№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дзе ўзяць нам хоць трошачкі шчасця

Песні ў перакладах Аляксея Жбанава

Пераклад з ідыша Аляксей Жбанаў
Ля дарогі клён стаіць
(Ojfn veg štejt a bojm)
 
Словы Іцыка Мангера
 
Ля дарогі клён стаіць,
Долу нахілёны.
Усе птушкі хто куды
Паляцелі з клёна.
 
Тры на захад, тры на ўсход,
Рэшта ў бок паўднёвы.
І самотны, сумны клён
Сівер б’е суровы.
 
“Чуеш, мамачка мая, —
Прашапчу на вушка, —
Не хвалюйся, але я
Хутка стану птушкай.
 
На тым дрэве ўсю зіму
Я сядзець хацеў бы,
Добрай песняй суцяшаць
У халоднай цемры”.
 
Кажа мама: “Не, сынок! —
І адразу ў слёзы. —
Ой, застудзяць там цябе
Лютыя марозы”.
 
“Мама, мама, мне шкада
Тваіх вочак мілых”, —
Раз-два-тры, і вось ужо
Я ўзляцеў на крылах.
 
“Любы Іцык, пачакай, —
Мама мітусіцца.
Ты вазьмі хоць шалічак,
Каб не застудзіцца.
 
І галёшы захапі
Перад злой зімою,
І кучомку нацягні —
Што ж рабіць з табою...
 
І на плечы кажушок
Па тваіх памерах,
Бо зарана шчэ табе
Ў госці да памерлых”.
 
Крылы я хацеў узняць —
Моцы не хапіла.
Рэчаў птушачцы зашмат
Мама начапіла.
 
Я маркотна зазірну
Маёй маме ў вочы.
Праз любоў яе не стаў
Птушкай я аднойчы...
 
Ля дарогі клён стаіць,
Долу нахілёны.
Усе птушкі хто куды
Паляцелі з клёна.
 
 
На прыпечку
(Ojfn pripečik)
 
Марк Варшаўскі
 
А на прыпечку агеньчык гарыць,
цёпла шкалярам.
Навучае рэбе малых дзетачак
тут літарам.
 
Рэфрэн:
Даражэнькія, вы настаўніка
слухайце свайго.
Паўтарыце раз,
а потым яшчэ раз: “Комец-алеф — о”.
 
Дзеткі мілыя, не лянуйцеся,
я скажу вам так:
за стараннасць можа кожны атрымаць
падаруначак.
 
Калі ж вы, дзетачкі, пасталееце,
вас навучыць лёс,
колькі гора ў літарах схавана,
колькі горкіх слёз.
 
 
 
Давай памірымся!
(Lomir zix iberbetn)
 
Народная песня
 
Трэба нам памірыцца, памірыцца,
Стаіш ля дзвярэй.
Трэба нам памірыцца,
Дык заходзь смялей.
 
Трэба нам памірыцца, памірыцца,
Пад акном не стой.
Трэба нам памірыцца,
Наймілейшы мой.

Трэба нам памірыцца, памірыцца,
Купі памаранчы.
Трэба нам памірыцца —
Ты са мной патанчы.
 
Трэба нам памірыцца, памірыцца,
Стаў жа самавар.
Трэба нам памірыцца —
Будзь як гаспадар.
 
Трэба нам памірыцца, памірыцца,
Годзе жыць як гоі.
Трэба нам памірыцца —
Мы ж сябры з табою!
 
 
 
Дзе ўзяць нам хоць трошачкі шчасця
(Vu nemt men a bisele mazl)
 
Бенцыён Вітлер
 
Дзе ўзяць нам хоць трошачкі шчасця,
Хоць трошкі ўдачы знайсці?
Хай зноўку павернецца кола,
І нам пашанцуе ў жыцці.
Для кожнага створаны свет наш,
І кожнаму мусіць хапаць...
Ой, дзе ўзяць нам хоць трошачкі,
Ну хоць бы трошачкі шчасця,
Удачы прыдбаць?
 
Ганяюцца людзі за шчасцем,
Але бессэнсоўны той рух.
Здаецца, нарэшце ўхапіў ты —
Ды зноўку выслізгвае з рук.
Мінаюць гады маладыя,
І лепшых дарэмна чакаць...
Ой, дзе ўзяць нам хоць трошачкі,
Ну хоць бы трошачкі шчасця,
Удачы прыдбаць?
 
 
 
Тумбалалайка
(Tumbalalajka)
 
Народная песня
 
Стаіць хлопец, стаіць бядак,
Пра дзяўчыну думае так:
“Што б мне спытацца, каб спадабацца,
Што б мне спытацца, каб спадабацца?”
 
Рэфрэн:
Тум-бала, тум-бала, тум-балалайка,
Тум-бала, тум-бала, тум-балалайка,
Тум-балалайка, грай, балалайка,
Тум-балалайка, грай весялей.
 
“Я б, красуня, ведаць хацеў,
Што й без дожджыку добра расце,
Што палае, ды не згарае,
Што без слёз так плача, гаруе”.
 
“Ці ж ты дурны? Што быць можа прасцей!
Без дажджу, кажуць, камень расце.
Гарыць каханне, ды не згарае,
Плача сэрца, хоць слёз не мае”.
 
 
 
Песня габрэйскіх партызанаў
(Partizaner lid)
 
Словы Гірша Гліка
 
Ты не кажы, што гэта дзень апошні твой.
Хоць хмары шэрыя вісяць над галавой.
Яшчэ ён прыйдзе, наш даўно чаканы час,
І кожны крок — зарок, што ўжо не знішчыць нас!
 
Ад краю пальмаў да заснежаных мясцін
Нясём свой боль і сваё гора як адзін.
І дзе ўпадзе крыві хоць кропля з нашых цел,
Узыдзе наша моц і мужнасць узрасце.
 
Устане сонца й пазалоціць новы дзень.
І знікне ноч, і з ёю вораг прападзе.
Але пакуль трывожна ранішняй парой,
Хай пойдзе песня з хаты ў хату, як пароль.
 
Яе пісалі не чарнілам, а крывёй.
Гэта не песенька пра птушку над зямлёй.
Калі валіліся муры, забыўшы страх,
Яе спяваў народ са зброяй у руках.
 
 
 
Песенька пра залатую краіну
(Lidl fun a goldenem land)
 
Мардэхай Гебіртыг
 
Вазьмі, музыкант, сваю скрыпачку ты
І песню сыграй мне пра край залаты.
Калісьці мне мама пяшчотна ўначы
Яе напявала — іграй, не маўчы.
 
Як песню пачую, адразу ўяўлю
Я родную постаць, матулю маю.
Чароўная ўсмешка, ласкавы пагляд
Мінулае шчасце вяртаюць здаля.
 
Як песню пачую, пабачу яе —
Калыску люляе і ціха пяе
Пра край залаты, пра дабро і спакой
І лоб мой пагладжвае цёплай рукой.
 
Як жыў у тым краі, меў розум, талент
Адзін сын у маці, нібы дыямент...
Пад “цік-так” так песню складае сваю
Яна над калыскаю: “ай лю-лю-лю”.
 
Я песеньку чую, салодкі матыў,
І сэрца заходзіцца ад любаты,
І хоча, як мама, спяваць мне ўначы.
Іграй, мілы клезмер, іграй, не маўчы.
 
 
 
Працягні руку з нябёсаў
(Unter dajne vajse štern)
 
Словы Абрахама Суцкевера
 
Працягні руку з нябёсаў
Паміж зор, сівых, як скронь.
Мае словы — мае слёзы
Я складу ў тваю далонь.
Бачыш, гасне паступова
Бляск вачэй праз жах і боль.
І нідзе не маю схову,
Каб сустрэцца мне з табой.
І нідзе не маю схову,
Каб сустрэцца мне з табой.
 
Божа, скарб мой — маю памяць
Захавай, абарані.
Полымя душу мне паліць,
Спапяляе мае дні.
Аглушаюць мёртвай цішай
Ямы й склепы — і ў жудзе
Я бягу за дахі вышай
І шукаю: дзе ж ты, дзе?
Я бягу за дахі вышай
І шукаю: дзе ж ты, дзе?
 
Рой імёнаў мчыць за мною,
Выюць лесвіцы й двары.
Абарванаю струною
Я пяю табе наўзрыд:
Працягні руку з нябёсаў
Паміж зор, сівых, як скронь.
Мае словы — мае слёзы
Я складу ў тваю далонь.
Мае словы — мае слёзы
Я складу ў тваю далонь.
 
 
 
Матыўчык
(A nigndl)
 
Народная песня
 
Ведаем мы песеньку —
Яе з маленства чулі,
Радуе і цешыць нас
Матыўчык завадны.
Яе напявалі бабулі і дзядулі,
Як былі маленькія яны.
 
Рэфрэн:
Вось ізноў
Гучыць матыўчык той цудоўны,
Нашу песню
Запявайма, дзеткі, зноў мы.
Як заўсёды,
Будзем пець яе да стомы,
Каб святочна стала на душы!
 
Ведаем мы песеньку,
Якіх на свеце мала.
За сталом суботнім разам
Мы пяём заўжды.
Яе напявалі і тата наш, і мама
У свае дзіцячыя гады.
 
Ведаем мы песеньку —
Дабро і шчасце з ёю
Бог нам дорыць, каб без гора
Жыць нам на зямлі.
Яе напявалі калісьці ўсёй сям’ёю,
Як усе мы дзеткамі былі.
 
 
 
Чырыбім-чырыбом
(Čiribim-čiribom)
 
Народная песня
 
Ну-тка, дзеткі, зараз разам
песеньку спяём мы —
словы смешныя ў яе,
матыўчык нам знаёмы.
Мама варыць з локшын суп,
і кнедлікі, і груцу.
Хутка прыйдзе свята Пурым —
мы ваўчок пакруцім.
 
Аднойчы па дарозе рэбе
некуды спяшаўся.
Раптам кроплі з неба ўпалі,
і дожджык пачаўся.
Кажа рэбе хмары: “Гэй,
пакінь ваду на небе!”
І вось хасіды ўсе сухія,
А мокры толькі рэбе.
 
Чырыбім-чырыбом...
 
Гавораць, што ў мястэчку Хэлэм
дурні ўсе й халдзеі.
Калі б былі разумныя —
ў люстэркі б мы глядзелі.
У Хэлме смех і дзень, і ноч,
баяцца няма часу.
Дык хто дурны, а хто разумны —
можна паспрачацца.
 
Чырыбім-чырыбом...
 
 
 
Штэтл наш гарыць
(Undzer štetl brent)
 
Мардэхай Гебіртыг
 
Гарыць, братухны, гарыць!
Ой, як жа бедны штэтл наш гарыць!
Злы вятрыска налятае,
бурыць ён, ірве, шматае,
полымя шалёна скача,
ўсё вакол гарыць!
 
Рэфрэн:
Вы стаіце склаўшы рукі.
Дым плыве ўгары...
Вы стаіце і глядзіце,
як горад наш гарыць!
 
Гарыць, братухны, гарыць!
Ой, як жа бедны штэтл наш гарыць!
Полымя ўсё затапіла
ды мястэчка ахапіла.
І гудуць віхуры злыя,
штэтл наш гарыць!
 
Гарыць, братухны, гарыць!
І можа, ўрэшце — страшна гаварыць —
мы з мястэчкам нашым родным
станем попелам халодным,
як вайна, пажар пакінуць
чорныя муры.
 
Гарыць, братухны, гарыць!
Ды самі ў стане мы пажар спыніць.
Каб у штэтле далей жыць нам,
дружна полымя тушыцьмем.
Нам крыві на гэта хопіць,
ці не так, сябры?
 
Вы, браты, ўбаку не стойце,
вочы дагары.
Полымя хутчэй тушыце —
штэтл наш гарыць!
 
 
 
Абы здароўе
(Abi gesunt)
 
Словы Молі Пікан
 
Крыху зімы, крыху адлігі,
Куточак свой, хай невялікі,
Абы здароўе — можна ў шчасці жыць.
 
Стары пінжак, шкарпэткі, боты,
Дзесь у кішэні — пара злотых,
Абы здароўе — можна ў шчасці жыць.
 
Даступны ўсім паветра смак,
І сонца ўсім пароўну свеціць —
Пан ці жабрак ты, так, так, так!
 
Крыху гумору, смеху крышку,
З найлепшым сябрам па кілішку.
Абы здароўе — можна ў шчасці жыць.
 
Хто быць хоча сытым,
Хтосьці — знакамітым,
Хтосьці — светам кіраваць.
Нехта верыць: толькі грошы
Могуць шчасце даць.
 
Хай яны шукаюць, хай яны ўздыхаюць
Ад няспраўджаных надзей —
Мне ўсё адно, таму што шчасце —
Ля маіх дзвярэй!
 
Крыху зімы, крыху адлігі,
Куточак свой, хай невялікі,
Абы здароўе — можна ў шчасці жыць.
 
 
 
Захацеў я стаць краўцом
(Bin ix mir a šnajderl)
 
Народная песня
 
Захацеў я стаць краўцом —
Трымаў іголку хіба толькі раз.
Я пайду, аб’яву вывешу,
Што маю добры прас.
Кепска прасаваў я,
Дзідл-дзідл-дам,
Рэчы папсаваў я,
Дзідл-дзідл-дам.
Але, ягамосці,
Не трымайце злосці,
Дзідл-дзідл-дзідл-дзідл-дам.
 
Стаць хацеў я пекарам —
Меў бублікі заўсёды на стале б.
Я пайду, аб’яву вывешу,
Што выпякаю хлеб.
Працу не люблю я,
Дзідл-дзідл-дам,
Што пяку — палю я,
Дзідл-дзідл-дам.
Але, ягамосці,
Не трымайце злосці,
Дзідл-дзідл-дзідл-дзідл-дам.
 
Стаў бы я хоць клезмерам —
Але не маю слыху, хоць ты плач.
Я пайду, аб’яву вывешу,
Што я — круты скрыпач!
Слухачоў сабраў я,
Дзідл-дзідл-дам,
Лепей бы не граў я,
Дзідл-дзідл-дам.
Але, ягамосці,
Не трымайце злосці,
Дзідл-дзідл-дзідл-дзідл-дам.
 
 
 
Дзе ты была тады?
(Vu bistu geven?)
 
Народная песня
 
Дзе ты была раней,
Як я быў багацей?
Пасаг ляжаў гатовы на стале...
А сёння ты пры мне,
Ды я даўно на дне,
І грошай мне самому не стае.
 
Дзе ты была тады,
Як я быў малады,
Было як цукар маё жыццё.
А сёння ты са мной,
Ды я сівы даўно,
І безнадзейным падаецца ўсё.
 
Дзе ты была тады,
Як я быў малады,
Кахання жару не маглі суняць.
А сёння ты са мной,
Ды я сівы даўно,
І рукі ўжо ад старасці трымцяць.
Пераклад з ідыша – Аляксей Жбанаў © 2018

Чытайце таксама

Ян Вагнэр

Ян Вагнэр

Нямецкі паэт і перакладчык

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Рэд'ярд Кіплінг

Рэд'ярд Кіплінг

Знакаміты ангельскі паэт і празаік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1907 году

Марыс Леблан

Марыс Леблан

Французскі пісьменнік, аўтар дэтэктыўных раманаў пра Арсэна Люпэна

1883