Прадмова перакладчыцы
Не я, а прывід,
чыё закляцце
пераменнай зоркі,
тленне ў магільні —
гэта сумненне.
Я не парушыла кахання, яго кораня-
рота, набітага чарнатой
не схапіла найпрыгажэйшую жанчыну
каб вынішчыць у ёй яе песню —
Гэты пекла-дом першародства, кніжны
і бледны дзеліць на чатыры
свой і адзіны прынцып
такі: агонь
і агонь што з'яўляецца з агню.
Сандып Пармар, “Эйдалон”
Канец Троі быў яе пачаткам, прынамсі літаратурным. Гамэр напісаў свой траянскі эпас праз трыста гадоў пасля падзення Троі. Яго бачанне Гелены, якую выкраў траянскі прынц Парыс, тым самым распачаўшы Траянскую вайну, неадназначнае. У “Іліядзе” яна, найпрыгажэйшая з жанчын, здрадніца, прычына вайны, з'яўляецца толькі шэсць разоў, адзінокая, поўная сумневу і шкадавання. Вобраз Гелены, якая з пустым невыразным тварам гуляе па парапеце, у час калі грэцкае войска стаіць за сценамі Троі, быў папулярным сярод мастакоў другой паловы ХІХ стагоддзя (гл. напр. Густаў Маро, Фрэдэрык Лэйтан). З іншага боку, у вядомай сцэне "Адысеі" Гелена тры разы абыходзіць траянскага каня, размаўляючы галасамі грэцкіх жанчын, тым самым мардуючы воінаў галасамі іх жонак, якіх яны не бачылі дзесяць гадоў. Такім чынам, у канцы Траянскай вайны Гелену ненавідзела ўся Грэцыя — героі, воіны і іх жонкі.
Хільда Дулітл, вядомая пад псеўданімам Х.Д., любіміца амерыканскай фемінісцкай літаратурнай крытыкі, амерыканская мадэрністка, якую прынята асацыяваць з асяродкам Эзры Паўнда і імажызмам, часта звярталася да старажытнагрэцкай літаратуры. У першай палове 50-х яна напісала сваю культавую кніжку “Гелена ў Егіпце”, створаную ў традыцыйна мужчынскім жанры эпічнай паэзіі. “Гелена ў Егіпце” — гэта эпас у абарону Гелены, напісаны голасам самой Гелены, голасам, які мы так рэдка чуем у Гамэра; гэта аповед-апраўданне “зненавіджанай здрадніцы”, дзеля якой распачалі адну з самых вядомых старажытных войнаў, але ніколі не давалі слова, каб расказаць сваю гісторыю.
Дулітл у сваёй “Гелене” звяртаецца не да Гамэра, а да паслягамэраўскіх аўтараў — Эўрыпіда (драма “Гелена”) і Стэсіхора (“Палінодыя”), якія, у сваю чаргу, працуюць з дагамэраўскімі крыніцамі і спрачаюцца, што ва ўсім вінаватай Гелены ў Троі наогул ніколі не было. Х.Д. пераказвае наступную гісторыю Гелены Траянскай: калі Гелена і Парыс выехалі са Спарты ў Трою, іх карабель праз моцны вецер згубіў курс, і ў выніку яны апынуліся ў Егіпце, дзе Гелену трымалі ў палоне, а Парыс вярнуўся ў Трою адзін. Жанчына, што гуляла па парапеце, загорнутая ў знакаміты шыфонавы шалік, — гэта толькі эйдалон, відзежа, прывід, цень (пра Гелену-самазванку гл. раман Крысты Ульф “Касандра”).
У “Гелене ў Егіпце” Дулітл перастварае класічны літаратурны стыль у кантэксце паэзіі мадэрнізму і ўздымае лірычную паэзію да ўзроўню эпасу. “Гелена ў Егіпце” складаецца з трох частак, а кожная частка — з некалькі “кніг”, разам 216 вершаў. Яе стыль, мажліва, не зусім звыклы для беларускага вуха, характарызуе неверагодная дысцыпліна ў адносінах паміж паэткай і паэтычнай мовай: ён пабудаваны на дакладнасці дэталі, сцісласці фармулёўкі; падыходу да верша як да паліравання крышталю. Дулітл не шукае багатых метафар, яе вобразы не абрастаюць ліянамі прыгожых параўнанняў. Яна дысцыплінавана служыць аднаму з самых галоўных прынцыпаў паэзіі — эканоміі. Яе талент — у майстэрскай сцісласці. Яна выбірае толькі неабходныя словы і ніводнага звыш, аніякага ўбранства, аніякага замілавання; словы, якія ў сваёй сапраўднасці і праўдзівасці спрачаюцца за рэалізм з самой рэальнасцю.
Эпіграф гэтай публікацыі — верш сучаснай брытанскай паэткі Сандып Пармар, якая ў сваім новым зборніку “Эйдалон” звяртаецца да “Гелены ў Егіпце” — як і Х.Д., Пармар крытыкуе традыцыйны наратыў Гелены як сімвалу прыгажосці і дэманструе, што гэты вобраз стагоддзямі трымаў Гелену ў стане нематы, у той час як за яе гаварылі гераічныя наратывы мужчын.
Вальжына Морт
Палінодыя, з кнігі першай
1
Мы ўсе ведаем аповед пра Гелену Траянскую, але мала хто сачыў за яе прыездам у Егіпет. Як яна трапіла туды? Стэсіхор Сіцылійскі ў сваёй “Палінодыі” ўпершыню расказвае пра гэта. Праз некалькі стагоддзяў Эўрыпід ізноў звяртаецца да гэтай гісторыі. Кажуць, што Стэсіхор пазбавіўся зроку за знявагу Гелены, але вярнуў свой зрок, калі аддаў ёй належнае ў “Палінодыі”. Эўрыпід ганьбіць Гелену ў сваіх “Траянскіх жанчынах”, але і ён пазней “вяртае зрок”. Незразуметая “Гелена ў Егіпце” — гэта новая палінодыя, што значыць прамова-абарона, тлумачэнне альбо апраўданне.
Калі верыць “Палінодыі”, Гелены ў Троі ніколі не было. Яе перамясцілі (альбо пераклалі) з Грэцыі ў Егіпет. Гелена Траянская была толькі відзежай, якою зайздросныя боствы замясцілі сапраўдную Гелену. Грэкі і траянцы біліся за ілюзію.
Трымайся, бо войска,
што бушуе пад сценамі
(як, нарэшце, і я), — толькі прывід;
не бядуй па падзенні,
месца дзеі пустуе, і я адна,
але ў гэтым Амон-Храме,
я чую галасы,
паміж намі — ані заслоны,
толькі прастор і вольны час
і доўгія калідоры лотаса-пупышкі,
што згортваецца на калонах,
і лотас-кветка разгорнутая
ў трысняговы папірус;
Амон (ці Зеўс, як яго яшчэ клічуць)
прынёс мяне сюды;
не бойся ні будучыні, ні мінулага.
Ён, бог, дапаможа табе,
прывядзе цябе сюды,
як ён прывёў мяне, сваю дачку,
сястру-блізнючку сваіх братоў-блізнятаў
і Клітэмнестры, ценю ўсіх нас;
па старым чараўніцтве,
тут займее спакой
Гелена, Гелена, якую ўся Грэцыя ненавідзіць.
6
Ці сустракаліся яны раней? Гэта магчыма. Ахілес сватаўся да яе, калі яна яшчэ жыла пры двары свайго зямнога бацькі, Тындарэя Спартанскага. Але нашую Гелену будуць памятаць не за яе зямное хараство, як і Ахілеса — не за доблесныя даспехі. Іх сустрэча запомніцца загубленымі легіёнамі і “морам — зачараваннем яго вачэй”.
Адкуль мы ведалі адно аднога?
можа, гэта мора-зачараванне, Федыта,
у яго вачох, мора-маці?
Чым абмяняліся на памяць?
Я — самотная, пазбаўленая
радзімы, без пярсцёнка, кароны,
і ён, пасля крушэння,
марскую мапу згубіўшы,
згаладалы, гнаны бурай,
шаленства буры ў яго вачох,
атрута бітвы
і загубленыя легіёны;
бо такою была перамога,
і вароты Троі зламаныя
ў гонар плоці,
параненай, разбітай,
абражанай каляснічым,
шалёная калясніца ляціць
пад падражніванне фурый?
Мужайся, Ахілес, ты не памрэш,
бессмяротны і непахісны;
і няхай Ахілесава пята адштурхоўваецца ад зямлі,
я адчуваю, як напружваюцца цягліцы
і як уздрыгваюць нацягнутыя жылы,
нібыта я, Гелена, дастала
з распухлай плоці, крывавай раны,
стралу.
З кнігі другой
4
Гелена — дачка Грэцыі, спартанка, нашчадак мараплаўцаў. Нават у Егіпце, згадваючы войска духаў, яна ўяўляе не звычайную каравелу (так яна апісвае карабель-смерць Асірыса). Яе відзежа цалкам у духу Грэцыі, хоць яна і звяртаецца да святой егіпецкай лілеі па фінальнае натхненне.
Гэта размах крылаў,
хто б ні забраў іх,
Пралівы ці Кіклады,
ці згубіліся яны ў Чорным моры
альбо селі на мель, не дасягнуўшы Гелеспонта,
ці крычалі яны пад варотамі: "Перамога!",
ці абстралялі іх стрэламі са сценаў,
ці яны згуртаваліся, каб праламіцца праз шчыліну,
альбо памерлі ад гарачкі на разбітым полі,
ці з'ядналіся і вярнуліся дадому
на спарахнелых плывучых турмах, гнілых ад солі,
альбо расплавіліся на пяску ад сонца,
ці рассыпаліся яны альбо трымаліся разам,
альбо ўтрох ці ўдвох шукалі старых шляхоў дадому,
ці вандравалі, як Адысей,
ад прыгоды да прыгоды, яны ўсе як адзін;
не, мяне не вучылі, але я сама чытала рукапіс,
я чытала пісьмёны, а ён сціскаў маю шыю,
злы,
яно было маё, не яго,
незлічонае войска;
мае — усе караблі,
мая — уся тысяча пялёсткаў ружы,
мае — усе пялёсткі лілеі,
мой — шырокі размах крылаў,
тысяча ветразяў,
тысяча апераных стрэлаў,
што гналі іх дадому,
мая, страла ў пятцы Ахілеса,
тысяча і адна, мая.
8
Гелена Траянская, хадзіла яна ўздоўж таго парапета ці не, адмаўляецца ведаць. Няхай сцены храма квітнеюць “нечытэльным Амон-скрыптам”. “Прачытваць” загадку зусім не абавязкова. Дастаткова самога ўзору пісьмёнаў, іх прыгажосці.
Ці непазбежны Лёс?
Ці заўжды па загадзе Зеўса
Каханне мусіць нараджацца ад Вайны?
О Эрас палаючых крылаў,
о горы залатога пер’я,
падаруйце спакой майму сэрцу,
дайце мне завабіць яго сюды,
аднаго, ходзіць ён уздоўж вады
альбо дапытвае заблукалыя зоры,
што хістаюцца быццам над мачтай,
"не той сезон,
мы далёка ад... ад..."
Якая пакута, які нястрымны
боль пячэ ў сухажыллі,
калі ён згадвае стралу,
што скрала яго бессмяротнасць
і зрабіла яго смяротным;
скіньце, як жрыца, мантыю з плеч,
у гэтым храме Гелены настойлівы
пошук адказу на запісаную
на сценах загадку; не трэба
мне жрыцы, каб паклікаць яго да сябе,
я не прашу, не жадаю ведаць,
што ёсць, што не ёсць адказам,
ці адважыўся ён, як Арфей у самае пекла,
ці паквапіўся, як Фаэтон на сонечную калясніцу,
ці ён скраў, як скраў Праметэй
забароненыя веды раю,
ці парушыў ён закон,
(злітуйся, о Зеўс, заканадаўца),
ці змяняў ён аблічча, як Кірка, што ператварала
мужчын у свінняў;
ці пагарджаў сваёй магутнасцю,
калі жанчыны падалі пад касою
яго позірку-маскі;
ці смяяўся ён, калі яны падалі;
ці знайшоў ён сям-там
жанчыну і для асалоды,
калі, стомленыя пасля бою,
яго выбраннікі спалі ў сваіх шатрах;
ці сям-там ён скраў і дзіця,
сям-там, тут, усюды
вабячы маладых на поле бітвы;
ці здраджваў ён, ці хлусіў —
(ці быў ён храбрым? бессмяротны,
паквапіўся на смяротнасць?) —
ці загубіў ён горад,
жанчыну, ці насіў карону,
якой быў не варты —
ён выцягнуў, як цягне магніт,
руду з каменя?
золата з вугалю?
смерць з жыцця?
ці была вайна непазбежнай?
Амон-Зеўс, дапамажы не спытаць,
а забраць яго і зведаць Сонца,
схаванае за сонцам нашага яснага дня.
Леўка, з кнігі другой
7
Так, аповед арфістаў сцвярджае, што “яе выкраў Гермес па загадзе Зеўса”. Былі і іншыя аповеды. Але Парыс бачыў ворага, чуў іх спрэчкі. Ён стаў сведкам блытаніны і панікі, і калі ўсё скончылася, глядзеў у чорную паражнечу таго, дзе раней вілася знакамітая “спіральная, як ракавіна слімака, лесвіца”, па якой збегла Гелена. Так, кажа Парыс, “Зеўс выкраў цябе”, але й дадае: “Арфісты ніколі не дакрануцца да струнаў, каб прамовіць Гелену і Смерць”.
А Гелена? Арфісты данеслі яе аповед
аж да Змяінай выспы;
як яе выкраў
Гермес па загадзе Зеўса,
як яна вярнулася ў Спарту,
як на Радосе яе павесілі,
але вяроўка ператварылася ў вясёлку,
як яна сустрэла Ахілеса — сустрэла Ахілеса?
пазбаўленая? збаўленая? прывід ці відзежа
у Егіпце? (вы самі расказалі ўсё гэта);
і Гелена? Я ўзлез на мармуровы выступ,
але лесвіцу падарвалі,
чарнела сцяна,
двор быў пусты,
апроч асмаленай брані
а значыць, што было ўсё ж войска,
якое ішло за табою ўніз па прыступках;
так, Зеўс цябе выкраў,
а арфістам
ніколі не дакрануцца да струнаў,
каб прамовіць Гелену і Смерць.