№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрых Гайнэ

Тры мудрацы

Вершы

Пераклад з нямецкай Ігар Крэбс

Тры мудрацы з усходніх краёў…

(Die heil’gen drei Könige aus Morgenlan...)

 

Тры мудрацы з усходніх краёў

Пыталі ля кожнае хаты:

“А дзе тут дарога на Віфлеем,

Малыя хлапцы і дзяўчаты?”

 

Не ведаў ніхто, і мудрацы

Дарогай пляліся сваёю.

Іх ветлая зорка наперад вяла,

Якая ўзышла над зямлёю.

 

Спынілася зорка, дзе жыў Язэп,

Зайшлі мудрацы ў прыстанак.

Цялё раўло, дзіцёнак крычаў,

За спевам заспеў іх світанак.

 

 

 

Старая песня ля каміна

(Altes Kaminstück)

 

Звонку змрок і завіруха,

Вецер снежыць у акно,

А ў маім пакоі суха

І спакойна ўсё адно.

 

Я сяджу ва ўтульным крэсле,

Сыпле знічкамі камін,

Гукі імбрыка прынеслі

Даўніх песень успамін.

 

Побач коцік мой вуркоча,

Цягне лапкі да цяпла.

Полымя дрыжыць уночы,

І з душы сышла імгла.

 

Мне дзівосна, вось і госці —

Вобразаў забытых рад,

У пабляклай прыгажосці

Закруціўся маскарад.

 

Далікатныя жанчыны

Усміхаюцца крадком,

Побач танчаць арлекіны

І рагочуць на ўвесь дом.

 

Шлюць з паклонам прывітанне

Мармуровыя багі,

Апранулі кветкі ўбранне

З месяцовае смугі.

 

Тайны тоіць у тумане

Дзіўны казачны палац.

Рог пяе ў вайсковым стане,

Кліча рыцараў на пляц.

 

Вось і ўсё, знікае ў цені,

Меркне прывідны паток.

Імбрык кінуў кропляў жменю —

Плача мокры мой каток.

 

 

 

Паломніцтва ў Кевлар

(Die Wallfahrt nach Kevlaar)

 

I

 

Вільгельм ляжаў у ложку,

А маці была ля акна.

“Зірні на пілігрымку”, —

Сказала сыну яна.

 

“Я вельмі хворы, маці,

Стаіць імгла ў вачах.

Мая памерла Грэтхен,

Пануе ў сэрцы жах”.

 

“Устань, хадзем у Кевлар,

Вось пацеркі твае.

Марыя лечыць сэрцы,

Душы спакой дае”.

 

Трапаў харугвы вецер,

Царкоўны чуўся спеў.

Калона крочыла з Кёльна,

А побач Рэйн зырчэў.

 

Ішла з натоўпам маці

І сына побач вяла.

Абодва спявалі хорам:

“Марыя, табе хвала!”

 

ІІ

 

На Божай Маці сёння

Надзеты найлепшы ўбор.

Вялікая будзе праца —

Калекі запоўнілі двор.

 

Прынеслі ёй шмат дарункаў,

Прайшоўшы нямала дарог:

Злепленых з воску членаў —

Васковых рук і ног.

 

Хто з воску руку ахвяруе,

З рукой больш не мае бяды.

Хто з воску нагу ахвяруе,

Той скача, нібы малады.

 

Хто на мыліцах крочыў у Кевлар —
Цяпер канатны танцор.

Каму ўсе пальцы балелі,

Цяпер для альтыстаў — узор.

 

Зляпіла сэрца маці

І сыну ў руку кладзе.

“Аддай яго Божай Маці,

Яна дапаможа ў бядзе”.

 

Сын сэрца ўзяў і са стогнам

Спыніўся ля абраза.

І слова сочыцца з сэрца,

І сочыцца з вока сляза:

 

“Прачыстая Дзева Марыя,

Святая Царыца нябёс,

О, Міласэрнасці Маці,

Табе даручаю свой лёс!

 

Я жыў у горадзе Кёльне

З матуляй з малых гадоў,

У горадзе Кёльне, дзе сотні

Касцёлаў ды манастыроў.

 

А побач жыла мая Грэтхен,

Пабралася Грэтхен з труной.

Даю табе сэрца з воску,

Ты сэрца маё супакой.

 

Ах, вылечы ты мне сэрца,

І я ад святла да святла

Няспынна буду маліцца:

Марыя, табе хвала!”

 

ІІІ

 

Заснулі і сын, і маці

Ў пакоі, дзе сум і жаль,

З’явілася Дзева Марыя

Ціхутка, нячутна амаль.

 

Схілілася Дзева над хворым,

Паклала на сэрца руку

І знікла, мякка і міла

Ўсміхаючыся юнаку.

 

Усё гэта бачыла маці

І ўбачыла болей скрозь сон…

Тут брэх сабачы парушыў

Яе дрымотны палон.

 

На ложку ў сваім пакоі

Ляжаў нежывы юнак.

Світальныя промні на твары

Чырвоны пакінулі знак.

 

І маці прасцерла рукі

І пацеркі сына ўзяла.

Пабожна яна заспявала:

“Марыя, табе хвала!”

 

 

 

Калі выпадкова ў дарозе…

(Als ich, auf der Reise, zufällig...)

 

Калі выпадкова ў дарозе

Сустрэў я каханай радню:

Сястрычку, бацьку і маці —

Было не спыніць балбатню:

 

Пыталі мяне пра здароўе

І што са мною не так:

Нібы я зусім не змяніўся,

Бляднейшы тварам, аднак.

 

Спытаў і я аб кузінах,

Занудных усіх сваяках,

Аб шчанюку, што калісьці

Брахаў на маіх руках.

 

Затым мімаходзь спытаўся,

Як у каханай жыццё,

І радасна мне расказалі,

Што хутка народзіць дзіцё.

 

Я радасна павіншаваў іх

І словамі ўдала гуляў,

Казаў, каб віталі сардэчна,

Што я вельмі рады, маўляў.

 

Сястрычка раптам сказала:

Шчанюк стаў люты барбос.

Яго ўтапілі ў Рэйне,

Такі быў сабачы лёс.

 

Яе не адрозніць ад мілай:

І голас, і смех пазнаю,

І вочы, што назаўсёды

Душу загубілі маю.

 

 

 

У жыцці маім пахмурным…

(In mein gar zu dunkles Leben...)

 

У жыцці маім пахмурным

Светлы вобраз меў куток,

Як пагас той светлы вобраз,

То мяне ахутаў змрок.

 

Жах сціскае дзеткам сэрцы,

Як засцігне раптам цьма.

Толькі песня іх ратуе,

Што ідзе з грудзей сама.

 

І спалоханым дзіцяткам

Зноў у цемры я брыду.

Хай мой спеў не надта бравы,

Праганяе ён жуду.

 

 

 

Песня вязня

(Lied des Gefangenen)

 

Як Лізе пагоршала праз загавор,

Старую ў турму пацягнулі.

Суддзя так стараўся, што ледзь не памёр,

Віны ж не прызнала бабуля.

 

Калі яе засадзілі ў кацёл,

Яна як пры схватках стагнала.

Як дым засмуродзіў усё навакол,

Бабуля варонаю стала.

 

Бабулечка, чорны крылаты мой цуд!

Наведай мяне ў маёй вежы!

Праз краты працісніся ў цёмны мой кут,

Скінь сыру і булачкі свежай.

 

Бабулечка, чорны крылаты мой цуд!

Зрабі, каб цёткі той ноччу,

Калі абвесцяць смяротны прысуд,

Мае не павыдзеўблі вочы.

 

 

 

Калі ты станеш жонкай маёй…

(Und bist du erst mein ehlich Weib...)

 

Калі ты станеш жонкай маёй,

Жыццё тваё будзе як свята:

Уцехі, забавы адна за адной —

Дзень будзе цалкам заняты.

 

Пасварымся мы — няма той бяды,

Цярпення ў мяне бязмежна.

Калі ж не пахваліш ты вершы, тады

Канец! Развод непазбежны.

 

 

 

Песня маркітанткі

(Lied der Marketenderin)

(З Трыццацігадовай вайны)

 

Ах, як гусараў я бравых люблю!

Ніколі каханне не стыне,

І мне неістотна, які той гусар,

Мне мілы і жоўты, і сіні.

 

І мушкецёраў таксама люблю!

Кахаю я мушкецёраў,

І афіцэраў, і нават салдат,

Такі ўжо я маю нораў.

 

Кавалерыстаў маіх — малайцоў

Люблю не менш, чым пяхоту,

З артылерыстамі я ўначы

Ніколі не знала нудоты.

 

Мне любы немец, швед і француз,

Кахаю я і гішпанца,

Найперш мне важны чалавек

У кожным з навабранцаў.

 

Няважна, з якой краіны яны,

Якое веры і мовы.

Кахання варты кожны з іх,

Калі ён, канечне, здаровы.

 

Айчына, рэлігія — гэта рыззё,

Не больш чым проста апратка.

Далоў лахманы, да сэрца хачу

Прыціснуць цябе, мой братка!

 

Я чалавек, чалавечнасць дару

Сваёю душой і целам.

А грошай няма, то не бяда —

Даўжок пазначу я мелам.

 

Вісіць над палаткай зялёны вянок,

Зямлю ахінула сутонне.

Салодкай мальвазіі госцю налью

З новай бачуркі сягоння.

 

 

 

Калі я, бывае, ранкам…

(Wenn ich an deinem Hause...)

 

Калі я, бывае, ранкам

Мінаю твой мілы дамок,

Я рады ўгледзець, дзяўчынка,

Цябе ў акне незнарок.

 

Твае цёмна-карыя вочы

Цікаўна глядзяць з-пад павек:

Адкуль ты і што з табою,

Нямоглы чужы чалавек?

 

Я песнятворца нямецкі,

Вядомы ў сваёй старане.

Сярод найлепшых імёнаў

Згадваюць і пра мяне.

 

Мая ж бяда, дзяўчынка,

Не рэдкасць у той старане.

Як кажуць пра боль найгарчэйшы,

Згадваюць і пра мяне.

 

 

 

Прыцісні ручку мне да грудзей…

(Lieb Liebchen, legs Händchen aufs Herze mein...)

 

Прыцісні ручку мне да грудзей,

Ты чуеш? Працуе ў іх ліхадзей.

Грукоча старанна там злосны цясляр,

Рыхтуе труну ён за ўдарам удар.

 

І ён за цвіком заганяе цвік,

І сон мой даўно дарэшты знік.

Ах, майстар, хутчэй жа закончы труну,

Тады, спадзяюся, я ўрэшце засну.

Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс © 2015

Чытайце таксама

Станіслаў Бараньчак

Станіслаў Бараньчак

Польскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, перакладчык, актыўны дзеяч Салідарнасці

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Хаім Нахман Бялік

Хаім Нахман Бялік

Габрэйскі паэт і празаік, класік сучаснай паэзіі на іўрыце і ідышы.

1451