№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Георг Гайм

Бог вайны

Вершы

Бог вайны

(Der Krieg )

Той, хто спаў даўным-даўно, пакінуў склеп,

Хмар сягаючы, устаў, і змрок аслеп.

Непазнаны, ён стаіць святла наўзбоч,

Трушчаць месяц пальцы, чорныя, як ноч.

 

Раз’ядае гарады, нібы іржой,

Ценем цемры невядомай і чужой.

Кірмашы бязвольна крочаць у зіму.

Ціша падае. Што робіцца? Чаму?

 

Па плячах дрыготка лёгкая паўзе.

Запытаеш – не адкажуць. У смузе

Звон разносіцца – удар… і зноў удар...

Вусны крывяцца, бялее твар.

 

Узыходзіць ён паволі на гару:

Воі, ўстаньце, сапраўды вам гавару!

Танчыць ён, і ў гэтым танцы – шал сляпы.

Скачуць, скачуць на каралях чарапы.

 

Роўны вежы, ён выходзіць з прыску дня,

І згарае назаўжды далечыня,

І цячэ да рэкаў кроў з усіх бакоў,

Птушкі смерці накрываюць мерцвякоў.

 

Не сягнуць яго ні дрэвам, ні мурам.

Ён – над зброяю, што бразгае ля брам,

Над завулкамі, дзе стражнікі маўчаць,

Над мастамі, што пад трупамі крычаць.

 

Ён сабакам вогненным цкуе апошні бліск,

Ноч пранізвае сабачых пашчаў віск.

З нетраў ночы вырываецца імгла –

Тушыць кроплі вулканічнага святла.

 

Каўпакі агню на дом напнуў пажар,

Шчодра іскрамі абсыпаны абшар.

Ён змятае гарадскую мітусню

Разам, разам, каб пажыву даць агню.

 

І трашчаць пад тым агнём лясоў хрыбты,

Зубы жоўтых кажаноў грызуць лісты,

Качаргой сваёй ён лупіць кроны дрэў,

Каб агонь яшчэ люцей, мацней гарэў!

 

Жоўты дым заслаў пабоішча сляды,

Бруха прорвы засмактала гарады,

Толькі факел велізарны не патух –

Крэсліць ім гігант ля зор патройны круг.

 

Дзе пажарам бог вайны зямлю апёк,

Распаўзаецца халодны мёртвы змрок.

Там пустыня, там усё ляжыць у тле

І Гамора тоне ў полымі й смале.

 

Пераклад з нямецкай – Кацярына Маціеўская

 

Голад

(Der Hunger)

Ён у сабаку ўлез, чырвоны зеў

Заткнуўшы. Пыл на сінім языку.

І звер, шалёна скачучы ў пяску,

Жарэ быльнёг, што звяў і парадзеў.

 

Яго пустая глотка – бы ўваход:

Цячэ ў яе агонь – цішком, цурком,

Каб бруха апаліць, а снежны ком

Пасля пячэ гарачы стрававод.

 

Ён чэзне ў чадзе. Сонца – як ачаг,

Чырвоны вір. Зялёны маладзік

Плыве ўваччу – ды вось і ён ачах,

 

І холад з чорнай дзіркі ў свет пранік.

Ён падае, бо глотку сціснуў жах,

Жалезным хватам задушыўшы рык.


Пераклад з нямецкай – Ганна Янкута

 

Хмары

(Wolken)

Вы – душы мёртвых. Правадыр без жалю

Вядзе вас да ладдзі, дзе поўна зданяў.

Плынь вашых стогнаў, слёз i лютавання

Страхотнай буры нараджае хвалю.

 

Працэсія нясе харугву смерці,

Вязуць алтар і гербы калясніцай.

Сцягоў палотны б’юцца бліскавіцай

У гарызонт, у край зямное цвердзі.

 

Манахі йдуць з жалобнымі агнямі,

Мігцяць лампадкі, пальцы акалелі.

І мерцвякі ў струхлелых трунах селі,

Узваленых на плечы мерцвякамі.

 

Шнур шыбенікаў цягнецца за імі.

Плывуць тапельцы. Міма мчыць віхура

Малых дзяцей. І сунуцца панура

Зачумленыя з язвамі гнілымі.

 

Вось целы ненароджаных. Сляпыя

Намацваюць кіямі, дзе дарога.

За спінай у правадыра нямога

Крычаць і енчаць цені нежывыя.

 

Як пралятаюць чорным кругам совы,

Як вецер круціць карагод лістоты,

Вальсуюць так жахлівыя істоты,

І асвятляе іх агонь пунсовы.

 

Па чарапах грукочуць музыканты,

А саваны трапечуць белатою,

Як ветразі, што б’юцца над вадою.

Злавесны спеў заводзяць арыштанты.

 

Між рэбраў сэрцы тлеюць. Песня тая

Шырэе, выспявае з мук і гора.

Скуголяць галасы гнілога хору.

Высокі крыж у неба прарастае.

 

Укрыжаваны ўнесены. Маленняў

Узняўся вір. Згусцілася паветра.

Адчайна грымнуў з шэрых хмарных нетраў

Бясконцы плач усіх памерлых ценяў.

 

І цемра чорнай коўдрай свет закрыла,

І ён затросся ў прадчуванні кары.

І смерць прыйшла. Плылі па небе хмары

Да Орка, дзе чакала іх магіла.

 

Пераклад з нямецкай – Вольга Гронская

 

Umbra vitae

На вуліцах без ліку сілуэтаў

Людзей, перапалоханых відзежай:

Агністай дзюбай грозныя каметы

Малююць знакі над зубцамі вежаў.

 

А звездары абселі кожны комін,

Іх трубы папраколвалі нябёсы,

І чарадзеі прараслі з праломін

Ды заклінаюць зорку стагалоса.

 

Хвароба прабіраецца ў вароты

Пад чорнай хусткай. Комкаюць прасціны

Гарачкай змардаваныя істоты

І наўзахваткі пнуцца ў дамавіны.

 

Самазабойцы корпаюцца ў праху,

Схіліўшыся да захаду і ўсходу,

Да поўначы і поўдня ў лютым страху

Не дакапацца да самой прыроды

 

Уласнага жыцця. Яны і самі

Знябытыя, бы створаныя з пылу,

Услаўшы шлях сваімі валасамі,

Знаходзяць у палях сабе магілы

 

І курчацца. Тады ўтыкаюць рогі

Ім у жывот аслеплыя жывёлы.

Іх пахаванне пакрывае ўбогі

Палын, шалфей і малачайнік кволы.

 

Бы мокры плашч – абвіслы, разадраны, –

Нямоглы год рыхтуецца памерці.

Нягода стогне, скардзіцца на раны,

Звіваецца ў бяздоннай крутаверці.

 

Цячэнні сталі. Караблі застылі

На гразкай хвалі ў нерухомым моры,

Іх днішчы і барты праела гніллю,

І гавані нябёсаў на запоры.

 

Забыўшыся пра леты і пра зімы,

Нязменныя, здранцвелыя навекі,

Варушаць дрэвы мёртвымі плячыма

Над сцежкамі, бы куксамі калекі.

 

Вось нехта ледзь жывы ўстае з пасцелі,

І толькі слова вымавіць ён хоча,

Як дні яго жыцця ўжо праляцелі

І, быццам шкло, патрэскаліся вочы.

 

Іх шмат, размытых патаемных зданяў

І мрояў, што праслізгваюць пад дзверы.

І хто прачнецца для пакуты ўранні,

Павінен з шэрых векаў зняць хімеры.

 

Гара вісельнікаў

(Der Galgenberg )

Нас прывялі. Над лысаю гарой

Шкілетаў шайка вытварала штукі –

На ветры танцаваў няроўны строй,

За спінай моцна сцягнутыя рукі.

 

Да іх палезлі мы на эшафот,

Яны віталі нас пры кожным кроку.

Нам валасы зляпіў халодны пот,

І кат нагой штурхнуў нас у памроку.

 

Мы праваліліся ў нішто, і ўраз

Нам шыі з храбусценнем паламала,

І потым мы бясконца доўгі час

У сон па ліне слізгалі памалу.

 

Мы векавалі ўверсе, звёўшы вочы,

З нас выпараўся смутак паступова.

Мы прачыналіся дажджлівай ноччу

І гаварылі мерцвяковай мовай.

 

А пасмы, пасівелыя дачасна,

Радзелі на галовах год ад году.

Старэчым позехам раты без дзяснаў

Цяпер паадвісалі назаўсёды.

 

Але ж душой былі мы як юнцы

І тлумна танцавалі пад пятлёй.

Галовы не ўпрыгожвалі вянцы,

На лбах было памазанне смалой.

 

Ад часу агрубела наша скура,

Медальнай стужкай звіслі лахманы.

Калелі мы, калі нам ноччу бура

Вязала снегавыя турбаны.

 

Мы бачылі, як уздымаў увесну

З карычневых падушак дольны бог

Зялёныя галовы ў вір нябесны

І з-пад слупоў нястрымна рос мурог.

 

Мы назіралі, як за плугам плуг

Разлегласць лета ўзворвае без спыну,

З палеткаў мы пілі санлівы дух –

Гарачы водар залатой чупрыны.

 

Мы рассявалі мор. Хлеб сох і чэз.

Накрыла ночы вільгаццю туманаў.

Бадзяк сырой раллі наносіў раны,

І крапіва расла вышэй за лес.

 

Мы бачылі, як вёскі апусцелі

І як зямлі ашчэраная пашча

Палясквала зубамі падзямелляў,

Крышыла і глытала труны нашча.

 

Мы бачылі: чума стаіць ля лесу,

Хаваючы пад расаю бубоны.

Мы бачылі, як смерць служыла месу,

У цьме пад корань косячы мільёны.

 

Нажэрліся давільні трун уволю,

Пакуль круціла нас у карагодзе.

Танцораў цені цягнучы па полі,

Над намі жоўты месяц узыходзіў.

 

Вось так было. Вішу стары, сівы,

Падлеглы ўдарам часу і нябёсаў.

Даўно ляжаць у зарасці травы

Мае браты, іх косткі мыюць росы.

 

Вяроўкі абарваліся, згнілі.

Калі на іх паспее новы плод?

Бялеюць чарапы ў пустой раллі,

Сачыцца дождж у іх адкрыты рот.

 

Мне так самотна ў чырвані сутоння.

Нібы дзіця, я ў зімняй сцюжы стыну.

Праменем ліпень апякае скроні.

Трашчыць і хутка разарвецца ліна.

 

Як час бяжыць! А дні паўзуць паныла.

Вачніцы засяліў асенні жах,

Над галавой маёю лопат крылаў –

Будуюць галкі гнёзды ў валасах.

 

Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс

Чытайце таксама

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст

Готфрыд Бэн

Готфрыд Бэн

Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва, доктар медыцынскіх навук

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Культавы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай айчыннай вайны

Элізабэт Бішап

Элізабэт Бішап

Амерыканская паэтка.

449