№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Умбэрта Саба

З "Кнігі песняў"

Вершы

Пераклад з італьянскай Аксана Данільчык
Роздум
(Meditazione)
 
Распускаецца сінь у блакіце, усыпаным
зорамі. Я сяджу ля акна і гляджу.
Гляджу і слухаю, аднак у гэтым уся
мая сіла: глядзець і слухаць.
 
Месяц яшчэ не ўзышоў, узыдзе
пазней. Сёння шмат вокнаў адкрытых
у вялікіх дамах, густа заселеных
простым людам. І ў душы нараджаецца
ісціна ў словах пяшчотных, што дасць
радасць таму, хто слухае, радасць ад кожнай рэчы.
І сапраўды, чалавек, мала ты рэчы
свае шануеш: свой агмень, свой ложак,
свой дом ты бачыш як рэчы
нязначныя, бо калі ты нарадзіўся,
агонь ужо быў, коўдра была, калыска,
дзе спаць, спеў, каб заснуў ты глыбока.
Але якія пакуты ты перажыў, як далёка
ад продкаў тваіх, перш чым паўстаў
будан між драпежнікаў дзікіх,
перш чым стаўся гук калыханкай
малому, словам размоваў сяброўскіх.
Тысячагоддзі пакутаў, о чалавек,
за рэчы будзённыя, што бярэш
і, не гледзячы, карыстаешся;
сэрца тваё не трымціць, не дрыжыць рука,
табе здаецца дарэмным
яшчэ раз падумаць, колькі
на сметніцу сёння ты выкідаеш,
і скарбу такога няма, што б цаніўся
так, як цанілася некалі гэтая дробязь.
Месяц узняўся, а зоркі ў небе
сталі заходзіць. Растала
жоўтая дымка святла. Звон
празвінеў. Першы певень
голас падаў, іншыя адказалі.
 
 
 
Трыест
(Trieste)
 
Я прайшоў ад канца да пачатку горад.
Пасля падняўся на ўзгорак,
унізе шматлюдны, наверсе пусты,;
агароджаны нізкай сцяною:
куток, дзе, самотны,
саджуся, і мне здаецца, што па-за ёю
канчаецца горад.
 
Трыест мае дзёрзкую
грацыю. Прывабны,
ды, як падлетак, худы і нязграбны,
блакітныя вочы і надта вялікія рукі,
каб падарыць краскі,
ён — як кахання ласкі
раўнівыя.
З пагорка ўсе цэрквы і вуліцы мітуслівыя
бачу, што бягуць ці на тлумныя пляжы,
ці на ўзгоркі, дзе да вяршыні
шурпатай чапляецца дом апошні.
 
Струменяць
над горадам плыні
паветра шчымлівыя, родныя,
летуценныя.
Мой горад, клопату поўны нязменна,
мае куточак і для мяне, дзе мінае маё жыццё
сціпла і задуменна.
 
 
 
Уліс
(Ulisse)
 
У гады маладосці я плаваў
уздоўж берагоў далмацкіх. Біліся
хвалі аб слізкія рыфы, пакрытыя
водарасцямі, на сонцы прыгожыя,
як смарагды, дзе зрэдку высочвала
птушка здабычу. Калі ноч і прыліў
іх хавалі, карабель падстаўляў
пад містраль свае ветразі і лавіраваў,
унікаючы іх падступнасці. Цяпер маё царства —
гэтая нічыйная зямля. Порт запальвае
іншым свае агні; мяне ж і цяпер
дух неўтаймоўны штурхае ў прасцяг
і пакутлівая любоў да жыцця.
Пераклад з італьянскай – Аксана Данільчык © 2018

Чытайце таксама

(Фрыдрых фон Гардэнберг) Наваліс

(Фрыдрых фон Гардэнберг) Наваліс

Нямецкі пісьменнік, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нямецкага рамантызму

Жоржы ды Сэна

Жоржы ды Сэна

Партугальскі празаік, паэт, драматург, крытык, эсэіст, перакладчык

Руноскэ Акутагава

Руноскэ Акутагава

Японскі паэт, празаік, эсэіст эпохі Тайсё, класік новай японскай літаратуры

Крысціна Бандурына

Крысціна Бандурына

Нарадзілася ў 1992 годзе ў Мазыры.

1256