№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Увяльбенне Багіні (देवीमाहात्म्यम्)

Урывак

Пераклад з санскрыту Ігар Кулікоў

Прыведзены тут пераклад ёсць урыўкам з паэмы Devīmāhātmya- ‘Увяльбенне Багіні’, вельмі важнага тэксту для шакцістаў (ушаноўцаў багіні Калі), які ў сваю чаргу з'яўляецца пазнейшай устаўкай у Маркандэйа-пурану. Пураны (purāṇa- ‘старажытны’) — вялізныя творы, пераважна ў вершах, пра стварэнне й будову сьвету, пра радаслоўную багоў і валадароў, пра вычыны жарбітоў і асілкаў, пра астралогію й медыцыну, рэлігію й філасофію. У сваёй першапачатковай форме бальшыня пуран была складзеная яшчэ да 10 ст. н.э. Налічваецца 18 асноўных і 18 пабочных пуран. Найбольшая з асноўных — Сканда-пурана, якая складаецца з 81 000 радкоў, найменшая — Вамана-пурана — мае толькі 10 000.


Першая адмена Маркандэйа-пураны, адной з галоўных пуран, была складзена, як мяркуюць даследнікі, не пазней за 3 ст. н.э. На адрозненне ад іншых пуран, якія выкладаюць ідэі той ці іншай індуісцкай секты, у зыходным тэксце Маркандэйа-пураны амаль няма зваротаў ці малітваў да нейкіх канкрэтных багоў. Замест таго мы знаходзім жывое выкладанне легендаў і паданняў, зробленае з большым майстэрствам, чым у іншых пуранах (за выняткам хіба Бгаґавата-пураны).


“Увяльбенне Багіні”, будучы пазнейшаю ўстаўкаю, выразна адрозніваецца ад зыходнага тэксту пураны. Дадатак быў зроблены не пазней за 6 ст. н.э. і становіць найранейшы вядомы нам тэкст, у якім Род (brahman-), першакрыніца ўсяго, праслаўляецца ў выглядзе Багіні (ад пачатку— Шывавай жонкі), маці й апоры сусвету, навышняй сілы, у якой перабываюць усе стварэнні. У часы змагання з чартамі (asura-), ворагамі багоў, яна выяўляецца як ваяўнічая жахлівая Дурґа (таксама завецца Магакалі, Чандыка, Бгадракалі, Магамайа й Маці); у часы міру — як Лакшмі, Багіня дабрабыту. Цікава, што ў гэтым тэксце разрозніваюцца Дурґа й Калі — апошняя нараджаецца з лоба першай. У Магабгараце такога разрознення няма. 

 

Увяльбенне Багіні 

Маркандэйа-пурана, 81-93

 

УЗЫХОД 82
 
1       Калісь стогадовая бітва між багамі была й чартамі [1].
     Панам чортаў тады быў Магі́ша [2], а ў багоў валадарыў І́ндра [3].
2       Узялі адважныя чорты перамогу над божым войскам,
     і, багоў усіх падкарыўшы, стаў за Індру тады Магіша.
3       На чале із Лотасалонным [4] сабраліся ўсе разам богі,
     да Ґару́дасцяжнага Ві́шну ды Ўладыкі [5] яны памкнулі.
4       Як усё было, да драбніцы пра злачынствы Магішы-чорта
     расказалі дарэшты багі, пра знявагу сваю й бядоту,
5       як Магіша волат у Сонца, у Вару́ны, у А́ґні й Ветру [6],
     у Індры, ды Йа́мы [7], ды іншых адабраў для сябе уладу.
6       “Выгна́ныя з неба багове ліхамысным Магішам-чортам
     па зямлі, нясмертныя, блудзяць, нібы смертныя, ходзяць долам.
7       Пра дзеі ліхія зладзея расказалі мы вам, панове.
     Па ахову да вас мы прыйшлі: чорта гэтага трэба ўсмерціць”.
8       Пачуўшы ад іх тыя словы, раззлаваўся забойца Ма́дгу [8],
     ахапіла Трохвокага [9] люць, бровы сталі абодва хмурыць.
9       Выйшаў з рота у Вішну тады, велягнеўнага Коланошы [10],
     з рота Ша́нкары [11] вусцішны жар, вышаў з рота самога Бра́гмы.
10     З цела Індры Горадабурцы, з цела іншых багоў таксама
     выйшаў жар вялізманай сілы і згусціўся ў адзіны згустак.
11     Нібыта гара агнявая, палымнеў гэты жар страшэнны,
     і здавалася, неба усё было полымем тым абнята.
12     І тады той вялізманы жар, што зіхценнем абняў тры светы,
     шугануўшы з цялёсаў багоў, абярнуўся ў жанчыну раптам.
13     Жар, што выйшаў з рота Ўладыкі, стаў абліччам тае жанчыны,
     жар Йамаў — яе валасамі, з жару Вішну паўсталі рукі.
14     З жару Індры узнік яе стан, з жару Сомы [12] узніклі грудзі,
     ногі й сцёгны — з жару Варуны, а крумянкі — з Зямнога жару.
15     Стаўся ступамі Брагмавы жар, стаўся пальцамі жар ад Сонца,
     нос узнікнуў з жару Кубэ́ры [13], рукі з пальцамі — з жару Ва́су [14].
16     З жару Пана спародаў тады той жанчыны паўсталі зубы,
     а тры вокі — з жару самога Ачышчальніка, бога Аґні.
17     Стаўся жар сутонаў брывамі, з жару Ветру паўсталі вушы,
     і тады жар астатніх багоў спарадзіў быў Шыву́-багіню.
18     Аглядзеўшы тую жанчыну, усябожнага жару чада,
     акрыялі душою багі, абяздоленыя Магішам.
19     Далі яны ўласную зброю пераможнай тады Багіні,
     перамогі прагнучы ў бітве, надзялілі яе аружжам.
20     Са свайго дастаўшы трызубца, даў трызубец Піна́каноша [15],
     кола Крышна [16] Багіні надаў, са свайго выдабыўшы кола.
21     Даў Варуна Шыве чарупу, даў ёй дзіду Ядок жаротваў [17],
     а Марута [18] — вялізманы лук і два поўныя стрэлаў тулы.
22     Выдабыўшы з свайго перуна, даў ёй ва́джру Ўладар нясмертных [19],
     для Багіні Тысячавокі зняў з Айра́ваты [20] звон звінючы.
23     Падарыў ёй Пан водаў [21] сіло, кон-жазло падарыў ёй Йама,
     даў Брагма гліняны гладыш ёй, а кара́лі — сам Пан спародаў.
24     Дало Сонца ў кожную пору той Багіні па ўласным промні,
     Кон вастрэнным мячом адарыў і шчытом бездакорна зыркім,
25     а Мора Малочнае — парай шат нятленных і нізкай перлаў.
     Камень дзіўны макаўкавіты, завушніцы ды бранзалеты,
26     а таксама ясны паўмесяц ды абручкі на перадплеччы,
     два нажныя найбранзалеты, незраўнаныя найманісты,
27     камяні каштоўныя разам з пярсцёнкамі на кожны палец
     Багіні надаў Вішвака́рман [22], а яшчэ найсякач выдатны,
     разнакія віды аружжа і даспех непрабіўны даў ёй.
28     Два вянкі на грудзі ды голаў з лотасакветак неўвяданых
     падарыла Мора Багіні разам з лотасам шматпрыгожым.
29     Гімава́т [23] жа лява падарыў ды яшчэ камянёў каштоўных,
     падарыў ёй кубак Кубэра, непарожні віном п’янючым.
30     Шэ́ша [24], пан над змеем усякім, падарыў ёй змеяманісты,
     змей вялікі, землядзяржалец, з найшляхетнымі камянямі.
31     Аздобамі ўсякімі й зброяй шматадораная Багіня
     зараўла тады грамавіта, засмяялася гучным смехам.
32     Ад таго магутнага крыку, ад жахлівага рову тога
     задрыжэла паветра наўкол, разляглося шырока рэха.
33     Затрымцелі ўсе веляморы, задрыжэлі усе тры светы,
     загайдаўся тады сухадол, загайдаліся нават горы.
34     Сталі славіць Багіню багі, перамогі ёй сталі зычыць,
     пакланіліся ёй мудрацы, у бажанні сагнуўшы целы.
35     Убачыўшы светаўзрушэнне, супернікі багоў нясмертных
     сабралі ўсе войскі да купы, замахалі чартове зброяй.
36     Прамовіў у гневе Магіша, закрычаўшы: “Што там такое?”
     І на шум той пабег стрымгалоў, паімчаўся са сціжмай чортаў.
37     І тады пабачыў Багіню, што тры светы абняла бліскам.
     Гнуўся дол пад нагамі яе, драпаў неба кароны грэбень,
38     дрыгацела уся Пата́ла [25] ад дрыжання яе цяцівы,
     ўсе староны тысячарука абняла яна велябліскам.
39     І тады пачалася бітва між чартамі і той Багіняй,
     ад бязлічных стрэлаў і зброі засвяцілася ўся прастора.
40     Быў Магішаў там ваявода імем Чы́кшура, чорт вялікі,
     біўся поплеч з ім Ча́мара-чорт, атачоны вялікавойскам.
41     Калясніцаў шэсцьдзесят тысяч за сабою вёў чорт Уда́ґра [26],
     з дзесяццю мільёнамі разам барукаўся там Магага́ну [27].
42     Пяцьдзясят мільёнаў ваярства Асіло́ма [28] прывёў з сабою,
     з шасцюстамі сотнямі соцень рынуў Ва́шкала ў тую валку.
43     Атачоны цьмой калясніцаў, Уґрада́ршана [29] біўся ў бітве,
     з не адною тысячай коней і сланоў баявых мільёнам.
44     Там змагаўся супраць Багіні Бідала́кша [30], вялікі воін,
     калясніцаў процьмаю процьмаў атачоны з усіх старонаў.
45     Біўся ў бітве Біда́ла мужны, у жахлівай змагаўся сечы,
     дзесяць тысяч дзесяць мільёнаў калясніц акружала воя.
46     Змагалася з тою Багіняй многа іншых чартоў вялікіх,
     цьму коней, калясніц і сланоў прывялі яны ў тую бітву.
47     Сотняй соцень сотняй мільёнаў калясніц і магутных коней,
     а таксама вялізных сланоў быў аточаны чорт Магіша.
48     Дубіны, дзіды, мячы, стрэлы, перначы, алебарды й прашчы —
     ўсім, чым можна, біліся ў бітве, нападалі з усіх старонаў.
49     Нехта кідаў вострыя коп’і, нехта пнуўся пятлю накінуць,
     нехта бег на Багіню з мячом і стараўся яе параніць.
50     Але зброю тую Багіня адбівала з усмешкай, Ша́кці [31],
     на чартоў праліваючы дождж стрэл уласных і вострадзідаў.
51     Без ценю напругі на твары пад хвалебны багоў і рушаў
     выпускала у целы чартоў валадарка сваё аружжа.
52     Багавіцын велевазніца, леў у люці, калматагрывы,
     праз рады варожыя мчаўся, як агонь — праз рады дзярэўя.
53     Кожны выдых, які Багавіца выдыхала ў запале бітвы,
     абяртаўся сейміг у раці, нараджаў сотні тысяч вояў.
54     З алебардай, мячом, перначом нападалі яны на чортаў,
     узмоцнены моцай Багіні, вынішчалі рады варожжа.
55     Нехта гучна біў у літаўры, нехта дзьмуў у чарупы моцна,
     разлятаўся гром барабанаў на тым ігрышчы шматваярным.
56     Стала нішчыць чортаў Багіня, працінаць іх сваім трызубцам,
     біць дубінай і мячом вострым, паліваць ліўнем стрэл і дзідаў.
57     Адных чартоў валіла яна, аглушаючы звонкім звонам,
     а другіх, злавіўшы арканам, па зямлі валачыла хутка.
58     Рассякала надвое адных, разрубаючы вострым мечам,
     а другія падалі долу ад удараў цяжкой дубіны.
59     Перначом удараны ў голаў, хтось крывёю бляваў няспынна,
     а хтосьці валяўся, працяты проста ў грудзі яе трызубцам.
60     Процьма чортаў, збіўшыся разам пад залеваю стрэл вастрэнных,
     дух жыццёвы трацілі з целаў, мардавальнікі божай раці.
61     Адрубіла камусьці руку, а камусьці адсекла шыю,
     разарваныя, без галавы там ляжалі паўсюды целы.
62     Адны велячорты, упаўшы, нерухома ляжалі ўпокат,
     надвое расцятыя Маці, з адным вокам, рукой, нагою.
63     А другія, хаця й без галоў, падымаліся знову з долу,
     пахапаўшы ў рукі аружжа, беглі мёртвыя целы ў бітву.
64     Танцавалі трупы жывыя пад літаўры й пад барабаны,
     безгаловыя, трэслі мячом, суліцай, перначом, ці лукам.
65     “Стой жа! Стой жа!” — крычалі яны, велячорты — Багіні веляй,
     у жахлівым смертазмаганні абліваючыся крывёю.
66     Ад паваленых долу сланоў, калясніцаў, чартоў і коней
     непраходнаю стала зямля — там, дзе бітва кіпела тая.
67     З мёртвых целаў патокі крыві сабраліся ў вялікарэкі,
     заструменілі праз ваяроў, пераз коней, сланоў і чортаў.
68     Гэтак скора ў тым баруканні велячортава велявойска
     затапіла Багіня крывёй, як агонь — кучы дроў і хмызу.
69     І зароў тады леў баявы, і зарыкаў, калматагрывы,
     нібы з целаў чортаў зупалых субіраючы дых жыццёвы.
70     І, пакуль змагалася Маці проці чортаў у сечы страшнай,
     праслаўлялі Багіню багі, асыпаючы з неба квеццем.
 
Такі ў святой Маркандэйа-пуране 82-і ўзыход на ймя “Гібель войска чорта Магішы”.
 
 
УЗЫХОД 83
 
1        Убачыўшы войска, што гібла, ваявода Магішы люты
     сам у бой уступіў з Чандыкой [32], гнеўны Чыкшура, чорт вялікі.
2        Стаў Багіню залеваю стрэл паліваць, раззлаваны, ў сечы,
     як вялікай Мэ́ру [33] вяршыню паліваюць дажджом аблокі.
3        Рассекшы гуляючы тую павалоку ягоных стрэлаў,
     моцна цяла чорта Багіня, вазака ды імклівых коней.
4        Лук ягоны рассекла яна, збіла ўзнятую ўвысь харугву,
     цела чорта працяла стралой, як стаяў ён з зламаным лукам.
5        Разламаналучны, бязвозны, без вазніцы, без быстрых коней,
     на Багіню напаў ён ізноў са шчытом і мячом бліскучым.
6        Замахнуўшыся лязом вострым, ён ударыў ільва у голаў,
     у лявіцу тую Багіню ён ударыў мячом хупава.
7        Рукі дакрануўшыся ледзьве, лопнуў меч той, о радасць князя [34].
     Трызубец схапіўшы адразу, велячорт той чырвонавокі
8        у Багіню паціснуў яго, ў Бгадрака́лі [35] шпурнуў аружжа,
     што зіхцела як сонца само, прамяністае ў ясным небе.
9        Той трызубец закмеўшы, ураз свой трызубец пусціла Маці,
     на сто расшчапіла аскепкаў і трызубец, і велячорта.
10     Толькі згінуў воевадатар той Магішаў вялікасмелы,
     на слане баявым у бітву рынуў Ча́мара [36], чорт магутны.
11     І шпурнуў ён дзіду ў Багіню, але тое кап’ё імгненна
     із пагардай адбіла яна, вобзем пала кап’ё, паблякшы.
12     Узлаваўся Чамара вельмі, убачыўшы кап’ё зламаным,
     кінуў піку ён у Багіню, але й піку яна адбіла.
13     Скочыў леў тады нечакана, учапіўся у лоб слана ён,
     барукацца з Чамарам-чортам стаў ён, з ворагам неўміручых.
14     У зацятым тым баруканні са слана на зямлю упаўшы,
     на зямлі прадоўжылі бойку, страшнай сілы чынілі ўдары.
15     Леў знячэўку падскочыў ізноў, у паветра ўзляцеў высока
     ды ударам лапы кіпцістай голаў Чамару ён раскроіў.
16     Паў у бітве скора й Удаґра пад навалаю скал і дрэваў,
     паў Кара́ла [37] ад рук Чандыкі, пад нагамі яе загінуў.
17     Размаздзіла тады булавой Маці У́ддгату [38] лютагнеўна,
     згінуў Вашкала-чорт ад кап’я, згінуў з А́ндгакам Та́мра [39] дужы.
18     Уґраві́рйа згінуў з Уґра́сйам [40], з Магагану загінуў разам
     ад аружжа найваладаркі, ад трызубца трохвокай Маці.
19     Сцяла голаў Велебагіня Бідала́сйу клінком бліскучым,
     ды стралой Дурдга́ру й Дурму́кху [41] у сялібу паслала Йамы.
     Ноч накону жазлом накону на зямлю паваліла Ка́лу [42],
20     грозным мечам забіла яна Аґрада́ршану [43], вастралёзым.
     Секачом у сечы жахлівай Асіломана разрубіла,
     пераможным з воямі клічам агалосіўшы поле бітвы.
21     Свайго войска бачачы гібель, раззлаваўся тады Магіша,
     у бычыным выглядзе страшным раскідаў ён ваякаў Маці.
22     Некаторых сваймі капытамі, некаторых ударам пысы,
     некаторых змахнуў ён хвастом, некаторых працяў рагамі,
23     некаторых спрытным нападам, некаторых аглушным рыкам,
     а каторых дыхам магутным паваліў на зямлю Магіша.
24     Пярэдні раскідаўшы шэраг, на лява ён напаў, нападнік,
     усмерціць запрагнуў вазніцу, з Чандыкою пачаў змагацца.
25     Капытамі рыючы глебу, той Магіша вялікамужны,
     стаў рогамі кідаць сваімі горы ўгору, зароўшы роўма.
26     Ад яго імклівага бегу дол дрыжэў і крышыўся крышма,
     ад узмахаў хваста навакол разлілося паводкай мора.
27     Разарваў ён рогамі хмары, разадраў на шматкі аблокі,
     навальнічым здзьмутыя дыхам, горы падалі з небасхілу.
28     На таго пыхлівага чорта, што імчаў на яе імкліва,
     паглядзела тады Чандыка, угнявілася смертагневам.
29     Накінуўшы спрытна пятлю, велячорта звязала моцна,
     і, звязаны ў валцы суровай, скінуў чорт той бычыны выгляд.
30     У льва перакінуўся раптам, і пакуль галаву Багіня
     яму секла, той стаў ваяром, ашчаперыў рукою саблю.
31     Толькі процьмаю стрэл Чандыка ушпіляць захацела чорта,
     як знячэўку з таго ваяра у слана абярнуўся злоснік.
32     Ухапіў ён хобатам ільва, пацягнуў, затрубіў грымліва,
     ды адсекла Багіня яму хобат спрытна сваёю сабляй.
33     Прыняў тады знову Магіша свой жахлівы бычыны выгляд,
     задрыжалі тры светы і ўсё, што ў іх рушыць і што не рушыць.
34     Угнявіўшыся, стала тады Маці свету, чырвонавока,
     піць навышні напітак нагбом, засмяялася гучным смехам.
35     Зароў раззлаваны Магіша, сілай пышны сваёй ды муствам,
     стаў у Маці рогамі кідаць, у Багіню вялікагоры.
36     Размалоўшы стрэлапатокам тыя горы, сказала Маці
     узбуджаным голасам чорту, твар чырвоны ад велямёду:
37     “Датуль табе рэўці, Магіша, пакуль мёд не дап’ю п’янючы.
     Як загінеш, мною забіты, будуць рэўці тады багове”.
38     Прамовіўшы, скочыла раптам, верхам села яна на чорта,
     прыдушыла горла нагою, пікай цела яго працяла.
39     Нагою прыдушаны моцна, ён з уласнага выйшаў рота,
     напалову вылез навонкі, сілай сціснуты Маці свету.
40     Напалову вылезшы вонкі, ён працягваў змагацца й біцца,
     ды, сабляю голаў адсекшы, паваліла яго Багіня.
41     Так Магіша, магутны ваяр, разам з войскам сваіх паплечцаў,
     быў забіты Велебагіняй, прыгнятальнік усіх трох светаў.
42     Калі ён загінуў у бітве, закрычалі ўсе быты свету,
     з багамі, людзямі й чартамі: “Пераможніцы слава, слава!”.
43     Так згінула чортава войска, так уныў баяўнічы крык іх,
     і ўрэшце вялікая радасць агарнула ўсё богавойска.
44     Сталі славіць Багіню яны, з велярушамі праслаўляці,
     затанчылі ўкол апсара́сы [44], заспявалі паны ґандга́рваў [45].
 
Такі ў святой Маркандэйа-пуране 83-і ўзыход на ймя “Гібель чорта Магішы”.
 
 
УЗЫХОД 85
 
<...>
     сталі славіць Багіню яны, чарадзейную сілу Вішну.
     Багі прамовілі:
7        Шана, шана Велебагіні, Найласкавай адвечна шана,
     шана Пратворы найбалагой, пакланемася ж ёй рахмана!
8        Карміліцы шана, Вячыстай, Страшнай, Зыркай шанова-шана,
     шана Маці, Светаапоры, Ведзьмарыцы шанова-шана!
9        Сьветла-віда-месячнай пані, Шчасцяноснай адвечна шана!
     Дабрадатнай мы Дабрадаці, Споўні чынім шанову-шану.
10     Счэзе [46] й землядзержцаў Удачы, жонцы Шарвы [47] шанова-шана,
     Дурзе́, дальнядругабярэжнай [48], Усячыннай Істоце шана!
11     Славе, Чорнай, Велебагіні і Дымчастай шанова-шана!
     Найвусцішнай, Самарахманай чынім пані шанову-шану.
     Шана Маці, Светаапоры, Ведзьмарыцы шанова-шана!
12     Той, што ў бытах усіх прабывае, чарадзейнаю сілай Вішну,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
13     Багіні, што перабывае як чуванне у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
14     Багіні, што перабывае яка розум у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
15     Багіні, што перабывае яка сненне у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
16     Багіні, што перабывае яка голад у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
17     Багіні, што перабывае як цень яго у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
18     Багіні, што перабывае яка сіла у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
19     Багіні, што перабывае яка смага у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
20     Багіні, што перабывае як цярпенне у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
21     Багіні, што перабывае як парода [49] у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
22     Багіні, што перабывае яка сорам у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
23     Багіні, што перабывае як суцішша [50] у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
24     Багіні, што перабывае яка вера у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
25     Багіні, што перабывае як прыгажосць у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
26     Багіні, што перабывае як удача у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
27     Багіні, што перабывае яка воля у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
28     Багіні, што перабывае яка чыннасць у кожным быце
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
29     Багіні, што перабывае яка памяць у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
30     Багіні, што перабывае як спачуванне ў кожным быце
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
31     Багіні, што перабывае як захова у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
32     Багіні, што перабывае як здаволя у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
33     Багіні, што перабывае яка поспех у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
34     Багіні, што перабывае яка маці у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
35     Багіні, што перабывае як памылка у кожным быце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
36     Уладніцы кожнага быту, кожнай здолі у кожным быце [51],
     Багавіцы ўсёпранікнення вечна пані шанова-шана!
37     Валадарцы, што, ўсёпранікшы, як чуванне быве у свеце,
     пані шана, пані шанова, пані шана, шанова-шана!
 
<...>
 
Такі ў святой Маркандэйа-пуране 85-ы ўзыход.
 
 
Слоўнік
 
бажанне, -я — вернае, адданае служэнне (санскр. bhakti-)
балагі́ — шчасны, добры, спрыяльны (рас. благой)
быць, быву, бывеш — нешматкротная форма ды бываць, бываю
быт, -а — жывое стварэнне (санскр.bhūta- ад √bhū ‘быць’)
веле- — вялікі
від, -у — аблічча
жарбі́т, -а́ — аскет (санскр. tāpasa- адtapas- ‘жар’)
закме́ць, -млю́, -мі́ш — заўважыць
захова, -ы — належныя паводзіны
здоля, -і — орган пачуцця (санскр. indriya- ‘магута’)
му́ства, -а — мужнасць
након, -у — тое, што наканавана (санскр. kāla-‘час, час як разбуральнік, смерць’)
пераз — праз
пратвора, -ы — прырода, з якой пачынаецца тварэнне; зыходны стан чагосьці (санскр. prakṛti- ад √kṛ ‘рабіць, чыніць, тварыць’)
руш, -а — ведавы паэт, мудрэц (санрск. ṛṣi-)
спарод, -у — народжаная істота (санскр. prajā- ад √jan ‘нараджацца’)
споўня, -і — спаўненне
счэза, -ы — смерць, скон
хвалебен, -бну — гімн
чару́па, -ы — ракавіна
чуванне, -я — свядомасць (санскр. cetana- ад √cit ‘распазнаваць, разумець’)
 
 
Каментар
 
1. asura- — адвечныя ворагі багоў (deva-). Уважаюцца дзецьмі Багіні Diti- і мудраца Kaśyapa-.
 
2. mahiṣa- ‘магутны, бык’.
 
3. indra- — вярхоўны бог у пантэоне Рыґведы, аднак у пасляведавы час ён адышоў на другое тло. Галоўны ягоны вычын — забіццё змея Врытры ды вызваленне сонца, зары й водаў з нетраў сусветнай гары.
 
4. padmayoni- — бог Брагма.
 
5. Тры галоўныя багі індыйскага пантэону — Брагма (brahma-, бог-стваральнік свету), Вішну (viṣṇu-, бог-падтрымальнік свету) і Шыва (śiva-, бог-разбуральнік свету). Апошняга таксама завуць Уладыка. Ґаруда — міфічны птах, правадыр птушынага роду, сын мудраца Ка́шйапы й Вінаты́, дачкі мудраца Дакшы. Ґаруда лічыцца вазілам (vāhana-) Вішну й ворагам змеяў (nāga-).
 
6. Варуна (varuṇa-) — адзін з найстарэйшых індыйскіх багоў, які ўжо ў Рыґведзе пачаў адыходзіць на другое тло. Уважаецца ўладаром водаў. Аґні (agni-) — бог аброчнага агню, адзін з ключавых багоў Рыґведы.
 
7. Йама (yama-) — у Рыґведзе — першы чалавек, які памёр і адкрыў дарогу ў той свет. Пазней становіцца богам памерлых, ягонае жытло месціцца на поўдні.
 
8. madhusūdana- — адно з імён Вішну. Мадгу — чорт, ім забіты.
 
9. tryambaka- — адно з імён Шывы.
 
10. cakrin- — зброяй Вішну было кружало.
 
11. śaṅkara- ‘спрыяльны, ласкавы’ — адно з імён Шывы.
 
12. soma- — расліна і выцісканы з яе напой, якім паілі багоў; пазней атаясамляецца з богам месяца.
 
13. kubera- — бог багацця, чыя сталіца Алака́ месціцца на святой гары Кайла́са.
 
14. vasu- ‘добры, спрыяльны’ — група з васьмі багоў; паводле Вішну-пураны, гэта: Воды (ap-), Нябёсны кол (dhruva-), Сома (soma-), Падтрымца (dhara-), Вецер (anila-), Агонь (anala-), Зара (pratyūṣa-) ды Святло (prabhāsa-).
 
15. pinākadhṛk- — Пінака — лук бога Шывы.
 
16. kṛṣṇa- ‘чорны’ — адно з імён Вішну.
 
17. Бог Аґні.
 
18. māruta- — бог ветру.
 
19. Уладыка нясмертных — Індра, ваджра (vajra- ‘пярун’) — ягоная зброя.
 
20. Тысячавокі — Індра, Айравата (airāvata-) — ягоны ездавы слон.
 
21. Варуна.
 
22. viśvakarman- ‘усятворца’ — боскі дойлід і рамеснік.
 
23. himavat- ‘зімавіты, снегавіты’ — Гімалайі.
 
24. śeṣa- — тысячагаловы змей, сімвал вечнасці. На ягоным капюшоне спіць Вішну ў прамежках паміж тварэннямі.
 
25. pātāla- — адзін з сямі падземных светаў, сяліба змеяў-наґаў.
 
26. udagra- — высокі, магутны, люты.
 
27. mahāhanu- — у якога вялікая сківіца.
 
28. asiloman- — чые валасы — мячы.
 
29. ugradarśana- — у якога грозны выгляд.
 
30. biḍālākṣa- — кашэчавокі.
 
31. śakti- ‘сіла’ — адно з імён Дурґі.
 
32. caṇḍikā- — адно з імён Дурґі.
 
33. meru- — сусветная гара, вось свету (стажар).
 
34. nṛpanandana- — т.б. “князеў сын”.
 
35. bhadrakālī- ‘добрая Калі’ — адно з імён Дурґі.
 
36. camara- — як.
 
37. karāla- — жахлівы.
 
38. uddhata- — пыхлівы.
 
39. andhaka- — сляпы; tāmra- — мядзянага колеру.
 
40. ugravīrya- — грознамужны; ugrāsya- — у якога грозны рот/сківіца.
 
41. durdhara- — цяжказносны, няўрымслівы; durmukha- — брыдкатвары.
 
42. kālaṃ ca kāladaṇḍena kālarātrirapātayat — гульня слоў: імя чорта kāla- азначае ‘чорны’, другое слова kāla- азначае ‘час, час як разбуральнік, смерць’.
 
43. agradarśana- — які глядзіць наперад.
 
44. apsaras- ‘які рухаецца [паветранымі] водамі’ — жаночыя паўбоствы надзвычайнай прыгажосці, жонкі ґандгарваў.
 
45. gandharva- — паўбоскія істоты, нябёсныя гудзьбіты, што разам з апсарасамі жывуць у Індравым раі.
 
46. nairṛtī-; альбо “жонка Ніррыты (“скон”), т.б. Рудры”.
 
47. śarva- — адно з імён Шывы.
 
48. durgāyai durgapārāyai: durgā- ‘цяжкаперасечная, цяжкадаступная, жахлівая’, “дальнядругабярэжная” (durgapārā-) — тая, чый другі (той) бераг далёкі, то бок цяжкадаступны.
 
49. jāti- ‘род, парода’ (√jan ‘нараджацца’).
 
50. śānti- ‘супакой’.
 
51. здоль (indriya- ‘індравасць, здольнасць’) — орган пачуцця; быт (bhūta-) — стварэнне (ад √bhū ‘быць’).
Пераклад з санскрыту – Ігар Кулікоў © 2017

Чытайце таксама

Кнут Гамсун

Кнут Гамсун

Нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албэрту Каэйру

Албэрту Каэйру

Непарыўна звязаны з Фэрнанду Пэсоа

Эрых Марыя Рэмарк

Эрых Марыя Рэмарк

Адзін з самых вядомых нямецкіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя

Мэйбл Паўэрз

Мэйбл Паўэрз

Аўтарка працаў пра жыццё паўночна-амерыканскіх індзейцаў, іракезскае племя сенэкаў прыняло яе ў клан Бакаса

1714