№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Цыпрыян Каміль Норвід

Бо толькі боль нам вянцом і апорай

Вершы

Пераклад з польскай Андрэй Хадановіч

Вершы былі ўпершыню надрукаваныя ў зборніку “Над попелам паразы – перамога”, які выйшаў да 200-гадовага юбілею паэта ў выдавецтве Змітра Коласа ў 2021 годзе.

Пасха (Фрашка)
Pascha (Fraszka)

 

Дзе любові так мала, што ўжо  н е  я д н а е,

Бо народ да святое нянавісці звык, –

Там збірае сяброў варажнеча зямная,

І  ў з д ы м а е ц ц а  крыж, і  ў б і в а е ц ц а  цвік,

І гартуемся душамі ў праведным зле –

І ахвяра, і  П а с х а  на кожным стале…

 

Цвярозы роздум (Фрашка)

Zdrowy sąd (Fraszka)

 

Прызнацца, заслужыў даўно па шыі

Той, хто  с м я е ц ц а  над сваім гняздом;

А ты, што  р а г а т а ў, калі чужыя

Спаскудзілі, знявечылі твой дом, –

Ты цынік або дурань, несвядомы,

Ды здольны сапсаваць адвечны лад;

Такога не шкада з Тарпейскай стромы,

Бо родны кат – найгоршы ў свеце кат!

 

Упэўненасць (Фрашка)

Pewność (Fraszka)

 

Для ўсіх, хто глядзіць на жыццё пазітыўна, –

Адзін плюс адзін будзе два, як ні дзіўна.

Ды нехта бяжыць ад банальнасці й суму –

Адзін плюс адзін дасць ім іншую суму.

Глядзець, як учора – вярнуцца ў пячору,

Так робіць адно кансерватар стары,

А светлыя розумы цягнуцца ўгору –

І сэнс, як паветра, радзее ўгары:

Адзін плюс адзін – раптам робіцца тры.

 

Добрая воля (Фрашка)

Dobra wola (Fraszka)

 

– Спадарства, падзялюся навіной:

Уран трасецца, кажуць астраномы.

*

– Не муч людзей гіпотэзай дурной,

Бо свет нябёсаў людзям невядомы.

*

– Спадарства, ацаніце навіну:

Пад веерам схавала панна Клара

Ад панны Ружы фант, бо ёй не пара

Пан Міхал…

*

– Што ты кажаш?! Ну і ну!

 

Малыя дзеці

Małe dzieci

 

1

Ёй дзевятнаццаць, пунсовыя шчокі.

Ён мае дваццаць чатыры.

Кідае зверху – бо веееельмі высокі –

Позірк пяшчотны і шчыры… (2 разы)

 

2

Ён пяць мільёнаў займеў капіталу,

Ёй тры з паловай ад цёткі

Будзе пасагу – хаўрус дасканалы

Дзеткам запэўнілі продкі! (2 разы)

 

3

Тут маладзёну яшчэ мільён дзвесце

Дзядзька падкінуў з Правансу,

Ды аніхто не падкінуў – нявесце.

Ганьба! Скандал  м е з а л ь я н с у! (2 разы)

 

4

Нервы! Дэпрэсія! Лекар сямейны

Хутка паслаў іх на воды…

Ліст! Капітал павялічыўся ейны!

Шчасце і мір назаўсёды… (2 разы)

 

5

Потым у дзетак народзяцца дзеці,

Нехта ім нешта здабудзе…

Дык не пытайся, куды ў гэтым свеце

Зніклі  д а р о с л ы я  людзі.

 

 

Сучасная краса

Piękno czasu

 

Лілея вяне, ружа – як чужая,

Згніе да лістапада лісце, мусіць,

І не шукаюць хараства паэты –

Ні цыркачы – ні мэтры – ні кабеты…

– Цяпер у модзе тое, што  с п а к у с і ц ь

Ці  н а п у ж а е!..

 

*

С т р а х  і  с п а к у с а… дзве стыхіі…

Адкуль паходзяць – добрыя? ліхія?

Дзве ўсмешкі Музы, дзве яе рукі.

 

*

Акрыляць нас? Ці нам падрэжуць крылы?

Ці вытруць слёзы? – скажаш ля магілы…

–  –  –  –  – (тут абрываюцца радкі).

 

1880, Парыж

 

 

Скульптура і абутак

Posąg i obuwie

 

1

Грэцкі шавец гаварыў з разбяром,

Што разважаў над Платонам:

“З голых разваг – ураджай не збяром,

Думаць аб марным – нашто нам?”

 

2

Той у адказ: “Хуткі час мастакоў

Вечнасць нясе нам у скутак.

Мармур жыве двойчы столькі гадоў,

Колькі гадзін твой абутак”.

 

Нарцыс

Narcyz

 

1

Нарцыс над вадою шчасліва

Красу выстаўляў напаказ:

“Я – цуд! Мая Грэцыя – дзіва!”

Ды мовіла Рэха ў адказ:

 

2

“Лілеі ды лёгкія хвалі,

І з хмар на вадзе гарады

Не з грэцкае славы паўсталі –

З паветра, святла і вады…

 

3

І сам твой пыхлівы адбітак,

Якога ўначы не відно –

С у с в е т н а г а   с о н ц а  набытак!

А  р о д н а е  ў нас – толькі  д н о”.

 

 

Тым часам

Tymczasem

 

1

Мінаюць пакаленні,

Народы і сусветы…

Што маем – не ў кішэні:

Абшар і шлях без мэты!

 

2

За векам – прыйдзе новы:

Пахвалім, потым зганім.

Гады і дні – як сховы,

Набітыя чаканнем…

 

3

Гляджу на свет: а як там?

Хто робіць інтарэсы?

Маё жыццё –  а н т р а к т а м

Чужой і нуднай  п ’ е с ы.

 

4

Юнак, старэча – ролькі,

Што вучым у жыцці мы?

А што радзіма? Толькі –

Т р а г е д ы я  р а д з і м ы?

 

 

Абыякавасць

Obojętność

 

1

П е р ш а я  здрада найгоршай бывае,

Ох! як пячэ гэты боль!..

Кожнаму стогну твайму спачуваю,

Слёз маіх Бог і кароль!

 

2

Здрадзяць  т р о х с о т ы  і  ш э с ц ь д з е с я т  п я т ы

Раз за няскончаны год?..

Сэрцам знямееш да скону жыцця ты,

Бо ператворыцца ў лёд.

 

3

Здраджвалі  р э д к а, шанцуе –  т ы м  г о р а й,

Тым невыносней пасля…

Бо толькі боль нам вянцом і апорай

Часам даруе зямля!..

 

 

Vanitas

Vanitas

 

Французы – мудрацы і ўмельцы,

Як вучыць іх міністр асветы.

Сабе хвалу пяюць ангельцы,

А Рыму – рымскія паэты!

 

“Габрэй – што кедр між іншай хвоі”, –

Студэнтаў павучае немец,

Але спрачаецца з Масквою,

Чым пахне гэты іншаземец!..

 

Грэк мае міфаў і герояў

Больш, чым мадзьяры – страў і танцаў,

Ды ў Польшчы мала хто засвоіў,

Вугорцаў трыста ці спартанцаў…

 

Спытай кітайца, ці шчаслівы,

Ці ўсцешаны кітайскай доляй/

Няпроста, калі пуп зямлі вы,

А ў Паднябеснай пуп – тым болей!

 

Дзе праўда тут, дзе звычай модны?

Хто нос задраў, чакае яма…

Любы народ – неверагодны,

Калі ўсе іншыя – таксама!

 

 

Іронія

Ironia

 

1

Хто творыць з мармуровай глыбы

Наіўнай сілаю эмоцый, –

Таму й разец ідзе без хібы,

І молату хапае моцы!..

 

2

Хто паняверцы выклік кінуў,

Ляціць да зорак боскім рэхам…

Ды як без іранічных кпінаў

Гармонію не спляжыць смехам?..

 

3

Хай сон гаючаю палёгкай

Смяротным дапаможа неяк,

Але ж і ў сне – назольны лёкай –

Іронія не зводзіць веек!!...

 

4

Кахаючы, ідзеш за тымі,

Хто  н а ў с у р’ ё з  т р ы в а ў  п а к у т ы,

Але ж іронія абдыме,

Як цень жыцця, да нас прыкуты.

 

5

Каб векам залатым надзея

Прыйшла, а з ёй і моц твая ўся!..

Ды толькі той не звар’яцее,

Хто  с м е ш н ы м  б ы ц ь  н е  п а б а я ў с я!

 

 

Цэнзар-крытык

Cenzor-krytyk

 

1

Індзейцы любяць свае пёры,

Як ты, мой крытык таўстаскуры.

Але пяра твайго разборы –

Твор  к р ы т ы к і? Або  ц э н з у р ы?

 

2

Тлумачу розніцу: другая, –

Як паразіт, не варты спрэчкі;

А крытык воўну састрыгае

Сам – хоць з паршывае авечкі!

 

3

Нашто спяшаешся з разборам

Сказаць нічога аб ніякім?..

С у д з і ц ь  п і с ь м е н н і к а ў – і х  т в о р а м,

Н е  і н ш ы м  з а п і с н ы м  п і с а к а м!

 

4

Іначай – карагод амбіцый,

Якому кошт – ламаны шэлег:

Паэт памфлетам стане біцца,

А крытык – біцца на дуэлях!

 

 

Валадарства

Królestwo

 

1

Былое – твой аракул на стагоддзі,

Пазначаны высокай пробай болю, –

Не слухай, што гавораць  а б  с в а б о д з е,

Тым болей – што гавораць  п р а  н я в о л ю.

 

2

Хто крочыць на алтар сябе самога

І ўласнае свавольства мае тронам,

Не дасягне на свеце анічога,

Бо звар’яцелым зробіцца Неронам.

 

3

А хто ў жыцці не прагне вольнай волі,

Каму жаданне ўласнае абрыдла,

Змарнуе неба, ходзячы па коле,

Зашораны, стрыножаны, як быдла!

 

4

Але найгоршы той нягеглы лекар,

Што заблукаў між полюсаў: з якою

Хваробаю змагацца? Як  а п т э к а р,

Майструе з  с у п р а ц ь л е г л а с ц я ў  напоі.

 

5

Арол – не помесь чарапахі й грому,

Святло – не дзень, падзелены на змрок,

Спакой – не сумесь могілак і дому,

Сляза – не дождж, хоць размывае зрок.

 

6

Не спакусіць свабодзе і няволі

Правераную ў шчасці і журбе

Асобу, што не скорыцца ніколі

Ні  і н ш а м у,  ні  с в е т у,  ні  с а б е!

 

 

Дзённік і эпас

Dziennik i epos

 

Ёсць сэнс і форма, ёсць пігмей і волат,

Прагрэс, мастацтва, роля Мецэната;

Ёсць Вечны Горад, ёсць і вечны голад…

І той, хто мецэната любіць надта!..

 

Пісаць умеюць з пяцісот – пяцёра,

А з тых пяці – адзін вас не падмане,

Бо рэшта Князю прысвячае творы,

Ці Канцлеру, ці вельмі-важнай-Пані…

 

Гарацыеў радок – адшліфаваны,

Ды камень у пярсцёнку – яшчэ болей…

А без яго б і не далі пашаны

Ні Рым, ні Цэзар – і ніхто ніколі!

 

Ды формы ёсць, якім зіхцець у часе

Ярчэй за Мецэнатавы пярсцёнак,

Якім і брама часу паддалася…

*  *  *  *  *  *  *  *  *  *  *  *  *  *  *  *

Узнёслы  э п а с. Шчыры  д з ё н н і к.

 

 

Балбатня

Gadki

 

Пытаешся, чаму амерыканцы свету

Паўсюль – і нават там, дзе іх не больш за нас, –

Нязменна выдаюць прыстойную  г а з е т у?

*

Чаму? Таму што больш за грошы цэняць час.

Калі б тамтэйшы люд пра гэтае і тое

Разводзіў балбатню, як наш зямляк вядзе,

Пераліваючы з парожняга ў пустое, –

Была б газета ў іх  п а ў с ю д н а – і  н і д з е.

Ты станеш разважаць: “Каб нам такія шанцы

Гісторыя дала на росквіт хоць бы раз…”

А я перапыню: “Таму  а м е р ы к а н ц ы,

Бо  е ў р а п е й ц ы  ў іх не вымерлі. А ў нас?”

 

 

Апошні тыран

Ostatni despotyzm

 

“Што ў свеце?” – “Зрынулі апошняга тырана!

У  т э л е г р а м е…”

“…Цуд! Для келіха не рана?

Прашу сядаць! Які тыран?” “Што найбрутальней…”

“Вось навіна!.. Віна? Чакайце, у вітальні,

Здаецца, госці… Князь!.. Вось хто пра ўсё раскажа!..

Усіх прашу сядаць!.. Што ў свеце, любы Княжа?”

 

*

“У  т э л е г р а м е…” – “Так! А можа, апельсінаў?

Ці лепей ліманад халодны?” – “Шмат навінаў:

На Кіпры – саранча, у Грэцыі – паморак,

Даюць “Севільскага цырульніка”, шмат зорак”.

“Мальтыйскі апельсін? Ці, можа, мандарынаў?

Частуйцеся!..”

 

*

“…Дык хто і дзе тырана зрынуў?”

 

*

“Нас папярэдзілі, экс-камергерша будзе,

Што пасынкам заве асілка аднаго –

Старэйшы за яе, выходзіць з ёй у людзі…”

“Цішэй, якраз ідуць…”

“…Дык зрынулі каго?!”

Пераклад з польскай – Андрэй Хадановіч © 2021

Чытайце таксама

Фрыдрых Дзюрэнмат

Фрыдрых Дзюрэнмат

Швейцарскі пісьменнік, драматург і мастак, лаўрэат мноства прэміяў

Кацярына Маціеўская

Кацярына Маціеўская

Перакладае з французскай, ангельскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс

Ян Вагнэр

Ян Вагнэр

Нямецкі паэт і перакладчык

Антоні Эдвард Адынец

Антоні Эдвард Адынец

Беларускі польскамоўны паэт, перакладчык і драматург, сябра Таварыства філарэтаў

553