№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэфры Чосэр

Кентэрберыйскія аповеды: Пралог (The Canterbury Tales: General Prologue)

Урывак

Пераклад з ангельскай Антон Францішак Брыль
            Калі дажджамі красавік вясёлы
            Да каранёў працяў сухія долы
            Ды напаіў іх вільгаццю, якая
            Паўсюль на дрэвах кветкі распускае,
5           Калі зефір ласкавасцю сваёю
            Травінкі ўсе крануў, а маладое
            Ў нябёсах сонца, круг пачаўшы новы,
            Знак Барана прайшло ўжо да паловы,
            А птушкам сіл Прырода надае
10         І ўдзень і ўноч, і кожная пяе
            Па песні песню звонка, без затрымкі —
            Тады спяшаюць людзі ў пілігрымкі,
            У шлях далёкі, каб святыні знанай
            У нейкім краі выказаць пашану.
15         Па Англіі ад закута любога
            Тады людзей да Кентэрберы многа,
            Да мучаніка-біскупа ідзе,
            Памочніка ў хваробе і ў бядзе.
            У Садэрку ў такі вясновы час
20         Я ў “Табардзе” спыніўся неяк раз,
            Гатовы ранкам рушыць у дарогу
            Да Кентэрберы, да труны святога.
            І ў гэтую ж карчму, калі цямнела,
            Яшчэ народу гурт заехаў цэлы,
25         Агульным падарожжам аб'яднаны:
            Было іх дваццаць дзевяць, з розных станаў,
            І шлях усіх у Кентэрберы вёў.
            У “Табардзе” і стойлаў, і сталоў,
            І ежы з весялосцю ўсім хапала.
30         Пагутарыў я з кожным, і памалу —
            Не стану доўгім дакучаць расказам —
            Дамовіўся паехаць з імі разам.
            Назаўтра ўстаць мы вырашылі рана
            Ды выпраўляцца ў шлях ужо названы.
 
35         Але пакуль я маю месца й час,
            То, перш чым дáлей вершам цешыць вас,                       
            Разумна будзе мне ў кароткіх словах
            Тут апісаць маіх знаёмцаў новых —
            Якога звання быў між імі кожны,
40         Што меў за стан, і што за ўбор дарожны,
            І ўвогуле якім здаваўся мне.
            Мой спіс, мяркую, рыцар хай пачне.
 
            Быў годным чалавекам РЫЦАР той:
            З пары, калі на першы выйшаў бой,
45         Любіў ён гонар, добрую прыгоду,
            Адвагу, праўду, ветласць і свабоду,
            Сеньёру добра ў бітвах паслужыў,
            Не раз хадзіў вайной у край чужы,
            Паганскі бачыў свет і свет хрышчоны
50            І ўсюль быў добрай славай атачоны.
            Ён быў у дужай раці, што ўзяла
            Александрыю, часта ля стала
            Вышэй за ўсіх сядаў у землях прусаў,
            І на Літву паездзіў, і на русаў,
55         І быў між найзнатнейшых у атрадзе;
            На Альжэзір хадзіў ён у Гранадзе,
            У Бельмарыі біўся, браў Лаяс                                
            І здабываў Саталію. Не раз
            Ён вандраваў, не ведаючы зморы,
60         У знатных рацях па Вялікім моры.           
            Смяротных бітваў, лютых цераз меру,
            Пятнаццаць перажыў. За нашу веру
            У Трэмісіне ў паядынках трох
            Змагаўся ён — і тройчы перамог.
65         Таксама й палатыйцаў ад навалы
            Ён бараніў у Турцыі прыўдала,                       -
            Адвагу меў ён, годную хвалы,
            Але пры тым і розум немалы,
            А сціплы быў ды ветлы — як дзяўчына,    
70         Ні на каго ды ні з якой прычыны
            Не лаяўся за ўсе свае гады —
            Ён рыцар быў без хібаў сапраўды.
            А што пра выгляд расказаць ягоны?
            Конь добры быў, а ўбор — дык немудроны,
75         Пацёрты аб кальчугу быў дублет —
            Зноў ездзіў рыцар у вялікі свет,
            А як вярнуўся з дальніх берагоў,
            То ў пілігрымку зараз жа пайшоў.
 
            Браў рыцар сына, СКВАЙРА, у выправы.
80         Той быў юнак улюблівы ды бравы,
            У кучарах — нібы знарок завіты,
            Дзівосна дужы, немалога спрыту,
            А ростам не вялікі і не дробны.
            Год блізу дваццаці ён меў, падобна.
85         Ужо як след юнак паваяваў —
            У Фландрыі, Пікардыі бываў
            І біўся як герой выдатны самы,
            Каб гэтым улагодзіць сэрца дамы.
            Расшыты быў багата гэты зух —
90         Увесь у кветках, быццам летні луг,
            Спяваў заўжды ахвотна, толькі дай,
            На флейце граў і свежы быў, як май,
            Меў рукавы адметнай даўжыні,
            Трымаўся як найлепей на кані,
95         Складаў напевы, добра танцаваў,
            Калоў кап'ём, пісаў ды маляваў.
            А ўночы спаў, як пташка, дужа мала,
            Бо моцнае каханне ў ім палала,
            Ад ветласці не адступаў ніколі
100        І бацьку мяса рэзаў у застоллі.
 
            Ягоны ЁМЭН ехаў сярод нас,
            А больш не ўзяў ён слуг у гэты раз.
            Быў ёмэн той у каптане зялёным
            З зялёным у дадатак капюшонам,
105        За пояс утыркаў даўгія стрэлы
            (Ад псуты зберагаў ён іх умела
            І пёры не ламаліся на іх).
            Меў ёмэн моцны лук да стрэл сваіх,
            Быў загарэлы сам, брытагаловы
110        І многа ведаў пра лясы ды ловы.
            Прыгожы наруч закрываў руку,
            І шчыт з мячом віселі пры баку,
            А пры другім — кінжал, схаваны ў ножны.
            На шыі — срэбны абразок дарожны,
115        Каб Хрыстафор вандроўніка бярог,
            Ды на зялёнай перавязі рог.
            Ляснік быў ёмэн, адгадаць няцяжка.
 
            Была шчэ ПРЫЯРЭСА там, манашка,
            Якая слоў не знала для грызні,
120        Апроч "Святы Элігій, барані!".
            Імя было ёй пані Эгланціна.
            Яна прыемна пацеры й гадзіны
            Спявала ў нос, і мела голас мілы,
            І па-французску вольна гаварыла —
125        На стратфардскі, ва ўсім адметны лад,
            Які ў Парыжы стрэнеце наўрад.
            За ежаю трымалася пачціва
            І заглыбока пальчыкі ў падліву
            Не апускала, не губляла крошкі,
130        Не крапала ніколі ані трошкі
            Віном на свой ахайны гожы ўбор,
            А ела на шляхетны, годны ўзор,
            Са зграбнасцю кавалкі выбірала
            І вусны гэтак чыста выцірала,
135        Што з кубка адпіваючы, на ім
            Не пакідала плямінаў зусім.
            Яна размову ўмела падтрымаць
            І мела звычку пільна пераймаць
            Прыдворных з іхняй важнасцю заўсёднай,
140           Каб быць павагі й захаплення годнай,
            Вялебнай, шанаванай светам дамай.
            І сэрца мела чулае таксама,
            Настолькі, што кранаў яе да слёз
            Забітай мышкі нешчаслівы лёс:
145        Дзе пастка — там нагода для жалобы.
            Сабачкі прыярэсы елі здобу,
            Ды малако, ды смажанае мяса.
            Калі ж адзін падохне час ад часу
            Ці ад людзей заробіць бізуна —
150        Тужыла вельмі, бедная, яна.
            Дадам, што галаву яна падвікай
            Абвязвала з умеласцю вялікай,
            Нос мела роўны, рот малы й пунсовы
            І ледзь не ў пядзю лоб, маё вам слова,
155        А вочы — дык празрыстыя, бы шкло.
            І росту не замала ў ёй было,
            І плашч быў гожы. Ды яшчэ згадаю —
            Ружанчык добры мела пані тая,
            Набраны з малахіту і каралу
160        І з засцежкаю, што на сонцы ззяла.
            На засцежцы была ў кароне "А"
            І надпіс «amor vincit omnia».
 
            МАНАШКА-СЛУЖКА з ёй была і тры
            Паважныя ў дадатак СВЯТАРЫ.
 
165        МАНАХ там быў — усім ён цешыў вочы.
            Даглядчык філій, паляваць ахвочы,
            Мацак і хват — хоць зараз у абаты.
            На стайні коней ён трымаў багата,
            А ехаў — збруя на вятры звінела,
170        Чуваць яе было на свет на цэлы.
            Ён і ў касцёлку меў сваім званы,
            Ды, пэўна, не гучней гулі яны.
            Да рэгулаў павагі меў ён мала:
            Ім мяккасці ды бляску не ставала.
175        Ён болей дбаў, што новага чутно —
            А Маўр і Бенедыкт жылі даўно,
            І сэнс у іх пісаннях знік і спрах.
            Гартаў іх без ахвоты наш манах
            І веры даць не мог, як прачытае,
180           Што паляванне — справа не святая,
            І ў вустрыцу не ставіў настаўленні,
            Што быццам бы манах у аддаленні
            Ад кляштара — як рыба без вады.
            Я з ім згаджуся тут — бо сапраўды,
185        Навошта ў келлі сохнуць ад навукі?
            А працаю навошта зморваць рукі?
            Дзеля чаго? Так вучыць Аўгусцін?
            Хай Аўгусцін працуе сам-адзін.
            А наш манах на ловах на кані
190        Праводзіць быў гатовы дзень па дні,
            Цкаваў зайцоў, між іншым, лепш за многіх
            І меў хартоў надзвычай хутканогіх.
            А ўбор на ім — вачам я ўласным веру —
            Аблямаваны быў вавёркай шэрай,
195        І капюшон пад самай барадой
            Зашпілены быў брошкай залатой,
            Аздобленай прытым вузлом любоўным.
            А лысіна блішчэла бляскам роўным,
            І твар нібы алеем быў паліты —
200        Манах меў выгляд сыты, самавіты,
            А вочы так і зыркалі кругом
            Ды ззялі, нібы вуглі пад катлом.
            Што ні кажы, прэлат быў без заганы:
            У мяккіх ботах, велічны, румяны,
205        Гаротай не замораны без часу,
            На лебедзя засмажанага ласы —
            На гнедым скакуне выдатны пан.
           
            Там ФРАТАР быў, жартун і гарлапан,
            Але грунтоўны чалавек, дальбог.
210        Ніхто ва ўсіх законах чатырох
            Не ўмеў размовы плесці саладзей.
            Нярэдка дзеўцы гэты дабрадзей
            Пасаг аплачваў ды знаходзіў мужа —
            Ён слуп Касцёла быў выключна дужы.
215        Зычліўцаў ды сяброў ён меў даволі
            Між франклінаў па родным наваколлі.
            Прымалі й дáмы фратара ласкава,
            Бо споведзі выслухваць меў ён права
            Шчэ большае, хваліўся, чым курат:
220        Асобны меў дазвол той годны брат.
            Спаведнікам ён слаўным, ветлым быў
            І адпускаў з ахвотай грэх любы.
            Пакуты ж не даваў амаль ніякай,
            Калі надзею меў сысці з аддзякай,
225        Бо яўны знак праўдзівай скрухі бачыў
            Ён у ахвяры на закон жабрачы.
            На гэты конт сумненняў не было:
            Хто шчодра дорыць — той адрынуў зло.
            Бывае сэрцам чалавек сухі,
230        Не ўмее плакаць пра свае грахі.
            То вось і выйсце — хто рыдаць не можа,
            Хай дасць манету на Касцёл на Божы.
            У капюшоне меў ва ўсякі час
            Той фратар шпілек, зáбавак запас,
235        Каб іх дарыць кабетам пры нагодзе,
            На ліры граў, а ўжо як спеў заводзіў,
            То ўсе, хто чуў, наперабой хвалілі.
            І шыю меў — бялейшую ад лілій,
            Але й сілач быў не абы-які.
240        Усе навокал ведаў ён шынкі,
            І між яго знаёмцаў ды сяброў
            Менш бедакоў было, чым карчмароў,
            Бо важным, годным людзям недарэчы
            Вадзіцца з тымі, хто жыве ў галечы,
245        Між пракажоных час губляць дарма —
            Ні славы, ні карысці ў тым няма.
            Не, бедныя хай застаюцца самі,
            Нашмат прыстойней сябраваць з купцамі.
            Ён быў пачцівы, сціплы, несуровы,
250        Калі чакаў прыбытку ад размовы —
            Ніводны брат з яго манастыра
            Так шмат і лёгка грошаў не збіраў.
252a       За права збору ўносіў плату фратар
252b       І паствай быў дзяліцца не аматар.
            Малітвы так салодка ён спяваў,
            Што часта басаногая ўдава
255        Яму апошні фартынг аддавала:
            Даход ён меў вялікі ды трывалы.
            Гуллівы ж быў той брат, нібы шчанятка.
            У дні любові прамаўляў ён гладка
            І прыбіраўся для такіх падзей
260        Не ў лахманы, як бедны казнадзей,
            А як прафесар можны: апранаў
            Кароткі плашчык з добрага сукна,
            Адпрасаваны, быццам лíты звон.
            Наўмысна фратар шапяляў — бо ён
265        Падсаладзіць жадаў гучанне слоў.
            Калі ж пад арфу спеў пяшчотны вёў,
            То так ужо ў яго мігцелі вочы —
            Як зоры пасярод марознай ночы.
            Што да імя — Губéрдам звалі брата.
           
270        КУПЕЦ там быў, вялебны, барадаты,
            Ва ўборы ўзорным. Важна пазіраў,
            А шапку меў фламандскую, з бабра,
            І слаўныя на добрых ботах спражкі,        
            І тон ва ўсіх размовах вельмі важкі.
275        Расказваў ён пра ўгоды, пра даходы,
            Настойваў, што ахоўваць трэба воды          
            Пільней між Мідэлбургам ды Арвэлам,
            Ва ўсіх разліках чэпкім быў ды ўмелым,
            Мог у экю выдатна рахаваць
280           І майстар быў даўгі свае хаваць,
            Паставай гордай выклікаў пашану,
            Сярод купцоў быў дужа паважаны,
            Агулам — годны, спраўны, не прасцяк.
            А зваўся ён ужо не помню як.
 
285        Там оксфардскі ШКАЛЯР таксама ехаў,
            Што логіку абраў сабе ва ўцеху.
            Пад ім быў конік чэзлы, немагушчы,
            І сам яздок не меў на пузе тлушчу,
            Ды што кажу — страхотна быў худы.
290           Ён ні прыходу шчэ не меў тады,
            Ні свецкі не прыдбаў сабе занятак,
            Таму й было на ўборы столькі латак.
            Не бачылі ў каморцы шкаляровай
            Ні яркага плашча, ні скрыпкі новай:
295        З усіх забаваў ды з раскош усіх
            Яму быў мілы стос у дваццаць кніг
            У пераплётах чорных ды чырвоных.
            Ды з Арыстоцеля й са слоў ягоных
            Не будзе грошай, колькі ні зубры.
300           Давалі штосьці бедаку сябры,
            Няшмат, і што яму трапляла ў рукі —
            Ён траціў зноў на кнігі ды навукі
            І неба за дарыльшчыкаў маліў.
            Яго манеры годнымі былі,
305        Ён гаварыў дарэчна, не нахабна,
            Каротка, жыва і заўсёды зграбна,
            І меў на ўсё пагляд пабожны, цнотны,
            І быў вучыцца і вучыць ахвотны.
 
            Таксама з намі быў ЮРЫСТ мацёры,
310        Знаёмы ўсім на паперці сабора,
            Абачлівы, знаток са знатакоў
            І годны чалавек з усіх бакоў…
 
Пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль © 2017

Чытайце таксама

Маўрыцыё Бліні

Маўрыцыё Бліні

Італьянскі пісьменнік, шмат гадоў працаваў следчым

Антон Рудак

Антон Рудак

Паэт, перакладчык.

Готфрыд Бэн

Готфрыд Бэн

Нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва, доктар медыцынскіх навук

Мэцью Грэгары Льюіс

Мэцью Грэгары Льюіс

Ангельскі раманіст і драматург, стаў знакамітым дзякуючы раману “Манах”, напісанаму ў 19 гадоў

1828