№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрых Гайнэ

Германія. Зімняя казка

Урыўкі з паэмы

Пераклад з нямецкай Юрка Гаўрук
Раздзел ІІІ
[Аахен]
 
Аахенскі старадаўні сабор —
Вялікага Карла грабніца.
Не блытайце з Маерам Карлам, яму
І ў Швабіі добра спіцца.
 
Я не хацеў бы ляжаць як кароль,
Каб славілі, ставілі свечкі.
Я згодзен маленькім паэтам пражыць
У Штукерце каля рэчкі.
 
Завулкі Аахена поўны сабак —
Пачухваліся, пазяхалі,
Прасілі: чужынец, дай выспятка нам,
Каб мы весялей брахалі.
 
У гэтым нудным, замшэлым гняздзе
Нішто мяне не трымала.
Гуляючы, бачыў я прускіх ваяк,
Яны змяніліся мала.
 
Шынель такі ж самы, чырвоны каўнер
Тырчыць, як шыі не зверне.
(Чырвонае — гэта французская кроў,
Казаў калісьці Кернер.)
 
Такі, як і быў, дубовы народ,
Заядлыя службісты;
Сякуць нагамі паветра і брук,
Задраўшы нос ганарысты.
 
Ідуць, маршыруюць, вугал прамы
Пры кожным павароце,
Нібы яны праглынулі кій,
Якім іх вучылі ў роце.
 
Бізун, якім білі, загнаны ў нутро,
Ці еў, ці не еў, будзеш ікаць.
Раней называлі пагардліва “ён”»,
Цяпер сталі ветліва “тыкаць”.
 
Мяняюцца моды. Вусы-кілбаса
Прыйшлі на змену косам:
Вісела адзаду раней каса,
Цяпер вісіць пад носам.
 
Вось форма конніцы — тая нішто,
Яна да твару тупіцам,
Галоўнае з шышкай — шлем
З бліскучым наверсе шпіцам.
 
Прыгодніцтва дух, рыцарства дух,
Мінулага паэтычнасць —
Графіня Ёгана фон Манкафон,
Цік, Уланд, Фуке… Рамантычнасць!
 
Слуга-збраяносец і кволы паж —
Бы кветкі ў казачным садзе:
За вернасць, што ў сэрцы насілі яны,
Ім герб вышывалі на задзе.
 
І ўспомніўся мне крыжовы паход,
Турніры і культ мадонны;
Ні друку тады не было, ні газет,
А толькі адны забабоны.
 
Мне шлем падабаецца, шчыра кажу;
Ён — плод найвышэйшае мыслі.
І вось, цераз клопаты караля,
Плады на дурнях павіслі.
 
Я толькі баюся, што ў новы час,
Пры першай навальніцы,
Маланкі на вашу галаву
Прыцягнуць гэтыя шпіцы.
 
А будзе вайна — скідайце хутчэй
Убор гэты свой шышаты,
Без лішняга грузу вам будзе лягчэй
Даваць драпака дахаты.
 
На шыльдзе аахенскай пошты я зноў
Убачыў чорнага птаха;
Глядзіць ён, з вачэй так і пырскае яд —
О, ненавісная бляха!
 
Драпежнік агідны, папаўся б ты мне
На кірмашы на ігрышчы,
Садраў бы з цябе я пер’е і пух,
Адсек бы твае кіпцюрышчы.
 
На шост бы высокі цябе пасадзіў,
Каб голага бачылі людзі;
Паклікаў бы дружных рэйнскіх стралкоў,
Паднёс бы ім чарку на блюдзе.
 
Стралочкі, страляйце! Хто птушку саб’е,
Той будзе нашым першым,
Карону і скіпетр дадзім таму,
Праславім песняй і вершам.
 
 
Раздзел XVIII
[Міндэн]
 
Міндэн — выдатная крэпасць, ён
Умацаваны на славу.
З прускімі крэпасцямі, аднак,
Я не хацеў бы мець справу.
 
У змроку вячэрнім паміж дзвюх веж
Чарнела вялізная брама.
З байніцамі сцены. Пад’ёмны мост
І роў, як магільная яма.
 
У рове рэха на мой прыезд
Азвалася стогнам балесным.
Вароты ўзняліся на ланцугах
І ўпалі са скрыпам злавесным.
 
Нядобра мне стала. Так цар Адысей,
Што лёс свой даверыў мору,
Сябе адчуваў, калі Паліфем
Скалой заваліў пячору.
 
Вусаты капрал паглядзеў на нас так,
Нібы мы зладзеі і шэльмы,
Спытаўся: хто мы? Я — доктар Ніхто,
Сляпым здымаю бельмы.
 
Мяне да гасцініцы давялі,
Ні піць не хацеў я, ні есці.
Лёг спаць — не заснуў, у пухавіках
Качаўся, як у цесце.
 
Над ложкам чырвоны балдахін
І брудны кутас пасяродку.
Здавалася мне, я плыву на той свет,
Папаўшы ў Харонаву лодку.
 
Аздоба агідная, жоўты кутас!
Не меў ад яго я спакою —
Цалюткую ноч, як Дамоклаў меч,
Ён грозна вісеў нада мною.
 
Часамі кутас варушыўся, як змей,
Ад страху я плюшчыў павекі.
“Адгэтуль, — сіпеў ён, — выйсця няма,
Ты ў крэпасць замкнёны навекі”.
 
“Вярнуцца б на вуліцу Пуансаньер,
Дзе жыў я з маёй дарагою!
Ах, любы Парыж! Ах, жонка мая!
Мне душна!” — шаптаў я з тугою.
 
Пад балдахінам жоўты кутас
Ашчэрыўся, глянуў воўкам.
Я страціў прытомнасць. Па думках маіх
Прайшоўся цэнзар з алоўкам.
 
Жандары ў саванах белых тады
Мой ложак абступілі;
Спраўляючы жудасны карагод,
Яны ланцугамі званілі.
 
Пасля накінуліся на мяне
І кухталёў надавалі;
Скруцілі мне рукі, павалаклі
І да скалы прыкавалі.
 
Зрабіўся коршакам кутас —
Драпежная птушка зляцела
І вострыя кіпці ўсадзіла ў мяне,
Дзяўбці пачала маё цела.
 
То быў не коршак, а чорны арол,
Магутнасці прускай эмблема,
Ён печань маю на кавалкі рваў —
Я плакаў і енчыў нема.
 
Пры першых пеўнях кашмар мой знік —
Я ў потнай пасцелі валяўся,
Над галавою — балдахін…
І брудны кутас матляўся.
 
Я з Міндэна выскачыў сам не свой,
Памчаўся прэч на кур’ерскіх,
І толькі сярод бюкебургскіх палёў
Пазбыўся сноў маіх зверскіх.
 
 
Раздзел XIX
[Бюкебург і Гановер]
 
Дантон за памылку жыццём заплаціў —
Ты думай, але асцярожна.
Радзіму сваю прыляпіць да ног,
Па-мойму, усё ж такі можна.
 
Бадай паўкняства Бюкебург
Наліпла мне на боты;
Кажу вам шчыра, не бачыў я
Нідзе такое слоты.
 
У Бюкебургу я злез і пайшоў
У горад, зірнуў мімаходам
На тое гняздо, дзе жыў мой дзед.
Мая бабка з Гамбурга родам.
 
Апоўдні быў я ў Гановеры. Тут,
Навёўшы на боты глянец,
Адправіўся франтам на шпацыр — люблю
На шчоках загар і румянец.
 
Як чыста на вуліцах, божа ты мой!
Ані табе бруду, ні смецця.
Будынкі цудоўныя там і тут,
Паветра найлепшае ў свеце.
 
А плошча цэнтральная — любата!
Дамоў чарада, агароджы.
Жыве там кароль, стаіць там палац,
Палац надзвычайна прыгожы.
 
Перад парталам ля будак сваіх
Стаяць вартавыя, як палкі;
Мундзіры чырвоныя, кожны як звер —
Не руш, бо парвуць на кавалкі.
 
Мой праваднік мне сказаў: “Тут жыве
Эрнст-Аўгуст, брытанскі торы,
Высокапастаўлены лорд, стары,
Але яшчэ вельмі бадзёры.
 
Качаецца ён як у масле сыр,
Бо лепш за гвардзейцаў найманых
Ахоўвае дабрабыт караля
Пакорнасць яго падданых.
 
Я з ім сустракаюся, скардзіцца ён:
Няма, кажа, сіл дзе прыкласці,
Прыняў я ў Гановеры пост караля
Сабе на бяду, на няшчасце.
 
Душа яго рвецца ў брытанскі прастор,
А ў галаву лезе глупства.
Баюся, калі не памрэ ад нуды,
Ён можа зрабіць самагубства.
 
Неяк раз ля каміна яго я застаў
За вельмі цікавым заняткам:
Варыў ён лякарства ля казанку
І ставіў клізму шчаняткам”.
 
 
Раздзел XXI
[Гамбург]
 
Напаўзгарэлы Гамбург зноў
Вылазіць з папялішча;
Як пудзель стрыжаны, стаіць —
На плошчах вецер свішча.
 
Няма той друкарні, куды я здаваў
Свой зборнік “Дарожных малюнкаў”;
Няма таго дома, дзе ўпершыню
Пазнаў я смак пацалункаў.
 
А дзе той вінны склеп, у якім
Вучыўся я вустрыцы есці?
Ад гэтых руін маладосці маёй
Вачэй не магу адвесці.
 
Тут некалі вуліца Дрэкваль была,
Цяпер і сляды яе сцёрты;
Тут некалі быў павільён, у якім
Купляў я цукеркі і торты.
 
А ратуша, дзе засядаў сенат,
Хто думаў, што ратуша згіне,
Што стане здабычаю агню
Купецкай улады святыня?
 
Яшчэ не выветрыўся спалох…
Глядзеў я на сумныя твары
І слухаў расказы жыхароў
Аб жудасным пажары:
 
“Гарэла адразу з усіх канцоў,
Палалі муры-камяніцы;
У чорным дыме, у моры агню
Крышыліся з трэскам званіцы.
 
Згарэла біржа, дзе нашы бацькі
Свой гандаль вялі вякамі,
Стараліся розумам тое узяць,
Чаго не возьмеш рукамі.
 
Душа залатая горада — банк
І кнігі, ў якіх мы мелі
Ацэнку каштоўнасці кожнага з нас,
Бог мілаваў, уцалелі.
 
Усюды, ў далёкіх і блізкіх краях,
Збіралі для нас дапамогу;
У касе на пагарэльцаў было
Мільёнаў сем, дзякуй богу.
 
Слупы сумлення і веры людской
Займаліся добраю справай,
І тое, што бралася левай рукой,
Было невядома правай.
 
Падаркі сыпаліся адусюль,
Каб нас падтрымаць у нядолі.
І мы не грэбавалі нічым,
Крычалі: давайце болей!
 
Нам слалі адзенне, абутак, яду
У знак спачування і дружбы,
А прускі кароль — той нават хацеў
Прыслаць сваё войска для службы.
 
Мы страты свае перакрылі так-сяк,
Што будзе далей — пабачым,
Але спалоху з нашых мазгоў
Ні выбіць, ні выгнаць няма чым!”
 
“Ах, мілыя людзі, — я ім сказаў, —
Не псуйце сабе настрою!
На свеце не толькі ваш горад гарэў —
Успомніце даўнюю Трою!
 
Утрыце слёзы, будуйце дамы
Без нараканняў марных!
Праводзьце рэформы, шануйце прагрэс,
Купіце больш помпаў пажарных!
 
З фальшывае чарапахі суп
Не прыпраўляйце перцам,
Не ешце таксама карпаў з луской —
Іх тлушч адкладзецца пад сэрцам.
 
Індычкі вам не пашкодзяць, але
Ратуйцеся ад зязюлі!
Нядаўна яна бургамістру ў парык
Яечка падкінула, чулі?
 
Аб гэтай фатальнай птушцы, сябры,
Мне вам гаварыць неахвота —
Калі я думаю пра яе,
Ў мяне пачынаецца рвота”.
Пераклад з нямецкай – Юрка Гаўрук ©

Чытайце таксама

Эрнэст Брыль

Эрнэст Брыль

Польскі паэт, празаік, драматург, перакладчык, журналіст

Карын Бое

Карын Бое

Шведская паэтка, эсэістка, празаік. Належыць да другога пакалення мадэрністаў

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Джэром Дэвід Сэлінджэр

Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў

Фланэры О'Конар

Фланэры О'Конар

Амерыканская пісьменніца, эсэістка.

1637