№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрых Гайнэ

"Я сніў, ты ляжыш у труне..."

Вершы

Пераклад з нямецкай Ігар Крэбс, Аляксей Жбанаў
***
(Ich hab im Traum geweinet...)
 
У сне я горка плакаў,
Я сніў, ты ляжыш у труне.
Прачнуўся я, і слязінка
Была напамінам мне.
 
У сне я горка плакаў,
Я сніў, ты сышла назаўжды.
Прачнуўся — і крапалі слёзы
На згадку мае бяды.
 
У сне я горка плакаў,
Я сніў, ты зноўку са мной.
Прачнуўся — і коцяцца слёзы
Дагэтуль адна за адной.

пераклад з нямецкай — Ігар Крэбс


***
(Mein Herz, mein Herz ist traurig…)
 
У смутку, сэрца ў смутку,
Хоць весела свеціць май.
Да ліпы я прыхінуўся,
Падняўшыся на Бастай.
 
Унізе няспешнаю плынню
Іскрыцца абводны роў.
Закінуўшы вуду, свішча
У чаўнаку рыбалоў.
 
На тым баку пастаральны
Раскінуўся далягляд:
Быкі, і хаціны, і людзі,
Палеткі, і лес, і сад.
 
Дзяўчаты мыюць бялізну,
Гучаць галасы наўкол.
Млын рассыпае пырскі —
Алмазаў дробны памол.
 
Старую шэрую вежу
Вартуе хлапец малады.
Ён у чырвоным мундзіры
Крочыць туды і сюды.
 
Гуляецца ён са стрэльбай
І цэліцца, як на вайне.
Няхай мне ў сэрца патрапіць,
Няхай застрэліць мяне.

пераклад з нямецкайІгар Крэбс


***
(Im Traum sah ich ein Männchen klein und putzig...)
 
Сасніў я тыпа — дробны, непрыемны,
Рашуча дыбаў браваю хадой,
Бялюткая кашуля, модны строй —
Нутро пад ім хаваў ён недарэмна:
 
Нутром быў варты жалю ды нікчэмны,
Але за прынцыпы стаяў гарой —
Па ўсім выходзіла, што ён герой:
Трымаўся горда, балбатаў ён кемна.
 
“Хто ён такі?” Я адказаць не мог.
Тады ўсміхнуўся мне тутэйшы бог —
І паплылі карціны ў крутаверці:
 
Ізноў той тып — ля алтара, аднак,
З маёй каханай… разам кажуць “Так!”
І ім стакроць гарлаюць “Амэн” чэрці.
 

пераклад з нямецкай — Ігар Крэбс


Верш да месяца
(Gedicht an den Mond)
 
Стары мой прыяцель, дзякуй,
што мне свяціў у жыцці,
хачу цябе я пакінуць,
ты іншым цяпер свяці.
 
Калі ж закаханага ўбачыш,
якому баліць душа,
суцеш яго, як калісьці
даўно ты мяне суцяшаў.
 

пераклад з нямецкайАляксей Жбанаў


 
***
(Schattenküsse, Schattenliebe)
 
Мленні, сненні, летуценні —
Толькі цені. І дарма
Песціш, ясачка, надзеі.
Шчасце ёсць — і ўжо няма.
 
Рэчы неўпрыкмет знікаюць,
Што любілі мы здавён.
Сэрцы хутка забываюць,
Засцілае вочы сон.
 

пераклад з нямецкайАляксей Жбанаў

 
Найвышэйшая песня
(Das Hohelied)
 
Жанчыны цела — гэта верш,
Запісаны Ўладыкам
Прыродзе ў гасцявы альбом:
Зрабіў ён гэта з шыкам.
 
Усё спрыяла справе той,
Натхніўся Бог без меры —
Сыры матэрыял скарыў
Ва ўпэўненай манеры.
 
Так, найвышэйшай песняй ёсць,
Па сутнасці, жанчына.
Не перадаць чароўнасць строф —
Клубоў, плячэй і спіны.
 
Ідэю ў шыю ўклаў Гасподзь,
Ён боскай мераў меркай
Галоўнай думкі хараство,
Убранае ў кудзеркі.
 
А грудкі! Трапнасць эпіграм!
Ажно бярэ дрыготка!
Падступна вабіць да сябе
Цэзура пасяродку.
 
Пластычнасць ног, паралелізм —
Паэтыкі аснова.
Хавае фігавы лісток
Красу ўстаўнога слова.
 
О, гэта не абстрактны верш!
Ён мае рэбры, мяса
І парай зрыфмаваных губ
Цалуе час ад часу.
 
Паэзіі сапраўднай плоць
І грацыёзнасць рухаў
У песні той, а на ілбе —
Знак чысціні і духу.
 
Праславіць творцу я хачу —
Такую маю мэту.
Мы, вершаплёты, — пыл ля ног
Нябеснага паэта.
 
Я ў захапленні, Уладар,
Ад песні — і не дзіва:
Яе штудзірую я ўдзень
І ўночы асабліва.
 
Так, я вучуся дзень і ноч,
Не ведаю дакукі,
Вось толькі моцна я схуднеў
Ад гэтае навукі.

пераклад з нямецкай — Ігар Крэбс


Донна Клара

(Donna Clara)
 
На змярканні ў сад выходзіць
Юная дачка алькальда.
Зыкі трубаў і літаўраў
Гучна льюцца з вокнаў замка.
 
“Надакучылі мне танцы
І ліслівыя прызнанні
Рыцараў, якія з сонцам
Дзень пры дні мяне раўняюць.
 
Стала мне зусім нясцерпна,
Як пад месяцам з’явіўся
Рыцар з лютняй, што начамі
Вабіла мяне да вокнаў.
 
Ён стаяў, высокі, мужны,
Вочы зоркамі блішчалі,
Тварам бледным і шляхетным
Быў ён як Святы Георгій”.
 
Так задумаўшыся, Клара
Апусціла позірк долу.
Раптам бачыць: перад ёю
Зноў той рыцар незнаёмы.
 
Рукі сплёўшы, крочаць сцежкай
І нашэптваюць прызнанні.
Іх Зефір пяшчотна лашчыць,
Казачна вітаюць ружы.
 
Казачна вітаюць ружы
І палаюць ад мілосці.
“О каханая, скажы мне:
Ад чаго ты чырванееш?”
 
“Камары скусалі, любы,
Люта іх я ненавіджу,
Для мяне яны — нібыта
Даўганосыя габрэі”.
 
“Што нам камары, габрэі”, —
Кажа рыцар, поўны ласкі.
Ціха з міндаля злятаюць
Тысячы пялёсткаў белых.
 
Тысячы пялёсткаў белых
Поўняць водарам паветра.
“О каханая, скажы мне:
Ты ўсім сэрцам мне належыш?”
 
“Я навек твая, каханы,
Ў тым Збавіцелем клянуся,
Што забіты быў калісьці
Подлым племенем габрэяў”.
 
“Што Збавіцель, што габрэі”, —
Кажа рыцар, поўны ласкі.
Светлым німбам ззяюць чыста
Белыя лілеі ў цемры.
 
Белыя лілеі ў цемры
Ў неба цягнуцца да зораў.
“О, каханая, скажы мне:
Ці ты шчыра мне клялася?”
 
“Ува мне няма падману,
Бо ў маіх грудзях ні кроплі
Ад крыві ліхога маўра
Ці нячыстага габрэя.
 
“Што нам маўры і габрэі”, —
Кажа рыцар, поўны ласкі,
І пад міртавыя шаты
Ён праводзіць донну Клару.
 
Сеткамі свае любові
Апавіў яе таемна.
Меней словаў, болей жарсці
У бясконцых пацалунках.
 
Салаўіны райскі пошчак
Ім гучыць вясельным гімнам.
Светлякі свае паходні
Запалілі ў зыркім танцы.
 
У лістоце стала ціха,
Толькі чутна, як употай
Перашэптваюцца мірты
І трымцяць цнатліва кветкі.
 
Раптам трубы і літаўры
Загучалі з вокнаў замка,
І збянтэжаная Клара
Вызваляецца з абдымкаў.
 
“Мушу я ісці, каханы,
Але ж ты перад расстаннем
Назаві імя сваё мне,
Тое, што хаваў так доўга”.
 
Рыцар весела смяецца,
І цалуе донне пальцы,
І цалуе лоб і вусны,
І нарэшце прамаўляе:
 
“Я, сеньёра, ваш каханы, —
Сын праслаўленага бацькі:
Наймудрэйшага рабіна
Ізраэля з Сарагосы”.

пераклад з нямецкай — Ігар Крэбс



Два змагары
(Zwei Ritter)
 
Бадзягінскi ды Замляўскі —
Два шляхетныя паны.
З тыраніяй маскавітаў
Мужна біліся яны.
 
Мужна біліся й шчасліва
Пераехалі ў Парыж:
Не памерці за Радзiму —
Ох і цяжкі гэты крыж!
 
Рыхтык як Ахіл з Патроклам,
Як Давiд ды Ёнатан,
Сябравалі два палякі,
Цалаваліся: “Мой пан!”
 
Заставаліся сябрамі
Шчыра, верна, да труны,
Бо былі абодва з Польшчы,
Два шляхетныя паны.
 
У адным жылі пакоі,
У адным ляжалі ложку
І адну, у поўнай згодзе,
Наўзахватк і скрэблі вошку.
 
У адзін шынок хадзілі,
Там сябе трымалі годна:
Сорам пазычаць у сябра —
Вось і не плаціў ніводны.
 
Раз на месяц да абодвух
Генрыета зазірала
І са спевам бесклапотным
Брала прання ў іх нямала.
 
Кожны ж меў па дзве кашулі
І яшчэ адны штаны,
Бо былі абодва з Польшчы,
Два шляхетныя паны.
 
Сёння селі ля каміна,
Дзе агеньчыкаў блуканне.
Звонку — ноч, і завіруха,
І фіякраў грукатанне.
 
З велізарных кубкаў пуншу
(Моцнага, як мае быць:
Без вады, лімону й цукру)
Ўжо паспелі прыгубіць.
 
І тады ў самотным сэрцы
Невыцерпны боль ажыў.
Са слязой высакароднай
Бадзягінскі затужыў:
 
“Як далёка ад Парыжа
Мой шлафрок з мядзведжай шубай
І каўпак, з ката пашыты,
Што згубіў у Польшчы любай!”
 
А ў адказ яму Замляўскі:
“Сябра, ў цяжкую гадзіну
Не забыўся ты на шубу
І няшчасную Айчыну.
 
Ешчэ Польска не згiнэла,
Бабы родзяць дужых вояў,
Тое ж робяць нашы дзеўкі,
Краю дорачы герояў,
 
Змагароў, як пан Сабескі,
Як Шальмоўскі ды Умінскі,
Махлярэвіч, Падлюгінскі
І шаноўны пан Аслінскi”.

пераклад з нямецкай — Ігар Крэбс

Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс, Аляксей Жбанаў © 2014

Чытайце таксама

Даніэла Капітанява

Даніэла Капітанява

Славацкая пісьменніца, кінасцэнарыст, майстарка дэтэктыўнага жанру

Курт Вoнэгут

Курт Вoнэгут

Амерыканскі пісьменнік, сатырык, мастак, пісаў і ў рэчышчы навуковай фантастыкі

Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін

Беларускі паэт, эсэіст, перакладчык, намінант на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры

Аксана Забужка

Аксана Забужка

Украінская паэтка, пісьменніца, літаратуразнавец, публіцыст

1396