№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Старэйшая Эда: Прароцтва вяшчунні (Eddukvæði: Völuspá)

Пераклад са стараісландскай Ігар Кулікоў
Ад перакладчыка:
Стараісландскае вершаванне будавалася на наступных прынцыпах: 1) радок дзяліўся на дзве часткі па два асноўныя націскныя склады ў кожным; 2) націскныя склады павінныя былі пачынацца альбо з таго самага зычнага, альбо з любога галоснага (гэта завецца алітэрацыяй); 3) алітэрацыя ніколі не ўжывалася дачынна чацвертага націскнога склада, т.б. алітэравалі толькі 1-ы і 3-і, 2-і і 3-і альбо 1-ы, 2-і і 3-і націскныя склады. Напрыклад,
 
Hljóðs biðk allar      helgar kindir,
meiri ok minni      mǫgu Heimdallar;
vildu at, Valfǫðr!      vel fyr teljak
forn spjǫll fira      þaus fremst of mank.
 
Ár vas alda      þars Ýmir byggði,
vasa sandr né sǽr      nésvalar unnir;
jǫrð fannsk ǽva      néupphiminn;
gap vas ginnunga,      en gras hvergi.
 
Алітэрацыйны верш быў уласцівы старажытным германскім мовам увогуле: гэта было абумоўленым тым, што бальшыня слоў у іх мела націск на першы склад. Што да сучаснай ангельскай мовы, то, не зважаючы на вялікую колькасць запазычанняў, якія прывялі да змены націскавага малюнку мовы, алітэрацыйны верш і пагэтуль няблага ёй падыходзіць. Вось першы верш з “Прароцтва вяшчунні” ў перакладзе Г. А. Белоўза:
 
Hearing I ask    from the holy races,
From Heimdall's sons, both high and low;
Thou wilt, Valfather, that well I relate
Old tales I remember of men long ago.
 
Яшчэ лепшы прыклад можна навесьці зь няскончанай паэмы “Дзеці Хурына” Дж. Р. Р. Толкіна:
 
Ye Gods who girt    your guarded realms
with moveless pinnacles,    mountains pathless,
o’er shrouded shores    sheer uprising
of the Bay of Faёry    on the borders of the World!
 
У перакладзе гэтыя прынцыпы алітэрацыі захоўваюцца наколькі магчыма, але 1) часам алітэруюць 2-і, 3-і й 4-ы націскныя склады, 2) радзей 2-і й 4-ы, 3) зусім рэдка радок застаецца без алітэрацыі. Дзеля ілюстрацыі ў першых двух вершах алітэраваныя гукі выдзелены тоўстым шрыфтам (як відаць, у другім радку алітэрацыю захаваць не ўдалося).
 
 
***
Слухайце рупна, о роды святыя [2],
вельшыя й меншыя,    дзеці Хеймдаля [3]!
Раз просіш ты, Одзін [4],    Ойча палеглых,
     паведаю поўна    аб прошлым, што помню.
Волатаў [5] помню    я першанароджаных,
што ўдаўне, дужыя,    далі жыццё мне.
Дзевяць я знаю    земляў разлогіх [6],
1          дрэва сусветнае [7] семенем помню [8].
Не было спачатку,    калі быў Імір [9],
ні хваляў марскіх,    ні пяскоў бярэжных,
ні долу ўнізе,    ні неба ўверсе,
2          ні траў зялёных,    а толькі зеўра [10].
Боравы [11] дзеці    уздзелі сушу,
Свет пасярэдні [12]    стварылі слынны,
і сонца з поўдня    асвятліла скалы,
3          палі утравелі    зялёнай травою [13].
Разам з месяцам    рушыла сонца,
праз неба з поўдня    прасцёршы правіцу [14].
Дзе начаваці,    не ведала сонца,
не ведалі зоркі,    дзе зорыць у небе,
4          не ведаў месяц,    што мае сілу.
І селі багі ўсе    на судныя лавы,
сталі раіцца,   святыя праўцы.
Імя далі ночы    і ночы нашчадкам:
поўначы, раніцы,    поўдню ды вечару —
5          назвалі дня часткі [15] для часазлічэньня.
Сабраліся асы [16] на Ідавёлль-полі [17],
сталі бажніцу    высокую ставіць,
працавалі рупна,    кавалі скарбы,
6          клешчы зрабілі,    для кузні прылады,
на лузе, вясёлыя,    гулялі ў таўл [18],
у золаце зыркім    не зналі нястачы,
пакуль не з'явіліся    з Волатазем’я
7          велемагутныя тры волатадзевы.
І селі багі ўсе    на судныя лавы,
сталі раіцца,    святыя праўцы,
хто мае стварыці   народ карузлікаў
8          з кроваў Брыміра,   з косці Блаіна [19].
Быў Модсогнір    з  усіх карузлікаў
зроблены першым,   а потым — Дурын.
Мноства стварылі    карузлікаў богі
9          людападобных,   як Дурын параіў:
Нюі, Нідзі,     Нордры, Судры,
Аўстры, Вэстры,   Альтйоў, Двалін,
Бівур, Бавур,   Бёмбур, Норы,
10       Ан ды Анар,   Аі, Мйёдвітнір.
Вэйгды Ґандальв,   Віндальв, Траін,
Тэкк і Торын,   Трор, Віт, Літ,
Нарі Нюрад, (ніня ўсіх двэргаў [20])
11       Рэгін і Радсвід, (разам згадаю),
Філі, Кілі, Фундын, Налі,
Хэфціфілі, Ханнар, Свіур,
Фрар, Хорнборы,   Фрэгі, Лоні,
12       Аўрванґ, Йары, Эйкінскйальдзі [21].
А вось радаслоўная    родзічаў Дваліна,
людзям напомню    я Ловара продкаў,
што колісь з каменю   скалаў з'явіліся,
13       прыйшлі з патапечы    на поле пяшчанае [22].
Быў там Драўпнірі Дольгтрасір,
Хар, Хаўгспоры, Хлэванґ, Ґлоін,
Доры, Оры, Дуў, Андвары,
14       Скірвір, Вірвір, Скавід, Аі,
Альв ды Інґві, Эйкінскйальдзі,
Фйалар, Фросьці,   Фінн і Ґіннар —
покі людзі жывыя,    трывацьме гэты
15       пералік суродзічаў,    Ловара продкаў.
Прыйшлі калісьці    з сялібы божай
тры асы да мора,    могуты добрыя,
і ўбачылі там,    на беразе чыстым,
16       Аска ды Эмблу [23],    бяздолі і моцы.
Яны не дыхалі    і духу [24] не мелі,
ляжалі маўкліва,    і кроў не цякла ў іх [25].
Дых даў ім Одзін,    дух даў ім Хёнір [26],
17       Лодур [27] крывёю    наліў іх целы.
Ясень я ведаю,   завецца Конь Іґґаў [28] —
дрэва, абмытае вадою белай.
Росы на долы    спадаюць з кароны,
18       заўжды зялёнай    ля Здрою долі [29].
Тры паўсталі    адтуль вядунні [30],
з Крыніцы долі [31]    пад дрэвам высокім.
Урд імя першай,    потым Вэрдандзі
(рэзалі руны)    і рэшняя — Скульд [32].
Уклалі законы    і коны расклалі,
19       долю вяшчаюць    чадам людзей.
Помніць вайну яна [33] першую ў свеце,
калі загінула   Ґульльвэйг [34] ад коп’яў.
Спалілі яе у сялібе Высокага [35],
тройчы спалілі   тройчы народжаную,
20       знову і знову,    жывую й пасёння.
Хейд [36] яе звалі,   у хатах прымаючы,
вядзьмарку вешчую:   чаравала спраўна
на жэзлах рунічных [37].    Варажэнню яе
21       падкараліся розумы    на радасць злым жонкам.
І селі багі ўсе    на судныя лавы,
сталі раіцца,    святыя праўцы,
ці павінны асы   выплаціць выкуп,
22       ці будуць чціцца    ўсе богі аднака.
Кінуў вошчап    у войска Одзін
у самай першай    на свеце бітве.
Ды палі сцены   цвержы асаў,
23       верх узялі    воіны ванаў.
І селі багі ўсе    на судныя лавы,
сталі раіцца,    святыя праўцы,
хто пошасцю-ядам    напоўніў паветра,
24       хто волатам выдаў    нявесту Одаву [38].
Разгневаўся Тор [39],    змагацца адзін стаў:
нячаста ўсядзіць ён,   пачуўшы падобнае.
Забыў ён зарокі,    парушыў клятвы,
25       дамову моцную    зламаў між імі.
Ведае вешчая:    вокліч Хеймдалеў [40]
утайне пад дрэвам    святым схаваны.
Бачыць: мутны    струменіць паток
26       з закладу Ўладыкі [41].    Ці досыць сяго вам?
Прыйшоў аднойчы    да вяшчунні Одзін
у выглядзе старца,    у вочы глянуў.
27       “Што табе трэба?    Нашто пытаеш?
Дзе вока тваё    схавана, я знаю:
у волата Міміра    у славутай крыніцы.
П’е мудры Мімір    мёд штораніцы
28       з закладу Ўладыкі.    Ці досыць сяго вам?
Персцені й грыўны    Пан ратаборцаў
даў прарочыцы    за яе прароцтвы [42].
29       Углыб усіх светаў    сягаў яе позірк.
Валькюрйаў [43] відалаз дальніх земляў,
паўсюль паспяваюць,    дзе воі [44] б’юцца:
Скульд са шчытом,   Скёгуль — другая,
Ґунн, Хільд, Ґёндульды Ґейрскёгуль [45].
Вось і названы   Ваяводавы дзевы,
30       гатовыя мчацца   у прасторы валькюрйі.
Я бачыла, як Бальдр [46],    бог скрываўлены,
Одзіна сын,    скон свой сустрэў.
Рос прыгожы,   над гонямі высіўся
31       стройны і тонкі    расток амялы [47].
Стаў пруток той,    стройны ды гожы,
хіжай зброяй,    Хёд яго кінуў.
Неўзабаве ў Бальдра    брат [48] нарадзіўся,
праз ноч на світанні    ён стаў змагацца.
Далоняў не мыў,    валосся не часаў,
пакуль не забіў    забойцу Бальдра.
Аплакала Фрыґґ [49]    у Палатах балотных [50]
32       бяду Вальхаллы [51].    Ці досыць сяго вам?
Сплёў тады Валі    путы страшныя,
звіў трывалыя   вязьмы з кішак.
     Вязня хіжага    пад Хвералундам [52]
добра я бачыла,    падобнага Локі [53].
Побач з ім сеўшы,    Сігюн аб мужы
33       бядуе горка.    Ці досыць сяго вам?
Ллецца з усходу    далінай атрутнай
34       паток клінковы,    што клічуць Лютым [54].
Высяцца на поўначы    на Ветах-полі [55]
залатыя палаты    патомкаў Сіндры [56].
Другія ж стаяць    на Ўзгоры Нязгасным [57] —
35       піравальня волата,    што завецца Брымір [58].
Дом яна бачыла    у далі ад сонца,
на Беразе мёртвых [59],    брамай на поўнач.
Крапаў там долу    праз дымніцу [60] яд,
     у хорам, аплецены    плоццю змяінай.
Бачыла, йшлі там   уброд праз рэкі
забойцы акрутныя, крывапрысяжнікі,
36       і тыя, што жонак   чужых спакушаюць.
Нідхёґґ [61] там турзае    трупы памерлых,
37       гладае воўк іх [62].    Ці досыць сяго вам?
Далёка на ўсходзе,    у Жалезным лесе,
нарадзіла старая    уроддзе Фэнрыра.
Надыдзе час —    адзін з тых вырадкаў
38       выкрадзе сонца    у выглядзе тролля [63],
насыціцца плоццю    зупалых вояў,
залле крывёю    жыллё багоў.
Сонца зацьміцца,    і серад лета
39       падымуцца буры. Ці досыць сяго вам?
Сядзеў на пагарку    пастыр асіліц,
іграў на арфе,    Эґґтэр вясёлы [64].
Запеў над ім певень    у пушчы птушынай
40       светла-чырвоны,   завуць яго Фйалар [65].
Асаў стаў зваці    Золата-грэбень [66],
будзіць мужоў ён   Бацькі дружынаў.
А трэці певень [67] запеў пад зямлёю,
41       чорна-чырвоны,   у вотчыне Хель.
Ґарм брэша страшна    ля Стром-пячораў [68],
лопне ланцуг —    галодны звер выйдзе.
Бачу я многае,    будучыню знаю,
42       долю багоў,    дужых у валцы.
Пойдзе ў бітве    брат на брата,
згінуць родзічы    у звадах крывавых.
Настане вераме    страшнай люці,
блуду йбулата,    разбітых шчытоў,
ваўкоў і грозаў,    гібелі свету [69],
43       чалавек чалавека    шкадаваць не будзе.
Гульню замерылі    Міміра дзеці [70],
у даўні трубіць Хеймдаль у рог свой,
скон [71] Ґйаллархорнам    распальвае стораж,
44       жахаюцца людзі    на Хель-дарогах.
Дрыгоча Іґґдрасіль,    магутны ясень,
гудзе старавечны —    вырываецца волат.
З галавою Міміра [72]    гамоніць Одзін,
45       праглыне яго скора   Суртаў суродзіч [73].
Ґарм брэша страшна    ля Стром-пячораў,
лопне ланцуг —    галодны звер выйдзе.
Бачу я многае,    будучыню знаю,
46       долю багоў,    дужых у валцы.
Хіжы з усходу    мчыць Хрум [74] шчытаносны,
злосна уецца змей Йёрмунґанд [75],
турзае глюгаю    трупы арол [76],
47       ідзе па моры    Ладдзя з пазногцяў [77].
Хвалямі з Хель    прыходзяць у чоўне
лютыя людзі,    а Локі правіць,
з воўкам плывуць    выпладкі волатаў,
48       брат з імі разам    Бюлейста [78] едзе.
Што чутна ў асаў?   Што чутна ў альваў?
Шуміць Край волатаў,   саймуюцца асы,
карлікі стогнуць    за каменем дзвераў
49       у сваіх уладаннях.   Ці досыць сяго вам?
Сурт едзе з поўдня,   слынны асілак,
нясе з сабою    згубіцеля голля [79],
блішча на сонцы    меч бога палеглых [80],
бурацца горы,   гінуць вядзьмаркі,
50       тлумна у Хель,    і трэснула неба.
Хлін [81] ахінае    новае гора:
Одзін выйшаў    на валку з воўкам,
а забойца Бэлі [82] —    на бойку з Суртам, —
51       згіне хутка    каханы Фрыґґін.
Рушыў парастак    Пана перамогаў [83]
Відар [84] раціцца    з пажыральнікам трупаў
і сыну Хвэдрунґа [85] у самае сэрца
52       б’е булатам,    за бацьку помсціць.
А вось выходзіць    сын Хлёдвін [86] і Одзіна,
53       стораж Міжзем’я,    са змеем біцца.
Пратнуўшы пачвару,    атожылак Фйёргюн [87], —
у страху людзі    сялібы кідаюць —
на тройчы тры крокі    Тор адступае
54       і гіне дастойнік,    гадам адолены.
Сонца памеркла,    зямля тоне ў моры,
зрываюцца зоркі   зыркія з неба,
пара бушуе,   у вышыні шугае
55       пажыўца жыцця [88],   жар да нябёсаў.
Ґарм брэша страшна    ля Стром-пячораў,
лопне ланцуг —    галодны звер выйдзе.
Бачу я многае,    будучыню знаю,
56       долю багоў,    дужых у валцы.
Бачыць яна:    па бітве [89] знову
суша з мора    паўстала зялёная,
цякуць вадаспады    са скалаў высокіх,
57       выглядвае рыбу    арол па-над імі.
Збіраюцца асы    на Ідавёлль-полі,
пра пояс зямны [90] саймуюцца разам,
пра дзеі даўнія    вядуць размову
58       і руны старыя    суровага бога [91].
Знойдуць дзівосныя    знову яны там
у травах зялёных    залатыя таўлы,
59       якімі гулялі    на лузе калісьці.
Палі неараныя    уродзяць хлебам,
зло стане дабром,   і Бальдр ускрэсне,
жыць будзе з Хёдам    у хораме Хрофта [92],
60       у доме багоў.    Ці досыць сяго вам?
Прут варажбовы    здабудзе Хёнір [93],
жыцьмуць патомкі   братоў Дваякага [94]
61       у доме вятроў [95].   Ці досыць сяго вам?
Палац яна бачыць,    святлейшы ад сонца,
зіхціць на Ґімле [96]    ґонтаю-злотам.
Будуць жыць там    дружыны верныя,
62       вечнае ім    наканавана шчасце.
І сыдзе долу    на суд вялікі
63       праўца дужы,    валадар сусвету [97].
Уздымаецца здолу [98],    як морак, чорны
змей з Цемнагор’я [99],    ззяе лускою.
Кружыць над полем,    на крылах трупы
64       нясе на шырокіх...    Пара ёй прапасці [100]!
 
 
Пераклад зроблены паводле выданьня Sæmundar-edda. Eddukvæði. Bjó til prentunar Finnar Jónsson. Reykjavík: Kostnaðarmaður: Sigurður Kristjánsson, 1905.
 
 
СЛОЎНІК
 
валка, -і — бітва
вераме, -я — час
вочшап, -а — кап'ё
здрой, -ю — крыніца
могут, -а — асілак
ніня— цяпер
патапеча, -ы — балота
раціцца, рачуся, рацісся — біцца (ад раць ‘войска’)
саймавацца, -муюся — раіцца на сходзе
 
Каментар

1. vǫlva- — у рускім перакладзе пакінута без перакладу як “вёльва”.

2. Багі. Вельшыя, ці старэйшыя, — асы, а меншыя — ваны.

3. Heimdal- — нябёсны стораж (у хрысціянскую эпоху яму стаў адпавядаць св. Пётра). Яго завуць “найсвятлейшым з асаў”, стваральнікам людзей. Паводле паданняў, ён быў народжаны ад дзевяці мацярок і ў час Кону багоў (ragnarök-) задзьме ў свой рог Ґйаллархорн, правяшчаючы яго пачатак. Хеймдалевы дзеці — людзі

4. Óðin- — галоўны бог скандынаўскага пантэону, бог мудрасці й вайны, стваральнік рунічнага пісьма й паэзіі.
 
5. Jötun-.
 
6. níu mank heima, níu íviði ДС “дзевяць я помню светаў, дзевяць ???”. Значэньне слова íviði да канца не зразумелае, меркаваны пераклад — “асіліцы” (пад якімі могуць разумецца дзевяць мацярок бога Хеймдаля). Дзевяць светаў — Багазем’е (goðheim-), Людазем’е (mannheim-), Валатазем’е (jötunheim-), Альвазем’е (álfheim-), Смугазем’е (niflheim-, свет мёртвых), Падзем’е (undirheim-), Надзем’е (uppheim-), Сонцазем’е (sólheim-), Агнязем’е (múspellsheim-, свет агню; этымалогія слова múspell- спрэчная) АЛЬБО Ásgarð- (свет асаў), Álfarheim-, Miðgarð- ‘міжзем’е (свет людзей), Svartálfarheim- (свет цёмных альваў), Hel- (падземны свет), Vanaheim- (свет ванаў), Jötunheim-, Niflheim-) і Múspellsheim-.
 
7. mjötvið mǽran ДС “мера-дрэва славутае”. Ідзецца пра сусветнае дрэва. АЛЬБО mjötvið- ёсць адменаю слова mjötuð- ‘кон, доля, надзельнік (доляй)’, тады: “Дзевяць я ведаю светаў, дзевяць асіліц, вялікага Надзельніка пад зямлёю”. Мяркуецца, што гаворка можа ісці пра падземнага бога, аналагічнага грэцкаму Аіду.
 
8. fyr mold neðan ДС “пад зямлёю”.
 
9. Ymir. Строга кажучы, -r тут ёсць канчаткам назоўнага склону. Імір — волат, з якога асы стварылі зямлю, неба, горы, мора, аблокі, Міжзем’е й карузлікаў (пар. падобны сюжэт у індыйскай традыцыі: РВ 10.91).
 
10. Ginungagap- ‘прорва, што зеўрае’. З гэтай зеўры і з'яўляецца свет.
 
11. Bor- — Одзін ды ягоныя браты Вілі й Вэ.
 
12. Miðgarð-.   
 
13. lauki ДС “парэем”. Парэй, дзякуючы свайму яркаму зялёнаму колеру, часта ўжываўся як сімвал травы ўвогуле.
 
14. Некаторыя даследнікі бачаць тут апісанне запалярных рэалій.
 
15. Дзень уважаўся спараджэннем ночы.
 
16. ás- — старэйшыя багі (адносна ванаў, малодшых багоў).
 
17. Iðavellir. Меркаваны пераклад — “поле чыну”.
 
18. tafl ‘дошка’ — старагерманская гульня, аддалена нагадвае шахматы, гулялі ў яе на дошцы.
 
19. Імёны Іміра. Магчыма, першае азначае“мора”, а другое — “неба”.
 
20. dverg- — стараісландсскае слова для карузліка; пакінута тут у перакладзе дзеля ілюстрацыйнайсці.
 
21. Некаторыя імёны карузлікаў празрыстыя: Nýi ‘маладзік’, Niði ‘ветах’, Norðri ‘паўночны’, Suðri ‘паўднёвы’, Austri ‘усходні’, Vestri ‘заходні’ (чатыры апошнія карузлікі так названыя, бо яны былі пастаўленыя багамі падтрымваць небасхіл), Alþjóf-r ‘велязлодзей’, Ái ‘прадзед’, Mjǫðvitni-r ‘медавоўк’, Gandálf-r ‘зачараваны альв, чарадзей’, Vindálf-r ‘вецер-альв’, Þekk-r ‘прыемны, слухмяны’, Vit-r ‘мудры’, Lit-r ‘каляровы’, Ná-r ‘навец’, Ráðsvið-r ‘хуткі, мудры ў парадах’, Fundin-n ‘знойдзены’, Hannar-r ‘умелец’, Frá-r ‘шпаркі’, Frǽg-r ‘знакаміты’, Aurvang-r ‘глінянае поле’, Eikinskjaldi ‘дубовы шчыт’. Акрамя таго, у розных рукапісах парадак радкоў у перакліку ды самі імёны адрозніваюцца.
 
22. Гэтае паданне пра частку карузлікаў, што вырашылі пакінуць горы і знайсці новы дом на пяскох, таксама даецца ў Малодшай Эдзе Сноры Стурлусана.
 
23. ask- ‘ясень’, embla- ‘вяз?’. Аск і Эмбла — першыя людзі на зямлі, якіх багі стварылі з адпаведных дрэваў.
 
24. óð- ‘дух, душа, свядомасць’ (пар. æði- ‘урода, характар’).
 
25. lá né lǽti, né litu góða ДС “[не мелі] ні цяпла, ні голасу, ні добрых колераў [на твары]’.
 
26. Hǿni-r — пра гэтага бога вядома нямнога. Пасля вайны з ванамі асы далі яго ў якасці закладніка ў абмен на Нйёрда. Акрамя таго, кажуць, што Хёнір перажыве гібель багоў і здабудзе ў новым веку дар прадбачання.
 
27. Lóður- — магчыма, гэта імя старога бога агню, рысы якога пазней увабраў у сябе вобраз бога Локі.
 
28. Yggdrasil-. Ygg- — адно з імён Одзіна, якое азначае “грозны, жахлівы”. Іґґдрасіль — сусветнае дрэва, на якім Одзін павесіў сябе, каб здабыць мудрасць.
 
29. Urðarbrunn- — у іншых перакладах urð- ‘доля, лёс, кон’ пакідаюць стараісляндскае слова.
 
30. Ідзецца пра норнаў, багіняў долі.
 
31. ór þeim sal ‘з (таго) хораму’. Так у Сноры Стурлусана, у Codex Regius стаіць слова sǽ ‘з мора’.
 
32. Urð- ‘доля, прошлае’ (гэта слова ж.р.), Verðandi- ‘быццё, цяпершчына’ і Skuld- ‘будучыня’.
 
33. Вяшчуння гаворыць пра сябе ў трэцяй асобе. Тут ідзецца пра вайну паміж асамі й ванамі. Культ ванаў, як мяркуецца, узнік сярод мараходаў Балтыйскага мора й плямён, што жылі на паўднёвых берагох Паўночнага мора. Пакрысе ён трапіў у Нарвегію, дзе ўвайшоў у канфлікт з культам асаў, старых багоў. Урэшце абедзве групы багоў зліліся й сталі шанавацца разам: напрыклад, такая вядомая багіня, як Freyja (паводле яе названая пятніца) з паходжання ёсць дачкою Нйёрда — вана, аддадзенага асам у закладнікі па сканчэнні вайны.
 
34. Gullveig- ‘золата-напой/сіла’. Відаць, яна была першаю ванкаю, што прыйшла да асаў. Такое абыходжанне з ёю й справакавала вайну.
 
35. Одзін.
 
36. Heiði- ‘ясная’ — імя, якім часта завуць прадказальніц. Некаторыя ўважаюць, што гэтыя радкі датычаць аўтаркі  прароцтва й змяшчаюць іх на пачатку паэмы.
 
37. Ідзецца пра чараванне й гаданне на палачках (костках), на якіх выразаліся руны.
 
38. У 25-26 ідзецца пра тое, як асы замовілі аднаму з волатаў адбудаваць Асґард пасля вайны з ванамі. У якасці ўзнагароды той запатрабаваў Фрэйу, сонца й месяц. За парадаю Локі асы пагадзіліся на ўмову, думаючы, што волат не паспее выканаць заданне ў час. Аднак, пабачыўшы, што волат дае рады з даручэннем, яны сталі пагражаць Локі, і той хітрасцю змусіў волата спазніцца. Падмануты волат раз'ятрыўся, але быў забіты Торам. Іншымі словамі, гэта Локі замысліў напоўніць паветра атрутаю ды аддаць Одаву нявесту (Фрэйу) волату. Пра Ода (óð- ‘раз'юшаны, экстатычны; песня, верш’) невядома нічога, акрамя таго што Сноры называе яго “чалавекам, што выпраўляўся ў доўгія падарожжы”.
 
39. Þór- — бог грому, змагар з тролямі, сябар чалавецтва, абаронца Міжзем’я. Ягоная зброя — вялікі молат, які выяўляўся ў выглядзе свастыкі й быў у паганскія часы святым знакам, таму менавіта Тора прасілі асвяціць выразаныя руны.
 
40. hljóð ‘слых, гук, напеў’. Відаць, ідзецца пра Хеймдалеў рог Ґйаллархорн.
 
41. Заклад Уладыкі, ці Одзіна, — ягонае вока, якое ён аддаў у абмен на мудрасць волату Міміру, што сцярог крыніцу мудрасці ля Іґґдрасілевага карэння.
 
42. spjǫll spaklig ok spáganda ДС “прамову празорлівую й палачкі праракання”.
 
43. valkyrja- ‘выбіральніца палеглых’. Нябёсныя дзевы, што адносілі палеглых у бітве ў Одзінаву сялібу Вальхаллу, каб сабраць войска для апошняй бітвы ў часе Рагнароку.
 
44. gǫrvar at ríða til Goðþjóðar ДС “гатовыя выправіцца да племені ґотаў”. Ґоты тут выступаюць не як імя ўласнае, але назоўнае, абазначаючы ваяроў увогуле.
 
45. У “Прамове Грымніра” даюцца іншыя імёны.
 
46. Cветлы бог, сын Одзіна й Фрыґґ, Тораў брат. Паданне аб ягонай смерці падрабязна апісана ў Малодшай Эдзе. Фрыґґ узяла з усіх стварэнняў — акрамя амялы, якую яна палічыла зусім бяскрыўднаю — клятву, што яны не будуць чыніць Бальдру шкоды. Так у багоў з'явілася забава кідаць у Бальдра розную зброю, якая, вядома, ніяк не магла яму завадзіць. Тады Локі сарваў парастак амялы й даў яго Хёду (höð-), сляпому Бальдраваму брату. Той кінуў пруток і забіў Бальдра.
 
47. Амяла ў Ісландыі не расце, таму — як відаць з тэксту паэмы — ісландцы памылкова лічылі, што яна расце на зямлі.
 
48. Váli, якога Одзін спарадзіў адмыслова для забойства Хёда.
 
49. Одзінава жонка.
 
50. Fensalir.
 
51. Valhöll- (Р.скл. Valhallar) ‘палата палеглых’ — Одзінава жытло, дзе збіраюцца палеглыя ў бітвах воі для супольнага банкету. У часе Рагнароку яны выправяцца разам з багамі на апошнюю бітву.
 
52. Hveralund- ‘гай гарачых крыніц’.
 
53. Ідзецца пра пакаранне Локі за забойства Бальдра. Ён быў прыкаваны да скалы вярыгамі, зробленымі Валі з кішак сына Локі Нарві. Багі павесілі над Локі змяю, з якой несупынна капаў яд яму на твар. Ягоная жонка Сігюн сядзела з ім поруч, трымаючы над ім чашу, але як толькі яна напаўнялася й Сігюн адвіналася яе выпаражніць, яд трапляў Локі на твар, і зямля трэслася ад ягоных курчаў.
 
54. Slíð-. Тут апісваецца краіна волатаў. Клінкі, магчыма, указваюць, на ледзяную ваду.
 
55. Niðavellir, дом карузлікаў.
 
56. Sindri-sind- ‘акаліна, жужка’ — імя знакамітага сярод карузлікаў каваля.
 
57. Ókólni- ‘не-халодны’ — мяркуецца, што гаворка ідзе пра вулкан.
 
58. Brimi-r — гл. 18. З іставіку не зусім зразумела, ці завецца Брымірам піравальня, ці волат. Рускі пераклад А. І. Корсуна: “чертог великанов, зовется он Бримир”; ангельскі пераклад Г. А. Бэлоўза: “Where the giant Brimir his beer-hall had”.
 
59. Ідзецца пра Хель.
 
60. У ісландскіх дамох не было комінаў: замест іх у даху была адтуліна, праз якую й выходзіў дым.
 
61. Níðhǫgg- ‘абраза-ўдар’ — цмок, што ляжыць пад Іґґдрасілем ды грызе яго карэнне.
 
62. Відаць, ідзецца пра Фэнрыра, сына Локі, які паводле прароцтваў заб’е Одзіна. Багі ўвязнілі Фэнрыра з дапамогаю чароўнага ланцуга Ґлэйпнір, які быў выкаваны карузлікам з шасці частак: з гуку кашэчых крокаў, з жаночых бародаў, з карэння гор, з дыхання рыб, з нерваў медзвядзёў і з птушынае сліны. Мяркуецца, што, калі Фэнрыр вырвецца, пачнецца скон свету.
 
63. Фэнрыравы дзеці — Skǫll- і Hati-. Першы праглыне сонца, другі — месяц.
 
64. Болей нідзе нн згадваецца.
 
65. Певень, які абудзіць волатаў на апошнюю бітву.
 
66. Gollinkambi.
 
67. Імя гэтага пеўня нідзе не згадваецца.
 
68. Gnípahelli-r ‘пік-пячоры’ — уваход у Хель, які ахоўваецца сабакам на ймя Ґарм.
 
69. verǫld steypisk ДС “людзей-век падзе”.
 
70. Магчыма, рачныя духі.
 
71. mjǫtuð- ‘доля, кон, наканаванне’, ДС “адмеранае” (ст.-анг. meotod‘ доля; Бог’).
 
72. У “Сазе пра Інґлінґаў” апавядаецца, як асы аддалі Міміра ванам у закладнікі, але тыя адсяклі яму голаў. Одзін з дапамогаю чараўніцтва захаваў яе ды выпытаў таямніцы мудрасці.
 
73. Surt- ‘чорны’ — вогнены волат, што знішчыць свет. Суртаў суродзіч — Фэнрыр.
 
74. Правадыр волатаў, стырнавы на Нагльфары, Караблі з пазногцяў [памерлых].
 
75. Jörmungand- ‘вялікая + чароўная пачвара’ — сын Локі, волат у выглядзе сусветнага змея, які апярэзвае Міжзем’е.
 
76. Волат Hræsvelg- ‘падла-глытальнік’, які сядзіць на краі неба ў выглядзе арла й сваімі крыламі творыць вятры.
 
77. Naglfar- — карабель, што будзе пабудаваны з пазногцяў мерцвякоў, каб даставіць волатаў на апошнюю бітву.
 
78. Býleist- — Бюлейстаў брат — гэта Локі.
 
79. Агонь. Рэдкі прыклад кенінґа ў эдычнай паэзіі. Тут у перакладзе дададзены лішні радок.
 
80. Сурта.
 
81. Hlín- — Фрыґґ, Одзінава жонка.
 
82. Бог Frey-, які забіў волата Beli- адным кулаком.
 
83. Одзін.
 
84. Víðar- — маўклівы бог, вядомы пераважна праз свой шчыт і вялікую сілу, толькі крыху меншую за Тораву.
 
85. Hveðrung- — Локі.
 
86. Hlǫðvin- — імя багіні зямлі.
 
87. Fjǫrgyn- — імя багіні зямлі.
 
88. Агонь.
 
89. Ідзецца пра апошнюю бітву, т.б., тут апісваецца новы свет, які ўзнікне пасля разбурэння цяперашняга.
 
90. Йёрмунґанд.
 
91. Одзін.
 
92. Hropt- ‘выкрыквальнік (прароцтваў)?’ — Одзін. Хрофтавы дом — Вальхалла.
 
93. Т.б., атрымае дар прароцтва.
 
94. Одзін. Ягоныя браты — Вілі ды Вэ.
 
95. Неба.
 
96. Назва гары, на якой стаіць палац. Сноры Стурлусан, аднак, бачыць тут назву самога палацу.
 
97. Многія бачаць у гэтых радкох пазнейшую хрысціянскую ўстаўку.
 
98. Ідзецца пра цмока Нідхёґґа, які жыве ля карэння Іґґдрасіля.
 
99. Niðafjǫll.
 
100. søkkvask ‘патануць, праваліцца (пад зямлю)’. Ідзецца пра вяшчунню.
Пераклад са стараісландскай – Ігар Кулікоў © 2017

Чытайце таксама

Фрыдрых Дзюрэнмат

Фрыдрых Дзюрэнмат

Швейцарскі пісьменнік, драматург і мастак, лаўрэат мноства прэміяў

Кацярына Маціеўская

Кацярына Маціеўская

Перакладае з французскай, ангельскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс

Ян Вагнэр

Ян Вагнэр

Нямецкі паэт і перакладчык

Антоні Эдвард Адынец

Антоні Эдвард Адынец

Беларускі польскамоўны паэт, перакладчык і драматург, сябра Таварыства філарэтаў

3636