* * *
Сінь васільковая.
Далі іскрыстыя.
Цвецень кляновая.
Рань прамяністая.
Шэрань і просіні
ранню закованы,
Ў прозалаць восені
думкі заснованы.
Зноў пералівы
пунсовага рання
восень гуллівую
постаццю маняць.
Думкі увосень
палошчуцца ў лісці,
радасці косы
праносяцца свістам.
Сёння былое
туляецца ценню,
ў чырвань адзеты
мае лятуценні,
Дык чаму маўкліва
ружавеюць далі;
Дык чаму на дзіва
зазвінеў мінор?
Маё сэрца кадзіць
перазвонам мая,
дык чаму у раньі
шчэ смуткуе гай?
Мо таму, што ў сэрцы —
чырвані кахання
Завіліся смуткам,
Смуткам у грудзёх?
Мо таму журбою
спавіліся далі,
Мо таму і слёзы —
дробныя каралі?..
Мо таму і рання
васільковы вэлюм,
вэлюм васільковы
сцеле далавах?..
Ой, нашто так раптам
хваляваць парою,
хваляваць парою
думак сіні бор?
Жменяй лепш рассыпаць
водблеск васільковы,
васільковы водблеск
іскаркамі зор!
Сінь васільковая.
Далі іскрыстыя.
Цвецень кляновая.
Рань прамяністая.
Далі маўклівыя
ў росквітах радасці,
сэрца сагрэтае
думкі спагадаю.
[1926]
Адна
Варажыла сёння,
варажыла ўчора,
ў цёмна-сіні вечар
пад вярбой,
Наліліся думкі
ціхім перакорам,
а у сэрцы радасць
ўспыхвала парой.
Сумавалі вербы,
усміхалісь далі,
шапацелі лісця
верхавін,
Думкі у маркоце
радасцю палалі,
рассыпалі радасць
ў цвет калін.
Паджыдала друга
у тэй сіні вечар,
сэрца загадала
варажыць.
Месячык таксама
варажыў аб нечым,
супыняў свой погляд
на мяжы.
І з усмешкай горкай
паглядзела ў далі,
не дастала вокам
сіні дна.
Струны ціха, ціха
на мінор спявалі,
паглядзела — пуста…
Зноў адна.
[1927]
Ціха…
Ціха…
жаль
пагардай вострай
сэрца рытмы
затрымаў.
Ціха…
ў далях
снуе кросны
белакрылая
зіма.
Ціха…
ў гаі
чарнабровым
так смуткуюць
верхавінні.
Ціха…
ў суме
палыновым
маё сэрца
не астыне.
Ціха…
так…
і сум бярозы —
беларосны снег.
Ціха…
штось
ліюцца слёзы —
то не скарга,
не!
Ціха…
сінь
і бэлы вэлюм —
бела-сіні снег.
Ціха…
жаль
пагардай сцеле
ў радасцях
на дне.
Ціха…
вецер
пры дарозе
пахіліў
каліну.
Ціха…
рдзее
вербалоззе,
рдзее
пуцявіна.
Ціха…
ціха…
ой, кахаю
свет прывольны,
любы!
Ціха…
ціха…
каля гаю
знова
прыгалубіць.
. . . . . . . . . . . .
Маё сэрца не астыне
ў смутку палыновым,
бо іду я пуцявінай,
пуцявінай новай!
[1927]
* * *
Ружавеюць маладосці
дні.
Дыяментамі мігаюць
ночы.
Ну, аб чым сягоння
гаманіць,
Калі вербы ў запале
рагочуць?..
Ну, а б чым?.. Ці сягоння
нялюба
Зліцца з шэптамі іх
верхавіння?..
Мяне вецер ў палёх
прыгалубіць,
Кволы сум маладосці
раскіне.
І зязюля ў дуброве
кувае.
Сыплюцца зернямі
дні.
Зразумееш ты ўсё,
дарагая,
Толькі ў сінія вочы
зірні...
Зразумееш...
пачуеш гукі,
Што мінорам абвеялі
дні.
Дай мне рукі у рукі
ды у вочы зірні,
зірні.
Закалышуцца думкі
роем,
І на сэрцы лягчэй,
лягчэй.
Заблішчыць перламутнай
расою
Сіняя пожня
вачэй...
1928
У сэрцы аганькі…
…Навокал — лес і белыя паляны,
застыгла ў занізі сярэбраная ноч…
А ў сэрцы — мітульга
мяцеліцаю п’янай,
А ў сэрцы — аганькі
смуглявых воч…
Увысь глядзіцца сумная дарога,
І гай заводзіць патаемны вой,
і на палёх — віхураў
буйны рогат…
Я думаю, чарнявы:
што з табой?..
Ці на дарогу выйду — толькі вецер
спагадаю пяе ля гаю…
І распляліся думкі
доўгім веццем,
і нехта сэрца
ціха супыняе…
Калі цягнік за гаем закрычыць,
трывожным гукам закалыша далі,
я усміхаюся,
а далячынь
сціскае сэрца
жалем…
Увысь глядзіцца нудная дарога
і гай заводзе патаемны вой,
і за вакном — віхураў
буйны рогат…
Я думаю, чарнявы:
што з табой?..
20-ХІІ—27 г.
Падрыхтаваў да друку Віктар Жыбуль.