Vitae Summa Brevis Spem Nos Vetat Incohare longam [1]
Не вечны час надзеі і адчаю,
Любоў, і жарсць, і гнеў,
Мінаем браму мы — і ўсё знікае,
Бо час прыспеў.
Не вечныя віно і баляванне:
З глыбі таемных сноў
Сцяжынка ўзнікне — і пасля растане
У сне ізноў.
Non Sum Quails Eram Bonae Sub Regno Cynarae [2]
Учора ўвечары між нашых вуснаў паў
Твой цень — і подых твой, Цынара, атуліў
Маю душу падчас застолля і забаў.
Мяне спустошыла мая старая мара,
Так, тую пустку я віном заліў.
Я верны на свой лад адной табе, Цынара!
У тую ноч гучаў гарачых сэрцаў грук,
Я саладзейшых губ не цалаваў нідзе,
Ў абдымках спачываў яе прадажных рук,
Але спустошыла мяне старая мара:
За ноччу шэры досвітак ідзе.
Я верны на свой лад адной табе, Цынара!
Я шмат чаго забыў, Цынара, з ветрам знік,
Развеяў столькі руж над гэтай пустатой,
Танцуючы, згубіў тваім лілеям лік,
Але спустошыла мяне старая мара,
Бо быў занадта доўгім танец той,
Я верны на свой лад адной табе, Цынара!
Гучнейшых нот! Віна, мацнейшага ўдвая!
Ды скончыцца наш баль, я пагашу святло,
І вернецца твой цень, Цынара, ноч — твая,
Каб зноў спустошыла мяне старая мара,
Так, трызню я пра тое, што было,
Я верны на свой лад адной табе, Цынара!
Таму, хто ў Бедламе
(To One in Bedlam)
Ён, тонкі і ўтрапёны, рве жмуток
Нябачных кветак і пасля ў вянкі сплятае.
Салома прэлая і камера пустая —
Увесь яго сусвет, і шчэрыцца ў той бок
Панылы свет-педант. О, як мутнее зрок
Ад дурасці людской! Хто ж мрою расчытае,
Што выклятым віном узносіць дух, святая,
І зоркамі вянчае змрочных думак ток?
Няшчасны брат, які спазнаў пагарду ўсіх,
Мне абяцанне мроіцца ў вачах тваіх:
Паўцарства блазнаў, дзе няма пустога дбання.
І лепшы, чымся кветкі марнага жыцця,
Твой месячны вянок, і лепшы за каханне —
Твой зорны смутак у гадзіны забыцця.
Мая лэдзі Мая
(My Lady April)
Раса на строях і на валасах,
І вочы — як расінкі, і не змяць
Ёй лёгкаю хадою сенажаць —
Ідзе яна й спявае ў верасах.
Той спеў ляціць, як фантастычны птах.
Лёс кветкі-прыгажуні — люстраваць
Кахання і надзеі дабрадаць,
Ды слёзы ззяюць у яе вачах.
Няўжо яна рыдае без прычын?
Ці прадчувае — шчасце адлятае,
І не спыніць імклівы лёт гадзін,
Бо выпадае ўсім нягода тая:
Спачатку — марнасць, восень залатая,
Пасля — зіма бясплодная, спачын.
Віланэль заходу сонца
(Vilanelle of Sunset)
Хадзем, дзіця! Спачні,
Бо хутка ноч настане —
Вунь захад у агні!
Заснулі ў цішыні
Гульня і шчыраванне.
Хадзем, дзіця! Спачні.
Схавайся ў глыбіні
Гнядзечка, птах мой ранні,
Вунь захад у агні!
Фіялка, не мані:
Ты сон стрымаць не ў стане.
Хадзем, дзіця! Спачні —
Бо поўня ў вышыні.
Чакае нас вяртанне,
Вунь захад у агні!
І нёс з далечыні
Я кветку, што не звяне…
Хадзем, дзіця! Спачні,
Вунь захад у агні!
Вянок
(A Coronal)
Яго спадарыні і каханню з усімі яго песнямі і яе днямі
Фіялкі й вінаград
У наш вянок чароўны
Нам дорыць летні сад.
Вянок — вянец кахання,
Яго дыханнем поўны,
Аздоба яго шат —
Ды толькі да змяркання.
Фіялкі й вінаград
Нам дорыць летні сад.
Фіялкі й вінаград
Каханню-аднадзёнцы
Падорыць летні сад,
Пакуль яно не звяне,
Пакуль не знікне сонца,
Стракаты кветкапад
На галаве кахання.
Фіялкі й вінаград
Нам дорыць летні сад.
Фіялкі й вінаград —
Каханне, што загіне, —
Нам дорыць летні сад.
Вянок, што хутка звяне,
Гарыць, і Празерпіне
Час скончыць свой абрад.
Згасае дзень. Змярканне.
Фіялкі й вінаград
Нам дорыць летні сад.
Каментар
1. “Кароткасць жыцця забараняе нам спадзявацца на далёкае” (лац.). Цытата ўзятая з оды Гарацыя, кніга 1, 4.
2. “Я не той, кім быў ва ўладзе добрай Цынары” (лац.) Цытата таксама ўзятая з оды Гарацыя, кніга 4, 1. Паводле пераказанай Гарацыем легенды, Цынара — дзяўчына, у якую закахаўся Зеўс, аднак пасля ператварыў яе ў артышок (лацінская назва раслін роду артышок — Cynara). У Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме артышок лічыўся моцным афрадызіякам.