1. ‹Да Карнэлія Нэпата, прысвячэнне›
 Чый ён будзе, мой новы пекны зборнік,
 Толькі-толькі што глянсаваны пемзай?
 Ён — табе, мой Карнэлію, бо здаўна
 Ты лічыў мае зáбаўкі за нешта,
 Ў тыя дні шчэ, калі, з італаў першым,
 Ты вякі разгарнуў трыма тамамі —
 Так рупліва, багі, ды так вучона!
 То вазьмі гэты зборнічак, які ён
 Там ні ёсць, і якому, панна, дай ты
 Жыць і жыць не адно яшчэ стагоддзе.
Форма: фалекаў гендэкасілаб.
 
 Гэтае прысвячэнне, праўдападобна, было складзенае Катулам для ранняга невялікага зборнічка, пазней жа невядомы ўкладальнік Веронскай Кнігі паставіў яго ў пачатак усяго збору.
 
 Глянсаваны пемзай — глянсаваліся тарцы папіруснага скрутка.
 
 Карнэлій Нэпат — рымскі гісторык, аўтар трохтомнай Хронікі, якую кампліментарна згадвае ў гэтым вершы Катул.
 
 Панна тут — нейкае добразычлівае боства, імаверна, муза.
 
 
 
14. ‹Да Ліцынія Кальва, з нагоды атрыманых ад яго кніг›
 Каб за вочы мае не быў мілейшы
 Ты мне, Кальве, то за такі дарунак
 Я злабой бы сплаціў ватыніянскай.
 Што зрабіў я табе ці чым пакрыўдзіў,
 Што паэтаў наслаў ты мне ў пакуту?
 Хай багі праклянуць таго кліента,
 Што сабраў табе столькіх ліхадзеяў.
 Ну хіба што цябе разумнік Сула
 Абдарыў выкшталцоным гэтым цудам;
 Калі так, то сардэчна я шчаслівы:
 Недарэмна ты, значыцца, ўвіхаўся.
 Ох, багі! Жах і гнюснасць, а не кніга;
 І вось гэтае ў дар свайму Катулу
 Ты паслаў, каб забіць яго на месцы
 Ў Сатурналіі, ў дзень з усіх найлепшы.
 Ну, нягоднік, чакай цяпер адплаты.
 Заўтра з самага ранку накупляю
 Розных Цэзіяў ды Аквінаў розных,
 Ды Суфена куплю, ды іншай труці
 І табе аддаруся гэтым горам.
 Вы ж тым часам бывайце, каб не бачыў,
 Прэч кіруйце свае крывыя стопы,
 Немач веку, паршывыя паэты.
Форма: фалекаў гендэкасілаб.
 
 Гай Ліцыній Кальв — паэт і аратар, сябар Катула. Бліскуча выступаў з прамовамі супраць Публія Ватынія; адсюль выраз “ватыніянская злаба” ў вершы.
 
 Сатурналіі — штогадовыя снежаньскія святкаванні ў гонар Сатурна. Першапачаткова аднадзённыя, яны ўрэшце расцягнуліся на тыдзень. 
 
 
 
40. ‹Да Равіда›
 Што за прыхамаць, Рáвідзе дурненькі,
 Ў пастку ямбаў маіх цябе кідае?
 Што за бога нядобра заклікáў ты,
 Што ў табе абудзіў ён шал няўчасны?
 Стаць мо хочаш ты глумішчам паўсюдным?
 Ці здабыць сабе славу хоць якую?
 То здабудзеш; бо хто крадзе каханых
 У мяне — той надоўга стане слаўны.
Форма: фалекаў гендэкасілаб.
 
 Адрасат верша бліжэй невядомы; такім чынам, Катул меў рацыю — доўгую памяць імені Равіда забяспечыла выключна паэтава лаянка. Невядома, з якімі падзеямі звязаны верш; невядомы нават пол аб'екта суперніцтва — спрэчка з Равідам магла выйсці як за Лесбію ці іншую каханку, так і за Ювенцыя, якому таксама прысвечаны шэраг вершаў Катула. 
 
 
 
31. ‹Да сваёй сірміёнскай вілы›
 Усіх паўастравоў ды астравоў перле,
 Вазёрных, Сірміёне, ды марскіх, колькі б 
 Іх ні было ў Нептунавых паўсюль водах —
 Як радасна й суцешна мне цябе ўбачыць;
 Няўжо з палёў бітынскіх, ад зямлі тынаў
 Вярнуўся я? І ты перада мной, мірны!
 Што лепей, чым ад клопатаў здабыць волю,
 Бярэмя дум адкінуць і з краёў дальніх,
 Утомленаму працай, да сваіх сценаў
 Спяшацца, й на жаданым адпачыць ложку!
 Адно дзеля таго і працаваць варта.
 Вітай жа, Сірміёне, гаспадар — дома!
 Ты, возера лідыйскае, ды вы, хвалі, 
 Засмейцеся са мной ва ўсе наўкол смехі!
Форма: халіямб.
 
 Сірміён — мыс на возеры Гарда, дзе ў Катула была віла. Возера ён называе лідыйскім згодна з легендаю аб паходжанні этрускаў з Лідыі.
 
 З палёў бітынскіх, ад зямлі тынаў — то бок папросту з Бітыніі, ад плямёнаў тынаў і бітынаў, якія далі таму краю назву; у Бітынію Катул ездзіў як малады чыноўнік, суправаджаючы Гая Мемія. 
 
 
 
42. ‹Аб таблічках з вершамі›
 Бегма, гендэкасілабы, зусюль вы
 Ўсе збірайцеся, ўсе ды без вынятку!
 Дурня курва з мяне зрабіць жадае,
 Не вяртае мне вашыя таблічкі,
 Нізавошта, ці чулі вы такое?
 Даганіце яе ды адбярыце!
 Хто яна, вы пытаеце? А вунь жа,
 Йдзе хадою куляваю ды пысу
 Шчэрыць сучую, бы штукар пахабны.
 Акружыце яе ды патрабуйце:
 “Курва драная, аддавай таблічкі!
 Аддавай, курва драная, таблічкі!”
 Што ж, і слухаць не хоча? Дрэнь дурная,
 Шлюндра, вартая лаянкі любое;
 Толькі рана пакуль яшчэ спыняцца!
 Не вяртае, то чырванню мы зараз
 Змусім пысу жалезную заліцца.
 Галасамі гучнейшымі крычыце:
 “Курва драная, аддавай таблічкі!
 Аддавай, курва драная, таблічкі!”
 Ўсё дарэмна, і ўвагі не звяртае.
 Падысці тут іначай, пэўна, трэба;
 Пашукайце мо поспеху вось гэтак:
 “Панна, поўная цнот, вярні таблічкі!”
Форма: фалекаў гендэкасілаб.
 
 Гераіню верша часам атаясняюць з Лесбіяй (гл. ніжэй), аднак дастатковых падставаў для пэўнасці тэкст не дае. Сюжэт празрысты: паэт паслаў дзяўчыне вершы на васковых таблічках для прачытання, тая ж адмовілася іх вярнуць. 
 
 
 
51. ‹Да Лесбіі, перайманне Сапфо›
 Той мне падаецца з багамі роўным —
 За багоў вялікшым, калі магчыма, —
 Хто, з табою сеўшы, цябе няспынна
 Бачыць і чуе
 
 Твой салодкі смех, што скрадае розум
 У мяне, тужліўца; бо толькі стрэну,
 Лесбія, цябе, як не ў сілах вусны
 Слова прамовіць,
 
 Слухацца не хоча язык, пад скурай
 Полымя ліецца, ды гуд нямоўчны
 Вушы напаўняе, ды засціць вочы
 Цемра начная.
 
 Праз гультайства ты, мой Катуле, чэзнеш,
 У гультайстве прага твая й суцеха,
 Праз гультайства многа змарнела царстваў
 Разам з царамі.
Форма: малая сапфічная страфа.
 
 Першыя тры страфы — досыць дакладны пераклад верша Сапфо, чацвертую паэт дадае ад сябе, змяняючы настрой усяго верша.
 
 Лесбія, г.зн. “дзяўчына з вострава Лесбас”, — імя, якім Катул называў сваю каханку і гераіню многіх вершаў. Магчыма, імя падказанае паэту акурат перайманнямі у Сапфо, якая паходзіла з Лесбаса. Ад Апулея мы ведаем, што сапраўднае імя Катулавай Лесбіі было Клодыя. Найчасцей лічыцца, што гэта была Клодыя Пульхра, жонка палітыка Квінта Цэцылія Метэла Цэлера. 
 
 
 
85. ‹Ненавіджу і кахаю›
 Я ненавіджу і з тым — кахаю; чаму, ты спытаеш?
 Ведаю толькі, што так стала, і я на крыжы.
92. ‹Пра Лесбію›
 Лесбія лае мяне, не маўчыць аба мне аніводнай
 Хвілі. Яна, каб я спрах, вельмі кахае мяне.
 Як я суджу? Па сабе. Бо яе праклінаю бясконца
 Я, і пры тым, каб я спрах, вельмі кахаю яе.
95. ‹Ухваленне паэмы Гельвія Цыны›
 “Смірна” Цыны майго нарэшце гатовая — дзевяць
 Мінула жніваў ды зім дзевяць у працы прайшло.
 Вершаў тым часам паспеў паўтысячы тысяч атрыец
 . . . . .
 “Смірна” разыдзецца ўсцяж да Сатрахавых водаў бяздонных,
 “Смірну” сівыя вякі безліч разоў развінýць;
 Стане Валюзій між тым і ля Падуі роднай бясслаўны —
 Ў вершы ягоныя там рыбнік загорне макрэль.
 Будзь у сэрцы маім, невялікая сябрава дзея,
 А прасцякоў Антымах цешыць няхай балбатнёй. 
Форма: элегічны двуверш.
 
 Выкшталцонай працы сябра Катул удзяляе гэтулькі ж выкшталцоныя кампліменты, абяцаючы, што “Смірну” будуць чытаць нават на берагах далёкага Сатраха (які, праўдападобна, згадваўся ў тэксце самой паэмы), у той час, як Annales ягонага сучасніка Валюзія не пяройдуць нават Падуі, адтокі ракі По, ля якой, гледзячы з ужытай у арыгінале канструкцыі (Paduam morientur ad ipsam) і напісаныя. Паралелізм паміж пахвалою адному паэту і кпінамі з іншага ўзмоцнены ў арыгінале сугуччам канцоў чацвертага і шостага радкоў (mittetur ad undas / morientur ad ipsam), якое, досыць умоўна, мы азначылі і ў перакладзе.
 
 Гай Гельвій Цына — сябар Катула, паэт, які высока цаніўся ў антычнасці. Да нашага часу дайшлі толькі невялікія фрагменты ягоных твораў, у тым ліку і паэмы “Смірна”.
 
 Атрыец — пераклад па кан'ектуры. У рукапісах, якія ўсе ўзыходзяць да аднога сярэднявечнага прататыпу, у гэтым месцы стаіць Hortensius, Гартэнзій. Гэта, аднак, і не спалучаецца з рэштаю верша, дзе кантраст Цыну ўтварае ўжо Валюзій, і выклікае праблемы інтэрпрэтацыі — з'яўленне ў гэтым кантэксце Гартэнзія Гортала з шэрагу прычын нечаканае. Munro прапаноўвае чытаць замест гэтага Hatrianus, то бок ураджэнец Атрыі ў нізоўях По. Такое азначэнне мусіць адсылаць ізнову ж да Валюзія і здымае праблемы як у кампазіцыі, так і ў інтэрпрэтацыі.
 
 Антымах Калафонскі — старажытнагрэцкі паэт; параўноўваючы з ім Валюзія, Катул падкрэслівае шматслоўнасць ягоных вершаў — і супрацьстаўляе ёй шматвучоную кароткасць свайго сябра.
 
 
 
108. ‹Да Камінія›
 Як пастановіць народ, Камíнію, век твой ссівелы,
 Сплямлены гнюсным жыццём, смерцю ганебнай спынíць —
 Твой насамперад язык, варожы людзям дастойным,
 Выражуць, пэўны я ў тым, ды аддадуць каршуку.
 Выдзеруць вочы — зглыне крумкачова іх чорнае горла,
 Кішкі сабакі з'ядуць, рэшту дакончаць ваўкі. 
Форма: элегічны двуверш.
 
 Чым Каміній наклікаў гэтыя пажаданні паэта — невядома.
пераклад з лацінскай — Антон Францішак Брыль
© Антон Францішак Брыль, пераклад, каментар, 2011




