№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ярамір Тыплт

Гэта прабіваецца мова

Вершы

Пераклад з чэшскай Альгерд Бахарэвіч
Instinktea
(Instinktea)
 
Калі нашы сабакі злучацца ў зграі
калі ўсхвалявана з цёмнай упартасцю аддадуцца
законам Вечных Уцёкаў
і толькі часам спыняцца
каб уважліва ўцягнуць тысячы пахаў
наставіць вушы тарчма і  злавіць выццё імправізацый ветру
абмяняюцца пякучымі позіркамі і пабягуць далей,
тады ўжо мабыць будзе варта ў непарушнай цішы
застрахаваных кватэраў зноў прачытаць пажоўклыя лісты
Калі старыя да смешнага звычкі нашых сабак распусцяцца
у насцярожаным калектыўным інстынкце
і далячыні зліюцца ва ўрэзлівы след
тысяч вырваных самотнікаў
тады ўжо мабыць будзе варта разарваць старыя лісты
і ў дажджы якім падаюць абрыўкі угадваць новыя звароты
Калі сабакі дабягуць да межаў бачнасці нашых мікрараёнаў
і з неўразумела халодным спакоем чакальна разлягуцца
часам дзіка брахнуўшы проста так дзеля рэха
тады ўжо мабыць будзе варта
павольным крокам выйсці на балконы
і ўбачыць тое што яны бачаць
 
 
 
Жыўцом
(Zaživa)
 
Я пішу пра гэта,
але не хачу думаць.
 
Хто ведае, чаму
я заўжды хапаюся за адно слова,
за нейкае слова,
якое прывядзе мяне да загубы.
 
“Ты зазнаў гэта
Яшчэ жыўцом?”
 
Тым надвячоркам я швэндаўся сюды-туды
па лузе,
а з травы за мной цікавала чорна-белая котка.
Гэта быў мой канец.
Раптам я пабачыў, што ўсё вядзе да яе,
што мне не пазбегнуць яе,
не абмінуць котку,
якая сядзіць там.
 
Я бачыў, як наперакор мяняю напрамак,
кіруюся ў іншы бок
толькі дзеля яе,
але ўсё роўна марна і відавочна
зноў у іншы бок, зноў назад.
 
Або ў абыход да яе.
Або напрасткі.
 
Вузел зацягваўся, пакуль яна ад мяне не ўцякла.
 
Вузел,
зноў адно з гэтых словаў.
 
Толькі кінешся за нейкім такім,
і ўжо на ягоным месцы цябе пільнуе іншае,
з якім увогуле ніколі не было варта звязвацца.
 
А тады ўжо не выкрасліць, не ўцячы
за іншым словам.
Ніякае не будзе іншым.
І яны нагадаюць пра гэта ўсе разам.
 
Я ўжо не адчуваю верш, а толькі халодны поціск,
што ніхто з нас жывых
напэўна сапраўды не хацеў бы ведаць,
а тым больш перажыць,
што яшчэ можа значыць
 
жыўцом.
 
Пакуль яно ад мяне не ўцячэ.
Як тады.
 
 
 
Гэта прабіваецца мова
(To naráží řeč)
 
Я ляжу
на покрыве
з ледзь чутных
бразгату і грукату.
Ледзь чутных,
але настойлівых. Усё больш адчувальныя,
яны прабіваюцца знізу,
пераносяцца на мяне, лёгка,
вельмі лёгка — і злёгку
пабольваюць.
Быццам бы нешта цярэцца
паміж столяй і падлогай,
недзе там,
дзе іх яшчэ нельга адрозніць адну ад адной.
Асабліва гэтае высокае,
ужо амаль выразнае,
зрэдчас бязладнае
трымценне.
Так прабіваецца мова.
Відаць, паверхам ніжэй загаварылі жанчыны.
Пераклад з чэшскай – Альгерд Бахарэвіч © 2017

Чытайце таксама

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Марэк Вадас

Марэк Вадас

Сучасны славацкі пісьменнік. У 2006 годзе атрымаў прэстыжную прэмію Anasoft Litera

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Эдгар Алан По

Эдгар Алан По

Амерыканскі паэт, навэліст, журналіст, філосаф, крытык, заснавальнік дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры

1154