№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мойшэ Кульбак

Я да цябе спяшаў

Вершы

Пераклад з ідыша Андрэй Хадановіч

Я да цябе спяшаў

(Mir hobn, libste, bam špacirn...)

 

Я да цябе спяшаў, аднак

Насустрач два вядры пранеслі,

Пустыя два вядры пранеслі —

Ты мне сказала: кепскі знак.

 

Купіў табе пярсцёнкі ў краме,

А праз дарогу — чорны кот.

Мне праз дарогу — чорны кот.

Я збочыў і пайшоў дварамі.

 

Я падарункі любай нёс,

Ды не знайшоў знаёмай хаты.

Я не знайшоў знаёмай хаты —

Ці ж варта наракаць на лёс,

 

Што гоніць з дому прыбышоў?..

Ішоў — і ўбачыў пахаванне,

Ішоў — і раптам пахаванне

Той, з кім я шлюб узяць ішоў.

 

 

Зорачка

(Šterndl)

 

Зорачка, зорачка, добры мой веснічак,

Ты прыляці да старых нашых веснічак.

 

Там, у мястэчку, ёсць вузкая вуліца,

Ўбогая хата на вуліцы туліцца.

 

Там ля акна мая жоначка бедная

Плача… Суцеш яе, зорка ўсёведная.

 

Ты ёй шапні, што наладзяцца справы,

Ўсё будзе добра, бо Госпад ласкавы.

 

Слоўца — пра Янкеле, Леечку, Рывачку.

Хай мне напішуць яшчэ, хоць па ўрывачку,

 

Ліст пацалую, а ты мне — яшчэ дары!

Янкеле хай не лянуецца ў хедары,

 

Вывучыць кадыш, бо лёс — не забавы.

Можа… хто ведае… Госпад ласкавы.

 

 

Вялля і Нёман

(Di Vilje un der Njeman)

 

У ноч, калі месяц з нябёсаў — як срэбная зліва,

З’яўляецца з Нёмана постаць літоўскага воя,

А побач з Вяллі выплывае дзяўчына шчасліва —

Вейкі даўгія, а кудзеры зблытаны з мокрай травою.

Крочыць нясмела, ды больш не хаваецца ў хвалі…

І Нёман імкне напярэймы — абняць яе цела тугое,

Цалуе ў зялёныя вочы, што шчасцем блішчаць і тугою,

А потым адносіць на дно ў крышталёвыя сінія залі…

 

Месячная ноч

(A levone-naxt)

 

Праз ноч Царыца Саўская плыве

І працінае неба позірк боскі

Ў халодным харастве.

 

Бы прывіднае сяйва з вышыні

Спускаецца ў маленечкія вёскі,

Што спяць у цішыні.

 

Яе вачэй бяссоннае бяздонне

Глядзіць згары

На курачку ў двары,

Пільнуе верхаводку ў срэбнай тоні,

Любуецца ягняткам у хляве…

 

Праз ноч Царыца Саўская плыве

На зорным троне ў залатой кароне.

 

Вечна, вечна

(Ejbik, ejbik)

 

Вечна, вечна ткуцца гукі, ткуцца колеры і хвілі…

Тут жыццё і смерць спяваюць хорам,

Там — свяціць далёкім, вечным зорам.

 

Дзе людзі спадзяваліся й любілі,

Па хвілі чарапы ляжаць у пыле:

Бог — вечны, мы — хвіліну з ім гаворым!

 

Ды нашае надзеі цёплы подых

Падымецца да зораў, як па сходах,

Сатканых з вечных колераў нябёсных.

 

І светлай весялосцю

Зямля і неба сустракаюць госцю —

Людcкую мрою на сусветных кроснах.

 

Вечна, вечна ткуцца гукі, ткуцца колеры і хвілі:

Тут жыццё і смерць спяваюць хорам,

Там — свяціць далёкім, вечным зорам.


 

Віно старое бродзіць ува мне

(S'hot ufgešojmt in mir der alter vajn...)

 

Віно старое бродзіць ува мне,

І з глыбіні віна

Крыніца светлай радасці імкне

І б’е са дна, і п’е мяне да дна.

 

Я сонца, я раса, я вір надзей,

Шчаслівы, як

Вячысты дуб, што неўспадзеў надзеў

Юначы фрак.

 

Я — прага быць, я — станаўлення спеў,

Я — запавет

Таго, у кім старым віном кіпеў

Наш п’яны свет!

Пераклад з ідыша – Андрэй Хадановіч © 2015

Чытайце таксама

Ян Вагнэр

Ян Вагнэр

Нямецкі паэт і перакладчык

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Рэд'ярд Кіплінг

Рэд'ярд Кіплінг

Знакаміты ангельскі паэт і празаік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1907 году

Марыс Леблан

Марыс Леблан

Французскі пісьменнік, аўтар дэтэктыўных раманаў пра Арсэна Люпэна

5498