№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Барыс Штэрн

Мяжа анёльскай аседласці

Вершы

Пераклад з рускай Ігар Крэбс
***
(Когда всё окончательно стихло…)
 
Калі ўсё канчаткова аціхла
Ён прычыніў дзверы
Зняў капялюш пінжак крылы
На сцяне вывеў слова “веру”
 
Вымыў кубак запарыў гарбаты
Дастаў зашмальцаваную кнігу ўліку
Занёс у яе прыбыткі і страты
Сон у ложку не йшоў як ён яго ні клікаў
 
У цемры шасталі шторы
Матылі біліся ў шкло
Ён успомніў сутонне і горад
Сваю паездку ў метро
 
Пах перона на невялікім вакзале
Брэх недаверлівай псіны
Ён ведаў што яго сустракалі
Але не ведаў з якой прычыны
 
І калі нічога не засталося
Як толькі моўчкі скочыць уверх
Ён адчуў іх здзіўлены погляд
І пачуў іх нервовы смех
 
Ён проста хацеў да мора
Каб паветра пырскі пясчынкі
Але ж за мяжой анёльскай аседласці
Выжываюць толькі адзінкі.
 
 
 
***
(Над городом пьяным от ветра…)
 
Над морам карычневых дахаў
Над местам дзе п’яны скавыш
Зіхотка раскінуўшы крылы
Куды мой анёл ты ляціш
 
Абняўшы завулкі дарогі
Пустынныя рэкі масты
Без радасці і без журботы
Усё пакідаеш нам ты
 
Нашто табе ноша чужая
Труба пацьмянела ад слёз
Ад гэтага шэрага раю
І д’ябал бы ногі абтрос
 
Табе памахаўшы рукою
Я пазіраю наўкол
І можа мяне ты прыкмеціў
А можа і не мой анёл
 
 
 
Зіма
(Зима)
 
гэта значыць зіма
у цябе застаюцца надзеі
сярод сцюжы і льду
снегавею
ў сэрцы чужым
гэта скончыцца знай
усё доўжыцца толькі
імгненне
ты фіялка ў сумёце
адзення ты шэрань
на лабавым.
 
гэта значыць зіма
гэта значыць
што зноўку на шкле 
ты пакінеш запіску
камусьці
у змерзлым трамваі
гарады мітуслівыя ў шале
і ў пустаце
мы вагоны ў дэпо
мы ўсе тыя
каго не чакалі
 
гэта значыць зіма
у мяне замярзаюць радкі
шасціграннай сняжынкай
сярнічка палае
серыял гэта тое ж кіно
і бывае падчас
шэрань проста падстава
шэрань проста
паперка пустая
 
 
 
***
(спят трамваи под часами…)
 
спяць трамваі ды бязважка
ў рэйках блытаюцца сны
і кандуктары ў фуражках
засынаюць да вясны
 
ім прысняцца не пуцёўкі
не агні каля дарог
ім прымрояцца цыноўкі
на цыноўках насарог
 
хай сплятаюць агнякрыла
птушкі чарадзейны ўзор
калыханкаю панылай
загучыць уздых рысор
 
да вясны зіма бязмала
і згубіўшы каляю
рэйкі рэйкі шпалы шпалы
я кандуктару пяю
 
 
 
***
(старый асфальт…)
 
друзлы асфальт
помніць сцёртыя шыны
ссівелы кіроўца
з аселай машыны
чужы чамадан
вымае нялоўка
шавец з шызым тварам
суне ў кладоўку
боты ў якіх
даўно яму цесна
з думкаю даўняй
дакучнай ды прэснай
чакаць недарэчы
звыклай гульні
дзён неадрозных
і гарачыні
сіверу
злівы
ці летуценняў
лёгкіх і ломкіх
карунак
пляцення
са скрыжаванняў
стаптаных дарог
сабака стары
дацягнуцца не змог
да гаспадарскай
старэчай далоні
котка старая
рахмана спрасоння
на мышак старых
палюе дарма
я застаюся
мяне ўжо
няма
 
 
 
***
(Люди играют в кошек…)
 
Людзі гуляюць у котак
Людзі гуляюць па дахах
Кожны канечне нішто так
І проста блукае ў гмахах
 
Нешта забраў на памяць
Ціха схаваў у далоні
Пёрка і фанцік і шарык
І пазірае ў бяздонне
 
І ўсім ужо не вярнуцца
Такое трываць няможна
Галоўнае мне не сарвацца
Трымай мяне асцярожна
 
 
 
***
(Мы прожили вторник…)
 
Пражыты аўторак.
Дворнік забыты.
Паралелі зніклі.
Пыл стаў як скурачка…
З дынаміка слова “шыт”
ужо не рэжа
востраю цурачкай.
Дым як шпалеры,
Імбрык Тытанік.
Дай мне яшчэ
хоць трошкі
абдумацца
і не выкрэслівай,
не здымай.
Не смей
казаць
“Назаўжды”.
На склады
не падзеліш
лёс.
Глытаеш цалком.
Тры дабл ю
кропка.
Быў шчаслівы
ком.
 
 
 
***
(И последнее…)
 
І апошняе.
Ёсць канцавая кропка
Ёсць праўды адзіны каўчэг
Я разумею гэтыя словы
Нехта праскочыць таропка
А хтосьці падыме на смех
 
І да таго
Тое што не ўбачыш з наскоку
Літары мёртвыя толькі тады
Калі ты даеш устаноўку воку
Што шукаць як рухацца і куды
 
І над гэтым яшчэ
Проста жаданне выжыць
Прапускаючы скрозь паднябенне
Неба зімы
Астатнія прыкметы раўнавагі
Таксама прыгожыя але гэта не мы
 
І над гэтым усім
Адна вострая кропка
Тонкая як ігла
Зразумелая як пячаць
Мая любоў да бясконцасці
І да цябе
З яе і варта пачаць
 
 
 
***
(Всё кружится в вальсе)
 
У вальсе ўсё кружыцца
падае плаўна
апошняй трыёллю
з гучаннем бясслаўным
я слаўны час
вясной назаву
і восень прыдумаю
ў вогненным лісці
без слёз і без слоты
вятроў і мыслей
якія нясуць мяне не туды
у нікуды
ў чужую краіну плынню вады
на жаль не папасці
наша глеба прамерзла
зіма гэта час
які позна
прыдуманы быў
шкада
што не мной
час мне здаецца
застыў смалой
і трэба спяшацца
куды невядома
сціскаюць сцены
старога дома
нібыта ён і не мой
 
 
 
***
(Ветер на берегу спутал все сети…)
 
Вецер на беразе зблытаў сеці
Я чую, як дахі дыхаюць
І як дыхае ўсё ў свеце
Краба пад перавернутай лодкай
Ракавінку ды ланцугоў абручы
Чайку што лунае па-над гэтым усім
І крычыць чый чый чый
Скрып на верандзе
Мошак што трапілі ў спіраль
Кажуць гэта пачатак
Кажуць гэта містраль
Ад Севены да ўзмор’я
Упіраецца ў маснічны ўздых
У манатонны гук метранома
У птушак і ў стэрэа крылаў іх
 
 
 
***
(тихо…)
 
ціха
вуліцы
ніццю
збіваюцца
ў клубок
чутны шэпат
сляпых ліхтароў
тэлефон
чыйсьці голас
і дождж
і ты пішаш
аб тым
што калісьці
будзе
не з намі
ды будзе…
…горад
спрабуе спаць
у тэатральных
пад’ездах смог
паненка курыць
вечар
тонкаю цыгарэтаю…
я ў Нэве Цэдэк
як чыйсьці
забыты
друг
проста гляджу
што адбываецца
наўкруг…
Пераклад з рускай – Ігар Крэбс © 2018

Чытайце таксама

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Лаянэл Джонсан

Лаянэл Джонсан

Ангельскі паэт, эсэіст і літаратурны крытык.

Інгеборг Бахман

Інгеборг Бахман

Аўстрыйская пісьменніца, паэт, лаўрэатка мноства прэмій

Марк Валерый Марцыял

Марк Валерый Марцыял

Рымскі паэт, стваральнік жанру эпіграмы ў яго сучасным выглядзе

1413