№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Паўль Цэлан

З кнігі "Die Niemandsrose"

Вершы

Пераклад з нямецкай Юля Цімафеева
***
(ES WAR ERDE IN IHNEN)
 
УНУТРЫ ІХ БЫЛА ЗЯМЛЯ, і
яны капалі.
 
Яны капалі й капалі, так
дзень іх мінаў, іхная ноч. І Бога яны не хвалілі,
які, так яны чулі, усё гэта прагнуў,
які, так яны чулі, усё гэта ведаў.
 
Яны капалі і болей нічога не чулі;
не памудрэлі, не склалі ніводнай песні,
не выдумалі сабе аніякай мовы.
Яны капалі.
 
З’яўляўся спакой, з’яўляліся бура і драма,
з’яўляліся моры ўсе.
Я капаю, ты капаеш, чарвяк капае таксама,
і спеў нясецца адтуль: Яны капаюць.
 
О якісь, о ніякі, о ніхто і о ты:
Куды вядзе ў нікуды пуцявіна?
О ты капаеш і я капаю, капаю сябе я, дзе ты,
а пярсцёнак на пальцы абудзіць нас павінны.
 
 
 
***
(BEI WEIN UND VERLORENHEIT)
 
ЗА ВІНОМ І РАЗГУБЛЕНАСЦЮ, за
нястачай двайной:

я гнаў наўгалоп па снезе, ты чуеш,
я гнаў Бога ў далеч — у блізкасць, ён пеў,
гэта быў
наш астатні гон над
людзьмі-перашкодамі.
 
Яны хіліліся, нас
над сабою чуючы, яны
пісалі, яны
схлушвалі нашае ржанне
ў адну
са сваіх рысаваных моваў.
 
 
 
Цюрых, zum Storchen
(Zürich, zum Storchen)
 
Нэлі Закс
 
Пра зашмат што ішла гаворка, пра
замала што. Пра Ты
і А-Ты, пра
светлага каламуць, пра
габрэйскасць, пра
Бога твайго.
 
Пра
гэта.
У дзень Узнясення стаяў
Сабор там насупраць, і ён
па водах золата сыпаў.
 
Пра Бога твайго йшла гаворка, я казаў
супраць яго, я
сэрцу, якое я меў, даваў
надзею:
на
яго найвялікае, ахрыплае, яго
брахлівае слова —
 
Вока тваё — на мяне, паўз мяне,
твой рот
выгаворваўся воку, я чуў:

Мы
не ведаем, ведаеш,
мы
не ведаем,
што
трэба.
 
 
 
***
(MIT ALLEN GEDANKEN GING ICH)
 
З ДУМКАМІ ЎСІМІ Я ВЫЙШАЎ
вонкі са свету: ты там была,
мая ты лагодная, мая ты адкрытая, і —
ты прыняла нас.
 
Хто
кажа, усё памерла для нас,
калі вочы нашы пагаслі?
Усё абудзілася, усё зачалося.
 
Вялікае, выйшла, выплыла сонца, ярка
сталі яму душа з душой насупроць, ясна,
ўладарна вымаўчалі яны
сонцу арбіту.
 
Лёгка
адкрылася тваё ўлонне, ціха
узнялося дыханне ў эфір,
і тое, што хмарылася, хіба не было,
хіба не было яно абліччам ад нас,
хіба не было яно
добрым такім, як імя?
 
 
 
 
Шлюз
(Die Schleuse)
 
Па-над гэтай усёю тваёй
жалобай: няма
другога неба.                       
……….
 
У нечым роце,
якому яно тысячным было,
згубіў —
згубіў я слова,
што мне заставалася:
сястра.
 
У
тым шматбожжы
згубіў я слова, што сабе шукаў:
Кадзіш.
 
Праз
шлюз я мусіў
слова тое ў салёнай вадзе назад,
наперад і наўскос ратаваць:
Іскор.
 
 
 
***
(STUMME HERBSTGERÜCHE)
 
НЕМЫЯ ВОДАРЫ ВОСЕНІ. Астра,
нязломная зорка, пранеслася
між домам і між прадоннем праз
тваю памяць.
 
Чужая разгубленасць была
аблічна прысутнай, ты
амаль што
жыў.
 
 
 
Псальм
(Psalm)
 
Ніхто нас не вылепіць зноў з зямлі і гліны,
ніхто не замовіць наш пыл.
Ніхто.
 
Будзь пахвалёны, Ніхто.
Дзеля цябе мы
цвіцем.
Табе
напроці.
 
Нічым
мы былі, мы ёсць і мы
застанёмся цвісці:
нічому,
нікому — ружа.
 
У ёй
песцік светлы, як душа,
тычынка апусцелая, бы неба,
вянок чырвоны
ў пурпуры слова, што мы пелі
о, мы пелі
над церняй.
 
 
 
Алхімія
(Chymisch)
 
Маўчанне, як золата згатаванае, у
абвугленых
далонях.
 
Вялізнае, шэрае,
як кожная страта блізкае
сястрына аблічча:
Усе тыя імёны, усе тыя разам
спаленыя
імёны. Так шмат
попелу пасвяціць. Так шмат
зваяванай зямлі
над
лёгкімі, найлёгкімі
колцамі
душаў.
 
Вялізнае, шэрае. Без шлаку
і смолі.
 
Ты, тады.
Ты з бляклым,
раскушаным бутонам.
Ты ў віннай плыні.
 
(Хіба і нас не вызваліў
гэты гадзіннік?
Файна,
файна, як тваё слова міма тут памерла.)
 
Маўчанне, як золата згатаванае, у
абвугленых, абвугленых
далонях.
Пальцы дымна тонкія. Як кроны, кароны з ветру
над —
 
Вялізнае. Шэрае. Бяс-
следнае.
Кара-
леўскае.
 
 
 
Mandorla
(Mandorla)
 
У мігдале —  што месціцца ў мігдале?
Нічога.
Месціцца нічога ў мігдале.
Там яно месціцца й месціцца.
 
У нічым — што месціцца там? Кароль.
Там месціцца кароль, кароль.
Там ён месціцца й месціцца.
 
Волас габрайскі, табе не сівець.
 
А вока тваё — дзе месціцца вока тваё?
Вока тваё месціцца мігдалу напроці.
Вока тваё месціцца нічому напроці.
Вернае яно каралю.
Там яно месціцца й месціцца.
 
Волас людскі, табе не сівець.
Пусты мігдал, каралеўскім сінець.
Пераклад з нямецкай – Юля Цімафеева © 2017

Чытайце таксама

Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Беларуская паэтка, журналістка.

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

Джэйн Остэн

Джэйн Остэн

“Першая лэдзі” ангельскай літаратуры, якая запачаткавала сямейны раман

1573