№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Оскар Ўайлд

Сімфонія ў жоўтым

Вершы

Канцанэта
(Canzonet)
 
За вартавога
Не будзе мне грыфон:
Няма нічога
У пастуха здавён;
Каменняў-звадаў
Не сыплю для забаў —
І ўсё ж наядаў
Я спевам чараваў.
 
Рачная роўнядзь...
Хай флейта зноў пяе,
Хай слых твой поўняць
Мелодыі мае.
Твой твар лілейны —
Дзівоснай белаты,
Пах чарадзейны
Забрала ў амбры ты.
 
Адкінь трывогу,
Бо Гіяцынт памёр,
Лясному богу
Не панаваць з тых пор.
Не плач, даволі:
Знік фаўн з лясных аркад
І Пан ніколі
Не вернецца назад.
 
А руж спакусных,
Што зацвілі ў тваіх
Чырвоных вуснах,
Гілас бы не спасціг.
Дрыяды ў кроне
Не завядуць гульні,
Дзень сумны тоне
У срэбнай цішыні.
 
пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская
 
 
Магіла Шэлі
(The Grave of Shelley)
 
Нібы над хворым шэрагі лампадаў,
Паўсталі кіпарысы над плітой.
Тут сыч пануе ў цемрадзі густой
І яшчарка ўцякае ад паглядаў.
 
Тут чырванеюць макі, кветкі звадаў,
Тут, нібы ў схове пірамід нямых,
Нябачны ў цемры, Сфінкс ля пасткі сціх —
Злавесны вартаўнік тваіх прысадаў.
 
Што праўда, спачываць па смерці міла
Ў зямлі маўклівай, вечнай маці сну,
Але табе мілейшая магіла
 
У моры, дзе гукае рэха дну,
Дзе караблі змагае віру сіла,
Дзе хвалі стромам прайграюць вайну.
 
пераклад з ангельскай — Кацярына Маціеўская
 
 
 
Impression du voyage
(Impression du voyage)
 
Было сапфірным мора. Як апал,
Гарэла неба, і ў святле апала
Мы ўзнялі ветразь: ветрам нас імчала
На ўсход, да шызых берагоў і скал.
 
І я імклівым вокам прыкмячаў
Закінф, яго алівы і затокі,
Аркадскі схіл, уквечаны й высокі,
І Лікеон, які ў снягах маўчаў.
 
Трапеча ветразь — лёгка караблю!
Плюскоча мора ўнізе за бартамі,
Плюскоча над кармою смех дзяўчат —
 
І больш ні гуку. Ўспыхне далягляд
І сонца ў мора спусціцца за намі,
Тады на грэцкі бераг я ступлю!
 
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
 
Сімфонія ў жоўтым
(Symphony in Yellow)
 
Як жоўты матылёк, па мосце
Марудна омнібус паўзе,
Нібыта жамяра ў смузе,
То тут, то там праходзіць хтосьці.
 
І з жоўтым грузам сена баржы
Да цьмянай прыстані нясе,
Хавае верфі пакрысе
Туман — накідка з жоўтай саржы.
 
І жоўтыя лісты зляталі —
Кружляў ля вязаў Тэмпла рой,
І бледнай Тэмзы пада мной
Нефрытавыя беглі хвалі.
 
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
 
  
La mer
(La mer)
 
Між вантамі плыве бялюткі дым,
Бы злога тыгра вока, месяц дзікі
На грывах цёмных хмар стварае блікі,
Што свецяцца ў зімовым небе тым.
 
Каля штурвала рулявога здань
У пякельнай цемры бачыцца дакладна;
Дрыжыць у труме карабля бязладна
Стальнога штока глянцавая грань.
 
Адбітак шторм пакінуў дзе-нідзе,
З вялізным караблём ён звёў рахункі:
Плывуць, як абтрапаныя карункі, 
Струмені жоўтай пены па вадзе.
 
пераклад з ангельскай — Ірына Пінхасік

Чытайце таксама

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Нямецкі паэт. Адзін з выразнікаў ідэй “Буры і націску”.

Павел Брыч

Павел Брыч

Чэшскі пісьменнік.

Джэймс Мэцью Бары

Джэймс Мэцью Бары

Шатландскі драматург і празаік, найбольш вядомы дзякуючы казцы “Пітэр Пэн”

Алок Вайд-Мэнан

Алок Вайд-Мэнан

1781