Перакладчык шчыра ўдзячны Сяргею Шупу і Вольфу Рубінчыку за дапамогу ў працы з арыгіналамі.
Мойшэ Кульбак
Яўрэйскія словы
Вершы
Пераклад з ідыша Андрэй Хадановіч
Гультай
(איך בין א בחור א הולטיי)
Гультая відаць здаля —
З палачкай заўсёды
Шпацырую, тра-ля-ля,
Ў пошуках прыгоды.
Падыходжу да карчмы,
Грукаю з павагай:
— Адчыняйце, гэта мы,
Я з маёю смагай.
— Смага зранку? Не дурэй!
Ты гарэзнік, хлопча!
Бла-бла-бла… А я далей —
Пыл “гарэзнік” топча.
У крыніцы шмат вады —
Ой, пап’ю цяпер я!
І, як певень малады,
Атрасаю пер’е.
Мужычок вядзе казу:
— Што чуваць на свеце?
Абы-што яму вярзу:
— Свеце-беце-меце…
Гультая відаць здаля —
З палачкай заўсёды
Шпацырую, тра-ля-ля,
Ў пошуках прыгоды.
У дарозе
(אין וועג)
Вакзалы. Гатэлі. Спеў рэек і кол,
і блізкае шчасце блукае наўкол
палескіх балот, беларускіх абшараў
пад кулямі зораў, пад фарбамі мараў.
Гняздоўі мястэчак і фурманаў здані
ў біблейскіх бародах — і вечным выгнанні.
Я ўблытаўся ў вечар, як вершы-блукальцы,
і ямбы мне ногі, а дактылі пальцы,
я ў вечары-вершы, я ў вечары-гімне
згараю...
Чаму ён такі дарагі мне?
Заход сонца
(זון-פארגאנג)
Тут і там, і ўсім яна,
зліва хмельная, відна,
свет без дна
чырвонага віна.
На заходзе сонны дзень
лье прамень, нібы струмень —
хваля цёплага святла
падхапіла й пакрысе
сэрца ў неба падняла
і, зіхоткае, нясе
у ружовы ціхі свет,
у спакой — і мой настрой
адляцеў за імі ўслед,
і плыве, плыве, плыве
ў вечаровым харастве...
І ледзь чутна дапазна
я мурлыкаю матыў:
тра-ла-ла, ціў-ціў-ціў,
на-на-на...
Тут і там, і ўсім яна,
зліва хмельная, відна,
свет без дна
нябеснага віна.
Голад
(הונגער)
У зіхоткі яшчэ горад
дзідай цемры цэліць ноч.
Мой адзіны сябра голад
гоніць: “Кроч, хутчэй, не збоч”.
Вокны... шыльды... Танчыць... скача
ўсё ўваччу і мімавоч.
Голад, як худая кляча,
голаў на плячо кладзе,
вые ў чорным ачмурэнні
ў горадзе праз гора, дзе:
“Эні! Пені! Бэнімэні!” —
свішча ў целе і гудзе.
***
(“וואָס מיר שטאַרבן, ווען מיר שטאַרבן”)
Як памерці, то памерці!
Пырскі фарбаў,
крутаверці
скарбаў
дзеля нас.
Боль за радасць
аддаеш ты:
пазычаў — вярні да рэшты
ў пэўны час.
Козачка
(דאָס ציגעלע)
Ганю на пашу беленькую козачку,
Дзе мурава і кветкі,
Адзіную, што маю, сам набыў яе
За дзве манеткі,
За дзве манеткі.
Ды ўсё хутчэй, хутчэй па лузе козачка,
Я — наўздагон,
Брыду ў густых лясах, пустых палях за ёй
Шэсць доўгіх дзён,
Шэсць доўгіх дзён.
На сёмы дзень, у пятніцу, спынілася,
Бо мы прыйшлі —
Нябеснае праменне атуліла ўсе
Канцы зямлі,
Канцы зямлі.
Зямлі,
Дзе лані пасвяцца свабодныя,
Дзе зубр і вол кладуцца спаць удвух,
Зямлі,
Такое крохкае й лагоднае,
Аж боязна разбіць, зрабіўшы рух.
Мінае дзень. Бяглячка ацалелая,
А нашы дні сыходзяць, нават гэткі...
Пайду, услед за козачкаю белаю
За дзве манеткі,
За дзве манеткі.
***
(“געזען האָב איך יידישע ווערטער”)
Яўрэйскія словы, сузор’е агеньчыкаў мілых, агеньчыкаў мілых,
як іскаркі золата з цёмнай руды.
Яўрэйскія словы, чародка галубак, галубак маіх чыстакрылых,
што ў сэрцы буркуюць, буркуюць заўжды.
Пераклад з ідыша – Андрэй Хадановіч © 2018