№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Станіслаў Ежы Лец

Фрашказбор

Фрашкі

Пераклад з польскай Андрэй Хадановіч
Ідэал фрашкі
(Ideal fraszki)
 
Трохі радасці і мучэнні,
перажытыя ў скарачэнні.
 
 
 
Мабыць, яны з Дрэва Непазнання
(Na pewno są z Drzewa Braku Wiadomości)
 
Бо прыступкі да таямніцы
так рыпяць, што лепей спыніцца.
 
 
 
Думка гідролага
(Z myśli hydrologa )
 
Кроў не вада.
Крыві не шкада.
 
 
 
Лірычная фрашка
(Fraszka liryczna)
 
Слухалі з ёй, як пяюць салаўі —
і...
 
 
 
Байка пра вавёрку
(Bajka o wiewiórce)
 
Завяла вавёрка сяброўку,
паляўнічую дубальтоўку.
— Пасварыліся? — Што вы, не!
Вунь, вісяць на адной сцяне!
 
 
 
Quo vadis?
(Quo vadis?)
 
Куды ляціш дарогаю зямной?
— Да шніцаля, катлетак, адбіўной.
 
 
 
Усе жывыя
(U żywych)
 
Усе жывыя любяць позу:
узяць дрыготкую мімозу
ды вырваць з коранем яе —
яна дрыжаць перастае.
 
 
 
Спосабы
(O sposobach)
 
Хітры плыў заўсёды па цячэнні.
Мудры еў на беразе пячэнне.
 
 
 
Інструкцыя
(Przepis)
 
Не варта зацкоўваць псамі,
што можам загрызці самі.
 
 
 
Пра гімны
(O hymnach)
 
Ці шаную гімны я?
Так, калі інтымныя.
 
 
 
Тыя ж
(Albowiem)
 
Тыя ж прыдуркі спяваюць у хоры,
ці то ў міноры, ці то ў мажоры.
 
 
 
Бывае
(Czasem)
 
Бывае, што й сон каляровы —
несвоечасовы.
 
 
 
Savoir vivre
(Savoir vivre)
 
Не след пытаць звяроў
пра добрых кушняроў.
 
 
 
Не ў меру
(O przesadzie)
 
Двойчы два — заўжды чатыры.
Калі ты не ў меру шчыры.
 
 
 
Пра аднаго
(O pewnym)
 
Пачаў жыццё ў пялюшках,
закончыў на падушках,
а ў перапынку здавалася,
быццам світала й змяркалася.
 
 
 
Хронікі штодзённага
(Zdarzenie z codzienności)
 
Стаялі пазітыў і негатыў
у таварыстве дзвюх альтэрнатыў.
Ды мужны прымітыў міргнуў ім ледзьве —
і тыя лэдзі збеглі з ім абедзве.
 
 
 
Амаль правіла
(Prawie reguła)
 
Як слыннаму арыгіналу
настануць крэс, капцы і кропка,
арыгіналам дасканала
фальшыўка служыць і падробка.
 
 
 
Акустыка
(W akustyce)
 
Смех або стогны мукі
для акустыка — “гукі”.
 
 
 
Дыягназ
(Diagnoza)
 
Жыць вечна?
Небяспечна.
 
 
 
Пра рэінкарнацыю
(O reinkarnacji)
 
Вяртаемся, зноў радыя жыццю...
Ды хтось пялюшкі нашыя — цю-цю.
 
 
 
Не забывайце пра іх
(Nie zapominajcie o nich)
 
Кепска дзеткам канібала без дастатку —
ні за мамку ім не з’есці, ні за татку.
 
 
 
Пафас
(Patos)
 
Напісаў: “Ці са шчытом, ці на шчыце!” —
падатковы мне інспектар у лісце!
 
 
 
Сусветнае
(Informacje o świecie)
 
Хаос — сусвету пачатак.
Канец сусвету — парадак.
 
 
 
Няўдачнік
(Pechowiec)
 
Рыбе здаралася быць яго ежай.
Праўда, нясвежай.
 
 
 
Прыемна
(Przyjemnie)
 
Згадваць паразы і беды
ў час пераможнай бяседы,
з’еўшы яшчэ па катлетцы
з тых, хто трымаў вас у клетцы.
 
 
 
Уздых замужняй маладзіцы
(Westchnienie młodej mężatki)
 
І што мне з сямейнага шчасця?
На чорны дзень не адкласці.
 
 
 
Марш пакаленняў
(Rytm pokoleń)
 
Бацькі: “На ворага!”.
Сыны: “За дорага?”.
 
 
 
Роздум людажэра
(Refleksja ludożercy)
 
Лагодней або люцей
на вогнішчы смажыць людзей?
 
 
 
Не скардзіцца
(Nie narzeka)
 
Усплыло — і не скардзіцца, што ў глыбіні
ёсць падводныя камяні.
 
 
 
Парада
(Rada)
 
З адкрытым забралам біся,
каб гаду — пляўком! — па пысе.
 
 
 
Светлая будучыня
(Świetlana przyszłość)
 
Будзе й на нашай вуліцы свята
ў доме вар’ята!
 
 
 
Пытанне жыцця і смерці
(Dramat postaw)
 
“Сперці або не сперці?”
 
 
 
Пра анёлаў-абаронцаў
(O aniołach stróżach)
 
Раз-пораз крыло анёла
ўвесь свет захінае наўкола.
 
 
 
А людзі?
(A człowiek)
 
Глядзі, вярблюд ці вярблюдзіца
над сэнсам гарбоў не нудзяцца.
А людзі? Настаўнік з дзецьмі —
гарбеў, гарбее й гарбецьме.
 
 
 
З міфалагічных няшчасцяў
(Z nieszczęść mitologicznych)
 
Мідас — да жанчыны, а тая,
паўсюль, дзе кране, — залатая.
 
 
 
Аналогіi
(Analogie)
 
Хто ляжыць ля дзвярэй там?
Рэйтан? П’яны яфрэйтар!
 
 
 
Змена полу
(O zmianie płci)
 
І ў казармы свой маецца шарм:
з Жаны д’Арк тут выходзіць Жан д’Арм.
 
 
 
Дзіўна
(Dziwne)
 
Найгучней спяваюць асанны
з поўным ротам нябеснай манны.
 
 
 
Правіла эстэтыкі
(Reguła estetyki)
 
Прапорцыям згодна, пігмеі
маленькія маюць ідэі.
 
 
 
Сусанна і старцы
(Zuzanna i starcy)
 
Падглядалі за Сусаннаю знарок,
каб праверыць, хто з іх лепшы мае зрок.
 
 
 
Часы мяняюцца
(Czasy się zmieniają)
 
Гурт маладзёнаў купаецца ў рэчцы, аголены.
Бабка-Сусанна ў кустах. І пагляд — неспатолены.
 
 
 
Пра чалавека
(O człowieku)
 
Думка мае цела,
каб і ёй балела.
 
 
 
Хто ад пачатку
(Kto raz)
 
Хто ў клетцы сядзеў ад пачатку,
давеку ўжо сны мае ў кратку.
 
 
 
Наперад
(Naprzód)
 
Жыццё ідзе: то забойствы, то святы.
Мокрая праца, сухія даты.
 
 
 
Інфармацыя
(Informacja)
 
“Што гэта?” — здзіўляецца меч.
Чырвоная вадкая рэч.
 
 
 
Пра пэўнага мудраца
(O pewnych mędrcach)
 
Абгрунтаваў дазвання
сваё не-існаванне.
 
 
 
Просьба
(Prośba)
 
Сыходзячы ў іншасвет,
трывожыць катаў не след.
 
 
 
Не губляйце надзеі
(Nie traćcie nadziei)
 
Не расчытаны дагэтуль папірус...
А там — нецэнзурны егіпецкі выраз.
 
 
 
Паводле звестак
(Informacja)
 
Ёсць Сім, Яфет...  А Хам? Што стала з ім?
Жыве пад псеўданімам Антысім.
 
 
 
Асаблівая прыкмета
(Znak szczególny)
 
Колькі меў ён — бачыў не адну я —
плям на гонары, якога не існуе!
 
 
 
Чалавеку
(Do człowieka)
 
Не спадзявайся, мой мілы,
схавацца на дне магілы.
 
 
 
Аптымістычная фрашка
(Fraszka optymistyczna)
 
У часу лёгкая рука:
катлету робіць з вепрука.
 
 
 
Мара
(Marzenie)
 
“Захаваць свой твар!” — цяпер і вы
ведаеце мару сцятай галавы.
 
 
 
Пра папярэднікаў
(O moich poprzednikach)
 
Вякі таму яшчэ Сакрат
скраў некалькі маіх цытат.
 
 
 
Колькі
(Iluż)
 
Новы Праметэй, колькі ў ім пакуты:
целам вольны, а душой прыкуты.
 
 
 
А можа
(A może)
 
У заапарку, з клетак жывёл —
выгукі: “Людзі! Ты глянь! Во прыкол!”.
 
 
 
Пра нейкага
(O pewnym)
 
Гэта найлепшы фокуснік нашага луна-парку.
Думаеш, без галавы... А ён мае лоб на карку.
 
 
 
З музыкі
(Z muzyki)
 
А ці варта мажорцы ўздыхаць ля мажора,
што не грае нічога, апроч ля мажора?
 
 
 
Просьба
(Prośba)
 
Панове й пані, грамадзянкі й грамадзяне,
не забывайце мыць плады свайго кахання!
 
 
 
Мілітарнае
(Militaria)
 
Баязліўцу трэба быць узброеным:
хай баіцца зброя — разам з воінам.
 
 
 
Прабачце яму
(Wybaczcie mu)
 
Бо ён быў чалавек старой пароды:
рабіў паскудствы без узнагароды.
 
 
 
Хіба
(Chyba że)
 
Страшная хіба — палка ў мурашніку.
Хіба што мурашкаед у загашніку.
 
 
 
Пра ноч
(O nocy)
 
Таму, хто выцягвае ноч на святло, з бяздоння,
яна раскладаецца на хвіліны бяссоння.
 
 
 
Дыктоўка свабоды
(Gramatyka)
 
Чаму ўсё, што кажаш, — эрзац, і што пішаш, — эрзац?
Бо кожная фраза — твая, а ў дыктатара — поўны абзац.
 
 
 
Пра наш літпрацэс
(O naszych dyskusjach literackich)
 
Кожнаму — па помніку.
Крыклівым — па шматтомніку.
 
 
 
Пра адноснасць
(O względności)
 
Што відаць на дне міскі?
Сёння — сытыя, заўтра — галодныя пыскі.
 
 
 
Надмагілле акторкі
(Nagrobek aktorki)
 
Тут ляжыць жанчына-вамп:
праглынула ямб.
 
 
 
Паказваючы пальцам
(Wskazując palcem)
 
Гарэзнік Амур, вастрыё прыбяры:
імя выразаеш — на мозгу кары.
 
 
 
Пра грахі
(O grzechach)
 
Самы жахлівы грэх —
што не прынёс уцех.
 
 
 
Не рабі
(Nie rób)
 
Чаго не хочаш сабе, не рабі для іншай асобы.
Бо раптам ёй гэта прыйдзецца даспадобы!
 
 
 
З “Літаратурных партрэтаў”
(Z “Portretów pisarzy”)
 
Паверыў, што ён прарок, і ўзняў страшны хай.
Няхай.
 
 
 
***
(Śni o jednej dzieł puencie)
 
Ён сніць сваю лебядзіную песню —
пенсію.
 
 
 
Чалавеку
(Do człowieka)
 
Ты не самотны! Тут за кожным домам
цябе чакаюць. Хтосьці нават з ломам.
 
 
 
Просьба
(Prośba)
 
Прыстойнасці дзеля,
ля брамы Вялікае Справы
павінна быць шыльда:
“Асцярожна, прыступка да славы!”
 
 
 
Канец рамана
(Koniec opowieści)
 
...і яны мне абрыдлі ўшчэнт.
Ах, які гэта быў хэпі-энд!
 
 
 
Пра смак
(O smaku)
 
Хто жыццё сваё любіць кароткае,
пакідае смерць на салодкае.
 
 
 
І наастачу
(I od siebie)
 
Калі нават замаўчыць твая музыка,
не зайграе арханёл на трубе,
будзь у форме — да апошняга гузіка,
што адзін яшчэ застаўся ў цябе.
Пераклад з польскай – Андрэй Хадановіч © 2017

Чытайце таксама

Ўільям Батлер Ейтс

Ўільям Батлер Ейтс

Ірландскі англамоўны пісьменнік, паэт, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Мілаш Мацоўрак

Мілаш Мацоўрак

Чэшскі паэт, празаік, драматург, сцэнарыст

Саламея Пільштынова

Саламея Пільштынова

Аўтарка дзённіка-кнігі “Авантуры майго жыцця”

Фэрнанду Пэсоа

Фэрнанду Пэсоа

Cамы знакаміты партугальскі паэт XX стагоддзя

2213