№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мне з вершамі адны пакуты...

Вершы пра паэзію

Пераклад з ангельскай, з лацінскай, з французскай Ганна Янкута

Эндру Лэнг

(Andrew Lang)

 

Балада пра цяжкія рыфмы
(Ballade of Dufficult Rhymes)

 

Мне з вершамі — адны пакуты,

Бо рыфмы блытаюць хады.

Ад слова “снежань” штомінуты

Мне сэрца скоўваюць ільды.

Дарэчы, “сэрца”: ад бяды

Хоць “скерца” — нейкі паратунак,

Ды ёсць нагода для нуды:

Дзе рыфму ўзяць на “пацалунак”?

 

Я словам “горад” быццам скуты,

З ім б’юся доўгія гады,

Але хоць выпі ты цыкуты —

Не ўнікнеш гэтае брыды!

За слова “водар” я заўжды

Гатовы нават на рабунак

І даліваю ў верш вады...

Дзе рыфму ўзяць на “пацалунак”?

 

Сціскаюць словы, быццам спруты...

“Лятунак”! А далей куды?

“Ласунак”, “трунак” — лёс мой люты:

Не знойдзеш рыфм без барады!

Круціўся я на ўсе лады

І “струны” даскланяў да “струнак”.

Так і памру я малады:

Дзе рыфму ўзяць на “пацалунак”?

 

Хай будзе гэты стогн пачуты,

О Фэб, спашлі нам падарунак,

І раскажы — здымі з нас путы, —

Дзе рыфму ўзяць на “пацалунак”.

 

пераклад з ангельскайГанна Янкута

 

 

 

Лаянэл Джонсан

(Lionel Johnson)

 

У гонар Дарыяна і яго стваральніка
(In Honorem Doriani Creatiorisque Eius)

 

Оскару, будзь блаславёны!

Ты, о сябра мой натхнёны,

Кнігу мне ўручыў сваю —

І лацінай апантана

І цябе, і Дарыяна

Я, удзячны, апяю.

 

Старасць ён красой адужаў,

Ззяў, прыўкрасны, ружай з ружаў,

Толькі смерць ён не скарыў.

Ecce Homo, Богу роўны!

Хай бы нейкі дух паноўны

Гэткі лёс мне падарыў.

 

Сквапны, прагне ён кахання,

Кветкі рве ўначы і ўранні —

Д’ябальская прыгажосць!

Трапяць душы на нажыву —

Прыгажэе твар ілжывы,

Маладзее ўсім на злосць.

 

Сын Гаморы і Садома,

З кожным дэманам знаёмы

І з крывёю на руках...

Лёс яго — і ў апраметнай

Быць асобаю адметнай,

Вечна слаўнай у вяках.

 

пераклад з лацінскайГанна Янкута

 

 

 

 

Тэадор дэ Банвіль

(Théodore de Banville)

 

Трусікі
(Lapins)

 

Чародка трусікаў-гарэз

На пералеску топча кветкі.

Ім пачастункі дорыць лес,

Як дораць нам віно палеткі.

 

Тут — шаракі і белякі,

Што так і не прыдбалі норкі,

Чаборам пахнуць іх бакі,

Яны ж вядуць свае гаворкі:

 

“Мы — трусікі, і не на ты

З пісьмом трусіная парода,

Мы носім вушы і хвасты,

 

 

І, гледзячы кудысьці ў даль,

Пяем, майстры эпіталамаў,

І не завабіць нас Стэндаль

Да нейкіх састарэлых дамаў.

 

Жывем у нетрах мы лясных

І Дастаеўскіх не чытаем,

А што да псіхалогій — іх

Мы адмаўляем цэлым гаем.

 

Мы поўсць мяняем на зіму,

І ў нас паўсюль свае парадкі:

Нататнікаў няма, таму

У іх не пішам мы нататкі.

 

Нам не патрэбны іхны Кант,

Бо ён назола, несумненна,

Ды ёсць і лепшы варыянт —

Жывыя байкі Лафантэна.

 

Але і іх для нас зашмат:

Найболей цэнім мы маўчанне,

Калі папросіць нейкі хват

Аспрэчыць новае выданне.

 

Старое загартоўкі раць,

Мы верныя сцягам Алены,

Але не зможам прыгадаць

Хоць нешта з гімнаў Мітылены.

 

Мы простай песняй бавім час,

І ёй туруюць медуніцы.

Эстэцтва ж — гэта не пра нас,

Хай ім займаюцца лісіцы.

 

Мы не смяемся з васількоў,

Травы і воблака ў блакіце,

А пры канцы сваіх радкоў

Мы ставім рыфмы, уявіце!

 

І Шапэнгаўэру на злосць,

Што ў нейкія нас цягне нетры,

Мы лічым, што прыемнасць ёсць

І ў цеплыні, і ў свежым ветры.

 

Няхай струменяць фіміям

Хваіны, нас накрыўшы ценем.

Мы — трусікі, і добра нам

На ўзлеску весці лік імгненням”.

 

пераклад з французскайГанна Янкута

 

 

 

Остын Добсан

(Austin Dobson)

 

Сяброўская эпістала ***, эсквайру, на ўручэнне яму “Жыццяпісу Ўільяма Хогарта”
(A Familiar Epistle To … Esq. of … with a Life of the Late Ingenious Mr. Wm. Hogarth)
 

 

Мой сябра! Маю я нагоду

Вам прысвяціць рандо ці оду

Ці скласці верш на новы лад

У духу стансаў ці балад.

Але скажу я “не” грымасам —

Натхнюся лепей “Гудыбрасам”:

Джон Гей пісаў так — і таму

Яго за ўзор сабе вазьму.

 

Я знаю: тут мы з вамі ў згодзе

І любім гэтае стагоддзе —

Яго раскошу, палітэс,

Паэтаў кепскіх, доўгі “эс”,

Капрызы, крыналіны, карты,

Свавольствы, выдумкі і жарты.

Быў вольны люд яшчэ тады

Ад крытыканскае арды,

Але на рынках дралі горлы

Тады і Тонсаны, і Кёрлы,

Засады ладзячы штодня

На аўтара — як на ягня.

На Порыдж-Айлэндзе абедаў

Дзік Сэвідж — і далей ад бедаў

З сумнеўнай хеўраю ішоў

У Ковент Гардэн, як дамоў.

Бясконца ладзіліся балі,

Бязмэтна й лёгка дні міналі:

Аўрора ўжо будзіла свет,

А ў дамы — віст ці менуэт,

Яе сэр Джон вяртаўся ўранку,

Прабаляваўшы ноч за шклянкай,

А Бэці ў вычварнай парчы

На баль спяшалася ўначы

І там шпацыравала горда,

Каб спакусіць сабе мілорда,

Там Фут дасціпнічаў за двух,

Там Чарлі Чэрчыль — добры зух,

Там Гарык ззяў — ён сёння Рычард,

Пасля — Макбэт (з ім місіс Прычард),

Куцоні паддала б агню —

Ды пералік свой я спыню,

Каб не разросся ён без меры

Да спісу караблёў Гамэра.

 

Вось кніга вам — яе герой

Дакладна век люструе свой,

Яго залётнікаў і фатаў,

Яго п’янюг, арыстакратаў,

Багатых дам, галодных слуг,

Лянотнікаў, дурных таўстух,

Яго скандалы, ашуканцаў,

Падвязкі, турмы і шатландцаў,

Хваробы, шкурны інтарэс

І quicquid agunt homines,

І — поўнай каб была карціна —

Furens quid possit foemina.

Ў яго люстэрку кожны клас

Сябе пабачыць без прыкрас,

Бо хібаў выявіў нямала

Ён, верны духу Ювенала.

 

Аднак жа лёс яго цяжкі,

Бо кніга — плён мае рукі.

 

пераклад з ангельскай Ганна Янкута

 

 

Каментар

Да верша Остына Добсана


Ўільям Хогарт (1697—1764) — ангельскі мастак, заснавальнік нацыянальнай школы жывапісу.

“Гудыбрас” (Hudibras) — іроікамічная паэма Сэмюэла Батлера (1613—1680). Напісаная тым жа памерам, што і “Сяброўская эпістала...”

Джон Гей (1685—1732) — ангельскі паэт і драматург, найбольш вядомы дзякуючы сваёй “Оперы жабракоў”. Аўтар шэрагу іроікамічных паэмаў.

Доўгі “с” — спецыяльны знак для літары “s” — “ſ”. Ставіўся, калі “s” была ў пачатку ці сярэдзіне слова: “ſinfulneſs”. У Брытаніі і ЗША скасаваны паміж 1795 і 1810 гадамі.

Джэйкаб Тонсан (1655/56—1736) — ангельскі выдавец XVIII ст., выдаваў Джона Драйдэна і Джона Мілтана, валодаў таксама аўтарскімі правамі на п’есы Шэкспіра.

Эдмунд Кёрл (1675—1747) — ангельскі выдавец, чыё імя зрабілася агульнавядомым праз нападкі на яго Аляксандра Поўпа.

Рычард Сэвідж (1698—1743) — ангельскі паэт, знакаміты хутчэй сваёй гісторыяй жыцця (ён быў незаконным сынам графіні Маклсфілд і лорда Рыверса, і маці не хацела прызнаваць яго).

Сэмюэл Фут (1720—1777) — ангельскі драматург і актор.

Чарлз Чэрчыль (1731—1764) — ангельскі паэт і сатырык, аўтар сатыры Posciad, прысвечанай тэатру і самым знакамітым акторскім няўдачам. Дарэчы, найвялікшым акторам там называецца Гарык, а місіс Прычард ухваляецца разам з некаторымі іншымі акторкамі. Хогарт намаляваў карыкатуру Чэрчыля ў адказ на “Эпісталу Ўільяму Хогарту” (1763), якую Гарык назваў ганебнай і варварскай.

Франчэска Куцоні (1696—1778) — італьянская оперная спявачка (сапрана) эпохі барока.

І quicquid agunt homines... “што б людзі ні рабілі” (лац.). Цытата ўзятая з “Сатыраў” Ювенала (кніга 1, 1).

Furens quid possit foemina... — “на што жанчына гатовая ў шаленстве” (лац.). Фраза ўзятая з “Энеіды” Вергілія (V, 6). Эней думаў пра тое, на што жанчына гатовая ў шаленстве, пасля таго, як Дыдона скончыла жыццё самагубствам на вогнішчы.

Пераклад з ангельскай, з лацінскай, з французскай – Ганна Янкута © 2013

Чытайце таксама

Вітаўтас Дэкшніс

Вітаўтас Дэкшніс

Літоўскі паэт і перакладчык з розных славянскіх моў, у тым ліку з беларускай

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Джордж Оруэл

Джордж Оруэл

Ангельскі пісьменнік і публіцыст. Сапраўднае імя — Эрык Артур Блэр

Ульф Старк

Ульф Старк

Шведскі пісьменнік і сцэнарыст

2047