№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Баляслаў Лесьмян

Нябачныя

Вершы

Дуб
(Dąb)
                 
Загуло, закіпела — і раптоўна з дубровы
На касцельныя хоры дух ускочыў дубовы.
Ён узрушыў арганы рухаў шалам — не шалам,
Быццам разам з гудзьбою шчыраваў ён кагалам.
Галінастыя пасмы траскатліва ўзляталі
І ў паглядзе шырэлі невядомыя далі,
Ён жа выставіў грудзі дудам па-кавалерску,
І ў арганы старанна бахаў ён па-сякерску.
 
Грай, іграчу, грай,
Хай паможа май,
Хай паможа мех з дудой
І ўсялякаю жудой!
 
Біў налева правіцай, а направа лявіцай,
Каб маглі ў адначассе рык са стогнам зрадніцца,
Выбіў з дудаў-марудаў ён рукой сукаватай
Спеў, у нетрах зялёны, а з бакоў — кветкаваты.
А святыя з іконаў выйшлі спосабам звычным,
Каб абняцца смярцямі з гэтым клічам музычным.
Бог, тады небывалы, прыляцеў з бездарожжа,
Небывалы — ды ў шалы ён услухаўся. Божа!
 
Грай, іграчу, грай,
Хай паможа май,
Хай паможа мех з дудой
І ўсялякаю жудой!
 
Граў ён дрэўныя мары, сон памерлага лісця,
Што віры ледзяныя скралі з голля калісьці,
Граў жалобныя маршы мухамораў, што крочаць
Аднанога ў пустэчу, калі скон запасочаць.
Граў пра твань і імшары, дзе ні гуку, ні зыку,
І як смерць як лясная спаць лягла ў ваўчалыку,
Як маркоцяцца росы — без вачэй, ды слязамі,
І як раптам карэнне ў скрушным кленчыцца гаме.
 
Грай, іграчу, грай,
Хай паможа май,
Хай паможа мех з дудой
І ўсялякаю жудой!
 
А калі яму хмелем песня ўдарыла ў голаў,
Граў усімі ярамі ён між нетраў і долаў!
Аж алтар напужаны, блішчучы ў залатэчы,  
Прагнуў зрынуцца тут жа, толькі прагу адпрэчыў.
Ён жа біў па арганах, ім раструшчыўшы косці,
Пальцы так разагнаўшы, нібы ногі на мосце,
І, развеяўшы згукі між пявучых разлогаў,
Ён усё павыгрукваў, што лес мае да Бога.
 
Грай, іграчу, грай,
Хай паможа май,
Хай паможа мех з дудой
І ўсялякаю жудой!
 
Між музыкам і Богам больш не будзе прадоння:
Пра сябе сненні дуба Бог падслухаў сягоння.
“Колькі ў свеце існую — я ж адвеку вячысты, —
А дагэтуль такога не спаткаў арганісты!”
Божай ведзе музыка на хвалу і на памяць
Стаў двума ручаямі песню ўгору напраміць,
Долу спеў размуравіў, каб касцёл каласіўся,
Аж цяністым прыпевам Божы твар зацяніўся.
 
Грай, іграчу, грай,
Хай паможа май,
Хай паможа мех з дудой
І ўсялякаю жудой!
 
Ашаломлена слухаў Бог душою бяскрайняй,
Што зрабілася раптам і лясной, і ручайнай,
Ён сабе штосьці думаў і прымерваўся збоку,
Бег жыўцом да музыкі, цягнучыся здалёку.
А святыя, што зналі, як аддзячыць за дзіва,
Узяліся за рукі, каб укленчыць шчасліва,
Бо як свет стаўся светам, смерць жа сталася крэсам,
Бог, абняўшыся з дубам, першы раз плакаў з лесам.
 
Грай, іграчу, грай,
Хай паможа май,
Хай паможа мех з дудой
І ўсялякаю жудой!
 

пераклад з польскай Ганна Янкута


 
 
Душылка
(Dusiołek)
 
Ціха крочыў Байдала,
А вясна прыгравала —
За сабою вёў клячу, за клячай — карову,
І свой шлях у палях ён прайшоў напалову.
 
На дрымоту Байдалу
Пацягнула памалу —
На падлеску ён тут жа прыгледзеў імшыны
І праверыў абцасам, ці мякка для спіны.
 
Між каровай і клячай
Паваліўся, бядача,
Пакрывіўся, прыцмокнуў, раскінуўся ўшыркі
І пасля, пазяхнуўшы, засоп у дзве дзіркі.
 
Казка не захавала
Сноў, што бачыў Байдала,
Захавала ж, як раптам Душылка з-пад карка,
Свет паскудзячы, вылез, як з ложку паўстарка.
 
Лыч быў жабін, няйначай,
Ды з пароды слімачай,
Ну а ззаду — квактуха, што зносіла яйка.
Гэй, маўчы: дзеўкі гыркнуць — і будзе вам байка!
 
Хвост — як рэмень, без косці,
Лубяное падхвосце.
Сеў на грудзі Байдалу, як крук на адрыну,
І пакуль той не хлюпнуў, душыў бедачыну.
 
Ох, душыла навала!
Што за трасца, Байдала?
З жахам дзьме ён у вусы праз стогны і ўсхліпы —
Як раз’енчыўся хлопец, паслухайце, ліпы!
 
Аж дарэшты спацела
Паўдушы і паўцела,
Ды нядоўга Душылка Байдалу марочыў —
Той пафыкаў, і слінай папырскаў, і ўскочыў.
 
І прамовіў ён клячы:
Што ж ты, коню лядачы,
Не вартуеш мяне ад бяды выпадковай?
Што ж не трэснуў ты добра Душылку падковай?
 
І прамовіў карове:
Што ж ты спіш у ахове
І прагнаць не спрабуеш рагамі пачвару,
Што сюды прыпаўзла да мяне на імшару?
 
 
І прамовіў ён Богу:
Што ж ты крыўдзіш нябогу?
Ты спачварыў мяне, і карову, і клячу,
Ды яшчэ і Душылку стварыў наастачу.
 

пераклад з польскай Ганна Янкута


 
 
Піла
(Piła)
 
Крочыць праз лясы пачвара, як піла — з аблічча,
І зубамі хлопцаў вабіць, і ў магілу кліча.
 
Вось прыгледзела хлапчыну ля суцішнай ляды:
“Прагну над табой улады — лады мае, лады!
 
Пацалункі для каханка ўзброю вострай сталлю,
Блісну выбліскам на бляску і зубамі ўджалю!
 
Зачаруйся той паставай, што нідзе не зналі,
Высынайся тымі снамі, што не высыналі!
 
Голаў пакладзі на макі, мяту і півоні,
Пакахай мяне і ў спёцы, і ў лясной сутоні”.
 
“Буду я кахаць да змогі, каб не брала змога,
 Буду цалаваць нястомна, як ніхто й нікога!
 
І забуду ўсіх дзяўчатак, што ішлі мне ў рукі,
Бо рыдаюць ад кахання, як ад горкай мукі.
 
Мару цела перайначыць пад тваёй пяшчотай,
Мару вусны разбарвовіць жарснаю ахвотай!
 
Для твае для асалоды мару кшталтавацца,
На зубах тваіх сталёвых сутаргай звівацца!”
 
Тут яна заскрыгатала, натачыла зубкі:
“Я ў любоў іду, нібыта колісь на парубкі!”
 
І лісты чырвоных вербаў дробна задрыжалі,
І юнак спазнаў абдоймы закаханай сталі!
 
Напалам расцалавала, выпесціўшы рану:
“Не адну для іншасвету я душу дастану!”
 
Шчыравала, каб пяшчотай на шматкі раздзерці:
“Хай вам, мілыя драбочкі, пашанцуе ў смерці!”
 
Параскідала паўсюдна парахні амецяў:
“Хай цяпер вас Бог мацуе, калі вас прыкмеціў!”
 
Рэшткі прагнулі сабрацца па былым узоры,
Ды ўзаемна адшукацца не змаглі ў прасторы.
 
Пачалося ўсё з міргання двух павек ля гаці.
Хто міргае — невядома. Чалавек? Наўрад ці…
 
Галава шукае карак і грыміць на мосце,
Бы гарбуз, які на рынку з рук упусціць хтосьці.
 
Скраўшы грудзі, яр задыхаў так, што сэрца стыне,
Ліпа слухае прыдбаным вухам на галіне.
 
Вочы тлеюць паасобку з цьмянаю тугою:
Б’ецца ў павуце адное, спіць на пні другое.
 
Першая нага на ўзлеску мільгаціць у скоках,
А другая на калене поўзае ў валоках.
 
А рука, што над дарогай у нішто ўзляцела,
Штосьці там перажагнала — што, незразумела!
 

пераклад з польскай Ганна Янкута


 
 
Нябачныя
(Niewidzialni)
 
Нас паўсюдна атачаюць тысячы нябачных зданяў.
Хто каго заўважыць першы? Хто каму душою стане?
 
Ходзяць разам з намі ўночы і блукаюць з намі ўранні —
І ўзаемнасці не бачаць у такім суіснаванні.
 
Як яны для нас, для іх мы — непарушаная тайна...
Толькі ўсё ж змярканні часам не такія, як звычайна.
 
А мая малая лодка каля берага застыла...
Сніць сябе вада, што лодцы — і радзіма, і магіла.
 
Нехта вельмі размаіты лодку гойдае, калыша —
Я ж наўкола сведчу зелень, сведчу я наўкола цішу.
 
А яны чапляюць лодку, снам паддаўшыся й трывозе,
Плыць адсюль далёка прагнуць, ды не ў змозе, бо — не ў змозе.
 
Цягне цемра ў смерць, і лёс іх — бераг, небыццём зарослы.
Ім бракуе смелай моцы, без якой не возьмеш вёслы.
 
Я ж хачу, каб паддалася лодка зборні спадарожнай, —
Каб крануцца хоць аднойчы іх рукі неасцярожнай.
 

пераклад з польскай Кацярына Маціеўская


 
 
Паўстанне з мёртвых
(W czas zmartwychwstania…)
 
Паўстаць накажа Боскі знак,
Але не ўсім ён стане лёсам:
Не ўсё той ноччу пойдзе так,
Як уяўлялася нябёсам.
 
Ёсць крык, што вечны свой спакой
Больш не аддасць за шал забойчы.
Ёсць кроў пралітая, якой
Ніхто праліць не зможа двойчы.
 
І парахня такая ёсць,
Што жах спазнала з першым тленнем.
Ёсць у зямлі такая косць,
Што пагарджае ўваскрасеннем.
 
Хай кліча ўстаць анёл-трубач,
Каб новаму быццю скарыцца, —
Не кожны смех, не кожны плач
Наноў захоча паўтарыцца.
 

пераклад з польскай Кацярына Маціеўская


 
 
Ручай
(Strumień)
 
Роўны змроку стаў змрок і маркота — маркоце.
Не паспела ў лясах штосьці зазалаціцца.
І пазбыўся ручай берагоў — па лістоце,
Распрастаўшыся ў вечнасць, пайшоў ад крыніцы.
 
Ён дайшоў да крыжа, дзе, не верачы ў зоры,
Жывіць сілы бясконцасць уздыхамі мяты,
Струмяністыя грудзі на дрэве ўпакорыў
І павіс, на крыжы дабравольна распяты.
 
За каго ты, Вада, хочаш гінуць вякамі?
Хто цябе на крыжы тваім, Хваля, трымае?
Тыя, хто перажыў сваё дно з берагамі
І хто рэчышча болей з той хвілі не мае.
 

пераклад з польскай Кацярына Маціеўская


 
 
Адзінота
(Samotność)
 
Як вецер сціхаць умее!..
Хмурнее змяркання рэшта,
І глухне свет, і нямее,
Я ж — бачу і чую нешта.
 
І хтосьці з прадонняў кону
Мне цягне насустрач рукі.
Чужы мне голас ягоны,
Але не чужыя мукі.
 
Бягу да гэтага плачу
У змрок... Стаю на дарозе,
Нічога вакол не бачу,
Сябе зразумець не ў змозе.
 
Азмрочваецца цямрэча.
Наяве і ў снах — нікога.
Не выпадзе больш сустрэча,
Не прыйдзе больш дапамога.
 

пераклад з польскай Кацярына Маціеўская


 
 
Сузорцы
(Pozorzanie)
 
Мы — несмяротнае племя Сузорцаў.
Мы прыбылі на світанні, мы тут.
Некалі жыў чалавек-цудатворца:
Цудаў не ведаў, ды верыў у цуд.
 
Ён вычароўваў са смутку і шалу
Нам існаванне без смерці і слёз.
Год быў такі, што памалу, памалу
Межы бязмежжа наш кон перарос.
 
Высніў прастору — з’явіліся далі,
Поўныя ўсцяж бездарожжа й дарог,
Выплакаў час — і гады раз’ядналі
Бога і час, і мінуў з часам Бог.
 
Мы — па-за часам і па-за прасторай,
Здзейсненасць нашая — па-за зямной.
Што чалавек? Ад усіх ён найгорай
Мог гаварыць з зелянінай лясной.
 
Толькі чаму мы ўсё снім чалавека,
Быццам трыюмф ён аддаў нам у дар?
Што ў нашых рысах, чужых нам спрадвеку,
Цьмяна ягоны нагадвае твар?..
 

пераклад з польскай Кацярына Маціеўская


 
 
***
(Śni się lasom — las...)
 
Сніцца лесу лес,
Сніцца зліва.
Май за маем спрэс
Прамінае.
 
Пройдзе ўсё ізноў
Так імкліва...
А я ўласных сноў
Не пазнаю.
 

пераклад з польскай Кацярына Маціеўская

Пераклад з польскай – Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская © 2014

Чытайце таксама

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Юзаф Ігнацы Крашэўскі

Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст

Готфрыд Бэн

Готфрыд Бэн

Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва, доктар медыцынскіх навук

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Культавы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай айчыннай вайны

Элізабэт Бішап

Элізабэт Бішап

Амерыканская паэтка.

1393