№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мацей Стрыйкоўскі

Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі (Kronika Polska, Litewska, Żmodzka i wszystkiej Rusi)

Пераклад з польскай Алесь Бразгуноў


1582

(урыўкі)


Кн. XV, раздз. I
ПРА ШЧАСЛІВУЮ БІТВУ ЯГАЙЛЫ І ВІТАЎТА
З ПРУСКІМІ КРЫЖАКАМІ І КНЯЗЯМІ НЯМЕЦКАГА РАЙХУ
ГОДУ 1410 [МЕСЯЦА ЛІПЕНЯ 15 ДНЯ]


Слаўлю мужнасць, адвагу ваяроў сармацкіх [1],
Што паскромілі пыху рыцараў крыжацкіх.
Пыху Бог вынішчае, бо пакору любіць,
Сціплых сам карануе, а пыхлівых — губіць.

5 Вітаў-князь і Ягайла [2], пан святы, руплівы,
Злы намер зразумеўшы, што магістр пыхлівы
Прускі [3] меў (той і Княства, і саму Карону
Прылучыць прагнуў гвалтам да свайго Закону),
Разаслалі па землях віты [4] на збіранне
10 Ваяроў, каб рашуча распачаць змаганне;
Бо, казалі, крыжакі ледзь не за парогам,
Усялякае моцы прэцца з Райху многа,
А таму трэба спешна на вайну збірацца —
На чужыне, не дома, з ворагам спаткацца,
15 Гвалт спыніць і з крыжацкай пашчы моцнай сілай
Волю вырваць і славу для Айчыны мілай.
Так усе ваяводствы пачалі збірацца,
За іржавыя латы і зброю хапацца.
Стук збраярскіх, слясарскіх малаткоў нясецца,
20 Тарчаў, дзідаў і грошай бразгат раздаецца.
З шляхты польскае тыя, што былі аселі
І дастатку нямала ў Венгрыі займелі,
Зразумеўшы, што Сігмунт [5] добры да крыжакаў,
Прэч пайшлі, зноў адчуўшы у сабе палякаў.
25 Шмат з Завішаў, Гарбоўскіх, Браглоўскіх і Кальскіх,
Горскіх Скарбкаў, Пухалаў і Налэнчык-Мальскіх [6]
Да Ягайлы, у Польшчу, едзе-прыбывае,
На чужыне здабытых земляў пакідае.
Арцыбіскупа ў Гнезне [7] новага абраўшы,
30 Гнезну права сталіцы польскае надаўшы,
Даручыў бецкай, штырскай [8] шляхце абарону
З боку венграў Ягайла, любячы Карону.
Сам у Слупяй [9], мястэчку, на два дні спыніўся,
Дзе з вялікаю скрухай Богу ўсё маліўся,
35 У касцёле ў малітвах цэлы дзень адбыўшы,
Аж пад вечар што з ежы сціплае спажыўшы.
Каля Чэрвіньска [10] войска Віслай пераправіў,
А ладунак — па мосце, што з чаўноў саставіў.
Дня таго сам князь Вітаўт падышоў з літвою
40 І татары з заволжскай грознаю ардою —
Той ардою, якую год меў на ўтрыманні;
Паказаў іх Ягайлу ў танцы-прывітанні;
А ліцвінаў паставіў збройных пекным строем,
Казакоў і гусараў выставіў па трое.
45 Земавіт Мазавецкі і Януш, княжаты, [11]
Гуфы біскупаў з імі і з Польшчы паняты
На Пятроў дзень [12] да войска польскага прымкнулі,
Каралю і Айчыне сэрцам прысягнулі.
З-пад Чэрвіньска да Прусаў войска падалося.
50 А татары з літвою ўсё, што ні прыйшлося
Па дарозе, крышылі ды з агнём пускалі,
Санктуар у Людбергу [13] нават абабралі.
Не маглі ні Ягайла, ні Вітаўт правінаў
Дараваць: адабралі двух паміж ліцвінаў —
55 Тым самім давялося на суку ўдавіцца;
Так застрашаны, іншы гізаваць збаіцца.
Адышоўшы ад Вукры [14], сталі на раўніне,
Тур’ім полі [15], якое ў прусаў смерцю слыне.
Там кароль войска ставіць на шырокім пляцы,
60 Сцяг трымае каронны, уздыхае ў плачы.
Развінуў сцяг і кажа: “Мой магутны Божа!
Ад Цябе анічога скрытым быць не можа,
Ты ўсе думкі людскія, што пад тайнай, бачыш,
Добрым — ласкай, а злому пакараннем плаціш.
65 Бачыш сэрца маё Ты ў добрай, Божа, волі:
Не хацеў той вайны я пачынаць ніколі,
А тым больш хрысціянаў астуджаць вайною,
Што да бітвы змушаюць крыўдай немалою.
Сам Ты бачыш — прыхільнік міру я, спакою,
70 Не хацеў і не прагнуў ні крыві, ні бою;
Не хацеў, ды народ Твой бараніць мне трэба,
Покуль моц чую, покуль нада мною неба,
Тую ўладу, што даў мне, я не адвяргаю,
За збаванне падданых я адказ трымаю;
75 Рады б кінуць для міру той вайны праявы
(Хоць і маю для помсты важкія падставы),
Каб той Ордэн пагарду і пыху адкінуў,
Як васал, што Кароне шле здаўна даніну;
Толькі ж ён неспатольнай прагнасцю сваёю
80 Змусіў нас, каб на зброю паднялі мы зброю.
Я не змог іх пакорай упрасіць цярплівай,
На мяне пруць вайною люта й ганарліва;
Люд, што мне пад апеку Ты даверыў, Пане,
Хай пад крылы сягоння моцы Тваёй стане.



Каментар


[1] …ваяроў сармацкіх — г.зн. вояў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. У Рэчы Паспалітай у XVI — XVII стст. надзвычай папулярнай была шляхецкая ідэалогія сарматызму, якая грунтавалася на тэорыі пра паходжанне некаторых народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ад старажытных іранскіх плямёнаў саўраматаў (сарматаў). Гэты этнагенетычны міф сфарміраваўся ў польскай гістарыяграфіі дзякуючы творам М. Бельскага, М. Кромера і асабліва А.Гваньіні, які ў сваёй “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі” атаясаміў славянаў з сарматамі, а Рэч Паспалітую — з Сарматыяй.

[2] Вітаўт — Вітаўт (Аляксандр) Вялікі (1350 — 1430), вялікі князь літоўскі (1392 — 1430). Сын вялікага князя літоўскага Кейстута, стрыечны брат Ягайлы; Ягайла (1352? — 1434) — вялікі князь літоўскі (1377 — 1381, 1382 — 1392), кароль польскі (1386 — 1434), старэйшы сын вялікага князя Альгерда. Заснавальнік польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

[3] ... магістр пыхлівы Прускі — Ульрых фон Юнгінген (? — 1410), вялікі магістр Тэўтонскага ордэна (з 1407).

[4] Віты (віці) — копіі каралеўскага ўніверсала на скліканне паспалітага рушання.

[5] Сігмунт — Сігізмунд Люксембургскі (1368 — 1437), кароль венгерскі (з 1387), нямецкі (з 1410) і чэшскі (з 1436), зацяты вораг Ягайлы.

[6] Завішы, Гарбоўскія, Браглоўскія, Кальскія, Горскія Скарбкі, Пухалы, Налэнчык-Мальскія — польскія шляхецкія роды. У Грунвальдскай бітве бралі ўдзел Завіша Чорны з Гарбова, Ян Фарурэй з Гарбова, Ян Браглоўскі, Тамаш Кальскі герба “Ружа”, Скарбэк Гурскі з Гораў герба “Габданк”, Дабеслаў Пухала з Вангрова герба “Венява”, Войцех Мальскі герба “Налэнч”.

[7] Гнезна — першая сталіца Польшчы, цэнтр арцыбіскупства.

[8] Бецкай — магчыма, будзішынскай (ад г. Будзішын, ням. Баўтцэн), г.зн. серба-лужычанскай; штырскай — штырыйскай, г.зн. паходжаннем са Штырыі (цяпер — федэральная зямля ў Аўстрыі).

[9] Слупя — хутчэй за ўсё, паселішча паміж Лоддзю і Скернявіцамі (цяпер у Лодзінскім ваяводстве Польшчы).

[10] Чэрвіньск — даўней горад у Мазавецкім княстве (цяпер Чэрвіньск-над-Віслай у Мазавецкім ваяводстве Польшчы).

[11] Земавіт і Януш Мазавецкія — Земавіт ІV (каля 1352 — 1426) і Януш І (1340 — 1429), князі мазавецкія.

[12] …на Пятроў дзень — г.зн. 29 чэрвеня (12 ліпеня па н.с.).

[13] Людберг — Лідзбарк, даўней крыжацкая крэпасць, цяпер г. Лідзбарк Вельскі ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве Польшчы.

[14] Вукра — Вкра, рака ў Мазавецкім і Вармінска-Мазурскім ваяводствах Польшчы, прыток Віслы.

[15] Тур’е поле — поле грунвальдскай бітвы паміж крыжацкімі паселішчамі Танэнберг і Грунвальд.


Цалкам тэкст можна спампаваць па спасылках ніжэй.


STr_chronika.pdf   STr_chronika.doc

Пераклад з польскай – Алесь Бразгуноў © 2011

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Артур Конан Дойл

Артур Конан Дойл

Шатландскі фізік і пісьменнік, аўтар дэтэктываў пра Шэрлака Холмса

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

2480