№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эльзэ Ласкер-Шулер

Любоўная песня

Вершы

Пераклад з нямецкай Юля Цімафеева
Сену Хою
(Senna Hoy)
 
Калі ты гаворыш,
Абуджаецца маё стракатае сэрца.
 
Усё птаства шчабеча
На тваіх вуснах.
 
Вечна блакітны твой голас сыплецца
На дарогу;
 
Стане неба там, дзе ты прамаўляеш.
 
Твае словы — з песень сабраныя,
Сумна мне, калі ты маўчыш.
 
Спевы наўкола цябе павісаюць —
Дык а табе падабаецца мроіць?
 
 
 
Любоўная песня
(Ein Libeslied)
 
З залатога дыхання
Нам створана неба.
О, як мы з табою кахаем…
 
Птушкі ціхнуць пупышкамі на галінах,
А ружы махаюць крылом.
 
Я няспынна ў пошуку тваіх вуснаў,
Раскрытых тысячай пацалункаў.
 
З золата ноч,
З ночы зоры…
Нас не бачаць.
 
З зялёным прыходзіць святло,
Мы засынаем,
Толькі нашыя плечы трапечуцца, як матылі.
 
 
 
Бачыш мяне ты
(Siehst Du Mich)
 
Між зямлёй і нябёсамі?
Павек маім шляхам ніхто не хадзіў.
 
Але ад твару твайго ажывае мой свет,
Ад цябе зацвітае ўсё.
 
Калі ты мяне бачыш,
Слодыч поўніць мне сэрца.
 
Я таюся пад тваёю ўсмешкай
І вучуся і ноччу, і днём быць гатовай,
 
Каб цябе начароўваць і зноў распускаць,
Я няспынна гуляю ў адзіную гэту гульню.
 
 
 
Мая любоўная песня
(Mein Liebeslied)
 
На твае плечы прыселі
Залатыя галубкі.
Але сэрца тваё — віхура,
Шуміць твая кроў, а мая кроў —
 
Салодкая,
Як маліннік паблізу.
 
О, я думаю пра цябе —
І толькі ў ночы пытаю.
 
Не ўмее так добра ніхто
З тваімі рукамі гуляць,
 
Узводзіць з іх замкі, як я
З персцянца;
 
Крэпасці з высокімі вежамі!
Мы проста бадзягі на ўзбярэжжы.
 
Калі ты такі і ты там,
Я заўсёды багатая.
 
Ты горнеш мяне да сябе,
І я бачу зорку твайго сэрца.
 
А яшчаркі пералівістыя —
Твае вантробы.
 
Ты быццам бы з золата выліты,
Сціскаючы вусны, усе стойваюць дыханне.
 
 
 
Песня кахання
(Ein Lied der Liebe)
 
Калі ты не тут,
Цёмны мой горад.
 
Я цені збіраю
Ад пальмаў,
Пад якімі ты йшоў.
 
Я мушу заўжды напяваць той матыў,
Што ўсмешкай павіс на іхніх галінах.
 
Ты зноў мяне любіш —
Каму мне выказаць сваё захапленне?
 
Асірацеламу або жаніху,
Якому ў рэху чуецца шчасце.
 
Я адчуваю заўжды,
Калі пра мяне твае думкі —
 
Тады маё сэрца — дзіця,
Яно енчыць.
 
Ля кожнай брамы на вуліцы
Я спыняюся й мрою;
 
Я сонцу дапамагаю тваю прыгажосць маляваць
На сценах дамоў.
 
Але я танчэю
ад выявы тваёй.
 
Я абвіваюся вакол стромкіх калонаў,
пакуль не здрыгануцца яны.
 
Наўкола — здзічэлы рай,
У красках нашай крыві.
 
Мы ныраем у глыбокія мхі
З воўны залатога ягняці.
 
Але нейкі тыгр
Цягнецца да цябе
 
Праз далячынь, што нас дзеліць,
Як да бліжэйшай зоркі.
 
На маім абліччы
Дагэтуль твой подых.
 
 
 
О, твае рукі
(O , Deine Hånde)
 
Яны мае дзеці.
Усе мае цацкі
У іх лагчыне.
 
Я ўсё гуляю ў жаўнераў
Тваімі пальцамі, у вершнічкаў,
Пакуль яны не ўпадуць.
 
Як я люблю іх
Твае хлапчуковыя рукі, іх абедзве.
 
 
 
Слухай         
(Höre)
 
Я скрадала начамі
Ружы тваіх вуснаў,
Каб жанчына ніякая іх не піла.
 
Тая ж, што цябе прыціскае,
У мяне забірае маё дрыжанне,
Якім я цела тваё абмалёўвала.
 
Я твая абочына.
Тая, што цябе трымае цяпер,
Зрынецца.
 
Ці адчуваеш ты маю сутнасць
Паўсюль,
Быццам узлесак наводдаль?                                  
Пераклад з нямецкай – Юля Цімафеева © 2018

Чытайце таксама

Антоні Эдвард Адынец

Антоні Эдвард Адынец

Беларускі польскамоўны паэт, перакладчык і драматург, сябра Таварыства філарэтаў

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

1106