№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Зінаіда Бандарына

Экстазнасцю дзікіх прэрыяў сягонняшні наш разбег!

Вершы

Звоны
 
Звоны звоняць, звоняць, звоняць
Ў час начны…
Грукат, гоман, звоняць ў звоны
Званары.
Зоры свецяць, месяц свеціць
Залаты…
Гэй да сонца, гэй ў дарогу,
Малады!..
Звоны звоняць, звоняць, звоняць
Уначы.
Грукат, гоман, звоняць ў звоны
Званары.
Навальнічыць, навальнічыць неба сінь,
Даўны звычай, дзіўны звычай
Уначы.
Звоняць звоны гулка, звонка,
Дзіўным плачам, дзіўным гукам,
Дзіўным днём…
Звоняць звоны гулка, звонка:
— Мы ідзём…
Грукат, гоман, звоняць звоны
Да зары.
Дзіўным сказам, дзіўным гукам:
Волі шыр.
Б’юць сталецці, б’юць гадзіны
У званы,
Даўны звычай, дзіўны звычай
Уначы…
26-ІІ—27 г.
 
 
Апошняя вясна
 
(да карціны Клёдта пад такой жа назвай)
 
О, не сумуй, што я сягоння іншай
Прыйшла сюды за ласкаю тваёй!
Ў вітрынах кармазыняць вішні,
Па вуліцах гудзіць, снуе аўто…
А ў полі дзесь…
Ды ты не зразумееш…
Табе больш любы горад і завод,
Прамені любіш ты электрыкі і зменнасць,
І грукат, гул трамваеў і аўто…
У полі дзесь…
Ды ты не зразумееш…
Там журавы ды з выраю ляцяць.
Дзе яшчэ ўчора завывалі веі,
Барвістым дываном іскрыцца сенажаць.
— А я, а я?! і для мяне завеі,
Элегію сумлівую заўюць,
Бо з першым променем, што ласкава прыгрэе,
Спаткаю я — апошнюю вясну…
Іду на вуліцу… а вецер песціць грудзі,
Цалуе твар, ўслед вые: угу, гу…
А вецер лёгкі сполах будзіць,
Шапоча мне — “даволі, любы друг!..
— Даволі жыць… бо адзвінела шчасце
І радасць зорная, як белая свяча.
Яшчэ хвіліна… дагарыць і згасне…
І пойдзеш зноў нязнанае шукаць”.
      Дык не сумуй, што я сягоння іншай
Прыйшла сюды за ласкаю тваёй.
О, не сумуй!.. — бо веі закалышуць,
Бо буду чуць у растання буйным свісце,
Што хтосьці кліча, кліча дарагой,
Бо буду чуць я кволая: прачніся!..
Бясконца марыць сонечнай зарой.
(18.07.’27)
 
 
Маё credo
 
Я зусім не баюся смерці.
Ці не такім, як я, паміраць?!
Хто маю пуцявіну змерыў,
Жыцця пал замураваў?!
Прэч ад мяне, малаверы!
Прэч, хто не верыць у сябе,
Экстазнасцю дзікіх прэрыяў
Сягонняшні наш разбег.
Слова маё ці вобраз
Прымусяць і жыць, і гарэць,
Знікне з дарогі тормаз,
Толькі б культуры перл.
Сягоння, учора і заўтра
Адчыняю “Новыя Амерыкі”
І віхрастай жывой дзікаркай
Вачыма ў тэорыях бегаю.
Гніллю, смяццём закінутым —
Смутак, туга, бездарож.
Бровы ўпартасцю скуты,
У жылах пульсуе кроў.
Жыла я дасюль, бы ў лесе,
Знала адно — Беларусь…
А сягоння наша Палессе
Кліча машынны грукат.
Прэч ад мяне, малаверы!
Прэч, хто не верыць у сябе!
Экстазнасцю дзікіх прэрыяў
Сягонняшні наш разбег!
(Масква, 1929)
 
 
На заводзе
 
Дык чаго глядзіш так падазрона,
Дык чаго пытаеш, ці люблю?
Важым перамогі мы на тоны
І вітаем чорную раллю.
За імшарнікам, за жоўтым кураслепам
Скалы новыя тарфяныя растуць,
Беларусь перад усім сусветам
Дэманструе моц сваю.
Дагніваюць шэрыя лапцёнкі,
Попелам лучына дагарыць,
Занядбаную калісь старонку
Да святла кіруюць дымары.
Ў кожным слове, у кожным рытме — сіла,
Маладосці сонечнай уздым,
Я калісьці шнур палёў любіла,
А сягоння вабіць фабрык дым.
(“Чырвоная зорка”, 1929)
 
 
Адыйшоўшым
 
На герань, на прымус і пялёнкі
Ты змяніла любы камсамол.
А калісьці радасна і звонка
Заклікала верай новых дзён.
Дружа мой, адкуль такія змены?
І ў вачох чытаю я адказ:
“Механічна выбыла, абеды,
Малы сын займалі ўвесь час…”
Няўжо забылася пра яслі,
Няўжо сталовай не было?
Засмяялася: “А што б сказаў мне Ясік?
Новы быт — колькі прыгожых слоў!
А на справе: кухня і пялёнкі.
А на справе брудныя наскі”.
І ў вачох счарнелаю вясёлкай
Дагаралі імпэту агні…
Гэта спадчыны агідлая адрыга,
Багна гразкая гразнуляў старых.
На жывых лісткох гнілая вільгаць,
Сонцам спалены закінуты пустыр.
Ў думках блытаных шукала я адказу.
Выйсце дзе, ці ж поруч нам ісці?
І прытульнасць ціхая абразай,
Цені новыя рэальнасць спавілі.
Кругагляд такі абмежаваны —
Дабрабыт, кватэра, муж і сын;
Малы свет кругом замураваны
І мінулых успамінаў дым…
……………………………..
……………………………..
Другі, скіньма спадчыну цяжкую,
У грудзёх нянавісці вулкан,
Няўжо далёкія, чужыя,
Няўжо ня звернецеся к нам?!
Вырвем з коранем агідлы, рабскі звычай,
Жыць па-новаму, па-новаму кахаць,
Каб не быць ахвяраю прывычкі,
Каб тварыць, імкнуцца, будаваць.
[1929]
 
 
Залатыя верацёны
 
(Ля ракі Масквы)
 
Залатыя верацёны патанулі
Ў ртутнай шыры…
Залатыя верацёны
Ў гэтым люстры дэбашыраць,
Смех, бліскучасць,
Знічкі, словы…
Гоман, гул жыцця вясёлы
Ап’яняюць хмелем новым.
Залатыя верацёны
Ў ртутнай шэрані згасаюць.
І з краіны роднай знічка,
Прывітаўшыся, казала:
“Блесткі, словы,
Ток, упартасць,
Ў неба гордыя узлёты…
Быць, як сонца, яго вартым,
Бегчы прэч ад мглы, сумоты,
Чорнай хіжай сум крадзецца,
Пацукамі грызе пражу,
Не паддайся — гэта вецер
К нам заносіць лямант уражы.
Пі суздром
Жыцця праменні,
Перашкоды зруйнаваўшы,
Беражы свой творчы геній
І не дбай аб ціхім шчасці”.
Знічка любая, бы думка,
У стынь набраклую нырнула…
Грукаціць аўто, па бруку
Цені блудзяць на хадулях…
Я адна… Наўкола бляскі,
Гул трамваяў, смех, трымценне,
І знаёмай любай казкай
Аплятаюць летуценні…
У калысцы пелястковай
Сніцца мора, сняцца далі.
Парадзілі сонца словы
У сучаснасці крыштальнай.
Пена, пырскі,
Хвалі, хвалі…
Хто мацнейшы,
Хто падужыць?..
Захавала далеч ў скалах
Сполах слізкім чорным вужам…
Міг… хвілінай  непаўторнай
Расцвіла ўсмешка мая…
А над вухам шум маторны
І сімфонія трамваяў.
(Масква. 1929)

Падрыхтаваў да друку Віктар Жыбуль.
 

Чытайце таксама

Ганна Сілівончык

Ганна Сілівончык

Беларуская мастачка

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Дар'я Трайдэн

Дар'я Трайдэн

Святлана Макаравіч

Святлана Макаравіч

Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры

2703