дворніка перадаць, што мамунька просіць, каб цёця адразу прыйшла.

Дульская садзіцца прыгнечаная.

Прашу маму, ці сапраўды Збышка з такой ажэніцца?

Дульская. Ды адчапіся ты!

Гэся. Я таксама думала, што гэта немагчыма… Хоць бы дзеля нас. Ці ж бы хто прыстойны пасля гэтага заляцаўся да мяне або да Мэлі?

Дульская. Ды адчапіся ты.

Гэся. Урэшце, гэта Мэлі менш датычыць, усё роўна яна будзе старой дзеўкай, але я…

Дульская. А я табе кажу, адчапіся ты, бо на табе злосць спаганю.

Гэся. Толькі прашу маму… я не разумею, як мамунька пра гэта не ведала. Я дык ужо даўно прыкмеціла! Я…

СЦЭНА ІІІ

Тыя ж і Збышка.

Збышка (апрануты, як на выхад). Дзе Ганка? Я пытаюся, дзе Ганка?

Гэся. Твая каханая каструлі мые.

Збышка. Прашу больш не выкарыстоўваць яе на кухонных работах. Дзе Ганка сёння спала?

Маўчанне.

Пытаюся, дзе Ганка сёння спала?

Гэся. На зэдліку каля грубкі, склала рукі і сціснула вусны, нібы той анёлак.

Збышка. Трэба з ёй па-іншаму абыходзіцца; я іду па справах, хутка вярнуся.

Гэся (смеючыся). Пастаў пасцель пад балдахінам у салоне.

Збышка. Змоўкні!

Гэся. Мне не хочацца, мне хочацца… Cake-walk… Cake-walk… (Робіць некалькі па). Гануся, салодкая, нарачоная… Дзяўчына з вуснамі, як маліна…

Збышка. Ідзі ты… (Выходзіць.)

Гэся. Жах! Такога, як жыву, яшчэ не бачыла. (Прыслухоўваецца.) Здаецца, на кухні дворнік… Даведаюся. Толькі, ведае мамунька, я сумняваюся, ці прыйдзе цёця, бо ўчора была надта надзьмутая.

Дульская. Ідзі, ну ідзі…

Гэся выходзіць. Дульская пэўную хвіліну сядзіць нерухома. Чуваць, як выбіваюць дываны. Яна прыслухоўваецца, потым усхопліваецца, бяжыць да акна і крычыць зусім іншым голасам.

Няможна… На дварэ выбіваць трэба… няможна…

Гэся (вяртаецца). Цёця сказала, што зараз прыйдзе.

Дульская. Цяпер ідзі прыбярыся.

Гэся. А пасля, можа,  схаджу на шпацыр, што?

Дульская. Гэта табе ў галаве? Тут такі скандал наспявае, а яна на шпацыр.

Гэся. Ну добра… добра… ужо іду. (Выбягае)

СЦЭНА ІV

Дульская, Юлясевіч.

Юлясевіч. Цёця мяне клікала?

Дульская. Так.

Юлясевіч. Уласна кажучы, я не павінна б была прыходзіць пасля такой вялікай абразы, але ў няшчасці трэба віну дараваць чаго ж цёця жадае?

Дульская (раптоўна). Злітуйся!.. Ратуй. Выбаві мяне з такога становішча. Бо гэтакая жаніцьба для Збышкі – гэта найгоршая згуба. Як я ў вочы людзям глядзець буду?

Юлясевіч. Цётачка мая… сама цёця кашы наварыла. Я раіла адправіць Ганку.

Дульская. Але калі я табе растлумачыла, для чаго яе трымаю, дык і ты пагадзілася, што так лепш. Я ж гэта зрабіла дзеля яго. Глядзець больш не магла, як валачыўся. Так часта робяць. Не я першая і не я апошняя.

Юлясевіч. Так, вядома.

Дульская. Дай параду! Ратуй! У цябе дасканалы зладзейскі спрыт, ты ўсё прыдумаеш. Перш за ўсе забяры гэтую Ганку да сябе. Выкінуць яе не магу, бо пра нас разнясе па гораду. Дома ты будзеш сачыць за ёй, каб ні з кім языком не трапала.

Юлясевіч. Што хочаце, толькі не гэта. Дзякую за такую мэблю. Ад гэтакай ніколі не даведаешся, чым яна дыхае. Але трэба сапраўды нешта зрабіць, бо і для нас саміх гэта непрыемна. Мой муж аж вячэраць не мог, калі даведаўся. А сваякі ў яе ёсць?

Дульская. Ёсць толькі хросная маці. Прачка.

Юлясевіч. Трэба яе паклікаць.

Дульская. Кухарку паслала па яе.

Юлясевіч. Можа, што выкрыецца пра гэту Ганку. Можа, яна ўжо ў вёсцы добра гуляла? Калі Збышка даведаецца… Хоць, як мне здаецца, Збышка ўсё гэта зрабіў на злосць цёці.

Дульская. На злосць мне? Матцы? Вось і гадуй гэтых дзяцей! Так ужо яго аберагала! Вазіла на курорт, а як на атэстат сталасці здаваў, дык я, ну… а пасля пастаралася пра пасаду ў пракуратуры, і вось табе… на… (Плача.)

Юлясевіч (устае). Прашу цёцю супакоіцца. Гэта не паможа. Тут трэба дзейнічаць энергічна. Што яна гаворыць?

Дульская. А што ж яна можа гаварыць? Нічога!

Юлясевіч. Гэта яшчэ шчасце, што яна не зусім разумная, бо каб на іншую, дык яна б паказала. Няхай цёця дасць ёй гарэлкі і хлеба з маслам.

Дульская. Што?

Юлясевіч. Я ўжо ведаю, што кажу! Мёдам прыманьваюць мух, а не воцатам.

СЦЭНА V

Тыя ж і Тадрах.

Тадрах. Нех бэндзе похвалёны Езус Хрыстус!

Дульская (устае). А, гэта вы! (Да Юлясевіч.) Гэта прачка.

Тадрах. Цалую ручкі вяльможнай пані гаспадыні! Што ж гэта, зноў бялізну мыць трэба?

Юлясевіч. Няхай цёця мне дазволіць. Не, мая добрая кабета. Мы сюды вас паклікалі зусім па іншай справе.

Тадрах. Цалую ручкі.

Юлясевіч. Тут справа ў Ганцы.

Тадрах. А-а…

Юлясевіч. Бачыце, так здарылася, Ганцы трапіўся вельмі добры муж.

Дульская. Што ж ты…

Юлясевіч. Зараз, цёця, вельмі добры муж. А таму, паколькі гэта паважаны майстар, выхаванак цёці, дык мы хочам наперад ведаць, ці прыстойна сябе Ганка паводзіла. Бо ведаеце, якія размовы могуць быць у такім невялікім горадзе.

Тадрах. Ну, ну… так, вяльможныя пані… нібы… я вас разумею.

Юлясевіч. Вось, вось… дык што датычыцца Ганкі. Як яна там сябе дома паводзіла? Толькі няхай Тадрахова скажа гэта, як на споведзі, бо гэта важная справа.

Тадрах. Што датычыць Ганкі, дык, вяльможная пані, гэта была дзяўчына чыстая, як шклянка. Нават шраміка не было.

Юлясевіч. Вы маглі б прысягнуць?

Тадрах. Перад алтаром. За яе, як за сябе!

Юлясевіч. Ну, а той вартаўнік?

Тадрах. Гэта іншая справа. Ён заручыўся з ёй. Але што датычыцца таго, дык о!.. Толькі што не было грошай на гаспадарку, таму ўсё зацягнулася. Але ўсё гэта прыстойна; сам ксёндз-пробашч можа пацвердзіць.

Юлясевіч. Ну, а тут, у горадзе?

Тадрах. А гэта ўжо хіба вяльможная пані гаспадыня ведае, бо дзеўчына ж нібы тут… як бы пад апекай…

Маўчанне.

Юлясевіч. Можа, пані Тадрахова гарэлкі вып'е?

Тадрах. Цалую ручкі вяльможнай пані, прысягала не піць гарэлкі! (Смяецца.)

Юлясевіч (смяецца). А лікёр?

Тадрах. Ну, хіба…

Юлясевіч (да Дульскай). Дай, Анэлька, чаго-небудзь салодкага.

Дульская выходзіць.

Пані Тадрахова думае, што Ганка можа з чыстым сумленнем выйсці за таго, хто ёй трапляецца?

Тадрах. Прашу вяльможную пані, калі яна яму падабаецца, дык, можа, ён не будзе такі пераборлівы. Гэта ў паноў такія норавы. А ўрэшце, хіба я ведаю?

Дульская вяртаецца з чаркай і ставіць яе перад Тадрах.

Юлясевіч. Піце.

Тадрах. Цалую ручкі, цалую ручкі! (П’е.) Гі! Але ж, гі!

Юлясевіч. Моцнае?

Тадрах. Аж іскры з вачэй сыплюцца, такое моцнае.

Юлясевіч. Значыць…

СЦЭНА VI

Тыя ж і Збышка.

Тадрах. Цалую ручкі вяльможнаму маладому пану гаспадару… Цалую ручкі…

Збышка. Пачакайце! Гэта вы мне калісьці насілі адзежу да краўца?

Тадрах. Я, вяльможны пане, пасля таго, як апошні раз мыла бялізну.

Збышка. Вы сваячка Ганкі?

Тадрах. Хросная маці!

Збышка. Усё складаецца, як лепш не трэба. Павінен паведаміць вам, што з Ганкай жанюся.

Тадрах. Вяльможны пан лічыць мяне вар'яткай.

Збышка. Жанюся! (Глядзіць на Дульскую.) Жанюся, і неўзабаве. Я хадзіў даведацца, якія патрэбны паперы. Дзе Ганку хрысцілі? Неадкладна трэба яе метрыка. Разумееце? Урэшце, прыйдзеце заўтра, дык усё ўляжацца. (Выходзіць да сябе.)

Тадрах. У імя айца і сына… Хіба вяльможны малады гаспадар не ў сваім розуме або вельмі сумленны чалавек?

Юлясевіч. Як вы гэта разумееце?

Тадрах. Яно… прашу вяльможных пань, я ж не сляпая. Я ўсё бачыла, як і што. Дастаткова было ўбачыць, як Ганка памізарнела. А плача ўпотай, а да мяне прыбягае… Я ёй заўсёды казала. Не плач, пан годны, з прыстойнай сям'і, ён цябе забяспечыць. Але каб нават ажаніўся…

Дульская. Вы, можа, думаеце, што я на гэту жаніцьбу згаджуся?

Тадрах. О, барані божа! Без блаславення маці мы да алтара не пойдзем. Але ж я думаю, што вяльможная гаспадыня не будзе стаяць на дарозе… Калі малады пан гэтак хоча, значыць, ён ужо ад бога натхнёны, каб сіраце не рабіць крыўды. Увесь яе пасаг быў – дзявоцкая нявіннасць, а цяпер ніхто яе не возьме, бо ганьбы сваёй багаццем не прыкрыеш. Яно, праўда, грашыма людзям мыліць вочы можна.

Юлясевіч. Ваша праўда… грашыма… Можа, яшчэ чарачку? Анэлька?

Дульская. Больш няма.

Юлясевіч (адводзіць Дульскую). Цёця! Можа, ахвяраваць пэўную суму?..

Дульская. Езус-Марыя! Толькі за кішэні трымайся!

Юлясевіч. Нічога не зробіш!

Дульская. Пагавары ты яшчэ са Збышкам, мая родная, можа ён цябе паслухае. Бойся бога плаціць… Калі ён скажа, што не хоча, дык усё ўляжацца. Пагавары з ім.

Юлясевіч. Добра. Але няхай цёця ведае, што гэта будзе цвёрда. (Да Тадрах) Дык кажаце, што грошы…

Тадрах. Гэта грунт, вяльможная пані. Такі ўжо цяпер свет. Адзін юда другога за грошы прадасць.  Ой, час, час настаў. Ні пашы для жывёліны, ні чалавечага сумлення.

Юлясевіч. Ваша праўда… Мы тут яшчэ з паняй гаспадыняй хочам параіцца.

Тадрах. Што датычыцца Ганкі? Дык што тут раіцца? Маладыя хочуць адно другога. Вяльможная пані не будзе пярэчыць. Урэшце, здараецца гэта і ў графскіх дамах, бывае, што з простымі жэняцца, а Ганка і бацькоў мела, і не абы якіх, бо таксама з паважанай фаміліі, хоць і з муляроў.

Дульская. Ідзіце на кухню і чакайце, пакуль вас паклічам.

Тадрах. Цалую ручкі пані гаспадыні. Ужо іду, няхай пан бог вырашае. Цалую ручкі. Толькі, мамуся, не пярэчце. (Выходзіць.)

СЦЭНА VІІ

Дульская, Юлясевіч, пасля Мэля.

Дульская. Ты чула? «Мамуся», як хутка гэтакая пані так сабе дазваляе… Мяне аж калоціць. Ну… ну…

Юлясевіч. Буду гаварыць са Збышкам. А цёця няхай ідзе ў свой пакой, прашу цёцю.

Дульская. Злітуйся, рабі ўсё, што можна… Скажы, што я і Феліц'ян гэтага не перажывем, што пазбавім яго спадчыны, што ён ломанага цэнта ніколі не атрымае… што…

Юлясевіч. Добра… Добра… ведаю ўжо. Толькі няхай цёця пакіне мяне адну.

Дульская. Іду, іду… мая ты… зрабі ўсё… У мяне ўжо сіл не стае… (Выходзіць.)

Мэля (у дзвярах). Пст! Пст! цёця!

Юлясевіч. Чаго ты хочаш?

Мэля. Ну як, мама згаджаецца?

Юлясевіч. Прашу Мэлю ісці да сябе і не паказвацца тут.

Мэля. Ах, божа! Што гэта будзе? (Знікае).

СЦЭНА VІІІ

Юлясевіч, Збышка.

Юлясевіч (пэўную хвіліну вагаецца, потым падыходзіць да пакоя Збышкі). Збышка! Прашу цябе сюды на хвілінку.

Збышка. Чаго хочаш?

Юлясевіч. Ну, зайдзі ж сюды. Не хапала, каб я да цябе зайшла. Я для гэтага і застарая і замаладая.

Збышка (у дзвярах). Урэшце, чаго хочаш?

Юлясевіч. Перш за ўсё, не глядзі на мяне, як на ворага, бо я табе не вораг, нягледзячы на тваё абыходжанне са мной. Мне здаецца, што ты нават… будзеш рад пагаварыць з кім-небудзь, хто мае цвярозы розум і глядзіць на твае паводзіны з боку. Ну ідзі ж сюды… не ўпарціся. Бо пра ўсё ж можна дыскутаваць.

Збышка (уваходзіць). Калі пра Ганку, дык не можа быць ніякай дыскусіі. Так будзе, і кропка!

Юлясевіч. Вядома. І не думай, што я супраць твайго праекту. Урэшце, калі ты хочаш усё “паправіць”, трэба табе толькі памагчы. Цёця хацела, каб я тваю нарачоную ўзяла да сябе… але…

Збышка. Ну?

Юлясевіч. Я адмовіла.

Збышка. Чаму?

Юлясевіч. У мяне муж і… cest le premier pas qui coûte, а там, дзе няма высокай маральнасці, як у такой дзяўчыны, дык ніколі невядома, што і як…

Збышка. Маральнасць Ганкі куды вышэйшая за маю і тваю.

Юлясевіч (бярэ яго за руку). Не даказала. Пад бокам маці і сясцёр. Скажаш, гэта звычайная справа. Але калі ты хочаш узяць яе за жоку, дык тым больш трэба было патрабаваць ад яе незвычайнага, хоць бы ў гэтым кірунку. Ну, ну, не ўпарціся!

Збышка. Ты гэта хацела мне сказаць?

Юлясевіч. Ах, чакай! Нешта трэба з Ганкай зрабіць. На новую службу не пойдзе. На кватэру пасяліць яе? Божа мілы! Такое асяроддзе – гэта апошняе балота і распуста, тым больш пры такіх інстынктах, якія былі  выказаны да шлюбу. Можа, у інтэрнат, але сумняваюся ці возьмуць… А пасля сумняваюся, ці мамунька зможа яе надалей трымаць… Што ж тут зробіш?

Збышка маўчыць.

Вядома, што пра якія-небудзь сустрэчы з людзьмі не можа быць і гаворкі.

Збышка. Свішчу на людзей.

Юлясевіч. Твая праўда! Я таксама. Але ўсё ж мы заўсёды жывем з імі ў кантакце.

Збышка. Плюю на кантакт!

Юлясевіч. Яно так. Толькі… вам прыдзецца варыцца ва ўласным саку. Я не ведаю яе, але, можа, у яе прыроджаная інтэлігентнасць.

Збышка маўчыць.

Гэта ты ў ёй разаўеш, значыць, з духоўнага боку небяспекі няма. Толькі з матэрыяльнага.

Збышка. На ўсё плюю.

Юлясевіч. Гэта словы, але ж ты атрымліваеш 60 злотых. Акрамя таго, маеш шмат даўгоў. Над табой навісла банкроцтва. Жыць удваіх на такія грошы – гэта галеча. А Ганка нічога не заробіць, хіба толькі будзе служанкай у самой сябе… Ну але і ты… а ты прывык пускаць грошы, і свае і не свае.

Збышка. Так будзе, як я сказаў!

Юлясевіч. Так, але як будзе з грашыма? Бо з чаго ж жыць?.. Па вечарах можаш перапісваць… Мой муж дасць табе сякія-такія заробкі на дом, але і то…

Збышка. Адчапіся…

Юлясевіч.  Будзем разважаць лагічна. Кватэра, нават адзін пакой з кухняй, гэта 25-30 злотых. Гульдэн на дзень – гэта галеча, але калі вы кахаеце адзін аднаго… Вось табе і ўвесь заробак. А дзе на астатняе?

Збышка. Буду пазычаць.

Юлясевіч. Маці аб’явіць, дык ніхто цэнта не дасць. А бацькі яшчэ могуць жыць гадоў 30. Вось табе і ўвесь заробак. А дзе на астатняе?

Збышка. Адчапіся ты!

Юлясевіч. Божа мілы! Каб гэта можна было так жыццю сказаць: адчапіся ты, але яно ўзлазіць на карак, як гідра, і душыць. Збышка, паглядзі мне ў вочы. Ты шкадуеш аб сваім учынку.

Збышка. Пусці мяне!

Юлясевіч. Не пушчу… Тут справа  ідзе пра нешта большае, чым пра «злосць на маці».

Збышка. Гэта не злосць… Я хацеў хоць раз сцерці ў парашок гэты ты подлы, нікчэмны бруд, які спараджае дрэнныя ўчынкі ў гэтых сценах. Хацеў узяцца загрудкі з гэтым нечым неадольным.

Юлясевіч. І ўзяўся загрудкі, паказаў біўні, а цяпер павінен легчы.

Збышка. Не павінен, не лягу!

Юлясевіч. І ў цябе ёсць сілы, каб заўсёды так змагацца? Ага! Ага! Нават не адказваеш. Ты ўжо зусім абяссілеў. Цябе гэта адна ноч адолела, а што ж будзе за такое ўсё жыццё?

Збышка. Ну цябе! Ну цябе!

Юлясевіч. Што ну? Цёця сказала, што ў мяне зладзейскі спрыт. Так! Бо пагадзілася з жыццём і бяру ад яго ўсё, што можна. Гэта верх мудрасці. Змагацца? Дон-Кіхот! Смешна! Урэшце, ты сам сказаў: выцягнем ножкі.

Збышка. Ты ўмееш абудзіць ва мне абывацеля.

Юлясевіч. Але ж ён ні на хвіліну ў табе не заснуў. Ты з ім не змагайся. Гэта дарэмна. Урэшце, што ты ад маці хочаш? Яна цябе любіць, дала табе жыццё.

Збышка. Ха! Ха! Я на свет не прасіўся.

Юлясевіч. Гэта словы. Яна выхавала цябе, на яе думку, найлепш.

Збышка. Найлепш!.. Гэта страшна чуць, што ты гаворыш.

Юлясевіч. На яе думку, усё гэта яна рабіла, любячы цябе.

Збышка. Э!

Юлясевіч. Не э… гэта… маці. Ну і што будзе, Збышка? Ну, ну!

Збышка. Яшчэ ёсць час.

Юлясевіч. Не, не, у такіх справах трэба парываць адразу, раз, два. Пабачыш, лягчэй уздыхнеш, як з гэтым скончыш.

Збышка. Але ж як?

Юлясевіч. Ды мы знойдзем выйсце.

Збышка. Але ж будзе скандал.

Юлясевіч. Бачыш! А казаў, што табе да людзей справы няма.

Хвіліна маўчання.

Дык не будзеш жаніцца?

Збышка маўчыць.

І перапросіш маці?

Збышка. За што?

 

Юлясевіч. Зрабі гэта, ты вельмі абразіў яе. Яна хворая, яна няшчасная. (Да дзвярэй). Цёця!

Збышка. А Ганцы не будзе крыўдна?

Юлясевіч. Не турбуйся, я гэта сама ўладжу. Цёця!

СЦЭНА ІХ

Тыя ж і Дульская.

Юлясевіч. Цёця, Збышка адмаўляецца ад таго, што сказаў. Узяўся за розум… і перапрашае цёцю.

Дульская плача.

Збышка (падыходзіць да яе, бярэ руку). Перапрашаю маму за гэта. А, псякрэў… псякрэў!

Дульская (да Юлясевіч). Ну бачыш, зноў кляне.

Юлясевіч. Ах, гэта глупства. Гэта не мае значэння.

Збышка (узрушана). Мае, мае значэнне! Мае!

Юлясевіч. Адступаеш?

Збышка. Так… так… буду тым, кім быў! А! Можаце радавацца. Ах, як буду валачыцца! Як буду валачыцца!

Юлясевіч. Пакуль не ажэнішся, як мае быць не ажэнішся… з прыгожай паннай, з прыстойнага дому.

Збышка. Пакуль не ажанюся з пасагам, з камяніцай, з д’яблам… з чортам… (выбягае ў свой пакой).

Дульская. Божа! Божа!

Юлясевіч. Няхай цёця дазволіць яму выбурчацца. Галоўнае зроблена. Цяпер трэба ўзяцца за яе… Цёця дае мне carte blanche?

Дульская. Не разумею!

Юлясевіч. Тадрахова!

СЦЭНА Х

Тыя ж і Тадрах.

Тадрах. Цалую ручкі – я тут, я тут.

Юлясевіч. Мая Тадрахова. Адбыліся пэўныя змены. Малады пан жаніцца з Ганкай не хоча.

Тадрах. Як жа так! Сам мне з годнасцю сказаў пра гэта.

Юлясевіч. Але перадумаў.

Тадрах. Нібы так: mir nichs – dir nichs.

Дульская. Пад блаславеннем маці.

Тадрах. Гэта вялікае слова. Але ж гэта крыўда для Ганкі, а я дзіцяці, якое да святога хрышчэння падавала, не дам у крыўду.

Юлясевіч. Ніхто яе крыўдзіць не хоча. Пані гаспадыня вельмі шаноўная асоба і можа даць Ганцы сёе-тое…

Дульская (ціха). Не дужа разыходзься.

Тадрах маўчыць.

Юлясевіч. Ды… ці я ведаю, што і як.

Тадрах. Прашу вяльможную пані. Шлюб – справа святая, а грошы – дык гэта зусім іншая іншасць.

Юлясевіч. Ну… так. Ах, добра і гэта, бо як на другую, дык выгнала б дзеўчыну, і справа скончана. А тут яшчэ клапоцяцца і хочуць нешта даць… Ну, мая Тадрахова, прызнайцеся, што такіх людзей мала на свеце.

Тадрах. Я заўсёды казала, што гэта святое панства, але крыўда, крыўда…

Юлясевіч. Э! самі ж вы казалі, што грошы ўсё робяць. Як Ганка будзе мець што-небудзь у ашчадкасе, дык ніхто пра астатняе і не спытае.

Тадрах. Магчыма.

Юлясевіч. Ну, што вырашым?

Тадрах. Прашу вяльможную пані, гэта ўжо справа Ганкі, трэба мне з ёй пагаварыць.

Юлясевіч. Добра. Зараз вам Ганку прышлём. Хадзем, цёця.

Тадрах. Цалую ручкі вяльможным паням.

Дульская выходзіць.

Юлясевіч. І майце розум. Бо гэта толькі добрае сэрца пані, не абавязак. Разумееце?

Тадрах. Нібы…

Ганка ўваходзіць, Юлясевіч выходзіць.

СЦЭНА ХІ

Тадрах, Ганка.

Тадрах (азіраецца). Хадзі сюды, хадзі…

Ганка. Як маецеся?

Тадрах. Вось дык справы, вось дык справы…

Ганка. Ведаеце? Ну!

Тадрах. А як жа, хацеў ажаніцца!

Ганка. Э!

Тадрах. А цяпер не хоча.

Ганка. А няхай яго скруціць з гэтай жаніцьбай. Што мне ад такога шлюбу? Ці я да пары? Здзекуюцца з мяне ўжо ад учарашняга. Думалі, што гэта для мяне вялікі цымус.

Тадрах. Але б то была вялікая пашана.

Ганка. Э!

Тадрах. І была б ты ўладаркай мураванага дома.

Ганка. Э!

Тадрах. Лепш, як за таго вартаўніка. Бо хоць ён і вартаўнік, але не вялікі чын.

Ганка. Гэтая мая справа. Але б я не была ў паняверцы. У кожнага ёсць свой гонар.

Тадрах. Дык не канешне, каб пан з табой ажаніўся?

Ганка. Я сказала, нашто мне такі зух… Няхай будзе мая крыўда…

Тадрах. Яны цябе не пакрыўдзяць, хочуць даць нешта ў руку.

Ганка (плача). Ды суніміцеся вы, хросная маці…

Тадрах. Ты дурненькая, дурненькая. Маладая, таму і не ведаеш, што значыць жыццё. Як будзеш мець грошы, дык станеш усемагутнай. Чаго равеш? Ужо тое прапала. Цяпер адно глядзі, каб цябе не пакрыўдзілі.

Ганка. Ды суніміцеся вы, хросная маці.

Тадрах. Гэта ж не ласка якая, я сама за цябе буду гаварыць… Я цябе ў крыўду не дам.

Ганка. Ды суніміцеся вы, хросная маці.

 

 

СЦЭНА ХІІ

Тыя ж, Дульская, Юлясевіч.

Юлясевіч. Ну і што ж, параіліся? Трэба спяшацца, бо позна ўжо. Час ісці ў горад.

Тадрах (востра). Прашу вяльможных пань, гэта так – Ганка гавора, што вяльможны пан сам абяцаў ажаніцца.

Юлясевіч. Пан жартаваў. Ганка гэтага ўсур'ёз не думае.

Тадрах. Былі сведкі, прашу ласкі пані.

Дульская. Хто?

Тадрах. Вяльможная пані гаспадыня.

Дульская. Гэта нахабства!

Юлясевіч. Зараз, зараз. Пра жаніцьбу ўжо не можа быць і гаворкі. Пан жартаваў, паўтараю вам. Ганка добра ведала, што рабіла.

Тадрах. Я за яе, як за сябе…

Юлясевіч. А калі цёця хоча што зрабіць па сваёй ласцы, дык вы павінны быць толькі ўдзячны… Я так думаю… што…

Дульская (ціха). Не дужа разыходзьцеся.

Юлясевіч. Ну, некалькі дзесяткаў крон.

Раптам Ганка падыходзіць і зухавата становіцца паміж імі.

Ганка. Я сама буду гаварыць!..

Тадрах. Гануся, чакай!.. Я…

Ганка. Ды суніміцеся вы, хросная маці. Калі хочуць заплаціць мне за маю крыўду,  дык няхай плацяць.

Дульская. Ці бачылі, як раззухавалася.

Ганка. А як жа… плаціце… плаціце. А не, дык пойдзем, хросная маці, і так заплацяць. Ёсць суды, аліменты, а я прысягну.

Дульская. Езус-Марыя! Толькі гэтага не хапала!

Юлясевіч. Дзяўчына, і ў цябе б хапіла сумлення?

Ганка. О! А са мной мелі сумленне зрабіць тое, што зрабілі? Калі не мелі сумлення, няхай цяпер плацяць!

Тадрах. Ганка… ды не крычы!

Ганка. Ды суніміцеся вы, хросная маці. Я сама пастаю за сваю крыўду. А Ядвіся Вайдоўна не высудзіла сабе аліментаў? Што? Як хто быў без сумлення да мяне, дык і я да яго не буду мець сумлення.

Дульская (да Юлясевіч). Злітуйся, дай ёй, што хоча, толькі не дапусці да скандалу.

Юлясевіч. Колькі хочаш?

Ганка. Дайце тысячу крон.

Дульская. Што?

Ганка. Тысячу крон!

Хвіліна маўчання.

Юлясевіч (ціха). Няхай цёця дасць, бо без скандалу не абыдзецца.

Дульская. Божа мой мілы! (Да Ганкі.) Што ж ты хочаш – скуру здзерці з мяне?

Ганка. А з мяне ў гэтым доме не здзерлі? Я прасілася, каб мяне адпусцілі! Хадзем, хросная маці!

Дульская. Пачакайце… але вы павінны падпісацца, што не маеце да нас аніякай крыўды і што вы ўлагоджаны.

Ганка (панура). Падпішу!

Дульская. І ніколі нас непакоіць не будзеце?

Ганка. Я ніколі, але што вось яно зробіць, як падрасце, гэта ўжо яго справа і пана бога.

Дульская. Да таго часу я не дажыву. Хадзіце!

Выходзяць у спальню.

СЦЭНА ХІІІ

Юлясевіч, Мэля.

Мэля. Цёця!

Юлясевіч. Чаго?

Мэля. Цёця, што гэта адбываецца? Гэся ўвесь час падслухоўвае і так рагоча… Што гэта адбываецца?

Юлясевіч. Нічога… усё ў парадку.

Мэля. Дзякуй богу!

Юлясевіч ідзе ў спальню, праз хвіліну ўваходзяць Ганка, Тадрах, Дульская.

СЦЭНА ХIV

Ганка, Тадрах, Дульская, Юлясевіч, пасля Збышка, Гэся, Мэля.

Дульская. А цяпер – куфэрак і гайда, каб вас у момант не было.

Тадрах. Ідзем, прашу ласкі пані. Цалуем ручкі

Ганка. Хадзем, хросная маці, што кланяецеся? (Выходзяць з Тадрах).

Дульская. Ах! (падае на сафу). Езус-Марыя! Што за дзень! Ну!.. Ледзь жыву… Гэта жахліва, што я павінна была перажыць. Тысяча крон.

Юлясевіч. Цёця бачыла, што быў нож на горле.

Дульская. Так! Так!

Юлясевіч. Да пабачэння, цёця. Іду дахаты. І я атрымала мігрэнь ад гэтага ўсяго. Ах… Можа б, цёця цяпер магла нам здаць кватэру.

Дульская. Ніколі… у мяне дом спакойны, мая дарагая… Потым, можаце не заплаціць, а я ўжо цяпер павінна вярнуць тое, што ў мне вырвалі.

Юлясевіч. Цёцю дык пэўна нічога не навучыць…

Дульская (горда). А чаму і хто гэта будзе мяне вучыць? Я сама, дзякуй богу, ведаю, што і як трэба.

Юлясевіч пацепвае плячамі і выходзіць. Дульская бяжыць да дзвярэй Збышкі.

Збышка, ідзі на службу! (Да дзяўчат.) Гэся, выцірай пыл!.. Мэля, гамы… (У бок спальні.) Феліц'ян… на службу!

Гэся кінулася ў свой пакой.

Мэля, жвава!

Мэля ўваходзіць.

Адкрывай фартэпіяна… ну! Зноў можна будзе пачаць жыць па-боску. (Выходзіць.)

Ганка з Тадрах праходзяць праз пярэдні пакой, нясуць куфэрак.

Мэля (бяжыць да яе). Андзя! Андзя! Куды ты ідзеш? Ты ідзеш назусім?

Ганка. Цалую ручкі паненцы… Адна паненка тут добрая. Жадаю паненцы шчасця… а іншым, дык… (Робіць грозны жэст рукой.)

Мэля (бяжыць да яе). Андзя! Андзя! Куды ты ідзеш? Ты ідзеш… Замкнуўся… Збышка!

Гэся. Мэля, ты звар'яцела.

Чуваць, як цяжка замкнуліся дзверы.

Мэля. Мама яе выганяе! Куды яна пайшла? Уся ў слязах.

Гэся (бегае па сцэне, смяецца). А я знаю! А я знаю!

Мэля. Гэся, не смейся… Тут здарылася нешта вельмі нядобрае. Яна яшчэ ўтопіцца!

Гэся (куляючыся па падлозе). Яна не ўтопіцца! Узяла тысячу крон і выйдзе за свайго вартаўніка.

Мэля (з нейкай трагічнай роспаччу). Ціха, Гэся! Ціха, не смейся, Гэся!

Гэся. Яна ўзяла тысячу крон і выйдзе за свайго вартаўніка.

 

Заслона апускаецца.





Пераклад з польскай – Мікола Татур © 1958 г

Чытайце таксама

Антоні Эдвард Адынец

Антоні Эдвард Адынец

Беларускі польскамоўны паэт, перакладчык і драматург, сябра Таварыства філарэтаў

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

462