№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аксана Забужка

Сястра, сястра (Сестро, сестро)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Тацяна Балашчанка


У цябе мусіла б быць сястра – на чатыры, не, на пяць гадоў маладзейшая. Над усім тваім дзяцінствам кружлялі бесцялесныя жаночыя імёны, мяняючыся месцамі, узаемна перагукаючыся, – ты не ведала, да чаго іх прыстасаваць, а лялькам даваць не наважвалася: імёны былі не “лялечныя”, гэта значыць, не знятыя з жывых людзей, а нейкія нетутэйшыя – быццам праз стогн імя, што выплывае самацёкам, надоўга апаноўваючы твой унутраны слых (а яны ўсе гулі, як стогн, найчасцей паўтаралася – “Іванна”), хтосьці прабіваўся да цябе – хтосьці, хто хацеў быць названым. У другім класе табе давялося змяніць школу, і гэта быў першы раз, калі змену атачэння ты ўспрыняла як вызваленне, як прарыў у сферу, дзе можна выправіць уласную біяграфію на тую, якая мусіла б быць: ты расказала новым аднакласнікам, што маеш сястрычку Іванку, якая яшчэ не ходзіць у школу, і так міжволі здзейсніла тое, на што тваім бацькам не хапіла адвагі: выклікала да жыцця русявую галоўку ў пухнатых кучарах, падсвечаных сонцам. Пасля яны б, напэўна, пацямнелі, як і ў цябе ў свой час, – аднак потым твае хітрыкі выкрылі, а калі перасох штодзённы слоўны струменьчык, ва ўбогай плыні якога Іванка толькі і магла рухацца (суседцы па парце, праз ранішнія пазяханні: “Іванка ўчора раскапрызілася, не хацела ісці спаць – мы з ёй загуляліся аж да дзясятай”), – то згасла, назаўжды выпала з таго вымярэння, дзе растуць і змяняюцца, і русявая галоўка ў пухнатых кучарах.

Так яе забілі ў другі раз.

Таму што насамрэч у цябе была сястра. Яна мела жабры і, замест ног, падкурчаны хвосцік – на манер рачка ці марскога коніка. Дзяўчынка-апалонік, лабастая, як усе ў вашым родзе. Вочы яе, напэўна, яшчэ не праміргнуліся, бо, зрэшты, яна і не мела на што глядзець: наўкол была цемра. І вільгаць. І цеплыня. Воля клетак была – дзяліцца, нястрымна і безупынна: мабыць, там, усярэдзіне, гэта павінна адчувацца падобна да таго, як цела калоціцца ад дрыжыкаў, аднак без той панічнай кволасці, якая ахоплівае пры гэтым нас, якія ўжо ўсвядомілі, што цела павінна быць паслухмяным, – там жа, калі душа яшчэ толькі нарошчвае яго, бесперапыннае трымценне клетак, якія хутка памнажаюцца, мусіць адчувацца як трывалая, звонкая радасць набліжэння: нібы цябе імкліва і ўладна нясе скрозь тунэль на святло. І таму цябе не адпускае думка пра страх – першы і апошні на гэтым свеце страх тваёй сястры, ад якой, нібы ад тапельца – адзежа на беразе, табе засталіся толькі ціхае рэха імя (ці то Іванна, ці яшчэ нейкая “анна”) і няпэўны вобраз чатырохгадова-пухнатых русявых кучараў, падсвечаных сонцам: пра той страх, які прыйшоў звонку і задрыжаў усім тым цёмным кітом, у якім выгойдваўся маленькі Ёна, – грозны штуршок, бязгучны, інфрагукавы абвал лавіны, цемра наўкол перастала быць зацішна-булькатліваю, яна пампавала пагрозу з такой смяротнай інтэнсіўнасцю, што дзяўчынка-апалонік замітусілася ў сваім вадасховішчы і, мабыць, закрычала б, аднак для крыку ў яе не было яшчэ лёгкіх, быў толькі тонкі пялёстак энтадэрмы, якая марна вібравала, ледзь не разрываючыся ад надсады, але было яшчэ рана, рана! – а наўкола і далей трываў страх, чысты страх, беспрадметны і ўсяўладны, яна боўталася ў самым яго сэрцы, слепа торкаючыся ва ўсе бакі ў пошуках прытулку, бо ёй жа трэба было нарошчваць цельца, кволыя ручкі, танкія нажаняты з па-жабінаму выкручанымі ступамі, – але за тым страхам імкліва ўздымалася яшчэ нешта – нібы важкае века, прызначанае для таго, каб накрыць сабой роспачны гарачы камячок, які не меў яшчэ нават голасу, увогуле ніякага спосабу падаць праз тунэль які-небудзь знак аб сабе – аб тым, што яна ўжо тут, ёсць, вось тутака, дайце ж ёй толькі нарасціць цельца!.. Ты тады яшчэ, вядома, нічога не цяміла, табе мінаў пяты год, і ты, здаецца, спавівала ляльку ў пакоі на канапе, калі раптам з кухні, дзе засталіся сядзець пасля абеду тата з мамай, пачуліся прыдушаныя гарлавыя гукі, падобныя да гаўкання, – гукі жаночага голасу, якога ты не пазнала, бо адкуль ты магла тады ведаць, што так можа гучаць жаночы голас, – але ўжо ў наступны момант разануў паветра мамін, такі мамін, але які ж счужэлы, жудасны, калодзежна-нутраны крык – на ўсё жыццё адаб’ецца ён табе ў памяці:

– Бандыты! Звяры! Праклятыя!

Шамаценне, сцішана ўгаворвае татаў голас – гэта як шоргат на стужцы; калі ты ўляцела на кухню, па вачах табе з разгону, наводмаш (буйны план!) ударыў мамін мокры, чырвоны твар у прыліплых пасмах косаў, – вось і ўсё, што выпала ў тых падзеях на тваю долю: роля сузіральніка, бездапаможнага сведкі, што стаіць убаку з заўжды занятымі – ці то лялькаю, ці то абярэмкам кніжак – рукамі.


Пра кніжкі – гэта быў яшчэ адзін выразны ўспамін, калі перад тым – не памятаеш, як задоўга перад тым, – чужыя мужчыны запоўнілі, не скідаючы плашчоў, вашую кватэрку, якая ўмомант зрабілася цеснай, і, павярнуўшыся спінамі да гаспадароў, пачалі корпацца ў кніжных шафах і татавым пісьмовым стале, а тата з мамай сядзелі на канапе і маўчалі, толькі зрэдку адгукаючыся шэптам, – ты праз нейкі час (праз гадзіну? дзве? тры?) занудзілася так сядзець і, шмыгнуўшы да сябе ў закуток, узяла ў абярэмак стосік сваіх кніжачак – зверху ляжалі “Украінскія народныя загадкі” ў цвёрдых пераплётах, з задуменным блакітным хлопчыкам на вокладцы, – ты папрасілася хаця б выйсці пачытаць на гаўбец, калі ўжо нельга на вуліцу, – як для пяці гадоў, вельмі разважныя паводзіны, увогуле, з усіх удзельнікаў той мізансцэны ты хіба адзіная і паводзіла сябе разважліва, бо, напрыклад, тата – а яны спынілі яго ў пад’ездзе, калі ён вяртаўся з інстытута, і ён быў змушаны сам пазваніць у дзверы, таму атрымалася так, быццам гэта ён іх і прывёў, – калі жонка адчыніла, здолеў, зусім ашалелы, вымавіць толькі: “Знаёмся, Наталля”, – нібы гэта напраўду госці завіталі на гарбату, і няцяжка нават уявіць, што твая мама, тады маладзейшая, чым цяпер, твая стройная і цёплая мама, ад якой заўжды так добра пахла, магла, адступіўшы на крок углыб вітальні, збянтэжана прамовіць: “Вельмі прыемна”, – і тады яны выцягнулі свае пасведчанні: калі праз шмат гадоў, у іншым будынку, на калідоры, яны гэтаксама спыняць цябе, не пераводзячы духу, нібы ты дваццаць гадоў толькі гэтага і чакала, з месца запатрабуеш ад іх пасведчанне, хаця, калі ўдумацца, то на які ляд яно здалася, – але, можа, уся справа ў тым, што тады, на пятым годзе жыцця, табе яго не паказалі, ніхто не звярнуўся да цябе: “Знаёмся, Дарця”, як увогуле не лічыў патрэбным што-небудзь табе тлумачыць, развярнуць іх да цябе франтальна – а іхны фас – гэта і ёсць тая тугая разгортка з дробна набраным тэкстам на левым баку ўгары, які ўсё роўна не паспяваеш прачытаць, бо, толькі выставіўшы, яны тут жа, плаўным жэстам фокусніка, адводзяць сваю ксіву назад, як ты змагла пераканацца ажно праз дваццаць гадоў, – спачатку ж былі толькі спіны, шэрыя спіны, якія ніякім чынам не цікавіліся тваім існаваннем, але ў чыёй прысутнасці нельга было ні выйсці з кватэры, ні рухацца па ёй дзе хочаш – нават да туалету ты шкандыбала пад іхным наглядам, – і адзін раз з той шэрай, абложнай непраглядзі на цябе крутнулася і нацэлілася нешта накшталт твару, але таксама не зусім твар, бо замест позірку ён меў апушчаныя павекі, менавіта тады, калі ты з абярэмкам кніжак, зверху “Украінскія народныя загадкі” ў цвёрдых пераплётах з намаляваным блакітным хлопчыкам, які ў задуменні прыклаў палец да ілба, прасілася ў мамы хаця б на гаўбец, калі ўжо нельга на вуліцу, – нібы-твар, так і не глянуўшы на цябе, сказаў па-расійску: “Девочка, ану-ка, покажи свои книги”, – голасам, які таксама цябе не бачыў, у якім не было ніводнай прыкметы, што ён адрасаваны табе, – дый ты не была “девочка”, ты была – Дарця, ты здзіўлена стаяла на карамельна-жоўтай, ліпкай ад лаку (толькі-толькі скончылі рамонт!) цісавай падлозе з абярэмкам кніжак у руках і глядзела знізу ўгару ў нібы-твар, і тут твая мама, твая стройная і цёплая мама, ад якой заўжды так добра пахла і якая ўжо трэці месяц выгадоўвала ў сабе тваю сястру, агарнула цябе рукавамі швэдра, фіялкавай ваўнянай цемрай, нібы ўбіраючы назад у сабе, дзе табе ўжо не было месца, і сказала, лёгенька дыхнуўшы ў вуха: “Ну пахваліся, пахваліся дзядзю, што ты чытаеш”, вось проста вазьмі ды пахваліся, усё роўна як раскажы-гасцям-вершык – інстынктыўна беспамылковы рух: асвойтаць “дзядзю”, перакласці яго на знаёмую мову, як таго вялізнага сабаку, які некалі ў парку пагнаўся за табой, і ты спужалася, і бегла, і галасіла, і спатыкнулася, і з лямантам упала ў траву, а мама, ужо супакоіўшы, смяялася і паказвала табе: ды зірні – сабачка вінавата насупіўся – гэта ён гуляцца хацеў, дурнічка, ну не палохайся, нястрашны ж зусім, вось падыдзі, палашчы яго, – дзіўна тое, што гэтае яе памкненне падзейнічала, здаецца, не толькі на цябе, а і на кадэбіста, бо, вяртаючы табе кніжкі пасля колькіхвіліннага прагляду (і, пэўна, перамацвання пераплётаў і карэньчыкаў), той вырашыў падыграць так безаглядна навязанай яму гэтаю бледнай, смяротна напалоханай жанчынай ролі – пхнуў стосік табе ў рукі, разыграў “гасцявога дзядзю” – няўклюдна, быццам ніколі не меў справы з дзецьмі: “На, вазьмі, девачка... Харошыя кнігі ў тебя”, – кніжкі былі ператасаваныя ў іншым парадку, і ты зноў рашуча выцягнула наверх задуменнага блакітнага хлопчыка, але нешта ўжо было “не так” – нешта салодкае і ўсцешнае, шматабяцальнае было выпарана, забрана з тых кніжак, і ісці з імі на гаўбец табе больш не падабалася, ты трымала іх у абярэмку, і гэта і павінна было стаць тваім самым аголеным, адзіна выразным успамінам пра той вераснёвы дзень: ты стаіш, і ў цябе занятыя рукі.


Вось жа, ці не ў той момант, калі яна падхапілася атуліць, агарнуць цябе сабою, у тваёй маці мільганула, яшчэ пакуль што заднім планам, цьмяным сполахам праўда: дваіх яна не атуліць. На дваіх у яе не было месца. Так ты, самім фактам тваёй здзейсненай, незваротнай прысутнасці ў гэтым свеце, выціснула з яго сваю сястру. Бо інакш чым патлумачыць, што яшчэ некалькі гадоў пасля таго яна агукалася тым ціхім гулам так і не пачутага добра імя менавіта табе і што менавіта табе паказала русявы паварот галавы ў падсвечаных сонцам кудзерах? Ты сядзела з нагамі на канапе і чытала казку: пра тое, як выразалі чумакі ў лузе жалейку з каліны, прыйшлі ў крайнюю хату, і як гаспадарава дачка прытуліла жалейку да вуснаў, а тая і загаварыла: мала-памалу, сястрыца, іграй, сэрцайка ўшчэнт мне не разбівай, ты ж мяне, сястра, са свету згубіла, у маё сэрцайка востры нож усадзіла... Не абавязкова ўсаджваць востры нож – каб быць вінаватым, цалкам дастаткова нарадзіцца.


Пра тое, што ў цябе была сястра, ты даведалася нашмат пазней, на дванаццатым ці трынаццатым годзе, – табе расказала мама, і бацькі тады пасварыліся, бо тата лічыў, што не трэба расказваць дзіцяці пра такія рэчы: як усіх мужчын, дзіця па-сапраўднаму пераконвала яго ў сваёй рэальнасці толькі ад моманту, калі бярэш яго на рукі і акунаеш у цёплую купель, таму не выключана, што ў табе, падрастаючай жанчыне, маці несвядома шукала тады хаўрусніцу, – аднак яна не ведала пра светла-русую кудлатую галоўку, якая знікла і больш не вярталася, пра насланнё выстагнаных імёнаў, якія ты, здаралася, цэлымі днямі мармытала сабе пад нос, – зрэшты, і ты чагосьці не ведала. Табе няўцям было, як гэта – на трэцім месяцы страціць за некалькі дзён сем кілаграмаў вагі, так што ўсе сукенкі павісаюць на табе, бы ў шафе на плечках, і быць штодня выкліканаю з працы на допыты: уставаць з-за стала ў раптоўнай ватнай цішыні пад позіркамі калегаў, а аўто з кіроўцам у вайсковай чакае ўнізе, – і цягам месяца хадзіць з шырока раскрытымі, нібы закліненымі ў павеках, сухімі, але гарачымі, як пасля слёз, вачыма. Кожны страх мае свой аб’ём і вагу – Наталлін цалкам запоўніў яе і без таго змарнелае цела, прабіваючыся скрозь вочы, і, відаць, канцавы злом (стук – і зеўра важкага века) адбыўся ў ёй нават нават не тады, калі яна так рыдала на кухні, як рыдаюць хіба двойчы, ну, можа, тройчы ў жыцці (“Бандыты! Звяры! Праклятыя!”), – ужо ведаючы, што Антось мае рацыю, што дзіця ў яе, такой, не можа нарадзіцца нармальным, – а толькі праз некаторы час, калі, абмыўшы твар ільдзяной вадой і адчуваючы, як паціху запаўняе яе, яшчэ жывую, мармуровы холад абкапанага вільгаццю надмагілля, усім марозам у целе сказала напалоханаму гарачаму камячку, які адчайна ўціскаўся ў яе: “Даруй”. Даруй, маё маленькае, маё золатка, мая дачушка ці сыночак, – мама не адважваецца гадаваць цябе сваім страхам.


І яшчэ аднаго ты не ведала – што праз некалькі гадоў, якраз у той кароткі прамежак, калі вашыя бацькі не чакалі арышту, твая сястра паказвалася маме. Вось толькі тварыка Наталля так і не разгледзела – яго затуляла-калыхалася месяцова-бледная, бы размытая слязьмі, пляма; увогуле, увесь сон быў чорна-белы: ці то ў начным, ці то ў люмінісцэнтным асвятленні; з цемры маленькая месяцова-бледная дзяўчынка бязгучна цягнула да Наталлі рукі тапельца, пальцы – нейкія дзіўна доўгія, недзіцячыя, плакучыя і варухлівыя, начапляныя, як на нітачкі, на растапыранае павуцінне падскурных сухажылляў, – умольным дрыжаннем намагаліся дацягнуцца да жывога дотыку: мама, нема маліў той жэст, мама. Вось тут Наталлю і апякло тым сіплым, правальным жахам, за якім ужо нічога няма, – уласны адчайны крык выхапіў яе са сну, вызвоньваючы потым ва ўсім разбітым целе, калі, астываючы, скрыгочучы зубамі, яна скурчылася на краі ложка (упоцемку свяціўся толькі цыферблат гадзінніка на стале: была трэцяя) і, замест палёгкі апрытомнення, яна адчувала, як прыціскае яе цяжар неадольна выразнага ўсведамлення, што гэта быў не яе жах – і што з гэтым усведамленнем яна з гэтага часу павінна жыць. Той жах прыйшоў звонку – нахлынуў адтуль, з нямой люмінісцэнтнай ночы, дзе абцякаў каляплоднымі водамі яе адарванае дзіця, яе выкінутую на месячны холад дзяўчынку, – толькі цяпер ёй адкрылася, што гэта была дзяўчынка, бо спарон быў позні і складаны, насілу дазволены – “па псіхагенных паказніках”, і пралепятаўшы сваё пытанне, хлопчык гэта быў ці дзяўчынка, Наталля пачула: а хто вам уже разберёт, і вось тады яна ўперлася і, счапіўшы зубы і слёзы, такі дамаглася, каб ёй паказалі – тое, што было ці павінна было стаць яе другім дзіцем: бо, хоць які раздушаны, ёй падалася нясцерпнаю, нібы прыкладзеныя да мозгу распаленыя шчыпцы, думка, што гэтае дзіця, гэтае крохкае, як павеў, існаваннечка, некалькідзесяціграмовая заквець ужо самачыннай плоці, якая паспела папераводзіць усе гадзіннікі ў яе целе, так спраўна прыбіраючы-рыхтуючы сабе сваё першае зямное жытло, – знікне нераспазнаным, нікім не адгаданым, нічым не аб’яўленым – ніводнага знаку, ніводнай прыкметы, ані драбінкі, ні колеру вачэй ці формы чэрапа, ні нават полу, нічагуткі, самае нішто, так, нібы яна, Наталля была цяжарная страхам, а не чалавечым дзіцем. Тое, што яна пабачыла, – тое, што плавала ў цынічным бляску цынкавай пасудзіны, – было падобна да абрэзкаў сырой пячонкі ў чорных, тлустых згустках крыві, і гэта была твая сястра ў яе адзіным зямным існаванні: хто вам уже разберёт, кюрэтка секла ўздоўж і ўпоперак, як міфічная расцятая сякера, – усё, што запускалася ў разапрэлую парную глебу, выкарчоўвалася, вырубалася, выграбалася, вышкрабалася ёй да дна: да жоўтай гліны, да белай косці, да вечнай мярзлечы, да залубянелага слою вапны на дне ямы, да лескатання ваганзакаў па стыках рэек скрозь снегавую пустэльню – у адным з такіх ваганзакаў дваццаць гадоў таму везлі раскіданага ў саракаградусным трызненні Антона, і сярод вязняў тады знайшлася жанчына, чыё імя ён запомніў і пераказаў Дарці – нібы зрабіў дэпазітны ўнёсак у банк неразменнага часу, – жанчына, што сабрала некалькі кажухоў, а можа, і футраў – там жа ехала і арыстакратыя, старая галіцкая прафесура, высокае святарства, колішні дэпутат сейму з сям’ёй, да якога ўсе так і казалі: “пане пасол”, – душнае футра яшчэ зберагло пылковы подых даваенных еўрапейскіх гатэляў, жаночай парфумы, залацістага закуліснага пылу, аксамітных парцьераў з кутасамі, кажухі ж пахлі востра і цяжка, як і належыць кажухам, – там быў квасны дух застаялага поту і неадмыўнага бруду пад пазногцямі, дыму стайні і кулешы з малаком, напаўзвярыны смурод сялянскае хаты і сумны, царкоўны пах васкавых свечак, і тая жанчына выкрычала гэта ўсё ва ўладальнікаў, паклала іх па двое пад адну покрыўку, выкрычанае – наваліла на васемнаццацігадовага хлапчука, які згараў у ліхаманцы, і, каб хворы не раскрываўся, сама паклалася наверх, тры дні яна ўтрымлівала вагою ўласнага цела тую купу выратавальнага цяпла, якая ўсмактала ў сябе хлапечую смерць, тры дні ў напхам напханым вагоне для быдла, на нейкім прамежку нямераных абшараў паміж Львовам і Чытой гэтая жанчына нараджала Антона са зборнай, ціскуча-гарачай, футравай, ваўнянай, лямцавай купы назаўжды загубленых жыццяў – нібы з сукупнага мацярынскага лона; на трэці дзень настаў крызіс, а яшчэ праз некалькі дзён іх прывезлі на месца, і больш Антон той жанчыны не бачыў. І Наталлі – вытрыбушанай, гвалтам раскрыжаванай на гінекалагічным крэсле, – мусіла адкрыцца, што ўсе дваццаць гадоў шалёная сякера і далей гналася за Антонам – па рэйках, па шпалах, з перастукам і цюкам, раскідаючы-шпурляючы ў розныя бакі спехам намошчаныя жанчынамі купы прытульнага цяпла, у якіх пачыналі гняздзіцца новыя жыцці, сказаў жа Антону, ужо рэабілітаванаму, і дыпламаванаму, і дапушчанаму да кафедры, падпалкоўнік на допыце: “В лагере были, а с нами работать не хатите – вот і пажалеете”, эге ж, “пажалеете”, і скуголіць будзеце, як сабакі з перабітымі хрыбтамі, і на каленях даравання прасіць у сваіх дзяцей, што прывялі іх на свет! – вось чаго яны ад нас хацелі, сволачы, бандзюгі, забойцы, не дачакаецеся, я яе выгадую, маю Дарцю, маю дзяўчынку, адзіную, якая мне засталася, я яе не выпушчу, як выпусціла тую, даўшыся расціснуць калені, акрайкі сырой пячонкі ў чорна-крывяных змывінах, ясачка, маё дзіцятка, ці ты мне калі даруеш?.. Так – альбо прыблізна так – мусіла адчуваць гэта твая мама, таму нічога дзіўнага, што, пабачыўшы нарэшце ў той люмінісцэнтнай начы тваю сястру і спазнаўшы, хаця б на міг, яе першы і апошні, вынесены з гэтага свету страх, яна імгненна распазнала ў гэтым адказ на сваё бязмоўнае маленне. Напэўна, гэта і быў адказ, бо пасля таго Іванна больш не паказвалася – ні маці, ні табе; мінула яшчэ дваццаць гадоў, з якіх палова была гадамі павольнага Антонавага канання, і ажно тады, калі за ім замкнулася важкае века, і з’едлівы зімовы вецер застаўся на апусцелым цвінтары кудлаціць чорныя з пазалотай стужкі на вянках ды ўгрузлі ў растаптаную безліччу ног твань галоўкі хрызантэмаў, Наталлі прымроіўся яшчэ адзін сон: у тым сне Антон аддаляўся ад яе – яна бачыла яго са спіны, наўкола ізноў была ноч, і вось з той ночы выступіла яму насустрач маленькая дзяўчынка ў белай кашулі, узяла яго за руку – так упэўнена, і такім апекавальным быў імгненны рух мужчыны ў адказ, што Наталля, для якой уся сцэна засталася бязгучнай, неяк усё-ткі супакоілася і падумала ім услед: вось і цудоўна, вось і добра, ён – дома. Тут дзіўна тое, што гэтым разам яна не пазнала дзяўчынку, уся яе ўвага была скіраваная на мужа, і зранку, пераказваючы сон дачцэ, яна не адразу зразумела, калі Дарка, гледзячы ўбок, каротка кінула: “Гэта яна”. – “Хто?” – нібы спатыкнулася, бегучы: упершыню за доўгі, зліплы ў бясконцую працягласць час гэты сон нейкім чынам абяцаў ёй спакой, таму на доччына раптоўнае хірургічнае ў яго ўмяшальніцтва яна адазвалася тым самым халодным унутраным сцісканнем, якім заўжды адзывалася на неспадзяваны званок у дзверы ці прынесеную тэлеграму: у яе зноў, як і цягам усялюткага яе жыцця, збіраліся нешта адабраць; але ты, яе Дарця, цяпер ужо дарослая жанчына з вольна апушчанымі ўздоўж моцнага й прыгожага маладога цела рукамі – ні кубак кавы, ні цыгарэты не запаўнялі гэтых рук, – сказала з напаўсвядомай жорсткасцю, ці хутчэй, з дратавальнай прагай – схапіць маці за плечы і страсянуць яе, як чалавека, што ніяк не прачнецца: “Гэта было тое дзіця, якое не нарадзілася, – вось яны і сустрэліся”. І Наталля спасцігла, што гэта праўда, так яно і было – і ў адначасовым сполаху ўдзячнасці да гэтага жывога дзіцяці, сваёй, вось жа калі знойдзенай супольніцы, якая змагла ўсё так дакладна парасстаўляць на месцы, ёй мільганула і згасла, што сякера нарэшце пранеслася міма, адарваўшы палову дрэва, якая недзе там, на тым баку, канчаткова самкнулася да купы ў маўклівым сцісканні рук мужчыны і дзяўчынкі, – а значыцца, тутэйшая палова – яны з Дарусяй – выйшла з-пад пагрозы: менавіта такое значэнне меў зведаны ёй у сне, немавед адкуль – спакой.

І Наталля заплакала.

Ты тады абняла яе за плечы, бо рукі мела вольныя – развязаныя бацькавай смерцю. Два жыцці было пакладзена на тое, каб цалкам выкупіць тваё ўласнае. Цэлых два.

Але ты – ты праскочыла, Дарця.



Паводле: Оксана Забужко. Сестро, сестро. Повісті та оповідання. “Факт”: Київ, 2003.


Пераклад з украінскай – Тацяна Балашчанка © 2010

Чытайце таксама

Мэры Шэлі

Мэры Шэлі

Ангельская пісьменніца, аўтарка славутага "Франкенштэйна"

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў

Беларускі паэт і празаік, грамадскі і палітычны дзеяч

Эмілі Дыкінсан

Эмілі Дыкінсан

Амерыканская паэтка, пры жыцці надрукавала каля дзясятка вершаў, пасля смерці зрабілася класікам

Герман Гесэ

Герман Гесэ

Нямецкі пісьменнік і мастак, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

1376